ТРА́КТАР (англ. tractor ад лац. traho цягну),

самаходная машына для перамяшчэння і прывядзення ў дзеянне агрэгатаваных з ёй прычапных, навясных, паўнавясных або стацыянарных машын і прылад. Бываюць колавыя і гусенічныя; с.-г. (агульнага прызначэння, універсальна-прапашныя, спец. — садова-агародныя, вінаграднікавыя, балатаходныя, горныя і інш.), прамысл. (тралёвачныя, дарожна-буд.), транспартныя (цягачы з платформай і без яе).

Складаецца з каркаса (апора Т.), рухавіка, трансмісіі (уключае счапленне, каробку перадач, галоўную перадачу, дыферэнцыял, механізмы павароту), хадавой часткі (пераўтварае вярчальны рух у паступальны з дапамогай колаў ці гусенічнага ходу), механізма кіравання (руль, тармазы), рабочага і дапаможнага абсталявання (прычапныя ўстройствы, навясная сістэма, вал адбору магутнасці, прывадны шкіў, ходапамяншальнік, сістэмы блакіравання дыферэнцыяла, асвятлення і сігналізацыі, кантрольна-вымяральная апаратура і інш.). Колавыя Т. больш простыя па канструкцыі і ў эксплуатацыі, больш універсальныя, быстраходныя, але маюць горшую праходнасць. Таму часам выпускаюцца з усімі вядучымі коламі або са здымным абсталяваннем паўгусенічнага ходу. Гусенічныя маюць высокую праходнасць і добрыя цягавыя паказчыкі, недахопы — вял. маса і нізкая зносаўстойлівасць гусенічнага ходу. На Т. устанаўліваюць пераважна дызелі, часам карбюратарныя рухавікі ўнутранага згарання, выкарыстоўваюць мех. і гідрамех. перадачы, для кіравання рабочымі органамі навясных машын — гідранавясныя сістэмы. Сельскагаспадарчыя Т. агульнага прызначэння выкарыстоўваюць пераважна для ворыва, сяўбы, культывацыі, уборкі с.-г. культур; універсальна-прапашныя — у асн. для міжрадковай апрацоўкі глебы і ўборкі прапашных культур. Асаблівасць прапашных Т. — праходнасць у міжрадкоўях пасеваў без пашкоджання раслін з-за адпаведнай шырыні колаў (гусеніц), дарожнага прасвету, абрысу, рэгулюемай каляіны. Паводле цягавага намагання Т. ў краінах СНД падзяляюцца на 10 класаў: клас 0,2 (намаганне 2 кН); 0,6 (6 кН); 0,9 (9 кН); 1,4 (14 кН); 2 (20 кН); 3 (30 кН); 4 (40 кН); 5 (50 кН); 6 (60 кН); 8 (80 кН). Кожны клас Т. складаецца з групы машын, канструкцыйна уніфікаваных і з прыкладна аднолькавымі цягавымі ўласцівасцямі. Асн. (найб. пашыраная) мадэль групы наз. базавай; мадыфікацыя — Т., уніфікаваны з базавай мадэллю па асн. зборачных адзінках і сістэмах. На с.-г. Т. устаноўлены мех. каробкі перадач з лікам перадач да 32, у асн. з шасцернямі пастаяннага зачаплення. Ёсць бесступеньчатыя трансмісіі з гідрастат. і гідрамех. перадачамі. Для паніжаных тэхнал. скарасцей трансмісія абсталёўваецца ходапамяншальнікам. Эксплуатацыйныя паказчыкі Т. падзяляюцца на тэхніка-эканам. (прадукцыйнасць у агрэгаце, расход паліва на адзінку работы), тэхн. (клас, магутнасць рухавіка, цягавыя ўласцівасці і інш.), агратэхн. (удз. ціск на глебу, праходнасць у міжрадкоўях, манеўранасць у агрэгаце), эрганамічныя (умовы працы, працаёмістасць тэхн. абслугоўвання) і інш.

Першыя колавыя Т. з паравым рухавіком з’явіліся ў 1830 у Вялікабрытаніі і Францыі (выкарыстоўваліся ў с.-г. і ваен. справе), з рухавікамі ўнутр. згарання — у 1901 у ЗША, гусенічныя — у 1912 у ЗША. затым у інш. краінах. У Расіі гусенічны Т. з 2 паравымі машынамі пабудаваны ў 1888. У СССР Т. «Фардзон-Пуцілавец» выпушчаны ў 1923 на ленінградскім з-дзе «Чырвоны пуцілавец». Масавая вытв-сць Т. пачалася з пускам Сталінградскага (1930), Харкаўскага (1931) трактарных з-даў (гл. Трактарабудаванне).

На Беларусі Т. магутнасцю ад 11 да 300 к.с. выпускае Мінскі трактарны завод: з 1950 гусенічныя і тралёвачныя, з 1953 колавыя с.-г. Т. «Беларусь», у т. л. першы МТЗ-2, з 1961 — МТЗ-50, з 1974 — МТЗ-80/82, з 1984 — МТЗ-100/102, пазней «Беларусь-1025», з 1993 — Т. серыі 900, з 1995 — «Беларусь-1221», з 2000 — «Беларусь-1522»; таксама малагабарытныя Т. («Беларус-320А», -321», -320», -220»), нізкапрофільныя («Беларус-530/532»), нізкаклірэнсныя («Беларус-82Н»), лесагаспадарчыя («Беларус Л-82»), тралёвачныя («Беларус ТТР-401»), рысаводчыя («Беларус-82Р»), міні-Т. («Беларус-082 БС») і інш.

Літ.:

Конструкция, основы теории и расчет тракторов. М., 1971;

Колесные тракторы. М., 1974;

Тракторы «Беларусь» МТЗ-80, МТЗ-80Л, МТЗ-82, МТЗ-82Л. 2 изд. Мн., 1982;

Мелиоративные, строительные и лесные тракторы. Мн.. 1989.

В.​М.​Кандрацьеў, М.​Р.​Мялешка.

Трактары: 1 — колавы з рухавіком унутранага згарання (1901, ЗША); 2 — СХТЗ на суцэльнастальных колах (1931, Харкаў); 3 — трохколавы «Універсал» (1934, Ленінград); 4 — першы «Беларусь» МТЗ-2 (1953, Мінск).
Трактары: 1 — універсальна-прапашны «Беларусь-82» (Мінск); 2 — балатаходны ДТ-75Б (г. Валгаград); 3 — прамысловы дызель-электрычны ДЭТ-250 (Чэлябінск); 4 — ворыўны Т-15ОК (Харкаў); 5 — агульнага прызначэння К-701 (С.-Пецярбург); 6 — балатаходны з задняй гідрасістэмай Т-13ОБГ-3 (Чэлябінск); 7 — агульнага прызначэння ДТ-175С (Валгаград); 8 — тралёвачны «Беларус ТТР-401», 9 — малагабарытны «Беларусь-321», 10 — гусенічны «Беларус-1802» (Мінск); 11 — «Вальтра» з падвойнымі коламі (Фінляндыя); 12 — тракавага тыпу Д10 (ЗША).

т. 15, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХРЭ́ЙН, Дзяржава Бахрэйн,

дзяржава (эмірат) у Паўд.-Зах. Азіі, на а-вах Бахрэйн у Персідскім зал. Бліжэйшыя суседзі — Саудаўская Аравія і Катар. Пл. 620 км². Нас. 600 тыс. чал. (1994). Сталіца — г. Манама. Дзярж. мова — арабская, дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень прыняцця Канстытуцыі (16 снеж.).

Дзяржаўны лад. Бахрэйн — незалежная канстытуцыйная манархія з 1971. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы — эмір. Заканад. ўлада належыць 1-палатнаму Нац. сходу, у склад якога ўваходзяць усе члены кабінета і 30 дэпутатаў (выбіраюцца на ўсеагульных выбарах на 4 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае эмір. Пасля ўрадавага крызісу 1975 эмір распусціў Нац. сход, з таго часу выбары не праводзіліся.

Прырода. У склад Бахрэйна ўваходзяць 33 мацерыковыя і каралавыя а-вы. Найб. з іх Бахрэйн (пл. каля 570 км²). Іншыя значныя а-вы: Мухарак, Ум-Наасан, Сітра, Хавар. У цэнтр. частцы в-ва Бахрэйн — вапняковае плато, над якім узвышаюцца ўзгоркі да 130 м. На астравах і ў тэрытарыяльным моры — радовішчы прыроднага газу (запасы каля 250 млрд. м³) і нафты (у значнай ступені вычарпаныя, запасы каля 20 млн. т). Клімат пераходны ад трапічнага да субтрапічнага, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра студз. 16 °C, ліп. 37 °C. Ападкаў каля 90 мм за год, выпадаюць зімой. Расліннасць пустынная, рэдкая: засухаўстойлівыя хмызнякі, палын, астрагал і інш. Жывёльны свет бедны, прыбярэжнае мора багатае рыбай, шматлікія каралы, малюскі-жамчужніцы.

Насельніцтва. 62% складаюць карэнныя жыхары — арабы-бахрэйнцы, 38% — выхадцы з суседніх араб. краін, Індыі, Пакістана, Ірана. Сярэдняя шчыльн. каля 1 тыс. чал. На 1 км². Гар. насельніцтва больш за 90%. Найб. гарады: Манама (121 тыс. ж.; 1991), Сітра, Іса.

Гісторыя. Упершыню Бахрэйн упамінаецца ў 3-м тыс. да нашай эры. У 2000—1800 да нашай эры партовы і гандлёвы цэнтр. На пач. нашай эры Бахрэйн — араб. княства. У 4—6 ст. у складзе дзяржавы Сасанідаў, потым — Арабскага халіфата. У канцы 9 ст. захоплены карматамі, у 10—11 ст. цэнтр іх дзяржавы. У сярэдзіне 13 ст. Бахрэйн стаў незалежны, але ў хуткім часе далучаны да эмірата Армуз. У 1521—1602 належаў Партугаліі, потым Персіі (да 1782). У 1783 захоплены араб. шэйхамі з роду Аль-Халіфа, якія абвясцілі незалежнасць Бахрэйна. Гэты род пануе ў Бахрэйне і цяпер. На пач. 19 ст. ўзмацніўся ўплыў Вялікабрытаніі, якая заключыла з шэйхамі шэраг дагавораў (1820, 1847, 1861), а ў 1871 усталявала свой пратэктарат, пацверджаны дагаворамі 1880 і 1892, і фактычна зрабіла Бахрэйн сваёй калоніяй. У 1934 зацверджаны «новы статус» Бахрэйна — паводле саюзнага дагавора ён стаў падпарадкоўвацца Вялікабрытаніі. У 1968—71 Бахрэйн у складзе Федэрацыі Арабскіх Эміратаў. 14.8.1971 абвешчаны незалежнай краінай. Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.

Бахрэйн — член ААН (з 1971), Лігі арабскіх дзяржаў, удзельнік Руху недалучэння; з 1981 у Савеце супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва.

Гаспадарка. Эканоміка Бахрэйна заснавана на здабычы газу і нафты, перапрацоўцы імпартуемай нафты і залежыць ад замежнага капіталу (вядучыя галіны знаходзяцца пад кантролем дзяржавы). Здабыча (1993) прыроднага газу каля 1,5 млрд. м³, нафты каля 2 млн. т. Працуюць: нафтаперапр. з-д (магутнасць 14 млн. т за год; 2-і па велічыні на Блізкім і Сярэднім Усходзе), які перапрацоўвае нафту, пераважна імпартаваную з Саудаўскай Аравіі (больш як 10 млн. т за год); комплекс па вытв-сці алюмінію (120—170 тыс. т за год; на гліназёме з Аўстраліі і таннай мясц. электраэнергіі); док па рамонце супертанкераў; 11 ЦЭС агульнай магутнасцю каля 1400 МВт; прадпрыемствы па вытв-сці буравога абсталявання, алюмініевых, пластмасавых і лакафарбавых вырабаў, трубаў, вадкага кіслароду, прапану і бутану са спадарожнага газу. Ёсць цэм. з-д, прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці, верфі па буд-ве невял. суднаў. Развіты саматужна-рамесніцкія промыслы. Сельская гаспадарка развіта слаба. Апрацоўваецца каля 5% тэрыторыі, пераважна ў аазісах. Гал. культура — фінікавая пальма. Вырошчваюць агародніну (батат, памідоры, баклажаны і інш.), пшаніцу, кукурузу, ячмень, садавіну (грэцкі арэх, папайю, персікі). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць козаў, авечак, зебупадобных кароў, аслоў. Птушкагадоўля. Лоўля рыбы, крэветак, здабыча губак і жэмчугу. Бахрэйн — важны цэнтр міжнар. трансп. камунікацый. Гал. парты — Манама, Сітра. Міжнар. аэрапорт Мухарак (штогод каля 3 млн. пасажыраў) — адзін з буйнейшых у зоне Персідскага зал. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 200 км. Аўтапарк — каля 150 тыс. аўтамашын. Сувязь паміж найб. а-вамі па насыпных дамбах. В-аў Бахрэйн злучаны з Аравійскім п-вам (Саудаўская Аравія) дамбай даўж. каля 25 км з мостам (Сауда-Бахрэйнская шаша). Бахрэйн — буйны банкаўскі цэнтр (каля 150 устаноў, якія аперыруюць больш як 60 млрд. дол. ЗША). Даходы ад фінансавых аперацый даюць каля 16% валавога нац. прадукту. Краіна з’яўляецца цэнтрам транзітнага гандлю — больш за 40% тавараў рээкспартуецца (пераважна ў Саудаўскую Аравію і інш. суседнія краіны). Развіваецца турызм. Экспарт: нафтапрадукты, алюміній, пластмасы, крэветкі і інш. Імпарт: прамысл. абсталяванне і машыны, будматэрыялы, харч. і спажывецкія тавары. Асн. гандл. партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, ФРГ, Аўстралія. Грашовая адзінка — бахрэйнскі дынар.

У.​М.​Зайцаў (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Бахрэйна.

т. 2, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНОЎНЫЯ СТРУКТУРЫ КРЫШТАЛІЧНАГА ФУНДАМЕНТУ І ПЛАТФОРМАВАГА ЧАХЛА.

Паводле рэчыўнага саставу ў фундаменце Беларусі вылучаны геаструктурныя вобласці: З гранулітавыя (Беларуска-Прыбалтыйскі гранулітавы пояс, Брагінскі і Віцебскі гранулітавыя масівы), 2 гранітагнейсавыя (Цэнтральнабеларуская, або Смалявіцка-Драгічынская, і Усходне-Літоўская. або Інчукалнская, зоны) і 1 вулканаплутанічная (Осніцка-Мікашэвіцкі вулканаплутанічны пояс). Беларуска-Прыбалтыйскі гранулітавы пояс — адна з найбуйнейшых структур фундаменту зах. часткі Рускай пліты, прасочаны па анамаліях магнітнага і гравітацыйнага палёў, цягнецца шырокай паласой ад паўд.-ўсх. тэр. Польшчы праз зах. частку Беларусі да паўд. часткі Эстоніі. Даўжыня пояса больш за 1000 км, шырыня 50—150 км. Брагінскі гранулітавы масіў займае паўд.-ўсх. частку Беларусі і працягваецца на сумежныя тэр. Украіны і Расіі. Яго даўжыня каля 200 км, шырыня да 150 км. Віцебскі гранулітавы масіў знаходзіцца на ПнУ краіны, вылучаны паводле геафізічных даных. Цэнтральнабеларуская (Смалявіцка-Драгічынска) гранітагнейсавая зона цягнецца праз цэнтр. частку Беларусі ў паўн.-ўсх. напрамку больш чым на 600 км ад мяжы Усходне-Еўрапейскай і Заходне-Еўрапейскай платформ да шыраты Полацка. Яе шырыня 6(1—110 км. Усходне-Літоўская (Інчукалнская) гранітагнейсавая зона размешчана пераважна на тэр. Літвы і Латвіі, толькі невялікая яе частка заходзіць у крайнюю зах. частку Беларусі. Осніцка-Мікашэвіцкі вулканаплутанічны пояс знаходзіцца ў паўд.-ўсх. частцы краіны, цягнецца паралельна Цэнтральнабеларускай гранітагнейсавай зоне ў паўн.-ўсх. напрамку на адлегласці каля 600 км ад мяжы з Украінай да мяжы з Расіяй.

Паводле глыбіні залягання крышталічнага фундаменту на тэр. Беларусі вылучаюць дадатную структуру (найбуйнейшая — Беларуская антэкліза), 4 структуры з глыбінёй фундаменту, прамежкавай паміж дадатнай і адмоўнымі структурамі (Латвійская, Палеская, Жлобінская і Брагінска-Лоеўская седлавіны), 3 буйныя адмоўныя структуры (Прыпяцкі прагін, Падляска-Брэсцкая і Аршанская ўпадзіны). Невялікімі ўчасткамі на тэр. краіны заходзяць буйныя дадатныя структуры — Украінскі шчыт і Варонежская антэкліза і адмоўная — Балтыйская сінекліза. Беларуская антэкліза ахоплівае цэнтральныя, зах. і паўн.-зах. раёны Беларусі, сумежныя тэр. Польшчы, Літвы і Латвіі. Памеры каля 300x220 км. Абсалютныя адзнакі залягання фундаменту на большай частцы антэклізы не перавышаюць -500 м, найб. прыўзнятая частка мае адзнаку 103 м. Платформавы чахол антэклізы маламагутны, складзены з познапратэразойскіх, раннепалеазойскіх, дэвонскіх, мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. Латвійская седлавіна злучае Беларускую антэклізу з Балтыйскім шчытом, мае памеры 120x95 км. На тэр. Беларусі яна заходзіць сваёй паўд. часткай. Глыбіня залягання фундаменту на бел. частцы седлавіны 0,4—0,6 км. У яе платформавым чахле пераважаюць дэвонскія і чацвярцічныя (антрапагенавыя) утварэнні. Палеская седлавіна размешчана паміж Прыпяцкім прагінам і Падляска-Брэсцкай упадзінай. Яе памеры 120x95 км. Паверхня фундаменту залягае на глыбінях 0,3—1 км. Чахол седлавіны складзены з адкладаў верхняга пратэразою, мезазою і кайназою. Больш важнае практычнае значэнне мае структурны нос Палескай седлавіны — Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ крышталічнага фундаменту, да якога прымеркаваны радовішчы рэдкіх металаў, будаўнічага каменю і кааліну. Выступ заходзіць далёка ў Прыпяцкі прагін. Фундамент перакрыты маламагутнай тоўшчай асадкавых парод мезазою і кайназою (у цэнтр. частцы), верхняга пратэразою і дэвону (у краявых частках). Жлобінская седлавіна раздзяляе Прыпяцкі прагін і Аршанскую ўпадзіну. Яе памеры 110x50 км. Фундамент залягае на глыбінях 0,4—0,7 км. У разрэзе чахла большую частку займаюць верхнепратэразойскія і дэвонскія пароды; вышэй залягаюць юрскія і больш маладыя адклады. Брагінска-Лоеўская седлавіна знаходзіцца паміж Прыпяцкім і Дняпроўска-Данецкім прагінам, размешчаным на тэр. Украіны. Яна выцягнута з ПдЗ на ПнУ на 100 км пры шырыні 35 км. Глыбіня залягання фундаменту 0,5—2 км, ён перакрыты дэвонскімі, каменнавугальнымі і больш маладымі адкладамі.

Прыпяцкі прагін знаходзіцца на ПдУ Беларусі. Яго памеры 180×130 км. Паверхня фундаменту залягае на глыбінях 1,5—6 км. У разрэзе магутнага чахла пераважаюць дэвонскія і каменнавугальныя адклады. У зах. яго частцы дэвонскія пароды залягаюць на верхнепратэразойскіх, ва ўсх. — на крышталічным фундаменце. Вышэй адкладаў каменнавугальнага ўзросту залягаюць пароды пермскай і ўсіх сістэм мезазою і кайназою. Прагін расчлянёны глыбіннымі разломамі на шматлікія ступені, горсты, грабены, пахаваныя выступы. Па паверхні фундаменту ў складзе прагіну вылучаюць Прыпяцкі грабен і Паўн.-Прыпяцкае плячо, якое прымыкае да ўсх. часткі грабена. Падляска-Брэсцкая ўпадзіна знаходзіцца ў паўд.-зах. частцы Беларусі і суседніх раёнах Польшчы. Яе памеры 140x130 км. У межах бел. часткі паверхня крышталічнага фундаменту залягае на глыбіні 0,5—2 км. Чахол складзены пераважна з парод венду і ніжняга палеазою (кембрый, ардовік, сілур). Аршанская ўпадзіна размешчана на ПнУ Беларусі. Яе памеры 250x150 км. Глыбіня залягання фундаменту дасягае 1,8 км. У платформавым чахле пашыраны рыфейскія, вендскія і дэвонскія ўтварэнні. Паміж дэвонскай тоўшчай і чацвярцічнымі адкладамі, што залягаюць паўсюдна, месцамі прысутнічаюць маламагутныя адклады юры і мелу. Балтыйская сінекліза размешчана пераважна па-за межамі Беларусі, толькі сваёй паўд. часткай заходзіць у крайнюю паўн.-зах. частку тэр. краіны. У чахле бел. часткі сінеклізы (магутнасць да 0,5 км) дамінуюць адклады кембрыю, ардовіку, сілуру. Варонежская антэкліза зах. часткай заходзіць на ПдУ тэр. Беларусі. Тут ёсць адклады верхняга пратэразою, дэвону, мезазою і кайназою агульнай магутнасцю 0,5—1 км.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКВАДО́Р (Ecuador), Рэспубліка Эквадор (República del Ecuador),

дзяржава на ПнЗ Паўд. Амерыкі. Мяжуе на Пн з Калумбіяй, на У і Пд з Перу; на З абмываецца Ціхім акіянам. У складзе Э. а-вы Галапагас і інш. прыбярэжныя астравы. Пл. 283,56 тыс. км². Нас. 12920 тыс. чал. (2002). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г. Кіта. Краіна падзяляецца на 21 правінцыю. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 жніўня).

Дзяржаўны лад. Э. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя, прынятая 5.6.1998. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які адначасова з’яўляецца кіраўніком урада і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Выбіраецца насельніцтвам на прамых выбарах на 4 гады. Вышэйшы орган заканад. улады — аднапалатны Нац. кангрэс, які таксама выбіраецца на 4 гады.

Прырода. Паводле характару рэльефу і прыродных умоў тэр. Э. падзяляецца на 3 часткі: берагавыя нізіны і ўзвышшы на З, высакагорная частка ў цэнтры — нагор’е Андаў, якое складаецца з Зах. і Усх. Кардыльераў, і перадгорныя раўніны на ПнУ. На ўнутр. схілах Кардыльераў — конусы патухлых (Чымбараса, 6267 м — найвыш. пункт Э.) і дзеючых (Катапахі, 5897 м, і Антысана, 5758 м) вулканаў. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ, медныя і свінцовыя руды, золата, серабро, сера і інш. Клімат экватарыяльны, на нізінах гарачы і вільготны (сярэднямесячныя т-ры на ўзбярэжжы 25—28 °C, на раўнінах 20—24 °C); у міжгорных катлавінах умерана цёплы (сярэднямесячныя т-ры ў Кіта 12,8—13,2 °C, характэрны вял. сутачныя амплітуды т-ры). Ападкаў на Пн берагавой нізіны і перадгорных раўнін больш за 2000 мм, на Пд перадгорных раўнін да 1000 мм, у міжгорных далінах да 1300 мм на Пн і да 400 мм на Пд. Рачная сетка густая. Рэкі ўсх. ч. належаць бас. р. Амазонка (вярхоўі Путумайо, Напа, Тыгрэ і інш.), зах. — бас. Ціхага акіяна. Найб. гасп. значэнне мае даступная марскім суднам р. Гуаяс. На перадгорных раўнінах і на Пн берагавых нізін пашыраны экватарыяльныя лясы, на Пд — саванны і сухія стэпы. У паўн. ч. міжгорных катлавін — высакагорныя экватарыяльныя лугі, на Пд — стэпавая расліннасць. Вонкавыя схілы Кардыльераў да 3000 м укрыты горнай гілеяй (шмат каштоўных дрэў — хіннае, бальзавае, каўчуканосы), вышэй — горныя экватарыяльныя лясы — парамас, з выш. 4500—4700 м — вечныя снягі. Жывёльны свет разнастайны: малпы, ляніўцы, ягуары, тапіры, мурашкаеды, алені пуду, кажаны, шмат птушак, паўзуноў. Нац. паркі Галапагас, Катапахі, Сангай (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны) і інш.

Насельніцтва. Эквадорцы — нацыя, якая ўтварылася ад змяшэння індзейцаў з ісп. каланістамі, неграмі і еўрап. эмігрантамі. Іспана-індзейскія метысы складаюць 55% насельніцтва, індзейцы (пераважна кечуа) — 25%, белыя (нашчадкі еўрапейцаў) — 10%, негры — 10%. Пануючая рэлігія — хрысціянства (католікі — 95%, пратэстанты). Большая ч. насельніцтва сканцэнтравана ў бас. р. Гуаяс, на ўзбярэжжы зал. Гуаякіль, у далінах і міжгорных катлавінах. Сярэдняя шчыльн. 45,6 чал. на 1 км², на У — каля 2 чал. на 1 км², на а-вах Галапагас — 1 чал. на 1 км². Натуральны прырост 2,01% (2002). Гар. насельніцтва 64%. Буйныя гарады (тыс. ж.): Гуаякіль — 2118, Кіта — 1616 (2002), Куэнка — 220, Мачала — 160, Партаўеха — 156, Рыябамба — 150, Амбата — 134, Манта — 130, Эсмеральдас — 115. У сельскай і лясной гаспадарцы, рыбалоўстве занята 30% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 25%, у сферы паслуг — 45% (2000).

Гісторыя. З найстараж. часоў тэр. Э. насялялі індзейскія плямёны кара, шыры, каньяры, тумбе і інш. У канцы 1-га тыс. н.э. саюз плямён кара ўтварыў т.зв. царства Кіту, захопленае ў 15 ст. імперыяй інкаў (гл. Таўантынсую), якія пасялілі тут шмат індзейцаў з тэр. Балівіі і Перу. У 1526 ісп. канкістадоры пачалі заваяванне інкскай імперыі і ў 1534 захапілі гал. горад Э. Кіта. У 1563 тэр. Э. вылучана ў асобную ісп. калонію, якая ўваходзіла ў склад віцэ-каралеўства Перу (да 1718 і ў 1723—39) і віцэ-каралеўства Новая Гранада (1718—23 і пасля 1739). У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Э. вызвалены з-пад улады Іспаніі ў 1819—22 і ўвайшоў у склад Вялікай Калумбіі як Вобласць Кіта. З мая 1830 Э. незалежная рэспубліка. Да канца 19 ст. краінай папераменна кіравалі лібералы і кансерватары, пачалася мадэрнізацыя земляробства, урэзаны прывілеі каталіцкай царквы, уводзілася свецкая адукацыя, будаваліся чыгункі. 1-я пал. 20 ст. — перыяд эканам. і паліт. нестабільнасці Э. Прэзідэнты звычайна змяняліся ў выніку ваен. пераваротаў. Намаганнямі амер. транснац. карпарацыі «Юнайтэд фрут компані» Э. паступова ператвараўся ў «бананавую рэспубліку». У выніку вайны з Перу (1941—42) Э. страціў 278 тыс. км² у бас. р. Амазонка (амаль палова тэр. краіны). Адкрыццё і эксплуатацыя багатых радовішчаў нафты спрыяла правядзенню агр. рэформы і хуткаму росту эканомікі ў 1970-я г У 1980-я г. пачаўся эканам. застой. У 1995 адбылася пагранічная вайна з Перу. У 1990-я г. праведзены эканам. рэформы неаліберальнага кірунку, але яны не палепшылі становішча. З 15.1.2003 прэзідэнт — Л.​Гуцьерэс; ва ўрадавы кабінет упершыню ўвайшлі прадстаўнікі індзейскіх меншасцей і партый марксісцкага кірунку.

У Э. дзейнічаюць 3 найбуйнейшыя паліт. аб’яднанні: Эквадорская радальсісцкая партыя, Патрыят. т-ва 21 студзеня, індзейскі рух Пачакутык. Асн. прафс. аб’яднанні: Канфедэрацыя працоўных Э., Аб’яднаны фронт працоўных, Эквадорскія канфедэрацыя класавых арг-цый і канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў. Э. — чл. ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), інш. міжнар. арг-цый, асацыіраваны чл. Арг-цыі краін — экспарцёраў нафты. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 5.5.1993.

Гаспадарка. Э. — краіна з сярэднеразвітой шматукладнай залежнай эканомікай. Аб’ём валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у 2000 склаў 37,2 млрд. дол. (па 2,9 тыс. дол. на душу насельніцтва). Важную ролю адыгрываюць прадпрыемствы замежнага і сумеснага капіталу, значная ўдзельная вага дробнатаварнай вытв-сці і невял. — дзярж. сектара. Э. — пастаўшчык сыравіны і харч. прадуктаў. Аснова эканомікі — прамысловасць (30% ВУП). Вядучая галіна — горназдабыўная. Найб. значэнне мае здабыча нафты (запасы 183 млн. т), якая сканцэнтравана на ПнУ (Лага-Агрыо) і п-ве Санта-Элена (каля 15 млн. т штогод, 4-е месца ў Лац. Амерыцы пасля Венесуэлы, Мексікі і Аргенціны). Разведаныя запасы газу каля 10 млрд. м³, здабыча — 480 млн. м³. Распрацоўка радовішчаў золата, серабра, плаціны, ванадыю, жалеза, медзі, цынку, сурмы, серы і інш. Агульная магутнасць электрастанцый 2 млн. кВт, вытв-сць электраэнергіі 10,4 млрд. кВт∙гадз (2000), у т. л. 66% на ГЭС. Рост даходаў ад экспарту нафты паскорыў развіццё апрацоўчай прам-сці. Павялічылася магутнасць нафтаперапр., нафтахім. і хім. прам-сці (Эсмеральдас, Салінас, Ла-Лібертад, Балао), развіваецца машынабудаванне, у т. л. аўтамабілебудаванне, і металургія. Традыц. галіны — харч., у т. л. цукр., рыбакансервавая, алейная, мукамольная (Куэнка, Гуаякіль, Манта), тэкст. (Кіта, Куэнка, Амбата), гарбарна-абутковая, швейная. Ёсць прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай, цэм. прам-сці. Пашыраны рамесныя промыслы (вытв-сць капелюшоў-панам, шэрсцяткацтва і інш.). У сельскай гаспадарцы (14% ВУП) пераважае буйное землеўладанне. Апрацоўваецца каля 8,9% тэр., пад пашай 16,9%, лясамі 43,7%. Гал. экспартныя культуры (збор, 1998): бананы (5,7 млн. т, 3-е месца ў свеце, 9,8% сусв. збору), кава (130 тыс. т), какава (80 тыс. т). На свае патрэбы вырошчваюць (тыс. т, 2001): рыс (1377), кукурузу (642), пшаніцу (20), ячмень, сою, бульбу (360), маніёк, фасолю, цукр. трыснёг (5562), бавоўну, алейныя культуры (афр. пальма). Жывёлагадоўля дае больш за 20% кошту с.-г. прадукцыі. Гадуюць (млн. галоў, 2001): буйн. раг. жывёлу (5,57), авечак (1,98), коз (0,27), свіней (2,39). Птушкагадоўля (138,43 млн. галоў). Рыбалоўства (688 тыс. т, 1999), лоўля крэветак, лангустаў. Нарыхтоўка бальзавага дрэва, збор арэхаў тагуа, соку гевеі. У спецыялізацыі сельскай гаспадаркі існуюць значныя адрозненні: на прыморскай раўніне развіваецца інтэнсіўнае таварнае раслінаводства і плантацыйная гаспадарка, у міжгорных катлавінах цэнтр. ч. — экстэнсіўнае спажывецкае земляробства і жывёлагадоўля, на У — ачаговае земляробства сярод трапічных лясоў. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 45 тыс. км, у т. л. асфальтаваных каля 10 тыс. км. У краіне 255,6 тыс. легкавых аўтамашын і 424,1 тыс. грузавых і аўтобусаў. Даўж. чыгунак 965 км. Буйныя марскія парты: Гуаякіль, Балао, Манта, Эсмеральдас. 14 аэрапортаў, у т. л. міжнар. ў Кіта і Гуаякілі. Нафтаправод Лага-Агрыо — Балао. Экспарт (5,6 млрд. дол., 2000): нафты і нафтапрадуктаў (50%), бананаў (18%), рыбы і морапрадуктаў (19%), кавы, какава, драўніны. Імпарт (3,4 млрд. дол., 2000): машын, прамысл. і нафтавага абсталявання, тэкстылю, харч. прадуктаў, хімікатаў. Асн. гандл. партнёры: ЗША (37% экспарту і 30% імпарту), Калумбія (5% і 13%), краіны ЕС, Японія, Рэспубліка Карэя. Даход ад турызму 343 млн. дол. Грашовая адзінка — сукрэ.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад стараж. часоў захаваліся керамічныя статуэткі, размаляваныя вазы, стэлы, каменныя статуі з прамавугольных блокаў, вырабы з золата і серабра, каменныя ўмацаванні, дамы, храмы. З 16 ст. ў архітэктуры храмаў спалучаліся формы позняга ісп. Адраджэння з матывамі араб. дойлідства (наборная драўляная столь, аркады ўнутр. дворыкаў). Асн. буд-ва вялося ў Кіта (арх. Ф.​Бесары, А.​Радрыгес, Х.​Рыке). Будынкі 17—18 ст. спалучалі формы барока з мясц. традыцыяй плоскай арнаментальнай разьбы (храм Ла Кампаньія, узведзены на ўзор касцёла Іль Джэзу ў Рыме; Каралеўская аўдыенцыя, цяпер Дом урада). Традыц. творчасць індзейцаў звязана з керамікай, ткацтвам, размалёўкамі, аздабленнем з пер’я і інш. Рэліг. жывапіс 16 ст. фарміраваўся пад уплывам ісп., італьян. і флам. мастацтва (П.​Бедон, Ф. дэ ла Крус, М. дэ Сант’яга, П.​Гасеаль). Сярод скульптараў вылучаліся Б. дэ Легарда і індзеец Каспікара (сапр. М.​Чылі). У 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры выкарыстоўвалі старыя ўзоры, з 1950-х г. пачалі будаваць у сучасных стылях (будынак Мін-ва ўнутр. спраў, атэль «Кіта» і інш.). У выяўл. мастацтве 19 ст. панаваў акадэмізм (А.​Салас, Л.​Кадэна). У творах жывапісца К.​Пінта рысы рамантызму. У 1904 у Кіта засн. Нац. школа прыгожых мастацтваў, прадстаўнікі якой сцвярджалі імпрэсіянізм (К.​Эгас), містыцызм (В.​Мідэрас), памяркоўны кубізм (М.​Рэндон). Сярод мастакоў-рэалістаў А.​Гуаясамін, Э.​Кінгман, Д.​Парэдэс і інш. З 1960-х г. развіваюцца розныя мадэрнісцкія плыні (сюррэалізм, абстрактнае мастацтва і інш.). У нар. мастацтве пашыраны ткацтва, ганчарства, выраб масак, апрацоўка серабра, разьба па дрэве і камені. Стары горад Кіта ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.​Р.​Кошалева (гісторыя), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).

Герб і сцяг Эквадора.
Да арт. Эквадор. Наваколле г. Ібара.
Да арт. Эквадор. Сучасная забудова г. Кіта.

т. 18, кн. 1, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ФТА (тур. neft праз перс. ад грэч. naphtha),

вадкі гаручы карысны выкапень; складаная сумесь вуглевадародаў розных класаў з інш. арган. злучэннямі. Пашырана ў асадкавай абалонцы Зямлі. Утвараецца звычайна на глыб. больш за 1,2—2 км. Выкарыстоўваюць для атрымання вадкага паліва, змазачнага масла і інш. (гл. Нафтапрадукты), а таксама як сыравіну ў хім. прам-сці (гл. Нафтахімія, Нафтахімічная прамысловасць).

Масляністая вадкасць ад светла-рудога да цёмна-бурага (амаль чорнага) колеру з характэрным пахам, шчыльн. 730—1050 кг/м³ (звычайна 820—950 кг/м³); падзяляюць на лёгкую і цяжкую (шчыльн. меншая і большая за 900 кг/м³ адпаведна). Характарызуецца т-рай пачатку кіпення — звычайна 20—30 °C, часам 100 °C і вышэй Цеплата згарання 43,7—46,2 МДж/кг. У звычайных умовах не раствараецца ў вадзе, але можа ўтвараць з ёй устойлівыя эмульсіі. Фіз. ўласцівасці Н. абумоўлены яе хім. саставам. Н. ўяўляе сабой сумесь парафінавых, нафтэнавых (з 5- і 6-членнымі цыкламі) і араматычных вуглевадародаў, гетэраатамных арган. злучэнняў, пераважна сярністых, кіслародных і азоцістых. Кампанентамі Н. з’яўляюцца таксама раствораныя ў ёй вуглевадародныя газы (гл. Газы нафтавыя спадарожныя), мінер. рэчывы і вада. Асн. элементы ў саставе Н. — вуглярод (82—87%) і вадарод (11—14%), ёсць таксама сера (ад 0,1 да 5%), азот і кісларод (звычайна не больш за 0,3—0,5%, часам да 1%); у Н. выяўлена больш за 50 розных элементаў. Н. розных радовішчаў адрозніваецца колькасцю вуглевадародаў розных класаў і прымесей. Класіфікуюць Н. паводле вуглевадароднага саставу фракцыі, што выкіпае пры т-ры 250—300 °C (хім. класіфікацыя), колькасці серы і якасці вырабленых нафтапрадуктаў (тэхнал. класіфікацыя) Паводле хім. класіфікацыі адрозніваюць: Н. парафінавыя, нафтэнавыя і араматычныя (маюць больш за 50% вуглевадародаў адпаведнага класа), а таксама — змешаных тыпаў (разам з вуглевадародамі асн. класа маюць больш за 25% вуглевадародаў інш. класа). Па колькасці серы падзяляюць на маласярністыя (да 0,5% серы), сярністыя (0,51—2%) і высокасярністыя (больш за 2% серы), паводле якасці нафтапрадуктаў адрозніваюць 3 падкласы Н., якія падзяляюцца на гатункі.

Лічыцца, што Н. ўтварылася з рэшткаў арган. рэчываў, рассеяных у асадкавых адкладах, пад уздзеяннем высокіх т-ры і ціску; некат. даследчыкі паходжанне Н. звязваюць з глыбіннымі магматычнымі працэсамі. Найбуйнейшыя нафтагазаносныя асадкавыя басейны прымеркаваны да ўнутрыплатформавых, унутрыскладкаватых, складкавата-платформавых і краявых прагінаў, а таксама перыакіянічных платформ. Радовішчы Н. (агульная пл. каля 80 млн. км²) выяўлены на ўсіх кантынентах акрамя Антарктыды (каля 50 млн. км²) і на шэльфавых плошчах акваторый (30 млн. км²); гл. Мінеральныя рэсурсы. У свеце каля 30 тыс. радовішчаў Н., агульныя запасы 155 073,4 млн. т (1997), з іх 15—20% — газанафтавыя. Адзін з найб. (па запасах) — Персідскага заліва нафтагазаносны басейн, дзе толькі ў 2 радовішчах Гавар (Саудаўская Аравія) і Бурган (Кувейт) сканцэнтравана больш за 12% разведаных нафтавых запасаў свету. Найб. запасы Н. (1997, млн. т.: Саудаўская Аравія — 35 863, Расія — 21 252,9, Ірак — 15 342,5, Кувейт — 12 972,6, Іран — 12 397,3, Венесуэла — 9945,6, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — 8718.

На Беларусі першы фантан Н. атрыманы ў 1953, на Ельскай структуры. Першае прамысл. Рэчыцкае радовішча нафты адкрыта ў 1964. Усяго адкрыта 62 радовішчы Н. (1999). Яны знаходзяцца ў Рэчыцкім, Светлагорскім, Акцябрскім, Калінкавіцкім, Петрыкаўскім р-нах Гомельскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскай вобл.; прымеркаваны да паўн. ч. Прыпяцкага прагіну. Н. залягае ў пратэразойскіх адкладах, у падсалявых тэрыгенных (полацкі і ланскі гарызонты) і карбанатных (саргаеўскі, сямілуцкі, варонежскі), міжсалявых (задонскі, ялецкі, петрыкаўскі) і ўнутрысалявых (лебядзінскі) адкладах верхняга дэвону. Паклады Н. шматпластавыя (падсалявыя), масіўныя (міжсалявыя), літалагічныя (унутрысалявыя), скляпенневыя, тэктанічна і літалагічна экранаваныя. Глыб. залягання ад 1612 м (Бярэзінскае радовішча) да 4580 м (Першамайскае). Пл. нафтавых пакладаў ад менш за 1 км² да 50 км² (Рэчыцкае). Калектары асн. гарызонтаў кавернаватрэшчынныя карбанатныя пароды, у тэрыгеннай падсалявой тоўшчы — порыстыя пясчана-алеўрытавыя. Магутнасць нафтанасычаных парод ад 1—2 да 180 м (Паўд.-Аляксандраўскае). Паводле вуглевадароднага саставу Н. метанава-нафтэнавага тыпу, шчыльн. 787—985 кг/м³. Выхад светлых фракцый да 300 °C ад 24 да 68%. Колькасць парафіну да 15%, смол да 53%, серы 0,03—4,79%. У пластавых умовах умяшчае спадарожныя газы — 14—439 м³/т. Якасць Н. мяняецца па пл. Прыпяцкага прагіну: на Пн пераважаюць парафіністыя, смалістыя, маласярністыя, сярэдняй шчыльнасці, на Пд — цяжкія, высокасмалістыя, высокасярністыя, малапарафіністыя. Здабываюць Н. фантанным і механізаваным спосабамі. Разведка Н. вядзецца ВА «Белгеалогія» (б. «Беларусьгеалогія») і ВА «Беларусьнафта», здабыча — ВА «Беларусьнафта», гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць. Частка здабытай Н. транспартуецца па нафтаправодзе «Дружба». Перапрацоўка Н. ажыццяўляецца на Наваполацкім вытворчым аб’яднанні «Нафтан» і «Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе (гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць). Рэалізацыя нафтапрадуктаў здабываецца праз нафтабазы і аўтазаправачныя станцыі. Каардынацыйная дзейнасць па пытаннях пошуку, разведкі, здабычы, транспарціроўкі, перапрацоўкі Н. і забеспячэння нар. гаспадаркі нафтапрадуктамі вядзецца Бел. дзярж. канцэрнам па нафце і хіміі «Белнафтахім». Даследаваннямі Н. займаюцца Бел. н.-д. геолага-разведачны ін-т ВА «Белгеалогія» і Беларускі н.-д. і пракатны ін-т нафтавай і газавай прам-сці ВА «Беларусьнафта».

Літ.:

Егиазаров Ю.Г., Козлов Н.С., Куликов В.И. Химия промышленных нефтей Белоруссии. Мн., 1972;

Петров А.А. Углеводороды нефти. М., 1984;

Химия нефти и газа. 3 изд. СПб., 1995;

Геология и нефтегазоносность запада Восточно-Европейской платформы Мн., 1997.

У.​А.​Багіна, Ю.​Р.​Егіязараў, А.​Ф.​Мікуленка.

Нафта.

т. 11, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́Н, Султанат Аман,

дзяржава на Б. Усходзе, займае паўд.-ўсх. ч. Аравійскага п-ва. Тэр. дзяржавы выцягнутая з ПдЗ на ПнУ на 940 км. Абмываецца водамі Аравійскага м. Мяжуе з Йеменам, Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі; граніцы на З праходзяць па пустыні і выразна не акрэслены. Абсалютная манархія. У адм. адносінах падзяляецца на 6 раёнаў і 59 губернатарстваў. Пл. 212,4 тыс. км. Нас. 1,9 млн. чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія іслам. Сталіца — г. Маскат. Нац. свята — Дзень нараджэння султана Кабуса (18 ліст.).

Прырода. Тэр. Амана займае ўскраіну плато Аравійскага п-ва з гарамі Хаджар (найвыш. пункт краіны г. Шам, 3353 м) на ПнУ. На ПдЗ плато Дафар з гарамі Кара. Уздоўж Аманскага заліва вузкая (40—50 км) прыбярэжная нізіна Эль-Батына. У цэнтры — усх. ўскраіна пустыні Руб-эль-Халі. Карысныя выкапні: нафта (запасы 575 млн. т), прыродны газ (283 млрд. м³), медная (20 млн. т) і хромавая (2 млн. т) руды; ёсць каменны вугаль, вапняк, мармур, падземныя воды, невял. запасы свінцу, золата, серабра. Клімат трапічны, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. каля 21 °C, у ліп. 32 °C. Ападкаў на раўнінах каля 125 мм, у гарах да 500 мм за год, выпадаюць пераважна летам. Пастаянных рэк няма, ёсць вадзі. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, у гарах участкі саваннаў, лістападных трапічных лясоў. У аазісах фінікавыя і какосавыя пальмы, аліўкавыя дрэвы. Сярод жывёл — газелі, ліс, шакал, зайцы, тушканчыкі, яшчаркі, змеі.

Насельніцтва. Больш як 90% арабы, жывуць таксама персы, індусы, выхадцы з Усх. Афрыкі. Большая палавіна насельніцтва аселая, сканцэнтравана ў Эль-Батына і вакол Маската, ва ўнутр. раёнах і на ПдЗ — качавое і паўкачавое. Шчыльнасць 8,9 чал. на 1 км². Пераважае сельскае насельніцтва (каля 89%). Найб. гарады: Маскат, Эль-Матрах, Эс-Сахар, Назва, Салала.

Гісторыя. Ёсць звесткі, што ў 4—3-м тыс. да н.э. насельніцтва на тэр. Амана мела флот і займалася пасрэдніцтвам у гандлі паміж краінамі бас. рэк Ніл, Тыгр, Еўфрат і Інд. У 7—11 ст. тэр. Амана некалькі разоў уключалася ў склад Арабскага халіфата. У сярэдзіне 8 ст. аманскія плямёны аб’ядналіся вакол імама, якому належала духоўная і свецкая ўлада. Незалежны імамат Амана з перапынкамі існаваў да канца 18 ст. У пач. 16 ст. прыбярэжнай ч. Амана завалодалі партугальцы, у 1730-я г. заваявалі персы. З 2-й пал. 18 ст. Аман — аб’ект барацьбы паміж Англіяй, Францыяй і вахабітамі. На пач. 19 ст. кантроль над паўд.-ўсх. ч. Аравійскага п-ва ўстанавіла Англія. Тэр. Амана была падзелена на імамат Амана, султанат Маскат і т.зв. Пірацкі бераг (з 1853 Аман Дагаворны). У 1891 над Маскатам устаноўлены брыт. пратэктарат. Імамат Амана заставаўся незалежны. Яго кіраўнікі выступалі за ліквідацыю залежнасці Маската ад Англіі і ўз’яднанне краіны, што прывяло да ўзбр. канфліктаў паміж абодвума бакамі. Паводле Сібскага дагавора 1920 англ. ўлады і султан Маската прызналі імамат Амана незалежнай дзяржавай. У 1955, парушыўшы дагавор, англа-маскацкія войскі ўвайшлі на тэр. Амана і да 1959 акупіравалі большую яго частку; правіцелем Амана стаў султан Маската Саід бен Тэймур. У выніку дзярж. перавароту з ліп. 1970 на чале Амана стаў султан Кабус бен Саід. Са жн. 1970 краіна мае назву Султанат Аман. У вер. 1971 Аман прыняты ў Лігу арабскіх краін, у кастр. — у ААН. Супрацоўнічае з ЗША, падтрымлівае цесныя сувязі з Вялікабрытаніяй. Аман быў пасрэднікам ва ўрэгуляванні ірана-іракскай вайны 1980—88, з’яўляецца прыхільнікам стварэння бяз’ядзерных зон у розных ч. свету. Выступае за захаванне на сучасным этапе замежных войскаў у Персідскім заліве. Мае пагадненне з ЗША аб ваен. супрацоўніцтве.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча (38 млн. т., 1993) і экспарт (праз порт Міна-эль-Фахль каля Маската) нафты; дае каля 70% валавога ўнутр. прадукту (у 1992 ацэньваўся ў 10,4 млрд. амер. дол., штогадовы прырост да 13%) і больш за 90% паступленняў цвёрдай валюты. Гадавая магутнасць нафтаперапр. з-даў 3 млн. т. Разведку і здабычу нафты ажыццяўляюць змешаныя кампаніі (60% капіталаў ва ўрада Амана, 40% у зах.-еўрап. фірмаў). Прыродны газ (гадавая здабыча 2,8 млрд. м³) выкарыстоўваецца ў энергетыцы, працуюць з-ды па звадкаванні газу. Ёсць дзярж. прадпрыемствы: медзеплавільны з-д у г. Эс-Сахар, нафтаперапрацоўчы ў Маскаце, цэментны ў Русаі. Развіты рыбалоўства, буд. прам-сць, саматужныя промыслы (апрацоўка скур, прадзенне, ткацтва, вытв-сць ювелірных вырабаў, халоднай зброі, прадметаў хатняга ўжытку, перапрацоўка фінікаў). Сельская гаспадарка дае 3% валавога ўнутр. прадукту (у ёй занята 42% насельніцтва, разам з рыбалоўствам). Для земляробства прыдатныя 0,2% плошчы краіны, 4,7% пад пашай. Найб. асвоены Эль-Батына, прыбярэжная раўніна Дафара і вадзі ўнутр. раёнаў. Земляробства аазіснае, са штучным арашэннем. Гал. культура — фінікавая пальма (50% апрацаваных зямель). Вырошчваюць проса, кукурузу, ячмень, пшаніцу, траву альфу (ідзе на выраб паперы і тканін), гародніну, тытунь, лімоны, апельсіны, манга, бананы, вінаград, какосавыя арэхі. Увозіцца збожжа. Жывёлагадоўля экстэнсіўная. Бедуіны-качэўнікі гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў. Асн. транспарт — марскі і аўтамабільны, сувязь з унутр. раёнамі — па караванных шляхах. Асн. парты Міна-Кабус, Райсут, Маскат, Эль-Матрах. Аўтамагістралі злучаюць Аман з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Даўж. аўтадарог каля 23 тыс. км, нафтаправодаў 800 км, газаправодаў 350 км. Міжнар. аэрапорты ў Эс-Сіб (прыгарад Маската) і Салале. Экспарт (4,9 млрд. амер. дол., 1991) — пераважна нафта, імпарт (3 млрд. амер. дол., 1991) — машыны і трансп. сродкі, змазачныя матэрыялы, прадукты харчавання. Буйнейшыя гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, ААЭ, Паўд. Карэя, Сінгапур. Грашовая адзінка — аманскі рыял.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, гаспадарка), У.​С.​Кошалеў (гісторыя).

Герб і сцяг Амана.
Да арт. Аман. Вароты г. Маскат.

т. 1, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІЎНАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ

На Беларусі паліўная прамысловасць прадстаўлена нафтаздабыўной, нафтаперапрацоўчай і тарфяной падгалінамі. Здабывае нафту і спадарожны газ, перапрацоўвае нафту на светлыя нафтапрадукты, топачны мазут, бітумы і інш., здабывае торф. У аб’ёме вырабляемай прамысл. прадукцыі ў 2000 доля галін паліўна-энергет. комплексу складае 14,2%.

У пач. 20 ст. ў Беларусі на паліва выкарыстоўвалі пераважна дровы. У паліўным балансе 1913 іх удзельная вага складала 86,6%. Торф здабываўся ў невял. колькасці. Тарфяная прамысловасць створана ў 1920—30-я г. Доля торфу ў паліўным балансе 1940 вырасла амаль да ​2/3, значнае месца займаў ён і ў пасляваен. перыяд. З 1960 патрэба рэспублікі ў паліве задавальнялася пераважна прывазнымі вугалем і топачным мазутам. Каменны вугаль завозілі з Данбаса, невял. колькасць — з Львоўска-Валынскага басейна. У сярэдзіне 1960-х г. узнікла нафтаздабыўная і нафтаперапрацоўчая прамысловасць Развіццё газіфікацыі, наяўнасць уласных нафтапрадуктаў прывялі да змены структуры паліўнага балансу. Рэзка скарацілася ўдзельная вага цвёрдага паліва, павялічылася доля топачнага мазуту і газу (з 4,9% у 1960 да 67,1% у 1975). Выкарыстанне дроў за 1961—75 скарацілася ў 2,7 раза.

Тарфяная прамысловасць на Беларусі спецыялізавалася на здабычы фрэзернага і кускавога торфу на паліва, для сельскай гаспадаркі, хім. перапрацоўкі, медыцыны, на выпуску торфабрыкетаў.

Прамысловая здабыча торфу пачалася ў 1896 пры шклозаводзе ў в. Серкавіца (Талачынскі р-н), у 1899 — каля Гомеля на патрэбы цагельняў. У 1900 на торфараспрацоўцы каля в. Шэбрын (Брэсцкі р-н) вырабляліся торфабрыкеты. Да 1913 арганізаваны торфараспрацоўкі «Дымаўшчына» (каля Віцебска), «Гразкі» (Гомельскі р-н), «Котуш» (каля Магілёва), пры шклозаводах у Полацкім і Віцебскім р-нах, пад Мінскам (для патрэб камунальных прадпрыемстваў). У 1913 здабыта 14 тыс. т кускавога торфу разным і элеватарным спосабамі, пераважна ўручную. З 1931 пачаў укараняцца фрэзерны спосаб. У 1920—30-я г створана больш як 200 торфапрадпрыемстваў, а ў зах. абласцях пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР — 20 прадпрыемстваў. У 1940 здабыта 3,4 млн. т торфу, яго ўдзельная вага ў паліўным балансе рэспублікі склала 63,5%. У Вял. Айч. вайну тарфяная прамысловасць разбурана, даваенны ўзровень торфаздабычы перасягнуты ў 1949.

Да 1960 торф заставаўся асн. відам паліва, на ім працавала больш як палавіна ДРЭС і ЦЭЦ, яго ўдзельная вага ў паліўным балансе складала 39,5%. У 1950—60-я г. пабудавана больш за 10 буйных торфапрадпрыемстваў. Фрэзерным спосабам здабывалася амаль 100% торфу. У сувязі з павелічэннем выкарыстання больш эфектыўных відаў паліва (нафтапрадуктаў, прыроднага газу) з канца 1970 здабыча торфу змяншалася, яго ўдзельная вага ў паліўным балансе ў 1975 склала 10,5%, у 1985—0,8%. На пач. 2001 тарфяная прамысловасць Беларусі ўключала 37 прадпрыемстваў па здабычы і перапрацоўцы торфу пераважна на камунальна-быт. патрэбы. Найб. значныя прадпрыемствы: «Каўпеніца», «Бярозаўскае», «Кобрынскае» ў Брэсцкай, «Асвейскае», «1 Мая», «Усвіж-Бук» у Віцебскай, «Луцкі», «Хойніцкі» ў Гомельскай, «Дзітва», «Лідскі», «Ашмянскі» ў Гродзенскай, «Рэдкі Рог», «Татарка», «Ганчанскае» ў Магілёўскай, «Усвіж», «Сяргеевіцкае», «Слуцкае» ў Мінскай абласцях.

Тарфяныя машыны і іх комплексы для распрацоўкі радовішчаў, здабычы, сушкі і ўборкі торфу ў 1960—80-я г. выпускаў пераважна Гомельскі завод тарфянога машынабудавання (фрэзеры-валкавальнікі, штабелявальныя машыны, тарфяныя гідраўлічныя пагрузчыкі і інш.).

Нафтаздабыўная прамысловасць уключае комплекс прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць разведку, здабычу, першапачатковую ачыстку і транспарціроўку нафты і спадарожных газаў. Адкрытыя на Беларусі радовішчы нафты прымеркаваны да паўн. часткі Прыпяцкага прагіну (пераважна Рэчыцкі і Светлагорскі р-ны). Першы фантанны прыток нафты атрыманы ў 1953 на Ельскай структуры, першы прамысл. — на Рэчыцкім радовішчы ў 1964 (прамысл. распрацоўка яго пачалася ў 1965, за год было здабыта 39 тыс. т). У 1966—70 здадзены ў эксплуатацыю Асташкавіцкае, Вішанскае і Давыдаўскае радовішчы (Светлагорскі р-н). Да канца 1970-х г. разведана 18 радовішчаў, усяго на Беларусі да пач. 2000 адкрыты 62 радовішчы. Дэбіт свідравін на іх невялікі. Для інтэнсіфікацыі здабычы нафты на бел. радовішчах выкарыстоўваецца прагрэс. тэхналогія — падтрыманне пластавога ціску запампоўваннем вады, апрацоўка свідравін паверхнева-актыўнымі растворамі. Пераважае помпавы спосаб здабычы з дапамогай глыбінных помпаў. З усіх радовішчаў па нафтаправодах нафта ідзе да Рэчыцкага і Асташкавіцкага радовішчаў, дзе праходзіць прамысл. падрыхтоўку, пасля чаго падаецца ў магістральны нафтаправод і на нафтаперапр. заводы. У 1965—90 здабыта каля 90 млн. т нафты (гл. таксама табл.). Штогадовая здабыча бел. нафты складае больш як 1,8 млн. т (для патрэб Беларусі яе не хапае, таму частку нафты атрымліваюць з Расіі). Эксплуатуецца 37 радовішчаў (каля 500 дзеючых свідравін). Усе прадпрыемствы нафтаздабыўной прамысловасці ўваходзяць у ВА «Беларусьнафта». Разведка нафты вядзецца ВА «Белгеалогія» і «Беларусьнафта», перапрацоўка — Наваполацкім ВА «Нафтан» і Мазырскім нафтаперапр. заводам. Каардынацыйную дзейнасць па пошуку, разведцы, здабычы, транспарціроўцы, перапрацоўцы нафты і забеспячэнне нар. гаспадаркі краіны нафтапрадуктамі ажыццяўляе Бел. дзярж. канцэрн па нафце і хіміі «Белнафтахім».

Нафтаперапрацоўчая прамысловасць Беларусі спецыялізавана на выпуску маторнага і кацельна-пячнога паліва, маслаў, прадуктаў для хім. і нафтахім. прамысловасці і інш. Развіваецца з 1963, калі быў здадзены ў эксплуатацыю Полацкі нафтаперапр. завод (з 1992 Наваполацкае ААТ «Нафтан»). У 1975 прадукцыю пачаў даваць Мазырскі нафтаперапр. завод (з 1994 адкрытае акц. т-ва — ААТ). Устаноўленая магутнасць ААТ «Нафтан» складае 25 млн. т за год, глыбіня перапрацоўкі нафты дасягае 64—65%, выпускаецца прадукцыі больш за 75 найменняў, у т. л. аўтамабільныя бензіны, рэактыўнае, дызельнае і пячное паліва, мазут, нафтавыя бітумы, вакуумны газойль, звадкаваны газ, тэхнічная сера. ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» арыентаваны на вытворчасць маторнага і кацельнага паліва, яго ўстаноўленая магутнасць 16,5 млн. т за год. У 2000 першасная перапрацоўка нафты склала 13 528 тыс. т, у выніку атрымана (тыс. т.): бензіну — 2124, дызельнага паліва — 3847, топачнага мазуту — 4627 (гл. таксама табл.). У 2002 першасная перапрацоўка нафты склала 15 247 тыс. т, у 2003—15 774 тыс. т. Нафта для перапрацоўкі на гэтыя заводы паступае ў асноўным па адгалінаваннях магістральнага нафтаправода з Рас. Федэрацыі.

Агульная працягласць магістральных нафтаправодаў на тэр. Беларусі ў аднаніткавым вылічэнні складае 2,9 тыс. км. Па іх расійская нафта транспартуецца ў Літву і Латвію (порт Вентспілс), ва Украіну, Польшчу, Германію, Венгрыю, Чэхію, Славакію, Сербію і Чарнагорыю. Па мясц. нафтаправодах нафта ад усіх радовішчаў перапампоўваецца да ўстаноўкі прамысл. падрыхтоўкі нафты, дзе праходзіць абяссольванне, сепарацыю і падаецца ў магістральны нафтаправод.

Газавая прамысловасць уключае разведку, распрацоўку і эксплуатацыю радовішчаў прыродных газаў, вытворчасць штучных газаў, комплексную перапрацоўку, транспарціроўку па газаправодах і захоўванне. Газіфікацыя забяспечвае выкарыстанне гаручых газаў у нар. гаспадарцы і на быт. патрэбы. На Беларусі шырокая газіфікацыя гарадоў, вёсак і прадпрыемстваў пачалася ў 1960, калі было закончана будаўніцтва 1 -й чаргі газаправода Дашава—Мінск і адгалінавання на Гомель ад магістральнага газаправода Кіеў—Масква. У 1961—65 прыродны газ атрымалі Брэст, Баранавічы, Гродна, Слонім, Ліда і інш. гарады, Бярозаўская ДРЭС і Ваўкавыскі цэментны завод, на пач. 1971—52 гарады Беларусі. З 1967 на нафтапромыслах Беларусі вядзецца адбор спадарожнага газу. З 1974 дзейнічае газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы—Кобрын (другая яго нітка дзейнічае з 1978), па якім прыродны газ паступае з Рас. Федэрацыі. У 1976 пабудавана першае на Беларусі Асіповіцкае падземнае газасховішча. З развіццём нафтаздабычы больш выкарыстоўваецца спадарожны газ на нафтавых промыслах. Для яго перапрацоўкі пабудаваны і ў 1976 уведзены ў дзеянне Бел. газаперапрацоўчы завод (г. Рэчыца), які дае звадкаваныя газы, бензін, вуглевадародныя прапеленты, адбензаваны газ; забяспечвае палівам Светлагорскую ЦЭЦ і кватэры Рэчыцы і Светлагорска. У 1995 даўжыня магістральных газаправодаў склала 5534 км, імпартавана 14 млрд. м³ газу. Прыродны газ выкарыстоўваецца для атрымання электраэнергіі, як паліва і хім. сыравіна.

Сланцавая прамысловасць займаецца здабычай і перапрацоўкай гаручых сланцаў для атрымання з іх газу і паліва на быт. і энергетычныя патрэбы. На Беларусі буйны сланцаносны раён знаходзіцца ў межах Прыпяцкага прагіну. Прагнозныя запасы 11 млрд. т. Найб. разведаныя Любанскае і Тураўскае радовішчы гаручых сланцаў. Гл. таксама Паліўная прамысловасць і арт. пра яе асобныя галіны ў алфавітных тамах БелЭн.

Металургічная прамысловасць. Галіна цяжкай прамысловасці, якая спецыялізавана на атрыманні металаў з руды і інш. матэрыялаў, на змене хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў. Уключае чорную і каляровую металургію.

Прадпрыемствы чорнай металургіі вырабляюць чыгун, сталь, пракат, стальныя і чыгунныя трубы, ферасплавы, метал. вырабы прамысл. прызначэння. Да чорнай металургіі адносяцца таксама падгаліны па здабычы жал., марганцавай руд і па вытв-сці іх канцэнтратаў, агламерату, акатышаў, флюсавых вапнякоў, прамысловасць вогнетрывалых матэрыялаў і інш.

На Беларусі прамысловы выпуск чыгуну і жалеза пачаўся з канца 18 ст. на з-дах Тызенгаўза ў Брэсцкім пав. Гродзенскай губ., Вішнеўскім і Налібоцкім з-дах у Ашмянскім пав. Віленскай губ., Уладзімірскім з-дзе ў Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ., якія былі абсталяваны вадзянымі і паравымі рухавікамі і выкарыстоўвалі мясц. балотныя руды і драўняны вугаль. Развіццё ў 2-й пал. 19 ст. чорнай металургіі на Украіне і ў Расіі на базе мінер. паліва прывяло да спынення металург. вытв-сці на Беларусі. Адраджэнне пачалося ў 1920-я г., калі ў Магілёве быў пабудаваны трубаліцейны з-д, які з 1937 пачаў выпускаць і ліставую сталь. У 1940 вытв-сць сталі ў рэспубліцы склала 5,2 тыс. т, пракату — 4,1 тыс. т. У 2003 працавала 15 прадпрыемстваў, на якіх было занята 17 тыс. чал. Найбуйнейшае з іх — Беларускі металургічны завод у Жлобіне, які працуе на металаломе і чыгунных чушках (выпускае трубныя стальныя загатоўкі, буд. арматуру, стальныя катанкі, вугалкі і дрот, швелеры і інш.). У 2003 на ім працавала 12,5 тыс. чал., выпушчана 1572,9 тыс. т сталі, гатовага пракату 1453,1 тыс. т, металакардону 66,3 тыс. т. На Магілёўскім металургічным заводзе вырабляюць стальныя і чыгунныя трубы. Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт» спецыялізуецца на вытв-сці адлівак з чыгуну, каналізацыйных люкаў, Рэчыцкі метызны завод — дроту, цвікоў; Маладзечанскі завод лёгкіх метал. канструкцый — стальных труб. Вытв-сць сталі і пракату ёсць на буйных маш.-буд. з-дах Мінска, Гомеля, Мазыра, Бабруйска, Оршы; чыгуннага і стальнога ліцця — на прадпрыемствах Баранавічаў, Бярозы, Навагрудка, Пінска, Полацка і інш. У 2003 выраблена чыг. ліцця 225 тыс. т, сталі 1694 тыс. т, гатовага пракату 1451 тыс. т, стальных труб 95,9 тыс. т, металакардону 66,3 тыс. т (гл. табл.). Прадукцыя чорнай металургіі Беларусі экспартуецца ў Расію, ЗША, Германію, Вялікабрытанію, Кітай і інш.

Каляровая металургія — найбольш энергаёмістая галіна цяжкай прам-сці, якая ажыццяўляе здабычу і абагачэнне руд, вытв-сць і апрацоўку каляровых, высакародных і рэдкіх металаў, у т. л. сплаваў, перапрацоўку другаснай сыравіны, а таксама здабычу алмазаў. Спадарожная прадукцыя галіны — хім. злучэнні, мінер. ўгнаенні, буд. матэрыялы і інш. У залежнасці ад віду прадукцыі, якую вырабляюць, у складзе галіны вылучаюцца медная, свінцова-цынкавая, нікель-кобальтавая, алюмініевая, тытана-магніевая, вальфрама-малібдэнавая, высакародных металаў, цвёрдых сплаваў, рэдкіх металаў прам-сць. Роля каляровай металургіі ў сучаснай эканоміцы хутка расце ў сувязі з развіццём новых галін прам-сці: атамнай, ракетнай, касмічнай, электроннай, прыладабудавання і інш.

На Беларусі з канца 19 ст. існавалі невял. медзеплавільныя прадпрыемствы саматужнага тыпу, якія выкарыстоўвалі металалом. Цяпер у Мінску існуе завод другаснай перапрацоўкі каляровых металаў, ёсць невял. ліцейная вытв-сць у Гомелі і Мазыры.

Літ.:

Болбас М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795—1861 гг.). Мн., 1966;

Яго ж. Промышленность Белоруссии, 1860—1900. Мн., 1978;

Киреенко М.Г. Индустриальный комплекс республики. Мн., 1977;

Энергетика Белоруссии Мн., 1968;

Белорусская энергетическая система (1931—1991). Мн., 1992;

Белорусская энергетическая система, 1988—2000. Мн., 2001;

Эканамічная гісторыя Беларусі. 2 выд. Мн., 1966;

Наука и техника Советской Белоруссии в 1917—1990 гг.: Хроника важнейших событий. Мн., 1991.

Я.​П.​Забела.


Здабыча асноўных відаў паліва ў Рэспубліцы Беларусь
Гады 1940 1950 1960 1970 1980 1985 1990 1995 2000 2003
Нафта (з газавым кандэнсатам), тыс. т — — — 4234 2551 2019 2054 1932 1851 1826
Натуральны (спадарожны) газ, млн. м³ — — — 185 281 244 297 266 257 254
Торф паліўны (умоўнай вільготнасці), тыс. т 3400 3900 8300 9200 4486 4532 3438 3145 2002 1803
Торфабрыкеты паліўныя, тыс. т — 17 403 1878 2013 2102 2017 1535 1257

Вытворчасць асноўных відаў прадукцыі нафтаперапрацоўчай прамысловасці Рэспублікі Беларусь (тыс. т)
Гады 1965 1970 1980 1985 1990 1995 2000 2003
Першасная перапрацоўка нафты 7031 18431 41096 39015 39442 13118 13528 15774
у выніку атрымана: бензіну 591 1432 4718 5036 5064 2004 2124 2366
дызельнага паліва 886 2778 8331 7877 7659 3465 3847 4913
топачнага мазуту 1597 6020 18189 18189 16849 5592 4627 4790

Асноўныя паказчыкі вытворчасці чорнай металургіі ў Рэспубліцы Беларусь
Прадукцыя 1990 1995 2000 2002 2003
Сталь, тыс. т 1112 744 1624 1607 1694
Гатовы пракат чорных металаў, тыс. т 686 614 1397 1458 1451
Стальныя трубы:
тыс. т 90,0 12,3 37,9 76,7 95,9
тыс. м 33 915 5732 18 979 33 805 42 212
Металакардон, тыс. т 20,1 25,6 49,2 48,8 66,3
Чыгуннае ліццё, тыс. т 859 193 213 221 225
Торфабрыкетны завод «Бярэзінскі» (Маладзечанскі раён).
Буравая вышка для будаўніцтва нафтавай і газавай свідравін.
Эксплуатацыйная свідравіна для здабычы нафты з дапамогай глыбіннай помпы на Рэчыцкім радовішчы.
Асноўныя прадпрыемствы нафтаперапрацоўчай прамысловасці: 1 — перапрацоўчы комплекс Наваполацкага ААТ «Нафтан»; 2 — Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод.
Беларускі газаперапрацоўчы завод.

т. 18, кн. 2, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАБО́Н (Gabon), Габонская Рэспубліка (République Gabonaise),

дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца Атлантычным ак., на Пн мяжуе з Экватарыяльнай Гвінеяй і Камерунам, на У і Пд — з Конга. Падзяляецца на 9 правінцый. Пл. 267,7 тыс. км², нас. 1123 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Лібрэвіль. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жн.).

Дзяржаўны лад. Габона — рэспубліка. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1990.

Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход са 120 дэпутатаў, 111 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 9 прызначаюцца прэзідэнтам — усе на 5 гадоў. Выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.

Прырода. Большую ч. тэр. Габона займае Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Яно складзена з пясчанікаў і ўзнімаецца на 300—800 м над узр. мора. На З горы Шаю (з найвышэйшым пунктам краіны г. Ібунджы, 1580 м), Хрустальныя і Маюмба, складзены з дакембрыйскіх парод. На ўзбярэжжы забалочаная раўніна з мелавых, палеагенавых і неагенавых марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, марганцавыя, уранавыя, жал. руды, золата, калійныя солі, буд. матэрыялы. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны на Пн, з пераходам да субэкватарыяльнага на З і Пд. Т-ра паветра 24—28 °C у крас., 20—24 °C у ліпені Ападкаў 1600—2000 мм, на ўзбярэжжы да 4000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй, найб. Агаве. 80% тэр. пад вільготнымі экватарыяльнымі лясамі на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. Шмат парод дрэў з кашт. драўнінай (акуме, чырвонае, жоўтае, эбенавае, сандалавае, лімба і інш.). На Пд і У лясы часткова замешчаныя другаснымі высакатраўнымі саваннамі. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, лясныя антылопы, гіены і інш., у рэках гіпапатамы, кракадзілы. Шмат птушак, змей, насякомых (у т. л. муха цэцэ). Нац. паркі Бонга-Бонг, Аканда; некалькі запаведнікаў і заказнікаў.

Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва належыць да моўнай групы паўн.-зах. банту, народы фанг (каля 35%), бакеле (30%), мпонгве, бакота і інш.; ёсць банту Конга, пігмеі, якія гавораць на мовах банту; невял. групы эмігрантаў з суседніх краін і еўрапейцаў (пераважна французаў). Большасць вернікаў католікі (55—75%), мусульман 1%, астатнія прытрымліваюцца мясц. традыц. культаў (анімісты). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 4,2 чал. на 1 км², у асобных раёнах узбярэжжа да 10—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1993): Лібрэвіль — 300, Порт-Жантыль — 164, Франсвіль — 75. У сельскай гаспадарцы занята 65% насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 30, у абслуговых галінах і кіраванні — па 2,5%.

Гісторыя. Стараж. і сярэдневяковая гісторыя Габона мала даследавана. Першымі яго насельнікамі, верагодна, былі пігмеі. У пач. н.э. тут пасяліліся плямёны банту. З 13 ст. ўзбярэжжа заселена народамі мпонгве. У канцы 18 ст. з Пн праніклі плямёны фанг, якія да 1875 засялілі даліну р.Агаве. Да з’яўлення еўрапейцаў (першымі былі партуг. мараплаўцы ў 1472) народы Габона знаходзіліся на стадыі разлажэння родаплемяннога ладу. Краіна стала адным з гал. раёнаў захопу рабоў. У 1839 французы заснавалі апорны пункт на левым беразе бухты Габон і прымусілі караля мпонгве прыняць французскі пратэктарат. Пазней яны замацаваліся і на правым беразе і заснавалі г. Лібрэвіль. Да канца 19 ст. Францыя пашырыла свой кантроль на ўсю тэр. краіны. З 1886 Габон — асобная калонія Францыі. У 1910—58 у складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі. Насельніцтва цярпела ад жорсткай эксплуатацыі і прымусовых работ. У 2-ю сусв. вайну Габон прызнаваў «Змагарную Францыю».

З 1946 Габон — заморская тэр. Францыі. Тут узніклі паліт. партыі, найбуйнейшыя з іх — Габонскі дэмакр. і сац. саюз (ГДСС; выражаў інтарэсы народа фанг) і Габонскі дэмакр. блок (ГДБ; аб’ядноўваў прадстаўнікоў усіх народаў краіны). 28.9.1958 Габон атрымаў самакіраванне ў складзе Франц. Супольнасці. 17.8.1960 абвешчана незалежнасць у рамках Супольнасці. 17.2.1961 прынята новая канстытуцыя (перагледжана ў 1975). Прэзідэнтам стаў лідэр ГДБ Л.​Мба. У ліст. 1967 яго змяніў віцэ-прэзідэнт А.​Бонга. У сак. 1968 ГДБ і ГДСС зліліся ў Габонскую дэмакр. партыю (ГДП), іншыя партыі былі забаронены. Паводле часовай канстытуцыі 1990 адноўлена шматпартыйнасць. На выбарах 1990 перамагла ГДП і стварыла кааліцыйны ўрад з прадстаўнікамі апазіцыі. Габон — чл. ААН з 1960. Паліт. партыі — Габонская дэмакр. партыя, Габонская партыя прагрэсу, Рух за нац. адраджэнне і інш. — усяго 70 партый. Адзіны прафс. цэнтр — Габонская канфедэрацыя прафсаюзаў.

Гаспадарка. Габон — адна з самых багатых краін Афрыкі (2-е месца на кантыненце па сярэднестат. узроўні жыцця). Гал. месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці, у якой вылучаюцца здабыча нафты і марганцу, нарыхтоўка дзелавой драўніны. Нафтавы сектар дае 30% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і забяспечвае 80% экспартнай выручкі. Нафту і прыродны газ здабываюць пераважна на марскім шэльфе. Гадавая здабыча нафты каля 16 млн. т (1994), амаль уся яна экспартуецца. Здабываецца марганцавая руда (3-е месца ў свеце, каля 1,5 млн. т, 1994), золата і жал. руды. У 1994 вытв-сць уранавага канцэнтрату складала каля 600 т, нарыхтавана драўніны каштоўных парод каля 3 млн. м³, выпрацавана электраэнергіі каля 1 млрд. кВт∙гадз. У Габоне самы буйны ў Афрыцы з-д клеенай фанеры (у Порт-Жантылі), 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць каля 2 млн. т за год), прадпрыемствы па вытв-сці цэменту, цэлюлозы, тэкстыльных і швейных вырабаў, невял. рачных і марскіх суднаў, пальмавага алею, піва, мыла, па абагачэнні урану, ачыстцы і сартаванні кавы, металарамонтныя майстэрні; традыцыйныя мясц. рамёствы — ганчарнае, ткацкае, кавальскае. Сельская гаспадарка дае каля 3% ВУП краіны, хоць з’яўляецца крыніцай даходаў для большасці насельніцтва. Пераважаюць прымітыўнае матычнае земляробства, дробныя паўнатуральныя гаспадаркі. На сельгасугоддзі прыпадае каля 0,5% пл. краіны. З харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, кукуруза, ямс, бананы, гародніна. Гал. экспартныя прадукты — кава, какава, цукр. трыснёг, пальмавы алей, арахіс. Жывёлагадоўля амаль не развіта з-за абмежаванасці кармавой базы і распаўсюджанасці ў большасці раёнаў мухі цэцэ. Дапаможнае значэнне маюць акіянскае і рачное рыбалоўства, паляванне, збор дзікарослых пладоў алейнай пальмы, бананаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 7,5 тыс. км, з іх 560 км асфальтаваных. З 1987 дзейнічае трансгабонская чыгунка Лібрэвіль—Бове (даўж. 649 км). Даўж. суднаходных участкаў рэк 1600 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Гал. парты: Авенда, Порт-Жантыль, Лібрэвіль. У краіне 68 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л. міжнар. аэрапорт каля г. Лібрэвіль. Габон экспартуе нафту, марганец, драўніну, уран, імпартуе машыны, хім. і нафтавыя прадукты, тавары лёгкай і харч. прам-сці. Больш за палову гандл. абароту прыпадае на Францыю, інш. гандл. партнёры — ЗША, ФРГ, Японія, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фінансавага супольніцтва.

У.​М.​Зайцаў (прырода, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Габона.
Да арт. Габон. Прыморская частка сталіцы г. Лібрэвіль.

т. 4, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНЫ ЛЕДАВІ́ТЫ АКІЯ́Н,

найменшы па плошчы акіян на Зямлі. Размешчаны ў Паўн. паўшар’і, паміж Еўразіяй і Паўн. Амерыкай. Пл. з морамі 14,75 млн. км², аб’ём вады 18,1 млн. км². Сярэдняя глыб. 1225 м, найб. 5527 м (паўн.-ўсх. ч. Грэнландскага м.). Падводнымі парогамі адасоблены ад Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Умоўная мяжа з Атлантычным ак. праходзіць па ўсх. уваходзе ў Гудзонаў прал., па паўд. мяжы Грэнландскага і Нарвежскага мораў; з Ціхім ак. — па паралелі м. Унікын (Чукоцкі п-аў) да перасячэння з берагам п-ва Сьюард (Аляска). У мінулым акіян называлі Паўн. Палярным і Паўн. Ледавітым морамі. Сучасную назву дало ў 1845 Лонданскае геагр. т-ва.

Берагавая лінія моцна парэзана, утварае шмат мораў і заліваў. Да бас. П.Л.а. належаць моры: Грэнландскае, Нарвежскае, Баранцава, Белае, берагі якіх высокія, скалістыя, фіёрдавыя, на У абразіўныя з невял. залівамі; Карскае. Лапцевых, Усх.-Сібірскае, Чукоцкае, Бофарта — іх берагі пераважна складаныя, дэльтавыя, роўныя, месцамі лагунныя; Бафіна, Лінкальна, Гудзонаў заліў (Канадскі бас.), берагі якіх пераважна роўныя, нізкія, месцамі скалістыя, з марскімі тэрасамі (пра моры і залівы гл. адпаведныя арт.).

Астравы пераважна мацерыковага паходжання: Грэнландыя, Канадскі Арктычны архіпелаг, Шпіцберген, Франца-Іосіфа Зямля, Новая Зямля, Паўночная Зямля, Урангеля востраў, Новасібірскія астравы, Калгуеў, Вайгач і інш. агульнай пл. 4 млн. км².

Для рэльефу дна характэрна шырокая зона падводных мацерыковых ускраін. Яна займае 74,6% плошчы дна, шэльф — 50,3%, кантынентальны схіл — 18,4% і падножжа — 5,9%. Шыр. найбуйнейшага Арктычнага шэльфа Еўразіі (глыб. да 500 м) ад 450—800 км (Лапцева-Чукоцкі шэльф) да 1200 км (Баранцава-Карскі шэльф). У Грэнландска-Амерыканскім сектары, Нарвежска-Грэнландскім і Бафінавым басейнах шэльфы адносна вузкія, ад 50—100 да 300 км. Баранцава-Карскі шэльф абрываецца да глыбакаводных басейнаў кантынентальнымі схіламі з найб. перападам глыбінь (да 2500 м). Кантынентальны схіл на Пн ад Новасібірскіх а-воў выражаны ў выглядзе шырокай пакатай ступені, каля Нарвегіі мае шырокае ўскраіннае плато (аваншэльф) Вёрынг. Ад Атлантычнага ак. ў П.Л.а. зігзагападобна цягнецца Сярэдзінна-Арктычны хр., які разломамі падзяляецца на хр. Кольбейнсей, Мона, Кніповіча і Гакеля. Агульная даўж. хрыбта каля 4500 км, шырыня некалькі соцень км, адносная выш. 1—3,5 км. Па абодвух яго баках знаходзяцца глыбакаводныя Грэнландская, Нарвежская і Лафатэнская (глыб. 2200—3500 м) катлавіны Нарвежска-Грэнландскага бас. і катлавіны Амундсена і Нансена (3500—4500 м) Еўразійскага суббасейна. Амеразійскі суббасейн уключае трансарктычную сістэму дадатных і адмоўных морфаструктур рознага паходжання: парог Ламаносава (400—1500 м), пласкагор’е Мендзялеева—Альфа і Чукоцкае падняцце (300—1000 м), катлавіны Макарава (2500—3000 м) і шырокую Канадскую (3200—3800 м) і інш. У межах акіяна вылучаюцца платформавыя блокі, складкаватыя зоны і акіянічныя структуры. Пліты стараж. платформ утвараюць паўн.-ўсх. ч. Баранцава-Карскага і Лапцева-Чукоцкага шэльфаў. У межах шэльфаў развіта зямная кара кантынентальнага тыпу магутнасцю да 40 км. У асобных частках «гранітны» слой адсутнічае і рэзка павялічваецца магутнасць асадкавага чахла. Парог Ламаносава, Чукоцкае падняцце і зоны кантынентальнага схілу маюць субкантынентальную зямную кару магутнасцю 20—25 км. Еўразійскаму суббасейну, Нарвежска-Грэнландскаму бас. і Канадскай катлавіне ўласціва субакіянічная і акіянічная зямная кара (5—15 км) з базітавым фундаментам. Найб. стараж. ўчастак акіяна — Канадская катлавіна, пачатак утварэння якой адносяць да позняй юры — пач. мелу.

Донныя адклады П.Л.а. пераважна тэрыгеннага паходжання. На шэльфах алеўрытавыя, радзей гліністыя ілы, у глыбакаводных басейнах на хрыбтах пясчаныя, у катлавінах гліністыя ілы. Каля кантынентальных падножжаў пашыраны турбідыты. Карысныя выкапні: нафта і газ — у буйных нафтагазаносных басейнах на мацерыковым абрамленні акіяна, якія працягваюцца і на яго шэльфы (Зах.-Сібірскі, Пячорскі, Нарвежска-Грэнландскі бас., Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн, Свердруп); газагідраты ў м. Бофарта; россыпы касітэрыту на ўзбярэжжах мораў Лапцевых, Усх.-Сібірскага і Чукоцкага; на металаносныя ілы і поліметалічныя гідратэрмальныя радовішчы масіўных сульфідаў перспектыўныя рыфтавыя цясніны Сярэдзінна-Арктычнага хрыбта.

Клімат арктычны. Асн. яго рысы фарміруюцца пад уплывам размяшчэння акіяна ў высокіх шыротах, пастаяннага ледавіковага покрыва, паступлення паветраных мас і вод з Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Сярэднегадавы радыяцыйны баланс адмоўны, страты цяпла 85—125 МДж/м². Т-ра паветра ў студз. ў цэнтр. ч. да -36 °C, каля берагоў Нарвегіі -4 °C, у ліп. 1—6 °C. Ападкаў за год адпаведна 75—200 мм і да 1000 мм у Нарвежскім м., звычайна ў выглядзе снегу. Антыцыклоны пануюць над Грэнландыяй і ўсх. сектарам П.Л.а., зімой пашыраюцца на ўсю тэрыторыю. Цыклоны круглы год пранікаюць з Атлантыкі, найб. частыя і глыбокія ў зах. ч. акіяна.

Гідралагічны рэжым. Гал. яго асаблівасць — ільды, якія зімой займаюць каля 90% плошчы акіяна (акрамя Пд Баранцава м.) і захоўваюцца некалькі гадоў (пак 3—5 м таўшчыні). Іх аб’ём каля 26 тыс. км³. Для Бафінава і Грэнландскага мораў характэрны айсбергі. На працягу некалькіх гадоў дрэйфуюць т.зв. ледзяныя астравы (таўшчынёй 30—35 м), якія выкарыстоўваюць для базіравання дрэйфуючых станцый. Сярэдняя скорасць дрэйфу лёду 7 км/сут, макс. — 100 км/сут. У П.Л.а. вылучаецца шырокая антыцыкланальная цыркуляцыя вод у Амеразійскім суббасейне і цыкланальная — у Нарвежска-Грэнландскім бас. Абодва кругавароты падзяляюцца Трансарктычным цячэннем (скорасць 3,7 км/сут), яго працяг — Усх.-Грэнландскае цячэнне (20—30 км/сут) выносіць ​2/​3 сцёку вады з Арктычнага басейна. Цёплыя воды з Атлантычнага ак. прыносяцца Нарвежскім цячэннем, Шпіцбергенскім і Нардкапскім цячэннямі. Праз Берынгаў прал. паступае вады ў 3—4 разы меней. П.Л.а. моцна апрасняецца рэкамі, якія прыносяць штогод больш за 5 тыс. км³ вады. Т-ра паверхневых вод летам -1,4 °C, зімой -1,7 °C, т-ра лёду -10 °C. Салёнасць паверхневых арктычных вод каля 30‰, макс. прыдонных 34,9‰. Шчыльнасць арктычных вод найб. 1026,17 кг/м³. Прылівы няправільныя паўсутачныя (1 м), макс. прыліў у Мязенскай губе Белага м. — 9 м.

Флора і фауна прадстаўлены арктычнымі і атл. формамі. Фітапланктону 200 відаў, пераважаюць дыятамеі. Фітабентас прадстаўлены ламінарыяй, анфельцыяй, фукусавымі, у Белым м. — заасцерай. Заабентасу каля 200 відаў (Нарвежска-Грэнландскі бас. і Баранцава-Карскі шэльф), кіты (паласацік і грэнландскі), млекакормячыя крыяфілы (белы мядзведзь, морж, цюлень) і інш. Рыб 150 відаў, прамысловыя: селядзец, траска, пікша, сайда, мойва і інш. Летам на астравах «птушыныя кірмашы»; гагары, тупікі і інш.

Гаспадарчае выкарыстанне. Моры Нарвежска-Грэнландскага бас., Баранцава-Карскага шэльфа і м. Бафіна — раёны рыбалоўства (мойва, мерланг, путасу, траска, марскі акунь, сайда, селядзец), промыслу грэнландскага цюленя, цюленя-лысуна, бялухі і інш. У Белым м. — водараслевы промысел. На ўзбярэжжах некаторых сібірскіх мораў распрацоўваюцца прыбярэжна-марскія касітэрытавыя і залатаносныя россыпы; у Канадскім Арктычным архіпелагу — свінцова-цынкавыя і жалезныя руды; на скандынаўскім узбярэжжы — храміты, нікелевыя, жалезныя і інш. руды; каля берагоў Грэнландыі — малібдэнавыя руды; у м. Бофарта — газанафтавае радовішча Прадха-Бей. Эксплуатуюцца і інш. газанафтавыя радовішчы. На архіпелагу Шпіцберген здабываецца каменны вугаль. Транспартныя шляхі: у Расіі па Паўночным марскім шляху (2—3 летнія месяцы), у ЗША і Канадзе па Паўночна-Заходнім праходзе (пралівы Канадскага Арктычнага архіпелага). Суднаходныя лініі на Грэнландыю, Ісландыю, Пн Скандынавіі і Шпіцберген у летні перыяд не залежаць ад лядовых умоў. Гал. парты: Мурманск (незамярзаючы), Кандалакша, Беламорск, Архангельск, Дыксан, Тыксі, Певек (Расія), Чэрчыл (Канада), Тромсё і Тронхейм (Нарвегія).

Літ.:

Богданов Ю.А., Каплин П.А., Николаев С.Д. Происхождение и развитие океана. М., 1978;

Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI в. М., 1991.

А.​Я.​Яротаў.

т. 12, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛОВАСЦЬ БУДАЎНІЧЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ І КАНСТРУКЦЫЙ

Прамысловасць буд. матэрыялаў і канструкцый (ПБМК) з’яўляецца шматпрофільнай высокаразвітой галіною, доля якой у агульным аб’ёме прамысл. вытворчасці Беларусі складае 4,1% (2003). У складзе галіны дзейнічае больш за 1400 прадпрыемстваў і вытворчасцей, з іх на самастойным (прамысл.) балансе 126 (сярэдняя колькасць працуючых ад 200 да 500 чал., у т. л. 14 прадпрыемстваў з колькасцю працаўнікоў больш за 1000 чал.), якія даюць больш за 70% аб’ёмаў таварнай прадукцыі (2002). Сярэднегадавая колькасць прамыслова-вытворчага персаналу — 65,9 чал. (2003). На прадпрыемствах галіны вырабляюць больш за 150 відаў буд. матэрыялаў і вырабаў 20 падгалін. Прадпрыемствамі ПБМК выраблена прадукцыі на 980 млрд. руб., рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі — 8,3% (2003). Вядучая роля ў ПБМК належыць прамысловасці зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў, цэментнай, сценавых матэрыялаў і буд. керамікі. Такая структура склалася пад уплывам патрэб буйнамаштабнага будаўніцтва і дзякуючы наяўнасці значнай мінеральна-сыравіннай базы для вытворчасці буд. матэрыялаў.

Вытворчасцю керамічных вырабаў, цэглы, чарапіцы, кафлі, шкла на Беларусі займаліся з даўніх часоў; кераміка асвоена ў неаліце (5—4 ст. да н.э.). З узнікненнем ганчарнага круга (10 ст.) вытв-сць вырабаў з гліны вылучылася ў ганчарнае рамяство. Асаблівага росквіту ганчарства на Беларусі дасягнула ў 15 ст. Вядомымі яго цэнтрамі былі Івянец, Нясвіж, Копысь, Мір, Ружаны, Ракаў, Чашнікі. З 15 ст. інтэнсіўна развівалася вытв-сць кафлі. Буйным цэнтрам яе вытворчасці стаў Копысь (Аршанскі р-н). Першымі мануфактурамі (18 ст.) былі шкляныя заводы ў Налібаках (Стаўбцоўскі р-н), Урэччы (Любанскі р-н), Іўі (Вілейскі р-н), фаянсавы завод у Свержані (Стаўбцоўскі р-н). У 1900 дзейнічала 50 кафляных прадпрыемстваў (занята 1821 чал.), 57 цагельных (2459 чал.), 73 шкляных і ганчарных (3693 чал.); усяго ў сілікатна-будаўнічай прамысловасці на той час працавала 185 прадпрыемстваў з 8,1 тыс. рабочых і сумай вытворчасці 4,6 млн. руб. У канцы 19 — пач. 20 ст. фабрычна-заводская сілікатна-керамічная прамысловасць займала 5-е месца па ўдзельным аб’ёме сваёй прадукцыі (3,5—5%), размяшчалася пераважна ў Магілёўскай (30%), Мінскай (26%), Гродзенскай (19%) губернях Пераважалі шкляная і кафляная вытворчасці, цэглу выраблялі на невялікіх заводах амаль ва ўсіх гарадах і мястэчках. Найбуйнейшы цагельны завод з кальцавой печчу і стужачным прэсам пабудаваны ў 1893 у Мінску. У 1913 дзейнічалі 42 цагельна-чарапічныя прадпрыемствы, якія давалі 1,6% усёй прамысл. прадукцыі. Буйныя заводы па выпуску аконнага шкла ў 1910 размяшчаліся ў вёсках Серкавіца (Аршанскі павет, 274 рабочых) і Наспа (Рагачоўскі павет, 122 рабочых). У 1913 на Беларусі дзейнічала 20 кафельных заводаў, у т. л. 14 у Копысі (48,9% рабочых і 50,7% выпрацоўкі). Цэмент вырабляўся на Ваўкавыскім цэментным заводзе (пабудаваны ў 1913). У 1913 на Беларусі выраблялася 58 млн. шт. цэглы, 33 тыс. т цэменту, 1,76 млн. м² аконнага шкла. Удзельная вага галіны ў валавой прадукцыі прамысловасці складала 5,2%, у колькасці рабочых — 5,8%.

У савецкі перыяд рост капітальнага будаўніцтва ва ўсіх галінах гаспадаркі выклікаў развіццё ПБМК. Пабудаваны буйныя механізаваныя прадпрыемствы: Мінскі завод буд. матэрыялаў (1925, з 2004 Адкрытае акцыянернае т-ва «Мінскі завод буд. матэрыялаў»), Гомельскі шклозавод (1933, з 1994 ААТ «Гомельшкло»), Крычаўскі цэментны завод (1933), заводы па вырабе сілікатнай цэглы ў Клімавічах (1928, з 1958 у складзе Клімавіцкага камбіната буд. матэрыялаў) і Оршы (1935, з 1994 ААТ «Оршабудматэрыялы»). Удзельная вага галіны ў валавой прадукцыі ПБМК СССР к 1940 павялічылася да 2,1% супраць 1,5% у 1932; у гэты час на Беларусі выпушчана 3,5% цэменту, 3,4% аконнага шкла, 4% буд. цэглы агульнасаюзнай вытворчасці.

У выніку страт у гады Вялікай Айчыннай вайны ў 1945 валавая прадукцыя галіны складала 15% да ўзроўню 1940. У пасляваенныя гады ПБМК хутка развівалася, што было абумоўлена вялікай патрэбай у буд. матэрыялах для аднаўлення нар. гаспадаркі. У 1947 уведзены ў эксплуатацыю Мінскі гіпсавы завод (з 2001 ААТ «Белгіпс»), у 1948—50 — Крычаўскі шыферны завод (з 1957 у складзе Крычаўскага цэментна-шыфернага камбіната).

У 1950 вытв-сць цэменту ў параўнанні з 1945 вырасла ў 6,8 раза (341,7 тыс. т), вапны — 3,6 (88,8 тыс. т), цэглы — 12,7 (517,2 млн. шт.), аконнага шкла — 12,5 (6,6 млн. м²). Да 1958 наладжана вытв-сць арміраваных сілікатных пліт (Аршанскі сілікатны завод), гіпсабетонных перагародачных пліт і панэлей (мінскія гіпсавы завод, камбінат буд. матэрыялаў, камбінат буйнаблочных буд. канструкцый), фасаднай керамікі (Гарынскі завод абліцовачнай фасаднай керамікі, Столінскі р-н), керамічных каналізацыйных труб (Рэчыцкі керамічна-трубны завод), мінеральнай ваты (Мінскі КБМ), аглапарыту (Мінскі цагельны завод №3, Гомельскі КБМ і інш.), пачалася вытв-сць аўтаклаўных сілікатных вырабаў. У 1955—65 пабудаваны заводы зборнага жалезабетону ў Мінску (найбуйнейшы, з 1960 у складзе Мінскага домабудаўнічага камбіната №1), Віцебску, Гомелі, Магілёве, Брэсце; асвоена вытв-сць керамзітавага жвіру ў Віцебску.

З 1959 наладжаны выпуск дэталей для зборнага домабудавання ў Мінску на заводзе зборнага жалезабетону, у 1963—64 — у Віцебску, Брэсце, Гродне, Гомелі, Магілёве, Салігорску, Светлагорску. 3 выкарыстаннем зборнага жалезабетону і асваеннем буйнапанэльнага домабудавання адбыўся пераход на заводскія метады будаўніцтва; у Мінску створаны домабудаўнічыя камбінаты №1, №2, №3; на працягу 1960—70-х пабудавана больш за 20 падобных прадпрыемстваў і цэхаў. Асвоена вытв-сць новых відаў прадукцыі: ячэістага сілікатабетону, буйных канструкцый з аглапарыту, сілікатабетону, каляровай сілікатнай цэглы, каляровага шыферу, арміраваных сценавых панэлей з ячэістага бетону з архітэктурнай апрацоўкай, лёгкіх (порыстых) запаўняльнікаў (керамзіту, аглапарыту).

У 1968 пабудаваны Маладзечанскі завод лёгкіх металаканструкцый, 1978 — Добрушскі фарфоравы завод, 1979 — Любанскі камбінат буд. матэрыялаў, 1987 — Новалукомльскі завод керамзітавага жвіру. У 1990 на базе Новабярозаўскага вапнавага завода і завода сценавых блокаў створаны Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў, у 1994 на ААТ «Гідрашклоізол» уведзена тэхналагічная лінія па вытв-сці гідрашклоізолу, а на базе ВА «Мінскбудматэрыялы» створана ААТ «Керамін»; у 1995 уведзены ў дзеянне ЗАТ «БелЕўратара) (г. Ліда), у 1996 — Беларускі цэментны завод (г. Касцюковічы), а на ААТ «Гомельшкло» — прадпрыемства па вытворчасці паліраванага шкла, у 1999 — ААТ «Забудова»; у 2001 шляхам зліцця ААТ «Краснасельскцэмент» і Гродзенскага абласнога міжкалгаснага прадпрыемства па вытв-сці цэменту створана ААТ «Краснасельскбудматэрыялы».

Найлепшыя паказчыкі галіна мела ў 1990. З 1992 назіраюцца крызісныя з’явы. За 1992—95 вытв-сць буд. матэрыялаў скарацілася на 58% да ўзроўню 1991. Вытв-сць цэменту за перыяд з 1990 па 2002 скарацілася ў 3 разы, сценавых буйных бетонных блокаў — у 7,6 раза, мяккіх дахавых матэрыялаў — у 3,7 раза, шыферу — у 3,6 раза, вапны — у 1,9 раза, нярудных матэрыялаў — у 4,3 раза, лінолеуму — у 16,2 раза, вапняковай і даламітавай мукі — у 2,9 раза, затое вытв-сць керамічнай глазураванай пліткі павялічылася ў 2,7 раза.

У 2003 выраблена 2472 тыс. т цэменту, 1545 тыс. м³ зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў, 789 млн. шт. (умоўнай цэглы) буд. цэглы, 94 млн. шт. (умоўнай цэглы) сценавых буйных бетонных і сілікатных блокаў, 25 млн. м² мяккіх дахавых матэрыялаў і ізолу, 113 млн. шт. умоўных плітак шыферу, 0,9 тыс. км азбестацэментных труб і муфтаў, 659 тыс. т вапны, 18,8 млн. м³ нярудных буд. матэрыялаў, 11 175 тыс. м² керамічнай глазураванай пліткі для ўнутр. абліцоўкі сцен з фасоннымі дэталямі, 242 тыс. м² лінолеуму, 647 тыс. шт. сан. керамічных вырабаў, 2,1 млн. т вапняковай і даламітавай мукі, 22 млн. шт. фарфора-фаянсавага посуду (гл. табліцу 1).

У сучаснай галіне вялікая ўвага аддаецца ўкараненню рэсурсазберагальных матэрыялаў і тэхналогій, якія ўплываюць на памяншэнне масы і павелічэнне цеплазберагальных уласцівасцей, павялічваецца выпуск эфектыўных вырабаў і вытв-сць новых матэрыялаў і канструкцый на аснове палімернай, мясц. і другаснай сыравіны.

Прамысловасць зборных жалезабетонных і бетонных канструкцый і вырабаў займае 1-е месца ў ПБМК па аб’ёме валавой прадукцыі (22,7%, 2001). Ёй належыць важная роля ў развіцці буд. індустрыі, аднак памяншэнне маштабаў будаўніцтва, высокая энергаёмістасць вытворчасці прывялі да рэзкага зніжэння вытв-сці зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў (з 7424 у 1990 да 1545 тыс. м³ у 2003). Прадпрыемствы (каля 300) размешчаны на тэр. Беларусі параўнальна раўнамерна, але асноўныя магутнасці сканцэнтраваны ў Мінску (34% агульнарэсп. вытв-сці, 2002), абласных гарадах, а таксама ў Салігорску, Наваполацку, Баранавічах, Оршы, Барысаве. Найбуйнейшыя прадпрыемствы: ААТ «Мінскжалезабетон», камунальнае УП «Мінскі завод эфектыўных прамысловых канструкцый», ААТ «Завод ЗЖБ» (г. Барысаў), ААТ «Камбінат ЗЖБВ і К» (г. Орша), РУП «Баранавіцкі камбінат ЖБК», ААТ «Гроднажалезабетон», завод ЗЖБК ААТ «Мінскпрамбуд», ВРУП «Наваполацкжалезабетон».

Цэментная прамысловасць — найважнейшая падгаліна ПБМК, складае 12,8% валавой прадукцыі галіны (2001); у 2003 выраблена цэменту 2472 тыс. т. Працуе на мясц. сыравіне (мел. мергель, гліна; 15 радовішчаў, запасы 718 млн. т). Цэмент вырабляюць у Гродзенскай і Магілёўскай абласцях: найбуйнейшы — ВРУП «Беларускі цэментны завод» (г. Касцюковічы), ВРУП «Крычаўцэментнашыфер», ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» (Ваўкавыскі р-н). Праектная магутнасць 1-й чаргі ВРУП «Беларускі цэментны завод» 1,2 млн. т, тут упершыню ў сусв. практыцы выкарыстоўваецца «сухі» спосаб вытв-сці цэменту з пераўвільготненай сыравіны. З-за спаду ў будаўніцтве магутнасці цэментных заводаў Беларусі выкарыстоўваецца на 84% (2002): Выпускаюць портландцэмент маркі М 400, М 500, плануецца М 600 і вышэй. Экспарт у Польшчу, Літву, Расію і інш.

Прамысловасць сценавых матэрыялаў складае 16% валавой прадукцыі галіны (2001). Вырабляецца буд. цэгла (75 прадпрыемстваў), сценавыя бетонныя і сілікатныя блокі, панэлі розных памераў (53 прадпрыемствы). Колькасць цагельных заводаў скарачаецца. Вытв-сць цэглы з 2331 у 1990 паменшылася да 789 млн. шт. умоўнай цэглы ў 2003. Найб. магутныя прадпрыемствы па вытв-сці цэглы: ААТ «Мінскі завод будаўнічых матэрыялаў», «Брэсцкі КБМ», «Гомельбудматэрыялы», «Гродзенскі камбінат будматэрыялаў», «Кераміка» (г. Віцебск), «Керамін», «Радашковіцкі керамічны завод», «Мінскі камбінат сілікатных вырабаў», «Магілёўскі КСВ», «Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў», «Оршабудматзрыялы», «Смаргоньсілікатабетон», «Забудова» (пас. Чысць), ВРУП «Обальскі керамічны завод». Сценавых буйных бетонных і сілікатных блокаў у 2003 выраблена 94 млн. шт. умоўнай цэглы. Сценавыя блокі і панэлі вырабляюць на прадпрыемствах ААТ «Мінскжалезабетон», «Смаргоньсілікатабетон», «Лідабудканструкцыя», «Салігорскпрамбуд», рэсп. унітарнае прадпрыемства «Бяроза КСВ», «Краснасельскбудматэрыялы», «Баранавіцкі камбінат ЖБК», «Завод ЖБВ» (г. Маладзечна). Перспектыўнымі з’яўляюцца вырабы з сілікатнага бетону і ячэістага бетону (ААТ «Забудова», «Оршабудматэрыялы», «Смаргоньсілікатабетон», «Гомельбудматэрыялы», «Гродзенскі камбінат будматэрыялаў», «Краснасельскбудматэрыялы», АП «Мінскі КСВ»). Вытв-сць лінолеуму і аўталіну — ААТ «Гомельбудматэрыялы».

Будаўнічую кераміку вырабляюць 11 прадпрыемстваў і вытворчасцей, яе ўдзельная вага ў галіне 15% (2001). У 2003 на Беларусі выраблена 11 175 тыс. м² керамічнай глазураванай пліткі для ўнутр. абліцоўкі сцен з фасоннымі дэталямі, 647 тыс. шт. сан. керамічных вырабаў, а таксама плітка для падлогі; чарапіца, кафля для камінаў і пячэй, дрэнажныя і каналізацыйныя трубы, кіслота- і вогнетрывалыя вырабы і г.д. Найбуйнейшае прадпрыемства па вырабе буд. керамікі ААТ «Керамін» (Мінск). Буд. кераміку вырабляюць таксама ААТ «Кераміка» (г. Віцебск), «Мінскі завод будаўнічых матэрыялаў», «Радашковіцкі керамічны завод», «Оршабудматэрыялы», «Брэсцкі КБМ», ВРУП «Обальскі керамічны завод» і «Бярозабудматэрыялы», РУП «Рэчыцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў», АП «Полацкі камбінат будаўнічых матэрыялаў».

Нярудныя будаўнічыя матэрыялы складаюць 7,6% аб’ёму валавой прадукцыі ПБМК (2001), выраблена 18,8 млн. м³ нярудных буд. матэрыялаў (2003). Прадпрыемствы і вытворчасці (каля 350) размяшчаюцца паблізу радовішчаў пяску, пясчана-жвіровых матэрыялаў, буд. каменю. Разведана больш за 130 радовішчаў пясчана-жвіровых матэрыялаў з агульнымі запасамі 704,4 млн. м³, эксплуатуецца каля 80 радовішчаў. Прадпрыемствы спецыялізуюцца на здабычы, здрабненні і абагачэнні буд. каменю, друзу, жвіру, буд. пяску. Буйнейшае прадпрыемства РУВП «Граніт» (г. Мікашэвічы). Сыравіна — дыярыт, гранадыярыт і граніт ( Мікашэвіцкае радовішча). Мадэрнізуецца. У ліку буйных вытворцаў пяску і жвіру — ААТ «Смаргоньсілікатабетон», «Нярудпрам», «Заслаўебудіндустрыя», «Оршабудматэрыялы», АП «Полацкі камбінат будаўнічых матэрыялаў».

Вытворчасць вапнавых, гіпсавых і мясц. вяжучых матэрыялаў і вырабаў сканцэнтравана на 18 прадпрыемствах і складае 3,2% валавой прадукцыі галіны (2001). У 2003 на Беларусі выраблена 2,1 млн. т вапнавай і даламітавай мукі, 659 тыс. т вапны. Даламітавую муку і вапну вырабляюць на ААТ «Даламіт» (пас. Руба Віцебскай вобл.); гіпс, гіпсавыя пліты і панэлі, гіпсакардонныя лісты (больш за 4,5 млн. м², 2003) — на ААТ «Белгіпс» (г. Мінск); вапну — на ААТ «Бяроза КСВ», «Краснасельскбудматэрыялы», «Забудова», РУП «Клімавіцкі вапнавы завод».

Прамысловасць мяккіх дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў складае 6,2% (2001). У 2003 выраблена 25 млн. м² мяккіх дахавых матэрыялаў і ізолу; вядучае прадпрыемства СП ААТ «Дах» (г. Асіповічы), якое вырабляе рубероід, толь, пергамін, біпалікрын, бікрын, дахаэласт. Гідрашклоізол вырабляюць на ААТ «Гідрашклоізол» (в. Бронная Гара, Бярозаўскі раён) і «Гідрашклоізол» (г. Мар’іна Горка).

Вытворчасць лёгкіх порыстых запаўняльнікаў складае 1,6% валавой прадукцыі галіны (2001).

Керамзіт выпускаюць на ААТ «Завод керамзітавага жвіру» (г. Новалукомль). Вядучае прадпрыемства па вытв-сці перліту, тэнісіту, аглапарыту — ААТ «Мінскі завод будаўнічых матэрыялаў».

Цеплаізаляцыйныя матэрыялы (мінер. вата і вырабы з яе) выпускае ААТ «Гомельбудматэрыялы»; пліты цеплаізаляцыйныя, маты мінералаватныя — ВРУП «Бярозабудматэрыялы»; пліты цеплаізаляцыйныя з пенапласту полістырольнага — ААТ «Бяроза КСВ». Азбестацэментныя вырабы (шыфер — 113 млн. умоўных плітак, трубы і муфты — 0,9 тыс. км умоўных труб, 2003) выпускаюцца на ААТ «Краснасельскбудматэрыялы» і ВРУП «Крычаўцэментнашыфер»; вытв-сць камплектаў лёгкіх металаканструкцый, шматслойных сценавых панэлей з эфектыўнымі ўцяпляльнікамі, афарбаванай рулоннай сталі — на РУП «Маладзечанскі завод лёгкіх металаканструкцый».

Шкляная і фарфора-фаянсавая прамысловасць складае 17,1% валавой прадукцыі галіны (2001) і ўключае каля 50 прадпрыемстваў. Асноўная прадукцыя шкляной прамысловасці — шкло паліраванае ліставое (магутнасць 44 млн. м², выраблена 17,9 млн. м², 2001), шкло бяспечнае трохслойнае паліраванае «Трыплекс», шкло загартаванае паліраванае, буд. пенашкло, шкло з металічным пакрыццём, шклотара, мэблевае шкло, шклопакеты — вырабляюць на ААТ «Гомельшкло» (пас. Касцюкоўка); узорыстае і арміраванае шкло, шклаблокі і бутэлькі з зялёнага і карычневага шкла — на ВРУП «Гродзенскі шклозавод» (764 тыс. м², 53,5 млн. шт. бутэлек, 2001). Высокамастацкія вырабы з хрусталю і шкла, сартавы посуд вырабляюць на РУП «Шклозавод «Нёман» (Лідскі р-н) і ВРУП «Барысаўскі хрусталёвы завод». Шкляную тару і гасп.-быт. вырабы выпускаюць шклозаводы: ААТ «Шкло-Глуша» (Бабруйскі р-н), ВРУП «Шклозавод Гута» (Пастаўскі р-н), СЗАТ «Шклозавод Ялізава» (Асіповіцкі р-н), ААТ «Шклозавод Залессе» (Вілейскі р-н); бутэлькі з бескаляровага шкла (15 найменняў, да 30% эксклюзіўная прадукцыя) — ЗАТ «БелЕўратара» (г. Ліда). Працуюць люстраныя фабрыкі ААТ «Мінская люстраная фабрыка», ААТ «Гомельская люстраная фабрыка» і ТАА «Люстэрка» (г. Бабруйск). Высакаякасную фарфора-фаянсавую прадукцыю і посуд выпускаюць ААТ «Мінскі фарфоравы завод» і ЗАТ «Добрушскі фарфоравы завод» (23 млн. шт., 2002), тэхнічны фарфор і вырабы з яго — філіял ААТ «Мінскі фарфоравы завод» (г. Клецк).

Патэнцыял галіны дазваляе поўнасцю забяспечыць патрэбы ўнутр. рынку. Прадукцыя ПБМК (цэмент, паліраванае і буд. шкло, керамічная глазураваная плітка, маст. вырабы з хрусталю, шкла і фарфору, лёгкія металічныя канструкцыі, порыстыя запаўняльнікі, дахавыя матэрыялы) экспартуюцца ў краіны СНГ, Нідэрланды, Італію, Францыю, Вялікабрытанію, ЗША, Германію, Польшчу, Славакію; важны гандлёвы партнёр — Расія (10% экспарту буд. матэрыялаў і паслуг).


Вытворчасць асноўных відаў прадукцыі прамысловасці будаўнічых матэрыялаў і канструкцый Рэспублікі Беларусь
1985 1990 1995 1996 1997 1998 1999 2000 2001 2002 2003
Цэмент, тыс. т 2119 2258 1235 1467 1876 2035 1998 1847 1803 2171 2472
Зборныя жалезабетонныя канструкцыі і вырабы, тыс. м³ 6010 7424 1719 1370 1996 2130 1759 1424 1326 1363 1545
Будаўнічая цэгла, млн. шт. умоўнай цэглы 1997 2331 1109 1025 1149 1200 1013 827 798 889 789
Сценавыя буйныя бетонныя і сілікатныя блокі (у т. л. бетонныя блокі сцен падвалаў), млн. шт. умоўнай цэглы 309 672 173 182 151 192 202 139 99 86 94
Мяккія дахавыя матэрыялы і ізол, млн. м³ 137 140 69 82 97 108 82 77 50 37 25
Азбестацэментныя лісты (шыфер), млн. умоўных плітак 369 451 138 150 223 195 182 142 123 124 113
Азбеставыя трубы і муфты, тыс. км умоўных труб 2,5 2,6 0,7 0,8 1,3 1,4 1,2 0,9 1,0 1,0 0,9
Вапна, тыс. т 928 1089 453 450 551 684 663 586 554 601 659
Нярудныя будаўнічыя матэрыялы, млн. м³ 45,7 75,3 20,3 14,7 16,8 19,8 20,0 17,6 16,6 17,4 18,8
Керамічныя глазураваныя пліткі для ўнутранай абліцоўкі сцен з фасоннымі дэталямі, тыс. м² 3514 5496 6987 6467 7825 8108 8172 8884 10 651 10 679 11175
Лінолеум, тыс. м² 3728 5465 1969 1730 2289 2530 2098 991 345 337 242
Санітарныя керамічныя вырабы, тыс. шт. 73 621 434 552 587 591 479 600 452 566 647
Вапнавая і даламітавая мука, млн. т 5,3 5,6 2,0 2,0 2,7 2,3 1,5 1,5 1,7 1,9 2,1
Фарфора-фаянсавы посуд, млн. шт. 27 29 21 23 28 30 30 29 26 23 22
Беларускі цэментны завод у г. Касцюковічы.
«Крычаўцэментнашыфер».

т. 18, кн. 2, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)