ПРЫРО́ДНЫ ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС, прыродны ландшафт, прыродная сістэма, геаграфічны комплекс,

заканамернае спалучэнне прыродных геагр. кампанентаў, якія ўтвараюць цэласную матэрыяльную геасістэму; адно з асн. паняццяў фізічнай геаграфіі. Тэрмін прапанаваны сав. географам М.​А.​Сонцавым у 1950-я г. Асобныя кампаненты і комплексы ніжэйшага рангу (участак зямной кары з уласцівымі яму рэльефам, глебамі, паверхневымі і падземнымі водамі, расліннасцю, жывёльным светам, прыземным слоем паветра), у межах П.т.к. развіваюцца як часткі цэлага. Іх узаемасувязі выяўляюцца ў абмене рэчывам і энергіяй. Змена аднаго кампанента часта выклікае перабудову ўсяго П.т.к. У той жа час П.т.к. валодаюць пэўнай устойлівасцю, маюць тэндэнцыю ўзнаўлення пасля іх парушэння знешнімі агентамі, у т. л. і ўздзеяннем чалавека. Адносяцца да розных узроўняў (рангаў); да планетарнага (геаграфічная абалонка), рэгіянальнага (ландшафтная правінцыя, зона, асобны ландшафт геаграфічны), тапалагічнага (мясцовасць, урочышча, фацыя). П.т.к. рэгіянальнага і тапалагічнага ўзроўняў — структурныя ч. геагр. абалонкі, вынік працэсу яе дыферэнцыяцыі; і наадварот, П.т.к. вышэйшых рангаў з’яўляюцца адлюстраваннем інтэграцыі комплексаў ніжэйшых рангаў. У агульнай грамадскай дзейнасці П.т.к. разглядаецца як сістэма, якая мае ўласцівасць узнаўлення прыроднага асяроддзя, прыродных рэсурсаў, і захоўвае генетычны фонд, з’яўляецца гал. аб’ектам рацыянальнага прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя. Гл. таксама Ландшафтазнаўства, Ландшафтнае раянаванне, Ландшафтны аналіз.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБЛЕ́ (Rabelais) Франсуа (каля 1494, каля г. Шынон, Францыя — 9.4.1553),

французскі пісьменнік-гуманіст эпохі Адраджэння. Д-р медыцыны (з 1537). Вывучаў права ў Пуацье, медыцыну ў Парыжы і Манпелье, працаваў урачом у Ліёне. Літ. дзейнасць пачаў у 1532. Сусв. вядомасць яму прынёс фантаст. раман-эпапея «Гарганцюа і Пантагруэль» (кн. 1—4, 1532—52; кн. 5, выд. 1564, аўтарства недакладнае) — маст. энцыклапедыя франц. культуры эпохі Адраджэння: яе рэліг. і паліт. жыцця, філас., пед. і навук. думкі, духоўнага імкнення і сац. побыту. У творы высмеяў рэліг. фанатызм, цемрашальства і паразітызм духавенства, тупасць, сквапнасць і жорсткасць чыноўнікаў, манарх. дэспатызм і захопніцкія войны. Прапагандаваў гуманіст. выхаванне чалавека, у якім павінна гарманічна спалучацца фіз. і духоўнае развіццё. Раман адметны багаццем нар. мовы, спалучэннем рэаліст. і фантаст., высокага і груба камічнага, гратэскнага. Творчасць Р. адыграла вял. ролю ў развіцці франц. і сусв. сатыр. л-ры. На бел. мову яго раман пераклалі В.​Бурносаў і Р.​Канавалаў.

Тв.:

Бел. пер. — Гарганцюа і Пантагруэль. Мн., 1940;

Рус. пер. — Гаргантюа и Пантагрюэль. М., 1981.

Літ.:

Бахтин М.М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса. М., 1990.

Л.​А.​Казыра.

Ф.Рабле.

т. 13, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГВАЛО́Д БАРЫ́САВІЧ, Рагвалод Рагвалодавіч (у хрышчэнні Васіль),

князь полацкі і друцкі ў 2-й пал. 12 ст. Сын Рагвалода Усяславіча. У 1129 разам з інш. полацкімі князямі высланы кіеўскім кн. Мсціславам Уладзіміравічам у Візантыю, адкуль вярнуўся ў 1139. Каля 1144 стаў полацкім князем. У 1151 выгнаны вечам з Полацка і сасланы ў Мінск да яго ворага Расціслава Глебавіча. Па патрабаванні Юрыя Далгарукага вызвалены і з’ехаў у Чарнігаў да Святаслава Ольгавіча, які дапамог яму войскам у вяртанні зямель. У 1158 (у летапісе 1159) па запрашэнні жыхароў Друцка «з вялікай пашанай увайшоў у горад» (на радзіму вяртаўся са Слуцка), потым пры дапамозе сваіх прыхільнікаў зноў выбраны вечам на княжанне ў Полацку (сеў «на столе деда своего и отца своего с честью великою»), Зрабіў некалькі паходаў на Мінск і Гарадзец супраць Расціслава Глебавіча, у 1161 разбіты мінскім кн. Валадарам Глебавічам, пасля чаго вярнуўся ў Друцк, а «Полотьску не сме ити, занеже множьство погибе полочан». У 1171 паводле загаду Р.Б. высечаны надпіс на вял. камяні (т.зв. Рагвалодаў камень).

Літ.:

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Друцк старажытны. Мн., 2000.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 13, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМО́ЎНЫ СТЫЛЬ,

адзін з функцыянальных стыляў мовы, які абслугоўвае сферу нязмушаных зносін людзей у побыце, сям’і, а таксама сферу неафіц. вытв. зносін. Асн. форма рэалізацыі Р.с. — вуснае дыялагічнае маўленне. Размоўнае выказванне заўсёды непасрэднае, натуральнае, непадрыхтаванае, часта яму ўласцівы экспрэсіўнасць, эмацыянальнасць, ацэначная рэакцыя. На яго структуру ўплываюць абставіны маўленчых зносін, сітуацыя, а таксама невербальныя сродкі камунікацыі (жэсты, міміка, характар узаемаадносін субяседнікаў і г.д.).

Р.с. мае своеасаблівасці на ўсіх моўных узроўнях: у фанетыцы — рэдукцыя ненаціскных галосных, аслабленае вымаўленне ці выпадзенне зычных («тышча», «Іван Іваныч»), выкарыстанне розных тыпаў інтанацыі; у лексіцы — стылістычна зніжаная, прастамоўная лексіка і фразеалогія, дыялектныя і жаргонныя словы («жмінда», «забягалаўка», «валтузіцца»); у словаўтварэнні — асобныя словаўтваральныя афіксы і спосабы ўтварэння слоў («гульбішча». «кампашка», «жытуха»); у сінтаксісе — спрошчанасць, перарывістасць, экспрэсіўнасць, частае ўжыванне няпоўных, эліптычных сказаў, сказаў-слоў, усечаных словазлучэнняў. У Р.с. найб. частотныя займеннікі і дзеясловы, вельмі мала дзеепрыметных і дзеепрыслоўных словазлучэнняў, часта ўжываюцца часціцы, выклічнікі. Уласціва выкарыстанне выяўл. сродкаў, якія маюць яркую эмацыянальна-экспрэсіўную накіраванасць (гіпербалы, літоты, параўнанні, метаніміі).

Літ.:

Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1992;

Плещенко Т.П., Федотова Н.В., Чечет Р.Г. Основы стилистики и культуры речи. Мн., 1999.

Р.​Р.​Чэчат.

т. 13, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕАБО́РГСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1906,

узброенае выступленне 31 ліп. —2 жн. салдат і матросаў крэпасці Свеаборг у час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. Рыхтавалася фінл. ваен. арг-цыяй РСДРП як ч. агульнага паўстання Балт. флоту, але пачалося стыхійна і заўчасна. Адбывалася пад заклікамі звяржэння самадзяржаўя, свабоды народа, перадачы зямлі сялянам. Салдаты і матросы (каля 2 тыс. чал.), якіх узначалілі афіцэры-бальшавікі падпаручнікі А.​П.​Емяльянаў і Я.​Л.​Каханскі, авалодалі шэрагам умацаваных астравоў і пачалі артыл. абстрэл цэнтр. часткі крэпасці, дзе знаходзіліся камендант і верная ўраду ч. гарнізона (3 роты з 10). Да паўстанцаў далучыліся атрады фін. Чырв. гвардыі (каля 200 чал.). Разлікі кіраўнікоў С.п., што на дапамогу яму хутка прыйдуць рэв. караблі Балт. флоту з Кранштата, дзе таксама мела адбыцца паўстанне, не спраўдзіліся. Кранштацкае паўстанне пачалося са спазненнем (у ноч на 2 жн.) і было адразу задушана, флот застаўся пад кантролем урада. 1 жн. браняносец «Цэсарэвіч» і крэйсер «Багатыр» пачалі жорсткую бамбардзіроўку пазіцый паўстанцаў, якія 2 жн. спынілі супраціўленне. З удзельнікаў С.п. 43 чал., у т. л. Емяльянаў і Каханскі, расстраляны, каля 1 тыс. чал. прыгавораны да катаргі, турмы і дысцыплінарных рот.

т. 14, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕН-СІР, Гуўён-Сен-Сір (Gouvion-Saint-Cyr) Ларан (17.7.1764, г. Туль, Францыя — 17.3.1830), французскі ваенны і дзярж. дзеяч, маршал Францыі (1812). З 1792 у рэсп. арміі, ген. (1794). Удзельнік войнаў супраць 1-й (1793—97), 2-й (1798—1801) і 3-й (1805) антыфранц. кааліцый, вайны ў Іспаніі (1808—09). У вайну 1812 камандаваў 6-м (баварскім) корпусам. Пасля Віленскай аперацыі 1812 яго корпус разам з 2-м увайшоў у асобную вайск. групу пад камандаваннем Н.​Ш.​Удзіно. У час Полацкіх бітваў 1812 паранены С.-С. замяніў цяжкапараненага Удзіно, атрымаў перамогу і прымусіў рускіх адступіць. 18—20 кастр. ён зноў паранены, перадаў камандаванне 2-м і 6-м карпусамі ген. К.​Ж.​Леграну. З-за нязгоды ген. Врэдэ (камандуючы 6-м корпусам) падпарадкавацца Леграну 24 кастр. баварскае войска было разбіта каля в. Бабынічы. С.-С. зноў прыняў камандаванне і злучыўся 30 кастр. з 9-м корпусам маршала К.​Віктора ў раёне Чашнікаў, здаў яму камандаванне і пакінуў армію. У перыяд рэстаўрацыі каралеўскай улады на каралеўскай службе, ваенны (1815 і 1817—19) і марскі (1817) міністр. Аўтар успамінаў (т. 1—4, 1831).

В.​В.​Антонаў.

т. 14, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НІМСКІ АНДРЭ́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры позняга барока ў г. Слонім Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1775 з цэглы, рэстаўрыраваны пасля 1-й сусв. вайны. Пасля Вял. Айч. вайны не дзейнічаў. Перададзены вернікам у 1990-я г., рэстаўрыраваны (арх. В.​Атас; фрэскавы жывапіс, М.​Залатуха і У.​Ракіцкі).

Першы драўляны касцёл засн. каля 1490 па фундацыі караля Казіміра IV Ягелончыка (першая культавая фундацыя горада). Новы будынак узведзены ў 1595 Л.​Сапегам, у 1660 перабудаваны. Мураваны храм 1-нефавы з 2-вежавым гал. фасадам. Неф, алтарная ч. і сім. бакавыя сакрысціі прамавугольныя ў плане, маюць сціплае дэкар. аздабленне. Вежы пастаўлены пад вуглом да гал. фасада, што надае яму хвалістую прасторавую структуру. Гал. фасад багата дэкарыраваны слаістымі пілястрамі, фігурным франтонам, валютамі, раскрапоўкамі, глыбокімі нішамі і інш. У інтэр’еры ілюзорна-перспектыўная фрэскавая размалёўка ў тэхніцы грызайль: пілястры з ракайлямі, фігуры анёлаў, муз. атрыбуты, ваза. Пластычна-дэкар. акцэнт — гал. стукавы алтар у выглядзе порціка са здвоенымі карынфскімі калонамі, завершаны трохвугольным франтонам з буйнамаштабнымі скульптурамі анёлаў. У алтары скульптура «Укрыжаванне» і абраз «Маці Божая Жыровіцкая». На бакавых сценах прэсбітэрыя фрэскавыя кампазіцыі на біблейскія СЮЖЭТЫ.

Т.​В.​Габрусь, В.​В.​Церашчатава.

Слонімскі Андрэеўскі касцёл.

т. 15, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ТНІК,

1) асоба, якая ўзначальвала сотню ў войску Кіеўскай Русі 9—11 ст. і інш. княствах усх. славян, а таксама ў стралецкім войску Рас. дзяржавы ў 16—17 ст. 2) Службовая асоба гар. самакіравання Беларусі ў 16—18 ст., якая ўзначальвала сотню. С. выбіраўся з заможных мяшчан і падпарадкоўваўся войту. Сачыў, у т. л. праз падначаленых яму дзесятнікаў, за выкананнем мяшчанамі павіннасцей, выплатай падаткаў і інш. С. абавязаны быў з’яўляцца на чале сотні на замкавыя работы і для абароны замка ад непрыяцеля; прымаў удзел у пасяджэннях гар. рады, хоць не ўваходзіў у склад магістрата, без згоды С. войт не меў права прымаць важныя рашэнні.

3) Нач. адм.-тэр. сотні на Украіне ў 16—18 ст. Меў шырокія ваен., адм., суд. і фін. паўнамоцтвы. Напачатку выбіраўся казакамі, пазней прызначаўся гетманам ці палкоўнікамі з ліку старшыны, пасля 1764 — прэзідэнтам маларасійскай калегіі. Пасля ліквідацыі аўтаномнасці (1765—80) пасада С. скасавана.

4) Воінскае званне ў рэестравым казацкім войску (частка ўкр. казацкага войска, якое знаходзілася ў 16—17 ст. на ваен. службе ў Рэчы Паспалітай і было ўнесена ў асобы спіс-рэестр).

5) Обер-афіцэрскі чын у казацкіх войсках Рас. імперыі, адпавядаў чыну паручніка ў рэгулярных войсках.

т. 15, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКАЖЭ́ВІЧ (Tokajzewicz) Юзаф (8.1.1841, г. Бельск-Падляскі Падляскага ваяв., Польшча — 2.8.1919),

польскі публіцыст, пісьменнік. Скончыў Беластоцкую гімназію (1859), вучыўся ў Маскоўскім (1859—61) і Парыжскім ун-тах. У 1861 за ўдзел у студэнцкай дэманстрацыі ў Пецярбургу арыштаваны. Удзельнік паўстання 1863—64. Пасля — у эміграцыі. Заснаваў «Міжнароднае таварыства польскіх студэнтаў». Рэдагаваў двухтыднёвік «Przyszłość» («Будучыня», 1866), выпускаў рэв.-дэмакр. выданне «Gmina» («Супольнасць», 1866—67, напачатку выдавалася ў друкарні А.​Герцэна ў Жэневе). Прапагандаваў тэорыю абшчыннага сацыялізму Герцэна. Арт. «Рускае пытанне» (1868) прысвяціў становішчу рус. і бел. народаў. З 1882 на радзіме. У 1883—93 супрацоўнік час. «Kraj» («Край», Пецярбург). У 1902—04 жыў на Слонімшчыне ў маёнтку М.​Федароўскага, вёў з ім фалькл.-этнагр. даследаванні. Аўтар аповесцей «Пан сляпы Павал» (1881) і «Пан глухі Гавал» (1891), успамінаў «У дні вайны і голаду» (1900). Федароўскі прысвяціў яму ўспаміны «Юзаф Такажэвіч — апошні камандзір атрада 1863 г.» (1921).

Літ.:

Литературное наследство. Т. 62. М., 1955;

Белаказовіч В.​Юзаф Такаржэвіч (1841—1919) // Ніва (Беласток). 1963. № 2—4;

Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972;

Żabicki Z. Z problemów ideologii i estetyki pozytywizmu: Publicystyka emigracyjna Józefa Tokarzewicza na tle prądów epoki. Warszawa, 1964.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЯ́Н Юрый Антонавіч (н. 6.10.1950, Мінск),

бел. артыст балета. Нар. арт. Беларусі (1979). Скончыў Бел. харэагр. вучылішча (1968). З 1968 артыст, з 1990 нам. дырэктара Нац. акад. т-ра балета Беларусі. У 1988—89 дырэктар Бел. харэагр. вучылішча. Яму ўласцівы арган. спалучэнне класічнага танца з глыбокім пранікненнем у вобраз, індывідуальнасць трактоўкі. Для танца Т. характэрна свабода, скульптурнасць, завершанасць формы. Рознабаковасць яго даравання выявілася ў балетах з сучаснай пластыкай. Сярод партый: Юнак («Пасля балю» Г.​Вагнера), Машэка, Тыль («Выбранніца», «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава), Зігфрыд, Дэзірэ, Прынц («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Рамэо, Прынц («Рамэо і Джульета», «Папялушка» С.​Пракоф’ева), Хазэ («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.​Глазунова), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Адам («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Спартак («Спартак» А.​Хачатурана), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Джэймс («Сільфіда» Х.​Левенскольда), Паэт («Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа), партыя ў 1-актовым балеце «Адажыета» на муз. Г.​Малера.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 91—103: Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987.

А.​І.​Калядэнка.

Ю.А.Траян.
Ю.Траян. Рускі танец з балета «Шчаўкунок».

т. 15, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)