(Blair) Эрык Артур; 25.1.1903, г. Матыхары, Індыя — 21.1.1950], англійскі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Ітанскі каледж (1921). У 1922—27 служыў у брыт.калан. войсках у Бірме. Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі на баку рэспубліканцаў, у 2-ю сусв. вайну рэпарцёр брыт. газет і радыёстанцыі Бі-Бі-Сі. Друкаваўся з 1914. Жыццёвыя ўражанні ў аснове рэаліст., сац.-крытычных раманаў «Дні ў Бірме» (1934),
«Няхай Аспідыстра ляціць» (1936), «Дарога да прыстані ва Уігане» (1937), «За глытком свежага паветра» (1939), дакумент. нататак «Валацужнае жыццё ў Парыжы і Лондане» (1933), «З Каталоніяй у сэрцы» (1938). Сусв. вядомасць прынеслі творы ў жанры антыутопіі — аповесць «Ферма» (1945) і раман «1984» (1949), у якіх у традыцыях Дж.Свіфта створаны бязлітасна-праўдзівы маст. вобраз таталітарнай дзяржавы. Аўтар зб-каў эсэ і публіцыстыкі. На бел. мову яго асобныя творы пераклаў С.Шупа.
Тв.:
Бел.пер. — Ферма;
1984. Мн., 1992;
Рус.пер. — «1984» и эссе разных лет: Роман и худож. публицистика. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНЯЯ ПАГРАНІ́ЧНАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
правінцыя на ПнЗ Пакістана. Мяжуе з Афганістанам. Пл. 74,5 тыс.км². Нас. больш за 15 млн.чал. (1999). Значныя групы бежанцаў з Афганістана. Адм. ц. — г.Пешавар. Пераважае горны рэльеф. На Пн — хрыбты Гіндукуша, выш. да 7690 м (г. Тырычмір, найвышэйшы пункт Пакістана), зах. адгор’і Гімалаяў. На ПдЗ і ПдУ — апустыненыя нізкагор’і і плато. Значная сейсмічнасць. Клімат субтрапічны, сухі ў далінах, катлавінах і перадгор’ях, вільготны ў гарах. У г. Пешавар на выш. 1470 мт-рапаветра ад 10 °C у студз. да 34 °C у ліп., выпадае 350 мм ападкаў за год. У Пешаварскай катлавіне на арашальных землях вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, рыс, цукр. трыснёг, тытунь і кармавыя культуры, у інш. катлавінах і далінах рэк — ячмень і прасяныя культуры. Садоўніцтва (персікі, абрыкосы, слівы, грушы, айва, гранат). Гадоўля авечак, коз, вярблюдаў. З галін прам-сці найб. развіты харчасмакавая (асабліва цукровая), тэкст. (баваўняная), дрэваапр. (на базе горных лясоў). Некалькі ГЭС на горных рэках. Здабыча каменнай солі і вапняку. Рамёствы. Транспарт аўтамаб. і ўючны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРО́ЛІЗ ДРАЎНІ́НЫ, сухая перагонка драўніны,
тэрмічнае (пры награванні да 450 °C) раскладанне драўніны без доступу паветра. Асн. прадукты П.д. — драўнінная смала, воцатная кіслата, драўняны вугаль. Адзін з першых працэсаў хім. тэхналогіі, вядомы з 12 ст. (смалакурэнне, вуглевыпальванне). У 19 ст. пачалося прамысл. выкарыстанне П.д. пераважна для атрымання воцатнай к-ты.
Пры П.д. адбываецца тэрмадэструкцыя геміцэлюлоз (пры 200—260 °C), цэлюлозы (240—350 °C), лігніну (250—400 °C). Выхад прадуктаў залежыць ад скорасці награвання і канчатковай т-ры працэсу, а таксама пароды і вільготнасці драўніны. З 1 м³ драўніны атрымліваюць (у сярэднім) 140—180 кг драўнянага вугалю, 280—400 кг вадкага дыстыляту, з якога вылучаюць драўнінную смалу і воцатную к-ту, і 80—100 кг газападобных прадуктаў (некандэнсавальных гаручых газаў; цеплата згарання 3—15 МДж/м³). Асн. стадыі тэхнал. схемы П.д.: раздрабненне сыравіны на кавалкі, высушванне драўніны (да вільготнасці не вышэй за 15%), піроліз, ахаладжэнне вугалю і яго стабілізацыя, кандэнсаванне пары лятучых прадуктаў. Звычайна П.д. ажыццяўляюць у верт. апаратах (рэтортах) бесперапыннага дзеяння з унутр. цыркуляцыяй газападобнага цепланосьбіта. Гл. таксама Лесахімічная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВО́Д,
энергасілавая канструкцыя, якая прыводзіць у рух рабочыя машыны і механізмы. Складаецца з крыніцы энергіі (рухавік або прыстасаванне, што аддае назапашаную энергію — спружынны, інерцыйны, гіравы механізмы), перадатачнага механізма (мех., гідраўл., пнеўматычная, эл. і камбінаваная перадача) і апаратуры кіравання (ручная, паўаўтам. і аўтам.). Выкарыстоўваецца таксама ручны і нажны П. (у ручных лябёдках, швейных машынах, мясарубках, веласіпедах і інш.).
Бывае групавы (рух ад аднаго рухавіка перадаецца групе машын ці механізмаў праз адну або некалькі трансмісій — сілавых перадач), індывідуальны (кожная рабочая машына мае ўласны рухавік з перадачай) і шматрухавіковы (асобныя рабочыя органы машыны прыводзяцца ў рух асобнымі рухавікамі са сваімі перадачамі); стацыянарны (на раме ці фундаменце, пераважна электрычны прывод), перасоўны (на рухомых рабочых машынах) і транспартны (на розных трансп. сродках) — з цеплавымі рухавікамі (у т. л.ўнутр. згарання) і непасрэднай мех. ці эл. перадачай. У вытв-сці выкарыстоўваюцца таксама гідрапрывод і пнеўмапрывод, у якіх энергія сціснутых вадкасцей або паветра пераўтвараецца ў мех. энергію гідра- і пнеўмарухавікамі. У П. найб. часта выкарыстоўваюцца рэдуктары, мультыплікатары, каробкі перадач, варыятары, гнуткія валы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ МАНІТО́РЫНГ,
сістэма доўгачасовых пастаянных назіранняў, якая дае інфармацыю аб радыеактыўным забруджванні прыроднага асяроддзя для ацэнкі яго сучаснага стану і прагнозу змен у будучым. Асн. аб’екты Р.м. — атм.паветра, паверхневыя і падземныя воды, глебы (у т. л.с.-г. і лясныя ўгоддзі), лясная расліннасць. На Беларусі Р.м. уваходзіць у Нац. сістэму маніторынгу навакольнага асяроддзя; галаўная арганізацыя па Р.м. — Рэсп. цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя Дзярж.к-та па гідраметэаралогіі (засн. ў 1980). Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) на тэр. краіны ажыццяўляюцца назіранні за магутнасцю экспазіцыйнай дозы (гл.Дозы выпрамянення) гама-выпрамянення ў абл. і раённых цэнтрах (58 пунктаў назіранняў), узроўнем радыеактыўных выпадзенняў (30 пунктаў) і аэразолей у паветры (8 пунктаў). Праводзіцца Р.м. паверхневых вод на рэках Дняпро, Сож, Прыпяць, Іпуць і Беседзь (вызначаецца колькасць цэзію-137, стронцыю-90 і сумарная бэта-актыўнасць) і глебы на рэперных пляцоўках і 18 ландшафтна-геахім. палігонах. Паводле вынікаў назіранняў вызначаецца радыяцыйны стан мясцовасці, верт. і гарыз. міграцыя радыенуклідаў, робіцца доўгатэрміновы прагноз (на 30 і больш гадоў). Гл. таксама Радыяцыйная экалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАША́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
зямельная тэрыторыя з комплексам размешчаных на ёй гідратэхн. збудаванняў, прызначаных для арашэння. Уключае крыніцу вады, водазабор, водаправодную і водаразмеркавальную сетку, прыстасаванні для пераводу вады з праточнага стану ў глебавыя вільгацезапасы, прылады і абсталяванне для кіравання арашэннем, дапаможныя збудаванні.
Адрозніваюць арашальную сістэму: самацёчныя (арашальныя землі ніжэй за ўзровень вады ў вадаёме) і з мех. водападыманнем (арашальны масіў вышэй за ўзровень вады); адкрытыя (каналы і латкі), закрытыя (напорныя і безнапорныя трубаправоды) і камбінаваныя; з паверхневым паліваннем (вада размяркоўваецца па паверхні поля напускам, па палосах, па барознах), з дажджаваннем (вада распырскваецца над полем у выглядзе дажджу) і ўнутрыглебавыя (вада падаецца па поласцях у падворыўным гарызонце). Выкарыстоўваюцца таксама сістэмы дробнадысперснага (аэразольнага) увільгатнення, якія дробна распыляюць ваду ў прыземным слоі паветра, і сістэмы падглебавага ўвільгатнення, якія рэгулююць узровень грунтавых водаў з мэтай увільгатнення кораненаселенага слоя капілярнай вільгаццю. На Беларусі найбольш пашыраны сістэмы падглебавага ўвільгатнення і сістэмы з дажджаваннем.
А.П.Ліхацэвіч.
Схема арашальнай сістэмы з дажджаваннем: 1 — вадаём (рака); 2 — водазабор (помпавая станцыя); 3 — водаправодная сетка (падземны напорны трубаправод); 4 — водаразмеркавальная сетка (напорныя трубаправоды); 5 — дажджавальныя машыны кругавога дзеяння; 6 — дажджавальныя машыны франтальнага дзеяння; 7 — гідранты для далучэння дажджавальнай машыны; 8 — стацыянарныя дажджавальныя апараты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЛДЭ (Velde) ван дэ, сям’я нідэрландскіх жывапісцаў 17 ст.Эсаяс (каля 1590—91, Амстэрдам — 18.11.1630). Вучыўся, верагодна, у Д.Вінкбонса. Працаваў у Харлеме (з 1610), Гаазе (з 1618). Пісаў пейзажы, батальныя і жанравыя карціны. У каларыстычных пошуках прыйшоў да танальнага жывапісу, які ўзнаўляе мяккую святлоценявую гульню паветра («Від на Зірыкзе», 1618, «Грамада ў парку», каля 1620, «Пераправа», 1622, «Нападзенне на фургон», 1626, «Дзюнны пейзаж», 1629, і інш.). Вілем Малодшы (хрышчаны 18.12.1633, г. Лейдэн, Нідэрланды — 6.4.1707). Пляменнік Эсаяса. Вучыўся ў свайго бацькі марыніста Вілема Старэйшага і С. дэ Влігера. Працаваў у Амстэрдаме, Лондане. Аўтар парадных па кампазіцыі, гучных па колеры марскіх пейзажаў: «Караблі ў штыль» (1657), «Залп салюта» (1666) і інш.Адрыян (хрышчаны 30.11.1636, Амстэрдам — 21.1.1672). Брат Вілема. Вучыўся ў Харлеме ў Я.Вейнантса. Працаваў у Амстэрдаме. Пісаў партрэты, жанравыя сцэны, рэліг. і алегарычныя кампазіцыі. Праславіўся пейзажамі з выявамі людзей і жывёл («Бераг у Схевенінгене», 1658, «Статак», 1663, «Ферма», 1666, «Паляванне», 1669, «Пейзаж са статкам кароў», 1671, і інш.). У яго творах рэалізм і дэмакратызм вобразаў, празрыстасць і свежасць колеравых спалучэнняў пакрысе саступаюць месца вытанчанай святочнасці і ідылічнасці адлюстравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НТЫЛЬ (ад ням. Ventil клапан),
1) вентыль трубаправодны — запорнае прыстасаванне для ўключэння і выключэння ўчастка трубаправода, рэгулявання патокаў вадкасці, газу ці пары. Вялікія вентылі злучаюцца з трубамі, помпамі і інш.спец. фланцамі, малыя — з дапамогай разьбы.
2) вентыль электрычны — эл. прылада, праводнасць якой у адным напрамку на адзін або некалькі парадкаў вышэй, чым у процілеглым. Выкарыстоўваецца ў выпрамніках, інвертарах, пераўтваральніках частаты, камутацыйных прыстасаваннях і інш. Бываюць электралітычныя, газаразрадныя (у т. л. ртутныя), электравакуумныя, паўправадніковыя. У якасці вентыляў выкарыстоўваюцца дыёды, тыратроны, тырыстары. Магутнасць эл. вентыляў ад долей вата да дзесяткаў кілават.
3) вентыль у вылічальнай тэхніцы — электроннае прыстасаванне на паўправадніковых прыладах (дыёдах, транзістарах) або ў выглядзе інтэгральнай схемы з некалькімі (часцей двума) уваходамі і адным выхадам. У гэтым вентылі сігнал на выхадзе ўтвараецца толькі тады, калі ёсць сігнал на ўсіх уваходах. Выкарыстоўваецца для кіравання перадачай сігналаў і ажыццяўлення лагічных аперацый.
4) Прыстасаванне ў камеры пнеўматычнай шыны, якое дапамагае напампоўваць паветра ў камеру і перашкаджае яго выхаду.
5) Механізм, які зменьвае (звычайна павялічвае) даўжыню канала духавых інструментаў (валторнаў, труб і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПАРЭ́ННЕ,
працэс пераходу рэчыва з вадкага ці цвёрдага стану ў газападобны (пару). Адрозніваюць выпарэнне фізічнае (з паверхні вады, снегу, лёду, глебы) і выпарэнне біялагічнае — транспірацыю. Пад выпарэннем разумеюць параўтварэнне на свабоднай паверхні вадкасці ў выніку цеплавога руху яе малекул пры т-ры, ніжэйшай за т-ру кіпення. Велічыня выпарэння вымяраецца ў выпаральніках (у міліметрах таўшчыні слоя выпаранай вады з вызначанай плошчы).
У замкнёнай сістэме пры пастаяннай т-ры з часам устанаўліваецца раўнаважны ціск (ціск насычанай пары), які адпавядае роўнасці патокаў малекул, якія выпарваюцца і вяртаюцца ў вадкасць з пары (кандэнсацыя). Ціск насычанай пары вызначаецца толькі т-рай і павялічваецца з яе павышэннем. Калі ціск насычанай пары становіцца роўны знешняму ціску, выпарэнне пераходзіць у кіпенне. Выпарэнне цвёрдых цел наз.сублімацыяй або ўзгонкай. Выкарыстоўваюць у прам-сці пры ачыстцы рэчываў, сушцы матэрыялаў, раздзяленні вадкіх сумесей, кандыцыяніраванні паветра; у абаротных сістэмах водазабеспячэння прадпрыемстваў (выпарнае ахаладжэнне вады). Гл. таксама Выпарванне.
Выпарэнне — адзіная форма перадачы вады з паверхні Зямлі ў атмасферу; забяспечвае кругаварот вады на Зямлі. На тэр. Беларусі сярэднегадавое выпарэнне з паверхні глебы 475—575 мм, з воднай паверхні за бязлёдастаўны перыяд 520—700 мм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЗІМЕТРЫ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
сістэмы, устаноўкі і прылады для рэгістрацыі і вымярэння іанізавальных выпрамяненняў і актыўнасці іх крыніц. Маюць дэтэктар (паглынае энергію выпрамянення; гл.Дэтэктары ядзерных выпрамяненняў), вымяральнае прыстасаванне (вымярае велічыню радыяцыйных эфектаў) і выхадную прыладу (стрэлачныя прылады, самапісцы, эл.-мех. лічыльнікі, гукавыя ці светлавыя сігналізатары і інш.). У залежнасці ад віду кантролю падзяляюць на 6 груп.
Да 1-й групы адносяць прылады для вымярэння магутнасці дозы рэнтгенаўскага γ-выпрамянення і патокаў нейтронаў з дапамогай іанізацыйных камер або сцынцыляцыйных дэтэктараў, да 2-й — прылады для вымярэння патокаў α- і β-часціц з забруджаных паверхняў з дапамогай сцынцыляцыйных дэтэктараў, прапарцыянальных лічыльнікаў з паветр. запаўненнем (α-часціцы) і β-лічыльнікаў, да 3-й — устаноўкі для вымярэння забруджанасці паветра актыўнымі газамі, аэразолямі і інш. з дапамогай іанізацыйных камер, да 4-й — радыеметрычныя ўстаноўкі для вымярэння абсалютнай актыўнасці проб вады і прадуктаў харчавання з дапамогай газанапоўненых і сцынцыляцыйных дэтэктараў, да 5-й — апаратура для вымярэння індывідуальных доз γ-выпрамянення і нейтронаў з дапамогай касет з фотаплёнкамі або малых іанізацыйных камер, да 6-й — устаноўкі, якія маюць вял. сцынцыляцыйныя дэтэктары, для вымярэння натуральнага γ-выпрамянення чалавека, вызначэння наяўнасці β- і γ-актыўных рэчываў. Многія тыпы Д.п. выпускаюць прадпрыемствы Беларусі.