англійскі пісьменнік. Скончыў Оксфардскі ун-т (1935). Удзельнік 2-й сусв. вайны. На яго светаадчуванне істотна паўплывала філасофія экзістэнцыялізму. Вядомасць Голдынгу прынёс раман-антыутопія «Валадар мух» (1954; экранізаваны ў 1963), у якім паказаў, што недасканаласць цывілізацыі і разбуральныя інстынкты асобы здольны прывесці сілы зла да ўлады ў свеце. Аўтар філас. раманаў-прытчаў альбо «баек»; «Нашчадкі» (1955), «Зладзюжка Марцін» (1956), «Свабоднае падзенне», «Шпіль» (1964), «Піраміда» (1967), «Бачная цемра» (1979), «Рытуалы пасвячэння» (1980), «Папяровыя людзі» (1984) і інш.; зб. публіцыстычных і крытычных нарысаў «Гарачая брама» (1965, у т. л. праграмнае эсэ «Прытча»), вершаў, радыёп’ес. Асэнсоўваў праблемы: чалавек—цывілізацыя, асоба—гісторыя, душа—Бог, ідэал—рэальнасць, выбар, небяспека таталітарызму і фанатызму. Дамінуючым у яго творчасці заставалася пытанне аб чалавечай прыродзе, суаднесенасці ў ёй біялагічнага і духоўнага. Прозе Голдынга ўласцівы спалучэнне рэалістычных і авангардысцкіх тэндэнцый, шматзначнасць вобразаў і сітуацый, дыдактычнасць. Нобелеўская прэмія 1983.
Тв.:
Lord of the Flies;
The Pyramid;
Envoy Extraordinary. М., 1982;
Рус.пер. — Шпиль и другие повести. М., 1981;
Чрезвычайный посол // Современная английская повесть. М., 1984;
Повелитель мух. М., 1990;
Пирамида // Иностр. лит. 1996. № 3.
Літ.:
Ивашева В.В. В споре о человеке // Ивашева В.В. Эпистолярные диалоги. М., 1983;
Яе ж. Роман философской тенденции // Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ЎНА,
горад, цэнтр Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., на р. Дняпро, пры ўпадзенні ў яго рэк Дубровенка і Свінка. За 107 км ад Віцебска, 8 км ад чыг. ст. Асінаўка на лініі Орша—Смаленск; аўтадарогамі злучаны з Оршай і Горкамі. 9,7 тыс.ж. (1997).
Ў пач. 16 ст. Д. — цэнтр буйной воласці на мяжы Віцебскага і Смаленскага ваяв. Ў розны час належала Глябовічам, Сапегам, А.Д.Меншыкаву, Р.А.Пацёмкіну, Любамірскім. У 16—18 ст. у Д. існаваў Дубровенскі замак. З 1772 Д. ў Аршанскай правінцыі, з 1777 — у Аршанскім пав. Магілёўскага намесніцтва. Дзейнічалі 4 правасл. царквы, бернардзінскі кляштар з касцёлам, сінагога, паштовы дом. У 1784 пабудавана 1-я ў Рас. імперыі гадзіннікавая ф-ка. У 1785—97 тут існаваў Дубровенскі піярскі калегіум. З 1861 цэнтр воласці Горацкага пав. Магілёўскай губ. У 1897—7974 ж. З 1924 раённы цэнтр, з 3.7.1925 горад. 9,9 тыс.ж. (1939). З 16.7.1941 да 26.6.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў Д. і раёне 14 110 чалавек. 4,9 тыс.ж. (1959). У 1962—65 Д. ў Аршанскім р-не.
Прадпрыемствы харч., лёгкай, буд. матэрыялаў прам-сці. Брацкія магілы супрацоўнікаў міліцыі, сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі: Вызвалення, Г.А.Нікандравай. Помнікі архітэктуры: кляштар бернардзінцаў (пач. 19 ст.), Пакроўская царква (1-я пал. 19 ст.). Цэнтр ганчарнага рамяства (гл.Дубровенская кераміка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖДА́НАЎ (Уладзімір Пятровіч) (н. 28.1.1949, в. Селішча Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 19.2.1995),
бел. тэатральны мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1982). З 1984 працаваў у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі (з 1986 гал. мастак), адначасова выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це (1988—89) і Ін-це культуры (1988—90). Работы вылучаюцца разнастайнасцю творчай манеры, ад тонкай стылізацыі да абагульненасці. Аформіў спектаклі: «Месье Амількар, або Чалавек, які плаціць» І.Жаміяка (1983), «Эмігранты» С.Мрожака (1989), «Блакітная ружа» Т.Уільямса і «Бездань» М.Матукоўскага (1991) і інш. ў Бел. т-ры імя Я.Купалы; «Калі лялькі не спяць» Л.Мілевай (1983) у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача; «Кармэн» Ж.Бізэ (1990) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі; «У наступным годзе ў гэты ж час» Б.Слэйда (1990) у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі; «Залёты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1992) у Бел. т-ры імя Я.Коласа; «Сірано» С.Пажлакова (1984), «Сільва» І.Кальмана (1986), «Клоп» У.Дашкевіча (1988), «Хэло, Долі!» Дж.Германа (1992), «Халопка» М.Стрэльнікава (1994) і інш. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі, а таксама ў муз. і драм. т-рах Краснаярска, Магадана (Расія), Чыятура (Грузія). З 1988 чл. праўлення Савета міжнар. асацыяцыі сцэнографаў і тэхнікаў т-ра.
Н.Я.Бунцэвіч.
У.Жданаў. Эскіз дэкарацыі да спектакля «Халопка» М.Стрэльнікава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКЕБА́НА (яп. — ажыўленыя кветкі, кветкі, што прачнуліся да жыцця),
мастацтва складання букетаў у Японіі; букет, састаўлены па законах І. Складаецца з трох асн. кампанентаў: прыроднага матэрыялу (кветкі, лісце і інш.), вазы і кендзана (прылады для ўмацавання сцябла і надання яму патрэбнага стану). Кампазіцыю вызначаюць 3 асн. галіны (або кветкі), якія маюць сімвалічны сэнс: высокая (сін) — неба, сярэдняя (сое) — чалавек, ніжняя (хікае) — зямля; пярэдні, сярэдні і задні планы адпавядаюць напрамкам свету і порам года. Гал.эстэт. прынцып І. — вытанчаная прастата, якая дасягаецца выяўленнем натуральнай прыгажосці матэрыялу.
Элементы І. вядомы ў Японіі здаўна як традыцыя ахвяравання кветак продкам і духам. Мастацтва састаўлення кампазіцый прыйшло ў 6 ст. з Індыі праз пасрэдніцтва кітайскіх будыйскіх місіянераў і першапачаткова выкарыстоўвалася як ахвярапрынашэнне да статуі Буды. У 7 ст. заснавана першая школа «ікеноба». З пашырэннем дзэнбудызму пры самурайскіх дынастыях І. пачалі выкарыстоўваць для аздаблення храмаў і палацаў, з 15 ст. — частка рытуалу «чайнай цырымоніі», важны элемент нац.яп. культуры. І., што размяшчаецца ў спец. нішы ў сцяне дома — таканома — стварае яркі дэкар. эфект і з’яўляецца эмацыянальнай дамінантай інтэр’ера. Існуе шэраг кірункаў І.: рыка («кветкі стаяць») — буйнамаштабныя кампазіцыі, што сімвалізуюць ландшафты; сэйка («стыль жывых кветак») вылучаецца асіметрыяй і дынамікай; марыбана («нагрувашчванне») — кампазіцыі ў плоскіх вазах; дзіюгата («свабодны стыль»), дзінэй («авангардны стыль») і інш. У 1956 створана арг-цыя «Сяброўства праз кветкі», якая прапагандуе мастацтва І. ў свеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАСТРО́ФАэкалагічная,
поўнае парушэнне экалагічнай раўнавагі ў прыродных жывых сістэмах. Узнікаюць ад прамога ці ўскоснага ўздзеяння прыродных фактараў або чалавека. Бываюць глабальныя, лакальныя, агульныя, частковыя.
Прыродныя фактары ўздзеяння, якія могуць абумоўліваць К. рознага маштабу: астр. (змены сонечнага выпрамянення, скорасці вярчэння Зямлі, нахілу яе восі да плоскасці арбіты), геафіз. (рухомасць мацерыкоў, гораўтварэнне, вулканізм, абледзяненні), метэаралагічныя (змены саставу і т-ры атмасферы, працяглыя засухі і паводкі, ураганы). Прыклады глабальных К.: змены клімату ў канцы каменнавугальнага перыяду палеазою (каля 290 млн.г. назад), што прывяло да вымірання гіганцкіх папарацепадобных і знікнення трапічных лясоў у высокіх шыротах (архіпелаг Зямля Франца-Іосіфа, а-вы Грэнландыя, Шпіцберген), і ў мезазойскую эру (каля 230—70 млн.г. назад), калі пры пераразмеркаванні сушы і мора («альпійская» стадыя гораўтварэння) голанасенныя расліны змяніліся пакрытанасеннымі, вымерлі дыназаўры. Прыклад К. меншага маштабу — абледзяненні антрапагеннага перыяду ў кайназоі (каля 2 млн.г. назад). Да К. можа прывесці і дзейнасць чалавека (узнікненне ў старажытнасці пустынь у Міжземнамор’і і Б. Усходзе ў выніку знішчэння лясоў). Прыклад лакальнай К. — вывяржэнне вулкана Кракатау (1883), у выніку якога загінулі мясц. флора, фауна і 36,5 тыс.чалавек. Антрапагенныя К. — выпрабаванні атамнай зброі, высыханне Аральскага м. і інш.
На Беларусі да глабальнай адносяць К. на Чарнобыльскай АЭС (1986). Лакальныя К. — нерацыянальная меліярацыя ў асобных раёнах, засаленне тэрыторыі вакол Салігорскага калійнага камбіната, забруджванне рэк і азёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Т.Р.Шаўчэнкі, адна з найбуйнейшых вышэйшых навуч. устаноў Украіны. Засн. ў 1834 у Кіеве як Ун-тсв. Уладзіміра ў складзе 2 ф-таў — юрыд. і філас. (меў гіст.-філал. і фіз.-матэм. аддзяленні; з 1850 — ф-ты); у 1841 адкрыты мед.ф-т. Да 1917 ун-т скончылі каля 20 тыс.чалавек. Ён быў адным з цэнтраў дэмакр. руху на Украіне. Сярод выпускнікоў ун-та вучоныя і дзеячы культуры, у т. л. О.Ю.Шміт, М.М.Бенардос, М.С.Грушэўскі, М.Ф.Рыльскі, М.А.Булгакаў, К.Г.Паустоўскі; у ім вучыўся і працаваў М.В.Доўнар-Запольскі. У 1920—32 на базе ун-та былі створаны ін-ты: нар. адукацыі, сац. выхавання, прафес. адукацыі. У 1933 адноўлены, меў 7 ф-таў, у 1939 яму прысвоена імя Т.Р.Шаўчэнкі. З 1994 сучасная назва. У 1942—43 у складзе Аб’яднанага ўкр. ун-та эвакуіраваны ў Казахстан. У 1944 аднавіў сваю дзейнасць у Кіеве. У 1997/98 навуч.г. больш за 17 тыс. студэнтаў; ф-ты: філас., сацыялогіі і псіхалогіі, эканам., гіст., філал., рамана-герм. філалогіі, юрыд., механіка-матэм., кібернетыкі, фіз., радыёфіз., геал., геагр., хім., біял. і інш. Навучанне дзённае і завочнае. У складзе ун-та Ін-тміжнар. адносін, Ін-т журналістыкі, абсерваторыя, бат. сад (з 1841), выліч. цэнтр, Канеўскі запаведнік, навук.б-ка (каля 4 млн.экз.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙБНІЦ ((Leibniz) Готфрыд Вільгельм) (1.7.1646, г. Лейпцыг, Германія — 14.11.1716),
нямецкі вучоны, філосаф, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Лейпцыгскім і Іенскім ун-тах (1661—66). У 1672—76 на дыпламат. рабоце ў Парыжы. З 1676 на службе ў гановерскіх герцагаў. Заснавальнік (1700) і першы прэзідэнт Берлінскай АН. Адзін са стваральнікаў дыферэнцыяльнага і інтэгральнага вылічэння, даследчык у галіне фізікі і механікі, пачынальнік матэм. логікі. Займаўся геалогіяй, біялогіяй, псіхалогіяй, лінгвістыкай, гісторыяй, юрыспрудэнцыяй. Аўтар шэрагу тэхн. вынаходстваў (гідраўлічны рухавік, лічыльная машына, пнеўматычныя прылады і інш.). Асн. творы: «Новая сістэма прыроды» (1695), «Новыя вопыты пра чалавечы розум» (1704), «Новы метад максімумаў і мінімумаў» (1684), «Тэадыцэя» (1710), «Манадалогія» (1714). Быццё ўяўляў як бясконцую колькасць дзейных субстанцый, непадзельных першаэлементаў — манад, якія з’яўляюцца духоўнымі, дзейнымі ўтварэннямі. Кожная з манад, паводле Л., першапачаткова валодае здольнасцю ўспрымаць (перцэпцыяй), але гэта толькі бессвядомы стан манады; усвядомленым успрыманнем (аперцэпцыяй) валодае толькі чалавек. У тэорыі пазнання Л. імкнуўся пераадолець крайнасць дэкартаўскага рацыяналізму і эмпірызму Дж.Лока, адмаўляў вучэнне Р.Дэкарта пра прыроджаныя ідэі і вучэнне Лока пра душу як «чыстую дошку». Ён лічыў, што існуюць ісціны фактаў (адкрываюцца вопытам) і метафіз. (вечныя) ісціны, якія выяўляюцца з дапамогай розуму. На Беларусі філас. і навук. працы Л. былі вядомы з 1-й пал. 18 ст.; уплыў яго ідэй заўважаецца ў працах Б.Дабшэвіча, Г.Каніскага і інш.бел. мысліцеляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎЗО́Н (Аркадзь) (сапр.Маўшэнзон Арон Іосіфавіч; 23.9.1918, г. Віцебск — 19.8.1977),
бел.драматург. Вучыўся ў драм. студыі пры БДТ-1 (1936). Працаваў акцёрам і асістэнтам рэжысёра ў Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1946 у газ. «Віцебскі рабочы», з 1950 на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1965—71 — у Мін-ве культуры Беларусі. Дэбютаваў п’есай «Канстанцін Заслонаў» (паст.Бел. т-рам імя Я.Купалы, 1947; аднайм. кінафільм паводле сцэнарыя аўтара, 1949). Сюжэтны цэнтр многіх п’ес — маральна-этычная праблематыка: «Наталля Крыўцова» (апубл. 1954), «У ціхім завулку» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1955), «Непрымірымасць» (паст. Гомельскім абл.драм. т-рам, 1957), «Калі ты чалавек» (пад назвай «Твой светлы шлях» паст. т-рам імя Я.Купалы, 1961), «Пад адным небам» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1962), «Куды ідзеш, Сяргей?» (паст.Дзярж.рус.драм. т-рам Беларусі, 1965), «У доме на Сонечнай» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1966), «Толькі адно жыццё» (паст. 1969), «Білет у мяккі вагон» (паст. 1971, абедзве у рус.драм. т-ры Беларусі). Гіст. тэматыка ў п’есах «У бітве вялікай» (паст. Гомельскім абл.драм. т-рам, 1957), «Дарога праз ноч» (паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача, 1970). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Зялёныя агні» (1956), «Наперадзе — круты паварот» (1960).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАНСКІЯ ШКЛОЗАВО́ДЫ.
Першы шклозавод засн. ў 1883 у маёнтку Заенчыцы Лідскага пав. Віленскай губ. (цяпер урочышча Устронь Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл., за 6 км ад г. Бярозаўка Лідскага р-на). Уладальнік памешчык З.А.Ленскі. Існаваў да 1898 (з 1891 як фірма «Краеўскі—Столле»). У 1897 меў лакамабіль, ручны прэс, шліфавальню; працавала 164 рабочыя. Вырабляў шкляны сталовы посуд, лямпавае і аптэкарскае шкло, прадметы раскошы. У 1895 В.А.Краеўскі і Ю.А.Столле пабудавалі «Новую гуту» за 4 км ад «Старой гуты» ва ўрочышчы Малодзіна Лідскага пав. (цяпер г. Бярозаўка). У 1897 «Новая гута» мела 3 шклоплавільныя печы, 2 паравыя машыны, 2 шліфавальні, 20 прэсаў, працавала 636 чалавек. У 1898 Краеўскі і Столле набылі гуту, пабудаваную ў 1894—95 каля пас. Бярозаўка Лідскага пав. (цяпер г. Бярозаўка), якая стала гал. прадпрыемствам кампаніі «Краеўскі і Столле» і наз. «Хрусталёвая ф-ка Нёман-А», «Новая гута» наз. «Хрусталёвая ф-ка Нёман-Б»; «Старая гута» ліквідавана. З 1905 уладальнік фірмы Столле. Паводле прэйскуранта, выдадзенага фірмай у 1911, ф-кі выраблялі 1828 узораў шклавырабаў, у т. л. сталовыя сервізы, шклянкі, чаркі, бакалы, фужэры, чашкі, сподачкі, талеркі, краманкі, вазы, падсвечнікі, туалетныя флаконы і інш. У 1914 наладжана вытв-сць ізалятараў для рас. арміі. У 1-ю сусв. вайну хрусталёвыя ф-кі спалены. Каштоўнае абсталяванне перавезена на шклозавод фірмы ў Ганцавічах. У 1921 адноўлены і працуюць як шклозавод «Нёман».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКАЕў мастацтве,
эстэтычная катэгорыя, якая служыць для ацэнкі мізэрных з’яў быцця і маст. выяўлення бездухоўнасці ў грамадскім жыцці. У дачыненні да чалавечых учынкаў з’яўляецца крайняй ступенню агіднага і мае выразны маральна-этычны змест. Суадносіцца з камічным, процілеглае ўзнёсламу.
Для стараж., у т. л. антычнай, маст. свядомасці ўзнёслае і Н., як прыгожае і агіднае, мелі абс. характар, які пазбаўляў іх дынамікі і ўзаемапераходнасці. Сярэдневяковая хрысц. эстэтыка выпрацавала іерархію эстэт. каштоўнасцей: на яе вяршыні змяшчаўся боскі свет, а каля яе падножжа — нізкае матэрыяльнае быццё. Чалавек у гэтай іерархіі займаў прамежкавы стан, і ў яго душы адбывалася барацьба паміж узнёсла-духоўным і матэрыяльна-нізкім. Рэнесансавае мастацтва праўдзіва адлюстравала складанасць жыцця, у якім узнёслае і Н. нярэдка суіснуюць або мяняюцца месцамі. Тэарэтыкі класіцызму абгрунтоўвалі паняцце высокага і нізкага стыляў, якія былі маст. адпаведнікамі «высокага» (арыстакратычнага) і «нізкага» (простанароднага) ладаў жыцця. У л-ры крытычнага рэалізму значнае месца заняло праўдзівае выяўленне пачварных, нізкіх з’яў грамадскага быцця.
У гісторыі бел.маст. культуры катэгорыя Н. разам з камічным і агідным выявілася ў фальклоры, у чарадзейных казках. Фальклорны прыём травестацыі (зніжэнне афіц. высокага, перавод яго ў «матэрыяльна-цялесны план» па-майстэрску выявілі ананімныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». В.Дунін-Марцінкевіч, пісьменнікі рэв.-дэмакр. кірунку (Ф.Багушэвіч, Я.Купала, Я.Колас і інш.) напоўнілі паняцце Н. глыбокім сац. гучаннем, выкарыстоўвалі яго для крытыкі негатыўных з’яў у жыцці грамадства.