фармальная мова сувязі чалавека з ЭВМ, прызначаная для апісання інфармацыі (напр., даных) і алгарытмаў яе апрацоўкі. Задаецца наборам сімвалаў (алфавіт), правіламі пабудовы тэксту (сінтаксіс), пералікам дзеянняў і аб’ектаў, што апісваюцца сінтаксічна дапушчальнымі тэкстамі праграм (семантыка). Праграмы, напісаныя на М.п., пераводзяцца ў машынныя коды з дапамогай транслятара.
Адрозніваюць М.п. машынна-арыентаваныя, працэдурна-арыентаваныя і аб’ектна-арыентаваныя. Да машынна-арыентаваных адносяць мовы, што ўлічваюць асаблівасці канкрэтнай ЭВМ (структуру каманд, памяць, знешнія прылады і інш.) і дазваляюць ствараць праграмы, такія ж па эфектыўнасці, як праграмы. напісаныя ў кодах машыны (гл.Асемблер, Машынная мова). У працэдурна-арыентаваных М.п. (напр., Паскаль, Фартран, Алгол, Модула, ПЛ/1) вылучаюць 2 часткі: для апісання структуры аб’ектаў і для працэдуры іх апрацоўкі. На іх эфектыўна апісваюцца і рэалізуюцца алгарытмы апрацоўкі інфармацыі складанай іерархічнай структуры. Самастойнае падмноства такіх моў складаюць мовы мадэліравання. Аб’ектна-арыентаваныя М.п. (напр., Ада, Сі++) грунтуюцца на 4 гал. прынцыпах: магчымасць праграмісту апісваць уласныя аб’екты, вызначаць уласныя аперацыі над аб’ектамі, будаваць іерархіі аб’ектаў і дзеянняў над імі, перавызначаць аб’екты і аперацыі над імі. У выніку з’явіліся магчымасці развіваць і назапашваць праграмы з канкрэтнай прадметнай вобласці, павялічылася іх надзейнасць і скараціўся час іх распрацоўкі і наладкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,
сукупнасць навукова-тэхнічных кадраў, матэрыяльных, фін., інфарм. і інш. рэсурсаў, якія неабходны для стварэння і практычнай рэалізацыі дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу. У ’складзе Н.-т.п. вылучаюць элементы: кадры вучоных і спецыялістаў, іх здольнасць ствараць і эфектыўна выкарыстоўваць новыя дасягненні, што маюць тэхн., тэхнал., арганізац., эканам., сац. і інш. характар; неабходны ўзровень патэнтна-вынаходніцкай работы, узоры новай тэхнікі, вырабаў і тэхналогій, іх навізна і патэнцыяльная эфектыўнасць; тэхн. аснашчэнне і магчымасцьнавук., праектных, канструктарскіх арг-цый і вытв-сці, адпаведнасць іх сучасным задачам навукова-тэхнічнага прагрэсу; формы арг-цыі і метады кіравання навук.-тэхн. дзейнасцю, неабходныя для паскоранага і маштабнага развіцця і ўкаранення ў вытв-сць распрацаваных навук. ідэй і тэхн. рашэнняў. Развіццё сучаснай вытв-сці патрабуе прыцягнення ў сферу навук.-тэхн. дзейнасці вял. і пастаянна нарастаючых аб’ёмаў нац. рэсурсаў і фінансавання. Гэта абумоўлівае неабходнасць удасканалення механізма рэгулявання навук.-тэхн. дзейнасці, павышэння ролі дзярж.навук.-тэхн. палітыкі ў стварэнні, удасканаленні і эфектыўным выкарыстанні гэтага патэнцыялу. На Беларусі асн. частка Н.-т.п. сканцэнтравана ў вытв. галінах — прам-сці, сельскай гаспадарцы, буд-ве, транспарце, сувязі (62,6% паводле аб’ёму работ і 57,9% па колькасці спецыялістаў, занятых навук.-тэхн. дзейнасцю).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫЗА́ЦЫЯ ЧАСЦІ́Ц,
уласцівасць мікрааб’ектаў, якая абумоўлена іх спінам і характарызуе ступень сіметрыі або асіметрыі часціц у прасторы.
Часціца з ненулявой масай спакою і спінам s можа знаходзіцца ў адным з 2s + 1 квантавых станаў, якія адпавядаюць рознай арыентацыі спіна адносна зададзенага напрамку. Палярызацыйны стан часціц ёсць суперпазіцыя ўсіх квантавых станаў. Калі каэфіцыенты суперпазіцыі вядомыя, то часціца цалкам палярызавана (чысты стан). Напр., фатон, які мае спін s = 1 і нулявую масу спакою, характарызуецца 2 спінавымі станамі (паралельна і антыпаралельна выбранаму напрамку). Аднолькавасць уласцівасцей часціц па ўсіх напрамках азначае яе бясспінавасць (s = 0) і немагчымасць палярызацыі. Часціцы са спінам 1 (ці больш) маюць дадатковую характарыстыку — выстраенасць, якая сведчыць пра адсутнасць сферычнай сіметрыі і вінтавой восі ў прасторы. Выяўленне незахавання прасторавай цотнасці (1956—57) у слабых узаемадзеяннях дало магчымасць атрымаць палярызаваныя часціцы і ядры ў рэакцыях распадаў. Прадказана натуральная П.ч. у пучку электронаў і пазітронаў пры руху ў магн. полі. Эксперыменты з палярызаванымі пучкамі часціц выкарыстоўваюцца для праверкі сіметрыі фундаментальных узаемадзеянняў, вызначэння спектраскапічных характарыстык ядз. узроўняў, вымярэння магн. дыпольных і эл. квадрупольных момантаў узбуджаных станаў ядра, для праверкі ядз. мадэляў і ўстанаўлення механізмаў ядз. працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАТА́КСІС (ад пара... + грэч. taxis размяшчэнне), злучэнне, каардынацыя,
від сінтагматычнай сувязі дзвюх моўных адзінак (частак складанага сказа, рэплік дыялогу і інш.), пры якой іх значэнні застаюцца ў адносінах лагічнай і грамат. раўнапраўнасці, а форма кожнай з іх не залежыць адна ад адной («блакітна-зялёны», «ціха-ціха», «дзед і ўнукі», «перашэптваліся і сарамліва паглядалі»), «То дождж ідзе, то сонца свеціць»), Процілеглае паняцце — гіпатаксіс. Процілегласць фармальна выяўляецца ў абарачальнасці сінтагматычнай канструкцыі пры П. (магчымасць перастаноўкі тыпу «зялёна-блакітны», «унукі і дзед», «сарамліва паглядалі і перашэптваліся», «То сонца свеціць, то дождж ідзе») і неабарачальнасці пры гіпатаксісе. У жывым маўленні строгай апазіцыі П. і гіпатаксісу няма з-за існавання вял. колькасці пераходных сінтагматычных пабудоў. П. і гіпатаксіс — з’явы рознафункцыянальныя: П. адлюстроўвае паслядоўнасць адзінак з пункту гледжання каардынацыі і сэнсу, гіпатаксіс выяўляе сэнсавую і фармальную залежнасць частак сінтагматычнай канструкцыі. У больш вузкім сэнсе П. і гіпатаксіс звязваюць з характарам узаемаадносін толькі паміж членамі простага сказа і часткамі складанага сказа (гл.Злучэнне ў граматыцы, Падпарадкаванне ў граматыцы).
Літ.:
Кручинина И.Н. Структура и функции сочинительной связи в русском языке. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАЯ́ННЫ ТОК,
электрычны ток, сіла і напрамак якога з часам не зменьваюцца. Існуе ў форме току праводнасці (упарадкаваны рух свабодных электронаў у металах) і току пераносу (перамяшчэнне зараджаных часцінак у электралітах, газах, вакууме). Атрымліваецца выпрамленнем пераменнага току з дапамогай разнастайных выпрамнікаў току. Крыніцамі П.т. з’яўляюцца таксама электрычныя акумулятары, гальванічныя элементы, тэрмаэлектрычныя генератары, генератары П.т. (гл.Пастаяннага току машына), фотаэлементы, магнітагідрадынамічныя генератары, сонечныя батарэі.
Тэарэт. аналіз і разлік ланцугоў П.т. грунтуецца на Ома законе, Кірхгофа правілах і Джоўля—Ленца законе. Першапачаткова на электразабеспячэнне выкарыстоўваўся толькі П.т. Пасля распрацоўкі М.В.Даліва-Дабравольскім спосабаў і сродкаў пераўтварэння, перадачы і спажывання трохфазнага току (1891) П.т. у значнай ступені выцеснены пераменным токам. Аднак добрыя эксплуатацыйныя якасці машын П.т. (высокі пускавы момант, магчымасць плаўнага рэгулявання, рэкуперацыі эл. энергіі, высокая перагрузачная здольнасць) абумовілі шырокае выкарыстанне П.т. ў прам-сці (рухавікі і генератары пракатных станаў, металарэзных станкоў, экскаватараў, пад’ёмнікаў і інш.), для эл. цягі (трамвай, тралейбус, электрыфікаваны чыг. транспарт). П.т. выкарыстоўваецца таксама ў электраметалургіі, гальванатэхніцы, эл. зварцы, электравымяральнай тэхніцы, для сілкавання радыёўстановак, сродкаў сувязі, аўтаматыкі, тэлемеханікі. Перспектыўны для перадачы электраэнергіі вял. магутнасці на далёкія (да 1000 км і больш) адлегласці (ЛЭП напружаннем да 1500 кВ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭІ́ЗМ (ад грэч. theos бог) рэліг. светапогляд, заснаваны на разуменні Бога як трансцэндэнтнага разумнага пачатку, творцы, ахоўніка і ўладара сусвету. Тэрмін «Т.» уведзены ў навуку ў 1743 англ. філосафам Р.Кедвартам. Т. адрозніваюць ад пантэізму, які адмаўляе трансцэндэнтнасць Бога, і дэізму, паводле якога Бог толькі першастваральнік свету. Да тэістычных веравучэнняў адносяць хрысціянства, іудаізм і іслам. Філас. асэнсаванне Т. звязана з тлумачэннем Бібліі на аснове стараж.-грэч. філасофіі, у прыватнасці, платонаўска-арыстоцелеўскага вучэння пра саматоесную чыстую сутнасць. Асн. рысы Т. — прызнанне прысутнасці ў свеце разумнага Божага ўмяшання, што забяспечвае адпаведнасць існага Божаму прадвызначэнню (гл.Правідэнцыялізм), вера ў перманентную сувязь кожнага чалавека з Богам і ў магчымасць непасрэднага дыялогу паміж імі; акцэнтоўка ўвагі на веры, ступені яе глыбіні і шчырасці («жывая вера» ў каталіцызме, «сардэчная вера» ў праваслаўі), а не на знешніх, рытуальных формах рэлігійнасці. З канца 19 — пач. 20 ст. для эвалюцыі Т. характэрна падкрэсліванне персаналісцкіх аспектаў Т. (гл.Персаналізм), пераасэнсаванне тэістычнай анталогіі (У.С.Салаўёў, П.Тэяр дэ Шардэн, дыялектычная тэалогія, рэліг.экзістэнцыялізм), спробы тлумачэння тэістычных фундаментальных палажэнняў як міфалагічнай мовы (Р.Бультман), трактоўка эвалюцыі прыроды на аснове тэістычнага правідэнцыялізму (тэістычны эвалюцыянізм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛАПІ́ЦКІ Юзаф Гжэгаж (14.3.1771, с. Капусціна на Валыні — 30.9.1854),
дыктатар у час паўстання 1830—31, генерал дывізіі (1815). У 1785—93 служыў у польскай і рас. арміях. Удзельнічаў у паўстанні 1794. Пасля яго падаўлення эмігрыраваў, служыў у польскіх легіёнах напалеонаўскай арміі, ваяваў у Іспаніі ў 1808—12, атрымаў званне генерала брыгады. Удзельнік вайны 1812 на баку Францыі, паранены выйшаў у адстаўку. У 1815 Аляксандр I прызначыў Х. камандзірам 1-й пях. дывізіі войска Каралеўства Польскага; з 1818 у адстаўцы. Быў праціўнікам акцый, накіраваных супраць Расіі. У час паўстання 1830—31, калі быў прызначаны яго дыктатарам, даў магчымасць намесніку Канстанціну Паўлавічу з войскам пакінуць каралеўства, стрымліваў ваен. падрыхтоўку, не падтрымаў прапанову Д.Хлапоўскага пра адпраўку войск на Беларусь і Літву. Толькі ў канцы снеж. 1830 — пач. 1831 аддаў загад аб арганізацыі батальёнаў рухомай гвардыі, згадзіўся на павелічэнне арміі да 100 тыс. пяхоты і 20 тыс. кавалерыі. Х. імкнуўся заключыць дагавор з Мікалаем I на ўмовах прызнання польскай канстытуцыі і пашырэння яе дзейнасці на Беларусь. У Грохаўскай бітве 25.2.1831 паранены. Жыў у Кракаве, у грамадска-паліт. падзеях не ўдзельнічаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАЭРАЗІ́ЙНАЯ АПРАЦО́ЎКАматэрыялаў,
апрацоўка токаправодных матэрыялаў, заснаваная на выкарыстанні з’явы эл. эрозіі (гл.Эрозія металаў). Дае магчымасць выконваць усе аперацыі формаўтварэння паверхні, якія ажыццяўляюцца метадамі рэзання, без сілавога ўздзеяння на дэталь, у любым напрамку прасторы. Ажыццяўляецца пад уздзеяннем імпульсаў току, што ўзбуджаюцца паміж электродам-інструментам і загатоўкай дэталі. Размерная апрацоўка праводзіцца ў вадкіх дыэлектрыках (газе, масле, вадзе), узмацненне паверхні дэталі за кошт пераносу матэрыялу электрода і загартавання паверхні — у паветр. асяроддзі.
Імпульсныя разрады фарміруюцца спец. генератарамі. Імпульсы току характарызуюцца формай (прамавугольная, грабеньчатая і інш.), энергіяй (сотыя долі — дзесяткі джоўляў), амплітудай, працягласцю (10−6—10−2 с); рэжымы апрацоўкі — дадаткова частатой імпульсаў, шчылінаватасцю, палярнасцю, адносным зносам электрода, хуткасцю выдалення металу. Э.а. робяць профільнымі (капіраванне) або дротавымі (выразанне) электродамі. Пры дапамозе Э.а. вырабляюць штампы, прэс-формы, фільеры, сеткі, сіты, дэталі складанай формы, адтуліны метровай глыбіні, нажы для апрацоўкі драўніны і інш. Выкарыстоўваецца ў інстр. вытв-сці (прыкладна 80% станочнага парку), а таксама на шэрагу аперацый у асн. вытв-сці, пры падрыхтоўцы новых мадэлей прылад.
Літ.:
Размерная электрическая обработка материалов. М., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННА-ПРАМЯНЁВАЯ ЗВА́РКА,
працэс атрымання нераздымнага злучэння метал. вырабаў з расплаўленнем краёў злучальных частак пучкамі паскораных электронаў. У адрозненне ад інш. відаў зваркі забяспечвае высокую дакладнасць вырабу дэталей пры высокай прадукцыйнасці работы.
Выконваецца пры высокім ці сярэднім вакууме, а таксама пры атм. ціску. Пучок паскораных электронаў ад электроннай пушкі факусіруецца і накіроўваецца на зварачны стык. Малы аб’ём расплаўленага металу (у параўнанні з інш. відамі зваркі) і кароткачасовасць цеплавога ўздзеяння забяспечваюць нязначныя цеплавыя дэфармацыі злучаных дэталей. Дазваляе зварваць за 1 праход металы і сплавы таўшчынёй да 250 мм і больш, у т. л. дэталі, якія могуць мець розную таўшчыню. Дае магчымасць злучаць дэталі з сталі, чыгуну, алюмінію, медзі, тытану, тугаплаўкіх металаў і іх сплаваў, а таксама папярэдне тэрмічна загартаваныя дэталі, для якіх непажаданая далейшая тэрмічная апрацоўка. Э.-п.з. выкарыстоўваецца ў ядз. энергетыцы, радыё- і мікраэлектроніцы, авія- і касм. тэхніцы, прылада- і машынабудаванні і інш.
Літ.:
Электронно-лучевая сварка. Киев, 1987;
Кайдалов А.А. Электронно-лучевая сварка и смежные технологии. Киев, 1998.
І.Л.Побаль.
Схема электронна-прамянёвай зваркі: 1 — катод, які пры награванні вылучае электроны, што фарміруюцца ў пучок 2; 3 — магнітная лінза, якая факусіруе пучок на загатоўцы 5; 4 — шпуля, якая перамяшчае электронны прамень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́КАСЦЬ,
катэгорыя, якая выяўляе неаддзельную ад быцця аб’екта яго істотную акрэсленасць, дзякуючы якой ён з’яўляецца менавіта гэтым, а не іншым аб’ектам. Адлюстроўвае ўстойлівыя ўзаемаадносіны складаных элементаў аб’екта, якія характарызуюць яго спецыфіку, што дае магчымасць адрозніваць гэты аб’ект ад іншых. Дзякуючы Я. кожны аб’ект існуе і мысліцца як нешта адмежаванае ад інш. аб’ектаў. Разам з тым Я. выяўляе і тое агульнае, што характарызуе ўвесь клас аднародных аб’ектаў.
Катэгорыя Я. ўпершыню прааналізавана Арыстоцелем, які вызначаў яе як відавое адрозненне сутнасці; ён адзначаў цякучасць якасных станаў рэчаў, іх здольнасць ператварацца ў процілеглае. Сярэдневяковая схаластыка тлумачыла т.зв. схаваныя Я. як вечныя і нязменныя «формы». На глебе механіст. светапогляду і філасофіі новага часу склаўся падзел на першасныя і другасныя Я. Г.Гегель вызначыў Я. як лагічную катэгорыю, якая складае пач. ступень пазнання рэчаў і станаўлення свету, як непасрэдную характарыстыку быцця аб’екта. Дыялектычны матэрыялізм зыходзіць з прызнання аб’ектыўнасці і ўсеагульнасці якаснай пэўнасці рэчаў. Разам з катэгорыяй колькасці Я. утварае дыялектычнае адзінства ўнутры пэўнай меры прадмета, яны ўвесь час пераходзяць адна ў адну. Гэтае ўзаемадзеянне якаснай і колькаснай пэўнасцей прадмета выражае дыялектычны закон пераходу колькасных змяненняў у якасныя.