МЛЕКАКО́РМЯЧЫЯ, звяры,

сысуны (Mammalia),

клас найб. высокаарганізаваных пазваночных жывёл. 2 падкл.: першазвяры (атр. аднапраходныя) і сапраўдныя звяры (жывародныя), да якіх належаць ніжэйшыя звяры (атр. сумчатыя) і 17—23 атр. вышэйшых звяроў (плацэнтарныя), 95 сям., каля 4,5 тыс. відаў. Да М. адносяцца свойскія жывёлы (каля 15 відаў), чалавек (атр. прыматы). Продкі М. — палеазойскія рэптыліі. Вядома каля 3 тыс. выкапнёвых відаў М., пачынаючы з трыясу (каля 170 млн. г. назад). Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Паводле спосабу жыцця М. — падземныя, наземныя, паўводныя і водныя жывёлы. На Беларусі 6 атр. (насякомаедныя, рукакрылыя, драпежныя звяры, грызуны, парнакапытныя, зайцападобныя), 21 сям., 45 родаў, каля 75 відаў. Насяляюць лясы, палі, лугі, балоты, трапляюцца каля жылля чалавека. У Чырв. кнізе МСАП 230 відаў і 91 падвід, Беларусі — 14 відаў.

Памеры ад даўж. 4 см і масы 1,2 г (карлікавая белазубка з землярыйкавых) да выш. 4,5 м і масы 7,5 т (слон афрыканскі) у наземных М.; у водных — да даўж. 33 м і масы да 150 т (блакітны кіт). Асн. прыкметы М.; высокі ўзровень развіцця нервовай сістэмы, жывароднасць у спалучэнні з выкормліваннем дзіцянят малаком, дасканалая сістэма цепларэгуляцыі (гомаятэрмія). Цела ўкрыта валасамі, скура багатая залозамі (характэрны малочныя залозы), мае шэраг прыдаткаў капыты, кіпцюры, рогі. Шыйных пазванкоў, як правіла, 7. Зубы ў альвеолах, дыферэнцыраваныя на разцы, іклы і карэнныя. У сярэднім вуху 3 слыхавыя костачкі. Дыханне лёгачнае. Сэрца 4-камернае, з левай дугой аорты. Галаўны мозг з развітымі вял. паўшар’ямі, якія маюць «новую кару» — неакортэкс, у многіх М. са звілінамі. Апладненне ўнутранае. Амаль усе М. маюць плацэнту. Размнажэнне — ад круглагадавога (напр., мышы) да аднаго разу ў некалькі гадоў (маржы, сланы). Жыўленне — ад поўнай расліннаеднасці да драпежніцтва ці ўсёеднасці. Усе сістэмы органаў звычайна добра развітыя, але, улічваючы разнастайнасць М., ад агульнай схемы ёсць мноства адхіленняў, Раздзел заалогіі, што вывучае М., наз. тэрыялогія.

Літ.:

Млекопитающие Советского Союза. Т. 1—2. М., 1961—76;

Соколов В.Е. Систематика млекопитающих. [Ч. 1—3]. М., 1973—79;

Жизнь животных. Т. 7. Млекопитающие. 2 изд. М., 1989.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 10, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСНІ́ (Gordiacea),

клас першаснаполасцевых чарвей. 2 атр., 21 род, каля 300 відаў. Пашыраны ў марскіх і прэсных водах ад тропікаў да тундры. Паразіты насякомых і ракападобных. На Беларусі ў канавах, сажалках і азёрах найб. пашыраны валасень звычайны (Gordius aquaticus).

Даўж. ад некалькіх сантыметраў да 1,5 м. Цела шорсткае, воласападобнае (адсюль нар. назвы жывы волас, конскі волас), жоўтае, цёмна-карычневае, амаль чорнае, укрытае кутыкулай. Кішэчнік часткова рэдукаваны (у целе жывёлы-гаспадара жывяцца асматычнай Выдзяляльная, дыхальная і крывяносная сістэмы адсутнічаюць. Раздзельнаполыя. Лічынкі валаснёў — паразіты, у развіцці зменьваюць 2 прамежкавых гаспадароў (лічынкі матылёў, аўсянікаў, камароў і буйныя членістаногія — драпежныя жукі). У канчатковым гаспадару вырастаюць у дарослых чарвей, праз покрыва цела выходзяць у навакольнае асяроддзе (гаспадар звычайна гіне). У скуру чалавека і пазваночных жывёл не ўкараняюцца.

Валасень звычайны: 1 — дарослы; 2 — галаўны канец; 3 — задні канец самца; 4 — лічынка ў яйцавай абалонцы і без яе.

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́ХІС (Arachis),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 30 відаў у тропіках Паўд. Амерыкі. Як харч. і алейная расліна пашырана ў трапічным, субтрапічным і менш ва ўмераным паясах. Культывуецца арахіс культурны, або земляны (кітайскі) арэх (A. hypogaea). На Беларусі ёсць у калекцыі Цэнтр. бат. сада АН, вырошчваецца аматарамі.

Аднагадовая травяністая расліна выш. 25—75 см. Сцябло прамастойнае або распасцёртае па зямлі. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі жоўта-аранжавыя, верхнія бясплодныя, ніжнія пладаносныя, клейстагамныя. Пасля апладнення кветаножка з завяззю пачынае расці, апускаецца да зямлі і заглыбляецца ў глебу, дзе выспявае плод — цыліндрычны або коканападобны струк з сеткаватай паверхняй і 1—7 зярнятамі, багатымі бялком (да 22%), алеем (да 42%), вугляводамі (да 13%) і вітамінам B1; мае ў сабе алкалоід арахін. Зярняты выкарыстоўваюцца на алей, кандытарскія вырабы, спажываюцца свежыя і падсмажаныя. З макухі робяць халву. Надземная маса — корм для жывёлы і сідэрат.

Арахіс культурны.

т. 1, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ТЫ,

тып шытага скуранога абутку з высокімі халявамі. Былі вядомы ўсх. славянам са стараж. часоў. У пісьмовых крыніцах згадваюцца ў 10—11 ст. Магнаты, гарадская знаць насілі боты з лепшых гатункаў скуры, найб. багатымі лічыліся каляровыя саф’янавыя боты, упрыгожаныя цісненнем, вышытым арнаментам. У гараджан былі больш простыя і танныя. У 2-й пал. 19 ст. боты сталі шыць і для заможных сялян, якія надзявалі іх пераважна на святы. Боты былі звычайна мужчынскім абуткам, але насілі іх і жанчыны. Шылі боты са скуры буйн. раг. жывёлы, коней, свіней, авечак. У мужчынскіх ботах халявы рабілі вышэй за калена, іх загіналі, адвароты дэкарыравалі. Жаночыя шылі з карацейшымі і вузейшымі халявамі, высокім і тонкім абцасам; на заднікі ў святочныя боты набівалі медныя пласцінкі і каляровыя кавалачкі скуры. Як зручны і практычны абутак боты, пераважна фабрычнага вырабу, бытуюць і ў наш час.

Н.​І.​Буракоўская.

Боты. Вёска Цераблічы Столінскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 3, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНА АКТЫ́ЎНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

прыродныя і сінт. рэчывы, пад уздзеяннем якіх працякаюць і рэгулююцца розныя працэсы ў жывых арганізмах (хім. рэгулятары біял. працэсаў). Разнастайныя па сваёй прыродзе, функцыях, характары дзеяння, месцы ўтварэння і інш. Сістэматычнае вывучэнне біялагічна актыўных рэчываў пачалося ў канцы 19 ст. Узнікла некалькі раздзелаў біялогіі і медыцыны, што займаюцца іх пошукам, вывучэннем механізмаў дзеяння і магчымасцяў практычнага выкарыстання. Да прыродных біялагічна актыўных рэчываў належаць гармоны, вітаміны, ферменты, біястымулятары, інш. хім. злучэнні, вылучаныя з прыродных крыніц з мэтай увядзення ў арганізм чалавека, жывёлы, расліны ці мікроба для рэгулявання ходу нармальных ці паталагічных працэсаў (лек. прэпараты, напр., антыбіётыкі, алкалоіды, некаторыя фенолы). Сярод штучных біялагічна актыўных рэчываў многія сінт. злучэнні, прэпараты якіх выкарыстоўваюцца ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, эксперым. біялогіі і медыцыне (штучныя рэгулятары росту, фунгіцыды, гербіцыды, мутагены і інш.). У шэрагу выпадкаў яны дзейнічаюць больш моцна і выбіральна, чым прыродныя.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 3, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУША́,

паняцце, якое адлюстроўвае гістарычна зменлівыя погляды на псіхіку чалавека і жывёл; у рэлігіі, ідэаліст. філасофіі і псіхалогіі — паняцце пра асаблівую нематэрыяльную субстанцыю, незалежную ад цела. Узыходзіць да стараж. уяўленняў пра асаблівую сілу, што знаходзіцца ў целе чалавека і жывёлы (часам раслін) і пакідае яго ў час сну або смерці (вучэнне пра перасяленне душ — метэмпсіхоз). Ідэі ўсеагульнай адушаўлёнасці космасу (гілазаізм, панпсіхізм) сталі асновай вучэння пра сусв. душу (Платон, неаплатанізм). У Арыстоцеля Д. — актыўны мэтазгодны пачатак («форма») жывога цела, неаддзельны ад яго. У тэістычных рэлігіях Д. чалавека — створаны Богам, непаўторны бессмяротны духоўны пачатак. У пантэістычным авераізме Д. — толькі індывід. праяўленне адзінай духоўнай субстанцыі (монапсіхізм). У дуалістычных вучэннях Д. разумеецца як нешта спрадвечнае і існуючае поруч з целам (Р.​Дэкарт, Г.​Спенсер, В.​Вунт, У.​Джэмс). У новаеўрап. л-ры тэрмін «Д.» выкарыстоўваецца пераважна для абазначэння ўнутр. свету чалавека.

В.​В.​Краснова.

т. 6, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАДО́КІ (Diplodocus),

род вымерлых паўзуноў падатр. заўрапод атр. яшчаратазавых дыназаўраў. 3—4 віды. Вядомы з юры Паўн. Амерыкі і Пд Англіі. Упершыню рэшткі Д. выяўлены ў штаце Каларада (1887).

Даўж. да 27 м, маса каля 10 т. Зграбныя жывёлы з невял. галавой, тонкай доўгай шыяй і доўгім прутападобным хвастом. Магутная спінная мускулатура дазваляла адрываць пярэднія ногі ад зямлі і падымацца на задніх, каб дацягвацца да крон дрэў. Маса ног складала амаль палову масы цела. Мускулатура мацавалася пры дапамозе высокіх асцістых адросткаў крыжавых і злучаных з імі спінных і хваставых пазванкоў. На ніжняй паверхні хваставых пазванкоў былі двайныя (парныя) адросткі для засцярогі хваста, калі ён цягнуўся па зямлі (адсюль назва роду, якая азначае «двайны адростак», або «двухадросткавая істота». Насавыя адтуліны і вочы размяшчаліся на вяршыні чэрапа. Зубы нешматлікія, слабыя, былі толькі ў пярэдняй частцы сківіц. Расліннаедныя, карміліся мяккай воднай і наземнай расліннасцю.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 6, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕКО́НАВЫЯ, учэпістапальцыя (Gekkonidae),

сямейства паўзуноў падатр. яшчарак. У сусв. фауне каля 80 родаў, больш як 900 відаў. Выкапнёвыя рэшткі вядомы з эацэну. Жывуць пераважна ў трапічных, субтрапічных, часткова ўмераных зонах. Большасць трымаецца на дрэвах, скалах, абрывах і інш.; селяцца ў дамах; пустынныя віды звычайна рыюць норкі. Змрокавыя і начныя жывёлы. Найб. вядомыя прадстаўнікі родаў геконы, гекончыкі і эўблефары, якія жывуць пераважна ў Закаўказзі і Крыме, у пустынях і паўпустынях Казахстана, Сярэдняй Азіі.

Даўж. 3,5—35 см. Афарбоўка шэрая або карычневая, сярод трапічных відаў — яркаафарбаваныя. Вочы вялікія, звычайна без павек, з верт. зрэнкай. Пальцы растапыраныя, знізу ўкрытыя рагавымі пласцінкамі, якія дазваляюць перамяшчацца па верт. паверхнях. Хвост ломкі, але хутка аднаўляецца (рэгенеруе). Кормяцца насякомымі, павукападобнымі, мнаганожкамі і інш. Многія выдаюць ціхія гукі. Амаль усе — яйцакладныя, ёсць яйцажывародныя. Некат. віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Геконавыя: 1 — крымскі гекон; 2 — туркменскі гекон; 3 — гладкі гекончык; 4 — туркменскі эўблефар.

т. 5, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖОЎЦЬ,

вадкі сакрэт жаўтавата-карычневага колеру, які бесперапынна выпрацоўваецца жалезістымі клеткамі (гепатацытамі) печані пазваночных жывёл і чалавека. Ж. эмульгуе тлушчы, павялічвае ўсмоктванне прадуктаў гідролізу тлушчаў, павышае актыўнасць панкрэатычных і кішачных ферментаў, рэгулюе маторную і сакраторную дзейнасць страўніка і тонкага кішэчніка, валодае бактэрыяльна-статыстычнымі ўласцівасцямі, удзельнічае ва ўсмоктванні са страўніка тлушчарастваральных вітамінаў, халестэрыну, амінакіслот і солей кальцыю, інактывуе пепсін страўнікавага соку. Адрозніваюць пячоначную Ж., якая выдзяляецца непасрэдна ў кішэчнік незалежна ад стрававання (злёгку вязкая залаціста-жоўтая), і пузырную Ж., што збіраецца ў жоўцевым пузыры (вязкая жоўта-бурая або зялёная) і трапляе ў кішэчнік, калі там ёсць ежа. Ж. мае ў сабе ваду, солі жоўцевых кіслот, жоўцевыя пігменты, халестэрын, неарган. солі і інш. біялагічна актыўныя рэчывы: гармоны — тыраксін, ферменты — фасфатазы, таксама вітаміны, фосфаліпіды і інш. Печань дарослага чалавека выдзяляе за суткі да 2 л Ж., буйн. раг. жывёлы — да 9,5 л. Прэпараты Ж. выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

А.​С.​Леанцюк.

т. 6, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРО́КУ О́РГАНЫ,

органы чалавека і жывёлы, якія ўспрымаюць светлавыя раздражненні. Асн. іх элемент — святлоадчувальныя клеткі (фотарэцэптары), размешчаныя пераважна ў галаўной ч. цела. Найб. простыя З.о. — ізаляваныя святлоадчувальныя без зрокавых пігментаў клеткі па ўсёй паверхні цела (напр., у дажджавога чарвяка), здольныя адрозніваць святло ад цемры. Канцэнтрацыя фотарэцэптараў са зрокавымі пігментамі (храмафорамі) прыводзіць да ўтварэння вочных плям (медузы, плоскія чэрві). Некат. кішачнаполасцевыя, кольчатыя чэрві маюць З.о. накшталт пухіра і адрозніваюць форму прадмета. У членістаногіх — фасетачныя вочы; яны ўспрымаюць велічыню і форму прадметаў на блізкай адлегласці. Найб. дасканалыя З.о. ў чалавека (гл. Вока), пазваночных і ў некат. беспазваночных (галаваногія малюскі). У чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл зрокавы аналізатар складаецца з трох асн. аддзелаў: перыферычнага (вока), праводных (зрокавых і падкоркавых) шляхоў і цэнтр. аддзела (патылічнай долі кары вял. паўшар’я галаўнога мозга). Святлоадчувальная абалонка вока (сятчатка) мае рэцэптарныя клеткі: колбачкі і палачкі. Пра функцыі З.о. гл. ў арт. Зрок.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)