серыя амер.аўтаматычных міжпланетных станцый для даследавання планет Сонечнай сістэмы і касм. прасторы, а таксама праграма іх распрацоўкі і запускаў. Створаны для пралёту планет і вываду на планетацэнтрычныя арбіты.
У 1962—73 адбыліся запускі 10 «М.», што дало магчымасць атрымаць звесткі пра каляпланетную прастору, атмасферу і паверхню Венеры («М.-2», «М.-5», «М.-10»), Марса («М.-4», «М.-6», «М.-7», «М.-9»), Меркурыя («М.-10»). Запускі «М.-1» (для даследавання Венеры), «М.-З» і «М.-8» (для даследавання Марса) няўдалыя. «М.-9» стаў першы.м штучным спадарожнікам Марса (14.11.1971); зроблена больш як 7,3 тыс. фотаздымкаў планеты і яе спадарожнікаў — Дэймаса і Фобаса. «М.-10» (запуск 3.11.1973) прызначаўся для вывучэння Венеры і Меркурыя з пралётных траекторый. 5.2.1974 «М.-10» здзейсніў пралёт каля Венеры (на Зямлю перададзена каля 3,7 тыс. здымкаў). Ажыццявіўшы змену траекторыі палёту ў полі прыцягнення Венеры, «М.-10» 29.3.1974 перайшоў на геліяцэнтрычную арбіту. Зроблена каля 3 тыс. здымкаў паверхні Меркурыя. Спыніў работу 23.3.1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСІ́НА (Messina),
горад у Італіі, на ПнУ в-ва Сіцылія. Адм. ц.прав. Месіна. Каля 300 тыс.ж. (1997). Порт на Міжземным м. Чыгуначным паромам праз Месінскі праліў звязаны з гарадамі Рэджа-ды-Калабрыя і Віла-Сан-Джавані. Прам-сць: суднабуд., нафтаперапр., цэм., плодакансервавая, тэкстыльная. Ун-т (з 1548). Арх. помнікі 12—16 ст. Ваенна-марская база.
Засн. каля 735 да н.э. пад назвай Занкла грэч. каланістамі з а-воў Наксас і Эўбея на месцы паселішча племя сікулаў. У 490 да н.э. заваявана Анаксіласам Рэгійскім (выхадцам з грэч. вобласці Месенія, адсюль назва). З 461 да н.э. М. — рэспубліка. У 396 да н.э. горад зруйнавалі карфагеняне. У 312 да н.э. заваяваны Агафоклам, у 282 да н.э. — мамерцінцамі (наз. Мамерціна). Пазней горадам па чарзе валодалі сарацыны (з 831), грэкі (з 1038), нарманы (з 1061), іспанцы (з 1678). У 1873 і 1903 горад зруйнаваны землетрасеннямі. У 1848 бамбардзіраваны і заняты неапалітанцамі. Вызвалены ў 1860 Дж.Гарыбальдзі, увайшоў у склад аб’яднанага Італьян. каралеўства. У 2-ю сусв. вайну ў ходзе Сіцылійскай аперацыі 1943 заняты англа-амер. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОТ ((Mott) Невіл Фрэнсіс) (30.9.1905, г. Лідс, Вялікабрытанія —8.8.1996),
англійскі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў фізікі паўправаднікоў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1936), чл.-кар.Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1954). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1927), дзе працаваў у 1930—33 і з 1954 (у 1954—71 дырэктар Кавендышскай лабараторыі). У 1933—54 праф. Брыстольскага ун-та. Навук. працы па квантавай механіцы, ядз. фізіцы, фізіцы цвёрдага цела. Вывеў ф-лу для дыферэнцыяльнага сячэння рассеяння атама (ф-лаМ., 1930). Даў уяўленне аб звязаным стане электрона з зоны праводнасці і дзіркі з валентнай зоны (эксітон Ванье—М., 1937). Пабудаваў тэорыю фатагр. працэсу (мадэль М. — Гёрні; 1938) і тэорыю пераходных металаў і іх сплаваў. Адзін са стваральнікаў тэорыі неўпарадкаваных сістэм. Нобелеўская прэмія 1977 (разам з Ф.Андэрсанам, Дж.Х.Ван Флекам).
Тв.:
Рус.пер. — Теория атомных столкновений. 3 изд. М., 1969 (разам з Г.Месі);
Электронные процессы в некристаллических веществах. Т. 1—2. 2 изд. М., 1982 (разам з Э.А.Дэвісам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГАСА́КІ,
горад у Японіі, на З в-ва Кюсю. Адм. ц. прэфектуры Нагасакі. Каля 450 тыс.ж. (1997). Порт у зал. Нагасакі (Усходне-Кітайскае м.). Буйны суднабуд. цэнтр.Прам-сць: агульнае машынабудаванне, металургія, харчасмакавая, нафтахім., дрэваапрацоўчая. Рыбалоўная база. Ун-т. Музеі: гандл.-прамысл., стараж. мастацтва, прыкладнога мастацтва. Арх. помнікі 16—19 ст., у т. л.т. зв. Галандскі квартал (Дэдзіма), Кітайскі квартал, Нац. парк Маруяма, будыйскія, сінтаісцкія, хрысціянскія храмы. Парк Міру і манумент Міру (1955). Ваенна-марскі арсенал.
Горад узнік на месцы рыбацкага пасёлка, вядомага з 12 ст. Росквіт Н. прыпадае на 16—17 ст., калі горад (тут існавала партуг. факторыя) стаў цэнтрам хрысціянства ў Японіі і адзіным яп. портам (з 1640), праз які вёўся абмежаваны гандаль з галандцамі і кітайцамі. З канца 19 ст. цэнтр ваен. суднабудавання. У канцы 2-й сусв. вайны 1939—45 на Н. 9.8.1945 была скінута амер. атамная бомба, якая разбурыла 1/3 горада; забіта і паранена каля 75 тыс.чал. З 1956 у Н. адбываюцца міжнар. канферэнцыі аб забароне атамнай зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНАЕ ПРА́ВА,
паняцце паліт. і прававой думкі, якое абазначае сукупнасць зыходных каштоўнасцей, прынцыпаў, правіл, правоў, абумоўленых натуральнай прыродай чалавека і незалежных ад канкрэтных сац. умоў і дзяржавы. Асобныя ідэі Н.п. зарадзіліся ў антычнасці (Платон, Арыстоцель, Цыцэрон і інш.). У той час Н.п. супрацьпастаўлялася законам і інш. устаноўкам канкрэтнай дзяржавы. Як цэласная і развітая сістэма поглядаў Н.п. склалася ў 17—18 ст. у ходзе барацьбы супраць саслоўных прывілеяў за раўнапраўе і свабоду ўсіх членаў грамадства. Прыхільнікамі канцэпцыі Н.п. былі Г.Гроцый, Ж.Ж.Русо, Ш.Мантэск’ё, Дж.Лок, Т.Гобс, Д.Дзідро, А.М.Радзішчаў, бел. мысліцелі-асветнікі Ф.Скарына, М.Літвін, А.Волан, А.Алізароўскі, І.Страйноўскі, М.Лавіцкі і інш. Гэту канцэпцыю звычайна выкарыстоўвалі ў якасці крытэрыя ацэнкі існуючага заканадаўства ў розных краінах, для вызначэння шляхоў яго ўдасканалення. Ідэі Н.п. знайшлі адлюстраванне ў амер.Дэкларацыі незалежнасці (1776), Канстытуцыі ЗША (1787); папраўках да яе, у франц Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна (1789) і ва Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека (1948). Марксізм падыходзіў да гэтых правоў як да сацыяльна абумоўленых, класавых, а не прыроджаных катэгорый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОП-АРТ (англ. op art скарочанае ад optikal art аптычнае мастацтва),
кірунак абстрактнага мастацтва. Узнік у канцы 1940-х г. у Парыжы ў творчасці групы мастакоў на чале з В.Вазарэлі (сапр. Ванархей) на аснове геам. абстракцыянізму. Блізкі да кінетычнага мастацтва, у адрозненне ад якога стылістычна не выходзіць за межы жывапіснага твора. З 1960-х г. пашырыўся ў зах.-еўрап. і амер. жывапісе, дызайне і рэкламе. У творах О.-а. выкарыстоўваюць аптычныя ілюзіі, заснаваныя на асаблівасцях зрокавага ўспрыняцця, што стварае фіктыўны вобраз, які існуе толькі ў свядомасці гледача (эфекты прасторавага перамяшчэння, зліцця ці бязважкасці форм, ілюзіі руху, паслядоўнай змены вобразаў і няўстойлівай формы і інш.). Гэта дасягаецца ўвядзеннем рэзкіх колеравых і танальных кантрастаў, рытмічных чаргаванняў, перасячэннем спіралепадобных і кратавых канфігурацый, закручаных ліній і інш. Часта выкарыстоўваюцца матэрыялы, якія не ўласцівы жывапісу (метал, шкло, пластык і інш.), але маюць паверхню, што адбівае святло, а таксама ўстаноўкі зменлівага асвятлення, дынамічныя канструкцыі і інш. Сярод прадстаўнікоў: Р.Анушкевіч, К.Крус-Дыес, Л.Пунс, Б.Райлі, Р.Сота і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944,
вызваленчае антыфаш. паўстанне насельніцтва Парыжа ў час 2-й сусв. вайны. Адбылося 19—25 жніўня. Было кульмінацыяй руху Супраціўлення, які асабліва актывізаваўся і пашырыўся ва ўмовах паспяховых дзеянняў англа-амер. саюзнікаў у Францыі (гл.Нармандская дэсантная аперацыя 1944 і «Оверлорд»), а таксама шэрагу паражэнняў вермахта на ўсх. фронце. Узбр. выступленне патрыётаў рыхтавалася арг-цыяй фронту ўнутр. сіл, якія ў чэрв. 1944 налічвалі 500 тыс.чал., пры актыўнай падтрымцы франц. кампартыі. Непасрэднае кіраўніцтва паўстаннем ажыццяўляў Парыжскі к-т вызвалення на чале з А.Тале; камандаваў унутр. арміяй Парыжскага р-на палк. А.Роль-Тангі. У выніку вулічных баёў патрыёты за 6 дзён вызвалілі б.ч. Парыжа. Вечарам 24 жн. ў горад увайшло падраздзяленне франц. бранятанк. дывізіі ген. Ф.Леклерка і 25 жн. аказала дапамогу парыжанам у ліквідацыі апошніх ваен. апорных пунктаў акупантаў. Гарнізон ням.-фаш. войск капітуляваў. У той жа дзень у Парыж прыбыў кіраўнік Часовага ўрада Франц. рэспублікі Ш. дэ Голь.
Да арт.Парыжскае паўстанне 1944: 1 — заклік Парыжскага камітэта вызвалення да насельніцтва сталіцы; 2 — французскія патрыёты на барыкадах у Парыжы. Жнівень 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1954,
міжнародныя дагаворы, якія аформілі ваен. саюз ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краін — удзельніц Арганізацыі Паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО) з ФРГ; падпісаны 23.10.1954 у Парыжы. Набыў сілу 5.5.1955. Уключалі: пратакол (падпісалі ЗША, Вялікабрытанія, Францыя і ФРГ) пра спыненне акупац. рэжыму ў ФРГ пасля 2-й сусв. вайны і дадаткі да пратакола, што ўводзілі ў дзеянне з некат. зменамі «Агульны дагавор» 1952; пратаколы (падпісалі Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды, Люксембург і ФРГ) пра стварэнне ў межах НАТО на базе Брусельскага пакта 1948 паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй і краінамі Бенілюкса ваен. групоўкі — Заходнееўрапейскага саюза; рэзалюцыю дзяржаў — членаў НАТО пра далучэнне да гэтай арг-цыі ФРГ. Паводле пагадненняў ФРГ забаранялася вытв-сць атамнай і інш. відаў зброі масавага знішчэння, аднак дазвалялася мець узбр. сілы ў складзе 12 дывізій. Нягледзячы на скасаванне акупац. статута, англ., амер. і франц. войскі заставаліся на тэр.ФРГ. Пасля ратыфікацыі П.п. парламентамі Вялікабрытаніі і Францыі (май 1955) СССР ануляваў англа-савецкі 1942 і франка-савецкі 1944 дагаворы аб саюзе і ўзаемадапамозе. Заключэнне і ратыфікацыя П.п. папярэднічалі афіц. прыёму ФРГ у НАТО (9.5.1955).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГМА́ТЫКА [ад грэч. pragma (pragmatos) справа, дзеянне],
1) адзін з раздзелаў семіётыкі, які вывучае адносіны паміж знакавымі сістэмамі і іх карыстальнікамі. Асн. ідэі П. сфармулявалі амер. філосафы Ч.Пірс і Ч.Морыс (прапанаваў тэрмін «П.» ў канцы 1930-х г.). Улічвае ўласцівасці і магчымасці чалавечага інтэлекту і чалавечых зносін, імкнецца іх змадэляваць з мэтай вырашэння міждысцыплінарнай праблемы стварэння т.зв. штучнага інтэлекту.
2) Галіна даследаванняў у мовазнаўстве; вывучэнне мовы як універсальнай знакавай сістэмы, што выкарыстоўваецца чалавекам. Уключае комплекс праблем: узаемадзеянне ў працэсе камунікавання адрасанта (таго, хто гаворыць), адрасата і сітуацыі зносін; правілы і мэты размовы, ускосныя сэнсы выказванняў, экспрэсіўныя сродкі маўлення, адносіны суразмоўцаў да прадметаў рэчаіснасці, прэсупазіцыі тых, хто гаворыць (аб’ём і разнастайнасць іх ведаў, што адбіваецца на маўленчым кантакце); прынцыпы і магчымасці інтэрпрэтацыі выказанага; форма, стыль, жанр, логіка маўлення, яго рытарычныя характарыстыкі. Узаемазвязана з праблематыкай розных гуманітарных навук і іх раздзеламі (стылістыка, рыторыка, псіхалінгвістыка, этналінгвістыка, тыпалогія маўлення, тэорыя камунікацыі, тэорыя дыскурсу і інш.).
Літ.:
Арутюнова Н.Д., Падучева Е.В. Истоки, проблемы и категории прагматики // Новое в зарубежной лингвистике. М., 1985. Вып. 16.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКЛА́МА (франц. réclame ад лац. reclamare крычаць),
інфармацыйнае паведамленне пра спажывецкія ўласцівасці тавараў і віды паслуг з мэтай прыцягнуць увагу спажыўцоў, стварыць попыт на іх; папулярызацыя твораў літаратуры, мастацтва і інш.
Р. існавала ўжо ў Стараж. Грэцыі і Рыме (аб’явы пісалі на драўляных дошках, гравіравалі на медзі ці косці, зачытвалі ў месцы збору народу). Друкаваная Р. (пач 17 ст.) звязана з імёнамі У.Кэкстана (Англія) і Т.Рэнадо (Францыя). Першае рэкламнае бюро ўзнікла ў Лондане (1611). Сучасныя сродкі Р.: друк (газеты, часопісы, бюлетэні, праспекты, буклеты і інш.), радыё, тэлебачанне, кіно, светлавыя аб’явы, кідкія шыльды і інш. Сярод друкаваных сродкаў Р. найб. вядомыя на Беларусі: даведнік «Бізнес—Беларусь», газеты «Из рук в руки», «Ва-банк», «Коммерсант ЭКСПО», «Экспресс-реклама», «Минск на ладонях», «Из первых рук», «Рекламное приложение» к газ. «Вечерний Минск» і інш. Р. займаюцца спец. фірма і агенцтвы. Найб. значныя з іх на Беларусі: «Рэмарк», «Фортэ», «Белая карона». Міжнар. сетка рэкламных агенцтваў прадстаўлена амер. агенцтвам «Грэй» (дзейнічае ў 153 краінах свету), англ. «Лео Бернет» (дзейнічае ў 147 краінах) і інш.