НАВЯ́ТА,

возера ў межах г. Браслаў Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка. Пл. 0,68 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 670 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі 4,3 км. Пл. вадазбору 3,7 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы на Пн і З выш. 10—13 м, спадзістыя, сугліністыя; на Пд і У — да 20 м, стромкія, пясчаныя, у верхняй ч. разараныя. Берагавая лінія слабазвілістая. Берагі выш. да 0,3 м, на ПдЗ — да 0,5 м, пясчаныя і сугліністыя. 3 астравы агульнай пл. 3 га. Мелкаводная зона шыр. 100—150 м. Дно да глыб. 1,5 м выслана пяском і апясчаненым ілам, глыбей — сапрапелем. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шыр. 5—40 м да глыб. 0,5—1 м. Упадаюць 2 меліярац. канавы, выцякае ручай у воз. Дрывяты.

т. 11, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯВІ́ДА, Нявідава,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 1,09 км², даўж. 1,9 км, найб. шырыня 820 м, найб. глыбіня 9 м, даўж. берагавой лініі 5,2 км. Пл. вадазбору 78 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—15 м (на ПнУ 20—25 м), парослыя лесам і хмызняком, месцамі разараныя. Берагавая лінія ўтварае шэраг заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. На У, ПнЗ і Пд пойма шыр. да 400 м. Мелкаводдзе пясчанае. З глыбіні 4 м дно выслана глінай, найглыб. ўчасткі — гліністым ілам. Празрыстасць 1,6 м. Эўтрофнае. Зарастае да глыб. 3 м. Праз возера цячэ р. Быстрыца (злучае яго з азёрамі Бабынічы і Лесава), упадае ручай з воз. Вял. Белянок.

т. 11, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЎ,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лужасянка, за 26 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 1,12 км², даўж. 2,7 км, найб. шыр. 680 м, найб. глыб. 8,8 м, даўж. берагавой лініі больш за 7 км. Пл. вадазбору 10,2 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы вышынёй 5—7 м (на З і У месцамі да 10 м), у ніжняй ч. стромкія, пад хмызняком, вышэй разараныя, на невял. участку на З парослыя лесам. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, на ПнУ і ПнЗ нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. Дно да глыб. 2,5 м пясчанае, да 4,5—5 м выслана апясчаненымі адкладамі, ніжэй — ілам. Мінералізацыя вады 135—160 мг/л, празрыстасць 1,9 м. Эўтрофнае. Зарастае да глыб. 2,2 м. Слабапраточнае: упадаюць 4 ручаі, выцякае ручай у воз. Арлейка.

т. 12, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЦЕХ,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 10 км на ПнУ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 1,35 км², даўж. 2,55 км, найб. шыр. 950 м, найб. глыб. 9,1 м, даўж. берагавой лініі 9,72 км. Пл. вадазбору 28,6 км². Катлавіна складаецца з 4 плёсаў, падзеленых мысамі. Схілы выш. да 10 м, на Пн камавыя ўзгоркі, разараныя; на Пд — пясчаная озавая града аддзяляе П. ад воз. Недрава. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, месцамі гліністае, глыбей выслана апясчаненымі адкладамі і сапрапелем. На У 3 астравы. Мінералізацыя вады 250 мг/л, празрыстасць 1 м. Эўтрофнае (з прыкметамі антрапагеннага эўтрафіравання), зарастае да глыб. 2,5 м. Злучана пратокай з воз. Недрава, упадае ручай з воз. Ільмёнак. Месца адпачынку, уваходзіць у турысцкія маршруты.

т. 12, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТО́ЛАВА,

возера ў Беларусі, ва Ушацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 16 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёраў. Пл. 8,2 км², даўж. 9,4 км, найб. шыр. 2,2 км, найб. глыб. 16,4 м. Пл. вадазбору 325 км². Даўж. берагавой лініі 38,8 км.

Катлавіна складаная, выцягнутая з У на З, мае некалькі шырокіх плёсаў. Схілы пераважна высокія, месцамі тэрасаваныя, на ПдУ нізкія, забалочаныя. Берагі высокія, на Пн і ПнЗ зліваюцца са схіламі, там жа озавая града выш. да 30—35 м. Дно з упадзінамі і мелямі, уздоўж берагоў пясчанае, у паўн.-зах. плёсе камяністае і пясчана-галечнае, глыбей сапрапелевае. 7 астравоў агульнай пл. 0,3 км². Расліннасць у паўн.-зах. і паўд. плёсах утварае паласу шыр. да 200 м. Злучана пратокамі з азёрамі Ліпна і Чорная Урада, праз воз. цячэ р. Дзіва.

Возера Атолава.

т. 2, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Любанскім і Старадарожскім р-нах Мінскай вобл., за 7 км на Пн ад г. Любань. Створана на р. Арэса ў 1966. Пл. 22 км², даўж. 11,8 км, найб. шыр. 4,2 км, найб. глыб. 6,3 м, аб’ём вады 39,5 млн. м³; даўж. берагавой лініі 38 км. Да затаплення на месцы вадасховішча быў балотны масіў з тарфянікамі магутнасцю да 3 м. Катлавіна выцягнута з Пн на Пд, значна пашыраецца ў паўд. частцы. Берагі нізкія, спадзістыя. Больш за 20% берагоў — дамбы абвалавання. На левым беразе ў ніжняй ч. вадасховішча 2 мелкаводныя залівы. Ёсць 5 астравоў агульнай пл. 0,5 км². Дно выслана торфам, ілам, пяском.

Замярзае ў пач. снежня, лёд (таўшчыня 45—55 см) трымаецца да пач. красавіка. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 80 см. Зарастае каля 20% плошчы Выкарыстоўваецца для рэгулявання рачнога сцёку, жыўлення вадой сажалак доследнага рыбгаса «Любань».

т. 9, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ДРАВА,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка (цячэ праз возера, злучае яго з воз. Неспіш), за 7 км на ПнУ ад г. Браслаў. Пл. 3,72 км², даўж. 3 км, найб. шыр. больш як 2,2 км, найб. глыб. 12,2 м, даўж. берагавой лініі 15 км. Пл. вадазбору 808 км². Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр і нац. парк Браслаўскія азёры. Катлавіна складанага тыпу, круглаватая. Схілы выш. да 10 м, стромкія (на З і ПдУ спадзістыя), сугліністыя і супясчаныя, пад лугам і хмызняком. На Пн озавая града выш. 15—20 м, парасла лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, участкамі на Пд абразійныя. Мелкаводдзе пясчанае, да глыб. 3—4 м дно ілістае, ніжэй сапрапелістае. 3 астравы пл. 2 га. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 4 м. Пратокай злучана з воз. Поцех, упадае ручай з воз. Вера.

т. 11, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́ВІЦКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Грыўда, за 30 км на ПдУ ад г. Івацэвічы. У межах гідралагічнага заказніка Выганашчанскі. Пл. 9,47 км², даўж. 4,9 км, найб. шыр. 3,3 км, найб. глыб. 8 м, даўж. берагавой лініі 14,4 км. Пл. вадазбору 79,2 км².

Катлавіна рэшткавага тыпу, злёгку выцягнутая з Пн на Пд. Схілы катлавіны выш. да 2 м, затарфаваныя і забалочаныя. Берагі нізкія, тарфяністыя, параслі хмызняком. На ПдЗ, З і ПнЗ пясчаны вал выш. да 4 м. Дно плоскае, сапрапелістае, мелкаводдзе пясчана-глеістае. Моцна зарастае чаротам, трыснягом, рагозам і інш. Мінералізацыя вады да 160 г/л, празрыстасць да 1 м. Эўтрофнае, праточнае, упадаюць 2 канавы, выцякае канал Дзевяты (прыток Галоўнага канала, бас. Ясельды). Месца гнездавання і адпачынку ў час асенне-веснавых пералётаў вадаплаўных птушак. На паўн.-ўсх. беразе археал. Помнік — мезалітычная стаянка.

Бабровіцкае возера.

т. 2, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВО́Е ВО́ЗЕРА,

ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 25 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 4,5 км², даўж. 6 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 31,5 м, даўж. берагавой лініі 21 км. Пл. вадазбору 65,4 км2. Схілы катлавіны выш. 10—15 м (на ПнЗ і ПдУ да 50 м) параслі пераважна ялова-хваёвым лесам і хмызняком. На мысах схілы — озавыя грады. Берагі месцамі зліваюцца са схіламі, пад хмызняком, на Пн і Пд нізкія, часта забалочаныя. Дно да глыб. 10—20 м выслана сапрапелем, ніжэй глеямі. Востраў пл. 0,2 га. Шыр. паласы надводнай расліннасці 5—10 м. У возеры расце палушнік азёрны, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Злучана ручаямі з азёрамі Сосенка, Усая, Жэнна, Паўазер’е, выцякае ручай у р. Дзіва. У 1979 возера і прылеглая да яго тэрыторыя аб’яўлены гідралагічным заказнікам Крывое.

т. 8, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЫ́ЛЬСКАЯ ДЭСА́НТНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

сумесныя баявыя дзеянні войск 2-га Далёкаўсх. фронту (камандуючы ген. арміі М.​А.​Пуркаеў) і сіл Ціхаакіянскага флоту (адм. І.​С.​Юмашаў) па авалоданні Курыльскімі астравамі 18 жн. — 1 вер. ў савецка-японскую вайну 1945. На Курыльскіх а-вах японцы мелі больш за 80 тыс. вайскоўцаў, да 600 самалётаў і іншую баявую тэхніку. 18 жн. пры падтрымцы авіяцыі, берагавой і карабельнай артылерыі пачалася высадка на в-аў Шумшу сав. дэсанта (каля 9 тыс. чал., 205 гармат і мінамётаў, 60 караблёў і суднаў), які пасля ўпартых баёў 23 жн. заняў востраў. Да канца жн. вызвалена паўн. частка Курыльскіх а-воў. 1 вер. сілы Ціхаакіянскага флоту авалодалі астатнімі астравамі на Пд ад Урупа. У час аперацыі вызначыліся афіцэры — ураджэнцы Беларусі В.А.Кот і Ц.Л.Пачтароў.

Літ.:

Славинский Б.Н. Советская оккупация Курильских островов (август—сентябрь 1945 г.): Док. исслед. М., 1993.

т. 9, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)