ПАРТЭНАПЕ́ЙСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА [назва ад стараж. наймення Неапаля — Партэнапея (грэч. Parthenopeia)]. Абвешчана ў Каралеўстве абедзвюх Сіцылій 22.1.1799 неапалітанскімі рэспубліканцамі, якія пры падтрымцы войск франц.Дырэкторыі скінулі манархію Бурбонаў. Урад П.р. правёў некат. прагрэсіўныя рэформы (адмяніў права першародства і замяшчэння, адм. рэформу і інш.). Франц. войскі пасля паражэння ад аўстрыйцаў выйшлі з П.р.; сілы рэспубліканцаў былі разбіты арміяй кардынала Ф.Руфа, якая пры дапамозе англ. флоту захапіла Неапаль. Улада Бурбонаў была адноўлена. Урад Фердынанда IV (I) парушыў падпісаную 23 чэрв. пачэсную капітуляцыю, якая гарантавала рэспубліканцам жыццё, і ўчыніў над імі расправу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАЦЭ́С 193-х»
(«Вялікі працэс»),
найбуйнейшы паліт. судовы працэс надрас. рэвалюцыянерамі-народнікамі — удзельнікамі «хаджэння ў народ» (арыштавана больш за 4 тыс.чал.). Праходзіў 30.10.1877—4.2.1878 у С.-Пецярбургу ў Асобай установе правячага Сената. Падсудных абвінавачвалі ў стварэнні арг-цыі з мэтай звяржэння існуючага дзярж. ладу. Падсудны І.М.Мышкін выступіў на працэсе з яскравай прамовай у абарону рэв. праграмы народнікаў. 28 чал. (Мышкін, П.І.Вайнаральскі, ураджэнец Магілёўшчыны С.П.Кавалік і інш.) прыгавораны да катаргі, іншым вынесены адносна мяккія прыгаворы, а 90 чал. апраўданы. З ліку апраўданых 80 чал. сасланы ў адм. парадку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РБАХ, Поербах (Purbach, Peuerbach) Георг (30.5.1423, Поербах, Аўстрыя —8.4.1461), аўстрыйскі астраном і матэматык. З 1450 праф. Венскага ун-та. Займаўся складаннем і ўдасканаленнем астр. табліц, праводзіў даследаванні па трыганаметрыі. Першы ў Зах. Еўропе выклаў пталамееву тэорыю эпіцыклаў у трактаце «Новая тэорыя планет» (выд. ў 1472), які доўгі час з’яўляўся навуч. дапаможнікам па астраноміі. Працаваў таксама над удасканаленнем перакладу твораў Пталамея. Разам са сваім вучнем Рэгіямантанам напісаў кнігу «Кароткае выкладанне вялікага твора Пталамея» (выд. 1543).
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁВЫПРАМЯНЕ́ННЕ СО́НЦА,
выпрамяненне розных слаёў Сонца ў радыёдыяпазоне. Адрозніваюць: радыёвыпрамяненне спакойнага Сонца (амаль не мяняецца з цягам часу; абумоўлена цеплавым выпрамяненнем электронаў у эл. полі іонаў няўзбуранай атмасферы Сонца), выпрамяненне актыўных абласцей у атмасферы над сонечнымі плямамі (павольна мяняецца з цягам часу, мае таксама цеплавы характар), спарадычнае Р.С., звязанае з ваганнямі плазмы пры праходжаннях праз яе касм. прамянёў у час храмасферных успышак. У сонечнай кароне адбываецца моцнае паглынанне і пераламленне радыёхваль — на метровых хвалях яркасная т-ра кароны дасягае мільёна кельвінаў, на больш кароткіх хвалях яна значна меншая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАСТРО́ФНЫ ВЕРШ,
верш, напісаны аднолькавымі строфамі. Да раўнастрофных адносяцца таксама вершы, у якіх у строгай паслядоўнасці чаргуюцца 2 ці 3 страфы, розныя паводле характару. Напр., у вершы Я.Коласа «Над магілаю друга» пасля кожнага катрэна ідзе 2-радковая страфа.
Падбіўся ў дарозе ты, дружа,
І вочы пагаслі твае.
У шуме жыццёвае сцюжы
Байца-песняра не стае.
Спі спакойна, спачывай —
Не забудзе цябе край.
Арыгінальнае чаргаванне 2-радкоўяў і 4-радкоўяў у вершы С.Ліхадзіеўскага «Берасцянка жывых трывог» (2—4—4—2) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙНСКІЯ СЛА́НЦАВЫЯ ГО́РЫ (Rheinisches Schiefergebirge). Гал.ч. ў Германіі (часткова ў Бельгіі, Люксембургу, Францыі) па абодвух берагах сярэдняга цячэння р. Рэйн. Даўж. каля 400 км, выш. да 880 м (г. Гросер-Фельдберг). Складзены пераважна са сланцаў, кварцытаў, пясчанікаў і вапнякоў. Плато, над якім на 300—400 м узвышаюцца крышт. масівы (Таўнус, Хунсрук, Айфель і інш.) і вулканічныя купалы. Расчлянёны далінамі рэк Рэйн, Мозель, Лан. Дубовыя, букавыя і хваёвыя лясы, балоты, пустэчы. Тэрасы рачных далін і ніжнія ўчасткі схілаў апрацаваны. Жывёлагадоўля. Каля паўн. падножжаў — Рурскі вугальны басейн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНЬГО́, Трохцарства,
перыяд у гісторыі Кітая (220—265 або 220—280), калі пасля распаду імперыі Хань ён быў падзелены на тры царствы (Вэй, У і Шу), якія вялі паміж сабой бясконцыя войны за гегемонію над усёй краінай. Напачатку дамінавала царства Шу, але ў 263 знясіленае ўнутр. барацьбой яно было заваявана царствам Вэй. У 265 уладу ў царстве Вэй захапіў палкаводзец Сыма Янь, які заснаваў дынастыю Цзінь [265—420], а ў 280 канчаткова заваяваў царства У. Перыяд С. адлюстраваны ў гіст. рамане 14 ст. «Апавяданні з гісторыі Трохцарства».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЗІ́ЗМ,
сацыяльна-паліт. і філас.-этычнае вучэнне ў Індыі. Узнік у 1920—40-я г. ў перыяд уздыму нац.-вызв. барацьбы. Назва паходзіць ад імя яго заснавальніка М.К.Гандзі. Гал. прынцып гандзізму — пераадоленне каланіяльнага прыгнечання дзейнай сілай духоўна-маральнага ўдасканалення і ўзвышэння прыгнечаных над прыгнятальнікамі, ці актыўнага, мэтанакіраванага ненасілля. Прадугледжвалася схіленне да антыкаланіяльнай барацьбы ўсяго насельніцтва Індыі незалежна ад каставых, расавых, этнічных, рэліг. і інш. адрозненняў. Устаноўка на актыўнае ненасілле ажыццяўлялася ў форме несупрацоўніцтва з каланіяльнай адміністрацыяй (адмова ад атрымання ганаровых тытулаў і званняў, байкот каланіяльнай палітыкі і інш.), грамадз. непакорнасць (нявыплата падаткаў, спыненне дзелавой актыўнасці). Грамадскі ідэал гандзізму — грамадства без эксплуатацыі і прыгнечання чалавека чалавекам, дзе кожнаму індывіду дадзена магчымасць сцвярджаць і адстойваць свае правы. Ідэалізуюцца праца ў яе простых формах, патрыярхальныя адносіны паміж грамадскімі групамі (класавы мір, апека багатых над беднымі). Гандзізму ўласціва рэзкая крытыка тэхн. цывілізацыі. У час барацьбы Індыі за незалежнасць гандзізм быў ідэалагічнай асновай пераадолення вынікаў каланіяльнага панавання Англіі, антыфеад. і прагрэс. пераўтварэння грамадскага жыцця, барацьбы супраць сепаратызму і кансалідацыі індыйскай нац. дзяржаўнасці, умацавання Індыі ў свеце. Асн. палажэнні вучэння гандзізму сталі афіц. ідэалогіяй партыі Індыйскі нацыянальны кангрэс.
Літ.:
Намбудирипад Е.М. Махатма Ганди и гандизм: Пер. с англ.М., 1960;
Мартышин О.В. Политические взгляды М.К.Ганди. М., 1970;
Литман А.Д. Современная индийская философия. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРМАЛА́ЕВА (Вера Міхайлаўна) (1893, г. Пятроўск Саратаўскай вобл., Расія — 1938),
рускі і бел. мастак, педагог. Вучылася ў маст. школе М.Д.Бернштэйна (1911—14) і археал. ін-це у Пецярбургу (1914—17), а таксама ў Францыі, Швейцарыі і Англіі. Чл. аб’яднання мастакоў «Саюз моладзі», стварыла (1918) арцель мастакоў «Сёння» ў Пецярбургу. Працавала ў музеі горада (цяпер Музей гісторыі Пецярбурга) і калегіі Аддзела выяўл. мастацтва Наркамасветы. У 1919—22 выкладчык, кіраўнік майстэрні і рэктар Віцебскага нар.маст. вучылішча. Чл. групы «Сцвярджальнікі новага мастацтва». Удзельнічала ў агітацыйна-маст. афармленні Віцебска, па яе эскізах створаны дэкарацыі і касцюмы для губ.т-ра (футурыстычная опера «Перамога над сонцам», 1920). З 1922 у Пецярбургу, у Ін-це маст. культуры (1923—27) пад кіраўніцтвам К.Малевіча, уплыў якога зазнала. Афармляла і ілюстравала дзіцячыя кнігі М.Асеева, М.Венгерава, І.Крылова (усе 1920-я г.), І.В.Гётэ, М.Сервантэса, М.Чарнышэўскага (усе 1930-я г.), стварыла шэраг кніжак-карцінак. Сярод станковых работ «Галгофа» (1928). «Дрэвы», «Хлопчыкі», аўтапартрэт (усе пач. 1930-х г.) і інш. Рэпрэсіравана ў 1934.
Літ.:
Ковтун Е. Художница книги В.М.Ермолаева // Искусство книги: Сб. М., 1975. Вып. 8;
Авангард, остановленный на бегу: [Альбом.] Л., 1989;
Русский авангард 20-х—30-х гг. СПб., 1997.
А.Г.Лісаў.
В.Ермалаева. Эскіз афармлення сцэны для футурыстычнай оперы «Перамога над сонцам». 1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́Л-ФАШЫ́ЗМ,
спалучэнне крайніх форм нацыяналізму з фашызмам і расізмам. Для Н.-ф. характэрна ідэя перавагі надінш. народамі, падзел людзей на групы вышэйшага і ніжэйшага гатунку (карэннай нацыянальнасці і іншамоўных). Вынікам крайняга Н.-ф. з’яўляюцца «этнічныя часткі» «этнічныя чысткі», тэр. прэтэнзіі да суседзяў, захопніцкія войны. Агульнымі крытэрыямі Н.-ф. служаць: афіцыйна ўстаноўлены ін-т «правадыра нацыі і дзяржавы» (фюрэра), які канцэнтруе ў сваіх руках гал. рычагі заканад., выканаўчай, суд. улады, дзейнічае ў інтарэсах вузкай групы буйных уласнікаў прадпрыемстваў і капіталаў; адсутнасць форм дэмакр. арганізацыі і самаарганізацыі грамадства, а таксама яго ўдзелу ў прыняцці паліт. рашэнняў; разгалінаваны апарат насілля над грамадствам. На глебе Н.-ф. нацыяналіст. нецярпімасць да інш. народаў перарастае ў адкрытую нянавісць і ўвасабляецца ў форме расавай тэорыі, паводле якой грамадскае становішча чалавека вызначаецца толькі нац. і расавымі прыкметамі. Крызіс улады, якая абапіраецца на нацыяналіст. і фаш. сілы або цярпіма ставяцца да іх дзейнасці, прыводзіць да зліцця нацыяналізму з фашызмам у адзіны ідэалагічны і паліт. комплекс у выглядзе Н.-ф. Гэты працэс не адбываецца стыхійна, а з’яўляецца мэтанакіраваным і залежыць ад паліт., фін. і інш. падтрымкі кіруючых эліт. Разам з тым ваяўнічы нацызм, фашызм або схільнасць да іх сінтэзу патэнцыяльна не закладзены ў сістэме духоўных каштоўнасцей ніводнага народа, але ў пэўных гіст. умовах могуць быць навязаны любому з іх па сац. і паліт. матывах.