СЛАВА́КІЯ (Slovensko), Славацкая Рэспубліка (Slovenská republika),
дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на З з Аўстрыяй, на ПнЗ з Чэхіяй, на Пн з Польшчай, на У з Украінай, на Пд з Венгрыяй. Пл. 49 тыс.км². Нас. 5408 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — славацкая. Сталіца — г.Браціслава. Падзяляецца на 8 краёў. Нац. свята — Дзень утварэння Славацкай Рэспублікі (1 студзеня).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць Нац. савету (аднапалатны парламент, выбіраецца насельніцтвам на 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.
Прырода. Амаль усю краіну займаюць горныя хрыбты Заходніх Карпат, што падзяляюцца на асобныя масівы. Пераважаюць сярэдневышынныя горы, у цэнтр. частцы каля мяжы з Польшчай — высака- і сярэднягорны масіў Татры (найб.выш. 2655 м, г. Герлахаўскі-Шціт). Нізіны і раўніны — ускраіны Сярэднедунайскай раўніны, займаюць невял. плошчы на ПдЗ і ПдУ. Карысныя выкапні: руды жалеза, марганцу, поліметалічныя, радовішчы сурмы, магнезіту; ёсць буры вугаль і лігніт. Клімат умерана кантынентальны. На раўнінах сярэдняя т-растудз. каля -2 °C, ліп. 19—21 °C. Ападкаў 500—700 мм за год, у гарах да 1000 мм. Рэкі горныя, належаць дабас.р. Дунай (цячэ на ПдЗ). Горныя лясы займаюць каля 35%. На паўд. схілах пераважаюць шыракалістыя (дуб, бук) і мяшаныя, на паўн. — хвойныя (елка, піхта). Даліны і раўніны асвоены. У гарах трапляюцца буры мядзведзь, воўк, рысь, казуля, дзік; шмат птушак. У С. 5 нац. паркаў агульнай пл. 2051 км², 13 запаведнікаў агульнай пл. 6338 км². На мяжы з Венгрыяй сумесны запаведнік з пячорамі Агтэлека і Славацкага Краса ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Славакі складаюць 85,8%. Жывуць таксама венгры (9,7%, пераважна на Пд), цыганы (1,7%), чэхі (0,8%), украінцы, румыны і інш. Вернікі католікі (82%), евангелісты (8,2%), грэка-католікі (4,9%), прыхільнікі рэфармацкай хрысц. царквы (2,4%) і інш. Сярэдняя шчыльн. 110,4 чал. на 1 км², найб. (да 200—300 чал. на 1 км²) на раўнінах і ў міжгорных далінах, найменшая (каля 10—20 чал. на 1 км²) у гарах. Натуральны прырост блізкі да нулявога. У гарадах жыве 57% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Браціслава — 450, Кошыцы — 236; у гарадах Банска-Бістрыца, Жыліна, Нітра, Прэшаў, Трнава прыкладна па 100 тыс.ж. У прам-сці і буд-ве занята 34,6% эканамічна актыўнага насельніцтва, у гандлі — 14,2%, у сельскай гаспадарцы — 9,7%, у сферы паслуг і кіраванні — 41,5%.
Гісторыя. Тэр. С. заселена з часоў сярэдняга палеаліту. Тут жылі кельты, якіх у 1 ст.н.э. выцеснілі германцы. У час Вялікага перасялення народаў землі С. каля 5—6 ст. каланізаваны славянамі (этнонім «славені»). Яе паўд. раёны ўваходзілі ў склад дзяржавы Сама. Першым паліт. аб’яднаннем на тэр. С. ў пач. 9 ст. было Нітранскае княства ў далінах рэк Ваг і Нітра. Каля 833 яно далучана да Мараўскага княства і ўвайшло ў склад Вялікамараўскай дзяржавы. З пач. 9 ст. ў С. праз ням. місіянераў пашыралася хрысціянства, г. Нітра стаў цэнтрам епіскапства. З 863 у Вял. Маравіі ажыццяўлялася рэліг.-асв. дзейнасць Кірылы і Мяфодзія, якія пашыралі слав. пісьменнасць і богаслужэнне на слав. мове. Аднак у выніку інтрыг ням. духавенства і палітыкі рым. папства развіццё слав. культуры ў С. было перапынена і ўмацаваліся пазіцыі лацінамоўнай рым.-каталіцкай царквы. У 11 ст. С. ўключана ў Венг. каралеўства, што перапыніла працэс утварэння славацкай народнасці і прывяло да частковай мадзьярызацыі, асабліва феад. вярхоў. Паўд. і зах. раёны С. (т.зв. Верхняй Венгрыі) найб. развіваліся ў Венг. каралеўстве. У 12—13 ст. тут фарміравалася феад. і царк. землеўладанне, адносіны залежнасці вольнага сялянства ад феадалаў; хутка раслі гарады (Трнава, Банска-Бістрыца, Трэнчын, Браціслава, Кошыцы); развівалася гарнарудная прам-сць. У пач. 14 ст.зах. і цэнтр. С. на кароткі час дамаглася незалежнасці ад Венгрыі. У 14 ст. С. стала цэнтрам еўрап. транзітнага гандлю. Пад уплывам гусіцкіх войнаў у 1440—60-я г. ў С. актывізаваўся антыфеад. рух, скіраваны супраць венг. шляхты і каталіцкай царквы У 1467 у Браціславе адкрыты каталіцкі ун-т. У 1562 паўд.ч. С. захапіла Турцыя. Уцалелыя ад тур. заваявання славацкія і венг. землі ўвайшлі ў склад імперыі Габсбургаў. У 1678 у С. адбылося найбуйнейшае антыгабсбургскае паўстанне венг. магнатаў, падтрыманае Турцыяй. У выніку аўстра-тур. вайны 1683—99 Габсбургі захапілі Паўд. С. і асн. частку Венгрыі. У імперыі Габсбургаў С. была агр.-сыравінным раёнам, яе горныя руднікі належалі аўстр. двару. У час праўлення імператара Іосіфа II [1765—90, да 1780 суправіцель Марыі Тэрэзіі] праведзены рэформы (у 1781 уведзена свабода веравызнання, у 1785 скасавана асабістая прыгонная залежнасць сялян, ажыццяўляўся мытны і мануфактурны пратэкцыянізм і інш.), якія спрыялі ажыўленню прам-сці ў С. У канцы 18 — пач. 19 ст. адраджаўся славацкі грамадска-культ.нац. рух. Паэт, філолаг і грамадскі дзеяч Л.Штур (1815—56) рэфармаваў на аснове сярэднеславацкага дыялекту славацкую літ. мову (у 1845 яна кадыфікавана як агульнанацыянальная). На ёй выдаваліся газеты, літ. творы. У 1863 засн. нац.-культ. цэнтр «Маціца славацкая». З утварэннем у 1867 Аўстра-Венгрыі С. афіцыйна стала часткай Каралеўства венграў; венг. буржуазія займала пануючае становішча ў эканоміцы С.
У 1-ю сусв. вайну ў С. ўзмацніўся рух за нац. і сац. вызваленне. У 1916 дзеячы чэш. (Т.Масарык, Э.Бенеш) і славацкай (М.Штэфанік) эміграцыі ўтварылі ў Парыжы Чэхаславацкі нац. савет, які летам 1918 прызнаны ўрадамі краін Антанты і ЗША у якасці будучага ўрада дзяржавы чэхаў і славакаў. Ва ўмовах ваен. паражэння і распаду Аўстра-Венгрыі Нац.к-т у Празе (засн. ў 1916) 28.10.1918 абвясціў пра стварэнне незалежнай Чэхаславакіі. Гэтае рашэнне падтрымаў Славацкі нац. савет у г. Марцін, які 30.10.1918 абвясціў пра аддзяленне С. ад Венгрыі. Са студз. 1919 у Браціславе дзейнічала мін-ва Чэхаславакіі па справах С. Непрацяглы час (16.6—7.7.1919) на частцы тэр. С. існавала Славацкая сав. рэспубліка (кіраўнік — чэш. камуніст А.Янаўшак), створаная пры дапамозе войск Венг.сав. рэспублікі. Адносна адсталая прам-сць С. не вытрымлівала канкурэнцыі з чэшскай і скарачалася, што вяло да масавага беспрацоўя і эміграцыі. Пасля Мюнхенскага пагаднення 1938 клерыкальна-нацыяналіст. Глінкаўская славацкая нар. партыя і інш. партыі прымусілі ўлады Чэхаславакіі пагадзіцца з утварэннем у С. свайго ўрада на чале з лідэрам глінкаўцаў І.Цісам. У ліст. 1938 да Венгрыі адышлі паўд. раёны С. 14.3.1939 па патрабаванні А.Гітлера славацкі сейм абвясціў «самаст. і незалежную Славацкую дзяржаву», якую 18 сак.фаш. Германія ўзяла «пад сваю абарону». Нацысты ўсталявалі ў С. таталітарны рэжым. Паводле ваен. дагавору паміж С. і Германіяй (жн. 1939) славацкія войскі ў 2-ю сусв. вайну ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях супраць Польшчы і СССР. Масавы характар набыў пераход славацкіх ваеннаслужачых на бок Чырв. Арміі (папаўнялі Чэхаславацкі армейскі корпус ген. Л.Свобады) і сав. партызан (на тэр. Беларусі і Украіны дзейнічаў славацкі партыз. атрад на чале з маёрам Я.Налепкам). Масавы партыз. рух разгарнуўся і на тэр. самой С. У канцы 1943 прадстаўнікі Кампартыі С. (КПС) і інш.апазіц. партый стварылі Славацкі нац. савет (СНС), які ўзначаліў Славацкае нацыянальнае паўстанне 1944 супраць гітлераўскіх войск (25.8.1944 увайшлі ў С.) і рэжыму Цісы. У студз. 1945 сав. войскі ўступілі ў С., 4 крас. вызвалены г. Браціслава. На вызваленай тэр. С. ўладу ўзяў адноўлены СНС. У пасляваен Чэхаславакіі паўнамоцтвы органаў славацкага нац. прадстаўніцтва (СНС і Корпус упаўнаважаных), дзе ў 1946—48 мела перавагу Дэмакр. партыя, былі абмежаваны на карысць цэнтр. улад Чэхаславакіі. У лют. 1948 да ўлады ў С., як і ў Чэхіі, прыйшлі камуністы. У вер. 1948 КПС увайшла ў адзіную Кампартыю Чэхаславакіі (КПЧ), захаваўшы арганізац. самастойнасць. У краіне фармальна захоўвалася шматпартыйнасць пры фактычным панаванні камуністаў, якія ажыццяўлялі праграму сацыяліст. пераўтварэнняў ва ўсіх сферах жыцця. Канстытуцыя 1960 абвясціла Чэхаславакію дзяржавай раўнапраўных народаў, славацкі Корпус упаўнаважаных быў аб’яднаны з СНС. Падзеі «Пражскай вясны» 1968 паспрыялі адраджэнню славацкіх нац. памкненняў. Паводле Канстытуцыйнага Закона 1968 С. з 1.1.1969 — раўнапраўная сацыяліст. рэспубліка (ССР) у складзе Чэхаславацкай Сацыяліст. Рэспублікі (ЧССР) са сваім заканад. органам (СНС) і ўрадам, які прызначаў Прэзідыум СНС. На працягу 1960—80-х г. С. стала развітой індустр.-агр. рэспублікай, палепшыўся дабрабыт насельніцтва і яго культ. ўзровень. Аднак у параўнанні з Чэхіяй, у С. захоўвалася адносная эканам. адсталасць. Славацкія і чэш.дэмакр. сілы разам удзельнічалі ў «аксамітнай рэвалюцыі» 1989, у выніку якой ад улады ў ЧССР адхілены камуністы і абвешчаны курс на аднаўленне рыначнай эканомікі. Сярод паліт. сіл С. ў гэты час дамінаваў рух «Грамадскасць супраць насілля». У 1990 чэш.-славацкія адносіны абвастрыліся і ЧССР пераўтворана ў Чэшскую і Славацкую Федэратыўную Рэспубліку (ЧСФР) На парламенцкіх выбарах у С. ў чэрв. 1992 перамог Рух за дэмакр. С. (РЗДС), які выступаў за поўную незалежнасць краіны. 25.11 1992 Федэральны сход ЧСФР прыняў рашэнне аб спыненні яе існавання.
З 1.1.1993 С. — незалежная Славацкая Рэспубліка. Пасля атрымання незалежнасці рэзка знізіўся ўзровень рэальных даходаў насельніцтва, скарацілася дзярж. падтрымка аховы здароўя, культуры і адукацыі. Новы эканам. ўздым (з 1994) дазволіў да канца 1990-х г. у асн. пераадолець гэтыя негатыўныя з’явы. Да 1998 улада ў С. знаходзілася ў руках кааліцыі на чале з РЗДС, а яе лідэр У.Мечыяр у 1994—98 быў прэм’ер-міністрам, у сак.—вер. 1998 в.а. прэзідэнта рэспублікі (пасля адстаўкі М.Ковача, які быў прэзідэнтам у лют. 1993 — сак. 1998). На выбарах у Нац. савет у вер. 1998 перамагла апазіц. Славацкая дэмакр. кааліцыя (СДК) у складзе Партыі левых дэмакратаў (ПЛД, б. камуністы), Кааліцыі венг. партый (КВП) і Партыі грамадзянскай згоды (ПГЗ). З 30.8.1998 лідэр СДК М.Дзурында — прэм’ер-міністр С., прэзідэнтам 29.5.1999 выбраны лідэр ПГЗ Р.Шусцер. С. — чл.ААН (з 1993), асацыіраваны чл. Заходнееўрап. саюза (з 1996). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 14.1.1993. Гл. таксама Чэхаславакія.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. РЗДС, Дэмакр. саюз С., ПЛД, Славацкая нац. партыя, Хрысц.-дэмакр. рух, ПГС, КВП і інш.Асн.прафс. аб’яднанне — Канфедэрацыя прафсаюзаў Славацкай Рэспублікі.
Гаспадарка. С. — індустр.-агр. краіна. Пасля 1993 праведзена эканам. рэформа ў гаспадарцы, стабілізавана грашовая сістэма, што суправаджалася адмовай ад дзярж. рэгулявання цэн, лібералізацыяй гандлю і прыватызацыяй. Вялікую ролю ў эканам. рэфармаванні адыгралі замежныя інвестыцыі (каля 0,5 млрд.дол. штогод). У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 44,5 млрд.дол., каля 8300 дол. на чалавека. 22% ВУП ствараецца ў прам-сці, 6% — у сельскай гаспадарцы, каля 9% — у транспарце і сувязі, 23% у гандлі, 40% — у інш. абслуговых галінах. Горназдабыўная прам-сць занята здабычай бурага вугалю і лігнітаў (раён гарадоў Гандлава і Пр’евідза), жал., марганцавых, свінцова-цынкавых і медных руд. Электраэнергетыка засн. на выкарыстанні гідрарэсурсаў (ГЭС на горных рэках, у т. л. каскад 16 ГЭС на р. Ваг), бурага вугалю і імпартаванай нафты. Працуюць 2 АЭС каля гарадоў Нітра і Трнава (даюць 40% усёй электраэнергіі). У 1998 атрымана 20 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. У апрацоўчай прам-сці найб. развіты машынабудаванне (вытв-сць электроннай, радыёэлектроннай і быт. тэхнікі, трансп. сродкаў і інш.), чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім., фармацэўтычная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая, лёгкая (тэкст., гарбарна-абутковая, швейная) і харчовая. Значныя вытв. магутнасці паліграф. і шкляной прам-сці. Асн.прамысл. цэнтры: Браціслава (хім. і нафтахім., маш.буд., станкабуд., тэкст., паліграф., харчасмакавая, швейная і інш.), Кошыцы (чорная металургія, цяжкае машынабудаванне), Банска-Бістрыца (каляровая металургія, маш.-буд., дрэваапр., тэкст., цэм., харчовая), Жыліна (маш.-буд., тэкст., цэлюлозна-папяровая, хім.), Нітра (маш.-буд., піваварная, хім., тэкстыльная), Прэшаў (маш.-буд., тэкст.), Комарна (рачное суднабудаванне), Шаля (з-д азотных угнаенняў на імпартным прыродным газе). Штогод атрымліваюць (млн.т): бурага вугалю і лігніту — каля 5, жалезнай руды — 1, свінцова-цынкавай — 0,3, меднай — 0,3, чыгуну — 3,2, пластмас — 0,4, азотных угнаенняў — 0,2, цэменту — 3, нафтапрадуктаў — 3,5; піва — каля 4 млн. гекталітраў. Развітая шматгаліновая сельская гаспадарка засн. на сучаснай матэрыяльна-тэхн. базе і інфраструктуры. С.-г. кааператывы і дзяржгасы трансфармаваны ў кааператывы ўласнікаў і акцыянерныя прадпрыемствы. С.-г. ўгоддзі займаюць 2445 тыс.га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 1630 тыс.га, пад пашай і лугамі каля 815 тыс.га. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Большасць пасеваў засяроджана ў раўнінных раёнах на ПдЗ, Пд, ПдУ і ў далінах рэк; лугі і паша — у гарах. Штогод збіраюць (млн.т): пшаніцы — каля 2, ячменю — 1, кукурузы — 0,7, жыта — 0,1. Вырошчваюць таксама бульбу, алейныя культуры (сланечнік, рапс), цукр. буракі, тытунь, агародніну. Садоўніцтва, на Пд — вінаградарства. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы —0,7, свіней — 1,6, авечак — 0,3. Птушкагадоўля (у 1997—13,1 млн. курэй). У паўд. раёнах гадуюць пераважна свіней, малочную буйн. раг. жывёлу, птушку, у горных раёнах — авечак і мясную буйн. раг. жывёлу. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны. Даўж. (тыс.км): чыгункі — 3,7, аўтадарог — 17,7, унутр. водных шляхоў (участак Дуная і нізоўі асн. прытокаў) каля 0,4. У краіне (2000) 994 тыс. легкавых, 94 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Асн. рачныя парты Браціслава і Комарна. Авіяц. транспарт абслугоўвае пераважна знешнія пасажырскія зносіны, гал.міжнар. аэрапорты каля Браціславы, Кошыц, Попрада. С. перасякаюць з У на З нафта- і газаправоды з Расіі ў Зах. Еўропу. У 1998 экспарт склаў 10,7 млрд.дол., імпарт — 12,9 млрд.дол.Гал. тавары экспарту: машыны і абсталяванне, прадукцыя нафтаперапр., хім., дрэваапр., харч. прам-сці. Імпартуюцца машыны і абсталяванне, нафта, хім. сыравіна і інш. Важнейшыя гандл. партнёры: Чэхія (35%), Германія (19%), Аўстрыя (5%), Расія, Польшча, Італія. У 2000 Беларусь экспартавала ў С. тавараў на 19,2 млн.дол. (пераважна халадзільнікі, маразільнікі, шыны), імпартавала тавараў на 12,8 млн.дол. С. — краіна развітога турызму і горнага спорту. Штогод С. наведвае каля 0,5 млн. замежных грамадзян, даход ад замежнага турызму ў 1998 склаў 461 млн.дол. Грашовая адзінка — славацкая крона.
Узброеная сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы, а таксама ваенізаваныя фарміраванні, у т. л. сілы ўнутр. бяспекі (1,4 тыс.чал.), грамадз. абароны (1,2 тыс.чал.) і інш. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Тэрмін службы — 1 год. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА. У сухап. войсках 23,8 тыс.чал., каля 480 танкаў, больш за 680 баявых браніраваных машын, да 390 адзінак палявой артылерыі, мінамётаў, рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС і ППА 12 тыс.чал., больш за 100 баявых самалётаў, каля 60 верталётаў, у т. л. 19 баявых, каля 100 пускавых установак зенітных кіроўных ракет і інш.
Ахова здароўя. Насельніцтва атрымлівае бясплатную дзярж.мед. дапамогу, карыстаецца паслугамі страхавой і прыватнай медыцыны. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70, жанчын — 77 гадоў. Узровень нараджальнасці — 10 на 1 тыс.чал., смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць — 9 на 1 тыс. нованароджаных (2001). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 86 чал., урачамі — 1 на 381 чал. (1996).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі С. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—5-гадовага ўзросту), асн. школы, гімназіі, сярэднія прафес. школы і вучылішчы, ВНУ. Пераважная большасць устаноў дзяржаўныя; ёсць прыватныя і царкоўныя. Асн. школа для дзяцей з 6-гадовага ўзросту мае 2 ступені — пач. (4 гады навучання) і няпоўную сярэднюю (5 гадоў) і з’яўляецца абавязковай. Поўную сярэднюю адукацыю (пасля асн. школы) даюць гімназіі (4 гады навучання), некаторыя сярэднія прафес. вучылішчы (4—5 гадоў навучання), большасць сярэдніх прафес. школ, у якіх вучні праходзяць і кароткатэрміновае прафес. навучанне, пераважна па складаных профілях. У гімназіях уведзена дыферэнцыраванае навучанне (гуманіт. і тэхн. профілі) з улікам індывід. схільнасцей навучэнцаў, выкарыстоўваюцца навуч. праграмы з павышаным узроўнем патрабаванняў. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты, вышэйшыя школы, акадэміі. У 2000/01 навуч.г. ў С. 3245 дзярж. дашкольных устаноў (больш за 153 тыс. дзяцей), 2362 асн. школы (каля 626 тыс. вучняў і больш за 38 тыс. настаўнікаў), 157 гімназій (больш за 67 тыс. навучэнцаў і больш за 5 тыс. выкладчыкаў), 309 сярэдніх прафес. школ (каля 85 тыс. навучэнцаў), 363 сярэднія прафес. вучылішчы (больш за 104 тыс. навучэнцаў). У сістэме вышэйшай адукацыі больш за 20 навуч. устаноў. Буйнейшыя ВНУ: ун-т Я.А.Каменскага (з 1465), эканам. і Славацкі тэхн. ун-ты, Паліцэйская акадэмія, вышэйшыя школы — выяўл. мастацтва і тэатральна-мастацкая (усе ў Браціславе); Ун-т Мацея Бела і Акадэмія мастацтваў у Банска-Бістрыцы; Ун-т Паўла Іозефа Шафарыка, тэхн. і вет. ун-ты, Ваенная лётная акадэмія (усе ў Кошыцах); Ун-т Канстанціна Філосафа і Славацкі аграрны ун-т у Нітры; Ваенная акадэмія ў Ліптаўскі-Мікулашы, Ун-т Кірылы і Мяфодзія ў Трнаве, тэхн.ун-т у Зволене; ун-ты ў Прэшаве, Трнаве, Жыліне, Трэнчыне і інш. У С. больш за 70 б-к і больш за 75 музеяў. Буйнейшыя б-кі: універсітэцкая ў Браціславе, Дзярж.навук. ў Кошыцах, акрамя таго працуе 9 навук. б-к і Цэнтр. навукова-тэхн. інфармацыі ў Браціславе. Буйнейшыя музеі: Славацкі нац. (мае 8 філіялаў), Гарадскі ў Браціславе, Славацкі тэхн. ў Кошыцах, Музей він у Прэшаве, Музей славацкага нац. паўстання ў Банска-Бістрыцы, этнагр. ў Марціне. Навук. даследаванні праводзяцца на кафедрах ун-таў, у Славацкай АН (з 1952), якая ўключае больш за 60 ін-таў і лабараторый, і інш.н.-д. установах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у С. выходзілі газеты «Pravda» («Праўда», з 1920), «Praca» («Праца», з 1946), «Smena» («Змена», з 1948), «Večer» («Вечар», з 1990), «Narodna obroda» («Нацыянальнае адраджэнне», з 1990), штотыднёвік «Beseda» («Размова», з 1990) і інш.Інфарм. агенцтва — Тэлегр. агенцтва Славацкай Рэспублікі (ТАСР, з 1992). Радыёвяшчанне з 1926; асн. праграмы — «Браціслава» і «Дэвін». Тэлебачанне з 1956 (з 1970 каляровае); вяшчанне па 2 каналах.
Літаратура. Развіваецца на славацкай мове. Вытокі пісьменнасці славакаў звязаны з дзейнасцю Кірылы і Мяфодзія (2-я пал. 9 ст.). У 15 ст. пісьмовай мовай была латынь. Пашыраны былі легенды (жыціі), драм.рэліг. творы і духоўная лірыка (не захаваліся). Вял. значэнне для культ. жыцця С. мела заснаванне Карлам IV у Празе універсітэта (1348). Ідэі гусіцкага руху (1-я пал. 15 ст.) і Рэфармацыі паспрыялі выцясненню латыні чэш. пісьмовай мовай з элементамі славацкай гутарковай мовы. Вядома творчасць паэтаў-гуманістаў М.Ракаўскага, Я.Якобеўса, духоўная паэзія Я.Сільвана, Э.Лані. Барацьба з тур. нашэсцем (канец 15—16 ст.) спарадзіла героіка-эпічныя песні і балады на гіст. сюжэты. З’явіліся творы з любоўнай праблематыкай (вершаваны раман «Пра Сілада і Хадмазі», 2-я пал. 16 ст.), драматургія на біблейскія сюжэты П.Кырмезера і Ю.Тэсака. У 17—18 ст. узмацніўся ўплыў каталіцкай царквы, свецкія матывы выцясняліся рэліг. містыкай. Выявілася блізкасць да л-ры еўрап. барока: дыдактычна-рэфлексіўныя творы П.Беніцкага, О.Луцэ, мемуарная проза Ш.Піларыка, Т.Масніка, С.Грушкавіца, свецкая паэзія Г.Гаўлавіча. Самастойнасць набыло літ.-знаўства (Д.Цвітынгер, П.Валаскі). З канца 18 ст. пачалося нац. адраджэнне славацкай пісьменнасці, спробы стварэння нац. мовы (А.Берналак). Рэфарматар мовы і аўтар першага славацкага рамана — І.І.Байза. Вядомасць набыла паэзія Я.Колара, Б.Табліца, проза Я.Голага, навук. працы Ю.Фандлі, П.І.Шафарыка, драмы Я.Халупкі. У 1840—70-я г. ў л-ры ўсталяваўся рамантызм (паэт. цыкл «Думкі вечаровыя» Л.Штура, паэмы і лірыка Я.Краля, А.Сладкавіча, паэмы-казкі Я.Боты, гіст. аповесці Я.Калінчака, І.М.Гурбана). У 1863—75 навук.-асветніцкае і літ.т-ва «Маціца славацкая» выдавала кнігі, часопісы, адкрывала школы, гімназіі. З 1880-х г. вядучым кірункам стаў рэалізм (творчасць С.Ваянскага, П.Гвездаслава, М.Кукучына). Значнае месца занялі пераклады з рус. і зах.-еўрап. л-ры. У творчасці пісьменнікаў-рэалістаў Цімравай, Я.Есенскага, І.Таяўскага (прадстаўнікі «Маладой Славакіі») узмацніўся сац.-аналіт. падыход да рэчаіснасці. У пач. 20 ст. ўзнік літ. рух т.зв. Славацкай мадэрны, які выявіўся ва ўзбагачэнні эмацыянальнага зместу і псіхал. раскрыцця ўнутр. свету чалавека і кульце формы (І.Краска, І.Гал, У.Рой). Развіццю л-ры спрыяла ўтварэнне Чэхаславацкай рэспублікі. У паэзіі выступілі Ш.Крчмеры, М.Разус, Я.Смрэк, Э.Б.Лукач. Я.Понічан, у прозе — Я.Грушаўскі, Г.Вамаш, М.Урбан, І.Горват, у літ. крытыцы — Э.Уркс, А.Матушка. Вядомасць набылі раманы П.Ілямніцкага, паэзія Л.Новамескага. Пошукам гармоніі займаўся І.Цыгер-Гронскі У 2-ю сусв. вайну ў час ням.-фаш. акупацыі побач з падп. л-рай існавалі як форма легальнага пратэсту «лірызаваная» проза (Д.Хробак, М.Фігулі, Ф.Швантнер) і паэзія сюррэалістаў (Ю.Ленка, П.Бунчак, Ш.Жары). Тэмы паўстання, антыфаш. барацьбы, пабудовы новага грамадства — гал. ў пасляваен. л-ры (У.Мінач, М.Крно, Я.Боданек, Я.Коранка). Умацоўваецца сацыяліст. рэалізм (паэты А.Плаўка, Я.Костра, В.Мігалік, празаікі Р.Яшык, Ф.Гечка, К.Лазарава). 1950-я г. — пік псіхал. прозы (А.Беднар, Ф.Краль). У 1960-я г. выявіліся авангардысцкія канцэпцыі і фармальнае эксперыментатарства (Л.Балек, А.Гікіш, Р.Слобада). Нетрадыц. падыход да раскрыцця характараў пераважаў у творах Д.Мітаны, І.Гудзеца, Д.Душака і інш. У 1970-я г. росквіту дасягнуў гіст. раман (І.Тала, Я.Ленч, М.Ферка і інш.). 1980-я г. адметныя ўзлётам раманнай формы, рухам эпасу да сінтэзу, цыклізацыяй малых жанраў (П.Яраш, П.Андрушка, І.Габай і інш.). У канцы 1990-х г. змены жанравага зместу прозы за кошт фалькларызацыі суправаджаліся паглыбленнем лірычнага пачатку. Маральна-філас. пошукі вядуцца ў межах сінтэзу рамана і міфа, легенды, прытчы, балады, драмы і камедыі (В.Шыкула, М.Валек, О.Заграднік, Я.Солавіч і інш.). На бел. мове выдадзены «Чэшскія і славацкія апавяданні» (1958), зб-кіапавяд. «Апошні вераснёвы дзень» (1982), «Разбуджаны голас» (1988), «Соль зямлі» (1992), вершаў «Татры пяюць» (1976), «Славацкая паэзія» (1990), казак «Дванаццаць месяцаў» (1956), «У сонейка ў гасцях» (1958), творы Крно («Я вярнуся жывы», 1960), Мінача («Жывыя і мёртвыя», 1961), Г.Зелінавай («Якубка», 1962), Шыкулы («Канікулы з дзядзькам Рафаэлем», 1972), К.Ярункавай («Брат маўклівага ваўка», 1976), Валека («Крылы», 1978), М.Галямавай («Пра сініцу з какосавага доміка», 1979), Грушаўскага («Янашык», 1980), Э.Гашпаравай («Цяжка быць мустангам», 1981), Р.Морыца («Выбух», 1984). Сярод перакладчыкаў на бел. мову: Я.Бяганская, У.Дамашэвіч, Х.Жычка, У.Караткевіч, Я.Каршукоў, А.Мажэйка, П.Макаль, С.Міхальчук і інш.
Архітэктура. У 1—2 ст. на тэр. С. ўзніклі стараж.-рым. крэпасці. У 9—12 ст. будавалі замкі з хрысц. капэламі (у Браціславе, Бойніцах, Турчанска-Бістрыцы, Спішскі-Градзе), вакол якіх з 13 ст. раслі гарады. Да раманскага стылю належаць базіліка св. Эмерама ў Нітры (1200), 2-ярусная капэла-ратонда ў Скаліцы (12 ст.), 3-нефавая базіліка з 2-вежавым фасадам у Дзякаўцы (1228). З канца 13 ст. пашырана гатычная храмавая архітэктура, адметная нац. стрыманасцю: 3-нефавыя базілікі св. Лізаветы ў Кошыцах (1382—1499), св. Кацярыны ў Банска-Шцяўніцы (1491), сабор св. Марціна (14—15 ст.), Старая ратуша (13—15 ст.) у Браціславе. Для готыкі характэрны зальны тып храма (3-нефавы сабор св. Якуба ў Левачы, 14—15 ст.). Да вялікіх храмаў часам далучалі невял. капэлы з вытанчанымі прапорцыямі (капэлы Запольскіх у Спішска-Капітуле, 1488—93). Гатычныя замкі ўяўлялі сабой комплексы з унутр. дварамі, капэламі (у Стрэчне, 14—15 ст.; Зволен, 1361—16 ст.). Гарады мелі ўмацаванні, ратушную плошчу, элементы рэгулярнага плана (Бардзеёў, Левача, Трэнчын). Рэнесансавыя прыкметы звязаны пераважна са свецкай архітэктурай: жылыя дамы з атыкамі, парталамі, дваровымі галерэямі, размалёўкамі сграфіта (у Прэшаве, Левачы, Банска-Бістрыцы), ратушы ў Бардзеёве (1508—09), Левачы (1525—86) і інш. Рэспектабельны выгляд мелі познагатычныя ратушы, перабудаваныя ў рэнесансавым ключы (у Браціславе). У 17 ст. пашырыўся стыль барока: касцёлы ун-та ў Трнаве (1637—1700, арх. П.Спеца), св. Тройцы (1717—35, арх. К.Каневале, Ф.А.Хілебрант, І.Б.Фішэр фон Эрлах), св. Альжбеты (1739—42), кляштарны комплекс у Ясаве (1765, арх. абодвух А.Пільграм). Канстр.-вобразнае вырашэнне набыла нар. драўляная архітэктура (касцёлы ў Тврдошыне, Фрычцы і інш.). Ад рэспектабельна-ўрачыстых да стрымана-вясковых будаваліся замкі і палацы (палац Грасалкавіча ў Браціславе, 1760, цяпер рэзідэнцыя прэзідэнта; замкі ў Маркушаўцы і Банска-Шцяўніцы і інш.). У стылі барока перабудаваны некат. гатычныя абарончыя вежы, касцёлы ў Браціславе, Нітры і інш. З 1770-х г. развіваўся класіцызм, найперш у рэспектабельных палацах (прымаса ў Браціславе, 1781, арх. М.Хефеле). Характэрныя былі т.зв. рэдуты з функцыямі атэляў, т-раў, корчмаў (у Ельшаве, Кежмараку і інш.). Вылучаўся класіцыстычны будынак пратэстанцкага сабора ў Банска-Бістрыцы (1807, арх. М.Полак). З сярэдзіны 19 ст. будавалі ў гіст. стылях (Славацкі нац.т-р у Браціславе, 1884—86, арх. Ф.Фельнер і Г.Гельмер). Пад уплывам сецэсіі працаваў арх. Д.Юркавіч (грамадскі дом у Скаліцы, 1904). Пабудовы пач. 20 ст. ў стылях канструктывізму, неакласіцызму і нар. традыцыях: атэль «Карлтан-Савай» (1928), вышынны будынак «Мандарла», санаторый у Трэнчанске-Цепліцы (1930-я г.). Сярод збудаванняў 2-й пал. 20 ст. зімовы стадыён (1963), мост цераз Дунай (1972) у Браціславе, помнік нац. паўстанню ў Банска-Бістрыцы (1970) і інш.
З 1990-х г. архітэктура С. выпрацоўвае праграму добраўпарадкавання гар. і сельскага асяроддзя. Паводле плана пераўтварэння краіны ў цэнтр культ. сувязей і міжнар. турызму будуюцца атэлі і турыстычныя комплексы, упарадкоўваюцца і мадэрнізуюцца курортныя мясціны. Сучасная свецкая і культавая архітэктура адметная эстэт. культурай, імкненнем да прастаты і функцыянальнасці. Горад-запаведнік Банска-Шцяўніўца і ансамбль сярэдневяковых умацаванняў Спішскі-Град уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. У 1945 засн.Т-ва славацкіх архітэктараў.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі выяўл. мастацтва на тэр. С. вядомы з эпох палеаліту, неаліту (статуэткі жывёл і людзей, упрыгожанні) і бронзавага веку: Выяўлены творы кельтаў, сарматаў, авараў, протаславян і стараж. славян. Вытокі мастацтва С. ў культуры Вялікамараўскай дзяржавы. У 13—15 ст. пашыраны скульпт. элементы арх. дэкору. Раннім насценным размалёўкам у плоскаснай лінеарнай манеры ўласцівы паўн.-італьян. ўплывы (фрэскі касцёла ў Дэхтыцэ, каля 1175) і рысы рамана-візант. стыляў (фрэскі касцёла ў Драўцэ, пач. 14 ст.). У дэкоры касцёлаў канца 14 — пач. 15 ст. адчуваецца ўздзеянне П.Парлера. Статуі мадоннаў сярэдзіны 14 ст. блізкія дафранц. гатычнай пластыкі, на мяжы 14—15 ст. набылі рысы «мяккага стылю». У жывапісе ўмоўнасць выяў змянялася набліжэннем да рэальнасці (размалёўкі касцёла ў Жэгры з жанравымі матывамі, каля 1400), у насценным і алтарным жывапісе пач. 15 ст. — да выяўлення прасторы і індывідуалізацыі вобразаў (алтар касцёла ў Гронскі-Бенядзіку). У канцы 15 — пач. 16 ст. дасягнула росквіту драўляная алтарная скульптура, у якой познагатычныя традыцыі спалучаліся з рысамі Адраджэння. Вядучым майстрам скульптуры быў Павел з Левачы (Вял. алтар сабора св. Якуба ў Левачы, 1508—15). У пач. 16 ст. ў жывапісе майстра «MS» праявіліся рысы дунайскай школы. У 16 ст. пашырылася рэнесансавая скульптура з гатычнымі рысамі, у якой прасочваліся аўстр. ўплывы (алтар касцёла ў Юры каля Браціславы, 1527). Ствараліся рэнесансавыя надмагіллі і круглая дэкар. скульптура («Фантан Роланда» перад ратушай у Браціславе, 1527). Жывапіс Адраджэння прадстаўлены пераважна арнаментальнымі мініяцюрамі і сграфіта, якімі пакрывалі фасады дамоў, замкаў, званіц. Ва ўсх. С. быў пашыраны іканапіс у познавізант. стылі. У эпоху барока панавала пышная дэкар. скульптура са стука. З каменю і мармуру выкананы манум.арх.-скульптурныя алтары (гал. алтар сабора ў Браціславе, 1732—34, аўстр. скульптар Р.Донер). У канцы 18 ст. з’явілася свецкая партрэтная скульптура. У жывапісе 17—18 ст. пераважалі італьян., нідэрл. і аўстр. ўплывы. Фрэскі з ілюзіяністычнымі эфектамі выконвалі аўстр. майстры (П.Трогер, Ф.Маўльберч). Сярод нешматлікіх мясц. мастакоў — Я.Богдан, С.Генрых, Я.Купецкі. Сярод вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва 15—18 ст. — метал. (часта з перагародчатай эмаллю), фаянсавыя, разьба па дрэве, вышыўка і ткацтва. У партрэтным жывапісе пач. 19 ст. класіцызм спалучаўся з рысамі бідэрмееру. Класіцыстычным пейзажам уласцівы рамант. тэндэнцыі (нац. па матывах работы К.Л.Лібая, А.Бродскага, Л.Нюлашы). У перыяд. уздыму рэв. і нац.-вызв. руху ствараліся рамант. па кампазіцыі партрэты сучаснікаў, герояў вызв. барацьбы (П.Богунь, І.Б.Клеменс). У канцы 19 — пач. 20 ст. дасягнуў росквіту жанравы жывапіс, у якім рэаліст. рысы, каларыстычныя і пленэрныя пошукі спалучаліся з элементамі акадэмізму (В.Андзьяла, Д.Скуцецкі, І.Ганула). Рэаліст. і сац.-крытычныя тэндэнцыі ўласцівы творам скульптара Я.Коньярака. У фарміраванні нац. школы жывапісу 20 ст.вял. роля належыць М.Бенку, М.Базаўскаму і Я.Алексі, якія развівалі традыцыі постімпрэсіянізму. Рысы фавізму, кубізму і элементы нар. творчасці спалучалі жывапісцы і графікі М.Галанда і Л.Фула, сац.-крытычнай скіраванасцю вызначаліся творы графіка К.Сокала, жывапісца К.Баўэра, скульпт. Ф.Гібалы. У 1939—45 экспрэсіўныя драм. кампазіцыі антыфаш. тэматыкі стваралі жывапісцы і графікі В.Гложнік, Я.Жэлібскі, Ц.Маернік, Ю.Немчык, скульптар І.Костка, неакласіцыстычныя творы — скульпт. Ю.Горавая-Ковачыкава і інш.
З 1950-х г. пашырыліся творы на тэмы нац.-вызв. барацьбы і працы, індустр. пейзажы (графікі Гложнік, Р.Дубравец, жывапісцы Бенка, Жэлібскі, Б.Хофштэтэр, скульптары Костка, Ц.Бартфай), абагульненыя сцэны нар. жыцця і вобразы сялян (Алексі, Базаўскі, Фула, Немчык, В.Хмель, М.Чэхава), партрэтны жывапіс (Ф.Драшкавіч, Гібала), камерная станковая пластыка (Я.Куліх, А.Трызуляк), манум.-дэкар. скульптура (Костка, Куліх, Трызуляк). У 2-й пал. 20 ст. абстрактны экспрэсіянізм, неакубізм, сюррэалізм і інш.; развівалі Ю.Бартфай, Л.Гударна, В.Жылінчанава, У.Компанек, Р.Крываш, М.Лалуха, М.Паштака, Л.Сламка, Ф.Студзены, П.Тот, Л.Чэміцкі, В.Хложнік, М.Якабчыц, Ю.Якабы. У дэкар.-прыкладным мастацтве пашыраны габелены, вітражы, кераміка, маст. апрацоўка металу і інш.
Музыка. У муз. фальклоры С. вядомы балады, лірычныя, эпічныя, быт. і абрадавыя песні, пераважна аднагалосыя, з развітой мелодыкай, рытмічнай разнастайнасцю. У 13 ст. з’явіліся т.зв. разбойніцкія песні («разбойнікі» — змагары за правы народа), у 15 ст. — гусіцкія песні, у 16 ст. — гіст., у 18 ст. — песні куруцаў (удзельнікі антыфеад. паўстанняў), у 19 ст. — новавенгерскія. У аснове стараж. мелодый розныя віды тэтрахордаў, часцей мажорныя. Характэрны рэгіянальныя адрозненні. Сярод муз. інструментаў: гайда (валынка), пастухоўскія дудкі, фуяра і інш. Распаўсюджаны танцы: адземок (пастухоўскі тыпу казачка), каламыйкі, фрышка (тыпу кракавяка). Пачатак кампазітарскай творчасці ў 15 ст. дала культавая поліфанічная хар. музыка (Ю.Банаўскі, Т.Лнтнер). У вак. і вак.-інстр. творах 17 ст. адчувальны ўплывы ням. і італьян. барока (З.Заравуціус, Я.Кусер, І.Шымбрацкі і інш.), развіваюцца свецкія жанры (п’есы для лютні, вёрджынела, танц. сюіты). У 18 ст. пашырыліся царк. і свецкія муз. жанры (кантаты, арыі), францысканская пастараль, звязаная з нар. песняй (П.Баян, Э.Пасха), уплывы венскай класічнай школы. З пач. 19 ст. вырасла цікавасць данар. песні, фарміруецца нац.муз. культура. Адзін з заснавальнікаў нац.муз. школы — Я.Бела (опера «Віланд», паст. 1926; сімф. паэма «Лёс і ідэал», 1874). Развіццё нац. школы звязана з творчасцю Ф.Кафенды, М.Мойзеса, В.Фігуша-Бістры, М.Шнайдэр-Трнаўскага. У Браціславе створаны оперная трупа Славацкага нац.т-ра (1919), хар. і інш. выканальніцкія калектывы, муз. школа (з 1919; з 1927 Муз. і драм. акадэмія). Уклад у муз. мастацтва С. 20 ст. зрабілі: кампазітары М.Базлік, І.Зельенка, А.Очанаш, Э.Сухань, Я.Цыкер; дырыжоры О.Ленард, Л.Райтар, Л.Словак; піяністы К.Гаўлікава, М.Дапшанскі; скрыпачы Т.Гашпарак, П.Міхаліца; спевакі Г.Бенячкава, Ш.Гоза, Э.Кітнарава, М.Чэсанёва; музыказнаўцы Л.Бурлас, Л.Мокры, З.Новачак і інш. У С. працуюць: Усходнеславацкі нац.т-р у Кошыцах (з 1945), Славацкая філармонія з сімф. аркестрам і хорам (з 1949), Дзярж. камерны аркестр у г. Жыліна і Славацкі камерны аркестр (з 1960), ансамбль нар. песні і танца «Лучніца» (з 1948) і інш.; кансерваторыя (з 1941), Вышэйшая школа прыгожых мастацтваў з муз. факультэтам (з 1949), Ін-т музыказнаўства Славацкай АН (з 1951, усе ў Браціславе). Праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Браціслаўская ліра». У 1955 створаны Саюз кампазітараў С.
Тэатр. Першыя тэатр. прадстаўленні ў С., звязаныя з рэліг. рытуаламі, ставіліся на ням., лац., венг., чэшскай мовах. Пашыранымі былі выступленні вандроўных акцёраў на плошчах гарадоў (у 12 ст. забараняліся сінодам). У сярэдневякоўі ўзнікла рэліг. драма (звесткі пра рэліг. спектаклі ў Браціславе і Бардзеёве датуюцца 1439). Першая свецкая п’еса пастаўлена ў 1536 у Браціславе. У 15 — пач. 16 ст. з’явілася школьная драма (школьныя т-ры ў Бардзеёве, Прэшаве, Крэмніцы, Банска-Бістрыцы), ставіліся і творы ант. аўтараў. У эпоху барока дасягнула росквіту езуіцкая драма (Трнава, Скаліца, Трэнчын, Браціслава, Прэшаў, Банска-Бістрыца і інш.). З 17 ст. прадстаўленні адбываліся ў спец.тэатр. залах, з 18 ст. — спец. дамах для т-раў (у 1740 у Браціславе пабудаваны першы 3-павярховы т-р). У пач. 19 ст. ўзнік аматарскі т-р (у 1830 адбылося першае публічнае прадстаўленне на славацкай мове гуртка ў Ліптаўскі-Мікулашы). У 1890 у Марціне пабудаваны Нац. дом, дзе перыядычна ставілі аматарскія спектаклі. У 1920 у Браціславе створаны першы прафес.т-р — Славацкі нац.т-р (засн. Я.Борадач, А.Багар, Г.Кела, О.Орсагава, Г.Мелічкава; да 1932 спектаклі на чэш. мове, пазней арганізавана славацкая трупа). У 1940-я г. сетка прафес.тэатр. калектываў пашырылася, створаны Т-р Славацкага нац. паўстання ў Марціне, Славацкі т-р у Прэшаве (абодва 1944), Новая сцэна ў Браціславе (1946) і інш. З 1960-х г. развіваецца мастацтва лялечнага т-ра (Дзярж. лялечны т-р у Браціславе, Стары т-р у Нітры, «На перакрыжаваннях» у Банска-Бістрыцы, т-ры ў Кошыцах, Жыліне). Славацкі нац.т-р мае драм., оперную і балетную трупы. Працуюць таксама драм. т-ры: Астарка Корза’90 у Браціславе, Андрэя Багара ў Нітры, Дзярж.т-р у Кошыцах, Трнаўскі т-р, тэатры І.Таяўскага ў Зволене, І.Забарскага ў Прэшаве; укр.т-р у Прэшаве, венг. ў Комарне. Праводзяцца міжнар. фестывалі: «Дзівадзельна Нітра», пантамімы ў Браціславе, нетрадыц. т-раў у Пежзінаку, славацкіх лялечных т-раў у Банска-Бістрыцы і інш.Тэатр. кадры рыхтуюць Тэатр.ін-т, Акадэмія музыкі і драм. мастацтва ў Браціславе, Акадэмія мастацтваў у Банска-Бістрыцы.
Кіно С. ўзнікла і развівалася як частка агульнай экраннай культуры чэхаў і славакаў. У 1920—30-я г. кінадакументалісты з Прагі здымалі ў С. відавыя фільмы пейзажаў Татраў і фалькл. замалёўкі: «Славацкія танцы і спевы» (рэж. Я.Палаўш), «Па гарах, па долах» і «Зямля спявае» (рэж. К.Пліцка). У 1921 з чэш. кінематаграфістамі пастаўлены першы славацкі нямы фільм «Янашык» (рэж. Я.Сіякель і Ф.Горлівы). У 1939—45 увоз чэш. фільмаў у С. быў забаронены. У 1940 створана кінаарганізацыя «Наступ», падпарадкаваная берлінскай студыі «УФА» (пракат і выпуск прапагандысцкіх фільмаў). У 1945 кінапрамысловасць нацыяналізавана; у Браціславе створана Студыя славацкага маст. кіно «Коліба». У 1947 пастаўлены першы поўнаметражны славацкі фільм «Сцеражыся» (рэж. М.Фрыч) пра лёс славакаў-эмігрантаў у Амерыцы. У 1948 заснавальнік славацкага кіно, акцёр кіно і т-ра, сцэнарыст і рэжысёр П.Біелік зняў драму «Воўчыя норы» пра Славацкае нац. паўстанне. Цікавасць да гісторыі народа, да яе легендарных герояў выявілася ў каляровай дылогіі Біеліка «Янашык I—II» (у сав. пракаце «Горныя мсціўцы», 1962—63). Славацкія кінарэжысёры стварылі адметныя экранізацыі твораў П.Ілямніцкага («Неўзаранае поле», 1953, рэж. У.Багна; «Браты», 1961, рэж. А.Летрых), Я.Калінчака («Дваранскі гонар», 1957, рэж. Багна), Ф.Гечака («Драўляная вёска», 1955, рэж. Летрых), А.Чэхава («Іванаў», 1963, рэж. І.Будскі) і інш. Тэме вайны як маральнаму выпрабаванню чалавека ў вострадрам. сітуацыях прысвечаны фільмы Біеліка «Сорак чатыры» (1957), «Капітан Дабач» (1959), П.Солана «Баксёр і смерць» (1969) і інш. У 1960-я г. тэматыка і жанравая палітра фільмаў пашырылася, прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў; С.Барабаш («Песня пра шызага голуба», 1961), І.Крэйчык («Паўночная імша», 1962) і інш.Да тэм сучаснасці, духоўных пошукаў моладзі звяртаюцца рэжысёры М.Голы («Шлях воранаў», «Справа для адваката»), Э.Грэчнер («У кожным тыдні сем дзён»), І.Медвед («Кадрыль», «Выпрабаванне кахання», «Юнацтва атамана», «Тройчы настае світанак», «Не для мяне іграюць блюз»). Ш.Угер абнаўляе кінамову, надае фільмам гукапластычную выразнасць («Было такое сяброўства», «Сонца ў. сетцы», «Мы з 9 «А», «Орган»). У 1972 створаны сумесны славацка-бел. фільм «Заўтра будзе позна...» («Ян Налепка», рэж. А.Карпаў і М.Цяпак). Творчы пошук спрыяў самаідэнтыфікацыі славацкага кіно, якое звяртаецца данац.культ. традыцый; з 1980-х г. усё больш выразна выяўляюцца яго тэматычныя і стылістычныя своеасаблівасці (рэж. Д.Ганак, З.Заган, Я.Якубіска і інш.).
Літ.:
Краткая история Чехословакии. М., 1988;
Коровицына Н. Агония соцмодернизации: Судьба двух поколений двух европ. наций. М., 1993;
История словацкой литературы. М., 1970;
История литератур западных и южных славян. М., 1997;
Шумов С.А., Андреев А.Р. История Словакии, V—XX вв. М., 2000.
Герб і сцяг Славакіі.Даарт.Славакія. Горнае возера ў Татрах.Даарт.Славакія. Высокія Татры зімой.Даарт.Славакія. Узбярэжжа р. Дунай у Браціславе.Даарт.Славакія. Замак у Бойніцах.Даарт.Славакія. Касцёл Архангела Міхаіла ў Фрычцы.Даарт.Славакія. Ратуша ў Левачы.Даарт.Славакія. Новы касцёл у Дудзінцах. 1990-я г.Даарт.Славакія. Рэзідэнцыя Прэзідэнта (былы палац Грасалкавіча) у Браціславе.Даарт.Славакія. Атэль «Геліяс» на курорце Штрбске-Плеса.Даарт.Славакія. Павел з Левачы. Апостал Якуб. 1508—15.Даарт.Славакія. Л.Нюлашы. Перад навальніцай. Каля 1880.Даарт.Славакія. К.Сокал. Па́ра. 1932.Даарт.Славакія. І.Костка. Смутак. 1943.Даарт.Славакія. Л.Гударна. Дзяўчына. 1959.Даарт.Славакія. Будынак Славацкага нацыянальнага тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НІЯ (Deutschland), Федэратыўная Рэспубліка Германія (Bundesrepublik Deutschland),
дзяржава ў цэнтры Зах. Еўропы. На З мяжуе з Нідэрландамі, Бельгіяй, Люксембургам, Францыяй, на Пд — з Швейцарыяй і Аўстрыяй, на У — з Чэхіяй і Польшчай, на Пн — з Даніяй і абмываецца Паўн. і Балт. морамі. Пл. 357 тыс.км². Нас. 81,3 млн.чал. (1993). Дзярж. мова — нямецкая. Сталіца — г.Берлін. Месца часовага знаходжання ўрада (да 1998) — г.Бон. У складзе Германіі 16 адм. адзінак — зямель: Баварыя, Бадэн-Вюртэмберг, Берлін, Брандэнбург, Брэмен, Гамбург, Гесен, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Ніжняя Саксонія, Паўночны Рэйн-Вестфалія, Рэйнланд-Пфальц, Саар, Саксонія, Саксонія-Ангальт, Цюрынгія, Шлезвіг-Гольштэйн (пра кожную гл. асобны арт.). Нац. свята — Дзень нямецкага адзінства (3 кастр.).
Дзяржаўны лад. Германія — федэратыўная дзяржава, якая складаецца з 16 зямель. Дзейнічае канстытуцыя 1948. Кожная зямля мае сваю канстытуцыю, парламент (ландтаг або гар. сход) і ўрад. Правы зямель абмежаваны федэральнай канстытуцыяй. Вышэйшую заканад. ўладу ажыццяўляе федэральны парламент — бундэстаг (палата дэпутатаў), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады, і бундэсрат (палата зямель), які складаецца з членаў урадаў зямель (па 3—5 ад кожнай зямлі, у залежнасці ад колькасці яе насельніцтва). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў спец. органам — федэральным сходам, куды ўваходзяць усе дэпутаты бундэстага і такая ж колькасць дэпутатаў зямельных парламентаў. Прэзідэнт выконвае ў асноўным прадстаўнічыя функцыі. Кіраўнік урада — федэральны канцлер, які выбіраецца бундэстагам.
Прырода. На Пн — Паўн.-Германская нізіна. Уздоўж берага Паўн.м. выцягнуты Паўн.-Фрызскія і Усх.-Фрызскія а-вы. Паміж імі і мацерыком т.зв. ваты — прасторы, якія затапляюцца ў час прыліваў. За ватамі цягнуцца плоскія прасторы — маршы, пакрытыя глеем, частка іх ляжыць ніжэй за ўзровень мора і засцерагаецца ад затаплення плацінамі і дамбамі. Да ўзбярэжжа Балт. мора прымыкае Мекленбургскае азёрнае плато — частка Паўн.-Германскай нізіны, што паступова пераходзіць у вобласць узвышшаў і сярэдневышынных гор. Сярод горных масіваў Гарц (г. Брокен, 1142 м), Шварцвальд (г. Фельдберг, 1493 м), Рэйнскія Сланцавыя горы, Цюрынгенскі Лес, Чэшскі Лес, Рудныя горы. Паміж Шварцвальдам і Чэшскім Лесам моцна разбураная вобласць Франконскага і Швабскага Альбаў. На Пд ад Дуная Перадальпійскае плато з глыбокімі далінамі. На ПдЗпаўн. хрыбты Альпаў з вышэйшым пунктам краіны — г. Цугшпітцэ (2963 м). З карысных выкапняў Германія багатая каменным і бурым вугалем, калійнымі солямі. Ёсць жалезныя, уранавыя, медныя, нікелевыя, свінцовыя, цынкавыя руды, прыродны газ, соль і інш. Каменнавугальныя басейны: Рурскі (агульныя запасы 215 млрд.т.), Саарскі (5,5 млрд.т.). Буравугальныя басейны: Ніжнярэйнскі (60 млрд.т), Сярэднегерманскі, Магдэбургскі, Ніжнялаўзіцкі, Верхнялаўзіцкі (разам 40 млрд.т). Па запасах калійных солей (каля 0,7 млрд.т) краіна займае 4-е месца ў свеце. Клімат умераны, пераходны ад марскога на ПнЗда больш кантынентальнага. Сярэдняя т-растудз. ад 0 °C на ўзбярэжжы Паўн. мора да -3 °C на ПдУ, ліп. ад 16 °Cда 19 °C. Ападкаў 500—800 мм за год, у гарах да 1000 мм. Даліны Рэйна, Майна, Некара, Мозеля адметныя мяккім кліматам. Рачная сетка густая. На Знайб.р. Рэйн (867 км на тэр. Германіі) з прытокамі Майн, Некар, Мозель. На У Эльба з прытокамі Заале, Мульдэ, Гафель і пагранічная з Польшчай р. Одэр (Одра). На Пд верхняе цячэнне р. Дунай і яе горныя прытокі. Рэкі злучаны суднаходнымі каналамі паміж сабой і з рэкамі суседніх краін. Шмат маляўнічых азёр. Найб. Бодэнскае (пл. 538 км², глыб. 252 м) на мяжы з Швейцарыяй і Аўстрыяй. Глебы бурыя лясныя, падзолістыя, перагнойна-карбанатныя, алювіяльныя. Пад лесам і хмызнякамі 30% тэр. Распаўсюджаны саджаныя лясы. Найб. лясістыя горныя раёны, дзе лясныя масівы складаюцца з дубу, буку, хвойных. У гарах вышэй за 1200 м альпійскія лугі. На Пн і ў поймах рэк пашыраны лугі. С.-г. землі займаюць палавіну тэрыторыі. Нац. паркі — Баварскі Лес, Берхтэсгадэн, шматлікія рэзерваты, заказнікі, помнікі прыроды і інш. ахоўныя прыродныя тэрыторыі.
Насельніцтва. Па колькасці насельніцтва Германія займае 2-е месца ў Еўропе (пасля Расіі) і 12-е ў свеце. 91,5% яго складаюць немцы. З нац. меншасцей — лужыцкія сербы, або лужычане (каля 60 тыс.чал., у вярхоўях р. Шпрэе), галандцы і датчане. У краіне пастаянна пражывае каля 5,5 млн. замежных працоўных з сем’ямі (у асноўным выхадцы з Турцыі, б. Югаславіі, Грэцыі, Італіі, Партугаліі, Польшчы). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (45%) і католікі (37%), ёсць мусульмане (каля 2%) і інш. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 228 чал. на 1 км², у прамысл. раёнах да 2—3 тыс.чал. на 1 км², у некат. горных і лясных раёнах каля 40—50 чал. на 1 км², у зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія больш за 500 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 86%. Найб. гарады (тыс.ж., 1994): Берлін — 3475,4, Гамбург — 1702,9, Мюнхен — 1255,6, Кёльн — 962,5, Франкфурт-на-Майне — 659,8, Штутгарт — 594,6, Дзюсельдорф — 574,9, Гановер — 524,8, Нюрнберг — 498,9. У прам-сці заняты 41% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 6%.
Гісторыя. На тэр. Германіі чалавек жыве з эпохі ніжняга палеаліту (500—300 тыс.г.дан.э.), аб чым сведчаць археал. знаходкі гейдэльбергскага чалавека і астанкаў больш позняга неандэртальца. У жал. веку на тэр. Германіі былі пашыраны гальштацкая (пераважна кельцкая; гл.Гальштацкая культура) і латэнская (гл.Латэн) археал. культуры, лужыцкая культура (верагодна, протаславянская). Каля 6 — 1 ст.дан.э. заселена стараж.германцамі. З 2 ст.дан.э. тут мелі месца ўзбр. сутыкненні з рымлянамі, якія назвалі Германіяй усе землі на Пн ад Дуная і на У ад Рэйна да Віслы. Да 80-х г.н.э. рымляне заваявалі землі германцаў па левым беразе Рэйна, дзе былі ўтвораны іх пагран. правінцыі Ніжняя і Верхняя Германія. У 1-й пал. 1-га тыс.н.э. ўзніклі саюзы герм. плямён, частка якіх у 4—6 ст. прасунулася на З і Пд (гл. ў арт.Вялікае перасяленне народаў); пасля перамяшчэння германцаў на З у бас. Эльбы пасяліліся зах. славяне. На тэр. Германіі аселі алемоны, бавары, саксы, фрызы, усх. франкі, цюрынгі. У 6 — пач. 9 ст.герм. плямёны аб’яднаны ў межах Франкскай дзяржавы, прынялі хрысціянства Пасля падзелу імперыі франкаў паводле Вердэнскага дагавора 843 пачалося самаст. развіццё Усх.-Франкскага (пазней Германскага) каралеўства (лац. назва regnum Theutonicorum — каралеўства тэўтонаў, вядома з 919), у якое ўвайшлі герцагствы Саксонія, Франконія, Баварыя і Алеманія (Швабія). Пазней далучыліся Цюрынгія і Фрызія (Фрысландыя). Ва ўмовах пастаяннага сепаратызму з боку герцагаў каралеўская ўлада ў Германіі набыла выбарна-спадчынны характар. Першымі герм. каралямі былі Арнульф [887—899], Конрад I [911—919] і Генрых I [919—936]. Пры Атоне I спынены набегі качэўнікаў-венграў (955), у выніку яго італьян. паходаў засн.«Свяшчэнная Рымская імперыя» (962), што паклала пачатак 300-гадоваму герм. панаванню ў Паўн. і Сярэдняй Італіі (пацярпела крах у час праўлення дынастыі Штаўфенаў). У барацьбе за ўзмацненне сваёй улады герм. каралі часова (да 1122) абапіраліся на саюз з царквой (склаўся пры Атоне I і Атоне II).
З 11 ст. актывізаваўся рост сярэдневяковых гарадоў (пераважна дробных), у якіх рана ўзнікла цэхавая арганізацыя рамяства (гл.Цэхі). З канца 11 ст. фарміруецца ням. народнасць. У 11—13 ст.найб. эканамічна развітыя гарады (перш за ўсё рэйнскія) вызваліліся з-пад улады князёў і дамагліся значнай аўтаноміі, у выніку чаго ўзніклі т.зв. вольныя гарады (Кёльн, Вормс, Рэгенсбург, Майнц і інш.). Частковую аўтаномію набылі і імперскія гарады. У ходзе ўнутрыпаліт. барацьбы царк. і свецкія князі здолелі пашырыць сваю ўладу, самыя буйныя з іх паступова прысвоілі сабе права выбіраць караля (імператара) і сталі называцца курфюрстамі. З 13 ст. буйныя гарады аб’ядноўваліся ў саюзы (Ганза, Рэйнскі і Швабскі саюзы). Да канца 15 ст. склалася сістэма саслоўна-прадстаўнічых органаў (гл.Рэйхстаг, Ландтаг). У 10—15 ст. заваявана ч. зямель славян і прыбалт. народаў (гл. ў арт.«Дранг нах Остэн», Мечаносцы, Тэўтонскі ордэн, Альбрэхт Мядзведзь, Крыжовы паход супраць славян 1147, Бодрычы, Палабскія славяне і інш.). Мясц. сепаратызм і асабліва ням. экспансію на У падтрымлівалі рым. папы. У пач. 16 ст. ў Германіі, якая з прычыны паліт. раздробленасці найб. цярпела ад пабораў з боку папства і яго пасланнікаў, узнікла рэліг.Рэфармацыя (пачалася ў 1517 з выступлення М.Лютэра супраць індульгенцый). Антыфеад. выступленні сялян 2-й пал. 15 — пач. 16 ст. (рух Г.Бёгайма, змовы «Башмака» і інш.) перараслі ў Сялянскую вайну 1524—26, якая ахапіла Паўд.-Зах. і Сярэднюю Германію, частку аўстр. зямель і была звязана з радыкальным кірункам у Рэфармацыі (Т.Мюнцэр). Пасля паражэння сялян анабаптысты стварылі Мюнстэрскую камуну (1534—35). На бок Рэфармацыі перайшла частка князёў (першым быў Альбрэхт Брандэнбургскі). Ваен. сутыкненні паміж пратэстанцкімі і каталіцкімі князямі ў Германіі (Шмалькальдзенская вайна 1546—47, аднавілася ў 1552) завяршыліся Аўгсбургскім рэлігійным мірам 1555 аб прызнанні раўнапраўя католікаў і лютэран. У выніку ў Германіі ўтварыліся 2 групоўкі ням. княстваў — каталіцкая (спадчынныя землі Габсбургаў, Баварыя, Франконія, духоўныя княствы на Рэйне і ў Паўн.-зах. Германіі, Эльзас) і пратэстанцкая (паўн.-герм. княствы, герцагства Прусія, Брандэнбург, Саксонія, Гесен, Браўншвайг, Верхні і Ніжні Пфальц, Вюртэмберг). Пры імператарах Фердынанду I [1556—64) і Максіміляне II [1564—76] захоўвалася раўнавага сіл католікаў і пратэстантаў. Уціск апошніх пры Рудольфе II [1576—1612] прывёў даТрыццацігадовай вайны 1618—48, асн. падзеі якой адбываліся на тэр. Германіі. У выніку вайны значна скарацілася насельніцтва краіны (з 16 да 10 млн.чал. у 1650) і заняпала яе гаспадарка. Вестфальскі мір 1648 юрыдычна замацаваў падзел Германіі на больш як 300 буйных і дробных княстваў, 51 незалежны імперскі горад і амаль на 1,5 тыс. дробных рыцарскіх уладанняў, якія фармальна ўваходзілі ў «Свяшчэнную Рым. імперыю». У пасляваен. час у заэльбскай Германіі (Брандэнбург, Прусія, Мекленбург) ва ўмовах недахопу с.-г. рабочай сілы і попыту на мясц. хлеб за мяжой памешчыкі павялічылі паншчыну і свае зямельныя ўладанні (у т. л. праз агароджванні).
У 17 ст. ўнутры Германіі пачалося ўзвышэнне Брандэнбургска-Прускай дзяржавы (з 1701 каралеўства Прусія) на чале з дынастыяй Гогенцолернаў. Пры каралю Фрыдрыху Вільгельму I [1713—40] канчаткова склалася сістэма прускай манархіі з яе моцным культам арміі. Пры Фрыдрыху II [1740—416] пруская манархія набыла рысы асветнага абсалютызму. У выніку сілезскіх войнаўда Прусіі далучана б.ч.Сілезіі, а пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) — польскія Памор’е і Зах. Прусія. Да канца 18 ст. Прусія стала вял.еўрап. дзяржавай. У канцы 18 — пач. 19 ст. яна разам з Аўстрыяй і інш. краінамі ўдзельнічала ў войнах супраць рэвалюцыйнай, потым напалеонаўскай Францыі (гл.Напалеонаўскія войны). У вайну 1792—95 ва ўмовах франц. акупацыі дзейнічала Майнцкая камуна (1792—93). Пазней з-за абвастрэння адносін з Аўстрыяй пасля яе адхілення ад удзелу ў 2-м падзеле Рэчы Паспалітай (1793) Прусія выйшла з антыфранц. кааліцыі і заключыла сепаратны мір з Францыяй (гл. ў арт.Базельскія мірныя дагаворы 1795). Паводле 2-га і 3-га (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай да Прусіі далучана значная ч. польскіх зямель (уключаючы Варшаву), яе ўсх. мяжа дасягнула лініі Каўнас—Гродна—Брэст. У 1796 франц. войскі занялі ПдЗ Германіі. У 1803 пад націскам Напалеона I спец. дэпутацыя «Свяшчэннай Рым. імперыі» пры рэйхстагу ў г. Рэгенсбург прыняла рашэнне аб скасаванні ў Зах. Германіі ўсіх царк. княстваў (акрамя Майнцкага; усяго 112 дробных дзяржаў з 3 млн. жыхароў, якія потым былі далучаны да саюзных Францыі ням. дзяржаў — Баварыі, Бадэна, Вюртэмберга, Саксоніі і інш.). У 1807 утворана залежнае ад Напалеона Вестфальскае каралеўства на чале з братам Напалеона Ж.Банапартам (існавала да 1813). Стварэнне ў Зах. Германіі пад пратэктаратам Напалеона Рэйнскага саюза 1806—13 прывяло да падзення «Свяшчэннай Рым. імперыі» (1806). У кастр. 1806 Прусія зноў выступіла супраць Францыі, аднак у ходзе двухтыднёвай вайны пацярпела поўнае паражэнне (гл.Іена-Аўэрштэцкая бітва 1806, Тыльзіцкі мір 1807). Ва ўмовах франц. акупацыі прускія ўлады правялі ў 1807—14 Штайна—Гардэнберга рэформы (наданне асабістай свабоды сялянам, рэарганізацыя арміі і інш.). Пасля паражэння арміі Напалеона ў вайне 1812 супраць Расіі ў саюзе з апошняй паступова вызвалены Прусія і астатнія ням. дзяржавы (вырашальнай была Лейпцыгская бітва 1813). Паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 утвораны Герм. саюз у складзе 35 (пазней 31) ням. манархій і 4 вольных гарадоў (Гамбург, Брэмен, Любек, Франкфурт-на-Майне) з адзіным агульным органам — Саюзным сходам (сеймам). Найб. ўплыў у саюзе мелі Аўстрыя і Прусія. У 1-й пал. 19 ст. Германія заставалася пераважна агр. краінай (3/4 яе насельніцтва жыло ў вёсцы). У 1810—20-я г.ням.прам-сць складалася пераважна з мануфактур і рамесных майстэрняў. У 1830-я г. ў Германіі пачалася прамысл. рэвалюцыя (завершана ў 1870-я г. пасля аб’яднання Германіі), звязаная з тэхн. прагрэсам і развіццём транспарту (у 1822 на Рэйне з’явіліся першыя параходы, у 1835 уведзена ў дзеянне першая чыгунка Нюрнберг—Фюрт). З’явілася машынабудаванне (найб. цэнтр — Берлін, дзе вырабляліся паравыя машыны і лакаматывы). У 1834 па ініцыятыве Прусіі ўзнік Герм. мытны саюз паміж 18 ням. дзяржавамі з насельніцтвам 23 млн.чал. (пазней пашыраны, праіснаваў да 1871), што садзейнічала фарміраванню гасп. адзінства Германіі. Ва ўмовах узмацнення абсалютызму ўнутры Германіі адбыліся апазіц. студэнцкія выступленні (найбольшыя ў 1817, 1819). Пад уплывам Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі ў жн.—вер. 1830 масавыя выступленні адбыліся ў Саксоніі, Гановеры, Браўншвайгу, Гесен-Каселі і інш., у выніку чаго тут у 1831—32 уведзены канстытуцыі; 27.5.1832 у Пфальцы прайшла 30-тысячная дэманстрацыя пад лозунгам аб’яднання Германіі і ўвядзення канстытуцыйных свабод. У 1830-я г. за мяжой (Парыж) створаны першыя ням. рабочыя арг-цыі (гл.Саюз справядлівых). У пач. 1840-х г. ліберальная апазіцыя прапагандавала свае погляды на старонках «Рэйнскай газеты» і «Кёнігсбергскай газеты». Адбылося Сілезскае паўстанне ткачоў 1844. Узнік сацыяліст. рух (В.Вейтлінг, К.Маркс, Ф.Энгельс). Пад уплывам рэв. падзей 1848 у Францыі (звяржэнне манархіі) адбылася рэвалюцыя 1848—49 у Германіі, у ходзе якой распаўся Герм. саюз (1849), дзейнічаў Франкфурцкі нацыянальны сход 1848—49. Пасля паражэння рэвалюцыі пад націскам Аўстрыі і Расіі адноўлены Герм. саюз (1850—51). У 1850 у Прусіі прыняты закон «Аб рэгуляванні адносін паміж памешчыкамі і сялянамі», што прадугледжваў паступовы выкуп сялянамі асн. павіннасцей (т.зв. прускі шлях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы). За 1850-я г. аб’ём прамысл. прадукцыі ў Германіі павялічыўся больш чым удвая. У 1860-я г.індустр. цэнтрамі сталі Рэйнская вобл., Саксонія, Сілезія, Берлін. Пасля прызначэння прэм’ер-міністрам Прусіі О. фон Бісмарка (1862) пачалося дынастычнае аб’яднанне Германіі па т.зв. «малагерманскім» (г. зн. без Аўстрыі) шляху. Спачатку Прусія ў саюзе з Аўстрыяй у ходзе Дацкай вайны 1864 адарвала ад Даніі Шлезвіг і Гольштэйн, а потым у выніку аўстра-прускай вайны 1866 прымусіла Аўстрыю выйсці з Герм. саюза і адмовіцца ад сваіх прэтэнзій на вяршэнства ў Германіі. Замест скасаванага ў 1866 Герм. саюза ў 1867 утвораны Паўночнагерманскі саюз пад эгідай Прусіі. У 1860-я г. ў ням. рабочым руху склаліся Усеагульны герм. рабочы саюз (УГРС) пад кіраўніцтвам Ф.Ласаля і С.-д. рабочая партыя (СДРП, гл.Эйзенахцы) на чале з А.Бебелем і В.Лібкнехтам.
У выніку франка-прускай вайны 1870—71 завершана аб’яднанне Германіі. 18.1.1871 у Версалі абвешчана Герм. імперыя ў складзе 22 ням. манархій (Баварыя, Бадэн, Вюртэмберг, Саксонія захавалі абмежаваную ўнутр. аўтаномію) і 3 вольных гарадоў (Гамбург, Брэмен, Любек) на чале з імператарам (ён жа прускі кароль) Вільгельмам I і рэйхсканцлерам Бісмаркам. Паводле імперскай канстытуцыі 1871 (у яе аснове была канстытуцыя Паўн.-герм. саюза) імператарам краіны мог быць толькі прускі кароль, ён валодаў заканад. уладай, прызначаў рэйхсканцлера, распараджаўся ўзбр. сіламі, вырашаў пытанні вайны і міру, прадстаўляў Германію ў міжнар. справах. Парламент складаўся з прызначанага бундэсрата і выбарнага рэйхстага. У 1870-я г. ў Германіі ўведзена адзіная грашовая сістэма (залатая марка), Прускі банк пераўтвораны ў Імперскі (Рэйхсбанк), устаноўлена адзіная сістэма судаводства (вышэйшая інстанцыя — імперскі суд у г. Лейпцыг). У 1875 УГРС і СДРП аб’ядналіся на аснове кампраміснай Гоцкай праграмы ў Сацыяліст. рабочую партыю Германіі (з 1890 Сацыял-дэмакратычная партыя Германіі, СДПГ). Апасаючыся ўплыву каталіцкага духавенства (у 1870—71 яно стварыла паліт. партыю Цэнтра) і сацыял-дэмакратаў, Бісмарк ініцыіраваў «Культуркампф» і Выключны закон супраць сацыялістаў (дзейнічаў да 1890). Знешнепаліт. пазіцыі Германіі ён імкнуўся ўмацаваць праз стварэнне сістэмы саюзаў з інш. дзяржавамі (Траісты саюз 1882 і інш.). Пры імператару Вільгельме II (з 1888) змянілася некалькі канцлераў (Л.Капрыві, Х.Гогенлоэ, Б.Бюлаў, Т.Бетман-Гольвег і інш.). У 1880-я г. пачата стварэнне герм.калан. імперыі, якая да 1914 ахоплівала тэр. Каля 3 млн.км² з насельніцтвам каля 14 млн.чал. (Герм.Паўд.-Зах. Афрыка, Тога, Камерун, Герм.Усх. Афрыка, архіпелаг Бісмарка, Зямля Вільгельма II, Маршалавы, Каралінскія і Марыянскія а-вы, Самоа і інш.). Да канца 19 ст. Германія стала адной з найб. эканамічна моцных дзяржаў свету і буйным міжнар. інвестарам (інвестыцыі ўкладаліся пераважна ў эканоміку краін Паўд.-Усх. Еўропы, у т. л. Турцыю, і Паўд. Амерыкі). Ва ўмовах эканам. росту і знешнепаліт. саперніцтва з Вялікабрытаніяй Германія па ініцыятыве адм. А. фон Тырпіца ў канцы 19 — пач. 20 ст. ажыццявіла буд-ва буйнога ВМФ (удзельнічаў у 1-й сусв. вайне). З пач. 20 ст. Германія яшчэ больш узмацнілася эканамічна і стала прэтэндаваць на перадзел свету з пазіцыі сілы (гл., напр., Мараканскія крызісы). Яна падтрымала пазіцыю Аўстра-Венгрыі адносна Сербіі пасля Сараеўскага забойства і разам з ёй пачала першую сусветную вайну 1914—18. У ходзе вайны войскі Германіі акупіравалі і зах.ч. Беларусі (1915; лінія фронту прайшла праз Дзвінск, Смаргонь, Баранавічы, Пінск). Пазней геапаліт. інтарэсы і ход падзей на ўсх. фронце пасля змены ўлады ў Расіі (стварэнне сав. ўрада на чале з У.І.Леніным) абумовілі падпісанне Брэсцкага міру 1918. Напярэдадні паражэння Германіі ў 1-й сусв. вайне апошні імперскі ўрад рэйхсканцлера прынца Макса Бадэнскага (з кастр. 1918) звярнуўся да краін Антанты з прапановай аб перамір’і. У выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі скінута манархія; 11 ліст. падпісана Камп’енскае перамір’е 1918.
У 1919 Нац. ўстаноўчы сход у г. Веймер распрацаваў асновы канстытуцыйнага ладу герм. рэспублікі (гл.Веймарская рэспубліка), першым прэзідэнтам якой быў выбраны адзін з с.-д. лідэраў Ф.Эберт. Пад націскам дзяржаў-пераможцаў у 1-й сусв. вайне Германія падпісала Версальскі мірны дагавор 1919, паводле якога яна страціла 1/8 сваёй тэр., 1/10 насельніцтва, усе калоніі, абавязвалася выплачваць вял. рэпарацыі (іх памер вызначаны ў 1921) і была абмежавана ў ваен. адносінах. Многія жыхары Германіі былі незадаволены такімі вынікамі вайны, што пазней выкарысталі ў сваёй агітацыі нацысты. Ва ўмовах пасляваеннага сац.-эканам. і паліт. крызісу партыі т.зв. веймарскай кааліцыі (СДПГ, партыя Цэнтра і Герм.дэмакр. партыя) ужо ў 1920 страцілі большасць месцаў у рэйхстагу, адбыліся спробы ўзбр. выступленняў з мэтай звяржэння Веймарскай рэспублікі з боку лева- і праварадыкальных сіл (камуністаў у Сярэдняй Германіі ў сак. 1921 і ў Гамбургу ў кастр. 1923; Капаўскі путч 1920 і гітлераўскі путч у Мюнхене ў ліст. 1923). Апынуўшыся ў ізаляцыі на Генуэзскай канферэнцыі 1922, герм. ўрад заключыў з Сав. Расіяй Рапальскі дагавор 1922. Рурскі канфлікт 1922—23 выклікаў яшчэ большую інфляцыю. У 1924—29 эканам. і паліт. жыццё Германіі адносна стабілізавалася (з 1924—25 прамысл. ўздым). Гэтаму садзейнічалі валютная рэформа 1923, карэкціроўка рэпарацыйных плацяжоў паводле Даўэса плана (у 1930 заменены Юнга планам), замежныя пазыкі. Германія выйшла з міжнар. ізаляцыі (Лакарнскія дагаворы 1925, прыняцце Германіі ў Лігу Нацый у 1926). У 1920-я г. Германія наладзіла ваен. супрацоўніцтва з СССР (працягвалася да 1941). У выніку сусв.эканам. крызісу 1929—33 у Германіі рэзка зменшыліся вытв-сць (да 58% ад узроўню 1928) і рэальная зарплата (да 50%), узнікла масавае беспрацоўе (каля 9 млн.чал.). У сак. 1930 распалася ўрадавая кааліцыя з удзелам сацыял-дэмакратаў. З канца 1920-х г. актывізавала свой удзел у паліт. барацьбе Нацыянал-сацыялісцкая партыя: у выніку выбараў 31.7.1932 яна мела найб. фракцыю ў рэйхстагу. Сацыял-дэмакраты і камуністы з-за рознагалоссяў не здолелі аб’яднаць свае намаганні ў процідзеянні нацызму. Ва ўмовах звужэння парт.-паліт. базы Веймарскай рэспублікі ўрады яе апошніх рэйхсканцлераў Г.Брунінга (1930—32), Ф. фон Папена (1932) і К. фон Шляйхера (1932—33) кіравалі краінай з дапамогай надзвычайных дэкрэтаў прэзідэнта (з 1925) П. фон Гіндэнбурга. 30.1.1933 Гіндэнбург прызначыў рэйхсканцлерам лідэра нацыстаў А.Гітлера.
Першы ўрад Гітлера (1933—34) быў кааліцыйны (некалькі ненацысцкіх міністраў і віцэ-канцлер Папен). Шляхам правакацый (гл. ў арт.Лейпцыгскі прагрэс 1933), масавых арыштаў (асабліва апазіц.камуніст. і с.-д. функцыянераў), забароны антыўрадавых дэманстрацый і мітынгаў, крытыкі ў друку дзейнасці ўрада, усіх ненацысцкіх паліт. партый, прафсаюзаў і інш. нацысты хутка ўстанавілі ў Германіі аднапарт. сістэму і татальны кантроль над грамадствам (у т. л. праз гестапа, Гітлер-югенд, «Ням.прац. фронт»). Гэтым яны дамагліся ад рэйхстага прыняцця 24.3.1933 закона аб наданні кабінету Гітлера надзвычайных паўнамоцтваў. Пасля смерці Гіндэнбурга (2.8.1934) Гітлер пажыццёва аб’яднаў функцыі прэзідэнта і канцлера («фюрэр і рэйхсканцлер»). Была праведзена адм. цэнтралізацыя (у 1934 скасаваны ландтагі і прадстаўніцтва зямель — рэйхсрат). З 1935 афіц. дактрынай нацысцкай дзяржавы стала расавая палітыка (гл.Антысемітызм). З’явіліся канцэнтрацыйныя лагеры (у 1933—45 праз іх і інш. «фабрыкі смерці» прайшло каля 18 млн. немцаў і замежных грамадзян, з іх загублена 11 млн.). У 1933—35 цэнтралізавана кіраванне эканомікай і часткова манапалізаваны прамысл. і с.-г. прадпрыемствы. У выніку мілітарызацыі эканомікі павялічылася вытв-сць (па яе ўзроўні Германія ў 1938 выйшла на 1-е месца ў Еўропе) і амаль ліквідавана беспрацоўе. Пасля выхаду Германіі з Лігі нацый (кастр. 1933) яе знешняя палітыка была накіравана на рэвізію Версальскага дагавора і падрыхтоўку да вайны, якая, на думку нацыстаў, забяспечыла б герм. панаванне ў свеце (гл.Вермахт, Англа-германскае марское пагадненне 1935, «Вось Берлін—Рым», «Антыкамінтэрнаўскі пакт», Аншлюс, Мюнхенскае пагадненне 1938, Пакт Рыбентропа—Молатава 1939). Нападам 1.9.1939 на Польшчу Германія развязала другую сусветную вайну 1939—45, якая прывяла да краху нацысцкай дзяржавы. У час вайны актывізаваўся антыфашысцкі рух (Шульца-Бойзена—Харнака арганізацыя, замах на Гітлера 20.7.1944, Нацыянальны камітэт «Свабодная Германія» і інш.).
У 2-ю сусв. вайну, на вядзенне якой Германія выдаткавала каля 800 млрд. марак (у 10 разоў больш, чым за 1-ю сусв. вайну), было забіта, паранена і ўзята ў палон каля 14 млн. немцаў (з іх 10 млн. на сав.-герм. фронце), матэрыяльныя страты склалі каля 50 млрд. марак. Пасля капітуляцыі Германіі (акт аб ёй з ням. боку падпісаў 8.5.1945 ген.-фельдмаршал Кейтэль) урады 4 саюзных дзяржаў-пераможцаў (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі) 5.6.1945 падпісалі дэкларацыю аб узяцці на сябе вярх. улады ў краіне. Паводле рашэнняў Крымскай канферэнцыі 1945 і Патсдамскай канферэнцыі 1945 саюзнікі падзялілі тэр. Германіі на 4 акупац. зоны (сав. на У, амер. на ПдЗ, брыт. на ПнЗ і франц. на З), а Берлін (увайшоў у сав. зону) — на 4 сектары, устанавілі новую ўсх. граніцу Германіі па лініі Одэр—Нейсе, перадалі ў склад СССРг. Кёнігсберг (цяпер Калінінград) з сумежнымі раёнамі, вярнулі Чэхаславакіі Судэты, правялі (найб. актыўна ў сав.акупац. зоне) дэмілітарызацыю, дэнацыфікацыю (гл. таксама Нюрнбергскі працэс), дэкартэлізацыю і дэмакратызацыю. Кіраванне Германіі ажыццяўляў Саюзны Кантрольны савет (складаўся з галоўнакамандуючых 4 зон; дзейнічаў да 1948), Берлінам — чатырохбаковая міжсаюзніцкая камендатура. У выніку павароту ў палітыцы (гл.«Халодная вайна») ЗША, Вялікабрытанія, а потым і Францыя ўзялі курс на стварэнне асобнай дзяржавы Германіі. У 1946 амер. і брыт.акупац. зоны аб’яднаны ў т.зв. Бізонію (двайную зону), з далучэннем у 1948 франц. зоны — у Трызонію. Яе пашырэнне на зах.ч. Берліна выклікала Берлінскі крызіс 1948—49 (гл. ў арт.Заходні Берлін). 7.9.1949 абвешчана ФРГ. Ва Усх. Германіі 7.10.1949 утворана Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР). У 1990 абедзве ням. дзяржавы аб’яднаны. Германія — чл.ААН (з 1973), Еўрап. саюза, Савета Еўропы, НАТО (з 1955), Зах.-еўрап. саюза. Дыпламат. адносіны з Беларуссю з 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Хрысц.-дэмакр. саюз, Хрысц.-сац. саюз, Свабодная дэмакр. партыя, С.-д. партыя Германіі, Партыя «зялёных», Партыя дэмакр. сацыялізму (пераемніца Сацыяліст. адзінай партыі Германіі, якая правіла ў ГДР), Нацыянал-дэмакр. партыя (неанацысцкая), Рэсп. Партыя, Аб’яднанне ням. прафсаюзаў, Аб’яднанне паліт. моладзі, Герм. федэральнае маладзёжнае аб’яднанне, Саюз маладых, Маладыя сацыялісты, Маладыя лібералы, Саюз выгнаных і інш.
Гаспадарка. Германія — індустр. дзяржава з магутным навук.-тэхн. патэнцыялам. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва за год 24 170 дол. ЗША (1994). Ёй належыць вядучая роля ў Еўрап. супольнасці. Эканам. сістэмай Германіі з’яўляецца сац. рыначная гаспадарка, у якой дзейнічаюць буйныя транснац. карпарацыі. У гэту сістэму інтэгруюцца і ўсх. землі (тэр. былой ГДР). Удзельная вага прам-сці ў агульнай прадукцыі больш за 90%. На працягу пасляваен. часу для Германіі характэрны стабільна высокі ўзровень развіцця прам-сці. Буйны экспарцёр капіталу. Прамысловасць. Гал. галіны — машынабудаванне (у т. л. ваеннае) і хім.прам-сць. Германія — адзін з буйнейшых у свеце вытворцаў і экспарцёраў аўтамабіляў, станкоў, прамысл. абсталявання, суднаў, выліч. і быт. тэхнікі, канторскага абсталявання, ваен. тэхнікі (авіяракетная, танкі і інш.) і хім. тавараў. Значныя поспехі ў вытв-сці найноўшай тэхнікі, фармацэўтычнай прадукцыі, новых арган. хімікатаў і палімераў, мед. электронікі, оптыкі і вымяральных прылад. Развіты чорная і каляровая металургія (адно з вядучых месцаў у свеце па выплаўцы сталі, чыгуну, алюмінію, свінцу, медзі, цынку), нафтаперапр. і нафтахім., тэкст. (пераважна баваўняная і шарсцяная), трыкатажная, харчасмакавая прам-сць. Германія — адзін з буйнейшых у свеце вытворцаў піва, высакаякасных рэйнскіх і мозельскіх він, тытунёвых вырабаў, масла і маргарыну, кандытарскіх вырабаў, у т. л. шакаладу, дзіцячага харчавання, харч. канцэнтратаў і інш. Традыцыйная апрацоўка футра (пераважна норкі і каракулю). На тэр. былой ГДР размешчаны буйныя оптыка-мех. з-ды «Карл Цэйс», з-ды электратэхнікі і электронікі, станка- і прыладабудавання, паліграф. і тэкст. машынабудавання. На ўсх. землях, дзе пражывае каля 20% насельніцтва Германіі і вырабляецца толькі 4% прамысл. прадукцыі, праводзяцца мерапрыемствы па дзярж. стымуляванні развіцця. Здабыча (млн.т., 1993): каменнага вугалю 60 (пераважна Рур і Саар), бурага 222 (асн. здабыча ў Ніжнярэйнскім басейне), нафты 3. Штогадовы імпарт нафты каля 100 млн.т (у 1994 — 106 млн.т). Выкарыстоўваецца 87,2 млрд.м³ прыроднага газу (1994), у т. л. здабыча 17,7 млрд.м³, імпарт 69,5 млрд.м³, пераважна з Расіі (36,1%), Нідэрландаў (25,8), Нарвегіі (14,3). Выпрацоўка эл.-энергіі 526,1 млрд.кВт∙гадз (1994). Энергетыка ўсх. зямель пераводзіцца з бурага вугалю на газ, здабыча бурага вугалю скарачаецца. На базе здабычы каменнага вугалю склаўся Рурскі прамысл. раён з развітой чорнай і каляровай металургіяй, машынабудаваннем, хіміяй і інш. Выплаўка (млн.т, 1993) сталі — 37,6, чыгуну — 27. Рур — найб. металургічны раён Зах. Еўропы, працуе на імпартных жал. рудах. Асн. цэнтры Дуйсбург, Дортмунд, Бохум; з-ды ў Саарскім басейне, Брэмене, Айзенхютэнштаце. Каляровая металургія спажывае пераважна імпартную сыравіну. Асн. галіна спецыялізацыі ў рамках міжнар. падзелу працы — машынабудаванне; да 60% яе прадукцыі экспартуецца. Наменклатура маш.-буд. прадукцыі вельмі шырокая. Аўтамаб.прам-сць дае 15% экспарту. Вядучае месца ў ёй займаюць 5 манаполій: «Фольксвагенвэрк», «Даймлер-Бенц», БМВ, амер. кампаніі «Опель», «Форд мотар»; гал. іх цэнтры Вольфсбург, Штутгарт, Кёльн, Русельсгайм, Мюнхен. Цяжкае машынабудаванне, станкабудаванне ў Дуйсбургу, Брэмене, Эмдэне, Магдэбургу, Берліне і інш. Развіты суднабудаванне (Гамбург, Брэмен, Кіль, Любек) і вагонабудаванне. Выпускаюцца ў вял. колькасці халадзільнікі, тэлевізары, відэатэхніка, вымяральныя прылады і інш. Вядучыя кампаніі ў эл.-тэхн. і электроннай прам-сці «Сіменс» і «Бош»; гал. іх цэнтры Нюрнберг, Штутгарт, Кёльн, Мюнхен, Гамбург.
Па ўзроўні развіцця хім. прам-сці Германія займае вядучыя пазіцыі ў свеце. Больш за 80% прадукцыі галіны даюць кампаніі «Хёхст» (Франкфурт-на-Майне), «БАСФ» (Людвігсгафен) і «Баер» (Леверкузен). На ўсх. землях буйныя цэнтры Лёйна і Швет. Вытв-сць азотных (1,3 млн.т па колькасці азоту), калійных, фосфарных угнаенняў, сінт. каўчуку і пластмас (9,8 млн.т), кінафотаматэрыялаў, фармацэўтычных вырабаў і інш. У харч. прам-сці багаццем асартыменту вылучаюцца хлебабулачная (1400 гатункаў) і каўбасная (1500 найменняў), вытв-сць сыру і інш. малочных прадуктаў, кандытарскіх вырабаў. Традыц. галіны піваварэнне і вінаробства. Сельская гаспадарка. Германія — буйны вытворца с.-г. прадукцыі. Сельская гаспадарка падтрымліваецца ўрадавымі субсідыямі. На Засн. вытворцы с.-г. прадукцыі — 600 тыс. фермерскіх гаспадарак, на У — кааператывы, якія прыстасоўваюцца да рыначнай эканомікі, пераўтвараюцца ў таварыствы ці фермерскія гаспадаркі. Вядучая галіна — малочная і мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы — 15,9 (у т. л. дойных кароў — 5,4), свіней — 26,1, авечак — 2,4. Вытв-сць (млн.т, 1993): ялавічыны — 1,7 (амаль 40% яе ідзе на экспарт), свініны — 3,6, малака — 28. Птушкагадоўля. Вырошчваюць (млн.т, 1993); пшаніцу — 15,8, ячмень — 11, жыта — 3, кукурузу — 2,7, бульбу — 12,3, рапс (семя) — 2,8, цукр. буракі — 28,6, агародніну, садавіну, вінаград. Развіта вырошчванне хмелю (гал. экспарцёр у свеце). Транспарт. Тэр. Германіі абслугоўвае густая сетка сучасных камунікацый — аўтастрад, скарасных чыгунак, газа- і нафтаправодаў. У краіне 10,7 тыс.км аўтастрад, 44,3 тыс.км федэральных і нац. шашэйных дарог, больш за 30 тыс.км федэральных чыгунак; 3644 км нафтаправодаў, 3946 км прадуктаправодаў, 97 564 км газаправодаў. Больш за 6,8 тыс.кмунутр. водных шляхоў. Суднаходныя рэкі Рэйн, Везер, Эмс, Эльба, Одэр. На Рэйне самая буйная рачная гавань Еўропы Дуйсбург-Рурарт. Кільскі канал, што злучае Паўн. і Балт. моры, адыгрывае асаблівую ролю ў перавозках грузаў. Грузаабарот марскіх партоў Германіі перавышае 200 млн.т за год. Гал. марскія парты Гамбург, Брэмен, Любек, Ростак. Германія валодае марскім гандл. флотам грузападымальнасцю ў 5 млн.т (1994). 499 аэрапортаў. Самы буйны аэрапорт Еўропы Франкфурт-на-Майне; адна з буйнейшых авіякампаній у свеце «Люфтганза». Германія — другая гандл. дзяржава свету пасля ЗША. Экспарт (378 млрд.дол. ЗША, 1991) машын і прамысл. абсталявання (больш за 50% кошту), хім. прадукцыі, харч. тавараў і напояў, мінер. сыравіны, адзення, абутку, упрыгожанняў, сталі і чыгуну. Імпартуецца пераважна сыравіна і паліва (354 млрд.дол. ЗША, 1991). На Еўрап. супольнасць прыпадае палавіна гандл. сувязей. Асн.гандл. партнёры: Францыя, Італія, Нідэрланды, Вялікабрытанія, ЗША, Швейцарыя, КНР. Германія — галоўны гандл. партнёр Беларусі сярод зах. краін; набывае на Беларусі трактары, халадзільнікі і маразільнікі, калійныя ўгнаенні, дыметылтэрыфталат, фанеру і інш.; пастаўляе на Беларусь стальныя трубы, мед. інструменты і прылады, абсталяванне для харч. і тэкст. прам-сці, электронныя лямпы, гербіцыды, алей і інш. На Беларусі існуе больш за 200 сумесных германа-беларускіх прадпрыемстваў. Грашовая адзінка — герм. марка.
Узброеныя сілы (бундэсвер). Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМФ. У мірны час падпарадкоўваюцца міністру абароны, у ваенны — федэральнаму канцлеру. Паводле канстытуцыі ФРГ яе войскі не могуць выкарыстоўвацца за межамі краіны (дапушчальны толькі дапаможны ўдзел у міратворчых аперацыях). У канцы 1994 налічвалі 367,3 тыс.чал. (442,7 тыс. рэзервістаў), прадугледжана да 2000 г. скарачэнне іх колькасці да 340 тыс.чал. Камплектуюцца паводле змешанага прынцыпу (з добраахвотнікаў і па прызыве). У сухап. войсках (канец 1994) 254,3 тыс.чал., 8 механізаваных дывізій, мотапяхотная і 3 паветрана-дэсантныя брыгады, асобная брыгада армейскай авіяцыі. Маюць на ўзбраенні 5070 танкаў, 2915 баявых машын пяхоты, 4878 бронетранспарцёраў, 2312 гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 667 самалётаў і верталётаў армейскай авіяцыі і інш. У ВПС (канец 1994) 82,9 тыс.чал., каля 480 баявых самалётаў. ВМФ (1996) налічвае 29 тыс.чал., мае 79 баявых караблёў (у т. л. 20 дызельных падводных лодак) і 36 ракетных катэраў, а таксама 71 баявы самалёт і 18 баявых верталётаў марской авіяцыі.
Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне пераважна прыватнае і платнае. Сістэма мед. страхавання і мед. кас робіць яго даступным для ўсіх слаёў насельніцтва. Існуе сетка адкрытых дзярж. і камунальных мед. устаноў. Асн. функцыі па мед. абслугоўванні (прафілактыка, лячэнне, рэабілітацыя) ажыццяўляюцца праз федэральнае мін-ва аховы здароўя, мед. касы, урачэбныя т-вы і мін-вы аховы здароўя федэральных зямель. Дзеці да 4-гадовага ўзросту сістэматычна абследуюцца з мэтай выяўлення прыроджаных парушэнняў дзейнасці сэрца, мозга, нерв. сістэмы, дарослыя (жанчыны пасля 30, мужчыны пасля 45 гадоў) — з мэтай ранняга выяўлення анкалагічных захворванняў. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 73, у жанчын 80 гадоў. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 121 чал., урачамі — 1 на 319 чал. Узровень нараджальнасці — 11 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 7 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Германіі ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў (існуюць пераважна пры пач. і спец. школах, а таксама пры царк. абшчынах, дабрачынных установах, прыватных фірмах і інш.); агульнаадук. ўстановы (пач. школы, асн. і рэальныя школы, гімназіі, агульныя школы); прафес.навуч. ўстановы; ВНУ. Пач. школа (з 6-гадовага ўзросту) — 1-я ступень школьнай сістэмы для ўсіх дзяцей; тэрмін навучання — 4 гады (у Берліне і Брандэнбургу — 6). Пасля пач. школы 60% дзяцей пераходзяць у асн. абавязковую школу, мэта якой — даць базавую адукацыю для наступнай прафесійнай; тэрмін навучання — 4—6 гадоў. Часта пач. і асн. школы ствараюць адзіную навучальна-выхаваўчую ўстанову. Рэальная школа (5—10 або 7—10 кл.) дае агульную адукацыю на ўзроўні няпоўнай сярэдняй з практычнай накіраванасцю. Пасля яе заканчэння вучні маюць права паступлення ў розныя тыпы прафес. школ. Найб. здольныя выпускнікі могуць паступіць у старэйшую ступень гімназіі (11—12-ы кл.) па рэкамендацыі школы без уступных экзаменаў. Гімназія разлічана, як правіла, на 9 гадоў (5—13-ы або 7/8—13-ы кл.). Гэта адзіны тып агульнаадук. школы, што дае права паступлення ва ун-т. Для збліжэння шляхоў агульнай і прафес. адукацыі праводзіцца рэформа старэйшай ступені гімназіі (11—13-ы кл.). Класна-ўрочная сістэма заняткаў заменена курсавой. Суадносіны абавязковых і факультатыўных навуч. прадметаў — 2:1, што робіць больш лёгкім пераход да навучання ў ВНУ. Існуюць таксама спец. гімназіі (эканам., тэхн. і інш.) і вячэрнія. У агульнай школе (інтэграванай, аб’яднанай, каапераванай) прадугледжаны ліквідацыя класна-ўрочнай сістэмы заняткаў, дыферэнцыяцыя і індывідуалізацыя навучання. Для кожнага навуч. прадмета ўведзена 2 праграмы — паглыбленая і скарочаная. Працягласць навучання — 12 гадоў. У Германіі дзейнічаюць розныя прыватныя школы: канфесійныя, вальдорфскія (выхаванне духоўна свабоднай асобы), сельскія школы-інтэрнаты, альтэрнатыўныя школы і інш. Прыватныя навуч. ўстановы пераважаюць у сферы дашкольнага выхавання, прафес. адукацыі і павышэння кваліфікацыі. У дзярж. сістэму прафес.-тэхн. навучання ўваходзяць некалькі тыпаў навуч. устаноў. Для падлеткаў да 18 гадоў, якія скончылі асн. школу і не працягваюць агульную адукацыю ў іншых тыпах школ, абавязковымі з’яўляюцца прафшколы з навучаннем без адрыву ад вытв-сці і навуч. ўстановы аднагадовай пач.прафес. падрыхтоўкі з адрывам ад вытв-сці. ВНУ Германіі належаць землям, за выключэннем некат. прыватных, царк., ун-таў бундэсвера і спец.ВНУадм. кіравання федэрацыі. У сістэме вышэйшай школы найб. роля належыць ун-там і роўным ім ВНУ; ёсць спец.ВНУ і агульныя (у іх аб’яднаны розныя тыпы ВНУ). На 1.1.1996 у Германіі 112 ун-таў, 325 ВНУ, 167 спец.ВНУ, 46 вышэйшых вучылішчаў у галіне мастацтва. Найб. ун-ты: Мюнхенскі (з 1471), Свабодны ў Берліне (з 1948), Кёльнскі (з 1388), Мюнстэрскі (з 1780), Гётынгенскі (з 1737), Гайдэльбергскі універсітэт (з 1386), Берлінскі універсітэт (з 1810), Бонскі універсітэт (з 1786), Лейпцыгскі (з 1409), Гамбургскі (з 1919), Марбургскі (з 1527), Тэхнічны ў Дрэздэне (з 1828). Найб. б-кі: Нямецкая бібліятэка ў Лейпцыгу, Ням. ў Франкфурце-на-Майне, Баварская дзярж. ў Мюнхене, Дзярж.б-ка «Культурная спадчына Прусіі» ў Берліне, Ням. ў Берліне (з 1661), Б-ка імя герцага Аўгуста ў Вольфенбютэлі, Цэнтр.мед.б-ка ў Кёльне. Вял. фонды маюць б-кі ун-таў. Найб. музеі: Дзярж. музеі «Культурнай спадчыны Прусіі» (у т. л.Нац. і Карцінная галерэі) і Музей тэхнікі і транспарту ў Берліне, Дрэздэнская карцінная галерэя (з 1560), Старая і Новая пінакатэкі, Баварскі нац. музей, Ням. музей у Мюнхене, Герм.нац. музей у Нюрнбергу, Дзярж. галерэя і Дзярж. музей прыродазнаўства ў Штутгарце, Музей выяўл. мастацтваў у Лейпцыгу, дзярж. калекцыі твораў мастацтва ў Карлсруэ і Каселі, Дзярж. прыродазнаўча-гіст. музей у Браўншвайгу, Музей архітэктуры і Музей сучаснага мастацтва ў Франкфурце-на-Майне, Скарбніца сабора і Новая галерэя ў Ахене, Цэнтр. рымска-герм. музей у Майнцы, Рымска-герм. музей і Музей Вальраф-Рыхартц у Кёльне, Мемар. музей памяці ахвяр фашызму ў Бухенвальдзе, этнагр. музеі ў Берліне, Франкфурце-на-Майне, Гётынгене, Гамбургу, Кілі, Кёльне, Любеку, Мюнхене, Штутгарце. Навукова-даследчую работу ў Германіі праводзяць у асноўным ВНУ, н.-д. цэнтры, аддзяленні эканомікі, лабараторыі прам-сці і інш.дзярж. і прыватныя н.-д. ўстановы. З ВНУ у галіне даследаванняў супрацоўнічаюць 7 АН (у Дзюсельдорфе, Гётынгене, Гайдэльбергу, Лейпцыгу, Майнцы, Мюнхене) і Берлінска-Брандэнбургская акадэмія мастацтваў. Буйнейшая пазауніверсітэцкая н.-д.арг-цыя — Т-ва па развіцці навук імя Макса Планка, у складзе якога больш за 60 н.-д. устаноў высокага ўзроўню.
Друк, радыё, тэлебачанне. Германія мае развітую сетку сродкаў масавай інфармацыі і займае па гэтым паказчыку адно з вядучых месцаў у свеце. На 1 тыс.ж. прыпадае ў сярэднім па 500 экз. газет і 600 тэлевізараў. Буйнейшыя штодзённыя газеты: «Bild Zeitung» («Більд Цайтунг», «Ілюстраваная газета»), «Süd-deutsche Zeitung» («Паўднёвагерманская газета»), «Frankfurter Rundschau» («Франкфурцкі агляд»), «Neue Rhein-Zeitung» («Новая рэйнская газета»), «Die Zeit» («Час»), «Stuttgarter Zeitung» («Штутгарцкая газета»), «Westfälische Rundschau» («Вестфальскі агляд»), «Rheinische Post» («Рэйнская пошта»), «Die Welt» («Свет»). Нац.інфарм. агенцтва Дойчэ Прэсэ Агентур (ДПА).
Тэле- і радыёвяшчанне ў Германіі ўключае праграмы агульнанац. (АРД, ЦДФ, Дойчландфунк), федэральных зямель і прыватных кампаній, якія размяркоўваюцца па наземных, спадарожнікавых і кабельных сетках. З больш як 40 спадарожнікаў (Астра, Еўтэлсат, ДФС Капернікус і інш.) магчымы прыём больш за 100 праграм тэлебачання (палавіна з якіх на ням. мове) і радыёвяшчання (мона- і стэрэафанічнага, аналагавага і лічбавага) на антэны індывідуальныя (каля 40% абанентаў) і калектыўныя (у сетках кабельнага тэлебачання, каля 60% абанентаў). Спадарожнікавая праграма Дойчэ Вэле вядзе вяшчанне на замежныя краіны.
Літаратура. Грунтуецца на фалькл. спадчыне герм. плямён. Першыя пісьмовыя помнікі на стараж.-герм. дыялектах — пераважна культавыя тэксты (8—9 ст.). Найб.стараж. помнік эпічнай паэзіі — гераічная «Песня пра Гільдэбранта» (захаваўся пачатак, запісаны каля 810). Захавальнікамі паэт. традыцый вуснай нар. творчасці былі вандроўныя спевакі — шпільманы. У 13 ст. з’явіліся апошнія літ. апрацоўкі стараж. гераічных паданняў («Песня пра Нібелунгаў»; «Кудруна», паэма пра Дзітрыха Бернскага), развіваліся паэзія вагантаў, рыцарскі раман (Гартман фон Аўэ, Вольфрам фон Эшэнбах, Готфрыд Страсбурскі) і куртуазная лірыка (Вальтэр фон дэр Фогельвайдэ). У 13—15 ст. набылі папулярнасць гар. хронікі, бюргерская л-ра, у т. л. празаічныя і вершаваныя апавяданні (шванкі) і нар. фарсы (фастнахтшпілі; Штрыкер, Вернер-Садоўнік, Фрайданк), маральна-дыдактычная паэзія, майстарзанг (гл.Майстарзінгеры). У 16 ст. дасягнула росквіту антыклерыкальная гуманіст.л-ра: «Карабель дурняў» С.Бранта, «Цэх махляроў» Т.Мурнера, «Пісьмы цёмных людзей» (розных аўтараў), дыялогі У. фон Гутэна, «Пахвала дурасці» Эразма Ратэрдамскага. Антыфеад. і антыклерыкальны пратэст адлюстраваны ў нар. паэме «Рэйнеке-Ліс», нар. кнігах пра Тыля Уленшпігеля (1515), «Гісторыі пра доктара Іагана Фауста» (1587), «Шыльдбюргерах» (1598), нар. песнях. У пропаведзях Т.Мюнцэра часоў Сялянскай вайны 1524—26 у рэліг. формулах сцвярджаліся гуманіст. ідэалы. Вял. значэнне для развіцця ням.літ. мовы меў пераклад М.Лютэрам Бібліі. Традыцыі нар. л-ры працягваў Г.Сакс. У пач. 17 ст. ў л-ры панаваў класіцызм (М.Опіц), пазней барока (лірыка П.Флемінга, А.Грыфіуса, сатыра Ф. фон Логаў, галантна-прэтэнцыёзная паэзія К.Г.Гофмансвальдаў); умацоўвалася нямецкамоўная л-ра, выцяснялася латынь. Вяршыня тагачаснай ням. л-ры — вострасац. рэаліст. раман Г.Я.К.Грымельсгаўзена «Сімпліцысімус». Асветніцтва ў Германіі дасягнула росквіту ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў тэарэтычных працах і драмах Т.Э.Лесінга, творчасці Ф.Г.Клопштака, К.М.Віланда.
Ранняя творчасць І.В.Гётэ і Ф.Шылера была цесна звязана з прасякнутым антыфеад. настроем літ. рухам «Бура і націск», да якога прымыкалі Я.М.Р.Ленц, Г.А.Бюргер і інш.Вял. ролю ў развіцці тагачаснай ням. л-ры і эстэтыкі мелі тэарэт. працы І.Г.Гердэра, І.І.Вінкельмана. Апіраючыся на ідэі апошняга, Гётэ і Шылер распрацавалі канцэпцыю «веймарскага класіцызму». На мяжы 18—19 ст. узнік рамантызм. Каля яго вытокаў стаялі В.Г.Вакенродэр, Ф.Шлегель, Наваліс, Л.І.Цік. У яго рэчышчы тварылі І.К.Ф.Гёльдэрлін, Жан Поль, Г. фон Кляйст, Э.Т.А.Гофман. Многія рамантыкі звярталіся да фальклору (казкі братоў Я. і В.Грым, зб. песень «Чароўны рог хлопчыка» Л.А. фон Арніма і К.Брэнтана). Рамантызм плённа паўплываў і на лірыку І.Айхендорфа, В.Мюлера, Л.Уланда, Э.Ф.Мёрыке. У прозе А.Шаміса і паэзіі маладога Г.Гейнэ ён набыў рэв.-дэмакр. характар. Пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі (яе падзеі адлюстраваў Л.Бёрне ў кн. «Парыжскія лісты») у ням. л-ры ўзмацніўся рэв.-дэмакр. кірунак (паэзія і публіцыстыка Гейнэ, Т.Бюхнера), а ў творчасці пісьменнікаў «Маладой Германіі» (Л.Вінбарг, К.Гуцкаў, Г.Лаўбе і інш.) — ліберальна-дэмакратычны; фарміравалася сац.-паліт. паэзія (паліт. лірыка Гейнэ, Г.Гервега, Ф.Фрайліграта). Крытычны рэалізм 2-й пал. 19 ст.найб. вастрыні дасягнуў у творчасці Т.Шторма, Т.Фантане, хоць увогуле характарызаваўся сац. абмежаванасцю. Адбывалася і станаўленне натуралізму (ранняя творчасць Т.Гаўптмана, Р.Дэмеля). Уздым сац.-дэмакр. руху ў канцы 19 ст. спрыяў развіццю пралетарскай л-ры і крытыкі (Р.Швайхель, Ф.Мерынг). На мяжы 19 — 20 ст. праявіліся імпрэсіянізм, сімвалізм, неарамантызм. У пач. 20 ст. набраў сілу крытычны рэалізм (раманы братоў Т.Мана і Г.Мана, Я.Васермана, В.Келермана, драмы Гаўптмана, Ф.Ведэкінда). Напярэдадні 1-й сусв. вайны ва ўмовах нарастаючага крызісу грамадскага развіцця ўзнік экспрэсіянізм (Г.Гайм, Г.Тракль, А.Дзёблін). Пад уплывам рэвалюцый 1917 у Расіі і 1918 у Германіі атрымала пашырэнне л-ра леварадыкальнага кірунку (І.Р.Бехер, Б.Брэхт, Г.Зэгерс, Ф.К.Вайскопф, Ф.Вольф, Э.Э.Кіш і інш.). Плённа развіваўся крытычны рэалізм (браты Маны, Л.Фейхтвангер, Л.Франк, Г.Фалада, А.Цвэйг, Г.Гесэ). Актуальнасць набыла антываен. тэма (раманы Цвэйга, Э.М.Рэмарка, Л.Рэна), публіцыстыка К.Асецкага і сатыра К.Тухольскага. Узнікла л-ра экзістэнцыялізму (Ф.Кафка). У выніку ўсталявання ў Германіі нацыянал-сацыялісцкай дыктатуры большасць пісьменнікаў эмігрыравала, некаторыя рэпрэсіраваны і закатаваны. Гэты перыяд адзначаны панаваннем шавіністычна-мілітарысцкай белетрыстыкі (В.Боймельбург, Э.Дзвінгер, Г.Грым, Г.Іост і інш.) і ўзнікненнем нелегальнай антыфаш. л-ры Супраціўлення (А.Кукгоф, А.Гаўсгофер і інш.). З 1949 пачалося самаст. развіццё л-р ГДР і ФРГ.
У літаратуры ГДР у 1940—50-я г. пераважала праблематыка гіст. урокаў нядаўняга мінулага: выкрыццё фашызму, тэма адказнасці чалавека перад народам і гісторыяй (проза Зэгерс, В.Брэдэля, Вайскопфа, Рэна, Б.Апіца, Э.Штрытматэра, паэзія Бехера, Э.Вайнерта, Ф.Фюмана, С.Хермліна, Л.Фюрнберга, драматургія Брэхта, Ф.Вольфа). Тэма віны і адказнасці немцаў перад слав. светам цэнтральная ў творчасці І.Баброўскага. У 2-й пал. 1950-х — 60-я г. пісьменнікі ГДР звярнуліся да адлюстравання новых грамадскіх адносін. У прозе прадаўжалася маст. распрацоўка антыфаш. тэмы (В.Нойгаўс, Дз.Ноль, М.В.Шульц, Фюман), разглядалася праблема «дзвюх Германій» (Зэгерс, К.Вольф). Творам 1970-х г. уласцівы філас.-інтэлектуальная скіраванасць (проза К.Вольф, Фюмана, паэзія Э.Арэнта, драматургія Г.Мюлера, П.Гакса), распрацоўка тэмы стваральнай працы (Э.Нойч), інтэлігенцыі (Г.Кант), маладога пакалення (Г.Гёрліх, У.Пленцдорф), маральна-этычная праблематыка (Г. дэ Бройн, Ю.Брэзан, Шульц, Штрытматэр, І.Навотны, Р.Штраль). У рэчышчы ням. л-ры ГДР развівалася сербалужыцкая літаратура (Брэзан). Аб’яднанне Усх. і Зах. Германій прыпыніла адасобленае развіццё л-ры ГДР. Далучэнне асобных яе пісьменнікаў да агульнаням. літ. працэсу праходзіла павольна і балюча.
У літаратуры ФРГ вызначальнымі былі тэмы 2-й сусв. вайны і нацыянал-сацыялізму, праблемы сумнення і выбару, віны і адказнасці. Тут прадоўжаны літ. традыцыі Веймарскай рэспублікі: на аснове эстэт. плыней пач. 20 ст. (В.Борхерт, Г.Вайзенборн, Г.Бэн, Э.Юнгер, Г.Г.Ян), экзістэнцыялізму (Г.Э.Носак, А.Андэрш), рэалізму (В.Кёпен, Г.Бёль, З.Ленц, М.І.Вальзер, Т.Грас, У.Іонсан) і «магічнага рэалізму» (Э.Лангесер, Г.Казак, С.Андрэс). Антыфаш. і антываен. тэматыка аб’яднала ў літ. «Групе 47» пісьменнікаў розных паліт. арыентацый і эстэт. прынцыпаў (Г.В.Рыхтэр, Кёпен, Бёль, Вальзер, Андэрш, Г.Айх і інш.). У 1950-я г. пашырыліся творы «масавай культуры» (І.Баўэр, Г.Конзалік), узмацніліся рэваншысцкія матывы (Боймельбург, Дзвінгер, Г.Грым). Адначасова абвастрыліся антыфаш. тэндэнцыі (К.Цукмаер, Борхерт, Н.Закс) і крытычнае адлюстраванне зах.-герм. рэчаіснасці (Рыхтэр, Кёпен, Бёль). У 1960-я г. ўзніклі дортмундская «Група 61» (Г.Вальраф, М. фон дэр Грун і інш.) і гурткі рабочай л-ры, члены якіх пісалі пра жыццё і працу рабочых. Дасягненні паэзіі ФРГ звязаны з імёнамі Бэна, Закс, П.Вайса, Р.Гохута. У 1960—70-я г. з’явіўся шэраг высокагуманіст. твораў: раманы Бёля, Носака, З.Ленца, П.Шалюка, п’есы Вайса, Гохута, Вальзера, Граса. У л-ры 1970—80-х г. назіраюцца працяг сац.-крытычных і гуманіст. традыцый (творчасць Бёля, Вальзера, З.Ленца, Вайса), цікавасць да дакументалізму (рэпартажы і нарысы Вальрафа), пошукі новых форм і стылявых сродкаў. У драматургіі пераважае сац. і гіст. праблематыка (М.Шпер, Г.Генкель, Ф.К.Крэтц). У 1990-я г. адбываецца размежаванне пісьменнікаў розных сац.-паліт. кірункаў.
На Беларусі ням.л-ра вядома з сярэдніх вякоў. У 2-й пал. 15 ст. на бел. мову перакладзена «Аповесць пра трох каралёў» ням. манаха Іагана з Гельдэсгайма. У перакладзе на бел. мову выдадзены творы Гётэ («Фауст», ч. 1—2, 3-е выд., 1991; «Спатканне і ростань», 1981), Шылера («Вільгельм Тэль», 1934; «Балады», 1981; «Вершы і балады. Драмы», 1933), Гейнэ («Германія. Зімовая казка», 1939; «Выбраныя творы», 1959), братоў Грым, Р.Э.Распэ, В.Гаўфа, Келермана, А.Абуша, Рэмарка, Бехера, Г.Альфрэда, М.Кальтофена, Л.Турэка, Брэдэля, Г.Мархвіцы, Э.Глезера, Фейхтвангера, А.Гёртца, Г.І.Гартунга, Рэна, Б.Фёлькнера, Брэзана, Бройна, Г.Гофе, Фалады («Даўным-даўно ў нас дома», 1981), А.Аменды («Апасіяната», 1983), Т.Мана («Доктар Фаустус», 1989), Гесэ («Гульня шкляных перлаў», 1992), Бёля («Більярд а палове дзесятай», 1993), Грымельсгаўзена («Сімпліцысімус», 1997), а таксама анталогія лірыкі «Пярэднія выйшлі ў заўтра» (1968), зб-кіапавяд. «Незабыўны дзень» (1973), «Матчына споведзь» (1985). У перыяд. друку апублікаваны асобныя творы Лесінга, Шаміса, Г.Веерта, Борхерта, Гохута, Вайнерта, Ф.Вольфа, К.Нойкранца, Г.Поля, К.Брэгера, Э.Толера і інш. На бел. мову творы ням. пісьменнікаў перакладалі А.Абуховіч, Я.Барычэўскі, Л.Баршчэўскі, Я.Бялясін, В.Вольскі, Ю.Гаўрук, К.Даўкша, С.Дорскі, А.Дудар, М.Ермалаеў, А.Звонак, А.Зарыцкі, А.Клышка, А.Лойка, М.Навіцкі, У.Папковіч, У.Сакалоўскі, Я.Семяжон, В.Сёмуха, Ю.Таўбін, Х.Шынклер, У. і Г.Чапегі і інш.
Адно з першых упамінанняў пра Беларусь у ням. л-ры — у вершах П.Зухенвірта (канец 14 ст.). У Германіі ў 16 ст. была вядома палемічная публіцыстыка Буднага, творы Волана і Сматрыцкага, у канцы 18 — пач. 19 ст. — працы С.Маймана. Больш шырокае знаёмства з Беларуссю адбылося ў 19 ст. пасля заснавання час. «Archiv für slavische Philologie» («Архіў фюр славішэ філолагі»), у якім асвятляліся сярэдневяковая бел.л-ра і фальклор. У 1877 перакладзены і выдадзены «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх». На пач. 20 ст. матэрыялы пра Беларусь друкаваліся ў ням.перыяд. друку, выходзілі асобнымі выданнямі. На ням. мову перакладзены асобныя творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, П.Броўкі, А.Куляшова, Т.Хадкевіча, М.Паслядовіча, К.Крапівы, Я.Маўра, Я.Брыля, У.Караткевіча, І.Шамякіна, В.Быкава, А.Адамовіча, А.Кудраўца, С.Алексіевіч, А.Разанава і інш. У 1995 выдадзена анталогія «Беларусь. Мова, якая выстаяла». Творы бел. л-ры на ням. мову перакладалі Н.Рандаў, Г.Грым, Р.Вільнаў, Г.Гербот, Г.Лёфлер, Д.Памерэнке, Л.Рэманэ, Т.Рэшке, К.Гутшміт, Г. і У.Чапегі, Э.Эрб і інш.
Архітэктура. Пад уплывам ант. і візант. дойлідства на тэр. Германіі склалася каралінгская архітэктура (палацавая капэла ў Ахене, каля 800). У перыяд інтэнсіўнага росту гарадоў склаўся сталы раманскі стыль (2-я пал. 11 — 1-я пал. 13 ст.), вызначыліся асн. тыпы гар. (пераважна фахверкавыя 3-павярховыя) і вясковых (зрубныя альбо фахверкавыя) дамоў, пабудаваны буйнейшыя манастырскія цэрквы (Марыя-Лах, 1093—1156) і гар. саборы (у Шпаеры, Майнцы, Вормсе, Бамбергу, Наўмбургу і інш.) — базілікі і цэнтрычныя храмы. У гатычным стылі (13—14 ст.), які развіваўся пад моцным уплывам франц. архітэктуры, будаваліся каменныя і цагляныя ратушы (Любек, Мюнстэр, Браўншвейг), замкі, гандл. памяшканні, шпіталі, склады, каменныя і фахверкавыя дамы. Гатычныя саборы часцей былі вялізных памераў (Кёльнскі сабор) і мелі аднавежавы зах. фасад (Фрайбургім-Брайсгаў). Гарады ўмацоўваліся магутнымі сценамі з вежамі і брамамі. У 15 ст. пашырыліся зальныя храмы (Мюнхен, Нюрнберг). Рэнесансавыя рысы праявіліся ў 15 ст., але найб. ярка яны выявіліся ў пач. 17 ст. (порцік ратушы ў Кёльне, 1669—73, арх. В.Фернукен). З пач. 18 ст. пашыраецца барока: гар. палац у Берліне (1698—1722, арх. А.Шлютэр), ансамбль Цвінгер у Дрэздэне (1711—22, арх. М.Д.Пёпельман), епіскапская рэзідэнцыя ў Вюрцбургу (1719—33, арх. І.Б.Нойман) і інш. Архітэктура ракако найб. выявілася ў загарадным палацы Фрыдрыха II Сан-Сусі (1745—47, арх. Г.В.Кнобельсдорф). У ням. архітэктуру пранікаюць рысы класіцызму (Брандэнбургскія вароты, 1788—91, арх. К.Г.Лангханс), яго росквіт прыпадае на 1-ю пал. 19 ст.Найб. значныя архітэктары-класіцысты К.Ф.Шынкель, Ф.К.Л. фон Кленцэ. У пабудовах сярэдзіны і 2-й пал. 19 ст. адчуваецца ўплыў эклектызму (рэйхстаг, 1884—94). Архітэктары пач. 20 ст. праяўляюць цікавасць да канструкцыйнай выразнасці і функцыян. апраўданасці: комплекс фірмы «АЭГ» у Берліне (1909—12, арх. П.Берэнс), будынак «Баўгауза» ў Дэсаў (1926, арх. В.Гропіус), павільён Германіі на выстаўцы ў Барселоне (1929, арх. Л.Міс ван дэр Роэ), пабудовы Ф.Гёгера, М.Берга і інш. Павышаная экспрэсіўнасць і дынамічнасць форм характэрны для творчасці Э.Мендэльзона, Т.Пёльцыга. Цэнтрам ням. функцыяналізму стаў «Баўгауз». Жыллёвы крызіс пасля 1-й сусв. вайны вымусіў урад Германіі будаваць танныя кватэры. Архітэктары рабілі шмат цікавых эксперыментаў, але ў тагачасных умовах іх плённыя ідэі не былі ажыццёўлены. З устанаўленнем фаш. дыктатуры многія выдатныя архітэктары эмігрыравалі. У ням. архітэктуры праявіліся напышлівыя псеўдаманументальнасць і паказная ўрачыстасць. Ням. архітэктура доўгі час была ў заняпадзе і пасля 1945.
У архітэктуры ГДР 1950-х г. пераважала фасадная перыметральная забудова, выкарыстоўваліся прынцыпы рэгулярнай планіроўкі (пл. Альтмаркт у Дрэздэне, Цэнтралерплац у Магдэбургу, Лангештрасэ ў Ростаку). З прычыны нешматлікіх сродкаў, вылучаных на жыллёвае буд-ва, пачалі ствараць буйныя пасяленні з аднастайным панэльным домабудаваннем. З 2-й пал. 1950-х г. пачалося ўкараненне індустр. метадаў буд-ва, пераважалі прыёмы свабоднай функцыян. планіроўкі, лаканічныя формы збудаванняў з буйных і аб’ёмных блокаў (рэканструкцыя цэнтраў Дрэздэна, Лейпцыга, Магдэбурга). У 1960—70-я г. створаны ансамблі вуліц і плошчаў з вышыннымі акцэнтамі і буйнымі грамадскімі будынкамі (пл. Александэрплац у Берліне, вул. Прагерштрасэ ў Дрэздэне). Сярод значных пабудоў: Дом настаўніка (1964, арх. Г.Гензельман), Мін-ва замежных спраў (1967, арх. І.Кайзер), гасцініца «Штат Берлін» (1969, арх. Р.Корн), «Палац рэспублікі» (1976, арх. Г.Графундэр), Хірург. цэнтр псіхіятрычнай бальніцы (1981, арх. Л.Карнелі і інш.) у Берліне, ун-т у Лейпцыгу (1973, арх. Гензельман).
У архітэктуры ФРГ 1950—70-х г. развіваліся традыцыі ням. функцыяналізму ў буд-ве прамысл., трансп. збудаванняў, кантор і фірмаў (тэлевежа ў Штутгарце, 1956, арх. Ф.Леанхарт; будынкі аўтамаб. фірмы БМВ у Мюнхене, 1972, арх. К.Шванцэр; фірмы «Бальзен» у Гановеры, 1974, арх. Дз.Бала). Пашыраны эфектныя дзелавыя будынкі (будынак фірмы «Тысен» у Дзюсельдорфе, 1960, арх. Г.Гентрых), развіваліся тэндэнцыі арган. архітэктуры (філармонія ў Берліне, 1964, арх. Г.Шароўн). Сусв. вядомасць набылі збудаванні да Алімпійскіх гульняў 1972 у Мюнхене (арх. Г.Беніш). Элементамі эмацыянальнага ўздзеяння напоўнена архітэктура музеяў і выставачных залаў: музеі ў Мёнхенгладбаху (1982, арх. Г.Голяйн), Вальраф-Рыхартц у Кёльне (1986, арх. Г.Габерэр), ням. архітэктуры (1984, арх. О.М.Унгерс) і маст. рамёстваў (1985, арх. Р.Маер) у Франкфурце-на-Майне, дзярж. галерэя ў Штутгарце (1983, арх. Дж.Стырлінг).
Лепшыя дасягненні ў архітэктуры Германіі 1990-х г. звязаны з цікавымі эксперыментамі, пошукамі новых ідэй, спалучэннем стылю і ідэалогіі мастацтва «Баўгауза» з найноўшымі тэндэнцыямі сусв. архітэктуры (постмадэрнізм і інш.). Сярод вядомых майстроў: Г.Ян, Г.Бём, Беніш, Унгерс і інш.
Выяўленчае мастацтва. Гісторыя ўласна ням. мастацтва пачалася ў перыяд «Каралінгскага адраджэння» (8—9 ст.), калі былі створаны цудоўныя ўзоры разьбы па слановай косці і мініяцюры. Традыцыі каралінгскага мастацтва сталі базай для раннераманскага, т.зв. атонаўскага мастацтва (1-я пал. 10 — 1-я пал. 11 ст.). Склаліся шматлікія мясц. школы мініяцюры (Трыр, Кёльн, на в-ве Райхенаў), скульптуры, асабліва бронзавае ліццё (дзверы сабора ў Гільдэсгайме) і разьба па дрэве («Распяцце Гера», Кёльнскі сабор, каля 970). Высокага развіцця дасягнула ювелірнае мастацтва. У скульптуры канца 11 — 1-й пал. 12 ст. панаваў т.зв. строгі стыль, адметны аскетычнасцю і застыласцю форм (свяцільнік «Вальфрам», каля 1157, сабор у Эрфурце). У 2-й пал. 12 — 1-й пал. 13 ст. скульптура стала больш аб’ёмнай, з матывамі руху (барэльефы на агароджах хораў цэркваў у Гільдэсгайме, Гальберштаце, сабора ў Бамбергу). Цэрквы працягвалі размалёўваць фрэскамі, у пач. 11 ст. паявіліся вітражы (сабор у Аўгсбургу). З развіццём раманскага стылю звязаны ўздым маст. промыслаў (эмалі, маст. ліццё, тканіны). У перыяд позняй готыкі (14—15 ст.) высокага ўзроўню дасягнула драўляная паліхромная скульптура, што ўпрыгожвала пераносныя алтары ў інтэр’ерах цэркваў. У 15 ст. скульптуры на фасадах і ў інтэр’ерах цэркваў набылі яркую жыццёвую і псіхал. характарыстыку (фасады сабораў у Бамбергу і Магдэбургу, рэльефы і статуі сабора ў Наўмбургу), што стала вышэйшым дасягненнем еўрап. гатычнага мастацтва. У пач. 15 ст. існаваў т.зв.мяккі стыль, у рамках якога праявіліся рысы лірычнай інтымнасці і схільнасць дабыт. трактоўкі рэліг. тэм (майстар Франке, мастакі кёльнскай школы). У творах швабскіх жывапісцаў Л.Мозера і Г.Мульчэра (1-я трэць 15 ст.) намеціліся рэаліст. тэндэнцыі. Аналагічныя пошукі праявіліся ў скульптуры (Н.Герхарт) і гравюры (М.Шонгаўэр). На мастацтва Адраджэння (канец 15 ст. — 1530-я г.) паўплывалі класавыя і рэліг. канфлікты. У жывапісе і графіцы ідэі гуманізму ўвасоблены ў востра індывідуальных характарыстыках вобразаў сучаснікаў (А.Дзюрэр, М.Груневальд, Г.Бальдунг, Г.Гольбейн Малодшы). Паэтычнасць і містычная паглыбленасць была ўласціва мастакам дунайскай школы (Л.Кранах Старэйшы, А.Альтдорфер і інш.). Познагатычныя традыцыі моцна зацвердзіліся ў скульптуры (Ф.Штос, А.Крафт, Т.Рыменшнайдэр, сям’я Фішэр). Але пасля часовага росквіту настаў час застою ў ням. мастацтве. З сярэдзіны 16 ст. пашырылася суб’ектыўнае і мудрагелістае мастацтва маньерызму. Высокага ўздыму дасягнула маст. рамяство (ювелірныя вырабы, мэбля, посуд, зброя). У пач. 17 ст. ў жывапісе адным з заснавальнікаў еўрап. пейзажа стаў А.Эльсгаймер. У 2-й пал. 18 ст. — пач. 19 ст. класіцызм зацвердзіўся ў жывапісе (А.Р.Менгс, А.Каўфман, А.Я.Карстэнс) і скульптуры (Г.Шадаў, К.Раўх), яго рысы праявіліся ў творчасці партрэтыстаў А.Графа, А. і В.Тышбайнаў, у жанравых гравюрах Д.Н.Хадавецкага. Ням. рамантызм 1-й пал. 19 ст. характарызуе творчасць Ф.О.Рунге, К.Д.Фрыдрыха, І.Ф.Овербека. Ням. сярэднявечча апявалі раннія прадстаўнікі дзюсельдорфскай школы жывапісу. У рэчышчы рамант. плыні ўзнікла і развівалася мастацтва бідэрмеера. У сярэдзіне 19 ст. вядучым стала рэаліст. мастацтва (А. фон Менцэль, В.Ляйбль, М.Ліберман). Рэалізму і акад. эклектызму проціпаставілі сваё мастацтва т.зв. неаідэалісты. У канцы 19 ст. пашырыліся імпрэсіянізм, сімвалізм і стыль мадэрн, вядомы ў Германіі як «югендстыль» (атрымаў асаблівае развіццё ў афармленні інтэр’ераў, у кніжнай і рэкламнай графіцы). На мяжы 19—20 ст. узмацнілася роля т.зв. сацыяльна-крытычнай графікі (В.Буш, К.Кольвіц, Т.Гайне, Г.Цыле, Г.Балушак). У скульптуры рэаліст. кірунак найб. ярка прадстаўлены Г.Кольбе. У пач. 20 ст. ў Германіі ўзнік экспрэсіянізм (Э.Нольдэ, Э.Гекель, Э.Л.Кірхнер, Ф.Марк, К.Шміт-Ротлуф, В.Кандзінскі, М.Пехштайн, К.Гофер і інш.). На творчасці 2-га пакалення экспрэсіяністаў ляжыць адбітак трагедыі вайны і пасляваен. рэчаіснасці (М.Бекман, скульптары Э.Барлах і В.Лембрук). Вял. ролю ў фарміраванні сучаснага мастацтва на прынцыпах канструктывізму адыграла школа «Баўгауз». Развіццё мастацтва было гвалтоўна спынена з прыходам да ўлады ў 1933 фашыстаў. Пасля разгрому ў 1945 фашызму мастацтва стала аднаўляцца, але з утварэннем двух ням. дзяржаў у 1949 адбылася палярызацыя маст. сіл.
Выяўленчае мастацтва ГДР было звязана з метадам сацыяліст. рэалізму. Старыя майстры, творчасць якіх фарміравалася ў пач. 20 ст. збераглі сувязь з векавой ням. культурай (Г.Грундыг, М.Лінгнер, О.Нагель і інш.). У 1960-я г. ў Лейпцыгскім вышэйшым маст. вучылішчы нарадзіліся новыя тэндэнцыі сацыяліст. рэалізму ў жывапісе (В.Цюбке, Б.Гайзіг); некат. майстры выкарыстоўвалі рэаліст. метад, сінтэз постэкспрэсіянізму і магічнага рэалізму (В.Матхоер). У скульптуры вызначальнае месца належала мемар. помнікам і партрэту (В.Ламерт, В.Арнальд, В.Говард, Т.Бальдэн, Г.Драке і інш.). Найб. значны скульптар ГДР Ф.Крэмер, аўтар манум. шматфігурнага помніка ў Бухенвальдзе (1958). Сярод графікаў вядомы К.Э.Мюлер, Л.Грундыг, А.Мор, Г.Т.Рыхтэр і інш.
Выяўленчае мастацтва ФРГ пасляваеннага часу працягвала традыцыі папярэднікаў, творча выкарыстоўваючы новыя плыні зах.-еўрап. і амер. мастацтва. Гуманіст. традыцыі ням. мастацтва зберагаліся ў творчасці майстроў старэйшага пакалення (О.Дзікс, О.Панкак і інш.). У 1950-я г. на змену мадэрнізму прыйшоў абстрактны экспрэсіянізм (В.Баўмайстэр, Э.В.Най, Ф.Вінтэр). У 1960-я г. склалася група «Зеро» з Дзюсельдорфа, якая пад знакам мастацтва «оп-арт» рабіла новыя крокі ў эксперым. традыцыю «Баўгауза» (О.Піне, Г.Мак і інш.), пазней «Гард-Эгдэ» (кірунак у мастацтве, які аддаваў перавагу геам. формам і кантрастным фарбам; Г.Фрутрунк, К.Г.Пфалер, В.Гаўль). Сярод буйнейшых сучасных ням. мастакоў-наватараў розных кірункаў і плыней І.Бойс, Г.Базеліц, А.Кіфер, М.Люпертц, А.Р.Пенк, З.Польке, Г.Рыхтэр, У.Рукрым, Р.Горн і інш.
Музыка. Практыка ігры на луры (духавы інструмент) у стараж. германскіх плямён існавала ўжо ў 1-м тыс.дан. э. Пазней развілася песенная культура. Узніклі лакальныя стылі песеннага фальклору; памежныя песенныя дыялекты ўзаемадзейнічалі з фальклорам суседніх народаў. У 9 ст. пашырылася прафес., пераважна царк. музыка. Уплыў ням. песеннасці зазнаў грыгарыянскі харал (дзейнасць Ахенскай капэлы, 9 ст.). Захаваліся секвенцыі і тропы, створаныя ў Санкт-Галенскім манастыры (Швейцарыя, 9—10 ст.). У 10 ст. тут была пашырана неўменная натацыя, у 12—13 ст. адбыўся пераход да 5-лінейнай натацыі. У 10—15 ст. для ням.хар. музыкі характэрны арганум — від ранняй поліфаніі. Побач з царк. развівалася свецкае муз. мастацтва шпільманаў, якое паўплывала на муз. мастацтва вагантаў і галіярдаў, а ў 14—16 ст. — вандроўных чаляднікаў. Музыка шпільманаў уздзейнічала на свецкае прафес. мастацтва мінезінгераў — мінезанг (12—14 ст.). Да нашага часу дайшлі песенныя зборнікі твораў мінезінгераў, шпільманаў і вагантаў, у т. л. «Іенскі зборнік» (каля 1350), «Лахамскі песеннік» (15 ст.). У 14—16 ст. узніклі аб’яднанні гар. музыкантаў — майстарзінгераў. Сярод тагачасных помнікаў песенны зборнік В.Фогта (1558). У 15—16 ст. было пашырана хатняе музіцыраванне (ігра на лютні і інш.), інтэнсіўна развівалася арганнае мастацтва. Вядучымі жанрамі былі меса, матэт, псалмы, поліфанічная быт. і духоўная песня; узнік пратэстанцкі харал, які зацвердзіў дэмакр. лінію ням. музыкі (зб. І.Вальтэра «Geystliche Gesahn-Buchleyn», 1524). З узмацненнем у 16—17 ст. уплыву італьян. музыкі выявілася імкненне да гамафонна-гарманічнага складу ў творчасці І.Экарда, Л.Лехнера, Г.Л.Гаслера, М.Прэторыуса (аўтара энцыклапедычнай працы «Syntagma musikum»; 1614—20). У 17 ст. акрэсліўся нац.муз. стыль у творчасці Т.Шутца — заснавальніка ням. кампазітарскай школы (опера «Дафна», 1627; «Свяшчэнныя сімфоніі», 1629—50). У 1678 у Гамбургу адкрыты першы пастаянны оперны т-р, росквіт якога (1692—1706) звязаны з творчасцю Р.Кайзера, І.Матэзана, пазней — Г.Ф.Тэлемана; аднак нац. опера выцяснялася італьянскай. У 17 ст.асн. жанры — духоўны канцэрт, «страсці» (Шутц), арганная музыка (С.Шайт, І.Я.Фробергер, І.А.Райнкен, І.К.Керль, Г.Бём, І.Пахельбель, Дз.Букстэхудэ). Развівалася клавірная музыка. Вядучы жанр інстр. музыкі — сюіта. Фарміруецца стыль ням. песеннай лірыкі. У канцы 17 — пач. 18 ст. паявіўся шэраг тэарэт. і муз.-гіст. прац І.Г.Вальтэра, Матэзана (гл.Афектаў тэорыя), А.Веркмайстэр распрацаваў сістэму раўнамернай тэмперацыі. Найвышэйшае дасягненне ням.муз. мастацтва — творчасць І.С.Баха. У творчасці Г.Ф.Гендэля дасягнулі росквіту жанры оперы і араторыі. Дэмакратызацыя ням. музыкі працягвалася і ў 18 ст. Былыя цэхавыя аб’яднанні музыкантаў пераўтварыліся ў аркестры і капэлы (адзін з першых аркестр Гевандхаўза); узніклі гар.муз. і харавыя т-вы, пеўчая акадэмія ў Берліне (каля 1791). У ням. музыцы 2-й пал. 18 ст. адлюстраваны ідэі Асветніцтва, якія падрыхтавалі оперную рэформу К.В.Глюка. Дэмакр. традыцыі муз.т-ра ўвасобіліся ў стварэнні ням.зінгшпіля. Акрэсліліся класічныя формы інстр. музыкі. У канцы 18 ст. сфарміравалася венская класічная школа. У зацвярджэнні гамафонна-гарманічнага складу, заканамернасцей санатнай формы і санатна-сімф. цыкла вял. ролю адыграла дзейнасць мангаймскай школы і кампазітараў Берлінскай капэлы (І.І.Кванц, І.Г.Граўн, І.А.Бенда, Ф.В.Марпург). Адна з вяршынь ням. музыкі канца 18 — пач. 19 ст. — інструментальна-сімф. творчасць Л.Бетховена. Ням.муз. рамантызм дасягнуў росквіту ў творчасці Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, Ф.Шуберта і Ф.Ліста. Ранні яго этап азнаменаваны нараджэннем нац. опернай школы, сярод прадстаўнікоў якой Э.Т.А.Гофман (першая нац.рамант. опера «Ундзіна», 1814), К.М. фон Вебер («Вольны стралок», 1821; «Эўрыянта», 1823; «Аберон», 1826), Л.Шпор, Г.А.Маршнер, Ф.Флотаў. У жанры зінгшпіля працавалі О.Нікалаі, А.Лорцынг і інш. Развівалася хар. мастацтва, з 1809 узнік шэраг хар. таварыстваў. Сімф. музыка 19 ст. прадстаўлена жанрамі сімфоніі, праграмнай уверцюры, сімф. паэмы, араторыі, камерна-інстр. музыкі (творы Ліста, Мендэльсона, Шуберта, Шумана, Вебера Ф.Лахнера, Ф.Р.Фолькмана, Ф.Гілера, К.Райнеке). У 1843 Мендэльсон заснаваў кансерваторыю ў Лейпцыгу, пазней адкрыты кансерваторыі ў Кёльне, Штутгарце, Вышэйшая муз. школа ў Берліне. Эпохай для ням. музыкі стала дзейнасць В.Р.Вагнера. 1860—70-я г. характарызаваліся процістаяннем прыхільнікаў творчасці Вагнера, ідэй праграмнасці ў музыцы і прадстаўнікоў лейпцыгскай школы, якія выступалі за «чыстую» інстр. музыку і прапагандавалі творчасць І.Брамса, буйнейшага ням. сімфаніста паслябетховенскага часу. Развівалася муз. навука (З.Дэн, А.Б.Маркс, Г.Крэчмар, Ф.Шпіта, Г.Рыман). З 1834 выдаваўся час. «Neue Zeitschrift für Musik» («Новы музычны часопіс»). Сярод вядомых выканаўцаў 19 ст.: дырыжоры Г.Г.Бюлаў, А.Нікіш, Г.Леві, Ф.Мотль, К.Мук; спявачка Г.Зонтаг; піяністы Ф.Калькбрэнер, І.Мошалес, К.Шуман; скрыпачы Ф.Давід, Шпор. На мяжы 19—20 ст. пачалося абнаўленне муз. мовы ў творчасці Р.Штрауса і М.Рэгера. У пач. 20 ст. пераважаў неакласіцызм у музыцы Рэгера, Ф.Б.Бузоні (з 1894 у Германіі) і яго вучняў, М.Бутынга, В.Фортнера, К.Орфа, В.Эгка, П.Хіндэміта. Вял. ўплыў на творчасць ням. кампазітараў зрабіў аўстр. кампазітар А.Шонберг, заснавальнік дадэкафоніі. У 1919—33 актывізавалася дзейнасць рабочых хароў, агітгруп, у якіх удзельнічалі кампазітары Г.Эйслер, У.Фогель, Э.Г.Маер, Л.Шпіс, дырыжоры К.Ранкль і Г.Шэрхен, спявак Э.Буш, паэты і драматургі І.Бехер, Б.Брэхт, Э.Вайнерт і інш. У 1930-я г. выявіліся рысы муз. неафалькларызму (у т.зв.нар. операх І.Гаса, некат. творах Эгка, Орфа), узмацніўся ўплыў экспрэсіянізму (Б.Блахер, К.А.Гартман).
Муз. культура ГДР. На тэр. ГДР аднаўляліся былыя і ствараліся новыя муз. ўстановы. Падтрымліваліся традыцыі старэйшых калектываў (дрэздэнскі «Кройцхор» і філарманічны аркестр, лейпцыгскі «Таманерхор»). Напісаны кантаты (Эйслер), араторыі (Р.Вагнер-Рэгені, О.Герстэр, Маер). Рэаліст. тэндэнцыямі адзначаны музыка да п’ес Брэхта, оперы «Асуджэнне Лукула» (1949), «Пунціла» (1960; абедзве паводле Брэхта), меладрама «Ліла Герман» (1953) П.Дэсаў, «Томас Мюнцэр» П.Курцбаха (1950). У 1960—70-я г. створаны 10 сімфоній Бутынга, творы Г.Вольгемута, Г.Кохана, Р.Брэдэмаера, Р.Кунада, Ф.Гольдмана і інш. Вядомасць набылі оперы «Ланцэлот», «Эйнштэйн», «Леонс і Лена» Дэсаў, «Апошні стрэл» З.Матуса, «Млын Левіна», «Філін і лятаючая прынцэса», «Цудоўная шаўчыха» У.Цымермана. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Г.Абендрот, Ф.Канвічны, К.Зандэрлінг, К.Мазур, О.Суітнер; оперныя рэжысёры Г.Арнальд, Э.Фішэр, В.Фельзенштайн; спевакі А.Бурмайстэр, М.Клозе, Т.Адам, П.Шраер; арганісты В.Шэтэліх, А.Веберзінке і інш. У ГДР працавалі (1986): каля 40 т-раў, у т. л.Ням.дзярж. опера, «Комішэ опер» у Берліне, Дрэздэнская дзярж. опера, больш за 80 аркестраў, у т. л. каля 30 сімфанічных, Акадэмія мастацтваў ГДР; Саюз кампазітараў і музыказнаўцаў; кансерваторыі ў Цвікаў, Гале, Шверыне, Ростаку; вышэйшыя муз. школы ў Берліне, Лейпцыгу, Веймары, Дрэздэне; Новае бахаўскае т-ва, Т-вы Г.Ф.Гендэля, Р.Шумана і інш.Муз. фестывалі і конкурсы (імя І.С.Баха ў Лейпцыгу, імя Р.Шумана ў Цвікаў, імя К.М.Вебера ў Дрэздэне і інш.).
У музычную культуру ФРГвял. ўклад зрабілі оперныя кампазітары Орф, Эгк, Блахер, Г.Ройтэр, Гартман, Фортнер, Г.Біялас, Г.Генцмер, Э.Пепінг і інш. У 1950-я г. вылучыліся кампазітары Г.В.Генцэ, Б.А.Цымерман, Г.Клебе, Дз.Шнебель, В.Кільмаер, А.Райман і інш. У муз. жыцці ФРГ 1960—70-х г. значнае месца займалі кампазітары-авангардысты К.Штокгаўзен, М.Кагель, Г.Лахенман. У канцы 1970-х г. вылучылася група кампазітараў, якія заявілі аб звароце да прастаты і натуральнасці муз. мовы (П.М.Гамель, В.Рым, М.Траян і інш.). Найб.муз. цэнтры — Мюнхен, Гамбург, Штутгарт, Франкфурт-на-Майне, Дзюсельдорф, Кёльн. Сярод вядомых выканаўцаў дырыжоры О.Іохум, В.Фуртвенглер, Г.Караян, Р.Кемпе, Г.Кнапертсбуш, Г.Росбаўд, Р.Кубелік, П.Андэрс, К.Рыхтэр; оперныя рэжысёры З.Вагнер, Г.Рэнерт, Г.Р.Зельнер; спевакі Э.Шварцкопф, Х.Піларчык, Дз.Фішэр-Дзіскаў, І.Борк, А.Шлем, А.Ротэнбергер, Г.Прэй, Л.Поп; піяністы В.Бакгаўз, В.Кемпф; віяланчэліст З.Пальм, трубач А.Шэрбаўм. Вядучыя муз. т-ры: Баварская дзярж. опера ў Мюнхене, Гамбургская дзярж. опера, Вюртэмбергскі оперны т-р у Штутгарце, Ням. опера на Рэйне (Дзюсельдорф); Штутгарцкі балет, Вупертальскі т-р танца і інш.Сімф. аркестры Баварскага і Паўн.-герм. радыё. Працуюць Вышэйшыя муз. школы ў Мюнхене, Гамбургу, Штутгарце і інш. Праводзяцца муз. фестывалі, конкурсы і сімпозіумы па муз. навуцы, выканальніцтве і педагогіцы. У Дармштаце адкрыты Міжнар.Цэнтр. джаза (1983).
Тэатр. Вытокі ням.т-ра ў нар. гульнях і абрадах. У сярэднія вякі ў гарадах развівалася мастацтва вандроўных акцёраў — шпільманаў. Асн. жанрамі т-ра, як і ў большасці краін Зах. Еўропы, былі літургічная драма, містэрыя, маралітэ і фарс, які прыняў у Германіі форму масленічнай гульні — фастнахтшпіля. З канца 16 ст. пашыраны трупы вандроўных англ., потым верхненям. камедыянтаў, якія паўплывалі на развіццё прафес.т-ра. У паказы шырока ўводзіліся інтэрмедыі з удзелам персанажаў нар.т-ра Гансвурста і Пікельгерынга. У 17 ст. ўзніклі школьны т-р езуітаў і пратэстантаў, шматлікія т-ры ў ням. княствах. У 1660-я г. паявілася першая прафес. трупа, т.зв. «Славутая банда» І.Фельтэна. Т-р 18 ст. развіваўся пад уплывам асветніцкай ідэалогіі і класіцызму. Трупа актрысы К.Нойбер і драматурга І.К.Готшэда, т.зв. Лейпцыгская школа акцёрскага мастацтва, перанесла на ням. сцэну прынцыпы франц. класіцысцкага т-ра. Дэмакр. тэндэнцыі ў т-ры развівалі трупы І.Ф.Шонемана і Г.Г.Коха (у трупе Коха сфарміраваўся жанр нар.муз.т-ра зінгшпіль). З творчасцю вядомых акцёраў К.Экгафа і Ф.Л.Шродэра ў Гамбургскім нац. т-ры (1767—68) звязана ажыццяўленне маст. праграмы рэфарматара ням.сцэн. мастацтва ў духу асветніцкага рэалізму Г.Э.Лесінга. У канцы 18 — пач. 19 ст. панавала мангеймская школа акцёрскага мастацтва на чале з акцёрам, рэжысёрам і драматургам А.В.Іфландам, якой уласціва жанрава-быт. манера выканання. Эстэт. прынцыпы вял. дзеячаў ням.т-ра І.В.Гётэ і Ф.Шылера рэалізаваны ў Веймарскім прыдворным т-ры, якім у 1791—1817 кіраваў Гётэ. Веймарская школа сцвярджала т-р высокага мастацтва, асветніцкі па змесце і класіцысцкі па форме. У 1-й пал. 19 ст.ням.т-р развіваўся ў кірунку рамантызму (драматургі А. і Ф.Шлегелі, Г. фон Кляйст, Э.Т.А.Гофман, акцёры І.Флек і Л.Дэўрыент), у рэжысуры і акцёрскім мастацтве пераважалі рэаліст. тэндэнцыі (К.Л.Імерман, К.Зайдэльман). У 1860—70-я г. прыдворныя т-ры саступілі месца гарадскім і прыватным. Высокай пастановачнай культурай вызначаліся спектаклі Майнінгенскага гар.т-ра (у 1871—91 рэж. Л.Кронек). Вядучыя берлінскія т-ры: Нямецкі т-р (1883, у 1894—1904 узначальваў О.Брам, з 1905 М.Райнгарт), «Свабодны тэатр» Брама (1889), «Свабодная нар. сцэна» («Фрэе фольксбюнэ», 1890). Сярод акцёраў канца 19 — пач. 20 ст. Л.Барнай, А.Басерман, Ф.Гаазе, А.Зорма, І.Кайнц, А.Моісі, Э.Посарт, Э.Райхер. 1-я сусв. вайна прывяла тэатр. мастацтва да глыбокага крызісу. У 1920-я г. ў т-ры панаваў экспрэсіянізм. У 2-й пал. 1920-х г. набылі пашырэнне рабочыя і самадз. т-ры. З 1933 т-р у Германіі стаў сродкам фаш. прапаганды. Пасля разгрому фашызму пачалося адраджэнне т-ра. У 1945 пастаўлены першы ў вызваленай Германіі спектакль «Натан Мудры» Лесінга ў Ням. т-ры. У 1946 у Лейпцыгу засн. першы т-р для дзяцей.
У тэатры ГДРвял. ролю адыгралі дзейнасць адроджанага пасля вайны руху «Фольксбюнэ», Брэхта і т-ра«Берлінер ансамбль». 1970—80-я г. прайшлі пад знакам творчасці тэатр. дзеячаў Ф.Зольтэра, А.Ланга, І.Тэншэрта, А.Вейгель, Г.Май, Э.Шаля, К. фон Апена, Г.А.Пертэна і інш. Ставіліся п’есы Брэхта («Дні Камуны», «Турандот, ці Кангрэс абяліцеляў», «Бюшынг»), Ф.Вольфа («Бургамістр Ганна», «Томас Мюнцэр»), П.Гакса («Млынар з Сан-Сусі», «Бітва пад Лабавіцэ», «Смерць Сенекі», «Музы»), Ф.Браўна («Хінцэ і Кунцэ», «Вялікі свет», «Нямецкая сутнасць») і інш.
У рэпертуары т-раў ФРГ п’есы В.Борхерта («На вуліцы перад дзвярыма»), Г.Вайзенборна («Гётынгенская кантата»), Г.Кіпгарта («Сабака генерала», «Справа Роберта Опенгеймера»), П.Хандке («Самаабвінавачванне»), Б.Штрауса («Вядомыя твары і заблытаныя пачуцці», «Трылогія сустрэч»), М.Шпера («Паляўнічыя сцэны ў Ніжняй Баварыі», «Мюнхенская свабода»), Ф.К.Крэтца («Глабальная цікавасць», «Верхняя Аўстрыя») і інш.
Тэатр Германіі 1990-х г. — з’ява складаная і неардынарная. У акцёрскім мастацтве вылучаюцца рэаліст. школа Райнгарта і кірунак, які развівае выпрацаваныя Брэхтам прынцыпы эпічнай акцёрскай школы. Сярод рэжысёраў вызначаюцца Г.Мюлер, В.Энгель, Г.Зайдэль, П.Штайн, Р.Чулі; сярод акцёраў — Ю.Лампе, В.Дрольц, В.Баер, Ф.Роас, П. фон дэр Беек, П.Крэмер, К.Нойхойзер, М.Нойман, С.Тома, Ф.Шэвідзі, Б.Брода, К.Герцаг, М.Гільбіг, Л.Гольбург, Г.Шэфер, Г.Э.Габен і інш. Рэпертуар т-раў складаюць у асн. п’есы класікаў (Шылера, Брэхта, Гётэ) і сучасных ням. драматургаў (В.Буса, Ю.Гроса, Зайдэля, Мюлера, Браўна, К.Гайна, М.Кербля, Л.Троле, Штрауса, Г.Ахтэрнбуша, К.Поля і інш.). Тэатр. сталіцы Германіі — Берлін («Берлінер ансамбль», «Нямецкі тэатр») і Мюнхен («Камершпіле», «Фолькстэатр» і інш.), цікавыя творчыя калектывы працуюць у Гайдэльбергу, Карлсруэ, Фрайбургу, Бадэн-Бадэне, Мангейме, Мюльгайме-ан-дэр-Рур, Гамбургу, Штутгарце, Дрэздэне, Боне.
Кіно. У 1896 пачаўся выпуск дакумент. і маст. фільмаў, асабліва папулярная была прыгодніцкая серыя стужак з удзелам Г.Піля. У 1917 створана і стала цэнтрам ням. кінематаграфіі кінафірма «УФА». Найб. яскравай з’явай ням. кіно 1-й пал. 1920-х г. быў экспрэсіянізм, праграмны фільм якога «Кабінет доктара Калігары» (1921, рэж. Р.Віне). Аснова рэаліст. кінамастацтва ў 1920-я г. — жанр камершпіле (камерная драма). Яго ідэі ўвасобіліся ў фільмах рэжысёраў Г.В.Пабста («Бязрадасны завулак», 1925), Ф.В.Мурнаў («Апошні чалавек», 1925) і інш. У 1930-я г. кіно стала сродкам імперскай прапаганды, а таксама выконвала забаўляльныя функцыі. Пачатак пасляваен. кінавытворчасці ва ўсх.ч. краіны звязаны з дзейнасцю групы «Фільмактыў», створанай у 1945. У 1946 арганізавана кінастудыя «ДЭФА».
Фільмы ГДР канца 1940—60-х г. адзначаны тэматычнай і жанравай разнастайнасцю, паглыбленай увагай даўнутр. свету і псіхалогіі герояў: «Справа Блюма» (1948, рэж. Э.Энгель), «Хлеб наш надзённы», «Мацней за ноч» і «Капітан з Кёльна» (1949, 1954, 1956, З.Дудаў), «Прафесар Мамлок» і «Мне было 19» (1959, 1961, К.Вольф), «Прыгоды Вернера Гольта» (1965, І.Кунерт), «Развітанне» (1968, Э.Гюнтэр). У 1970—80-я г. вылучаліся фільмы антыфаш. тэматыкі, якія закраналі маральныя праблемы, а таксама экранізацыі літ. твораў: «Легенда пра Паўлу і Паўла» (1973, Г.Караў), «Паміж ноччу і днём» (1975, Г.Э.Брант), «Лота ў Веймары» (паводле Т.Мана, 1975) і «Пакуты маладога Вертэра» (паводле І.В.Гётэ, 1976, абодва Гюнтэр), «Мама, я жывы» (1977, Вольф) і інш. Працавалі рэжысёры У.Вайс, І.Гузнер, Р.Зіман, В.Бек, С.Блайвайс, Г.Дзюба, Э.Шлегель, Г.Шольц, М.Экерман, акцёры А.Бюргер, А.Валер, Э.Дункельман, Г.Вольф, Э.Гешанек, В.Кох-Гоге, А.Ланг і інш. Сярод майстроў дакумент. кіно найб. вядомыя А. і А.Торндайк. Здымаліся мультыплікацыйныя і тэлевіз. фільмы. Вышэйшая кінашкола ў Бабельсбергу.
У ФРГ у канцы 1940-х — 60-я г. дэманстраваліся пераважна амер. фільмы і ням. камедыі (развесяляльныя, фільмы жахаў). Найб. цікавыя «Генерал д’ябла» (1955, Г.Койтнер), «Дзяўчына Розмары» (1958, Р.Тыле), «Мы — вундэркінды» і «Прывіды ў замку Шпесарт» (1958, 1961, К.Гофман), «Ружы для пана пракурора», «Кірмаш» і «Мужчынская пагулянка» (1959, 1960, 1964, В.Штаўтэ). Нізкая якасць многіх фільмаў, канкурэнцыя тэлебачання і замежных тэлекампаній прывялі да крызісу. Спробы выйсці з яго шляхам павышэння маст. ўзроўню фільмаў, адмовіцца ад штампаў і схем «кінематографа бацькоў» зрабіла ў сярэдзіне 1960-х г. група маладых кінематаграфістаў, фільмы якіх узнімалі тэмы крызісу грамадства, канфлікту пакаленняў, рэзка адрозніваліся ад стандартнай камерцыйнай прадукцыі. Сярод прадстаўнікоў гэтага кірунку, што атрымаў назву «маладое ням. кіно», рэжысёры А.Клуге, В.Герцаг, Б.Зінкель, А.Брустэлін, Р.В.Фасбіндэр, У.Эдэль, В.Вендэрс, М. фон Трота. Значнымі былі дасягненні ў экранізацыі літ. твораў рэж. Ф.Шлёндарфа («Зганьбаваны гонар Катарыны Блюм» паводле Г.Бёля, 1975; «Бляшаны барабан» паводле Г.Граса, 1979; «Оскар» 1980 за лепшы замежны фільм), В.Петэрсана («Падлодка», паводле аднайм. рамана Л.Г.Бугхайма) і інш. У 1970—80-я г. традыцыі «маладога ням. кіно» прадаўжалі выпускнікі Вышэйшай школы кіно і тэлебачання ў Мюнхене.
У 1990-я г. працуюць кінематаграфісты новага пакалення (Д.Дзёры, І.Фільсмаер, О.Валькес, Г.Дзітл, З.Вортман, К.Шлінгензіф і інш.); здымаюцца дакумент. і мультыплікацыйныя фільмы. З кіно моцна канкурыруе тэлебачанне.
Беларусы ў Германіі. Першая значная хваля бел. эміграцыі ў Германіі на мяжы 19 — 20 ст. была абумоўлена сац.-эканам. прычынамі і мела характар адыходніцтва. У 1890 у Германіі працавала каля 200 беларусаў, у 1900 — 4 тыс., у 1910 — 44 тыс., у 1911 — 108 тыс., у 1912 — больш за 144 тыс.чал. (25% ад агульнай колькасці адыходнікаў). З пач. 1-й сусв. вайны эміграцыйны рух з бел. зямель спыніўся. Ваен. падзеі, Кастр.рэв. 1917, герм. і польск. акупацыі Беларусі абумовілі новую хвалю выездаў у замежжа, у т. л. і ў Германію, дзе на пач. 1919 знаходзілася 30—40 тыс. ваеннапалонных. У міжваен. перыяд склалася і арганізаваная паліт. эміграцыя. У сак. 1919 з Вільні ў Берлін выехаў урад Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), тут дзейнічала Надзвычайная місія БНР, пры якой працавала выд-ва, для ваеннапалонных выходзіла газ. «З роднага краю». Бел. прэс-бюро (1919—25) выдавала інфарм. бюлетэнь на бел. і ням. мовах. З пач. 2-й сусв. вайны ў выніку ваен. дзеянняў на тэр. Польшчы ў палон трапіла 70 — 80 тыс. беларусаў, якія ваявалі ў складзе Войска Польскага. У ліст. 1939 пры мін-ве ўнутр. спраў Германіі створана Беларускае прадстаўніцтва ў Берліне (займалася справамі беларусаў у Германіі і на акупіраваных ёй тэр., выдавала на бел. мове газ. «Раніца»), у 1940 — Бел.к-т самапомачы (пад наглядам ням. улад аказваў беларусам матэрыяльную падтрымку, вёў культ.-масавую і паліт. работу), якія ў чэрв. 1941 заснавалі Беларускі нацыянальны цэнтр. У Берліне дзейнічала Бел.культ. суполка, выходзілі рукапісны час. «Беларускі студэнт» (1942, № 1—2), газ. «Беларускі работнік» (1943 — 44). 2-я сусв. вайна парадзіла 3-ю хвалю эміграцыі. У Германіі апынулася частка насельніцтва, прымусова вывезенага з Беларусі (каля 400 тыс.чал., паводле інш. крыніц — каля 700 тыс.), частка сав. ваеннапалонных і вязняў фаш. канцлагераў. У 1944 сюды выехалі бел. арг-цыі, установы і ваен. фарміраванні, створаныя ў гады ням. акупацыі — Беларуская цэнтральная рада, гал. штаб Саюза беларускай моладзі, сабор епіскапаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, ваен. атрады Беларускай краёвай абароны, частка інтэлігенцыі і святароў. Пасля паражэння фаш. Германіі саюзніцкія акупац. ўлады стварылі ў Зах. Германіі Беларускія лагеры для перамешчаных асоб. Інтарэсы беларусаў у Германіі прадстаўлялі Беларускі нацыянальны камітэт у Рэгенсбургу, Бел.цэнтр. дапамогавы к-т, грамадска-культ. дзейнасць вялі Крывіцкае навуковае таварыства імя Ф.Скарыны, Згуртаванні бел. жанчын і бел. ветэранаў, Бел.культ.-асв. таварыства, канцэртна-эстр. група «Жыве Беларусь» (з 1945 Бел.т-р эстрады), хор бел. студэнтаў у г. Марбург і інш. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49), Мюнхенскае бел. студэнцкае згуртаванне (з 1948). У канцы 1940 — пач. 50-х г. узніклі рэліг. аб’яднанні вернікаў-беларусаў (гл.Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой, Беларускія каталіцкія місіі за мяжой, Беларускія рэлігійныя арганізацыі за мяжой).
На бел. мове выходзілі газеты і часопісы: грамадска-паліт. «Раніца» (з 1939), «Шляхам жыцця» (1946—48), «Рух» (1946—48), «Голас беларусаў» (1947—48), «Беларускае слова» (з 1948, з 1956 у ЗША), «Бацькаўшчына» (1947—66), «Летапіс беларускай эміграцыі» (з 1947, з 1955 у ЗША); літ.-грамадскія «Шыпшына» (з 1946, з 1950 у ЗША), «Сакавік» (1947—48), «Баявая ўскалось» (з 1949, з 1954 у Канадзе); рэлігійныя «Звіняць званы святой Сафіі» (1946—47), «Беларускі царкоўны голас» (1946), «Праваслаўны беларус» (1946 — сярэдзіна 1950-х г.); маладзёжныя «Скаўт» (1946—48), «Скаўцкая інфармацыйная служба» (1946—50), «Юнак» (1946—47); гумарыстычныя «Шарсцень» (1952), «Смехам па галаве» (1946); дзіцячы «Каласкі» (1952—66) і інш. Кнігадрукаванне ажыццяўлялі выд-вы «Бацькаўшчына», «Шыпшына», «Раніца», выдавецкія суполкі «Крыніца», «Заранка», «Рунь» і інш.
У 1951 закончыўся працэс выезду беларусаў з Германіі ў інш. краіны на пастаяннае жыхарства. Адным з цэнтраў бел. эміграцыі стаў Мюнхен. Тут працавалі Бел.ін-т навукі і мастацтва (1955—66), супрацоўнікі якога ўдзельнічалі ў рабоце Ін-та вывучэння СССР і выдавалі «Беларускі зборнік», бел. рэдакцыя радыё «Вызваленне» (з 1954, з 1959 наз. «Свабода», у 1995 пераехала ў Прагу). У 1980-я г.бел.навук.-культ. цэнтрам стаў г. Ляймен, дзе былі створаны Беларускі музей (з 1982), Інстытут беларусаведы.
Літ.:
Смирин М.М. Германия эпохи Реформации и Великой Крестьянской войны. М., 1962;
Германская история в новое и новейшее время. Т. 1—2. М., 1970;
Руге В. Германия в 1917—1933 гг.М., 1974;
Розанов Г.Л. Германия под властью фашизма (1933—1939). М., 1961;
Otto K.-H. Deutschland in der Epoche der Urgesellschaft. Berlin, 1960;
Gebhardt B. Handbuch der deutschen Geschichte. Bd. 1—4. Stuttgart, 1954—60;
Stern L., Bartmuß H.-J. Deutschland in der Feudalepoche von der Wende des 5./6. Jh. bis rur Mitte des 11. Jh. Berlin, 1964;
История немецкой литературы. Т. 1—5. М., 1962—76;
История литературы ФРГ. М., 1980;
История литературы ГДР. М., 1982;
Сакалоўскі У. Пара станаўлення. Мн., 1986;
Яго ж. Беларуская літаратура ў ГДР. Мн., 1988;
Яго ж. Восприятие современной белорусской литературы в ГДР и ФРГ // Современные славянские культуры: развитие, взаимодействие, международный контекст: Материалы междунар. конф. ЮНЕСКО. Киев, 1982;
Либман М.Я. Немецкая скульптура, 1350—1550. М., 1980;
Яго ж. Дюрер и его эпоха: Живопись и графика Германии конца XV и первой половины XVI в. М., 1972;
Ювалова Е.П. Немецкая скульптура, 1200—1270. М., 1983;
Ёдике Ю. История современной архитектуры: Пер. с нем. М., 1972;
[Kuhirt U.] Kunst der DDR. Bd. 1—2. Leipzig, 1982—83;
Грубер Р.И. История музыкальной культуры. Т. 2, ч. 2. М., 1959;
Ферман В.Э. Немецкая романтическая опера // Ферман В.Э. Оперный театр. М., 1961;
Кершнер Л. Немецкая народная музыка. М., 1965.
М.С.Вайтовіч (прырода, гаспадарка), М.Г.Елісееў (гісторыя да 1918 і пасля 1945), П.А.Шупляк (гісторыя 1918—45), А.П.Ткачэнка (друк, радыё, тэлебачанне), У.Л.Сакалоўскі (літаратура), Я.Ф.Шунейка (выяўл. мастацтва), В.М.Козел (тэатр), А.С.Ляднёва (беларусы ў Германіі).
Герб і сцяг Германіі.Даарт.Германія. 1 — Баварскія Альпы з вяршыняй Цугшпітцэ; 2 — нафтаперапрацоўчы завод на Рэйне; 3 — ландшафт на поўначы краіны.Даарт.Германія. Кафедральны сабор у Ахене. 9—10 ст.Даарт.Германія. Дом у Боне, дзе нарадзіўся Л.Бетховен.Даарт.Германія. Ансамбль Цвінгер у Дрэздэне. «Павільён на вале». Арх. М.Д.Пёпельман. 1711—22.Даарт.Германія. Фахверкавы жылы дом на Рыначнай плошчы ў Веймары. 15 ст.Даарт.Германія. Палац Аўгустусбург у г. Бруль. 1725—34.Даарт.Германія. Франкфурт-на-Майне.Даарт.Германія. Будынак філарманічнай залы ў Берліне. 1964.Даарт.Германія. Дзяржаўная галерэя ў Штутгарце. 1983.Даарт.Германія. О.Браўзеветэр. Прускі фельдмаршал Л. фон Вартэнбург заклікае народ у 1813 у Кёнігсбергу да ўсеагульнага ўзбраення супраць Напалеона. 1888.Даарт.Германія. К.Фрыдрых. Першы снег. 1828.Даарт.Германія. Л.Кранах Старэйшы. Мадонна з дзіцем пад яблыняй. 1550-я г.Даарт.Германія. А.Альтдорфер. Бітва Аляксандра Македонскага з Дарыем. 1529.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСПАРТ
Транспартная сістэма. На Беларусі развіты практычна ўсе віды сучаснага транспарту — чыгуначны, аўтамабільны, паветраны, рачны (унутр. водны), трубаправодны, гарадскі электрычны (гл. карту). Як адна з эканам. падсістэм нар.-гасп. комплексу ён служыць матэрыяльнай базай вытворчых сувязей паміж асобнымі рэгіёнамі ўнутры краіны і за яе межамі для абмену таварамі, выступае як фактар, які арганізуе агульную эканам. прастору і забяспечвае далейшую рэалізацыю тэр. падзелу працы. Транспарт агульнага карыстання задавальняе патрэбы ўсіх галін эканомікі і насельніцтва ў перавозках грузаў і пасажыраў, перамяшчае розныя віды прадукцыі паміж вытворцамі і спажыўцамі, ажыццяўляе агульнадаступнае транспартнае абслугоўванне насельніцтва. Транспарт неагульнага карыстання (ведамасны) прызначаны, як правіла, для перавозак грузаў і пасажыраў свайго прадпрыемства, аб’яднання (асацыяцыі, канцэрна і г.д.).
У структуры трансп. комплексу рэспублікі ёсць прамысл. прадпрыемствы, якія забяспечваюць функцыянаванне аўтамаб., воднага, паветранага і чыг. транспарту. Дзейнасць такіх прадпрыемстваў накіравана на буд-ва і рамонт рачных суднаў і суднаў прыбярэжнага (рака—мора) плавання, рамонт рухомага саставу аўтамаб. і паветранага транспарту, выраб запасных частак, тэхнал. абсталявання і спецыялізаванага рухомага саставу аўтамаб. транспарту, а таксама на буд-вапрамысл., жыллёва-грамадз., грамадскіх і культ.-быт. памяшканняў, новых чыг. і пад’язных пуцей, рэканструкцыю чыг. станцый і вузлоў, электрыфікацыю чыг. магістралей.
Развіццё транспарту цесна звязана з агульнай дынамікай вытворчасці, яе галіновай і тэр. структурай, тэмпамі і прапорцыямі сац.-эканам. развіцця краіны. Паказчыкі аб’ёму перавозак грузаў і пасажыраў, груза- і пасажыраабароту разглядаюцца як асн. ўскосныя крытэрыі ацэнкі стану эканомікі краіны.
Транспартную сетку Беларусі ўтвараюць 5522 кмчыг. ліній агульнага карыстання, у т. л. 894 км электрыфікаваных; 81,2 тыс.кмаўтамаб. дарог, у т. л. 70,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; 102,1 км трамвайных, 489,5 км тралейбусных, 23,7 км метрапалітэнных ліній; 6,7 тыс.км магістральных газаправодаў, 2,9 тыс.км нафтаправодаў, 1,2 тыс. нафтапрадуктаправодаў; сотні тэхнічна аснашчаных чыг. станцый, аўтавакзалаў і інш. У структуры валавога ўнутр. прадукту на транспарт прыпадала 9,5%. У 2003 аб’ём перавозак грузаў на ўсіх відах транспарту агульнага карыстання склаў 321,5 млн.т, пасажыраў — 2718,8 млн.чал. У параўнанні з 1990 ён значна скараціўся, але з 1995 назіраецца тэндэнцыя росту гэтых паказчыкаў на чыг. транспарце. У параўнанні з 1995 павялічыліся перавозкі пасажыраў аўтобусным, тралейбусным, трамвайным і метрапалітэнным транспартам. У 2003 на транспарце працавала 285 тыс.чал., або 6,6% усіх занятых у эканоміцы (асн. паказчыкі дзейнасці транспарту агульнага карыстання Беларусі гл. ў табл. 1—5).
Чыгуначны транспарт. Першай чыгункай (участак даўж. 53 км), якая прайшла па тэр. Беларусі (праз Гродна), была Пецярбургска-Варшаўская, пабудаваная ў 1862. У 1866 адкрыты рух на Дзвінска-Полацка-Віцебскім участку Рыга-Арлоўскай чыгункі працягласцю 260 км. У 1870-я г. пабудавана найважнейшая ў эканам. і ваен. адносінах Маскоўска-Брэсцкая магістраль, якая перасекла тэр. Беларусі з усходу на захад; участак Смаленск—Орша—Баранавічы—Брэст склаў 636 км. У 1871—74 здадзены ў эксплуатацыю Лібава-Роменская магістраль праз Вільню, Маладзечна, Мінск, Асіповічы, Бабруйск, Жлобін; працягласць лініі на тэр. Беларусі 550 км. У 1873 праз Брэст і Ковель на Кіеў прайшла Прывіслінская чыгунка; на тэр. Беларусі яе даўжыня 64 км. Пабудаваная ў 1882 чыгунка Пінск—Жлобін злучыла палескія чыгункі з Маскоўска-Брэсцкай магістраллю, а чыгунка Лунінец—Гомель (1886) — з Любава-Роменскай. У тым жа годзе скончана буд-ва чыгункі Беласток—Баранавічы. У 1877 здадзена ў эксплуатацыю лінія Гомель—Бранск, а ў 1896 — Асіповічы—Старыя Дарогі. У 1902 чыгуначная сетка на тэр. Беларусі склала 2752 км.
У пач. 20 ст. чыгункі Беларусі складалі 8% чыг. сеткі еўрап. часткі Расіі, у той час як яе тэр. — 9,9%. Па гушчыні чыгунак яна займала адно з першых месц у Расіі. Узніклі буйныя чыг. вузлы: Мінск, Віцебск, Гомель, Орша, Жлобін, Лунінец, Брэст, Баранавічы і інш. З 1890 па 1900 аб’ём перавозак па чыгунках Беларусі павялічыўся амаль у 2 разы, у т. л. хлебных грузаў — у 2,7, а лясных матэрыялаў — у 12 разоў. У 1913 працягласць чыгунак на Беларусі склала 3,8 тыс.км (прыкладна 70% яе сучаснай сеткі). У перыяд 1-й сусв. вайны ўсе абаронныя прадпрыемствы і чыг. транспарт пераведзены на ваеннае становішча, праводзілася рэканструкцыя старых чыгунак і будаваліся новыя — уздоўж лініі фронту. У 1920—30-я г. пабудаваны чыгункі Унеча—Крычаў—Орша—Лепель, Крычаў—Магілёў—Асіповічы—Слуцк і інш. У 1940 эксплуатацыйная даўжыня чыгунак агульнага карыстання склала 5,74 тыс.км і ў параўнанні з 1913 вырасла на 1,93 тыс.км Пабудаваны новыя чыг. лініі: Камунары—Орша, Гомель—Чарнігаў, Асіповічы—Магілёў. У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, пабудавана чыг. ветка Варапаева—Друя даўжынёй 89 км. Да канца 1945 эксплуатацыйная даўжыня чыгунак складала больш за 5 тыс.км, або амаль 87% даваеннага ўзроўню.
У сярэдзіне 1980-х г. сетка чыгунак на Беларусі склала больш за 5,5 тыс.км, у т. л. 830 км было электрыфікавана. Больш стала перавозіцца грузаў у кантэйнерах і пакетах, шырэй укаранялася аўтаматыка і тэлемеханіка. Гал. ролю адыгрывала чыгунка Масква—Мінск—Брэст. Важнымі таксама былі дарогі Бахмач—Гомель—Мінск—Маладзечна—Вільнюс—Ленінград—Мінск, Ленінград—Віцебск—Магілёў—Кіеў, Вільнюс—Баранавічы—Роўна, Гомель—Брэст і інш. Былі электрыфікаваны чыгункі Мінск—Барысаў—Орша, Мінск—Пухавічы, Мінск—Стоўбцы і інш.
Бел. чыгунка зручна злучаецца з чыг. сеткай прыбалт. дзяржаў, з краінамі СНД, Зах. Еўропы (праз Польшчу).
Праз Беларусь праходзіць самы кароткі шлях, што злучае Цэнтр. Расію з Калінінградскай вобл. (лінія Масква—Мінск—Маладзечна—Літва—Калінінград). Чыг. шляхі агульнага карыстання рэспублікі маюць працягласць 5,5 тыс.км, у т. л. двухпутныя — 1,6 тыс.км (28,5%), з якіх больш за палавіну (0,864 тыс.км) электрыфікаваны па напрамках Брэст—Краснае, Мінск—Маладзечна, Мінск—Асіповічы. Удзельная вага электрычнай цягі ў агульным аб’ёме чыг. транспарту складае 37,2%, тады як у Швейцарыі яна раўняецца 99%, Швецыі — 95, Польшчы — 78,6, Германіі — 87,6, Балгарыі — 82,5, Фінляндыі — 52,4, Бельгіі — 52,6, Вялікабрытаніі — 55, Венгрыі — 61, Грузіі і Арменіі — 100%. На 1.1.2002 працягласць электрыфікаваных ліній на Беларусі складала 16,2% эксплуатацыйнай даўжыні (у Балгарыі — 63,1, Польшчы — 58,8, Германіі — 49,5, Францыі — 44,9, Вялікабрытаніі — 30,4%). Шчыльнасць чыгунак 26,7 км на 1000 кмтэр. краіны, што дазваляе забяспечыць эфектыўнае функцыянаванне яе эканомікі. Разгалінаванасцю чыг. сеткі забяспечаны доступ каля 40% населеных пунктаў краіны дачыг. станцый. Доля такіх населеных пунктаў у Магілёўскай вобл. складае 50%, у Гродзенскай — 21%. Аднак шэраг гарадоў размешчаны ад бліжэйшай чыг. станцыі на адлегласці, якая перавышае гадзінную даступнасць — 30 км (Расоны, Ушачы, Сураж, Бягомль, Слаўгарад, Краснаполле, Бялынічы, Лоеў, Лельчыцы, Карма і інш.). Тэхн. аснашчанасць Бел. чыгункі па асн. параметрах адпавядае еўрастандарту: 30% эксплуатацыйнай даўжыні чыг. шляхоў складаюць двухпутныя лініі, 67% агульнай эксплуатацыйнай даўжыні чыгункі абсталявана аўтаблакіроўкай, з якіх 58,5% — дыспетчарскай цэнтралізацыяй, 34% — паўаўтам. блакіроўкай, 97,7% стрэлак уключана ў электрычную цэнтралізацыю, а 4,1 тыс.км абсталяваны ўстройствамі аўтам. лакаматыўнай сігналізацыі, маецца 7 механізаваных сартавальных горак.
У склад Бел. чыгункі ўваходзіць 6 аддзяленняў (унітарных прадпрыемстваў), якія аб’ядноўваюць 384 буйныя і малыя станцыі, 17 лакаматыўных дэпо, 12 вагонных дэпо, 20 дыстанцый пуці, 14 дыстанцый сігналізацыі і сувязі, 7 дыстанцый электразабеспячэння, а таксама інш. прадпрыемствы. Бел. чыгунка з’яўляецца членам міжурадавай Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак (з 1992) і Савета па чыг. транспарце дзяржаў СНД і краін Балтыі (з 1992).
Аўтамабільны транспарт. На Беларусі ўзнік у канцы 1920-х г. У 1933 аўтапарк меў 906 аўтамашын, у т. л. 627 грузавых. У 1940 толькі ва ўсх. абласцях Беларусі колькасць грузавых аўтамабіляў павялічылася ў 37,5 раза ў параўнанні з 1928 і склала 23 512. Працягласць аўтамаб. дарог з цвёрдым пакрыццём за даваенныя гады ў параўнанні з 1913 вырасла ў 3,2 раза і склала 11,2 тыс.км. У 1990 эксплуатацыйная даўжыня аўтадарог агульнага карыстання склала 46,9 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 46,3 тыс.км. Аб’ём перавозак грузаў у параўнанні з 1975 павялічыўся на 74,1%, пасажыраў аўтобусамі — амаль у 2 разы. Удзельная вага грузаабароту аўтамаб. транспарту склала 22,4% ад агульнага аб’ёму грузаабароту ўсіх відаў транспарту, пасажыраабароту — 46,4% ад яго агульнага аб’ёму.
Сярод развітых у дарожных адносінах краін Еўропы Беларусь займае 15-е месца па шчыльнасці дарог агульнага карыстання і 12-е месца па іх працягласці на 1000 жыхароў. Вядучае месца ў дарожнай сетцы займаюць дарогі рэсп. значэння, іх працягласць каля 20 тыс.км. На дарогах агульнага карыстання маецца каля 5 тыс. мастоў і пуцеправодаў. У 2002 парк рухомага саставу агульнага карыстання і таго, што знаходзіцца ў асабістай уласнасці, складаў каля 21 тыс. аўтобусаў, 64 тыс. грузавых аўтамабіляў і 1468 тыс. легкавых аўтамабіляў усіх форм уласнасці. Доля аўтамаб. транспарту ў агульным тавараабароце (без газаправоднага) склала 9,1% (2000). Пасажырскімі перавозкамі ахоплена больш за 100 буйных населеных пунктаў, у 9 з іх акрамя аўтамаб. выкарыстоўваецца электрычны транспарт. У краіне арганізаваны 732 гарадскія рэгулярныя аўтобусныя маршруты, 2585 прыгарадных маршрутаў, 526 міжгародніх і 82 міжнар. маршруты.
Агульная працягласць маршрутнай сеткі складае каля 240 тыс.км. Аўтамаб. перавозкі забяспечваюць перамяшчэнне больш чым 79% грузаў ад іх агульнага аб’ёму. Перавозкі пасажыраў аўтобусным транспартам складаюць больш за 1500 млн. чалавек за год, або 55% ад усіх перавозак транспартам агульнага карыстання. Усяго пасажырскім аўтамаб. транспартам агульнага карыстання перавозіцца амаль у 9 разоў больш пасажыраў, чым чыг. транспартам. Галоўным чынам гэта перавозкі аўтобусамі на гар. і прыгарадных маршрутах. Па пасажыраабароце аўтамаб. транспарт саступае чыгуначнаму, які перавозіць пасажыраў на вял. адлегласці па міжнар., мясц. і прыгарадных маршрутах.
У міжнар. аўтобусных зносінах нац. транспарт прадстаўлены маршрутамі: Гомель—Брэмен, Мінск—Беласток, Мінск—Варшава, Мінск—Вільнюс, Мінск—Рыга, Мінск—Тбілісі. Транспартныя перавозкі пасажыраў ажыццяўляюцца транспартам Германіі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Румыніі і інш. У 2001 бел. перавозчыкамі выканана 465,5 тыс. паездак у 38 краін, у т. л. 52,5% паездак у 26 краін Еўропы, 41,4% — у 9 краін СНД і 6,1% — у 3 краіны Балтыі; каля 90% паездак прыпадае на 6 краін: Расію, Польшчу, Германію, Літву, Украіну і Нідэрланды. Павелічэнню аб’ёмаў міжнар. перавозак садзейнічаюць заключаныя Рэспублікай Беларусь з дзяржавамі Зах. і Усх. Еўропы міжурадавыя пагадненні аб міжнар.аўтамаб. зносінах, а таксама яе ўдзел у рабоце Еўрап. канферэнцыі міністраў транспарту. З 1998 павялічваюцца паездкі бел. перавозчыкаў у краіны Сярэдняй Азіі і ў Грузію. Паступова пачынаюць асвойвацца трансп. рынкі краін Паўн. і Паўн.-Зах. Еўропы (Вялікабрытанія, Фінляндыя, Швецыя), краін Балканскага паўвострава (Грэцыя, Македонія, Харватыя, Сербія і Чарнагорыя). Рост экспарту трансп. паслуг і павелічэнне колькасці транзітных паездак замежных грамадзян па тэр. Рэспублікі Беларусь садзейнічае развіццю прыгранічнай інфраструктуры, стварэнню сервіснай сеткі аўтастаянак, аўтазаправачных станцый, гасцініц і кафэ.
Рачны транспарт. Плямёны, што жылі на тэр. Беларусі, здаўна карысталіся воднымі шляхамі для абмену таварамі з жыхарамі Прыбалтыкі, Прычарнамор’я, Прыкаспія. Па Дняпры і Зах. Дзвіне праходзіў шлях «з варагаў у грэкі», які звязваў Прыбалтыку і Скандынавію з Візантыяй, а таксама ўсходнеслав. землі паміж сабой Вялікі водны шлях, які праходзіў праз землі Полацкага, Тураўскага, Смаленскага княстваў, садзейнічаў іх эканам. развіццю. Водным шляхам з Беларусі ў Расію вывозілі лён, пяньку, мёд, воск, на Украіну — лес і прадукты лясной гаспадаркі, а ў адваротным напрамку везлі пшаніцу, тытунь, жывёлу. Акрамя гал. воднага шляху ў напрамку поўдзень—поўнач па Дняпры і Зах. Дзвіне існавалі яго адгалінаванні на захад па прытоках Дняпра — Бярэзіне і Прыпяці — да Нёмана і Буга, паміж імі таксама былі волакі. Выкарыстоўваліся і водныя шляхі мясц. значэння, што праходзілі па шматлікіх рэках і іх прытоках. З цягам часу волакі станавіліся асновай сухапутных шляхоў, якія звязвалі гарады паміж сабой і з навакольнымі сёламі Рачны транспарт быў найб. танным сродкам гандл. сувязей. У 2-й пал. суднаходства па рэках Беларусі набыло далейшае развіццё ў сувязі з выкарыстаннем Агінскага канала, які праз Шчару, Ясельду і Прыпяць злучыў Нёман з Дняпром. У 1797 пачалося буд-ва Бярэзінскага канала, які злучыў басейны Дняпра і Зах. Дзвіны. Па Прыпяці і Зах. Бугу ажыццяўляліся гандл. сувязі з Польшчай і Чэхіяй. Для асваення лясных масіваў і вывазу драўніны на Беларусі пабудаваны Бярэзінская водная сістэма, Агінскі, Аўгустоўскі і Дняпроўска-Бугскі каналы. Паравое суднаходства на Дняпры і Прыпяці вядзецца з 1850, калі пасажырскі параход «Вісла» пачаў рэгулярныя рэйсы паміж Пінскам і Краменчугом. У 1905 даўжыня суднаходных шляхоў складала 4403 км, для лесасплаву выкарыстоўвалася 9890 км рэк і каналаў. У міжваенны перыяд уведзена ў дзеянне Дняпроўска-Дзвінскае рачное параходства, пабудаваны Гомельскі рачны порт, рэканструяваны шэраг партоў і прыстаней на Дняпры, Зах. Дзвіне, Прыпяці, Бярэзіне, адкрыты пасажырскі маршрут Гомель—Кіеў. За 7 мес 1940 быў адноўлены Дняпроўска-Бугскі канал працягласцю 202 км, праведзена значная работа па паляпшэнні суднаходства па Нёмане. Паравыя судны замяняліся газагенератарнымі, рачны флот папоўніўся значнай колькасцю маторных суднаў, самаходных баржаў і буксірных параходаў. У 1940 даўжыня суднаходных шляхоў склала 3,7 тыс.км, працавалі 103 самаходныя і 229 несамаходных адзінак. У Вял.Айч. вайну амаль увесь рачны флот затоплены ці спалены, парты, суднарамонтныя прадпрыемствы, гідратэхн. збудаванні разбураны. У 1946—50 рачны транспарт адноўлены Пачаліся рэканструкцыя і буд-ва новых гідратэхн. збудаванняў, партоў, прыстаней, развіццё суднабудавання. У 1978 пабудаваны суднаходны канал ад Прыпяці да камбіната нярудных матэрыялаў «Мікашэвічы» (Лунінецкі р-н).
Рачны транспарт забяспечвае перавозкі грузаў і пасажыраў на ўнутр. водных шляхах працягласцю каля 2000 км у прырэчныя пункты і перапрацоўку грузаў у 10 рачных партах, размешчаных у басейнах усіх суднаходных рэк Рэспублікі Беларусь: Прыпяць, Дняпро, Сож, Бярэзіна, Нёман, Зах. Дзвіна. Суднаходнымі шляхамі Беларусь звязана з усімі памежнымі з ёй краінамі. Найб. значэнне ў перавозках грузаў і пасажыраў маюць рэкі Дняпро, Прыпяць, Бярэзіна, Сож, Зах. Дзвіна, Нёман, а таксама Дняпроўска-Бугскі канал. Па сваіх магчымасцях інтэграцыі ў сусв. транспартную суднаходную сетку маюць камерцыйнае значэнне толькі рэкі Прыпяць і Дняпро, якія дазваляюць выконваць перавозку экспартна-імпартных грузаў (калійныя ўгнаенні, кухонная соль, руда, вугаль, сапрапель) у прыдунайскія краіны і чарнаморскія парты. Ізаляванасць басейнаў і адсутнасць паміж імі штучных водных злучэнняў неспрыяльна ўплываюць на арганізацыю камерцыйнай дзейнасці і робяць рачныя перавозкі менш эфектыўнымі (па манеўранасці, хуткасці), чым перавозкі інш. відамі транспарту.
Агульная працягласць эксплуатацыйных водных шляхоў Беларусі менш за 2 тыс.км. Яны поўнасцю выкарыстоўваюцца для суднаходства транспартам агульнага карыстання на працягу ўсёй навігацыі. Па габарытах суднавога ходу каля 700 км водных шляхоў адносяцца да магістральных участкаў рэк; астатнія ўчасткі рэк з прытокамі адносяцца да малых рэк. Рэгулярнае кругласутачнае суднаходства ажыццяўляецца па водных шляхах з асвятляльнымі і святлоадбівальнымі знакамі навігацыйнага абсталявання працягласцю менш за 500 км. Дзейнічаюць рачныя парты: Гомельскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Магілёўскі, Пінскі, Мазырскі, Мікашэвіцкі, Рэчыцкі. Грузавы флот рачнога транспарту прадстаўлены буксірнымі і несамаходнымі суднамі, рэйдавы і буксірны флот — буксірамі-штурхачамі. Пасажырскі флот мае скарасныя судны на падводных крылах тыпу «Ракета», «Палессе» і інш.
У агульным пасажыраабароце Рэспублікі Беларусь унутр. водны транспарт займае апошняе месца. За 1990—2001 яго пасажыраабарот знізіўся з 29,5 да 1,9 млн. пасажыраў. Асн. фактарамі, якія стрымліваюць нарошчванне аб’ёмаў перавозак рачным транспартам, з’яўляюцца недастатковыя габарыты суднавога ходу і ступеньчатасць яго глыбінь. Асабліва характэрна ваганне гарантаваных глыбінь для асн. рачной транспартнай магістралі рэспублікі — Дняпроўска-Бугскага воднага шляху, па якім выконваецца больш як 70% грузаабароту.
Паветраны транспарт. Першая трансп. авіялінія Мінск—Глуск—Парычы—Мазыр адкрыта ў 1932 (курсіравалі 3 самалёты По-2, пераважна вазілі пошту). У 1933 адкрыты Мінскі аэрапорт. У 1934 урад Беларусі зацвердзіў сетку мясц. паветраных ліній: Мінск—Старыя Дарогі—Глуск—Парычы—Азарычы—Мазыр—Нароўля—Хойнікі—Брагін—Камарын—Лоеў—Рэчыца—Гомель—Мінск; Гомель—Чачэрск—Карма—Журавічы—Клімавічы—Хоцімск—Касцюковічы—Краснаполле—Гомель; Мінск—Халопенічы—Сянно—Бешанковічы—Віцебск—Полацк—Ушачы—Лепель—Мінск; Мінск—Горкі—Чавусы—Мінск. У ліп. 1936 пачаліся рэгулярныя паштова-пасажырскія паветраныя зносіны паміж Мінскам і Масквой. У 1940 здадзены ў эксплуатацыю аэрапорты ў Баранавічах, Бабруйску, Вілейцы, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Пінску і інш.; створана Бел. авіягрупа Грамадз. паветранага флоту, якая ажыццяўляла перавозку 3851 пасажыра і 337,9 т пошты. У 1944 пабудаваны аэрадромы і пасадачныя пляцоўкі ў Баранавічах, Давыд-Гарадку, Століне, Івянцы, Карэлічах, Клецку, Нясвіжы і інш.Да канца 1945 адноўлены ўсе даваенныя паветраныя лініі. За 1970—85 грузаабарот і перавозкі пасажыраў паветраным транспартам павялічыліся ў 3 разы. Авіяцыя ўсё часцей стала выкарыстоўвацца ў лясной і сельскай гаспадарцы, аб’ём авіяхім. работ павялічыўся з 1,8 млн.га у 1970 да 5,8 млн.га у 1985. У гэтыя гады авіясувязь устаноўлена з усімі абл. цэнтрамі Беларусі і большай часткай раённых цэнтраў, з большасцю буйных гарадоў СССР.
Па аб’ёмах перавозак грузаў і пошты паветраны транспарт Беларусі займае 7-е месца, а па колькасці пасажыраў — 9-е сярод краін СНД. Буйнейшым пасажырскім авіяперавозчыкам Беларусі з’яўляецца Нац. авіякампанія (НАК) «Белавія», якая ажыццяўляе каля 69% ад усяго аб’ёму пасажырскіх перавозак на паветраных лініях. Яна з’яўляецца членам Міжнар. асацыяцыі паветранага транспарту, якая аб’ядноўвае больш як 200 авіякампаній свету. Сярод партнёраў «Белавіі» — авіякампаніі «Аэрафлот» (Расія), «Люфтганза» (Германія), «ЛОТ» (Польшча), «Аўстрыйскія авіялініі», «Аэр-Лінгус» (Ірландыя) і інш. Рэспубліка Беларусь падпісала 32 міждзярж. пагадненні аб паветраных зносінах. Паміж авіяцыйнымі адміністрацыямі Беларусі і Расіі дасягнуты дамоўленасці па пытаннях сумеснай тарыфнай палітыкі, падрыхтоўкі спецыялістаў па рамонце авіяцыйнай тэхнікі, узаемным прызнанні пасведчанняў, сертыфікатаў і інш. дакументаў. У якасці каардынуючага органа ў галіне паветранага транспарту створаны Савет грамадз. авіяцыі Беларусі і Расіі.
Рэспубліка Беларусь валодае сеткай аэрапортаў, з якіх пракладзены авіямагістралі ў 30 гарадоў СНД, а з міжнар. аэрапорта «Мінск-2» выконваюцца рэйсы ў шэраг гарадоў Еўропы (Мюнхен, Франкфурт-на-Майне, Берлін, Вена, Варшава і інш.), Азіі (Пекін, Тэль-Авіў і інш.) і Амерыкі (Нью-Йорк). Павялічваецца доля замежных авіякампаній у асваенні міжнар. авіяліній рэспублікі; яны выконваюць пастаянныя рэйсы ў аэрапорт «Мінск-2» з Варшавы, Франкфурта-на-Майне, Цюрыха, Берліна, Мюнхена, Вены і Гамбурга.
Трубаправодны транспарт. На тэр. Беларусі функцыянуюць магістральныя трубаправоды па перапампоўванні прыроднага газу, нафты, бензіну і дызельнага паліва. Магістральныя трубаправоды, якія забяспечваюць перапампоўванне нафты, маюць працягласць 3 тыс.км, прыроднага газу — 6,7 тыс.км і нафтапрадуктаў — 1,2 тыс.км (2002). Транспарціроўку нафты і прыроднага газу для патрэб эканомікі Рэспублікі Беларусь і інш. краін ажыццяўляюць гомельскія і наваполацкія прадпрыемствы транспарту нафты «Дружба» і дзярж. прадпрыемства «Белтрансгаз». Працягласць магістральных нафтаправодаў у аднанітачным вылічэнні складае па гомельскім прадпрыемстве 1,8 тыс.км, па наваполацкім — 1,1 тыс.км (2002).
Першы нафтаправод ад здабыўных раёнаў Паволжа прайшоў праз Мічурынск і Унечу на Крычаў—Оршу—Полацк і далей у Прыбалтыйскі эканам. раён да Вентспілса. Другая лінія прайшла праз Мазыр да Брэста і далей у Польшчу і Германію; ад Мазыра яго галіна ідзе на паўд. захад праз Ельскі р-н у Валынскую вобл. Украіны і далей за мяжу. Гэтая вял. «нафтавая рака» атрымала назву нафтаправод «Дружба»; яго працягласць 5 тыс.км (найбуйнейшы ў свеце) пры дыяметры труб 1020 мм. Гэты нафтаправод пабудаваны ў 1960. Другая лінія нафтаправода з дыяметрам труб 1220 мм пабудавана у 1972—75. Нафтаправод «Дружба» забяспечвае сырой нафтай полацкі, мазырскі, мяжэйкяйскі нафтаперапрацоўчыя заводы. Транзіт сырой нафты ажыццяўляецца па напрамках: гомельскае прадпрыемства — Адамава Застава (Расія) — Мазыр—Польшча—Германія з адгалінаваннем на Украіну, Венгрыю, Славакію, Чэхію, Адрыю (праз Броды); наваполацкае прадпрыемства — Сургут—Полацк з адгалінаваннямі на Наваполацк, Мажэйкяй (Літва), Вентспілс (Латвія).
У Рэспубліцы Беларусь функцыянуюць 3 магістральныя нафтапрадуктаправоды, па якіх ажыццяўляецца перапампоўванне дызельнага паліва і бензіну: Унеча—Полацк, Унеча—зах. граніца, Наваполацк—Мінск (Фаніпаль). Першыя 2 нафтапрадуктаправоды праходзяць у адных калідорах з нафтаправодам і выконваюць пераважна транзітнае перапампоўванне нафтапрадуктаў па-за межы Беларусі. Агульная даўжыня нафтапрадуктаправодаў складае 913 км, гадавая магутнасць іх перапампоўвання — 90 млн. тон. Нязначная колькасць нафтапрадуктаў (менш за 1 млн.т) перапампоўваецца па нафтапрадуктаправодзе Наваполацк—Мінск, астатняя колькасць — транзітнае перапампоўванне. Даўжыня адводаў ад магістральных нафтапрадуктаправодаў да прадпрыемстваў нафтапрадуктазабеспячэння рэспублікі — каля 70 км. На прадуктаправодах размешчаны 4 перапамповачныя станцыі і 2 наліўныя пункты. Паводле Пагаднення Рэспублікі Беларусь і Рас. Федэрацыі (20.7.1992) нафтапрадуктаправоды застаюцца ва ўласнасці Рас. Федэрацыі.
Першы на Беларусі магістральны газаправод Дашава—Мінск працягласцю 666 км здадзены ў эксплуатацыю ў 1950. Гэта магістраль пракладзена ад газавага радовішча Дашава праз Львоў, Івацэвічы да Мінска. Пазней (1961) ад Івацэвіч газаправод прайшоў да Вільнюса з адгалінаваннем на Гродна і Брэст. У 1973 пабудавана газатранспартная сістэма Таржок—Мінск—Івацэвічы. У 1994 здадзены ў эксплуатацыю газаправод Таржок—Даліна, які праходзіць па Магілёўскай і Гомельскай абл. з выхадам на Украіну.
Транзіт рас. прыроднага газу ажыццяўляецца па наступных напрамках: на Украіну, Польшчу, Літву і Калінінградскую вобл. Працягласць разліковай даўжыні транзіту па напрамках складае: Украіна — 600,4 км, Польшча — 651,6 км, Літва, Калінінградская вобл. — 455 км. Транзіт ажыццяўляецца па сістэме магістральных газаправодаў Таржок—Мінск—Івацэвічы, Івацэвічы—Даліна, Івацэвічы—Слонім—Гродна, Мінск—Вільнюс, Мінск—Гомель, Кобрын—Брэст—Варшава, Ямал—Еўропа, Дашава—Мінск, Івацэвічы—Вільнюс—Рыга. У тым жа годзе здадзены ў эксплуатацыю газаправод Таржок—Даліна, які праходзіць па Магілёўскай і Віцебскай абл. з выхадам на Украіну і краіны Зах.
Еўропы. На тэр. Беларусі завяршаецца буд-ва магістральнага газаправода Ямал—Еўропа, эксплуатацыя якога будзе ажыццяўляцца дзярж. прадпрыемствам «Белтрансгаз».
Доля трубаправоднага транспарту ў агульным грузаабароце Беларусі ў 2001 склала 49,4%, у т. л. нафтаправодаў — 39,8%. Па аб’ёме перапампоўвання і грузаабароце магістральных нафтаправодаў і нафтапрадуктаправодаў транспарт Беларусі займае трэцяе месца сярод краін СНД (пасля Расіі і Украіны).
Па аб’ёме перапампоўвання нафты магістральным трубаправодным транспартам Беларусь апярэджвае такія краіны, як Нідэрланды, Іспанія, Венгрыя, Аўстрыя, Польшча, Францыя, Чэхія, Швейцарыя.
Гарадскі электрычны транспарт. Будаўніцтва першых на Беларусі трамвайных ліній пачата ў Віцебску, дае ў 1898 арганізаваны рух на 4 лініях (18 маторных і 16 прычапных вагонаў). У Мінску трамвай пушчаны ў 1929, у Наваполацку — у 1974 (скарасны), у Мазыры — у 1980. Тралейбусны транспарт дзейнічае ў Мінску (1952), Гомелі (1962), Магілёве (1970), Гродне (1974), Бабруйску (1978), Віцебску (1978), Брэсце (1981). У 1984 у Мінску пачаў дзейнічаць метрапалітэн, працягласць якога тады складала 8 км.
У 2003 працягласць трамвайных шляхоў складала 102,1 км, тралейбусных — 489,5 км, метрапалітэнных — 23,7 км (усе ў двухпутным вылічэнні).
Налічвалася 349 трамвайных вагонаў, 1758 тралейбусаў, 176 вагонаў метрапалітэна. Будуюцца новыя станцыі метро, пракладваюцца новыя лініі, падаўжаюцца саставы паяздоў. Перавезена пасажыраў тралейбусамі 614,8 млн.чал., што склала 2170 млн. пасажыра-кіламетраў; трамваямі — адпаведна 94,6 млн.чал. і 329 млн. пасажыра-кіламетраў, метрапалітэнам — 289,4 млн.чал. і 1939 млн. пасажыра-кіламетраў.
На долю гар. электрычнага транспарту прыпадае 17% пасажыраабароту транспарту агульнага карыстання, у т. л. трамвая — 1,6%, тралейбуса — 8,5%, метрапалітэна — 6,9%. Павелічэнне пасажыраабароту ў параўнанні з 1995 абумоўлена ростам колькасці насельніцтва буйных гарадоў і эканамічнасцю гэтага віду транспарту, а попыт на яго паслугі таксама абумоўлены рэгуляваннем тарыфаў на перавозкі, датаваннем перавозак з бюджэту (гл.табл. 1, 4—5).
Літ.:
Железнодорожная магистраль Беларуси. Мн., 1971;
Дегтев В.С. Крылья Белоруссии. Мн., 1973;
Лыч Л.М. Аднаўленне і развіццё чыгуначнага транспарту Беларускай ССР: (Верас. 1943—1970 гг.). Мн., 1976;
Развитие отраслей народного хозяйства Белоруссии: (Ист.-геогр очерки). Мн., 1978;
Кучевский Н.Г. Место и роль транспорта в народнохозяйственном комплексе страны // Бел. экономика: анализ, прогноз, регулирование. 1999. №4;
Яго ж. Транспорт Беларуси. Мн., 2003;
Яго ж. Тенденции развития рынка транспортных услуг // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 2003. №3;
Автомобильные дороги Беларуси: Энцикл. Мн., 2002;
Сквозь облака и годы. Мн., 1993;
Транспорт и связь в Республике Беларусь: Стат. сб. Мн., 2002;
Экономическая история Беларуси. 3 изд. Мн., 2004.
М.Г.Кучэўскі, С.Ф.Дубянецкі.
Табліца 1 Эксплуатацыйная даўжыня шляхоў зносін Беларусі (на канец года, км)
1990
1995
2000
2002
2003
Чыгункі агульнага карыстання
5569
5564
5533
5533
5522
у т. л. электрыфікаваныя
890
894
894
894
894
Аўтамабільныя дарогі агульнага карыстання — усяго, тыс.км
48,9
51,6
74,4
80,0
81,2
у т. л. з цвёрдым пакрыццём
46,3
50,8
66,2
69,3
70,2
Трамвайныя шляхі (у двухпутным вылічэнні)
100,5
100,5
100,5
101,7
102,1
Тралейбусныя шляхі (у двухпутным вылічэнні)
431,0
446,7
466,6
472,5
489,5
Метрапалітэнныя шляхі (у двухпутным вылічэнні)
15,7
18,5
21,9
23,7
23,7
Табліца 2 Перавозкі грузаў па відах транспарту агульнага карыстання (млн.т)
1990
1995
2000
2002
2003
Усе віды транспарту
1251,8
424,6
316,4
307,1
321,5
у т. л.
чыгуначны
245,8
73,4
88,0
93,6
105,9
аўтамабільны (уключаючы ведамасны)
987,6
350,0
226,7
211,9
213,41
рачны
18,4
1,2
1,7
1,6
2,2
паветраны
0,03
0,02
0,00
0,01
0,01
1 Без малых прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці.
Табліца 3 Грузаабарот па відах транспарту агульнага карыстання (млн. тона-км)
1990
1995
2000
2002
2003
Усе віды транспарту
99 634
35 242
42 214
45 355
46 251
у т. л.
чыгуначны
75 430
25 510
31 425
34 169
38 402
аўтамабільны
22 361
9539
9745
11 090
7655′
рачны
1805
133
26
59
160
паветраны (айч.)
38
60
18
37
34
1 Без малых прадпрыемстваў недзярж. формы ўласнасці.
Табліца 4 Перавозкі пасажыраў па відах транспарту агульнага карыстання (млн.чал.)
1990
1995
2000
2002
2003
Усе віды транспарту
3702,3
2207,2
2825,2
2775,4
2718,8
у т. л.
чыгуначны
147,2
141,1
162,5
148,0
137,0
аўтамабільны
2399,2
1305,0
1499,6
1499,8
1580,01
рачны
0,1
0,1
0,1
0,1
0,1
паветраны
2,2
0,4
0,2
0,2
0,3
тралейбусны
846,1
514,5
758,5
707,8
614,8
трамвайны
175,1
100,0
139,5
117,7
94,6
метрапалітэнны
101,6
136,0
258,2
298,0
289,4
таксаматорны
30,0
10,1
6,6
3,9
2,5
1 З 2003 уключае таксама перавозкі індывід. прадпрымальнікамі, якія прыцягнуты для перавозкі пасажыраў аўтобусамі рэгулярных рэйсаў.
Табліца 5 Пасажыраабарот па відах транспарту агульнага карыстання (млн. пасажыра-км)
1990
1995
2000
2002
2003
Усе віды транспарту
42 618
25 989
32 449
29 281
28 194
у т. л.
чыгуначны
16 852
12 505
17 722
14 349
13 308
аўтамабільны
19 787
9308
9235
9397
97981
рачны
30
2
3
2
паветраны
5510
1228
513
553
тралейбусны
—
1723
2618
2465
трамвайны
—
407
553
464
метрапалітэнны
—
688
1678
1997
таксаматорны
439
128
91
54
1 З 1995, уключаючы гар. электрычны транспарт, з 2003 — перавозкі індывід. прадпрымальнікамі, якія прыцягнуты для перавозкі пасажыраў аўтобусамі рэгулярных рэйсаў.
Будынак чыгуначнага вакзала ў Мінску.Мінск. Аўтавакзал «Усходні».Суднаходства па Прыпяці.Аэрапорт «Мінск-1». На пляцоўцы авіярамонтнага завода.Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Плошча Перамогі».Мінскі метрапалітэн. Станцыя «Магілёўская».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛБА́НІЯ (Shqipëria), Рэспубліка Албанія (Republika e Shqipërisë),
дзяржава ў Паўд. Еўропе, на З Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Югаславіяй, на У з Македоніяй, на ПдУ і Пд з Грэцыяй; на З абмываецца водамі Адрыятычнага і Іанічнага мораў. Праліў Отранта аддзяляе Албанію ад Італіі. Пл. 28,7 тыс.км². Нас. 3,4 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Тырана. Падзяляецца на 26 адм. адзінак (рэці). Афіц. мова — албанская. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці Албаніі (28 ліст.).
Дзяржаўны лад. Паводле Закону аб асн. палажэннях канстытуцыі ад 29.4.1991 Албанія — парламенцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы орган дзярж. улады і заканад. орган — Нар. сход. Вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган — Савет Міністраў.
Прырода. Пераважае горны рэльеф. На Пн — Паўн.-Албанскія Альпы (Праклетые), на У — хрыбты Таморы, Корабі (выш.да 2764 м), Дэшаты, Ябланіца, на Пд — адгор’і хр. Пінд. На астатняй тэр. краіны асобныя горныя масівы, на У катлавіна Корча. На ўзбярэжжы мора і цэнтр. частцы — узгорыстыя раўніны. Горы складзены з вапнякоў і сланцаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, жалеза-нікелевыя, медныя і хромавыя руды, баксіты, бітум, буры вугаль, соль і інш. Клімат на раўнінах і на ніжніх схілах гор субтрапічны міжземнаморскі (сярэдняя т-растудз. -8...-9 °C, ліп. 24—25 °C), у гарах — умераны; снегавое покрыва трымаецца тут некалькі месяцаў. Ападкаў 800—1000 мм на раўнінах, 1000—2000 мм у гарах. Рэкі горныя, кароткія і мнагаводныя; найбольшыя Дрын, Шкумбіні, В’ёса, Семані, Маты; часткова належаць Албаніі буйныя тэктанічныя азёры: Шкодэр (Скадарскае), Ахрыдскае, Прэспа. На раўнінах і ніжніх схілах гор — субтрапічныя хмызнякі і лясы, вышэй — шыракалістыя і хваёвыя лясы (пад лесам каля 43% тэр.), вышэй за 2000 м — альпійскія лугі.
Насельніцтва. Каля 97% — албанцы, жывуць таксама грэкі, македонцы, чарнагорцы, цыганы і інш. Сярод вернікаў — каля 70% мусульман-сунітаў і 30% хрысціян (20% праваслаўныя, 10% католікі). Натуральны прырост каля 20 чал. на 1 тыс.чал. за год. Ва ўзроставай структуры насельніцтва больш за палавіну — асобы да 25 гадоў. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 119 чал. на 1 км² (1994), на раўнінах да 200—300 чал. на 1 км². У прам-сці занята 53% самадз. насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 47%. Гар. насельніцтва 36,1% (1990). Буйнейшыя гарады (1990) — Тырана (243 тыс.ж.), Дурэс (85 тыс.ж.), Эльбасан (83 тыс.ж.), Шкодэр, Влёра. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын 73 гады. Узровень нараджальнасці 23 на 1 тыс.чал. насельніцтва. Дзіцячая смяротнасць 32,9 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Гісторыя. У 2-м тыс.дан.э. на тэр. Албаніі жылі ілірыйцы, якія ў 4—3 ст.дан.э. ўтварылі сваю рабаўладальніцкую дзяржаву. З 2 ст.дан.э. Албанія ўваходзіла ў склад Рымскай, з 395 — Візантыйскай імперый. Нашэсце вестготаў і гунаў у канцы 4—5 ст.н.э., пранікненне слав. плямёнаў у 6—7 ст. прывялі да разбурэння рабаўладальніцкага ладу, з 8 ст. пачалі фарміравацца феад. адносіны. У 9—пач. 11 ст. Албанія ў складзе Першага балг. царства, пасля яго падзення (1018) — у складзе Візантыі. У 2-й пал. 11 ст. прыбярэжную ч. Албаніі захапілі нарманы. У канцы 12 ст. на Пн Албаніі ўзнікла незалежная алб. дзяржава — Арберыйскае княства. У гэты час з’явіўся этнонім «албанцы». Пазней Албанія ўваходзіла ў склад Эпірскага царства, Неапалітанскага і Сербскага каралеўстваў, была пад уладай Венецыі. З 14 ст. пачалося тур. заваяванне Албаніі. У 1443 барацьбу супраць туркаў узначаліў Скандэрбег (Георг Кастрыёці), які стварыў саюз алб. князёў і армію. Пасля яго смерці саюз распаўся, і да 1479 туркі захапілі амаль усю Албанію. Іх панаванне і жорсткі прыгнёт прывялі да заняпаду гасп.-эканам. і культ. жыцця, да паўстанняў алб. народа ў 1481, 1537, 1571. У 2-й пал. 18 ст. на тэр. Албаніі ўзніклі 2 паўнезалежныя феад. дзяржавы: фактычна незалежнымі кіраўнікамі паўн. і цэнтр. Албаніі ў 1757—1831 былі прадстаўнікі алб.феад. роду Бушаці; паўд. Албаніі, Эпірам і Фесаліяй у 1787—1822 кіраваў Аліпаша Тэпеленскі. Аднак тур. ўлады падпарадкавалі і гэтыя раёны. У сярэдзіне 19 ст. пачаўся рух алб. адраджэння. У 1878 узнікла Албанская ліга і абвясціла сябе ўрадам. Пасля разгрому лігі кіруючая роля ў вызв. руху перайшла да асветных т-ваў, створаных за мяжой. На пач. 20 ст.нац.-вызв. рух актывізаваўся (гл.Албанскае паўстанне 1912). У час 1-й Балканскай вайны, калі паўстала пытанне пра падзел Албаніі паміж Сербіяй, Грэцыяй і Чарнагорыяй, сход прадстаўнікоў розных раёнаў краіны абвясціў 29.11.1912 незалежнасць Албаніі, быў сфарміраваны ўрад на чале з І.Кемалі. Краіны Антанты, фармальна прызнаўшы незалежнасць Албаніі, у 1913 устанавілі над ёю пратэктарат. У 1-ю сусв. вайну, нягледзячы на абвешчаны нейтралітэт, тэр. Албаніі акупіравалі італьян., грэч. і серб. войскі, а сакрэтны Лонданскі дагавор 1915 паміж краінамі Антанты і Італіяй ліквідаваў незалежнасць Албаніі. 21—31.1.1920 алб.Нац. кангрэс пацвердзіў незалежнасць Албаніі. Да ўлады прыйшла групоўка на чале з феадалам А.Зогу, антынар. палітыка якой выклікала незадаволенасць у краіне. У чэрв. 1924 у Албаніі адбылося паўстанне пад кіраўніцтвам арг-цыі «Башкімі». Новы ўрад на чале з Ф.Нолі распрацаваў праграму дэмакр. рэформаў. У снеж. 1924 урад Нолі быў скінуты Зогу. 25.1.1925 Албанія абвешчана рэспублікай, Зогу — яе прэзідэнтам, а 1.9.1928 — каралём. У краіне ўсталяваўся дыктатарскі рэжым, у яе эканоміцы панаваў італьян. капітал. У крас. 1939 — вер. 1943 Албанія акупіравана фаш. Італіяй. У краіне разгарнуўся рух Супраціўлення, у якім удзельнічалі партыі камуністычная, «Балі камбетар», «Легалітэт» і інш. Летам 1943 з партыз. атрадаў сфарміравана Нац.вызв. армія. Пасля капітуляцыі Італіі Албанію акупіравала фаш. Германія (вер. 1943—ліст. 1944). 25.4.1944 на кангрэсе ў г. Перметы створаны Антыфаш. нац.-вызв.к-т Албаніі, які 20.10.1944 пераўтвораны ў Часовы дэмакр. ўрад на чале з Э.Ходжам. 11.1.1946 Албанія абвешчана Нар. рэспублікай, 14.3.1946 прынята канстытуцыя. Праведзена агр. рэформа, нацыяналізаваны прадпрыемствы, банкі, транспарт, абвешчаны пераход да планавай гаспадаркі і будаўніцтва сацыялізму. Але камуніст. партыя Албаніі (з 1948 Албанская партыя працы) устанавіла таталітарны рэжым. У 1961 улады краіны, незадаволеныя крытыкай культу асобы Сталіна, разарвалі дыпламат. адносіны з СССР, у 1978 — са сваім асн.ідэалаг., знешнепаліт. і эканам. партнёрам Кітаем і апынуліся ў поўнай ізаляцыі ад знешняга свету. У снеж. 1976 прынята новая канстытуцыя, краіна перайменавана ў Нар.Сацыяліст. Рэспубліку Албанія. Пасля смерці Ходжы (1985) Алб. партыю працы ўзначаліў Р.Алія, які пачаў адыход ад сталінскай і кітайскай мадэляў сацыялізму, ад палітыкі самаізаляцыі. З 1989 у Албаніі пачаўся працэс распаду таталітарнай сістэмы. Дэмакратызацыі грамадска-паліт. жыцця спадарожнічала абнаўленне дзярж.-прававых структур, узнікла легальная апазіцыя, якая аформілася ў паліт. партыі. У сак. 1991 адбыліся першыя парламенцкія выбары на шматпарт. аснове. У кастр. 1991 прынята новая канстытуцыя, краіна стала называцца Рэспублікай Албаніяй. Аднак няўстойлівасць унутрыпаліт. і эканам. сітуацыі прывяла да змены трох урадаў і правядзення ў сак. 1992 датэрміновых парламенцкіх выбараў. Прэзідэнт Алюаніі — С.Берыша, прэм’ер-міністр — А.Мексі (з крас. 1992). Албанія — член ААН (1955), АБСЕ (1991), Арг-цыі ісламскай канферэнцыі (1992). Дыпламат. зносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 17.5.1993.
Палітычныя партыі: Дэмакратычная партыя Албаніі (дамінуе ў кіраванні краінай), Албанская сацыялістычная партыя, Сацыял-дэмакр. партыя Албаніі, Саюз за правы чалавека, Алб.рэсп. партыя, Алб.дэмакр. альянс і інш.
Гаспадарка. Эканамічна найменш развітая краіна Еўропы. Прам-сць дае 67% валавой прадукцыі. Вытв-сць электраэнергіі 5,0 млрд.кВт∙гадз (1992), ГЭС на рэках Дрын, Маты. Развіта горназдабыўная прам-сць: храмітаў (больш за 1 млн.т у 1990, вядучае месца ў Еўропе), меднай руды (каля 1 млн.т), бурага вугалю (2,1 млн.т), нафты (1,1 млн.т), азбесту (0,6 млн.т), прыроднага бітуму. Вядзецца нафтаперапрацоўка (Сталін, Фіеры, Цэрык). Ёсць чорная і каляровая металургія (Эльбасан, Бурэлі, Лячы, Шкодэр), хім.прам-сць (пераважна вытв-сць угнаенняў, соды ў Фіеры, Лячы, Влёры), маш.-буд. і металаапр. (Тырана, Дурэс, Эльбасан), лесапільная, дрэваапр. і папяровая прам-сць (Пн і цэнтр краіны). Вядучае месца па аб’ёме прадукцыі займаюць харч. і лёгкая прам-сць. Вылучаецца вытв-сць аліўкавага алею, тытунёвых вырабаў, кансерваў з садавіны. Ёсць прадпрыемствы тэкст. (Тырана, Берат), трыкат. (Корча), гарбарна-абутковай (Тырана, Дурэс), цэментнай (Тырана) прам-сці. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Пасяўная пл. 704 тыс.га, каля палавіны яе штучна арашаецца (1990). Пераважаюць збожжавыя культуры (пшаніца, кукуруза, рыс, ячмень), меншая плошча пад тэхн. культурамі (тытунь, сланечнік, цукр. буракі, соя), бульбай і гароднінай. Развіта садоўніцтва (значныя плошчы пад аліўкамі) і вінаградарства. Гал. раёны земляробства — З краіны і катлавіна Корча. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі, козы, свінні) горна-пашавая. Гал. від транспарту аўтамабільны. Працягласць аўтадарог 7,5 тыс.км, у т. л. 2,9 тыс.км асфальтаваных, чыгункі 720 км. Гал. марскія парты Дурэс, Влёра, Саранда. Знешнегандлёвы абарот 6,1 млрд. лекаў (1990), у т. л. экспарт — 2,3, імпарт — 3,8 млрд. Албанія экспартуе храміты, медзь, нафтапрадукты, асфальт, прадукты жывёлагадоўлі, тытунь, масліны, цытрусавыя, драўніну і інш.; імпартуе машыны і прамысл. абсталяванне (31% імпарту), харч. прадукты (пераважна збожжа), медыкаменты і інш.Гандл. партнёры: Італія, Германія, краіны Балканскага п-ва і Усх. Еўропы. Грашовая адзінка — лек.
Узброеныя сілы Албаніі налічваюць 48 тыс.чал. (1991), складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС і ВМС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухапутных войскаў на ўзбраенні танкі, палявая і зенітная артылерыя, стралк. зброя; у ВПС — баявыя і трансп. самалёты, верталёты; у ВМС — падводныя лодкі, караблі і катэры розных класаў. Ваенна-марская база — Влёра. Камплектуюцца ўзбр. сілы паводле закону аб усеагульным воінскім абавязку, прызыўны ўзрост — 18 гадоў. Тэрмін абавязковай ваен. службы ў сухапутных войсках — 2, у ВПС, ВМС і спец. часцях — 3 гады. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у ваен. вучылішчах і акадэміі. Ёсць таксама ваенізаваныя арг-цыі і падпарадкаваныя МУС войскі ўнутр. бяспекі, пагранвойскі.
Асвета, навуковыя ўстановы. У 1989 у Албаніі больш за 3,2 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (121 тыс. дзяцей да 5 гадоў). 1,7 тыс.пач. школ (547 тыс. вучняў, 27,9 тыс. настаўнікаў), 43 сярэднія агульнаадук. школы (больш за 59 тыс. вучняў, 1,8 тыс. настаўнікаў). Прафес. адукацыю даюць ніжэйшыя (1—2-гадовыя) і сярэднія (3—4-гадовыя) прафшколы і тэхнікумы на базе няпоўнай сярэдняй школы (у іх вучылася больш за 135 тыс.чал.). У ВНУ — Тыранскі дзярж.ун-т (засн. ў 1957), 2 с.-г., 3 пед. ін-ты, тэатральны, выяўл. мастацтваў, заатэхнічны, фіз. культуры, кансерваторыя — займаліся 25 тыс. студэнтаў. Буйнейшыя б-кі: Нац. ў Тыране, універсітэцкая. Музеі: археалагічны, этнагр., барацьбы за нац. вызваленне, гістарычны. Навук. даследаванні вядуцца ў ін-тах Акадэміі навук (засн. 1973), на ф-тах ун-та.
Друк, радыё, тэлебачанне. З некалькіх дзесяткаў перыяд. выданняў найбуйнейшыя газеты: «Zeri i Popullit» («Голас народа»), «Republika» («Рэспубліка»), «Alternativa» («Альтэрнатыва»), «Bashkimi» («Адзінства»). Дзярж.інфарм. агенцтва — Алб.тэлегр. агенцтва (АТА, з 1944). Тэлебачанне з 1960. Дзейнічае дзярж.арг-цыя «Албанскае радыёвяшчанне і тэлебачанне». Цэнтр. радыёстанцыя — «Тырана». Працуюць радыёстанцыі ў некаторых абл. цэнтрах.
Літаратура. Вытокі алб. л-ры ў фальклоры. Лічыцца, штостараж. пласт культуры і пісьменства знішчаны тур. заваёўнікамі. Самы ранні пісьмовы твор — «Формула хрышчэння» (1462) епіскапа Паля Энгелы. У канцы 15 — пач. 16 ст. атрымалі вядомасць працы гістарыёграфаў і гуманістаў, у т. л. «Гісторыя жыцця і подзвігаў Скандэрбега» (1508—10) М.Барлеці. Першую друкаваную кнігу на алб. мове — службоўнік «Мэшары» (1555) — склаў і выдаў Г’ён Бузуку. Паслядоўнікамі яго былі: П.Будзі — буйнейшы прадстаўнік паэзіі алб. барока, рэфарматар пісьма, аўтар духоўна-асв. кніг «Хрысціянская дактрына» (1618) і «Рымскі рытуал» (1621); Ф.Бардзі — складальнік першых лац.-алб. слоўніка (1635), зб. фальклору, жыццяпісу нац. героя Скандэрбега; П.Багдані — аўтар багаслоўскіх прац. На працягу стагоддзяў тур. панавання ў л-ры трохканфесіянальнага алб. народа назіралася збліжэнне з суседнімі культурамі: паэты-«бэйтэджы» трымаліся пераважна перс. і тур. узораў, грэкафілы цягнуліся даант. і візант. традыцый, «арберэшы» (алб. эмігранты ў паўд. Італіі) былі прыхільнікамі рымска-каталіцкага кірунку развіцця. Уздым алб. л-ры прыпадае на 19 ст., праяўляецца ў плыні рамантызму. Найб. значныя прадстаўнікі К.Крыстафарыдзі, І.Дэ Рада, З.Серэмбе, В.Шкадрані (П.Васа), Ф.Мітка, С.Фрашэры. Заснавальнікам новай алб. л-ры лічыцца паэт Наім Фрашэры. У пач. 20 ст. ў л-ры ўсталёўваецца метад крытычнага рэалізму, пераважае публіцыстыка. Сярод найб. прызнаных пісьменнікаў перыяду паміж сусв. войнамі А.Чаюпі (А.Чака), Асдрэні (А.С.Дранова), Мігені (М.Д.Нікола), М.Грамена, Ф.Нолі. Дасягненні алб. л-ры сацыяліст. перыяду звязаны з імёнамі Дз.Шутэрычы, Ш.Мусарая, С.Спасе, Ф.Арапі, І.Кадары. Пасляваен. пакаленне прадстаўляюць: М.Каламата, В.Какона, К.Буджэлі, Дз.Джувані, Т.Ляча, Б.Муча. Л-ра на алб. мове ствараецца таксама прадстаўнікамі алб.нац. меншасці, якія жывуць у Югаславіі (краі Косава, Метохія).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі мастацтва на тэр. Албаніі адносяцца да 1-га тыс.дан.э. Ад ант. эпохі (з 7 ст.дан.э.) захаваліся рэшткі абарончых збудаванняў, грамадскіх і жылых дамоў, мазаік і керамікі на месцах грэч. калоній (Апалонія Ілірыйская, Бутрынт Дурэс і інш.), рымскіх умацаваных гарадоў (Эльбасан і інш.). У царк. архітэктуры сярэднявечча ў цэнтры і на Пд пераважалі збудаванні візант. тыпу (цэрквы ў вёсках Ляўдары і Мбор’я, 13—14 ст., у г. Васкапоя, 17—18 ст.); на Пн, дзе быў пашыраны каталіцызм, — раманскага тыпу (сабор у в. Шасі, цэрквы ў вёсках Вау-і-Дэес і Аботы, усе 13 ст.). З пашырэннем у 17 ст. ісламу ў гарадах з’яўляюцца мячэці, палацы знаці (сараі), крытыя рынкі (безыстэні). Да сярэдзіны 20 ст. ў большасці гарадоў Албаніі пераважалі 2-павярховыя, мураваныя або з мураваным ніжнім і дашчаным верхнім паверхамі жылыя дамы, крытыя чарапіцай. У горных раёнах дапач. 20 ст. ўзводзіліся «кулы» — вежападобныя збудаванні з навяснымі байніцамі. Выяўл. мастацтва Албаніі ў сярэднявеччы развівалася пад уплывам Візантыі. Раннія помнікі фрэскавага жывапісу адносяцца да 12—14 ст. (размалёўка царквы Тройцы ў в. Ляўдары і інш.). З 16 ст. заўважаецца ўплыў італьян. Адраджэння, узмацніліся рэаліст. тэндэнцыі (размалёўкі Ануфрыя з Неакастра, Давіда з Селеніцы). З канца 18 ст.дапач. 20 ст. асноўным відам выяўл. мастацтва быў іканапіс, які прытрымліваўся візант. традыцый. У 2-й пал. 19 ст. з’явіліся творы станковага жывапісу (Н.Марціні, С.Дзега), у 1920-я г. — скульптура (першы алб. скульптар Паскалі). У 1940—50-я г. ў жывапісе і скульптуры ўзмацніўся рэаліст. кірунак, развіваліся гіст., бытавы, партрэтны, пейзажны жанры (мастакі С.Рота, В.Міо, Н.Займі, С.Кацэлі, скульптары Я.Пача, Л.Нікола і інш.), з’явіліся кніжная ілюстрацыя, плакат. Нар.дэкар.-прыкладное мастацтва Албаніі прадстаўлена традыц. філіграннымі сярэбранымі ўпрыгожаннямі, шарсцянымі бязворсавымі дыванамі, паліхромнай разьбой па дрэве, дэкар. размалёўкамі.
Музыка. Народнае муз. мастацтва фарміравалася пад уплывам суседніх балканскіх і італьян. культур, элементаў турэцкай музыкі. Разнастайны ў жанравых і стылявых адносінах песенны і песенна-танцавальны фальклор мае рэгіянальныя адрозненні, вылучаюцца паўд., цэнтр. і паўн. традыцыі. Сярод муз. інструментаў найб. пашыраны струнныя — чыфтэлі, ляхута, скрыпка, духавыя — зумарэ, кларнет, гайда (валынка), ударныя — даулэ, барабаны і бубны. Прафес.муз. культура Албаніі развіваецца з 1940-х г. У 1950—60-я г. створаны першыя оперы («Мрыка» К.Кона, 1958), балеты («Халіль і Хайрыя» Ч.Задэі, 1963), аперэты («Світанне» Кона, 1954), сімфанічныя, вак.-сімф. і камерна-інстр. творы. Сфарміраваліся выканальніцкая і кампазітарская школы: кампазітары Кона, Задэя, Н.Зарачы, Д.Лека, К.Трака, П.Якова, Т.Дая, Т.Харапі, Ф.Ібрахімі, К.Ляра, спевакі М.Края, А.Муля, І.Тукічы, дырыжоры М.Кранцья, М.Вака і інш. У Тыране працуюць Маст. ліцэй з муз. аддзяленнем (з 1947), філармонія (1950), Т-р оперы і балета (1956), Дзярж. ансамбль песні і танца (1958), кансерваторыя (1962). Саюз пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва (з секцыяй музыкі, 1956).
Тэатр. Вытокі сучаснага алб.т-ра ў стараж. культуры ілірыйцаў. Першыя тэатр. прадстаўленні ў Албаніі адбыліся ў канцы 19 ст. Творы нац. драматургаў С.Фрашэры, А.Чаюпі і інш. у пач. 20 ст. ставілі аматарскія трупы. У 2-ю сусв. вайну ў час італьян. акупацыі ўзніклі тэатр. гурткі ў партыз. атрадах; у 1944 у г. Перметы арганізавана Цэнтр.тэатр. трупа пры Нац.вызв. арміі. У 1945 створаны першы прафес.т-р — Дзярж. тэатр (народны тэатр) у Тыране. У рэпертуары п’есы алб. драматургаў К.Яковы, Б.Левоні, С.Пітаркі, Ф.Г’яты, а таксама У.Шэкспіра, Ф.Шылера, Ж.Б.Мальера. Прафес. т-ры створаны таксама ў Шкодэры, Корчы, Дурэсе. Сярод тэатр. дзеячаў: С.Міо, П.Стылу, М.Поні, Л.Кавачы, Л.Філіпі, Б.Імамі. З 1959 у Тыране працуе Вышэйшае акцёрскае вучылішча імя А.Моісі.
Кіно. Кінематаграфія ў Албаніі пачалася ў 1950-я г. з хранік. фільмаў. У 1952 пабудавана кінастудыя «Новая Албанія» (Тырана). Сумесная праца алб. і сав. кінематаграфістаў над фільмам «Вялікі воін Албаніі Скандэрбег» (1954, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Кане) — першая спроба ў галіне маст. кінематаграфіі. З 1958 наладжаны выпуск маст. поўнаметражных карцін («Тана», «Зямля ў полымі», «Група Супраціўлення», «Аперацыя — агонь», «Канцэрт у 1936 годзе»), здымаюцца навукова-папулярныя фільмы. Сярод рэжысёраў К.Дама, Г.Гакані, М.Фейза, Г.Эрэбара.
Герб і сцяг Албаніі.Даарт.Албанія. Кварталы Тыраны.Даарт.Албанія. Албанская Рыўера.Даарт.Албанія. Тэатр у Бутрынце. З ст.дан.э.Ануфрый з Неакастра. Давід. Дэталь фрэскі царквы св. Мікалая ў с. Шэльцан. Сярэдзіна 16 ст.Даарт.Албанія. Коннікі Скандэрбега штурмуюць Крую. З нямецкай гравюры 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ХТЭНШТЭЙН (Liechtenstein), Княства Ліхтэнштэйн (Fürstentum Liechtenstein),
дзяржава ў Цэнтр. Еўропе, паміж Швейцарыяй і Аўстрыяй. Падзяляецца на 2 акругі (11 камун). Пл. 157 км². Нас. 31,4 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Вадуц. Афіц. мова — нямецкая. Нац. свята — Дзень нараджэння бацькі правячага князя (15 жн.).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1921. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — ландтагу, 25 членаў якога выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчая ўлада належыць князю і створанаму пры ім ураду, які складаецца з 5 асоб.
Прырода. Л. знаходзіцца ў Альпах у бас. Верх. Рэйна. На ПдУ — масіў Рэтыкон (г. Граўшпіц, выш. 2599 м), на З — даліна р. Рэйн. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. ў даліне Рэйна ад 0 °Cда -5 °C, ліп. каля 18 °C. Ападкаў каля 700—1200 мм за год. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Каля 20% тэрыторыі пад лесам (елка, дуб, бук), каля 40% — пад альпійскімі і субальпійскімі лугамі. Некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. 87,5% складаюць ліхтэнштэйнцы — народ блізкі да суседніх груп аўстрыйцаў, швейцарцаў і немцаў. Жывуць таксама швейцарцы, аўстрыйцы, італьянцы, туркі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 80%. Сярэднегадавы прырост 1%. Сярэдняя шчыльнасць 200 чал. на 1 км², большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне Рэйна. У гарадах і гар. пасёлках жыве больш за 80% насельніцтва, у т. л. ў Вадуцы 5,1 тыс.ж. (1997). У прам-сці, гандлі і буд-ве занята 45% працаздольных, у сельскай і лясной гаспадарцы, садоўніцтве і рыбалоўстве — 2%, у абслуговых галінах — 53%. Больш за 6 тыс.чал. штодзённа прыязджаюць на працу ў Л. з Швейцарыі і Аўстрыі.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Л. насялялі кельты, у 15 ст.дан.э. яе заваявалі рымляне, якіх у 3 ст.н.э. выцеснілі адсюль алеманы (швабы). У 12 ст. тут узнікла феад. ўладанне Шэленберг, у 14 ст. — графства Вадуц, што ўвайшлі ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі», потым сталі пратэктаратам імперыі Габсбургаў. У 1699 Шэленберг, у 1712 Вадуц прададзены аднаму з прыбліжаных аўстр. імператара з роду Ліхтэнштэйн. Датай утварэння дзяржавы лічыцца 15.8.1719, калі аб’яднаныя Шэленберг і Вадуц атрымалі статус княства. З 1806 Л. у складзе Рэйнскага саюза, у 1815—66 у Герм. саюзе. У 1868 урад распусціў армію (80 чал.) і абвясціў пастаянны нейтралітэт (захоўваўся і ў час 1-й і 2-й сусв. войнаў). У 1876—1918 Л. эканамічна цесна звязаны з Аўстра-Венгрыяй (агульная мытная і падатковая прастора). 5.10.1921 прынята сучасная канстытуцыя. З 1923 у эканам. і валютным саюзе з Швейцарыяй. У 1950—60-я г. актывізавалася прамысл. развіццё. З 1989 (фактычна з 1984) князь Л. — Ганс Адам II. На плебісцыце 1992 большасць выбаршчыкаў выказалася за ўступленне Л. ў еўрап.эканам. прастору. Дзейнічаюць партыя Айч. саюз, Прагрэс.грамадз. (бюргерская) партыя, экалагічная партыя Свабодны спіс (усе 3 партыі прадстаўлены ў парламенце), прафс. аб’яднанне Саюз працоўных і інш. Л. — чл. Савета Еўропы (з 1978), ААН (з 1990), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1991), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Гаспадарка. Л. — індустр. краіна, па выпуску прадукцыі на душу насельніцтва займае адно з першых месцаў у Еўропе. Штогадовы даход на 1 чал. — 23 тыс.дол. (1996). Найб. развіта прам-сць экспартнага кірунку. Прамысл. прадпрыемствы — пераважна філіялы швейц. фірм. Вытв-сць электраэнергіі 150 млн.кВтгадз (1997), у асн. на ГЭС. Развіта разнастайнае машынабудаванне (2/3прамысл. прадукцыі), у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектроннае прыладабудаванне, вытв-сць кацельнага абсталявання, штампаваных дэталей, высокатэхнал. металаапрацоўка, вытв-сць вакуумнай тэхнікі, электронных сістэм, мікрапрацэсараў. Ёсць асобныя прадпрыемствы тэкст., хім., фармацэўтычнай, гарбарнай, керамічнай, металаапр., дрэваапр. прам-сці. Сусветна вядомы выраб фарфоравых зубных пратэзаў. Найб. прадпрыемствы: прэсавых і штампаваных вырабаў (Эшэн), выліч. машын (Маўрэн), маш.-буд. з-ды (Бальцэрс, Шан, Вадуц). Ёсць вытв-сць фарбаў, лакаў і бялізны. Развіты вінаробства, піваварэнне, сыраробства. Здаўна развіта вытв-сць кафляных плітак і маст. керамікі (Нендэльн). У сельскай гаспадарцы пераважае дробнасялянскае землеўладанне (да 4—5 га). Пад ворывам каля 4 тыс.га, пад пашай каля 6,3 тыс.га. Гал. галіна — жывёлагадоўля (75% кошту с.-г. прадукцыі). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Земляробства пераважна ў даліне Рэйна. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, бульбу, тытунь, кармавыя культуры, агародніну. Пладаводства і вінаградарства. Пчалярства. Многія сяляне сумяшчаюць заняткі сельскай гаспадаркай з працай у прам-сці і абслугоўваннем турыстаў. У сувязі з нізкім падаткам на капітал і адсутнасцю падатку на прыбытак Л. выбраны месцам рэгістрацыі больш як 40 тыс. замежных кампаній. Яны даюць трэць паступленняў у бюджэт краіны. Важнымі крыніцамі даходаў з’яўляюцца банкаўская і фін. справа, замежны турызм (86 тыс.чал. у 1995), санаторныя паслугі і выпуск паштовых марак. Асн. від транспарту — аўтамабільны. У краіне 250 км асфальтаваных аўтадарог, 14,8 тыс. легкавых і 1,5 тыс. грузавых аўтамабіляў. Тэр. Л. перасякае чыг. Вена—Парыж (18,5 км на тэр. краіны). У 1994 экспарт склаў 2,14 млрд.дол., імпарт — 852 млн. долараў. У экспарце пераважаюць прамысл. тавары, у імпарце — спажывецкія і харч. тавары, трансп. сродкі, сыравіна. Асн. знешнегандл. партнёр — Швейцарыя, з якой Л. у грашовай і мытнай уніі (15% экспарту, больш за 75% імпарту). Больш за 40% экспарту ідзе ў краіны Еўропы. Грашовая адзінка — швейцарскі франк.
Літ.:
Печников Б.А. Лихтенштейн — княжество на Рейне. М., 1986.
Ю.В.Бярэзіна (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Герб і сцяг Ліхтэнштэйна.Тыповы ландшафт у Ліхтэнштэйне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛО́ГІЯ (ад лац. societas грамадства + ...логія),
навука пра грамадства, законы функцыянавання і развіцця сац. супольнасцей і працэсаў, пра сац. адносіны як механізмы ўзаемасувязі і ўзаемадзеяння паміж гэтымі супольнасцямі. Аб’ектам сацыялагічнага пазнання з’яўляецца грамадства, якое разглядаецца як адзіны сац. арганізм. Тэрмін «С.» ўвёў стваральнік гэтай навукі А.Конт, які сінтэзаваў найб. плённыя ідэі ў суцэльную праграму новай навукі пра грамадства, вылучыў у ёй сацыяльную статыстыку і сац. дынаміку. Паводле Конта, грамадства развіваецца па «законе трох стадый»; тэалагічнай, метафізічнай і пазітыўнай. Сістэматызаваны выклад прадмета, задач і праблематыкі С. ажыццявіў Г.Спенсер, які стварыў канцэпцыю сац. ін-таў як механізмаў самаарганізацыі сумеснага жыцця людзей. Канцэпцыя сацыялагізмунайб. поўна адлюстравана ў працах Э.Дзюркгейма, які вызначаў прадмет С. як сац. факты, што існуюць па-за індывідам і ў адносінах да яго валодаюць прымусовай сілай. Імкненне знайсці аб’ектыўныя заканамернасці сац. з’яў абумовіла неабходнасць выкарыстання ў С. статыстыкі. М.Вебер вызначаў С. як навуку, якая вывучае дзеянне сацыяльнае, пры ўмове суб’ектыўнай матывацыі індывіда або групы Паводле Вебера, асэнсаванае мэтарацыянальнае дзеянне — той ідэальны тып, узор сац. дзеяння, з якім суадносяцца іншыя тыпы. П.А.Сарокін развіў вучэнне пра «інтэгральную» С. і вылучыў 4 яе раздзелы: агульнае вучэнне пра грамадства, вывучэнне сац. заканамернасцей яго развіцця, вывучэнне асн. тэндэнцый у развіцці грамадства і грамадскіх ін-таў, сац. палітыка, задача якой — пошук сродкаў паляпшэння грамадскага жыцця.
Працэс фарміравання С. адзначаны пераходам ад гісторыка-эвалюцыйнага да структурна-аналіт. падыходу, тэарэт. пабудовы якога цесна звязаны з эмпірычнымі даследаваннямі. У межах агульнай праблематыкі фарміраваліся розныя тэарэт. арыентацыі ў адпаведнасці з пануючымі ў пэўны перыяд філас. плынямі. Так, «сацыялагізм» Дзюркгейма, які прапанаваў разглядаць факты «як рэчы», парадзіў лінію пазітывісцкага аб’ектывізму. «Разумеючая» С. Вебера (імкненне расшыфраваць унутраны сэнс сац. дзеянняў) абапіралася на ідэі неакантыянства і філасофіі жыцця. У 1950-х г. у С. існавала некалькі тэарэт. арыентацый, самая ўплывовая з іх — структурны функцыяналізм (Т.Парсапс, Р.К.Мертан), які ставіў на першы план прынцып цэласнасці і інтэграцыі сістэмы і тлумачыў прыватныя з’явы тымі функцыямі, якія яны выконваюць у межах гэтага цэлага.
На Беларусі сацыялагічная думка мае традыцыі, асновы якіх закладзены ў 19 ст., у т. л. ў працах К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, А.Пашкевіч (Цётка) і інш. У той час яна імкнулася да агульнатэарэт. пабудоў; з аднаго боку, злівалася з сац. філасофіяй, з другога — з працамі этнагр. і дэмаграфічнага характару. Пасля стварэння АН Беларусі (1929) маштабы даследчай работы пашырыліся: вывучэнне сац.-эканам. і сацыякульт. праблем развіцця бел. нацыі (Я.Ф.Карскі, С.М.Некрашэвіч), дынамікі сац. структуры грамадства (У.М.Ігнатоўскі, М.В.Доўнар-Запольскі), С. сям’і і рэлігіі (С.Я.Вальфсон, Б.Э.Быхоўскі), асветы і выхавання (С.М.Васілейскі, А.А.Гайвароўскі, С.М.Рыверс). З канца 1930-х да сярэдзіны 1950-х г.гіст. падзеі надоўга вывелі айчынную С. па-за межы прыярытэтных навук. Аднак ускладненне сац. праблем, неабходнасць аналізу і прагназавання асн. тэндэнцый развіцця грамадства, вывучэння грамадскай думкі па актуальных пытаннях патрабавалі ўзнаўлення і развіцця С. З сярэдзіны 1960-х г. пачаўся новы этап развіцця даследаванняў па С. У 1965 засн. грамадскі Ін-т сацыялагічных даследаванняў; у 1968 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі створаны сектар (пазней аддзел) С., пры БДУ — Праблемная н.-д. лабараторыя сацыялагічных даследаванняў, у БПІ, ін-це нар. гаспадаркі і інш.ВНУ — сацыялагічныя лабараторыі. У 1989 засн.Рэсп. цэнтр сацыялагічных даследаванняў (з 1990 Ін-т С.), у БДУ — кафедра С. У 1990-я г. створаны недзярж. ін-ты і цэнтры сацыялагічнага профілю (Бел. сацыялагічная служба «Грамадская думка», Незалежны ін-тсац.-эканам. і паліт. даследаванняў, прыватнае даследчае прадпрыемства «НОВАК», Гомельскі сацыялагічны цэнтр «Аракул» і інш.). У 1996 створаны Ін-тсац.-паліт. даследаванняў пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Цэнтр сацыялагічных і паліт. даследаванняў БДУ. У наш час бел. сацыялагічная школа мае шэраг кірункаў; гісторыя і тэорыя С. (Г.П.Давідзюк, Я.М.Бабосаў, І.І.Антановіч, А.М.Елсукоў); С. асобы, распрацоўка тэорыі катастроф, С. канфліктаў (Бабосаў); С. трансфармацыйных працэсаў у грамадстве, С. моладзі (А.М.Данілаў); эканам. С. і С. працы (Г.М.Сакалова); С. сям’і (М.Р.Юркевіч, С.Д.Лапцёнак, С.Н.Бурава); С. навукі (Г.А.Несвятайлаў); С. культуры (Э.К.Дарашэвіч, В.І.Русецкая, Л.Р.Цітарэнка, С.В.Лапіна); С. адукацыі (А.І.Ляўко, В.А.Кліменка); паліт. С. (І.В.Катляроў, В.В.Бушчык); С. камунікацый (А.Ц.Манаеў); С. дэвіянтных паводзін (М.А.Бараноўскі); метадалогія сацыялагічных даследаванняў (С.А.Шавель, А.У.Рубанаў); методыка аператыўных даследаванняў (Д.Г.Ротман); распрацоўка асн. кірункаў дэмаграфічнай палітыкі краіны (А.А.Ракаў) і інш.
Літ.:
Конт О. Курс положительной философии: Пер. с фр.Т. 1—2. СПб., 1899—1901;
Спенсер Г. Основные начала: Пер. с англ. СПб., 1867;
Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр.М., 1996;
Вебер М. Избр. произв.: Пер. с нем. М., 1990;
Сорокин П.А. Система социологии: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1993;
Смелзер Н. Социология: Пер. с англ.М., 1994;
Давидюк Г.П. Прикладная социология. Мн., 1979;
Бабосов Е.М. Социология. Ч. 1. Общая социол. теория. Мн., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУРАЛОГІЯ
Культуралагічныя даследаванні ў Беларусі пачаліся ў эпоху Адраджэння. Праблемы нац. і рэліг. самаідэнтыфікацыі, біблейскай і антычнай традыцый адлюстроўваліся ў творах Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, М.Сарбеўскага, Сімяона Полацкага, М.Сматрыцкага, А.Філіповіча. Данавук. асэнсавання праблем айчыннай культуры бел. даследчыкі звярнуліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. Пытанні бел. культуры закраналіся ў этнаграфічных і фальклорных працах Л.Бароўскага, П.А.Бяссонава, Я.Ф.Карскага, М.І.Каспяровіча, А.Г.Кіркора, Ю.Ф.Крачкоўскага, М.Я.Нікіфароўскага, Я.П.Тышкевіча, Е.Р.Раманава, І.А.Сербава, М.Федароўскага, П.В. Шэйна і інш. На аснове комплекснага параўнальна-гіст. абагульнення фактычнага матэрыялу яны абгрунтавалі нац. самабытнасць беларусаў як самастойнага народа, які стварыў сваю багатую і арыгінальную культуру. Культуралогія як частка комплекснай гуманіт. навукі фарміравалася на стыку гісторыі, філасофіі, сацыялогіі, псіхалогіі, антрапалогіі, этналогіі, мастацтвазнаўства, семіётыкі, лінгвістыкі і інш. навук.
У 2-й пал. 20 ст. вызначальную ролю ў распрацоўцы тэорыі і гісторыі айч. культуры адыгралі бел. вучоныя Г.І.Барышаў, Я.М.Бабосаў, Ю.А.Гусеў, Э.К.Дарашэвіч, У.М.Конан, М.І.Крукоўскі, Г.А.Каханоўскі, А.Б.Ладыгіна, А.І.Лакотка, А.В.Мальдзіс, У.Ф.Мартынаў, І.В.Марозаў, В.Ф.Нячай, І.Д.Розенфельд, Я.М.Сахута, Р.Б.Смольскі, В.У.Пазнякоў, В.Ф.Шматаў і інш. У навук. працах разгледжаны праблемы развіцця бел. нацыі, сацыядынамікі культуры ў яе нац. традыцыях і асаблівасцях у кантэксце ўзаемадзеяння са станаўленнем і праяўленнямі спецыфічна бел. менталітэту, нац. самасвядомасці бел. народа ў мінулыя эпохі і ў сучасны перыяд.Бел. культуролагі даследуюць заканамернасці развіцця і функцыянавання культуры, яе структуру і дынаміку, (Я.М.Бабосаў, Э.К.Дарашэвіч, М.І.Крукоўскі, С.В.Лапіна, А.І.Смолік), этнічныя і духоўныя асновы культуры і быцця чалавека (Т.І.Адула, П.Р.Ігнатовіч, А.С.Майхровіч, Ю.В.Чарняўская), праблемы тэорыі каштоўнасці і варыятыўнасці культуры (А.М.Пакроўская), дыялектыку ментальнасці і нац. культуры, узаемадзеяння розных культур і цывілізацый свету (В.В.Брыгадзіна, Э.С.Дубянецкі, І.І.Касперава, У.П.Люкевіч). Новым кірункам у культуралогіі стала архітэктурная герменеўтыка (працы І.В.Марозава «Таямнічым шляхам Гермеса», 1994; «Архітэктурная герменеўтыка», 1999). Вывучэнню сутнасных праяў прыгажосці, што дэтэрмінуюць развіццё культуры, прысвечаны працы У.Ф.Мартынава «Філасофія прыгажосці» (1999) і «Эстэтыка» (2004). Вучоныя культуролагі Ю.Г.Болатава, С.Л.Вілейка, А.А.Каспярук, І.Л.Коган, Э.А.Усоўская, Т.І.Якавук і інш. даследуюць аксіялагічныя асновы маст. культуры, пытанні генезісу, тыпалогіі і механізмаў захавання традыц. культуры, ролі і месца этыкі і рэлігіі ў структуры культ. арганізма.
У Бел. ун-це культуры падрыхтаваны і выдадзены працы, прысвечаныя ролі духоўнай культуры ў рэгуляцыі розных сфер сац. быцця ва ўмовах сістэмнай трансфармацыі грамадства, дзейнасці сацыякультурных інстытутаў, якія забяспечваюць функцыянаванне культуры: «Сацыядынаміка культуры ў посткатастрофным соцыуме» А.І.Смоліка (1999), «Філасофія культуры: Уводзіны ў тэарэтычную культуралогію» М.І.Крукоўскага (2001), «Этнічныя асновы культуры» П.Р.Ігнатовіча і Ю.В.Чарняўскай (2001) і інш. Даследаванні культуры канкрэтных сац. арганізмаў, што існуюць у пэўных прасторава-часавых межах, а таксама культуры рэгіёнаў вядуцца ў Гродзенскім ун-це (І.В.Бусько, Э.А.Малько, С.З.Сямернік, І.Д.Розенфельд, М.А.Валковіч, Т.Р.Бараноўская). У Бел. ін-це праблем культуры (І.Б.Багачова, Р.Л.Бузук, І.І.Кулік, Л.І.Ракавецкая, У.П.Скараходаў) і Рэсп. ін-це вышэйшай школы (Ю.Ю.Гафарава, М.Р.Жбанкоў, В.У.Пазнякоў, Я.С.Яскевіч) праводзяцца фундаментальныя даследаванні асноў нац.-культ. развіцця ва ўмовах дэмакр. прававой дзяржавы, развіцця нар. творчасці і прафес. мастацтва, узаемадзеяння бел. культуры з інш. культурамі свету, распрацоўваецца канцэпцыя культуралагічнай адукацыі моладзі.
Выдадзены шэраг калект. і індывід.навуч. дапаможнікаў па культуралогіі, тэорыі і гісторыі культуры, асобных праблемах культуразнаўства і культурна-філас. антрапалогіі (В.В.Брыгадзіна, У.У.Качаноўскі, М.Д.Каўшараў, Н.А.Круталевіч, С.В.Лапіна, І.Я.Левяш, У.Ф.Мартынаў, Т.Я.Мінянкоў, С.Я.Парашкоў, Н.А.Рабцова, Ю.В.Чарняўская, І.Я.Шыршоў); навук. даведнік «Культура Беларусі XI—XIX ст.» А.І.Смоліка (1995). У 2003 выйшаў у свет энцыклапедычны даведнік Э.С.Дубянецкага «Культуралогія», у якім змест асн. паняццяў, тэрмінаў і феноменаў культуры арганічна ўвязаны з гісторыяй і рэальнымі працэсамі этнакультурнага развіцця бел. грамадства.
Літ.:
Роль культуры в формировании личности. Мн., 1980;
Ширшов И.Е. Динамика культуры. Мн., 1980;
Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992;
Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996;
Смолік А.І. Сацыяльна-культурная дзейнасць у постчарнобыльскім соцыуме. Мн., 1999;
Морозов И.В. Архетипы культуры: Основы культурологии. Мн., 2001;
Потапенко Н.Я. Культура как самоорганизующаяся система. Мн., 2003;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗБЕКІСТА́Н (Ўзбекистон), Рэспубліка Узбекістан (Ўзбекистон Республикаси),
дзяржава ў Цэнтр. Азіі. Мяжуе на Пн і ПнЗ з Казахстанам, на ПдЗ з Туркменістанам, на ПдУ з Таджыкістанам, на ПнУ з Кыргызстанам, на Пд з Афганістанам; на ПнЗ абмываецца Аральскім м.Пл. 447,4 тыс.км². Нас. 24 755 тыс.чал. (2000). Сталіца — г.Ташкент. У складзе У. 12 вілаетаў (абласцей) і Рэспубліка Каракалпакстан. Дзярж. мова — узбекская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 вер.).
Дзяржаўны лад. У. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992 (са зменамі і дапаўненнямі 2002). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным, прамым і тайным галасаваннем на 7 гадоў з правам перавыбрання. Прэзідэнт адначасова з’яўляецца старшынёй Кабінета міністраў; ён назначае прэм’ер-міністра і членаў урада. Вышэйшы прадстаўнічы орган, які ажыццяўляе заканад. ўладу, — двухпалатны Олій Мажліс (складаецца з Сената і Заканад. палаты).
Прырода. У. размешчаны ў міжрэччы Амудар’і і Сырдар’і. Большую ч.тэр. займаюць раўніны, пераважна Туранская нізіна, у межах якой вылучаюцца плато Усцюрт (выш.да 292 м), алювіяльная раўніна Амудар’і з астанцовымі ўзв. Кубетау, Мангыр, Тузкыр і ўзвышаная раўніна пустыні Кызылкум з ізаляванымі гарамі Букантау (764 м), Кульджуктау (785 м), Тамдытау (922 м). Горы, перадгор’і і міжгорныя ўпадзіны складаюць каля 20% тэр. На крайнім ПдУ адгор’і Зах. Цянь-Шаня (хр. Пскемскі — выш.да 4299 м, г. Бештор; Каржантау, Угамскі, Чаткальскі, Курамінскі). Ферганская даліна аддзяляе Цянь-Шань ад Гісара-Алая (хр. Алайскі, Туркестанскі, Зераўшанскі). На Пд Кашкадар’інская і Сурхандар’інская ўпадзіны, падзеленыя Гісарскім хр. (выш.да 4643 м, г. Хазрэт Султан). Характэрна высокая сейсмічнасць. Карысныя выкапні: вісмутавыя, медныя, поліметал. руды, вальфрам, золата, прыродны газ, нафта, каменны і буры вугаль, плавікавы і палявы шпат, графіт, сера, кварц, вапнякі, вырабныя і паўкаштоўныя камяні. Крыніцы тэрмальных вод. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-растудз. ад -9 °C на плато Усцюрт да 3 °C на ПдУ, ліп. адпаведна 26 °C і 32 °C; у Тэрмезе зарэгістравана т-ра паветра 49,6 °C. Ападкаў ад 80—250 мм на раўнінах да 1000 мм у гарах. Невял. ледавікі ў гарах. Гал. рэкі: Сырдар’я з прытокам Чырчык і Амудар’я з прытокамі Сурхандар’я, Шэрабад, Кашкадар’я, Зераўшан. Найб. возера — Аральскае мора, шмат поймавых і дэльтавых азёр, вадасховішчаў. Каля 171 тыс.км арашальных каналаў. Гая. каналы: Эскіянхорскі, Вялікі Ферганскі канал, Паўн. і Паўд. Ферганскі, Мірзачульскі, Ташкенцкі. Глебы на раўнінах шэра-бурыя пустынныя, пяскі, такыры і саланчакі; у перадгор’ях і міжгорных далінах — шэразёмы; у гарах — карычневыя і бурыя. На раўнінах пераважае расліннасць пустынь (палын, салянкі, чорны саксаул), па далінах рэк — тугайныя лясы. У перадгор’ях — эфемеры, сухі разнатраўны стэп, паўхмызнякі хмызнякі (міндаль, фісташкі, курчаўка, вішарнік). Сярэднягор’і заняты лугава-лясной расліннасцю, дзе сярод разнатраўя і хмызнякоў (бружмель, барбарыс, шыпшына) трапляюцца арча, грэцкі арэх, клён, вішня, алыча, яблыні і інш. Пад лесам каля 2% тэр. У высакагор’ях — ціпчаковыя стэпы. Жывёльны свет пустынь: суслікі, тушканчыкі, заяц-талай, воўк, чарапаха, агамы, вараны, гюрза; характэрны скарпіёны, фалангі, тарантулы, маскіты і інш.; з птушак — саксаульная сойка, буланы казадой, пустынны верабей, валасянкі. У тугайных лясах — дзік, чаротавы кот, шакал; з птушак — чаплі, фазаны, качкі. У гарах — вінтарогі казёл, горны баран, барс; з птушак — кеклік, улар, арлы, грыфы. 9 запаведнікаў, у т. л. Чаткальскі, Гісарскі, Бадай-Тугай; 9 заказнікаў, Заамінскі і Угам-Чаткальскі нац. паркі, 2 дзярж. помнікі прыроды.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — узбекі (80%). Жывуць таксама рускія (5,5%), таджыкі (5%), казахі (3%), каракалпакі (2,5%), татары (1,5%) і інш. Мусульмане-суніты — 88%, праваслаўныя хрысціяне — 9%. Сярэдняя шчыльн. 55,3 чал. на 1 км². Самы густанаселены раён — Ферганская даліна, асабліва Андыжанскі (522 чал. на 1 км²), Ферганскі (340) і Наманганскі (261 чал. на 1 км²) вілаеты. Гар. насельніцтва 37%. Найб. гарады (тыс.чал., 2000): Ташкент (2148), Самарканд (361), Наманган (336), Андыжан (334), Бухара (239), Фергана (185). У эканоміцы занята (1999) 8,9 млн.чал., у т. л. ў прам-сці 19,8%, сельскай і лясной гаспадарцы 35,8%, у абслуговых галінах 44,4%.
Гісторыя. Чалавек на тэр. У. вядомы з эпохі палеаліту (грот Тэшык-Таш з пахаваннем хлопчыка-неандэртальца і інш.). У 4—3-м тыс.дан.э. тут існавала неалітычная кельтэмінарская культура, на позніх этапах якой пачаўся пераход да земляробства і жывёлагадоўлі. У эпоху бронзы ўзнікла штучнае арашэнне. З сярэдзіны 1-га тыс.дан.э.тэр. У. насялялі іранскамоўныя плямёны, якія стварылі шэраг дзярж. утварэнняў — Бактрыю, Согд Харэзм, у стэпах і пустынях жылі качэўнікі-жывёлаводы сакі. У 6 ст.дан.э. тут усталявана ўлада Ахеменідаў дзяржавы. У 329—327 дан.э. ў Согд і Бактрыю ўварваліся войскі Аляксандра Македонскага і заваявалі іх пасля доўгага змагання з мясц. насельніцтвам на чале са Спітаменам. Каля 250 дан.э. намеснік Селеўкідаў у Бактрыі стварыў Грэка-Бактрыйскае царства, якое ў сярэдзіне 2 ст.дан.э. знішчылі тахары. У 1 ст.дан.э. — 3 ст.н.э.тэр. У. ў складзе Кушанскай дзяржавы. У 5 ст. тут усталявана ўлада эфталітаў, у 560-я г. — цюркаў з Заходне-Цюркскага каганата. У пач. 8 ст. пачаліся арабскія заваяванні. У 712 арабы заваявалі Харэзм і раён паміж рэкамі Амудар’я і Сырдар’я, які назвалі Маверанахр. Мясц. насельніцтва супраціўлялася заваёўнікам, найбуйнейшым было Муканы паўстанне ў 770—780-я г. З таго часу ва У. пашырыўся іслам, які хутка выцесніў мясц. рэлігіі (будызм, зараастрызм, маніхейства, хрысціянства). Панаванне арабаў у 9 ст. змянілася ўладай мясц. дынастый, утворана Саманідаў дзяржава са сталіцай у г. Бухара. У 999 яна заваявана аб’яднаннем цюркскіх плямён на чале з дынастыяй Караханідаў, тэр. У. апынулася пад уладай адной з цюркскіх дынастый — Газневідаў. Пачалося фарміраванне цюркскай народнасці, якая пазней атрымала назву узбекаў. У канцы 11 ст.Караханідаў дзяржава трапіла ў залежнасць ад сельджукаў, З 12 ст. — каракітаяў. З канца 12 ст. пачалося ўзвышэнне Харэзмшахаў дзяржавы, правіцелі якой у пач. 13 ст. аб’ядналі пад сваёй уладай Сярэднюю Азію і Іран. У 1219—21 у Сярэднюю Азію ўварваліся манголы (гл.Мангольскія заваяванні), якія спустошылі краіну. Большая ч.тэр. У. ўвайшла ў склад Джагатайскага (Чагатайскага) улуса. які ў пач. 14 ст. распаўся на дробныя ўладанні. У канцы 14 ст. ўтварылася дзяржава Цімура (1336—1405) са сталіцай у г. Самарканд. У 15 ст. дзяржава Цімурыдаў дасягнула росквіту, асабліва Самарканд у час кіравання Улугбека [1409—49]. На мяжы 15—16 ст. уладанні Цімурыдаў заваяваны плямёнамі узбекаў на чале з Шэйбані-ханам, якія далі сваю назву цюркскай народнасці, што ўжо склалася на тэр. У. Паступова ўтварыліся 3 дзяржавы на чале з узб. дынастыямі: Бухарскае ханства (з сярэдзіны 18 ст.Бухарскі эмірат), Хівінскае ханства і Какандскае ханства (з канца 18 ст.). Найб. моцнае з іх Какандскае ханства ў 1-й пал. 19 ст. праводзіла актыўную заваёўніцкую палітыку зямель кіргізаў і казахаў. Рух какандцаў прывёў да сутыкнення на Пн з сустрэчнай рас. экспансіяй у напрамку Сярэдняй Азіі. У 1853 рас. войскі авалодалі какандскай крэпасцю Ак-Мячэць (цяпер Кзыл-Арда), а з 1864 пачалі наступленне на гал. цэнтры Какандскага ханства. У 1864 рас. армія заваявала Ташкент, а ў 1867 прымусіла какандцаў прызнаць вярх. ўладу Расіі. Пасля кароткачасовай вайны рас. пратэктарат у 1868 прызнаў Бухарскі эмірат, а ў 1873 і Хівінскае ханства. У 1866 створана Туркестанскае ген.-губернатарства са сталіцай у Ташкенце. Пасля Какандскага паўстання 1873—76 Какандскае ханства скасавана. Пад прамым рас. кіраваннем ген.-губернатар К.П.Каўфман правёў зямельную рэформу, што спрыяла развіццю рыначных адносін. Будаваліся чыгункі. Неўзабаве У. стаў гал. раёнам вытв-сці бавоўны ў Расіі (потым СССР). Пагаршэнне становішча насельніцтва ў час 1-й сусв. вайны прывяло даСярэднеазіяцкага паўстання 1916.
Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на тэр. У. створаны Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Адначасова пачалі фарміравацца нац.узб. арганізацыі «Шура-і-Іслам», «Шура-і-Улема». 14.11.1917 улада ў Ташкенце перайшла да Савета на чале з бальшавікамі. Адначасова ў Какандзе лідэры узб.нац. арг-цый стварылі ўласны ўрад — Какандскую аўтаномію (ліквідавана ў лют. 1918 Чырв. Арміяй) 30.4.1918 абвешчана Туркестанская Аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. У лют. 1920 Чырв. Армія скінула хівінскага хана, створана Харэзмская Народная Савецкая Рэспубліка; у вер. 1920 скінуты бухарскі эмір і абвешчана Бухарская Народная Савецкая Рэспубліка. Да 1926 працягвалася змаганне з басмацтвам. У 1921—22 і 1926—29 тут праведзена зямельна-водная рэформа. 27.10.1924 рашэннем ЦВКСССР створана Узб. ССР. 1-ы Устаноўчы з’езд Саветаў У. (13 17.2.1925) прыняў Дэкларацыю пра дзярж. суверэнітэт Узб. ССР. У 1929 пачалася прымусовая калектывізацыя, што прывяло да новага ўздыму басмацкага руху. За гады сав. улады ва У. створана буйная прам-сць, узнікла узб. інтэлігенцыя, якая імкнулася пашыраць культуру ў масы. У Вял.Айч. вайну ва У. эвакуіравана больш за 90 прадпрыемстваў і ўстаноў, у т. л. з Беларусі; каля 200 тыс. дзяцей. Больш як 280 воінам з У. прысвоена званне Героя Сав. Саюза, у т. л. 18 чал. за вызваленне Беларусі. Разам з дасягненнямі да 1980-х г. нарасталі негатыўныя тэндэнцыі, звязаныя з монакультурай бавоўны, абмяленнем Арала. 20.6.1990 Вярх. СаветУзб. ССР прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, а 31.8.1991 абвясціў дзярж. незалежнасць У. Урад прэзідэнта І.А.Карымава праводзіць палітыку развіцця рыначных адносін і ўмацавання эканам. сувязей з інш. краінамі, курс на пабудову свецкай дзяржавы. У. — чл.ААН (з 1992), Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 21.2.1993.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Ва У. дзейнічаюць паліт. партыі: Нар.-дэмакр. партыя У., Нац.-дэмакр. партыя У. «Фідакарлар», Дэмакр. партыя нац. адраджэння, Сацыял-дэмакр. партыя У. «Адалат» («Справядлівасць»), Узбекістан «Халк бірлігі» харакаці (Рух «Народнае адзінства»).
Гаспадарка. У. — індустр.-аграрная краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1999 склаў 46,3 млрд.дол. (2,3 тыс.дол. на 1 чал.). Прыярытэтныя галіны эканомікі — нафтавая і газавая, апрацоўчая, сельская гаспадарка, электраэнергетыка, металургія, машынабудаванне, хімічная. На долю прамысловасці і буд-ва прыпадае каля 30% ВУП. У краіне каля 11 тыс. прадпрыемстваў. Паліўна-энергет. комплекс уключае здабычу нафты і прыроднага газу (нафтагазаносныя раёны — Усцюрцкі, Бухара-Хівінскі, Паўд.-Зах.-Гісарскі, Ферганскі, Сурхандар’інскі; газавыя радовішчы — Шуртанская і Мубарэкская групы), бурага вугалю (Ангрэнскае, Шаргунскае і Байсунскае радовішчы, агульныя запасы 2 млрд.т). У 2000 здабыта нафты 8,1 млн.т, газу 55,6 млрд.м³, вугалю 3,8 млн.т. Перапрацоўка нафты на Алтыарыкскім, Бухарскім і Ферганскім з-дах, газу — на Шуртанскім і Мубарэкскім з-дах. Аснову энергетыкі складаюць ЦЭС, якія працуюць пераважна на газе (Ташкенцкая, Сырдар’інская, Тахіяташская ДРЭС) і ГЭС (каскад ГЭС на р. Чырчык, Фархадская на р. Сырдар’я). 37 электрастанцый, вытв-сць электраэнергіі 45,3 млрд.кВт∙гадз (1999). Каляровая металургія грунтуецца на мясц. сыравіне. Здабыча і перапрацоўка медных і поліметал. руд на Ангрэн-Алмалыкскім вузле. Вытв-сць канцэнтрату вальфраму і малібдэну ў Чырчыку, золата і рэдказямельных металаў на Наваійскім горна-металургічным камбінаце. У. займае 5-е месца ў свеце па запасах і 7-е месца па здабычы золата. Чорная металургія прадстаўлена з-дам у г. Бекабад. Гал. спецыялізацыя машынабудавання — с.-г. машынабудаванне: вытв-сць машын для баваўнаводства (трактары, сеялкі, бавоўнаўборачныя машыны) і бавоўнаачышчальнага абсталявання, тэхнікі для шаўкаводства, абсталявання для тэкст., нафтахім. і газавай прам-сці, машын для ірыгацыі (Ташкент, Каканд, Андыжан). Развіта авіяц.прам-сць (вытв-сць грузавых і пасаж. самалётаў маркі «Іл» і на іх базе палівазаправачных, сан. і пажарных мадэлей самалётаў) у Ташкенце. Аўтамабілебудаванне: узб.-кар. прадпрыемства «УзДэу» (г. Асака) і узб.-тур. прадпрыемства па вытв-сці аўтобусаў (г. Самарканд). Хім.прам-сць: вытв-сць азотных і фосфарных угнаенняў (Чырчык, Самарканд, Фергана, Наваі), хім. валакна (Фергана), пластмас (Ташкент, Джызак), гумава-тэхн. вырабаў, быт. хіміі, лакаў і фарбаў (Алмалык, Наманган, Ташкент), медыкаментаў (Ташкент). Гідролізныя з-ды ў Андыжане, Фергане, Янгіюлі. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, цэглы, вапны, керамікі, шыферу, жалезабетонных вырабаў) у Бекабадзе, Ангрэне, Наваі, Ташкенце. Важнае месца ў прам-сці займаюць традыц. галіны: лёгкая (каля 40% прамысл. прадукцыі), у т. л. бавоўнаачышчальная (1,3 млн.т. бавоўнавалакна; Андыжан, Бухара, Янгіюль і інш.), баваўняная (Бухара), шаўковая (Маргілан, Наманган і інш.), шарсцяная (Хіва), дывановая (Бухара), гарбарна-абутковая (Каканд, Фергана), швейная; харчасмакавая (алейная, масласыраробная, мясная, мукамольная, крупяная, плодаагароднінакансервавая, вінаробная, тытунёвая, рыбная). Нар.маст. промыслы. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі У. (31,7% ВУП), забяспечвае 70% унутр. тавараабароту і 55% валютных паступленняў. Недзярж. сектар дае калі 95% с.-г. прадукцыі. С.-г. ўгоддзі займаюць (млн.га, 2000) 23,5, у т. л. ворныя землі 4,1, сенажаці 0,1, пашы 18,9; арашаецца каля 4,2. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — арашальнае земляробства (55,2% с.-г. прадукцыі). Пасяўныя пл. (тыс.га, 2000) 3778, у т. л. пад збожжавымі 1610, тэхн. 1510 (бавоўнік 1440), кармавымі 429 (люцэрна 220), бульбай, агароднінай і бахчавымі 219. Гал. спецыялізацыя сельскай гаспадаркі — баваўнаводства на паліўных землях. Найб. пасевы ў далінах Ферганскай, Сырдар’і і Зераўшана, нізоўях Амудар’і. У паўд. раёнах (Бухарскі, Кашкадар’інскі і Сурхандар’інскі вілаеты) вырошчваюць тонкавалакністыя гатункі бавоўніку. У. займае 1-е месца ў СНД па зборы бавоўны-сырцу (3 млн.т) і 2-е месцаў свеце па экспарце бавоўны. З тэхн. культур вырошчваюць таксама кенаф, тытунь, цукр. трыснёг. У апошнія гады павялічваюцца пасяўныя плошчы і збор збожжавых культур. Рыс, кукурузу, джугару вырошчваюць на паліўных землях; пшаніцу, ячмень і інш. — на багарных. Развіты агародніцтва, бахчаводства, бульбаводства, пладаводства (абрыкосы, персікі, яблыкі, вішні, гранат, інжыр. хурма, міндаль), вінаградарства. Збор (тыс.т, 2000): збожжа 3924, агародніны 2644, бульбы 731, садавіны 204, вінаграду 120, бахчавых 5, тытуню 24. Гал. галіна жывёлагадоўлі — авечкагадоўля. Асн. раён каракулегадоўлі — пустыня Кызылкум, танкарунная і мяса-сальная авечкагадоўля ў перадгорных і горных раёнах. Гадуюць таксама буйн. раг. жывёлу мяснога і мяса-малочнага кірунку, свіней, коз, коней, вярблюдаў. Птушкагадоўля. Гал. раёны вытв-сці прадукцыі жывёлагадоўлі — Бухарскі, Кашкадар’інскі, Сурхандар’інскі, Самаркандскі, Джызакскі вілаеты і Каракалпакстан. Пагалоўе (млн. галоў, 1998): авечак 8,6, буйн. раг. жывёлы 5,2, свіней 0,2, коз 0,7, птушак 12,3. Вытв-сць мяса (у забойнай вазе) 841 тыс.т, малака 3632,5 тыс.т, шкурак каракуля 1,5 млн. штук, грубай авечай воўны 18 тыс.т Шаўкаводства пашырана ў Ферганскай даліне (каля 30 тыс.т коканаў штогод). Рыбалоўства. Зверагадоўля. Асн. від транспарту — чыгуначны (80% грузаабароту). Даўж. чыгунак 3,5 тыс.км, у т. л. электрыфікавана 500 км. Даўж. аўтадарог 43,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 42 тыс.км. Суднаходства па р. Амудар’я. 13 аэрапортаў. 9 буйных газаправодаў (даўж. больш за 4 тыс.км). Курорты: Ташкенцкія мінер. воды, Чартак, Чыміён, Шахімардан. Замежны турызм (даход 21 млн.дол.). Экспарт (3,8 млрд.дол., 1998): бавоўнавалакно, прыродны газ, электраэнергія, каляровыя металы, харч. прадукты. Імпарт (4,1 млрд.дол., 1998): машыны абсталяванне, лес, спажывецкія тавары Асн.гандл. партнёры: Расія, Паўд. Карэя, Турцыя, Германія, ЗША, Італія, Туркменістан. Рэспубліка Беларусь экспартуе ва У. трактары, шыны, імпартуе бавоўнавалакно. Грашовая адзінка — сум.
Узброеныя сілы налічваюць 58 тыс.чал. (2000). Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, спец. войск і нац. гвардыі. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву і па кантракце. Тэрмін абавязковай службы 12 месяцаў. У сухап. войсках больш за 35 тыс.чал., у ВПС і ППА каля 9 тыс.чал., у спец. войсках і нац. гвардыі больш за 10 тыс.чал. На ўзбраенні каля 950 танкаў і баявых браніраваных машын, больш за 100 рэактыўных сістэм залпавага агню, каля 500 артыл. гармат, 150 баявых самалётаў, каля 130 верталётаў і інш.
Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне дзярж., платнае, прыватнае. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 60, жанчын 67 гадоў (2001). Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс.чал., смяротнасць — 8 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост — 1,8%. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 120 чал., урачамі — 1 на 302 чал. Дзіцячая смяротнасць — 72 на 1 тыс. нованароджаных (2001).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, прафес.-тэхн., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Агульная (школьная) адукацыя складаецца з 3 ступеней: пачатковая (1—4 кл.), абавязковая (5—9 кл.) і сярэдняя (10—11 кл.). Выкладанне вядзецца на узб., рус., каз., кірг., каракалпакскай, тадж., карэйскай і інш. мовах. Сярэднюю спец. адукацыю можна атрымаць і ў спецыялізаваных каледжах і акад. ліцэях. Сістэма вышэйшай адукацыі прадугледжвае: няпоўную вышэйшую адукацыю (выдаецца дыплом малодшага спецыяліста пэўнай кваліфікацыі); базавую вышэйшую адукацыю (прысвойваецца ступень бакалаўра); закончаную вышэйшую адукацыю (прысвойваецца ступень магістра). У 2002/03 навуч.г. ва У. 63 ВНУ, у т. л. 20 ун-таў. Буйнейшыя ВНУ: Нац.ун-т У., пед. і аграрны ун-ты, электратэхн. ін-т сувязі, мед. № 1 і № 2 ін-ты — усе ў Ташкенце; ун-ты ў гарадах Нукус і Самарканд. Буйнейшыя б-кі: Каракалпакстанская рэсп. (г. Нукус), абл.навук.-універсальныя ў гарадах Ташкент, Андыжан, Бухара, Наманган, Самарканд, Тэрмез, Фергана, Ургенч і інш.; Рэсп. дзіцячая і Рэсп.цэнтр. для сляпых у Ташкенце. Найб. музеі: Нац. гісторыі У., Літ. імя А.Наваі, гісторыі Цімурыдаў, алімпійскай славы, мастацтваў, прыкладнога мастацтва, прыроды, Дом-музей У.Тансыкбаева — усе ў Ташкенце; мастацтваў Рэспублікі Каракалпакстан (г. Нукус), арх.-маст. музей-запаведнік (г. Бухара), археал. (г. Тэрмез), музей-запаведнік «Ічан-Кал’а» (г. Хіва) і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Нац.АН (засн. ў 1943), галіновых НДІ, на кафедрах ун-таў і інш.ВНУ.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1990-я г. ва У. выдавалася каля 460 газет і часопісаў, з іх больш за 200 на узб. мове. Найб. тыраж маюць «Правда Востока» (з 1917, на рус.), «Халк сузи» («Народнае слова», з 1991, на узб. і рус. мовах). Інфарм. агенцтва — Нац.інфарм. агенцтва У. (УзА, з 1992). Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе Дзярж.к-т па справах радыё і тэлебачання. Радыёвяшчанне з 1927. Перадачы вядуцца па 3 праграмах на узб., рус., тадж., каз., тат., каракалп., уйгурскай мовах, з 1947 і на замежжа. Тэлебачанне з 1956. Перадачы вядуцца па 3 праграмах на узб., рус., каз. мовах, рэтрансліруюцца перадачы з Масквы, Бішкека, Душанбе. Дзейнічае сетка абл. тэлевізійных станцый.
Літаратура. Развіваецца на узбекскай мове. Вытокі яе ў багатым узб. фальклоры (дастаны, казкі, песні, нар. драма і інш.). Найб. пашыраны эпічны жанр — дастан, звязаны з гісторыяй народа. Вядомы літ. апрацоўкі казачных сюжэтаў (запісана каля 300 тэкстаў), складзеных нар. сказіцелямі: гераічныя эпасы «Алпамыш», «Айслу»; героіка-рамант. «Гораглы», «Рустамхан»; раманічныя «Арзігуль», «Тахір і Зухра»; воінскія «Юсуф і Ахмед», «Алібек і Балібек»; гіст. «Талганай», «Тулумбек»; літ. паходжання «Фархад і Шырын», «Лейлі і Меджнун» і інш. Першыя помнікі узб. пісьменнасці (на цюрк. мове) дайшлі з 11 ст.: дыдактычная паэма Ю.Баласагуні «Веды, што даюць шчасце» (1069), праца М.Кашгары «Слоўнік цюркскіх гаворак» (1072—74), насычаная фалькл. матэрыялам, кн. А.Югнакі «Дар ісцін» (канец 12 — пач. 13 ст.). У 14—15 ст. паявіліся творы на стараузб. мове: рамант. паэмы «Юзуф і Зулейха» Дурбека, «Гуль і Наўруз» Лутфі (1411), творы Атаі, Сакакі і інш. Росквіту узб.л-ра дасягнула ў творчасці паэта-гуманіста Наваі. У 16—19 ст.фалькл. і літ. сюжэты апрацоўвалі паэты Меджлісі, Саадзі, Нішаці Харэзмі, Салахі, Сайкалі, Надзіра і інш. Узнікла маст. проза: апавяданні Хаджы (16 ст.), мемуарныя творы Б.Абу-ль-Газі (17 ст.), алегарычная аповесць «Апавяданні пра Саву, або Прыказкі» М.Гульхані (канец 18 — пач. 19 ст.); развіваліся лірыка Муніса Харэзмі (канец 18 — пач. 19 ст.), сатыр. паэзія ў творах З.Бабура, Б.Машраба, Турдзі, М.Махмура, М.Агахі. З далучэннем Сярэдняй Азіі да Расіі (2-я пал. 19 ст.) перадавая рус. грамадска-эстэт. думка паўплывала на паэтаў М.Мукімі, Фурката, У.Заўкі, А.Аваза, у творчасці якіх паглыбіліся рэалізм і народнасць. Пачынальнікі узб.сав. л-ры — Х.Хамза і Айні. У 1920-я г. выступілі маладыя паэты Гафур Гулям, Айбек, Уйгун, А.Кахар, Алімджан Хамід, К.Яшэн. Развіваліся маст. проза (раманы А.Кадыры, аповесці і апавяданні Айдын, Гайраці, Уйгуна), драматургія (п’есы Хамзы, Яшэна). У 1930-я г. з прыходам у паэзію М.Шэйхзадэ, С.Джуры, У.Насыра, Зульфіі, Міртэміра, Абдулы Сабіра пашырылася яе тэматыка, узбагацілася жанрава-стылявая палітра. У прозе выступалі Кадыры, Кахар, Х.Шамс, Айбек, Айдын, у драматургіі — Яшэн, Н.Сафараў. У Вял.Айч. вайну пераважала публіцыст. паэзія (Гафур Гулям, Алімджан Хамід, Уйгун, Шэйхзадэ і інш.). Пасляваен. л-ра стала больш разнастайнай па тэматыцы, жанрах і формах. Навелістыка і публіцыстыка ваен. гадоў у пэўнай ступені падрыхтавалі асэнсаванне воінскага подзвігу народа ў эпічных жанрах — аповесці і рамане («Сапраўднае каханне» І.Рахіма, «Сонца не згасне» Айбека, «Гады ў шынялях» Шухрата, «Гарызонт» Саіда Ахмада). У 1950—60-я г. ў л-ры пераважалі тэмы вёскі (раманы Айбека, Кахара, Рахіма), гіст.-рэв. (творы Х.Гуляма, М.Ісмаілі), пераемнасці рэв.-гіст. і культ. традыцый (А.Мухтар), духоўнага аблічча сучасніка (раманы П.Кадырава, А.Якубава, Мірмухсіна і інш.). У 1960—70-я г. далейшае развіццё атрымалі аповесць (Саід Ахмад, Мухтар, У.Умарбекаў, Кадыраў, Якубаў, С.Зунунава, Х.Назір), мемуарная л-ра (Айбек, Кахар, Сафараў), зарадзіўся жанр паэмы (Т.Тула, Мірмухсін, Х.Гулям, М.Бабаеў і інш.). Традыцыі узб. драматургіі прадоўжылі І.Султан, Сафараў, Кахар, С.Азімаў і інш. У 1990-я — пач. 2000-х г. у л-ры плённа працавалі празаікі Кадыраў, Якубаў, Мірмухсін, Умарбекаў; паэты Э.Вахідаў, А.Арыпаў, Шукруло і інш. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў У.
На бел. мове выдадзены кнігі узб. казак «Узбекскія народныя казкі» (1959), «Дзве сястры» (1966), «Кемлівыя браты» (1981, пер. І.Сакалоўскі); анталогіі паэзіі «Спявае Узбекістан» (1962) і «Сонца ў арыках» (1966); зб-кі «Узбекскія апавяданні» (1966), «Вясёлка над арыкам» (1986), «Другі перавал» (1990, пер. В.Іпатава, М.Філіповіч, У.Яцко); кнігі паэзіі «Лірыка» (1967) і «Такое сэрца ў мяне» Зульфіі (1985, пер. Э.Агняцвет), «Яблык на ўсіх» П.Муміна (1986, пер. Іпатава); раманы і аповесці «Мацней за буру» Ш.Рашыдава (1963, пер. П.Кавалёў і А.Кулакоўскі), «Зялёная горка» Умарбекава (1976, пер. М.Татур), «Чарадзейная шапка» (1976) і «Канец Жоўтага Дзіва» Х.Тухтабаева (1983, абедзве пер. З.Петрушэня і Л.Цяляк), «Кроў на камені» Я.Шукурава (пер. У.Шахавец) і «Вогненная рака ў пясках» Назіра (пер. Цяляк, абедзве 1977), «Яго вялікасць Чалавек» Р.Файзі (1978, пер. Кулакоўскі), «Дні праклёну і дні надзеі» Сафарава (1982, пер. А.Жук), «Пагорак з цюльпанамі» Л.Махмудава (1985, пер. Петрушэня і Цяляк). У бел. перыёдыцы друкаваліся пераклады твораў М.Абдукарымава, М.Алі, Арыпава, Э.Ахунавай, Гафура Гуляма, Х.Даўрона, Дж.Джабарава, Г.Джураевай, Зульфіі, Т.Ільхамава, М.Карыева, А.Матчана, А.Мухтарава, Наваі, Назіра, А.Раджабава, А.Умары, Р.Фархадзі, Х.Шарыпава, Шукруло, Якубава і інш. Сярод перакладчыкаў узб. пісьменнікаў на бел. мову: Р.Барадулін, С.Блатун, В.Вітка, С.Грахоўскі, А.Грачанікаў, В.Жуковіч, П.Кавалёў, М.Калачынскі, І.Калеснік, С.Ліхадзіеўскі, В.Лукша, М.Маляўка, Я.Міклашэўскі, С.Міхальчук, А.Разанаў, Ю.Свірка, У.Скарынкін, П.Стэфановіч, М.Танк, К.Цвірка, М.Чарняўскі і інш.
Архітэктура. Гарады на тэр. У. ўзніклі ў 1-м тыс.дан.э. Многія з іх у 4 ст.дан.э. былі рэгулярна спланаваныя, абкружаныя магутнымі сценамі з вежамі і брамамі (Тэрмез, Тапрак-Кала). Будавалі з сырцу і пахсы, з бэлечнымі перакрыццямі, часам ужывалі скляпенні, на Пд — каменныя абліцовачныя блокі і пліты. У часы Кушанскага царства ўзводзілі будыйскія манастыры (Айртам, Кара-Тэпе), храмы мясц. культаў (Кой-Крылган-Кала). Для 6—8 ст. характэрны масіўныя 2-павярховыя замкі-кёшкі са скошаным цокалем, гладкімі ці «гафрыраванымі» сценамі, палацы з параднымі заламі, дамы і храмы, аздобленыя сценапісамі і скульптурай. Сярэдневяковыя гарады мелі планы няправільных абрысаў і стыхійную забудову, уключалі цытадэль, кёшк, гар. ядро — шахрыстан, часам прадмесце — рабат (Самарканд, Бухара, Варахша). Ва ўжытак уведзены абпаленая, часам і глазураваная цэгла, скляпеніста-купальныя канструкцыі; у дэкоры выкарыстоўвалі традыц. разьбу па стука і дрэве, фігурную цагляную муроўку, абліцовачныя пліткі, у інтэр’еры — арнаментальныя размалёўкі. У 9—12 ст. выпрацавалася тыпалогія мусульм. культавага і грамадз. дойлідства (мячэці, маўзалеі, медрэсэ, мінарэты, караван-сараі, крытыя рынкі). Вар’іраваліся тыпы калоннай купальнай (Чар-Сутун у Тэрмезе) і партальнай (Магакі-Атары ў Бухары) мячэці, загараднай мячэці («намазга»), кругластваловых мінарэтаў з цаглянай узорыстай муроўкай (Джаркурган, Бухара), цэнтральна-купальных маўзалеяў (Араб-ата ў с. Тым), парных купальных пахавальняў (ансамбль Султан-Саадат у Тэрмезе). Пашырана сістэма планіроўкі з вял.унутр. дваром (палац уладароў у Тэрмезе; караван-сарай Рабаці-Малік каля г. Наваі). Архітэктура 14—15 ст. вылучалася маштабнасцю (свецкія, культавыя; мемар. ансамблі Рэгістан у Самаркандзе, Шахі-Зінда, у Шахрысабзе), новымі інж. вырашэннямі, багаццем паліхромнага дэкар. ўбрання (Тур-Эмір, Бібі-Ханым у Самаркандзе). У манум. архітэктуры пашырыўся тып будынка з 2—4-айванным дваром і багата дэкарыраваным парадным уваходам-пештаком (мячэці і медрэсэ ў Бухары, Самаркандзе, палац у Шахрысабзе), комплексы маўзалеяў (Ішрат-хана і Аксарай у Самаркандзе). Фасады будынкаў аздаблялі шматколернай наборнай керамічнай мазаікай, інтэр’еры — размалёўкамі арнаментальнай з пазалотай і рэльефнай («кундаль»). У 16—17 ст. завершаны парадныя арх. ансамблі ў Бухары і Самаркандзе. З канца 18 ст. ўзводзілі традыц. культавыя будынкі і палацы (у Хіве, Бухары, Какандзе) з выкарыстаннем кампазіцыйных прыёмаў нар. жылля і з пышным дэкорам. Паводле рэгулярных планаў будаваліся новыя гарады (Фергана) і развіваліся старыя. Для нар. архітэктуры 18 — пач. 20 ст. характэрны дамы з рассоўнымі сценамі і аканіцамі, дэкар. сценавымі нішамі і разьбой па ганчы, замкнёны дворык з айванамі на драўляных калонах, айваны з фігурнымі калонамі, насценнымі размалёўкамі і разьбой. Вясковыя сядзібы часта імітавалі формы крапасной архітэктуры. У канцы 19 — пач. 20 ст. будавалі ў духу эклектычнай еўрап. архітэктуры. Грамадскія будынкі 1-й пал. 20 ст. ў стылях канструктывізму і неакласіцызму (Дом урада ў Ташкенце, арх. С.Палупанаў), з элементамі манум. сярэдневяковага дойлідства і нар. жытла. Узорным стаў будынак Вял.т-ра оперы і балета ў Ташкенце (арх. А.Шчусеў), у якім класічныя формы спалучаны з традыц. сярэднеазіяцкім дэкорам. У 1960—70-я г. асвоена буйнаблочнае шматпавярховае домабудаўніцтва з улікам клімату і сейсмічнасці. Пасля землетрасення 1966 Ташкент адноўлены з улікам прынцыпаў сучаснай планіроўкі, з 1977 дзейнічае метрапалітэн. Архітэктура 1980—90-х г. адметная функцыянальнасцю прасторавых кампазіцый і аб’ёмаў, выкарыстаннем манум. жывапісу, скульптуры, традыц.нар.арх. дэкору: у Ташкенце — Палац мастацтваў (1962—64, арх. У.Бярэзін і інш.), гасцініцы «Узбекістан» (1974, арх. І.Мерпарт і інш.), «Масква» (1982, арх. У.Співак); гасцініца «Самарканд» (1971, арх. А.Айдынава і інш.), мемар. комплекс Імана Аль-Бухары ў Самаркандзе. у 1934—35 засн. Саюз архітэктараў У.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найстараж. помнікі мастацтва на тэр. У. адносяцца да эпохі мезаліту (наскальныя размалёўкі вохрай у цясніне Зараут-Сай). З часоў неаліту вядомы ляпная кераміка з грубаватым пазногцевым або прамаляваным арнаментам, петрогліфы з выявамі жывёл. У эпоху бронзы развівалася маст. ліццё, у кераміцы земляробчых паселішчаў і стэпавых плямён пашырыўся геам. арнамент. Ахеменідскаму мастацтву блізкія вырабы канца 1-га тыс.дан.э. (мармуровая скульпт. капітэль з Султануіздага, гемы з Афрасіяба); асобныя ўзоры дробнай пластыкі маюць рысы «звярынага стылю». У 4 ст.дан.э. ў выяўл. мастацтве складваліся лакальныя стылі (манум. скульптура і размалёўкі Дальверзін-Тэпе, Айртама, Халчаяна, Тапрак-Калы, Ер-Кургана; карапластыка Бактрыі, Согда, Харэзма). У 6 — пач. 8 ст. ў разьбе па стука і дрэве (Афрасіяб, Джумаляк-Тэпе, Варахша) плоскасны рэльеф змяніўся на аб’ёмныя пластычныя формы. Традыцыі будыйскай пластыкі ўвасобіліся ў скульптуры храма Кувы (Фергана). Манум. размалёўкі вылучаюцца плоскаснасцю і дэкаратыўнасцю, складаным лінеарным малюнкам, багаццем колеравых спалучэнняў (Балалык-Тэпе, Афрасіяб, Варахша). З паяўленнем ісламу змяніўся арнамент. Пашырылася дэкар.-прыкладное мастацтва (шкларобства, кераміка, ткацтва і інш.). У канцы 14—15 ст. інтэр’еры размалёўваліся арнаментальнымі ўзорамі, у т. л. з пазалотай, з 2-й пал. 15 ст. пашырылася рэльефная на глінянай аснове шматколерная з пазалотай размалёўка «кундаль». У 16—17 ст. дасягнулі росквіту сярэднеазіяцкая школа мініяцюры, традыц. віды дэкар.-прыкладнога мастацтва. У 18 — сярэдзіне 19 ст. пашырыліся ткацтва, набіванка, вышыўка, залатое шыццё, дыванаткацтва, выраб насценных пано — сюзанэ, апрацоўка скуры, маст. вырабы з металу. У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіўся станковы жывапіс з рысамі этнаграфізму і пасіўнага бытаапісальніцтва (І.Казакоў, С.Юдзін). Станаўленню выяўл. мастацтва У. садзейнічала развіццё ў 1910-я г. агітацыйна-масавых відаў мастацтва, плаката, сатыр. малюнка, кніжнай графікі (У.Раждзественскі, І.Ікрамаў, М.Курзін, А.Нікалаеў, С.Мальт, М.Хакімджанаў і інш.). Сярод жывапісцаў 1920-х г. вылучаліся Л.Бурэ, П.Бянькоў, А.Волкаў, М.Карахан, Нікалаеў, У.Тансыкбаеў, А.Татэвасян, у творчасці якіх па-рознаму выявіліся пошукі нац. самабытнасці, разнастайнасць стылістычных вырашэнняў, святлоценявых і каларыстычных прыёмаў. У 1930-я г. метад сацыяліст. рэалізму распрацоўвалі Н.Кашына, З.Кавалеўская, мастакі А.Абдулаеў, Р.Цімураў, Б.Хамдамі. У гады Вял.Айч. вайны працавалі «Окна УзТАГа», ствараліся плакаты, жывапісныя карціны, прысвечаныя гераізму франтавікоў і працаўнікоў тылу. У 1950-я г. пераважалі творы на сучасныя тэмы і пейзажы (Р.Ахмедаў, Карахан, В.Уфімцаў, З.Інагамаў), развіваліся манум. жывапіс (Ч.Ахмараў), скульптура (П.Грышчанка, Н.Крымская, А.Іваноў), кніжная і станковая графіка. Сучаснае мастацтва У. характарызуецца багаццем выразных сродкаў, вобразным абагульненнем натуры, узбагачэннем пластычнай мовы (жывапісцы Дж.Умарбекаў, Р.Чарыеў, С.Абдулаеў, Ш.Абдурашыдаў, графікі К.Башараў, У.Кайдалаў, М.Кагараў, А.Цыглінцаў), імкненнем да глыбокага разумення нац. характараў (скульптары А.Ахмедаў, М.Мусабаеў, А.Байматаў, Х.Хуснутдзінхаджаеў, графік Т.Мухамедаў). Развіваюцца традыц. віды дэкар.-прыкладнога мастацтва (М.Мадаліеў і інш.).
Музыка. Традыц.узб. музыка аднагалосая, элементы двухгалосся сустракаюцца толькі ў інстр. п’есах. У аснове ладавай будовы натуральныя лады. Тонка распрацавана рытміка. Гал. сродак выразнасці — мелодыя. Узб. музыка развівалася як мастацтва вуснай традыцыі ў 3 кірунках: нар. (фалькл.), нар.-прафес. (дастаны — эпічныя паэмы і інш.) і прафес. (макамы і інш.). Фалькл. жанры — ашуля (лірычная песня), яла (песня з запевам саліста і хар. прыпевам), ляпар (муз. дыялог) і інш. Разнастайны інструментарый: струнныя танбур, дутар, домбра, рубаб, гіджак, чанг; духавыя най, буламан, кашнай; ударныя дайра, нагара. Для узб.нар. і прафес. музыкі характэрны 4 асн. лакальныя стылі: фергана-ташкенцкі, харэзмскі, бухарска-самаркандскі, сурхандар’інска-кашкадар’інскі. У 2-й пал. 19 ст. створана т-ва аматараў музыкі, зроблены першыя запісы ўзораў узб.муз. творчасці. З канца 1910-х г. развіваецца прафес. музыка на аснове засваення вопыту сусв.муз. культуры. Уклад у развіццё нац.муз. культуры зрабілі Х.Хамза, А.Абдуганіеў, Л.Бабаханаў, Т.Джалілаў, Д.Ібадаў, А.Насыраў, Ю.Раджабаў, Х.Расулеў, М.Ташмухамедаў, а таксама Р.Гліэр, А.Казлоўскі, Г.Мушэлб, В.Успенскі і інш. Сярод першых нац. опер «Буран» М.Ашрафі і С.Васіленкі (1939), «Лейлі і Меджнуи» Гліэра і Т.Садыкава (1940). Для 2-й пал. 20 ст. характэрна інтэнсіўнае развіццё і засваенне новых муз. жанраў: оперы Ашрафі, С.Бабаева, балеты У.Мусаева, Д.Закірава, хары а капэла М.Бурханава, сімф. творы І.Акбарава, Т.Курбанава, М.Махмудава, М.Таджыева, фп. канцэрты Г.Мушэля, песні А.Мухамедава, Х.Ізамава, Х.Рахімава, Ш.Рамазанава і інш. У 20 ст. ўклад у нац.муз. мастацтва зрабілі: кампазітары Ашрафі, Бурханаў, М.Левіеў, Садыкаў, С.Юдакоў; дырыжоры Д.Абдурахманава, Ашрафі, З.Хакназараў; спевакі А.Азімаў, С.Беньямінаў, К.Закіраў, В.Грынчанка, С.Кабулава, Ф.Лаўт, Х.Насырава, Ф.Янаў-Яноўскі, С.Ярашаў; прапагандыстка нар. песень і танцаў Тамара Ханум; балерыны Г.Ізмайлава, Б.Карыева, М.Тургунбаева. Дзейнічаюць (2002): Узбекскі т-р оперы і балета імя А.Наваі (Ташкент, з 1939); т-р оперы і балета (Самарканд, з 1964); Узб.муз.т-р (Ташкент, з 1971); т-ры муз. драмы і камедыі (Андыжан, з 1927; Бухара, з 1930; Наманган, з 1931); Дзярж.сімф. аркестр У. і аркестр нар. інструментаў (абодва з 1938); хар. капэла (1952); Ін-т мастацтвазнаўства імя Хамзы (з 1928); кансерваторыя (з 1936); ін-т культуры (з 1973); філармонія (з 1936 — усе ў Ташкенце); муз. вучылішчы і школы. У 1938 створаны Саюз кампазітараў У.
Тэатр. Вытокі узб.т-ра ў вусных паказах традыц.прафес. і нар. т-раў — масхарабозаў і кызыкчы, а таксама т-ра лялек. Для развіцця узб.т-равял. значэнне мела дзейнасць рус.прафес. і аматарскіх труп, якія гастралявалі ў Туркестане з 1870-х г.Літ.узб. драма развіваецца з 1910-х г. Пачынальнік прафес.узб.т-ра — драматург, рэжысёр, акцёр Хамза Хакімзадэ Ніязі, арганізатар першай тэатр. трупы ў Фергане (1918, з 1925 Дзярж. краявая перасоўная ўзорная узб.драм. трупа). Па яго ініцыятыве ўзніклі т-ры ў Ташкенце, Самаркандзе (1918—19), Какандзе (1919), Хіве (1922) і інш. У 1919 у Ташкенце рэж., акцёр і драматург М.Уйгур сфарміраваў узб.прафес. трупу імя К.Маркса, на аснове якой у 1927 створаны Дзярж.узб.т-р (з 1929 імя Хамзы, з 1933 акадэмічны). У канцы 1920-х—30-я г. арганізаваны т-ры ў Фергане, Какандзе, Намангане, Каршы і інш., створана сетка калгасна-саўгасных т-раў. У 1961 шэраг муз.-драм. т-раў рэарганізаваны ў драматычныя. Аснова рэпертуару — пастаноўкі нац. драматургіі: п’есы Хамзы, К.Яшэна, А.Кахара, Ш.Хуршыда, Уйгуна, М.Шэйхзадэ, Х.Алімджана, І.Султанава і інш., класічныя творы. Ставіліся п’есы бел. аўтараў К.Крапівы, А.Макаёнка, А.Маўзона. Уклад у развіццё т-ра У. зрабілі Я.Абдулаева, Г.Агзамаў, Т.Азізаў, І.Аліева, С.Ахмедаў, Я.Бабаджанаў, А.Бакіраў, Ш.Бурханаў, А.Гінзбург, А.Джалілаў, Г.Загурская, С.Ішантураева, М.Карыева, Ш.Каюмаў, М.Кузняцова, М.Любанскі, З.Мадаліеў, Э.Малікбаева, Я.Маматханаў, М.Мансураў, М.Міракілаў, С.Рахманаў, З.Садрыева, Т.Султанава, А.Турдыеў, А.Хаджаеў, Р.Хамраеў, А.Файзіеў, М.Юсупаў і інш. У 1945 у Ташкенце створаны Ін-ттэатр. мастацтва.
Кіно. У 1924 арганізавана рус.-бухарскае т-ва «Бухкіно», якое выпускала дакумент. фільмы, у 1925 — трэст «Узбекдзяржкіно» і адкрыта кінафабрыка «Шарк Юлдузі» (з 1958 кінастудыя «Узбекфільм»). Зняты фільмы, прысвечаныя актуальным праблемам У.: «Мусульманка» (1925), «Другая жонка» і «Чадра» (1927), «Крыты фургон» (1928), «Рамазан» (1938), «Джыгіт» («Егіт», 1936) і інш. З 1930-х г. ва узб. кіно працавалі рэжысёры Ю.Агзамаў, Н.Ганіеў, М.Каюмаў, А.Саідаў, С.Хаджаеў, З.Хамраеў, К.Ярматаў. У 1937 створаны першы гукавы фільм «Клятва». У Вял.Айч. вайну папулярнасцю карысталіся узб. фільмы-канцэрты «Сябрам на фронце» (1942), «Падарунак Радзімы» (1943) і інш. Ва У. эвакуіраваны кінастудыі інш. рэспублік. У пасляваен. гады значным дасягненнем сталі фільмы «Тахір і Зухра» (1945), «Дачка Ферганы» (1948, рэж. абодвух Ганіеў), «Алішэр Наваі» (1948), «Авіцэна» (1957), «Калі квітнеюць ружы» (1959, рэж. усіх Ярматаў), «У імя шчасця» (1957), «Зачараваны табой» (1959, рэж. абодвух Агзамаў). У 1960-я г. творчую дзейнасць пачалі рэжысёры Ш.Абасаў, Х.Ахмар, Р.Батыраў, Э.Ішмухамедаў, К.Камалава, У.Назараў, Д.Салімаў, А.Хамраеў, А.Хачатураў. Для узб. кіно 1960—70-х г. характэрна тэматычная і жанравая разнастайнасць: «Птушка-невялічка» (1961, рэж. Х.Файзіеў), «Ты не сірата» (1963), «Ташкент — горад хлебны» (1968, рэж. абодвух Абасаў), «Белыя, белыя буслы» (1967, рэж. Хамраеў), «Пяшчота» (1967), «Закаханыя» (1969, рэж. абодвух Ішмухамедаў); гіст. «Зорка Улугбека» (1958, 1961, 1965, рэж. Файзіеў), «Мінулыя дні» (1970, рэж. Агзамаў), «Адна сярод людзей» (1974, рэж. Ярматаў), «Горкая ягада» (1975, рэж. Камалава), «Чалавек сыходзіць за птушкамі» (1976, рэж. Хамраеў), «Чужое шчасце» (1979, рэж. Камалава), «Юнацтва генія» (1983, рэж. Ішмухамедаў); дзіцячыя «Ластаўкі прылятаюць вясной» (1975, рэж. Ахмар), «Гарэза» (1977, рэж. Салімаў), «Ясныя Ключы» (1979, рэж. А.Акбархаджаеў) і інш. З 1980-х г. ва узб. кіно працуюць рэжысёры М.Абзалаў, З.Ройзман, аператары А.Ісмаілаў, Д.Абдулаеў, Т.Каюмаў, рэжысёры-дакументалісты Н.Атаўлаева, А.Карымаў, Каюмаў, Т.Надыраў, Т.Рузіеў і інш. Сярод фільмаў 1980—90-х г. «Тайнае падарожжа Эміра» (1986), «Апошняе падарожжа Каіпа» (1989, рэж. абодвух Ф.Даўлетшын), «Кілер» (1998, рэж. Д.Амірбаеў), «Мама» (2001, рэж. Б.Адылаў, З.Мусакаў). Творчым пошукам вызначаюцца фільмы Ю.Разыкава «Аратар» (1998), «Жаночае царства» (2000), «Танец мужчын» (2002). У 1958 заснаваны Саюз кінематаграфістаў У.
Беларусы ва Узбекістане. Выхадцы з Беларусі з’явіліся ва У. ў часы Рас. імперыі і СССР. Летам 1941 сюды эвакуіравана ч. насельніцтва БССР, у т. л. ў Ташкент — акадэмікі і інш. высокакваліфікаваныя вучоныя, сярод іх і Я.Колас, якія знаходзіліся тут да 1943—44. Паводле перапісу 1989 ва У. жыло 29 427 беларусаў. У 1993 у Ташкенце засн. беларускі культ. цэнтр «Світанак».
Літ.:
Вопросы социально-экономической жизни Узбекистана в XVI — начале XX вв.: Сб. науч. тр. Самарканд, 1988;
Узбекистан: страницы истории. Ташкент, 1991;
Березиков Е.Е. Легенды и тайны Узбекистана. Ташкент, 1991;
Республика Узбекистан: рождение независимого государства. Ташкент, 1992;
Гафарлы М.С., Касаев А.Ч. Узбекская модель развития: Мир и стабильность — основа прогресса. М., 2000;
Левитин Л.И. Узбекистан на историческом повороте. М., 2001;
Узбекистан: Десять лет по пути формирования рыночной экономики. Ташкент, 2001;
История узбекской советской литературы М., 1967;
Кор-Оглы Х. Узбекская литература. 2 изд. М., 1976;
Пугаченкова Г.А., Ремпель Л.И. История искусства Узбекистана. М., 1965;
Искусство Советского Узбекистана, 1917—1972. М., 1976;
Терлина М.Д. Узбекское золотое шитье. Л., 1982;
Махмудов Т. Эстетика живописи Узбекистана. Ташкент, 1983;
История и современность: Пробл. муз. культуры народов Узбекистана, Туркмении и Таджикистана. М., 1972;
История узбекской музыки. М., 1979;
Иосько М.И. Белоруссия и Узбекистан. Мн., 1970.
В.М.Корзун (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), І.І.Герус (узброеныя сілы), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.П.Бабкова (кіно).
Герб і сцяг Узбекістана.Краявід у гарах Узбекістана.Даарт.Узбекістан. Ландшафт Ферганскай даліны.Даарт.Узбекістан. Прадукцыя завода грузавых аўтамабіляў.Даарт.Узбекістан. Збор бавоўны.Даарт.Узбекістан. Пустыня Кызылкум.Даарт.Узбекістан. Будынак парламента ў Ташкенце.Даарт.Узбекістан. Горад Бухара.Даарт.Узбекістан. Медрэсэ Чар Мінар у Бухары.Даарт.Узбекістан. Мемарыяльны комплекс Імана Аль-Бухары ў Самаркандзе.Даарт.Узбекістан. Мінарэт і медрэсэ Іслам-Хаджы ў Хіве.Даарт.Узбекістан. М.Карахан. Сейбітка. 1946.Даарт.Узбекістан. А.Волкаў. Дзяўчаты з бавоўнай. 1932.Даарт.Узбекістан. А.Татэвасян. Дарога ў сады. 1928.Даарт.Узбекістан. А.Байматаў. Партрэт Авіцэны. 1967.Даарт.Узбекістан. Кадр з кінафільма «Чужое шчасце». 1979.Даарт.Узбекістан. Кадр з кінафільма «Алішэр Наваі». 1948.Даарт.Узбекістан. М.Мадаліеў. Гарлачык, блюда. піялы 1976—77.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́КА (Monaco), Княства Манака (Principauté de Monaco),
дзяржава ў Паўд. Еўропе, на беразе Міжземнага м., на сушы абкружана тэр. Францыі. Пл. 1,95 км². Нас. 32 тыс.чал. (1998). Афіц. мова — французская. Сталіца — г.Манака. Падзяляецца на 4 адм.гар. акругі. Нац. свята — Нацыянальны дзень (19 ліст. — дзень нараджэння правячага князя Рэнье III).
Дзяржаўны лад. М. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1911, абноўленая ў 1962. Кіраўнік дзяржавы — наследны князь. Заканад. ўлада належыць Нац. савету, у які ўваходзяць кіраўнік дзяржавы і 18 членаў, выбраных на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урадавы савет з удзелам прадстаўніка Францыі, які прапануецца на пасаду франц. урадам і зацвярджаецца князем. Існуе таксама дарадчы орган — Каронны савет.
Прырода. Княства займае частку Блакітнага берага на ўзбярэжжы Міжземнага м. і паўд. схілы Прыморскіх Альпаў. Рэльеф перадгорны і горны. Выш.да 145 м. Клімат міжземнаморскі, з сухім летам і мяккай зімой. Сярэдняя т-растудз. 8 °C, ліп. 23 °C. Ападкаў за год каля 800 мм. Амаль уся тэрыторыя занята гар. забудовай. На стромкіх схілах гор вечназялёныя зараснікі каменнага дубу, калючага дроку, карлікавай пальмы, хмызнякі маквісу з ладаннікам, дзікай фісташкай, размарынам. На схілах прыбярэжных скал — Экзатычны сад з сусв. вядомай калекцыяй субтрапічных раслін: пальмаў, магнолій, алеандраў і кактусаў.
Насельніцтва. Карэнныя жыхары — манегаскі (16%), французы (47%), італьянцы (16%); жывуць таксама грэкі, немцы, англічане, амерыканцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі — 95%. Сярэднегадавы прырост 0,4%. Сярэдняя шчыльнасць найб. ў свеце — 16 410 чал. на 1 км². Усё насельніцтва засяроджана ў 4 гарадах: Манака, Монтэ-Карла, Ла-Кандамін і Фанв’ей. Каля 75% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў абслуговых галінах, каля 25% — у прам-сці. У М. працуе каля 10 тыс.чал. з суседніх раёнаў Францыі і Італіі.
Гісторыя. У 10—9 ст.дан.э. на тэр. М. (назва, верагодна, ад праіндаеўрап. кораня mon — высокае месца, скала) існавала фінікійская калонія (гандл. прыстань, крэпасць), з 8—6 ст.дан.э. — грэчаская (пабудаваны храм Геракла). З 2 ст.дан.э.тэр. М. належала Стараж. Рыму, пазней — арабам, з 11 ст.н.э. — генуэзцам, якія ў 1215 пабудавалі тут крэпасць. У 1346 утворана асобнае княства пад пратэктаратам Генуі. У 1419 у М. замацавалася правячая дынастыя знатнага генуэзскага роду Грымальдзі. З 1524 княства М. пад уладай Іспаніі пры фармальным захаванні аўтаноміі. У 1641 у выніку нар. паўстання перайшло пад пратэктарат Францыі. У 1731 М. па жан. лініі перайшло да Дж.Ф.Л.Гаён-Маціньёна, які прыняў прозвішча Грымальдзі і ўступіў на прастол пад імем Анарэ III [1731—93]. У 1793 княства анексіравана Францыяй. Адноўлена паводле Парыжскага мірнага дагавора 1814. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 перададзена пад пратэктарат Сардзінскага каралеўства. Рэвалюцыя 1848 знішчыла ў М. княжацкую ўладу, ад княства аддзяліліся і фактычна далучаны да Францыі гарады Ментона і Ракбрун. У 1849 сардзінскія войскі аднавілі манархію, але сардзінскі пратэктарат спынены. У 1860 пасля пераходу Ніцы ва ўладанне Францыі кн. Карл III [1856—89] пагадзіўся на франц. пратэктарат над М., у 1861 за 4 млн. франкаў фармальна ўступіў Францыі свае правы на Ментону і Ракбрун. Паводле манака-франц. дагавора 2.2.1861 Францыя прызнала незалежнасць М. У 1865 устаноўлены мытны саюз паміж М. і Францыяй. У 1861—1910 у г. Монтэ-Карла пабудаваны комплекс казіно, які пасля буд-ва чыгункі паміж М. і Францыяй (1868) стаў адной з гал. крыніц папаўнення бюджэту княства. У 1899 у г. Манака заснаваны Акіянаграфічны музей — цяпер міжнар. цэнтр акіянаграфічных даследаванняў.
У 1911 пры кн. Альберце I [1889—1922] уведзена ў дзеянне канстытуцыя, паводле якой М. абвешчана канстытуцыйнай манархіяй і ўтвораны выбарны парламент — Нац. савет. У выніку дагавора 1918 Францыя атрымала права трымаць на тэр. М. войскі і зацвярджаць заключаныя М. міжнар. пагадненні. У 2-ю сусв. вайну М. акупіравалі ням. фашысты (1942—44). З 1949 правіць кн. Рэнье III. У 1962 прынята новая канстытуцыя, якая пашырыла правы Нац. савета, перадала выканаўчую ўладу Урадаваму савету, стварыла Каронны савет. Апошнія выбары ў Нац. савет адбыліся ў студз. 1998. Асн.паліт.арг-цыя — Нац.дэмакр. саюз (з 1963 дамінуе ў Нац. савеце), асн. прафсаюзная арг-цыя — Аб’яднанне прафсаюзаў М. М. — чл.ААН (з 1993), Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Інтэрпола і інш.міжнар. арг-цый.
Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна з высокім узроўнем даходаў. Штогадовы даход на 1 чал. 25 тыс.дол. (1996). Аснова эканомікі — гандл.-фін. дзейнасць, турызм і курортная справа, ігральныя дамы, некаторыя галіны прам-сці. Ільготны падатковы рэжым дазваляе буйным міжнар. банкам шырока выкарыстоўваць М. для фін. аперацый (дзейнічае каля 800 міжнар. кампаній і 50 банкаў). Замежныя прамысл., гандл. і фін. прадпрыемствы, у якіх доля капіталу М. перавышае 25%, цалкам вызваляюцца ад падаткаў. Падаткі ў М. намнога меншыя, чым у інш. краінах. Развіты страхавая справа, афшорныя паслугі, гандаль нерухомасцю. М. — сусветна вядомы курорт з басейнамі, купальнямі, водалячэбніцай. Асн.дзярж. даходы прыпадаюць на падаткі з банкаў, атэляў і інш. (55%), ад турызму 25% (М. штогод наведвае каля 700 тыс. замежных турыстаў). Турыстаў прываблівае ў М. сонечнае надвор’е, марскія купанні, арх. і гіст. помнікі, казіно, ігральныя дамы, Акіянаграфічны музей і марскі акварыум з унікальнымі экспанатамі, буйныя міжнар. тэнісныя турніры, аўтамаб. ралі Монтэ-Карла, міжнар. спаборніцтвы па стэндавай стральбе і гольфе, муз. і цыркавыя фестывалі і інш. З-за нізкіх падаткаў у М. жывуць многія багатыя людзі, у т. л. сусветна вядомыя артысты і спартсмены, што з’яўляецца дадатковым фактарам прыцягнення турыстаў. Склалася сучасная індустр. база з экалагічна чыстых прадпрыемстваў лёгкай і перапрацоўчай прам-сці. Найб. развіты эл.-тэхн. і радыёэлектронная (электронныя вузлы і прылады, электрычныя рэле і пераключальнікі, электрабыт. прылады), дакладнае машынабудаванне, хім., фармацэўтычная, швейная, харч., паліграф., суднарамонтная, буд. матэрыялаў прам-сць; выпуск паштовых марак, малая металургія, вытв-сць пластмас, фаянсу, маёлікі, ювелірных вырабаў, сувеніраў. Электраэнергію М. атрымлівае з Францыі. Працуе магутная радыёстанцыя «Монтэ-Карла». Ёсць невял. вінаграднікі і аліўкавыя гаі. Рыбалоўства. Транспарт пераважна аўтамабільны. У М. 1,7 км чыгункі і 50 км асфальтаваных дарог і вуліц. Праз М. праходзяць чыгунка і шаша Ніца (Францыя) — Генуя (Італія). У М. ёсць пляцоўкі для верталётаў, якія перавозяць пасажыраў у міжнар. аэрапорт у г. Ніца (Францыя). Марскі порт прымае невял. гандл. судны і яхты. М. ўтварае адзіную мытную прастору з Францыяй. У экспарце пераважаюць прамысл. вырабы, у імпарце — харч. і спажывецкія тавары. Грашовая адзінка — франц. франк. Манегаскія франкі выпускаюцца для продажу нумізматам.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫНІДА́Д І ТАБА́ГА (Trinidad and Tobago), Рэспубліка Трынідад і Табага (Republic of Trinidad and Tobago),
дзяржава ў Вест-Індыі на аднайм. астравах каля паўн. ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі. Пл. 5,1 тыс.км². Нас. 1175,5 тыс.чал. (2000). Афіц. мова — англійская. Сталіца, гал.эканам. цэнтр і порт — г.Порт-оф-Спейн. Краіна падзяляецца на 8 графстваў і 3 муніцыпалітэты. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 жн.).
Дзяржаўны лад. Т. і Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1976. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца калегіяй выбаршчыкаў з членаў парламента на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту, які складаецца з сената (31 член) і палаты прадстаўнікоў (36 дэпутатаў), што выбіраюцца на 5 гадоў; 9 сенатараў назначае прэзідэнт, 16 — рэкамендуе прэм’ер-міністр, 6 — лідэр апазіцыі. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кааліцыйны ўрад.
Прырода. В-аўТрынідад (пл. 4,8 тыс.км²) пераважна раўнінны. Ёсць 3 невысокія горныя ланцугі (выш.да 940 м). На в-ве Табага (пл. 0,3 тыс.км²) горы (выш.да 579 м) і вапняковае плато. На в-ве Трынідад радовішчы нафты (на сушы і на шэльфе), асфальту (воз. Піч-Лейк), прыроднага газу. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячныя т-ры 25—27 °C. Ападкаў за год ад 1200 мм на Зда 3800 мм на У. Бываюць разбуральныя трапічныя ўраганы. Трапічныя лясы (трынідадскі цік, карыбская хвоя, махагоніевае дрэва. чырвоны сандал, бальса і інш.) займаюць 46% тэр. Фауна мае падабенства з фаунай Паўд. Амерыкі. Трапляюцца пекары, ацэлот, апосум, агуці, малпакапуцын, кажаны, чарапахі, змеі, алігатары. Шмат птушак. Ёсць рэзерваты і марскі запаведнік.
Насельніцтва. Жывуць негры (39,5%, нашчадкі рабоў), індыйцы (40,3%, нашчадкі закантрактаваных рабочых з Паўн. Індыі), мулаты (18,4%), еўрапейцы, кітайцы і інш. Сярод вернікаў хрысціяне (62%, пераважна католікі і англікане), індуісты (25%), мусульмане (6%) і інш. Сярэднегадавы прырост каля 1%. Сярэдняя шчыльн. 230,5 чал. на 1 км². Больш шчыльна (да 400 чал. на 1 км²) заселена зах.ч. в-ва Трынідад. Гар. насельніцтва 73%. У г. Порт-оф-Спейн з прыгарадамі больш за 300 тыс.ж. (1996), у г. Сан-Фернанда каля 50 тыс.ж., астатнія гарады невялікія. У прам-сці занята каля 30% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — каля 10%, у абслуговых галінах — каля 60%.
Гісторыя. На час адкрыцця ў 1498 Х.Калумбаілв-аў Трынідад быў населены індзейцамі-аравакамі, в-аў Табага — карыбамі. У 1532—1797 в-аў Трынідад быў ісп. калоніяй, у 1797 захоплены Вялікабрытаніяй (афіцыйна замацаваны за ёй у 1802). За валоданне в-вам Табага спрачаліся розныя еўрап. дзяржавы (у 1652—58 — уладанне Курляндскага герцагства, васала ВКЛ), у 1763 захоплены Вялікабрытаніяй (замацаваны за ёй у 1814). У 1889 абодва востравы аб’яднаны ў адзіную калонію. У выніку лютай эксплуатацыі большасць індзейцаў знішчана, замест іх для працы на плантацыях прывозіліся негры-рабы з Афрыкі. Пасля скасавання рабства ў 1834 пачалася эміграцыя рабочых з Індыі і Кітая. У 1958—62 Т. і Т. — чл. Вест-Індскай федэрацыі. 31.8.1962 абвешчана незалежнасць Т. і Т. ў складзе Садружнасці.
1.8.1976 абвешчана рэспубліка. Да сярэдзіны 1980-х г. у паліт. жыцці краіны дамінавала Нар.нац. партыя, якая адлюстроўвала інтарэсы пераважна афратрынідадцаў. З канца 1980-х г.вял. ўплыў у палітыцы набыў Аб’яднаны нац. кангрэс, які адлюстроўвае інтарэсы індатрынідадскай абшчыны і з 1995 узначальвае ўрад дзяржавы. Т. і Т. — чл.ААН (з 1962), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1967). Дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаны нац. кангрэс, Нар.нац. партыя, Нац. саюз за рэканструкцыю.
Гаспадарка. Т. і Т. — адна з развітых краін Карыбскага бас., мае развітую эканоміку з моцным прыватным і невялікім дзярж. сектарамі. У 1999 валавы ўнутр. прадукт склаў 4,4 тыс.дол. на 1 чал., у т. л. ў нафтавым сектары ствараецца 21,4%, у астатніх галінах прам-сці і буд-ве — 18,6%, у сельскай гаспадарцы — 2%, у гандлі і турызме — 18,3%, у інш. абслуговых галінах — 39,7%. У прам-сці гал. ролю адыгрывае здабыча і перапрацоўка нафты і газу. Здабычу вядуць пераважна замежныя кампаніі. У 1998 здабыта 7,1 млн.т нафты і каля 1 млрд.м³ газу. Асноўную частку нафты здабываюць на марскіх радовішчах. Вытв-сць нафтапрадуктаў каля 8 млн.т (1998); акрамя мясц. перапрацоўваецца нафта з Венесуэлы і інш. краін. Асн. цэнтры нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі на З в-ва Трынідад у наваколлі г. Сан-Фернанда (у т. л. 3 нафтаперапр. з-ды, нафтахім. камбінат, з-д па вытв-сці азотных угнаенняў). Распрацоўваюцца запасы асфальту (воз. Піч-Лейк), штогадовая здабыча 100—200 тыс.т. Вытв-сць электраэнергіі 4,8 млрд.кВт∙гадз (1998), пераважна на ЦЭС. З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты цукр., цэм., тэкст., абутковая, дрэваапр., папяровая, фармацэўтычная, буд. матэрыялаў. Ёсць металург. з-д, прадпрыемствы па вытв-сці пластмас і хімікатаў, па зборцы легкавых аўтамабіляў і тэлевізараў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Шмат дробных прадпрыемстваў харч. прам-сці. Развіты саматужныя промыслы. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 133 тыс.га зямлі, у т. л. пад ворывам 77 тыс.га, пад шматгадовымі насаджэннямі 46 тыс.га, пад пашай 10 тыс.га. Пануе буйное землеўладанне. Гал. экспартная культура — цукр. трыснёг, займае каля 40 тыс.га, штогадовы збор каля 2 млн.т (каля 200 тыс.т цукру). Меншае значэнне маюць какава, кава, какосавая пальма, цытрусавыя. бананы, тытунь. Асн.харч. культуры: рыс, ямс, бабовыя, кукуруза, маніёк, батат, агародніна. Трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля.развіта слаба. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 70, свіней — каля 50, коз — каля 40. Птушкагадоўля (8,5 млн. курэй, 1997). Рыбалоўства (15 тыс.т, 1999). Транспарт аўтамаб. і марскі. У краіне 8,3 тыс.км. аўтадарог, у т. л. 4,3 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; 128 тыс. легкавых, 27 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Гал. марскія парты: Порт-оф-Спейн, Пуэнт-а-П’ер, Пойнт-Фортын, Скарбара. На астравах 6 аэрапортаў, у т. л. 2 міжнародныя. Сетка нафтаправодаў і газаправодаў злучае месцы здабычы з перапрацоўчымі і трансп. цэнтрамі. У 1998 экспарт склаў 2,4 млрд.дол., імпарт — 3 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (64%), хімікаты і ўгнаенні, сталь і пракат, цукар, какава, кава, цытрусавыя, кветкі; у імпарце — абсталяванне, трансп. сродкі, прамысл. і харч. тавары, нафта. Гандаль пераважна з ЗША (36,9% экспарту, 44,7% імпарту), краінамі Лац. Амерыкі (адпаведна 39,1% і 18,9%), Вялікабрытаніяй і Японіяй. Т. і Т. — развітая турыстычная краіна, штогод наведвае больш за 200 тыс. турыстаў пераважна з ЗША, Канады, краін Зах. Еўропы. Асн. турыстычныя цэнтры на в-ве Табага. Грашовая адзінка — долар Т. і Т.
Герб і сцяг Трынідада і Табага.Даарт.Трынідад і Табага. Заходняе ўзбярэжжа вострава Трынідад.