СЕ́ГЕРСТАМ ((Segerstam) Лейф Селім) (н. 2.3.1944, г. Васа, Фінляндыя),
фінскі дырыжор, кампазітар. Скончыў Акадэмію музыкі імя Я.Сібеліуса (1963), Джульярдскую муз. школу ў Нью-Йорку (1965). З 1966 гал. дырыжор Фін.нац. оперы. З 1968 дырыжор Швед. каралеўскай оперы ў Стакгольме (з 1970 гал. дырыжор, з 1971 яе музік-дырэктар). З 1971 у т-рах «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера», выступаў з рознымі еўрап. аркестрамі, у т. л. на Зальцбургскіх фестывалях. З сярэдзіны 1970-х г. пастаянны дырыжор сімф. аркестра Фін. радыё ў Хельсінкі, Аўстр. радыё ў Вене, кіраўнік «Сегерстам-квартэта». Аўтар 4 балетаў, п’есы для сімф. і стр.арк., канцэрта для скрыпкі з арк. (1967), 12 стр. квартэтаў (1962—77), тв. для голасу з арк. і з фп. і інш.Яго мастацтва адметнае эмацыянальнасцю, навізной інтэрпрэтацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕГО́ВІЯ ((Segovia) Андрэс) (21.2.1893, г. Лінарэс, Іспанія — 2.6.1987),
іспанскі гітарыст-віртуоз, педагог. Вучыўся ігры на гітары самастойна. З 1955 працаваў у Акадэміі Кіджана ў Італіі, з 1958 — у Сант’яга-дэ-Кампастэла ў Іспаніі. Адрадзіў цікавасць да гітары як да сольнага інструмента, пашырыў яе тэхн. і выразныя магчымасці, увёў у рэпертуар гітарыстаў класічную і сучасную музыку. Аўтар канцэрта для гітары з арк., п’ес «Танадзілью», «Арасьён» і інш. Узбагаціў рэпертуар гітарыстаў апрацоўкамі твораў І.С.Баха, І.Гайдна, Л.Бетховена, П.Чайкоўскага, М.Мусаргскага і інш. У іх выявілася тонкае пачуццё стылю, майстэрскае выкарыстанне поліфанічнай і каларыстычнай магчымасцей інструмента. Яго мастацтва натхніла многіх кампазітараў на стварэнне твораў для гітары, некат. напісаны для С. і прысвечаны яму. Гастраліраваў у многіх краінах, у т. л. ў СССР у 1926, 1927, 1936.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬСІ́Н (англ. selsyn ад англ. self сам + грэч. synchronos адначасовы),
электрычная пераменнага току машына, прызначаная для сінхроннага вярчэння вала якога-н. механізма ў адпаведнасці з вуглавым перамяшчэннем інш. вала, механічна не звязанага з першым.
Паводле прынцыпу дзеяння з’яўляецца паваротным трансфарматарам, у якога пры вярчэнні ротара адбываецца плаўная змена ўзаемнай індуктыўнасці паміж яго абмоткамі — аднафазнай першаснай (абмоткай узбуджэння) і трохфазнай другаснай (абмоткай сінхранізацыі). Звычайна выкарыстоўваецца сельсінная перадача з С.-датчыка і С.-прыёмніка, якія электрычна звязаны так, што пры павароце ротара С.-датчыка, механічна звязанага з паварочвальным валам, сінфазна і сінхронна з ім паварочваецца ротар С.-прыёмніка. Выкарыстоўваецца ў сістэмах сачэння і дыстанцыйнага вымярэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НЧАНКА (Іван Яфімавіч) (12.2.1901, с. Натальіна Чырванаградскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна — 9.11.1975),
украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі ін-тнар. адукацыі (1928). Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў лірыка-псіхал.’быт. апавяданняў «Вясною» (1923), «Апавяданні» (1925), «Дубовыя грады» (1929), «Камуна» (1932), «Навелы» (1940), «Рубін на Саламянцы» (1957), «На Батыевай гары» (1960), «Падарожжа ў Чырванаград» (1973), раманаў «Металісты» (1932), «Напярэдадні» (1938), «Яго пакаленне» (1947). Творы прысвечаны жыццю ўкр. вёскі і гар. ускраіны. Пісаў для дзяцей: зб-кі «Паравы млын» (1926), «Сонца ўзыходзіць» (1929), «Чорныя вароты» (1936), «Мае сябры» (1951), «Дарогі блізкія і далёкія» (1965), «Дыямантавы бераг» (1962, 1969). Аўтар кн. нарысаў «Гіганты пустынь» (1932), «Права на гераізм» (1934). На бел. мову асобныя апавяданні пераклаў М.Базарэвіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЗО́Ў (Уладзімір Ільіч) (1840, Масква — 1.11.1904),
расійскі археолаг. Скончыў Маскоўскі ун-т (1865). Адзін з заснавальнікаў маскоўскага гіст. музея, з 1881 яго вучоны сакратар. Даследаваў славяна-рускія старажытнасці. У 1890 праводзіў раскопкі курганоў каля вёсак Іпалітаўка (Новабяляеўка) на Гомельшчыне, Чырвоная Слабада і Туравічы на Магілёўшчыне. Вынікі даследаванняў радзіміцкіх курганоў абагульніў у працы «Аб паходжанні і характары курганных скроневых кольцаў і пераважна так званага маскоўскага тыпу» (1895). У канцы 1890-х г. у вярхоўях Дняпра адкрыў доўгія курганы. У 1902 першы з археолагаў на аснове матэрыялаў з раскопак Гнёздаўскіх курганоў на Смаленшчыне выступіў супраць «нарманскай» тэорыі.
Тв.:
[Отчет о раскопках в Смоленской и Могилевской губерниях в 1890 г.) // Древности: Тр. Москов. археологического о-ва М., 1894. Т. 15, вып. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭМАТЫЗА́ЦЫЯ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
упарадкаванне і прывядзенне ў пэўную сістэму нарматыўных актаў, якое заключаецца ў іх удасканаленні, вызваленні ад устарэлых і супярэчных паміж сабой норм, стварэнні новых актаў, зборнікаў, збораў законаў. Мае на мэце забяспечыць узгадненне прававых норм, выключыць раздробненасць і мноства актаў, якія назапашваюцца ў працэсе праватворчасці, аблегчыць іх выкарыстанне ў практыцы прымянення закону, павысіць прававую культуру грамадзян. С.з. рэалізуецца ў формах кадыфікацыі заканадаўства і ягоінкарпарацыі. Пад тэрмінам «С.з.» разумеецца таксама дзейнасць органаў улады, кіравання, юстыцыі, суда і пракуратуры па бягучым уліку дзеючых нарматыўных актаў. Усе дзеючыя заканад. акты Рэспублікі Беларусь падлягаюць уключэнню ў Звод законаў, які з’яўляецца афіц. выданнем і падтрымліваецца ў кантрольным стане. Падрыхтоўка і падтрыманне Зводу ў кантрольным стане ажыццяўляюцца Нац. цэнтрам законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ЎЧЫКАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 3.5.1958, г. Жодзіна Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік, перакладчык. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1977), БДУ (1986). Настаўнічаў, працаваў мастаком-афарміцелем. У 1986—90 у час. «Бярозка». З 1994 дырэктар выд-ва «Радыёла-плюс». Друкуецца з 1982. Аўтар кн. апавяданняў і п’ес «Гульня ў тэстамент» (1992), зб. прозы «Лісты да брата» (1998), у якіх філас. роздум над праблемамі сучаснасці. Пераклаў з груз. на бел. мову раман Н.Думбадзе «Закон вечнасці» (1989), некат. вершы груз. паэтаў. На груз. мову пераклаў зб. версэтаў А.Разанава «Горад-вандроўнік» (1991). Аўтар п’ес-казак. У яго пераказе ў Віцебскім т-ры «Лялька» паст. (1995) п’еса-казка паводле О.Уайльда «Хлопчык-зорка». У 1987—89 па сваіх сцэнарыях вёў тэлеперадачы «У сям’і адзінай», «Дыялогі маладых перакладчыкаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЫ́ЛІЙ АБЕ́ДЗВЮХ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
дзяржава на тэр. в-ва Сіцылія і Паўд. Італіі ў 1504—1860 (з перапынкамі). Утворана пасля аб’яднання пад уладай Іспаніі Неапалітанскага каралеўства з Сіцыліяй. Пасля вайны за ісп. спадчыну 1701—14 Сіцылія адышла да Савойскага герцагства, кантынентальная частка каралеўства — да Аўстрыйскай імперыі. У 1720 абедзве часткі зноў аб’яднаны пад уладай Габсбургаў. З 1735 у каралеўстве правілі ісп.Бурбоны. У студз. 1799 тут абвешчана Партэнапейская рэспубліка, але ў чэрв. 1799 улада Бурбонаў адноўлена. У 1806 на кантынентальнай ч. ўтворана залежнае ад Францыі Неапалітанскае каралеўства (1806—15). Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 С.а.К. адноўлена пад уладай Бурбонаў. Неапалітанская рэвалюцыя 1820—21 задушана аўстр. войскамі. У выніку рэвалюцыі 1859—60 у Італіі, якая скінула ўладу Бурбонаў, С.а.К. ліквідавана, яготэр. далучана да Сардзінскага каралеўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЫЛІ́ЙСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
дзяржава ў 12—13 ст., якая ўключала тэр. в-ва Сіцылія і Паўд. Італіі, заваяваныя нарманамі ў канцы 11 ст. Аформілася з каранацыяй Ражэра II [1130—54], заснавальніка Нарманскай дынастыі. Яго пераемнікі Вільгельм I [1154—66] і Вільгельм II [1166—89], абапіраючыся на дробнае рыцарства і царкву, стварылі магутную дзяржаву. У 1194 сіцылійская карона перайшла да імператара Генрыха VI Штаўфена (гл.Генрых, ням. каралі). У час праўлення Фрыдрыха II [1197—1250] завяршылася цэнтралізацыя С.к. Паводле законаў 12—13 ст. буйныя феадалы і гарады пазбаўлены вольнасцей, сяляне прымацаваны да зямлі. У 1266—68 апошнія сіцылійскія Штаўфены разбіты Карлам 1 Анжуйскім [1268—82]. У выніку паўстання ў 1282 на в-ве Сіцылія (гл.«Сіцылійская вячэрня») С.к. распалася. Сіцылія трапіла пад уладу ісп. Арагонскай дынастыі. У руках Анжуйскай дынастыі засталася толькі Паўд. Італія (Неапалітанскае каралеўства).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКО́ФІЛД ((Scofield) Пол) (н. 21.1.1922, г. Херстпірпойнт, Вялікабрытанія),
англійскі акцёр. Вучыўся ў школах пры Рэпертуарным т-ры (1939, г. Кройдан) і пры т-ры «Маск» (1940—41, Лондан). З 1942 выступаў у Вандроўны.м, з 1944 у Бірмінгемскім, з 1946 у Шэкспіраўскім мемарыяльным (г. Стратфард-он-Эйван), з 1949 у інш. т-рах. Лепшая яго роля — Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Лір, Макбет (аднайм. трагедыі Шэкспіра), Томас Мор («Чалавек на ўсе часы» Р.Болта; прыз 4-га Міжнар. кінафестывалю ў Маскве за лепшую мужчынскую ролю ў аднайм. фільме, 1966), Траплёў, Вайніцкі («Чайка», «Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля). З 1954 здымаецца ў кіно. Сярод фільмаў: «Скарпіён», «Ганна Карэніна», «Гамлет» і інш. Гастраліраваў у СССР у 1955, 1964, 1968.