індывідуальная стралк. зброя для паражэння цэляў на адлегласці да 70 м; некат. ўзоры П. (напр., 9-міліметровы П. І.Я.Сцечкіна) даюць магчымасць весці агонь кароткімі чэргамі на адлегласці да 200 м пры стральбе з прымкнутым кабурой-прыкладам. Акрамя баявых П. бываюць сігнальныя і спартыўныя; паводле канструкцыі падзяляюцца на неаўтаматычныя і аўтаматычныя Маса П. 0,7—1 кг, калібр 5,35—11,43 мм, ёмістасць магазіна 8—12 і больш патронаў; існуюць таксама цывільныя П., якія маюць масу — 0,35—0,4 кг і калібр каля 6,5 мм.
Кнотавыя П. з’явіліся ў Еўропе і Азіі ў 16 ст. У 17 ст. распаўсюдзіліся П. з крамянёвым замком, у 19 ст. — капсульным. Да сярэдзіны 19 ст. П. звычайна былі гладкаствольныя і зараджаліся з дульнай часткі ствала. У 1850-х г. прыняты на ўзбраенне наразныя рэвальверы (з’явіліся ў 16 ст.), з канца 19 ст. — самазарадныя аўтам. П. (гл.Аўтаматычная зброя).
У сучасных арміях краін СНД, у т. л. Беларусі, на ўзбраенні знаходзіцца П. канструкцыі М.Ф.Макарава (ПМ), Сцечкіна (АЛС); у інш. краінах распаўсюджаны амер. «Кольт», англ. «Браўнінг», герм. «Вальтэр» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСЬМО́ВАЯ МО́ВА,
мова, на якой створана пісьменнасць і якая мае пісьмовую традыцыю. Пры дапамозе П.м. ажыццяўляюцца зносіны паміж людзьмі, фіксуецца і перадаецца інфармацыя. Для перадачы П.м. ствараюцца сістэмы графічных знакаў (літар, іерогліфаў, лічбаў і інш., гл.Пісьмо), правіл (арфаграфіі, пунктуацыі і інш.), а таксама неабходны матэрыял (папера, скура, тканіна і інш.).
П.м. адрозніваецца ад вуснай мовы тым, што разлічана на зрокавае ўспрыманне, больш позняя па часе ўзнікнення. Яна характарызуецца стройнасцю і паслядоўнасцю выкладання думкі, ужываннем складаных і ўскладненых сінтакс. канструкцый, абстрактнай, спец. і тэрміналагічнай лексікі; адсутнасцю дапамогі з боку жэстаў, мімікі, гукавой інтанацыі.
П.м. неабходная для многіх стыляў мовы. напр., навук., афіц.-дзелавога. Калі П.м. губляе сувязь з жывым маўленнем, то становіцца мёртвай мовай. Існуюць пісьмовыя штучныя мовы.
Пісьмовая беларуская мова пачала фарміравацца ў 13 ст. Зараз яна рэалізуецца ў разнавіднасцях: уніфікаваная, літ. П.м. — агульнапрынятая, без парушэнняў норм сучаснай бел.літаратурнай мовы; неліт. П.м. — з вял. парушэннем агульнапрынятых літ. норм, напр., фанет. транскрыпцыя дыялектнай мовы (гл.Дыялект), сац. жаргонаў і інш.; стылізаваная П.м. — матываваная літ.-гутарковая, літ.-прастамоўная, літ.-дыялектная П.м., якая часта сустракаецца ў мове маст. твораў і служыць для стварэння адпаведнага каларыту.
Літ.:
Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. 2 выд.Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНЕТА́РЫЙ (ад новалац. planetarium),
апарат для мадэліравання і дэманстрацыі выгляду зорнага неба, узаемнага размяшчэння планет і руху іх вакол Сонца, руху штучных нябесных цел, паказу розных астр. з’яў. Першы мех. П. пабудаваны ў 1712 у Англіі, з 1920-х г. пашыраны аптычныя П. Аснова П. — праекцыйны апарат.
П. устанаўліваюць у цэнтры круглага памяшкання з паўсферычным купалам-экранам (дыяметр самых вял. купалаў 25 м і болей). Відарысы зорак праецыруюцца 2 праектарамі ў выглядзе шароў (адзін для праецыравання Паўн. паўшар’я неба, другі — Паўднёвага). Відарысы інш. нябесных цел, асн. лініі нябеснай сферы, назвы ствараюцца дапаможнымі праектарамі і спец. прыладамі, размешчанымі паміж шарамі. Найб. сучасныя П. вырабляюцца ў Германіі, Японіі, ЗША. П. таксаманаз.культ.-асв. ўстанова, дзе чытаюцца лекцыі па астраноміі з адпаведнымі дэманстрацыямі.
На Беларусі П. дзейнічаюць у Мінску ў парку імя Горкага (для ўсеагульнага карыстання) і пед. ун-це імя М.Танка (для навуч. мэт).
А.А.Шымбалёў.
Схема планетарыя: 1 — паўночны і паўднёвы шары з праектарамі зорнага неба; 2 — паўночны і паўднёвы шары з праектарамі назваў сузор’яў; 3 — праектары Млечнага Шляху; 4 — праекцыйныя механізмы Сонца, Месяца і планет; 5 — праектар зоркі Сірыус; 6 — прылада для дэманстравання сонечных і месяцавых зацьменняў; 7 — праектар нябеснага мерыдыяна; 8 — праектары нябеснага экватара і экліптыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕНЭ́Р (ад франц. plein air вольнае паветра),
1) жывапіс на адкрытым паветры, звязаны з непасрэдным вывучэннем натуры з мэтай найб. поўнага ўзнаўлення яе аблічча. Дазваляе перадаць у карціне багацце і разнастайнасць градацый колеру, каляровых ценяў, нюансаў, абумоўленых уздзеяннем сонечнага святла і станам атмасферы. Рысы пленэрнага жывапісу вядомы з эпохі Адраджэння. Як замаст. творчы метад П. склаўся ў 19 ст. ў творчасці Дж.Констэбла (Вялікабрытанія), К.Каро (Францыя), А.Іванава (Расія), мастакоў Барбізонскай школы. Найб. паслядоўна і сістэматычна праблемы пленэрнага жывапісу былі распрацаваны майстрамі імпрэсіянізму, у творах якіх святло і паветра набылі самаст. значнасць. На Беларусі творы ў П. стварылі І.Ахрэмчык, А.Бархаткоў, В.Бялыніцкі-Біруля, С.Жукоўскі, Я.Зайцаў, У.Кудрэвіч, П.Масленікаў, В.Цвірка і інш. У наш час П. — адзін з асн. элементаў маст. навучання.
2) Маст. акцыя, якая аб’ядноўвае шэраг мастакоў для сумеснай працы. П. звычайна прысвечаны памяці славутых мастакоў з мэтай ушанавання іх творчасці, прапаганды мастацтва, стварэння маст. калекцый (творы, як правіла, застаюцца ў месцы правядзення П.). Вылучаюць таксама П. скульптуры, дзіцячай творчасці і інш. На Беларусі пашырыліся ў 1990-я г. (П., у т. л.міжнар., памяці Бялыніцкага-Бірулі, Я.Драздовіча, К.Малевіча, Масленікава, М.Неўрава, Ф.Рушчыца, М.Шагала і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПОЛЯ́РНАЯ ЗВЕЗДА́»,
рускія літ. альманахі 19 ст. 1) літ. альманах, легальны орган дзекабрыстаў. Выдаваўся ў 1823—25 у Пецярбургу А.А.Бястужавым і К.Ф.Рылеевым. Выйшлі 3 кнігі. У ім друкавалі свае творы А.Пушкін, А.Грыбаедаў, І.Крылоў, В.Жукоўскі, Я.Баратынскі, В.Кюхельбекер, Ф.Булгарын і інш., літ. крытычныя арт. Бястужава. Перастаў існаваць у сувязі з паўстаннем 14.12.1825.
2) Літ.-паліт. альманах Вольнай рус. друкарні, які выдаваў А.Герцэн (з 1856 разам з М.Агаровым). У 1855—62 у Лондане выдадзена 7 кн., у 1868 (на 1869) у Жэневе 8-я кн. Назва, малюнак на вокладцы профіляў 5 пакараных смерцю дзекабрыстаў, эпіграф «Няхай жыве розум!», змест зборнікаў сведчылі аб пераемнасці традыцый дзекабрыстаў. На старонках «П.з.» надрукаваны ўспаміны дзекабрыстаў, асобныя творы Пушкіна, М.Лермантава, В.Бялінскага, М.Някрасава, Герцэна, Агарова. Тайнымі карэспандэнтамі ў Расіі былі амнісціраваныя дзекабрысты І.Дз.Якушкін, М.А.Бястужаў, М.І.Мураўёў-Апостал, а таксама І.Тургенеў, І.Аксакаў і інш. «П.з.» выступала супраць самадзяржаўя, прыгонніцтва, адыграла вял. ролю ў развіцці грамадскай думкі і л-ры ў Расіі.
Публ.: Полярная звезда. М.; Л., 1960; Полярная звезда: Журнал А.И.Герцена и Н.П.Огарева: [Факс. изд.]. Вып. 1—9. М., 1966—68.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МНІКІ ПРЫРО́ДЫ,
прыродныя аб’екты, каштоўныя ў навуковых, культурна-пазнавальных і аздараўляльных адносінах. З’яўляюцца ўсенар. здабыткам і ахоўваюцца дзяржавай. Адна з форм аховы прыроды.
Каштоўныя прыродныя аб’екты і комплексы аб’яўляюцца П.п. з прычыны іх нязначнай плошчы ці адасобленасці, што не дае магчымасці стварыць запаведнік або заказнік, ці бясшкодна перавесці П.п. ў штучныя ўмовы. Вылучаюць П.п. рэсп. і мясц. значэння. Падзяляюцца на батанічныя помнікі прыроды, геалагічныя помнікі прыроды і гідралагічныя помнікі прыроды. Для кожнага П.п. складаецца спец. пашпарт, вызначаецца рэжым яго ўтрымання і меры аховы. У шырокім сэнсе да П.п. часам адносяць таксама запаведнікі, заказнікі, нац. паркі, якія ўяўляюць сабой эталонныя ці унікальныя прыродныя ўтварэнні. У 1972 падпісана Міжнар. канвенцыя па ахове помнікаў сусв.культ. і прыроднай спадчыны.
На Беларусі спісы П.п. зацверджаны ў 1923 і 1926. У 1963 прынята пастанова аб ахове П.п. Існуюць 303 П.п. рэсп. значэння, у т. л. 116 бат., 182 геал. і 5 гідралагічных (2000). У 1992 нац. парк Белавежская пушча ўключаны ЮНЕСКА у спіс аб’ектаў сусв.культ. і прыроднай спадчыны.
Помнікі прыроды: 1 — дэндрарый у батанічным садзе БСГА; 2 — валун Вялікі камень у Шумілінскім раёне Віцебскай вобл; 3 — Барэцкая дуброва ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобл.; 4 — агаленне Дарашэвічы ў Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОСТ,
у некаторых рэлігіях устрыманне на пэўны перыяд ад прыняцця ўсякай ежы або асобных яе відаў; адзін з важных сродкаў царк. рэгламентацыі жыцця вернікаў, паглыблення іх рэлігійнасці. Напр., у праваслаўных у П. забараняецца скаромная ежа, асабліва мяса. Харч. забароны ўзыходзяць каранямі ў мінулае, калі ў выніку недахопаў прадуктаў харчавання людзі вымушаны былі самаабмяжоўвацца ў ежы. З часам гэтыя забароны атрымалі рэліг. санкцыю.
Існуюць шматдзённыя і аднадзённыя П. У праваслаўных П. займаюць каля 200 дзён у год. Вял. П., што папярэднічае Вялікадню, доўжыцца 7 тыдняў; пятроў П. — ад 8 да 42 дзён; прачысценскі — 2 тыдні і інш. Аднадзённыя П. прадпісваюцца вернікам па серадах і пятніцах, а таксама ў інш. дні года. На час П. забараняецца браць шлюб, удзельнічаць у свецкіх забавах. У католікаў П. не такі строгі, яны не прытрымліваюцца шматдзённых П., хворым і дзецям дазваляецца ўжываць малочныя стравы Шчыра посцяць у 1-ю сераду перадвелікоднага П., у пятніцу і на пярэдадні Прачыстай, у перадкалядны дзень (на 1-ю, ці посную, куццю). У мусульман важнае месца займае П. ураза, у час якога на працягу месяца рамазан забараняецца прымаць ежу ад усходу да захаду сонца. У іудзеяў побач з грамадскімі П. існуюць індывідуальныя — па зароку, у дзень шанавання памяці бацькоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРА́МНАЕ КІРАВА́ННЕ,
кіраванне рэжымам работы аб’екта па загадзя зададзенай праграме, пры якім аб’ект праходзіць пэўную паслядоўнасць станаў у адпаведнасці з алгарытмам. Напр., рэалізацыя П.к. лятальным апаратам забяспечвае патрэбную траекторыю яго руху.
Сістэма П.к. мае праграмнае прыстасаванне і сістэму сачэння, якая ўзнаўляе праграму і пераўтварае яе ў кіравальныя сігналы. Адрозніваюць сістэмы П.к. з неперарыўным (аналагавым) запісам праграмы (у выглядзе капіраў, кулачкоў, шаблонаў і інш.) і з дыскрэтным запісам (перфакарты, перфастужкі, магнітныя стужкі і інш.запамінальныя прыстасаванні). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы з разамкнёным ланцугом уздзеяння і з адваротнай сувяззю (замкнёныя), якія функцыянуюць з адаптацыяй і аптымізацыяй, сістэмы прамога П.к. (з непасрэднай сувяззю ЭВМ і аб’екта) і высокім узроўнем аптымальнасці кіравання і саманавучання. Пашырана ў кіраванні тэхнал. працэсамі (змяненне фіз. і хім. параметраў, т-ры, ціску, канцэнтрацыі і інш.) і абсталяваннем (рух машын, механізмаў, трансп. сродкаў, металарэзных станкоў), у энергетыцы пры вывадзе на аптымальны рэжым работы розных агрэгатаў. На базе П.к. распрацаваны шматаперацыйныя станкі, робататэхн. комплексы машын і абсталявання з убудаванымі мікрапрацэсарнымі сродкамі і на іх аснове гібкія аўтаматызаваныя вытворчасці.
Літ.:
Ратмиров В.А. Управление станками гибких производственных систем. М., 1987;
Ильин О.П., Козловский К.И., Петренко Ю.Н. Системы программного управления производственными установками и робототехническими комплексами. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФЕСІ́ЙНАЯ А́РМІЯ,
армія, служба ў якой з’яўляецца для ўсяго асабовага складу асн. прафесіяй і родам дзейнасці. Воіны-прафесіяналы валодаюць комплексам неабходных псіхіка-фізіял. якасцей, тэарэт. ведамі і практычнымі навыкамі. П.а. вядома ў многіх стараж. дзяржавах, у т. л. Грэцыі і Рыме. У 14—18 ст. у краінах Еўропы, у т. л. ў ВКЛ, існавалі наёмныя войскі, якія камплектаваліся з воінаў-прафесіяналаў (гл.Наёмніцтва). У 19 ст. ў большасці еўрап. краін уведзена ўсеаг. воінская павіннасць (у Францыі з 1798, у Расіі з 1874), аднак аснову арміі складалі прафесіяналы. Пасля 1-й сусв. вайны ў краінах Зах. Еўропы П.а. разглядалася ў рамках т.зв. тэорыі «малых войнаў», у аснове якой была ідэя дасягнення перамогі ў вайне пры дапамозе малалікіх, але тэхнічна высокааснашчаных армій. Гэта і інш. тэорыі стварэння П.а. набылі рэальныя рысы пасля 2-й сусв. вайны ў шэрагу краін Еўропы і ЗША. Фарміраванне П.а. — мэта ваен. рэформы ў Расіі, Украіне, Францыі і інш. Пасля скарачэння ў 1990-х г.Узбр. Сіл Беларусі колькасць афіцэраў (19 тыс.чал.), прапаршчыкаў (11 тыс.чал.), ваеннаслужачых-кантрактнікаў (11 тыс.чал.) і інш. прафесіяналаў склала больш за 50% (2000) ад агульнай колькасці асабовага складу арміі. Працэс пашырэння прафесіяналізацыі ідзе таксама ў Пагранічных войсках і Унутр. войсках МУС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСКО́ВА-ПЯЧО́РСКІ МАНАСТЫ́Р,
мужчынскі манастыр у г. Пячоры Пскоўскай вобл. (Расія). Узнік каля сярэдзіны 15 ст., калі ў пячорах пасяліліся першыя манахі-пустэльнікі. Быў своеасаблівым фарпостам абароны на зах. мяжы Расіі. У 1581—82, 1592, 1611—16 на яго нападалі шведы. Пасля Паўн. вайны 1700—21 страціў сваё абарончае значэнне. У 1473 пабудавана першая пячорная Успенская царква (перабудавана ў 1522—23, 18 ст.). У 16 ст. каля манастырскіх пабудоў узнік пасад, які пазней перарос у горад. У 2-й пал. 16 ст. манастыр разам з пасадам абнесены крапасной сцяной з 9 вежамі (перабудавана ў 1701). Уваход на тэр. манастыра цераз Святыя вароты, акцэнтаваныя вежай і ківотам над аркай. Гал. кампазіцыйны элемент — шматпралётная 2-ярусная званіца (16 ст.) з гадзіннікам. Захаваліся таксама цэрквы Дабравешчанская (1541, фасад 18—19 ст.), надбрамная Нікольская (1564, арх. П.Забалотны) з вежай, св. Пятра (17 ст.), Пакроўская (18 ст.); пячоры (даўж. 200 м; з’яўляюцца манастырскімі могілкамі). Абарончыя і культавыя будынкі манастырскага комплексу належаць да Пскоўскай шкалы дойлідства.
Літ.:
Древний Псков: История, искусство, археология;
Новые исслед. М., 1988;
Псков через века: Памятники Пскова сегодня. СПб.;
Псков, 1994.
Г.А.Лаўрэцкі.
Пскова-Пячорскі манастыр. Царква святога Пятра. 17 ст.Абарончыя ўмацаванні Пскова-Пячорскяга манастыра.