музычна-тэарэтычная канцэпцыя, заснаваная на ўяўленні аб музыцы як мастацтве, гал. змест якога адлюстраванне афектаў — пачуццяў, страсцей і эмоцый чалавека. Узнікла на аснове ант. тэорыі муз. этасу. Пашырана ў 17—18 ст.Асн. прынцыпы тэорыі сфармуляваў у 1744 І.Матэзан; станаўленне звязана з працамі Р.Дэкарта, Ж.Ж.Русо, Ж.Д’Аламбера, Д.Дзідро, М.Мерсена і інш., якія сцвярджалі сувязь акордаў, мелодыкі, рытму, тэмпу, а таксама дысанансу, танальнасці і інш. са светам пачуццяў, разглядалі канкрэтныя спосабы адлюстравання душэўных настрояў сродкамі муз. мовы, пытанні аб пастаянстве і зменах, градацыях і адценнях афектаў. Класіфікацыю афектаў зрабілі А.Кірхер (8 відаў) і Ф.В.Марпург (27 відаў). Афектаў тэорыя была своеасаблівай апазіцыяй музыцы рацыяналістычных тэндэнцый і царк. музыцы. Нягледзячы на пэўны схематызм, яна выявіла новыя эстэт. погляды і часткова прадвызначыла рысы сентыменталізму ў музыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ГРАДА́,
у паўночнай частцы Прыбугскай раўніны, у Камянецкім і Пружанскім р-нах Брэсцкай вобласці. Цягнецца ад мяжы з Польшчай праз Белавежскую пушчу ў бок г.п. Шарашова і г. Пружаны ў выглядзе слабапукатай да Пд дугі выш. 180—200 м (да 203 м). З’яўляецца часткай канцова-марэнных утварэнняў адной са стадый адступання дняпроўскага ледавіка. Белавежская града больш старажытная, чым узвышшы Беларускай грады. Прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны.
Адклады антрапагену магутнасцю 80—140 м сфарміраваны ледавікамі ранняга, часткова сярэдняга плейстацэну, у іх развіты гляцыятэктанічныя парушэнні. Паверхня грады складзена з пясчанага і жвірова-галечнага матэрыялу, значна размытая. Вылучаюцца спадзістахвалістыя падняцці адноснай выш. 20—30 м (горы Казіная, Крамянёвая і інш.). Скразныя даліны злучаюць вярхоўі асн. рэк: Нарава і Ясельды, Нараўкі і Левай Лясной. Па градзе праходзіць частка водападзелу паміж Балтыйскім (рэкі Нараў з Нараўкай і Левая Лясная) і Чорным (Ясельда з прытокамі) морамі. У ПнЗ частцы Белавежскай грады стрататыповы разрэз Белавежскага міжледавікоўя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУМУЛЯ́ЦЫЯ ЗАБРУ́ДЖВАЛЬНЫХ РЭ́ЧЫВАЎу арганізмах,
назапашванне ў жывых істотах хім. рэчываў, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Месцам акумуляцыі могуць быць розныя органы і тканкі, пры гэтым многія з забруджвальнікаў (асабліва біягеннага паходжання) здольныя паступова часткова ці цалкам утылізавацца праз уключэнне ў біяхім. цыклы арганізма; у такім выпадку шкоднасць іх (напр., нітратаў) выяўляецца не абавязкова ў самім арганізме-назапашвальніку. Стойкія забруджвальнікі дрэнна ўключаюцца ў цыкл натуральнага кругавароту рэчываў і працяглы час захоўваюцца і ў навакольным асяроддзі і ў арганізмах, якія іх акумулююць. У працэсе руху па трафічных ланцугах яны могуць ствараць значна большыя канцэнтрацыі — аж да асабліва небяспечных для існавання асобных відаў жывёл і раслін, а таксама для здароўя чалавека. Прыкладам такой акумуляцыі забруджвальных рэчываў з’яўляецца назапашванне ядахімікатаў (ДДТ і некат. інш.пестыцыдаў), многіх радыенуклідаў (стронцый-90), цяжкіх металаў і інш. Для Беларусі праблема акумуляцыі забруджвальных рэчываў вельмі абвастрылася пасля стварэння на яе тэр. буйных комплексаў хім. прам-сці і асабліва ў сувязі з яе радыеактыўным забруджваннем у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІ́С ПАЛАСА́ТЫ, аніс шэры, аніс зялёны,
старадаўні паволжскі сорт яблыні нар. селекцыі. Пашыраны ў Паволжы і сярэдняй паласе ўсх.ч. Еўропы. На Беларусі вырошчваюць пераважна ў Магілёўскай, часткова ў Гомельскай, Мінскай і Віцебскай абл., таксама трапляюцца інш. сарты анісу — пунсовы, ружавата-паласаты (Магілёўская вобл.) і аксамітавы (Віцебская вобл.), якія адрозніваюцца памерамі, афарбоўкай і часам выспявання пладоў.
Дрэвы выш. 5—8 м, даўгавечныя (жывуць да 100—120 гадоў). Плады масай каля 70 г, сярэдняга памеру, плоскай або плоска-акруглай формы, сакавітыя, з кісла-салодкім смакам і характэрным «анісавым» пахам, суцэльнай ярка-кармінавай афарбоўкі або паласатай па светла-зялёна-жоўтым фоне. Мякаць зеленавата-белая, дробназярністая. Непатрабавальны да глебы, мароза- і засухаўстойлівы, высокаўраджайны сорт (на Беларусі сярэдні ўраджай 160 кг з дрэва). Пладаносіць ва ўзросце 6—8 гадоў. Плады збіраюць у канцы верасня (захоўваюцца да лютага, сакавіка і пазней). Спажываюць свежыя і мочаныя, таксама сушаць, кансервуюць, робяць з іх віно, вараць варэнне. Пашкоджваюцца пладовай гніллю і паршою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЬБАСХО́ВІШЧА,
збудаванне для захоўвання бульбы. Бульбасховішчы бываюць: заглыбленыя, часткова заглыбленыя і наземныя; навальныя, кантэйнерныя, засекавыя, бункерныя і камбінаваныя; з натуральнай і прымусовай (актыўнай) вентыляцыяй, сховішчы-халадзільнікі з штучным ахалоджваннем і з газавым асяроддзем, састаў якога рэгулюецца. Умяшчальнасць бульбасховішча звычайна 1—20 тыс.т, секцыі — да 1500 т.
Бульбасховішчы будуюць пераважна каркасныя, беспаддашкавыя з выкарыстаннем зборных нясучых і агараджальных канструкцый. Падлогу робяць з бетону, асфальтабетону, у засеках часам земляную. У бульбасховішчы насенную бульбу сартуюць, калібруюць, прарошчваюць; робяць таварную апрацоўку харч. бульбы перад рэалізацыяй. Неабходныя параметры мікраклімату падтрымліваюцца сістэмамі аўтаматызацыі, бульбасховішчы аснашчаюцца транспарцёрамі, пад’ёмнікамі, пагрузчыкамі, падборшчыкамі, паточнымі лініямі (складаюцца з пераборачных, сартавальных, мыечных, сушыльных і фасовачных машын), якія забяспечваюць комплексную механізацыю працаёмкіх работ. Будуюць таксама часовыя бульбасховішчы — капцы, траншэі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙШЫ́Н, Гейшын,
вёска ў Васькавіцкім с/с Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сож. Цэнтр калгаса. За 12 км на Пд ад Слаўгарада, 80 км ад Магілёва, 52 км ад чыг. ст. Быхаў. 96 ж., 44 двары (1996).
У канцы 1830-х г. належаў Сапегам. У 2-й пал. 19 ст. мястэчка ў Старабыхаўскім пав. Магілёўскай губ. У 1897 Г. у Прапойскай вол. Быхаўскага пав.; 1060 ж., 161 двор, 3 млыны, 3 крупадзёркі, 3 кузні, нар. вучылішча, 12 крам, карчма, царква, 2 сінагогі, двойчы на год праводзіліся кірмашы. З 1924 цэнтр сельсавета Прапойскага (з 1945 Слаўгарадскі) р-на. У Вял.Айч. вайну ў 1943 Гайшын часткова спалілі ням.-фаш. акупанты. З 1961 у Васькавіцкім с/с. У 1970 337 ж., 132 двары.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля Гайшына брацкая магіла сав. воінаў. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 вёска апынулася ў зоне моцнага радыяцыйнага забруджання і падлягае адсяленню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я НІ́ЖНЯЯ,
прыродная вобласць у Цэнтр. Афрыцы, уздоўж узбярэжжа Гвінейскага зал. і Атлантычнага ак., паміж зал. Біяфра на Пн і нізоўямі р. Кванза на Пд. Уключае вузкую (50 — 100 км) прыморскую нізіну і стромка ўзнятае над ёю Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Пераважныя выш. ад 700 да 2000 м, найб. — 4070 м (дзеючы вулкан Камерун). Клімат пераходны ад экватарыяльнага на Пн да трапічнага пасатнага на Пд. Вільготнасць памяншаецца з Пн на Пд пад уплывам халоднага Бенгальскага цячэння. Ападкаў на б.ч.тэр. 1000—1500 мм за год, на наветраных схілах гор 3000—4000 мм (на зах. схілах г. Камерун больш за 10 000 мм — самае вільготнае месца Афрыкі). На тэр. Гвінеі Ніжняй у акіян упадае р. Конга (Заір). На Пн — вечназялёныя экватарыяльныя лясы, на Пд ад вусця р. Конга пераважаюць саванны. На крайнім Пд знаходзяцца прыморскія нізіны — паўпустыні і пустыні. У межах Гвінеі Ніжняй поўнасцю або часткова размешчаны Камерун, Экватарыяльная Гвінея, Габон, Конга, Заір, Ангола.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАГЕНЕ́З (ад гіста... + ...генез),
працэс развіцця ў шматклетачным арганізме, які забяспечвае ўзнікненне, існаванне, перабудову і аднаўленне тканак з іх спецыфічнымі для кожнага арганізма і яго органаў марфалагічнымі і фізіёлага-біяхім. асаблівасцямі; адна з фаз антагенезу. Настае пасля або ў працэсе арганагенезу; уключае клетачнае размнажэнне, дэтэрмінацыю, клетачны рост, міграцыі клетак, адгезію, дыферэнцыроўку клетак і пазаклетачных вытворных, міжклетачныя і міжтканкавыя ўзаемадзеянні, адміранне клетак. Спецыялізацыя клетак спадчынна замацоўваецца, таму адна тканка ў другую не ператвараецца. Гістагенез абумоўлены эвалюцыйным развіццём, залежыць ад унутры- і міжтканкавых узаемаадносін, ад узаемадзеяння арганізма з навакольным асяроддзем. Неадначасовае развіццё клетак пры гістагенезе забяспечвае захаванне маладыферэнцыраваных элементаў, якія служаць крыніцай папаўнення клетак на працягу жыцця арганізма і аднаўлення тканкі пасля яе пашкоджання (рэгенерацыі). У тканках з высокім узроўнем дыферэнцыроўкі (мышачная, нервовая) магчымасці рэгенерацыі больш абмежаваныя. Рэпаратыўны гістагенез у постнатальным перыядзе антагенезу складае аснову аднаўлення часткова страчаных або пашкоджаных тканак (напр., фізіялагічная рэгенерацыя клетак крыві). Якасныя змены гістагенезу могуць прывесці да ўзнікнення і росту пухліны. Нармальны і паталагічны гістагенез вывучае гісталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭСК,
вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на Пн ад Слуцка, 90 км ад Мінска, 20 км ад чыг. ст. Слуцк. 2309 ж., 822 двары (1997).
Вядомы з пач. 16 ст. З 1536 належаў польск. каралеве Боне, потым Алелькавічам, Валодкавічам, Радзівілам. У сярэдзіне 16 ст. цэнтр войтаўства. З 1590 у Слуцкім княстве, мястэчка, 68 двароў, млын, царква. З 1793 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Слуцкага пав. У 1885 у Грэску 1068 ж., 122 двары, школа, царква, 3 ветракі, рынак. З 1924 цэнтр сельсавета, з 1935 — Грэскага раёна. У 1929—38 мястэчка, у 1931—35 і з 1956 цэнтр сельсавета ў Слуцкім р-не. У Вял.Айч. вайну часткова спалены, дзейнічала Грэскае патрыятычнае падполле. У 1961 да Грэска далучаны пас. Някрасаўка. У 1971 — 2192 ж., 617 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і ахвяр фашызму. У цэнтры вёскі гарадзішча ранняга жал. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛО́ВІЧ (Ігнат Мікалаевіч) (10.8.1787, в. Грынявічы Бельскага пав. Падляшскага ваяводства, Польшча — 12.7.1843),
гісторык, правазнавец, адзін з першых даследчыкаў летапісных і заканадаўчых помнікаў Беларусі і Літвы. Праф. (1822). Скончыў Віленскі ун-т (1812), дзе ў 1814—24 выкладаў права. Пасля раскрыцця т-вафіламатаў звольнены з працы. У 1825—29 праф. Харкаўскага ун-та; у 1830—35 працаваў у Пецярбургу ў камісіі М.М.Спяранскага па падрыхтоўцы законаў для зах. губерняў. У 1835—42 выкладаў права ў Кіеўскім і Маскоўскім ун-тах. Займаўся зборам, вывучэннем і публікацыяй пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы. Упершыню апісаў усе рукапісныя і друкаваныя экз. Статутаў ВКЛ, падрыхтаваў першае навук. выданне Статута ВКЛ 1529 (выд. у 1841), апублікаваў бел.-літ. летапіс 1446 паводле Супрасльскага рукапісу. Апісаў, пераказаў змест і часткова апублікаваў каля 2500 розных пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы. Працы Д. сталі пачаткам навук. даследавання бел.-літ. летапісання.
В.А.Чамярыцкі.
І.М.Даніловіч. Партрэт работы Р.Жукоўскага. 1846.