Існаваў у 14—18 ст. Размяшчаўся на высокім правым беразе р. Сож пры ўпадзенні ў яе ручая Гомій (Гамяюк). Замак меў магутны абарончы вал, драўляныя шмат’ярусныя вежы, сцены-гародні з баявой галерэяй. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. зведаў неаднаразовыя аблогі (1535, 1575, 1581, 1633, 1648, 1649). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у жн. 1654 быў узяты рус. войскам. Паводле звестак за 1666, ён яшчэ захоўваў сваю магутнасць. У 1737 кн. М.Чартарыйскі пабудаваў новы моцны дубовы замак з вежамі і сценамі, які існаваў яшчэ ў апошняй чвэрці 18 ст. Пасля далучэння Гомеля да Рас. імперыі вежы і сцены замка разабраны, валы скапаны. У 1785 паводле плана Б.Растрэлі тут пачалося буд-ва існуючага і цяпер мураванага Гомельскага палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАДЗІ́РНЯ (ад ням. gradieren згушчаць саляны раствор; першапачаткова градзірні выкарыстоўваліся для здабычы солі выпарваннем),
збудаванне для ахаладжэння вады атм. паветрам. У градзірні вада, якая сцякае па арашальніку, ахалоджваецца ў выніку частковага выпарэння і цеплааддачы ў паветра.
Адрозніваюць градзірні: паводле спосабу падачы паветра — вежавыя, вентылятарныя і адкрытыя (атмасферныя); паводле тыпу арашальніка — пырскальныя, плёначныя, кропельныя і камбінаваныя. Выкарыстоўваюцца пераважна ў сістэмах зваротнага водазабеспячэння і кандыцыянавання паветра (зніжаюць т-ру вады, якая адводзіць цяпло ад кампрэсараў, цеплаабменных апаратаў, трансфарматараў і да т.п.). На цеплавых электрастанцыях і ў хім. прам-сці выкарыстоўваюць пераважна вежавыя (у іх ствараецца цяга паветра знізу ўверх насустрач сцякаючай вадзе) і шматсекцыйныя вентылятарныя (вада ахалоджваецца паветрам, якое падаецца вентылятарамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РНАЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
асобы, якія знаходзяцца на тэрыторыі ваюючай дзяржавы і не належаць да яе камбатантаў. Прававое становішча М.н. рэгулюецца 4-й Гаагскай канвенцыяй 1907, 4-й Жэнеўскай канвенцыяй 1949, Дадатковымі пратаколамі 1 і 2 да Жэнеўскіх канвенцый 1949. Паводле гэтых актаў бакі, якія ваююць, абавязваюцца захоўваць адзін з асн. прынцыпаў права ў дачыненні да вайны: забарону весці вайну супраць грамадз. насельніцтва.
Асобы, што належаць да М.н., маюць права на гуманныя адносіны без дыскрымінацыі паводле расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, веравызнання або інш. перакананняў, нац. або сац. паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння або валодання інш. статуса ці інш. неспрыяльнай прыкметы. Забараняецца напад узбр. сіл дзяржаў, што ваююць, непасрэдна на М.н., выкарыстанне імі зброі невыбіральнага характару, вынікам чаго з’яўляецца гібель М.н., напад на яго або асобных цывільных асоб у парадку рэпрэсалій. Недатыкальнымі з’яўляюцца таксама сродкі выжывання М.н.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́РА,
частка акіяна, больш-менш аддзеленая ад яго сушай або ўзвышэннямі падводнага рэльефу. Адрозніваецца ад адкрытай ч. акіяна пераважна наяўнасцю ўласнага гідралагічнага і кліматычнага рэжымаў. На Зямлі каля 60 мораў. Паводле ступені адасобленасці ад акіяна і асаблівасцей гідралагічнага рэжыму М. падзяляюцца на ўнутраныя ўскраінныя моры і міжастраўныя моры, паводлегеагр. становішча — на міжмацерыковыя моры і ўнутрымацерыковыя моры. Ад замкнёнасці М. сушай залежаць гідралагічны рэжым, салёнасць вады, сезонныя ваганні т-ры паветра і вады на паверхні М. Перавага цыкланічных вятроў над М. абумоўлівае перавагу ў іх цыкланічных цячэнняў. Арганічны свет М. больш разнастайны і багаты эндэмікамі, чым у адкрытых частках акіяна. Часта ўмоўна М. называюць таксама асобныя адкрытыя часткі акіяна, якія вызначаюцца пэўнымі асаблівасцямі (Саргасава м. ў Атлантычным ак. з вял. масай водарасцей — саргасаў), асобныя вадасховішчы (Мінскае м.), і, наадварот, некаторыя М. называюць залівамі (Мексіканскі, Гудзонаў, Персідскі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА ЭЛЕКТРО́ННАЯ,
электравакуумная прылада, прынцып дзеяння якой заснаваны на кіраванні электронным патокам у вакууме з дапамогай эл. поля. Прызначана для генерацыі, узмацнення, дэтэкціравання і інш. пераўтварэнняў эл.-магн. ваганняў. Выкарыстоўваецца ў прыёмна-перадавальнай радыёапаратуры, прыладах аўтаматыкі і тэлемеханікі, эксперым. фізікі, вымяральнай тэхнікі і інш.
Усе электроды змяшчаюцца ў вакуумаваны балон і ў залежнасці ад іх колькасці Л.э. падзяляюцца на дыёды, трыёды, тэтроды, пентоды і інш. У адным балоне могуць манціравацца розныя камбінацыі адзінарных лямпаў (напр., падвойныя дыёды, дыёд-трыёды, трыёд-пентоды). Бываюць з прамым ці ўскосным падаграваннем катода; паводле канструкцыі адрозніваюць шкляныя лямпы з цокалем і без яго (пальчыкавыя), металічныя, металашкляныя і металакерамічныя; буйнагабарытныя, мініяцюрныя, звышмініяцюрныя, маячковыя, алоўкавыя; паводле выхадной магутнасці — прыёмна-ўзмацняльныя (да 10 Вт) і генератарныя (да некалькіх МВт); для ўзмацнення і генерацыі ваганняў у ЗВЧ-дыяпазоне выкарыстоўваюцца лямпы звышвысокачастотныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ТЭРМІ́НАЛАГІЧНАЯ КАМІ́СІЯ,
навукова-даследчая ўстанова пры Наркамасветы Беларусі ў 1921—22. Створана паводле пастановы ЦВКБССР у лют. 1921 (зацверджана СНКБССР 10.2.1921) у складзе гуманітарнай (літ.-маст.), прыродазнаўчай і матэм. секцый. Старшыня С.М.Некрашэвіч; заг. гуманітарнай секцыі Я.Купала (люты—жн. 1921).
Займалася апрацоўкай і складаннем бел. тэрміналогіі. Адбылося каля 70 пасяджэнняў, распрацавана амаль 3 тыс. тэрмінаў па граматыцы, логіцы, алгебры, арыфметыцы, геаметрыі, заалогіі і інш. Тэрміны ў выглядзе спец. падборак друкаваліся ў час. «Вестник Народного комиссариата просвещения». Пры выпрацоўцы тэрміналогіі камісія арыентавалася на слоўнік жывой бел. мовы і ўтварала неалагізмы паводле правіл бел. мовы, часам выкарыстоўвала запазычанні з рус., польск. і лац. моў. Большасць распрацаваных тэрмінаў захоўваецца ў сучаснай бел. мове. Камісія падрыхтавала і выдала некалькі падручнікаў для пач. і сярэдніх школ. На яе базе 30.1.1922 засн.Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧА́ЛАЎ (Павел Сцяпанавіч) (15.11.1800, Масква — 28.3.1848),
расійскі акцёр; прадстаўнік рамантызму ў рус. т-ры. Вучыўся акцёрскаму майстэрству ў свайго бацькі С.Мачалава. З 1817 на маскоўскай імператарскай сцэне (з 1824 Малы т-р). У творчасці, якая вызначалася эмацыянальнасцю, багаццем адценняў і кантрастаў у перадачы пачуццяў, выявіў дэмакр. і гуманіст. ідэалы эпохі. Сярод роляў: Керым-Гірэй («Керым-Гірэй, крымскі хан» паводле А.Пушкіна), Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Гамлет, Атэла, Рычард III, кароль Лір (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Фердынанд, Карл («Каварства і каханне», «Разбойнікі» Ф.Шылера), Мейнаў («Нянавісць да людзей і раскаянне» А.Кацэбу), Жорж дэ Жэрмані («Трыццаць гадоў, або Жыццё гульца» В.Дзюканжа) і інш. Аўтар рамант. драмы «Чаркешанка» (паст. 1840), драм. кампазіцыі паводле верша Пушкіна «Чорны шаль» (музыка А.Вярстоўскага), лірычных вершаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНШО́Н ((Planchon) Ражэ) (н. 12.9.1931, г. Сен-Шамон, Францыя),
французскі рэжысёр, акцёр, драматург. Творчую дзейнасць пачаў у засн. ім у Ліёне «Тэатр дэ ла камеды» (1952). У 1957 стварыў і ўзначальвае «Тэатр дэ ла сітэ» ў Віёрбане (з 1973 Нац.нар.т-р). Зазнаў уплыў Б.Брэхта. Паставіў спектаклі «Генрых IV» У.Шэкспіра (1957), «Жорж Дандэн» (1958) і «Тарцюф» (1962, 1973) Мальера, «Тры мушкецёры» паводле А.Дзюма (1958), «Мёртвыя душы» (1959) паводле М.Гогаля, «Нейтральная паласа» Х.Пінтэра (1979), «Аталі» Ж.Расіна (1980), якім уласціва сучасная інтэрпрэтацыя літ. матэрыялу. Сярод інш. пастановак: «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Швейк у другой сусветнай вайне» (1961) Брэхта, а таксама ўласныя драм. творы, у якіх звяртаецца да актуальных праблем сучаснасці: «Карэтны хлеў» («Даўжнікі», 1962), «Белая лапа» (1964), «Сінія, белыя, чырвоныя» (1966), «Знявага» (1968), «Здаюся!» (1972) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1776—96. Утворана паводле ўказа Кацярыны II ад 4.9.1776 і ўказа Сената ад 2.4.1777 на землях ВКЛ, далучаных да Рас. імперыі ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Цэнтр — г.Полацю. Уключала 11 паветаў, вылучаных з Пскоўскай губерні: Веліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Дынабургскі, Люцынскі, Невельскі, Полацкі, Рэжыцкі, Себежскі, Суражскі. З 1778 да 1796 складала асобнае Полацкае намесніцтва. У 1784 у П.г. было 15 мястэчак, 144 сялы, 1125 сяльцоў, 61 пагост, 21 слабада, 14042 вёскі, у 78 070 дварах пражывала 620 266 чал. падатковага насельніцтва. У 1777 мелася 22 правасл., 153 уніяцкія, 44 каталіцкія прыходы. У 1793 у губерні ўтвораны Лепельскі павет, у 1795 да яе далучана частка тэр. Мінскай губ.Паводле ўказа ад 23.12.1796 П.г. аб’яднана з Магілёўскай губерняй у Беларускую губерню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,
граматы, якія вызначалі дзярж.-прававое становішча Полацкай зямлі ў складзе ВКЛ. Рэгулявалі ўнутранае жыццё, гарантавалі правы і прывілеі полацкага баярства, духавенства і мяшчан (гл.Полацкае права). Прывілей, выдадзены ў 1-й пал. 14 ст., не збярогся і адноўлены паводле пацвярджальнага прывілея 1511. Ён змяшчаў пагадненне полацкіх феадалаў і мяшчан са сваім удзельным князем. У 1399 Вітаўт выдаў прывілей, паводле якога абмежаванні ўлады ўдзельнага князя пераносіліся на велікакняжацкую ўладу. Прывілей Жыгімонта Кейстутавіча, выдадзены паміж 1436—40, пацвердзіў ранейшыя П.п. Прывілей 1451, выдадзены Казімірам IV Ягелончыкам, дадаткова гарантаваў юрыд. і маёмасныя правы палачан. Пры вял.кн. Аляксандру П.п. пацверджаны і дапоўнены новымі артыкуламі, што было звязана з наданнем Полацку 7.10.1498 прывілея на магдэбургскае права. Канчаткова становішча Полацкай зямлі ў складзе ВКЛ аформлена пацвярджальным прывілеем Жыгімонта I ад 23.7.1511. Наступныя пацвярджальныя прывілеі выдаваліся ў 1547, 1580, 1593, 1634.