РЫ́НАЧНАЯ ЭКАНО́МІКА,

сістэма арганізацыі эканам. дзейнасці, заснаваная на таварна-грашовых адносінах, разнастайнасці форм уласнасці, свабоднай канкурэнцыі паміж вытворцамі і спажыўцамі. У межах Р.э. абмен рэсурсамі ці іх размеркаванне ажыццяўляецца пераважна на аснове рыначных цэн, якія фарміруюцца ў залежнасці ад попыту і прапаноў. Механізм Р.э. грунтуецца на сістэме рынкаў (таварных, рабочай сілы, капіталаў, каштоўных папер, жылля і інш.). Для Р.э. характэрна дэцэнтралізацыя кіравання: планаванне вытв-сці ажыццяўляецца суб’ектамі гаспадарання, а не органамі дзярж. кіравання. Гал. ўмова Р э. — свабода прадпрымальніцтва, вытворчага і спажывецкага выбару, заснаваных на эканам. інтарэсах. Вытворцы зацікаўлены ў максімалізацыі прыбытку, спажыўцы — у аптымізацыі сваёй выгады пры набыцці неабходных тавараў і паслуг. Сутыкненне гэтых інтарэсаў складае сутнасць рыначнай канкурэнцыі. Акрамя свабоднай Р.э., заснаванай на рыначнай канкурэнцыі без умяшання ў працэсы куплі-продажу органаў дзярж. кіравання і ўлады, існуе змешаная Р.э., пры якой дзейнасць прыватных суб’ектаў гаспадарання кіруецца рыначным механізмам, а органы дзярж. кіравання ўздзейнічаюць на эканам. працэсы эканам. і адм. метадамі рэгулявання. Эканоміка многіх дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь, спалучае рысы рыначнай і адм.-каманднай эканомікі. Гэта абумоўлена тым, што і рыначным, і камандна-адм. метадам кіравання ўласцівы пэўныя недахопы, уздзеянне якіх аслабляецца ва ўмовах змешанай эканомікі.

Літ.:

Фишер С., Дорнбуш Р, Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ. М., 1999;

Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;

Рыночное реформирование экономики Беларуси. Мн., 1996;

Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.

А.​І.​Лучанок.

т. 13, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЙ ((Rej) Мікалай) (4.2.1505, мяст Жураўна каля г. Галіч, Украіна — паміж 8.9. і 4.10.1569),

польскі пісьменнік, першы з вядучых прадстаўнікоў рэнесансавай л-ры ў Польшчы. Вучыўся ў Скальбмежы, Львове, Кракаўскім ун-це (1517—19). Служыў сакратаром пры двары ваяводы А.​Тэнчынскага (1525—30), дзе пазнаёміўся з ідэямі Рэфармацыі і стаў кальвіністам. Асеў на вёсцы, але актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, выступаў на сеймах 1540—42, 1558—59, 1569. Большасць твораў напісаў на ўзор сучаснай яму замежнай л-ры, але запазычаную форму насычаў актуальным польскім зместам. Першы з буйных твораў Р. — сатыр. дыялог «Кароткая гутарка паміж трыма асобамі: Панам, Войтам і Плябанам» (1543) — звязаны з праграмай паліт. шляхецкага руху «Экзекуцыя» за ўраўнаванне шляхты ў правах з магнатамі. Пратэстанцкія перакананні Р., антыкаталіцкія і антыцаркоўныя матывы ў драме «Купец» (1549), зб. пропаведзей «Пастыла» (1557). Спробы адлюстраваць вобраз ідэальнага чалавека — у вял. (10 тыс. вершаў) дыдактычна-алегарычнай паэме «Сапраўдны паказ жыцця пачцівага чалавека» (1558) і празаічнай кнізе «Зярцала» (1568). Гэта ідэал не толькі добрага сем’яніна, ветлівага гаспадара, але і шляхціца-грамадзяніна. Аўтар зб-каў сатыр. эпіграм «Звярынец» і жартоўных вершаў, анекдотаў, баек «Забаўныя гісторыі» (абодва 1562). Мова яго твораў жывая, багатая, крыху грубаватая, блізкая да народнай.

Тв.:

Pisma wierszem. Wroclaw, 1954;

Wybór pism. 2 wyd. Warszawa. 1979.

Літ.:

Witczak T. Studia nad twórczością Mikołaja Reja. Poznań, 1975;

Podgórska T. Komizm w twórczości Micołaja Reja. Wrocław, 1981.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 13, с. 561

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

ажыццяўленне вытв. працэсу з дапамогай аўтам. сродкаў без непасрэднага ўдзелу ў ім чалавека, а толькі пад яго кантролем. Засн. на выкарыстанні камп’ютэрных сістэм, прылад і аўтаматаў, якія дапоўнілі 3-звенную сістэму машын (рухавік, перадатачны механізм, рабочая машына) 4-м звяном — блокам аўтам. кіравання і кантролю. З’яўляецца асновай развіцця сучаснай эканомікі і гал. кірункам навукова-тэхнічнага прагрэсу. Ажыццяўляецца з мэтай павышэння эфектыўнасці вытв-сці, якасці прадукцыі і аптымальнага выкарыстання рэсурсаў. Бывае частковая (аўтаматызаваны ўчастак, цэх, прадпрыемства) і поўная (аўтаматызаваны ўсе працэсы, у т. л. падрыхтоўка і рэгуляванне вытв-сці). Комплексныя і поўная аўтаматызацыя вытворчасці — гэта пераход да т.зв. бязлюдных тэхналогій. Неабходнасць аўтаматызацыі вытворчасці абумоўлена тэхнічна (калі пры выкананні аперацый выкарыстанне чалавечай працы на пэўным участку немагчыма), эканамічна (апраўдана толькі пры зніжэнні выдаткаў вытв-сці), сацыяльна (дыктуецца ростам прафес. гуманітарнага і культ. ўзроўню работніка, гарманічнага развіцця яго як асобы).

Аўтаматызацыя вытворчасці ажыццяўляецца ў 3 кірунках, якія адлюстроўваюць асн. этапы развіцця навукі і тэхнікі ў галіне механікі, электратэхнікі і электронікі. 1-ы кірунак ажыццяўляецца з перыяду прамысловага перавароту — вынаходства рабочых машын, здольных выконваць вытв. аперацыі без удзелу рабочага (ткацкія станкі, станкі апрацоўкі дэталяў па капіры і інш.). Дзеянне такіх машын-аўтаматаў грунтуецца на выкарыстанні дасягненняў класічнай механікі з дапамогай адпаведных канструкцыйных рашэнняў. Роля чалавека тут зводзіцца да назірання за работай машын ці да падачы матэрыялаў для іх перапрацоўкі і ўборкі гатовай прадукцыі. 2-і кірунак ажыццяўляецца з пач 20 ст. на базе выкарыстання электраэнергіі ў якасці рухальнай сілы. Вынаходства прылад, заснаваных на выкарыстанні электрычнасці і электрамагнетызму (рэле, кантактараў, прылад кантролю, рэгулявання і інш.) зрабіла магчымым звязаць у адзіную сістэму сукупнасць машын і механізмаў, якія вырашаюць пэўную тэхнал. задачу. На гэтым этапе пачаліся распрацоўка і шырокае выкарыстанне аўтам. ліній і вытв-сцяў, здольных без удзелу чалавека выконваць тэхнал. аперацыі па апрацоўцы дэталяў і нават зборку нескладаных вырабаў. Роля чалавека на такіх лініях — у падачы матэрыялаў, падборы і наладцы патрэбнага інструменту, кіраванні, кантролі, загрузцы і выгрузцы дэталяў. 3-і кірунак пачаўся з 2-й пал. 20 ст. на базе развіцця электронікі і выкарыстання ЭВМ (камп’ютэраў). Рэвалюцыйны скачок у вытв. працэсе адбыўся з выкарыстаннем аўтам. маніпулятараў (робатаў) і станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, якія з дапамогай уманціраваных у іх камп’ютэраў здольныя самастойна запамінаць і абагульняць вопыт сваёй работы, выконваць і каардынаваць складаныя фіз. дзеянні ў прасторы. Гэта істотна мяняе характар і змест працы: аўтам. сістэма машын сама ўздзейнічае на прадмет працы, выконвае не толькі фіз., а і шэраг інтэлектуальных функцый рабочага.

Найб. пашырана аўтаматызацыя вытворчасці ў касманаўтыцы, металургіі, ядз. энергетыцы, радыёэлектроннай прам-сці, сувязі і інш. галінах эканомікі, у т. л. і нематэрыяльнай сферы. Дзейнічаюць аўтаматызаваныя прадпрыемствы, аўтаматычныя лініі, аўтаматычныя маніпулятары, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання, класы аўтаматызаванага навучання, сістэмы па аўтаматызацыі вымярэнняў, аўтаматызацыі праграмавання, аўтаматызацыі праектавання і інш. На Беларусі наладжаны выпуск ЭВМ, аўтам. ліній і маніпулятараў, станкоў з лікавым праграмным кіраваннем і інш. сучасных сродкаў аўтаматызацыі, якія шырока выкарыстоўваюцца ў вытв-сці і пастаўляюцца на экспарт.

Літ.:

Автоматизация производственных процессов на основе промышленных роботов нового поколения: Сб. науч. тр. М., 1991.

М.​С.​Сачко.

т. 2, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІ́ШЧАЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (31.8.1749, Масква — 24.9.1802),

рускі пісьменнік, мысліцель. Вучыўся ў Пецярбургскім пажскім корпусе (1762—66), Лейпцыгскім ун-це (1766—71). У 1771—75 працаваў ў Сенаце, у штабе фінл. дывізіі, з 1777 у Камерц-калегіі (з 1790 кіраўнік Пецярбургскай мытні). У 1790 за выпуск у свет свайго філас.-публіцыст. трактата «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці і прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага ссылкай на 10 гадоў ва ўсх.-сібірскі Ілімскі астрог. У 1797 пераведзены пад нагляд паліцыі ў маёнтак бацькі Нямцова Калужскай губ. У 1801 вярнуўся ў Пецярбург, удзельнічаў у рабоце Імператарскай камісіі па складанні законаў, але яго праекты былі адхілены як небяспечныя для дзяржавы. Як пратэст на пагрозу новай ссылкі скончыў самагубствам. На светапогляд Р. паўплывалі паўстанне Е.​Пугачова, погляды Г.​Лейбніца, І.​Гердэра, К.​Гельвецыя, Д.​Дзідро, І.​Канта, Ж.​Ж.​Русо і інш. У ім арганічна спалучаліся ідэі зах.-еўрап. асветніцтва з айч. духоўнай традыцыяй. Р. сцвярджаў новую свецкую ідэалогію, гуманізм, вальнадумства, каштоўнасць розуму, свабоды асобы, прагрэсу, нар. дабрабыту. Гэта выявілася ў яго творах: «Слова пра Ламаносава» (1780), «Ліст да сябра...» (1782), ода «Вольнасць» (1783, распаўсюджвалася ў спісах, выд. 1906), аповесць «Жыціе Фёдара Васілевіча Ушакова» (1789). Гал. праца — кн. «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» (забаронена, б.ч. тыражу знішчана, распаўсюджвалася ў спісах; выд. 1858 у Лондане, у Расіі з цэнзурнымі папраўкамі ў 1868, поўн. выд. 1905). У ёй узнята шырокае кола ідэй рас. асветніцтва, паказана жыццё народа, рэзкае выкрыццё прыгонніцтва і самадзяржаўя, тэмы нар. бунту і неабходнасці грамадскіх пераўтварэнняў. Аўтар паэм «Бава» (нясконч., канец 1790-х г.), «Песні, што праспяваны на спаборніцтвах у гонар старажытным славянскім бажаствам» (не завершана), «Песня гістарычная» (усе выд. 1807), твораў філас.-публіцыст. «Гутарка пра тое, што ёсць сын айчыны» (1789), «Пра чалавека, пра яго смяротнасць і бессмяротнасць» (1792, выд. 1809), літ.-крыт. «Помнік дактылахарэічнаму віцязю...» (1801, выд. 1811), дзённікаў («Запіскі падарожжа ў Сібір», выд. 1906; «Запіскі падарожжа з Сібіры», выд. 1907) і інш. Як філосаф Р. прызнаваў рэальнасць матэрыяльнага, рэчыўнага. У яго разуменні, калі Бог — духоўны абсалют, усёмагутны ўладкавальнік свету, тады Бог — гэта Прырода, якая ўсёмагутная, абсалютная. Людзі — блізкія ўсяму прыроднаму. Адначасова падкрэсліваў асаблівасці чалавека — розум, распазнавальнасць дабра і зла, бязмежная здольнасць да ўдасканалення, мова, здольнасць да прац. дзейнасці; чалавек фарміруецца ў грамадстве пад уплывам выхавання, прыроды, рэчаў. Грамадскі дабрабыт, паводле Р., звязаны з рэалізацыяй натуральных правоў, у якіх адлюстраваны натуральныя імкненні чалавека, а шлях прагрэсу ён бачыў праз радыкальнае пераўтварэнне грамадства. Ідэі Р. значна паўплывалі на А.​Пушкіна, дзекабрыстаў, рус. паэзію і развіццё рэалізму ў рус. л-ры.

Тв.:

Полное собр. соч. Т. 1—3. М.; Л., 1938—52;

Стихотворения. Л., 1975;

Избр. Куйбышев, 1982.

Літ.:

Шторм Г. Потаенный Радищев. М., 1974;

Кулакова Л.И., Западов В.А. А.​Н.​Радищев «Путешествие из Петербурга в Москву»;

Коммент. Л., 1974;

А.​Н.​Радищев и литература его времени: Сб. ст. Л., 1977;

Шкуринов П.С. А.​Н.​Радищев: Философия человека. М., 1988;

Зеньковский В.В. История русской философии. Л., 1991. Т. 1, ч. 1. С. 96—104.

Л.​В.​Календа.

А.М.Радзішчаў.

т. 13, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВАЕ́ННЫ КАМУНІ́ЗМ»,

назва эканамічнай палітыкі Сав. дзяржавы ў 1918—20; сістэма надзвычайных, выкліканых грамадз. вайной і ваен. інтэрвенцыяй мер, якія павінны былі захаваць дыктатуру пралетарыяту ў краіне з велізарнай перавагай дробнабуржуазнага насельніцтва. Найважнейшыя меры «ваеннага камунізму»: у галіне сельскай гаспадаркі — забарона гандлю збожжам і ўсімі харч. таварамі, харчразвёрстка, арганізацыя камітэтаў беднаты, фарсіраваны пераход да сацыяліст. формаў гаспадарання; у галіне прам-сці — нацыяналізацыя не толькі буйных, але сярэдніх і дробных прадпрыемстваў, надзвычайная цэнтралізацыя кіравання прам-сці; у галіне гандлю і размеркавання — забарона свабоднага гандлю і натуралізацыя гасп. адносін, прадуктаабмен паміж горадам і вёскай, размеркаванне прадметаў масавага спажывання па картачнай сістэме і класавай прыкмеце, адмена платы за жыллё і камунальныя паслугі; у галіне арганізацыі працы — увядзенне ўсеаг. прац. павіннасці, натуралізацыя і ўраўняльнасць пры аплаце працы, стварэнне працоўных армій і інш. На Беларусі палітыка «ваеннага камунізму» ажыццяўлялася дзярж. і парт. органамі Заходняй вобласці, Бел. ССР, ЛітБел, рэвалюцыйнымі камітэтамі. Палітыка «ваеннага камунізму» на Беларусі вызначалася тым, што краіна з’яўлялася тэатрам ваен. дзеянняў і прыфрантавой тэрыторыяй. На вызваленай тэр. Беларусі восенню 1920 пачалася нацыяналізацыя прам-сці. У сваіх крайніх формах ажыццяўлялася палітыка «ваеннага камунізму» ў галіне сельскай гаспадаркі ў Магілёўскай і Віцебскай губ., дзе ў адказ на гэта адбыліся сял. выступленні. Комплекс мерапрыемстваў «ваеннага камунізму» ў спалучэнні з грамадз. вайной і ваен. інтэрвенцыяй абвастрылі асн. супярэчнасць — паміж горадам і вёскай. Яскравай праявай крызісу палітыкі «ваеннага камунізму» было Кранштацкае паўстанне 1921. Процідзеянне сялянства стала асн. прычынай пераходу ад «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі.

С.​М.​Ходзін.

т. 3, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́СНЫЯ ГУ́КІ,

гукі мовы, пры ўтварэнні якіх паветра свабодна праходзіць праз поласць рота. У акустычных адносінах гэта муз. тоны з нязначнымі шумамі. Кожны галосны гук у залежнасці ад формы, набытай поласцю рота і поласцю глоткі (рэзанатары) пры яго вымаўленні, мае пэўную колькасць уласных тонаў, якія наз. характэрнымі тонамі галоснага ці яго фармантамі. Сукупнасць тонаў утварае тэмбр; ім галосныя адрозніваюцца адзін ад аднаго. Агульныя анатама-фізіял. ўмовы ўтварэння галосных гукаў: адсутнасць у маўленчым апараце якіх-н. значных перашкод, што маглі б спрыяць узнікненню шуму; слабая паветраная плынь; напружанасць усіх органаў маўлення. За найб. зручную навук. класіфікацыю прынята лічыць анатама-фізіял., ці генетычную, заснаваную на стане артыкуляцыйных органаў. Асн. ролю пры ўтварэнні галосных гукаў выконваюць губы, язык, мяккае паднябенне.

Паводле актыўнасці-пасіўнасці губ бел. галосныя гукі падзяляюцца на губныя, ці лабіялізаваныя («о», «у»), і негубныя, ці нелабіялізаваныя («і», «ы», «э», «а»). У залежнасці ад стану языка па гарызанталі — на 3 групы: пярэдняга рада («і», «э»), сярэдняга, ці мяшанага, рада («ы», «а»), задняга рада («у», «о»). Паводле руху языка па вертыкалі — на ступені пад’ёму: верхняга пад’ёму, ці закрытыя, вузкія («і», «ы», «у»); сярэдняга пад’ёму («о», «э»); ніжняга пад’ёму, ці адкрытыя, шырокія («а»). У залежнасці ад стану мяккага паднябення — на ротавыя, ці неназалізаваныя (усе галосныя гукі сучаснай бел. мовы), і насавыя, ці назалізаваныя (Ѫ, Ѧ у стараслав., ą, ę; у польск., ɑ̃, ɛ̃ у франц. мове).

Літ.:

Камароўскі Я.М., Сямешка Л.І. Сучасная беларуская мова: Фанетыка і фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Мн., 1985.

Л.​П.​Падгайскі.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСТВА,

прававая прыналежнасць асобы да пэўнай дзяржавы. У сілу грамадзянства на чалавека распаўсюджваюцца законы дзяржавы, грамадзянскія правы і абавязкі, а дзяржава ў сваю чаргу абараняе і апякае яго на сваёй тэрыторыі і па-за яе межамі. У дзяржавах з манархічнай формай праўлення тэрмін «грамадзянства» ўжываецца ў значэнні «падданства».

Грамадзянства Рэспублікі Беларусь — неад’емны атрыбут яе дзярж. суверэнітэту. Грамадзянамі Беларусі з’яўляюцца асобы, якія пастаянна пражывалі на тэр. Беларусі на дзень набыцця сілы Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 18.10.1991 або атрымалі яе грамадзянства ў адпаведнасці з гэтым Законам. Грамадзянства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца роўным для ўсіх грамадзян незалежна ад падстаў яго набыцця. Дакументам, які сведчыць аб грамадзянстве, з’яўляецца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін не можа быць пазбаўлены грамадзянства, як і ніхто з грамадзян краіны не можа быць адвольна пазбаўлены права змяніць грамадзянства. Набываецца грамадзянства па нараджэнні, у выніку прыёму ў грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных міжнар. дагаворамі Рэспублікі Беларусь ці яе заканадаўствам аб грамадзянстве. Пражыванне грамадзяніна на тэр. інш. дзяржавы само па сабе не вядзе да страты грамадзянства. Грамадзянін не можа быць выдадзены інш. дзяржаве, калі гэта не прадугледжана міжнар. дагаворамі Беларусі. Спыняецца з прычыны выхаду з грамадзянства, з прычыны страты грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных законам. Выхад з грамадзянства ажыццяўляецца па хадайніцтве асобы ў прадугледжаным законам парадку. Грамадзянства страчваецца, калі асоба набыла грамадзянства інш. дзяржавы ці паступіла на ваен. службу, у праваахоўныя і інш. дзярж. органы замежнай дзяржавы або калі грамадзянства Рэспублікі Беларусь было атрымана ёю незаконным шляхам.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЙНЕ́КА (Леанід Мартынавіч) (н. 28.1.1940, в. Змітраўка 2-я Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1967). Працаваў на будоўлях, на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце, на Віцебскай студыі тэлебачання, Бел. тэлебачанні. У 1972—89 адказны сакратар час. «Маладосць». З 1989 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1961. Аўтар зб-каў вершаў, у якіх услаўленне роднай зямлі і чалавека працы, роздум над гадамі вайны, маленства, жыццём вёскі («Галасы», 1969, «Бераг чакання», 1972, «Мая вясна саракавая», 1979, «Вечнае імгненне», 1985), зб. апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976). Раманная дылогія «Людзі і маланкі» (1977) і «Запомнім сябе маладымі» (1979) раскрывае складаныя падзеі рэвалюцыі, грамадз. вайны, барацьбы з акупантамі, станаўлення бел. дзяржаўнасці ў 1917—19. Тэму горада асэнсоўвае ў рамане «Футбол на замініраваным полі» (1987).

Барацьбу народа з крыжакамі ў 12 ст. паказаў у гіст. рамане «Меч князя Вячкі» (1987, Літ. прэмія СП Беларусі імя І.​Мележа 1987). Славуты полацкі князь Усяслаў Чарадзей — герой гіст. рамана «След ваўкалака» (1988, разам з папярэднім раманам Дзярж. прэмія Беларусі імя К.​Каліноўскага 1990). Ранні этап станаўлення стараж. бел.-літ. дзяржавы — ВКЛ — адлюстраваў у гіст. рамане «Жалезныя жалуды» (1990). Аўтар фантаст. рамана «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» (1992). Некат. вершы Д. пакладзены на музыку.

Тв.:

Начныя тэлеграмы: Вершы і паэмы. Мн., 1974;

Сняжынкі над агнём: Вершы і паэмы. Мн., 1989.

Літ.:

Гілевіч Н. На свабодным дыханні // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;

Бугаёў Дз. Чалавечнасць. Мн., 1985.

І.​У.​Саламевіч.

Л.М.Дайнека.

т. 6, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХМО́ЎНЫ СЛО́ЎНІК, перакладны слоўнік,

тып лінгвістычнага даведніка, у якім змест слоў адной мовы перадаецца сродкамі іншай мовы. Часцей за ўсё гэта робіцца шляхам перакладу: напр., «Практычны расійска-беларускі слоўнік» М.​Я.​Байкова і М.​І.​Гарэцкага (1924). Больш глыбокая і навук. семантызацыя зместу рэестравых слоў ажыццяўляецца ў тых Д.с., якія змяшчаюць да слоў адной мовы разгорнутыя дэфініцыі на іншай (напр., «Кароткі эканамічны слоўнік», 1993). Існуюць і больш апасродкаваныя спосабы семантызацыі, напр. у Д.с. ідэаграфічнага тыпу; так, у «Тэматычным руска-беларускім слоўніку мовы навуковых справаздач» (1993) словы не толькі перакладаюцца, але і ілюструюцца эквівалентнымі па зместу тэкставымі фрагментамі на рус. і бел. мовах, дзе гэтыя словы ўжываюцца. Існуюць Д.с., у якіх сумяшчаюцца ўсе магчымыя спосабы семантызацыі рэестравых слоў: «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.​Ластоўскага (1990).

Паводле характару рэестравых адзінак адрозніваюць Д.с. агульныя («Руска-беларускі слоўнік», т. 1—3, 6-е выд., 1995; «Беларуска-рускі слоўнік», т. 1—2, 2-е выд., 1988—89) і спецыяльныя або тэрміналагічныя («Руска-беларускі слоўнік матэматычных, фізічных і тэхнічных тэрмінаў» М.​М.​Касцюковіча, У.​В.​Люшціка, В.​К.​Шчэрбіна, 1995). Паводле прызначэння вылучаюць агульныя і школьныя Д.с. (напр., «Руска-беларускі слоўнік», 6-е выд., 1993, і «Беларуска-рускі слоўнік», 3-е выд., 1991, С.​М.​Грабчыкава; «Руска-беларускі слоўнік: Для пачатковых класаў» А.​К.​Кобызевай, Г.​П.​Хаткевіч і М.​Я.​Шчарбун, 1985). Паводле характару інфармацыі аб рэестравых словах адрозніваюць агульныя і аспектныя, сярод апошніх Д.с. моўных цяжкасцей, паралексічныя Д.с. (гл. адпаведныя арт.).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 6, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́НГШПІЛЬ (ням. Singspiel ад singen спяваць + Spiel гульня),

нямецкая і аўстр. разнавіднасці камічнай оперы, дзе муз. нумары чаргуюцца з размоўнымі дыялогамі. Паўн.-ням. З. склаўся ў 18 ст. пад уплывам англ. баладнай оперы. Напачатку гэта быў драм. спектакль з муз. ўстаўкамі нар.-песеннага характару. Развіццё яго звязана з творчасцю кампазітара І.​А.​Хілера («Лотхен пры двары», 1767; «Паляванне», 1770) і паэта Х.​Вейсе. Сярод інш. аўтараў ням. З. — Й.​А.​Бенда, К.​Г.​Нефе, І.​Ф.​Рэйхард. Тэксты для З. пісаў І.​В.​Гётэ. Станаўленне аўстр. З. звязана з уплывам італьян. камедыі дэль артэ, франц. камічнай оперы і найбольш з традыцыямі нар. аўстр. імправізацыйнай камедыі, у т. л. т-ра марыянетак. У ім муз. драматургія больш развіта і набліжана да опернай, узмоцнены арк. і вак. партыі, расшыраны функцыі ансамбляў, асабліва ў фіналах. Сярод ранніх аўстр. З. «Крывы чорт» І.​Гайдна (1751). Росквіт жанру звязаны з творамі К.​Дзітэрсдорфа, В.​Мюлера і асабліва В.​А.​Моцарта («Выкраданне з сераля», 1782; «Чароўная флейта», 1791), якія зрабілі вял. ўплыў на развіццё аўстра-ням. опернай культуры. Пазней моцартаўскія традыцыі працягвалі Л.​Бетховен («Фідэліо»), Ф.​Шуберт, К.​М.​Вебер, А.​Лорцынг, О.​Нікалаі, у венскай аперэце І.​Штраус-сын і інш. У 20 ст. рысы З. адрадзіліся ў жанрах мюзікла, Songspiel (у К.​Вейля).

Літ.:

Аберт Г. В.​А.​Моцарт: Пер. с нем. Ч. 1, кн. 2. М., 1980;

Слободкин Г.С. Венская народная комедия XIX в. М., 1985.

т. 7, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)