ВЮЯ́Р ((Vuillard) Жан Эдуар) (11.11.1868, г. Кюізо, Францыя — 21.6.1940),
французскі жывапісец, графік і дэкаратар. З 1886 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў і ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Удзельнік групы«Набі» (1892). Зведаў уплыў П.Гагена, А.Тулуз-Латрэка, яп. гравюры. У партрэтах, пейзажах, бытавых карцінах, дэкар. пано спалучаў сімвалізм з падкрэсленай дэкаратыўнасцю формаў, плоскаснай трактоўкай прасторы, вытанчанай эмацыянальнасцю і гармоніяй фарбаў, імкненнем да інтымнасці вобразаў. Асн. творы: аўтапартрэт (тры пано, 1809), «У ложку» (1891), «У пакоі» (1893), «Сады Парыжа» (тры пано, 1894), «На канапе», «У садзе», партрэт мадам Бенар (1930).
Літ.:
Крючкова В.А. Символизм в изобразительном искусстве: Франция и Бельгия, 1870—1900. М., 1994. С. 190—219.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКА́ЛЬНА-ІНСТРУМЕНТА́ЛЬНЫ АНСА́МБЛЬ,
эстрадны калектыў, у якім кожны музыкант звычайна выконвае некалькі функцый без падзелу на салістаў-вакалістаў і акампаніятараў-інструменталістаў. Узніклі ў сярэдзіне 1960-х г. на аснове спалучэння стылістыкі ранняй рок-музыкі з жанрам эстраднай песні. Сярод тэмбравых асаблівасцей ансамбляў шырокае выкарыстанне электраінструментаў (пераважна гітары і клавішных) і электронных гукавых эфектаў, сярод стылістычных — спалучэнне элементаў фальклору, джаза, аўтарскай песні, танц. музыкі, шматлікіх эстрадных плыняў. У рэпертуары найчасцей апрацоўкі нар. песень і эстрадныя песні, а таксама песенныя сюіты, мюзіклы, разгорнутыя інстр. кампазіцыі. Вял. ўплыў на станаўленне такіх ансамбляў зрабіла творчасць бел. ансамбля «Песняры». Сярод інш.бел. ансамбляў: «Верасы», «Сябры», рок-групы «Бонда», «Мроя», «Уліс», «Крама», «Новае неба», «Палац».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСТРАНЕЗІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,
сям’я моў, пашыраных на Малайскім архіпелагу (Інданезія, Філіпіны), п-ве Малака, у некаторых паўд. раёнах Індакітая, у Акіяніі, на а-вах Мадагаскар і Тайвань. Уключае 4 групы моў: інданезійскую, палінезійскую, меланезійскую, мікранезійскую (апошнія 3 часам аб’ядноўваюць пад назвай «акіянійскія мовы»).
Ядро сям’і аўстранезійскіх моў — малайска-палінезійскія мовы. У шэрагу моў мацерыковай і астраўной Паўд.-Усх. Азіі (чамскай, малайскай, яванскай і інш.) у 1-м — пач. 2-га тыс. нашай эры былі распрацаваны сістэмы пісьма на інд. аснове. З пранікненнем ісламу ў некаторых мовах стала выкарыстоўвацца арабскае пісьмо. Практычна ўсе літ. аўстранезійскія мовы карыстаюцца пісьменствам на лац. аснове (створаны ў 19—20 ст., у філіпінскай мове — з 16 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯІНДЫКА́ТАРЫ (ад бія... + індыкатары),
віды, групы відаў або згуртаванні жывых арганізмаў, прысутнасць, колькасць або асаблівасці развіцця якіх сведчаць аб пэўнай накіраванасці і параметрах прыродных працэсаў, умоў або антрапагенных змен навакольнага асяроддзя. Многія арганізмы вельмі адчувальныя і выбіральныя ў адносінах да розных фактараў асяроддзя пражывання (хім. складу глебы, вады, атмасферы, кліматычных і пагодных фактараў, прысутнасці інш. арганізмаў і г.д.) і могуць існаваць толькі ў вызначаных, часта вузкіх межах змянення гэтых фактараў. Прысутнасць, напр., у вадаёме малашчацінкавых чарвей роду Tubifex, вусеняў двухкрылых насякомых роду Chironomus, Eristalis і інш. сведчыць пра пэўную ступень забруджанасці вады, бакаплаваў роду Gammarus, водарасцяў роду Fontinalis, фарэлі, харыуса і інш. — пра яе чысціню. Гл. таксама Сапробнасць, Таксобнасць.
прыроджаная, спадчынная хвароба дзяцей. Узнікае ва ўлонні маці ці ў першыя дні пасля нараджэння ад несумяшчальнасці крыві маці і плода па рэзус-фактары або інш. групавых асаблівасцях (гл.Групы крыві). Рэзус-фактар, які трапляе ў кроў рэзус-адмоўнага чалавека, выклікае імунную рэакцыю з утварэннем антырэзусных цел. Стан сенсібілізацыі да рэзус-фактара пры першай цяжарнасці можа не развіцца і дзіця нараджаецца здаровым, пры наступных цяжарнасцях дзеці могуць нараджацца хворымі. У аснове хваробы — гемоліз (распад) эрытрацытаў і назапашванне ў крыві атрутнага рэчыва (непрамога білірубіну, гл.Кроў). Прыкмета гемалітычнай хваробы нованароджаных: анемія, жаўтуха, парушэнне дзейнасці ц. н. с. (ад атручэння). Лячэнне: заменнае пераліванне крыві, гемасорбцыя, увядзенне плазмы; фотатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНІЕ́ННЕ,
разлажэнне азотзмяшчальных арган. злучэнняў (пераважна бялкоў) мікраарганізмамі; адыгрывае значную ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе. Гніенне — складаны шматступеньчаты біяхім. працэс, які залежыць ад хім. прыроды субстрату, наяўнасці кіслароду і складу мікрафлоры. На розных этапах гніення дамінуюць спецыфічныя групы мікраарганізмаў (аэробныя, факультатыўна анаэробныя, аблігатна анаэробныя бактэрыі і некат. віды грыбоў). Пры ўдзеле пратэалітычных ферментаў мікраарганізмы расшчапляюць бялкі да амінакіслот. Дэзамінаванне і дэкарбаксіліраванне амінакіслот прыводзіць да ўтварэння аміяку, серавадароду, вуглякіслага газу, арган.к-т, амінаў і інш. злучэнняў, у т. л. атрутных рэчываў (кадаверын, путрэсцін) і з непрыемным пахам (індол, скатол, меркаптаны). Гніенне адбываецца ў глебе, вадзе, у страўнікава-кішачным тракце жывёл і чалавека (прадукты гніення абясшкоджваюцца печанню і часткова выдаляюцца ныркамі). Гл. таксама Аманіфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́СКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Грэскім р-не Мінскай вобл. пад кіраўніцтвам Грэскага падп. РК КП(б)Б. Арганізатар і кіраўнік У.І.Заяц. Налічвала каля 80 чал., 4 групы: у бальніцы в. Грэск (кіраўнік Ю.Г.Войчык), вёсках Стараселле (А.В.Вадап’ян), Гацук (Заяц), Вобчае (І.І.Каско). Падпольшчыкі вялі сярод насельніцтва агітац. работу, распаўсюджвалі звесткі Саўінфармбюро, перадавалі партызанам звесткі пра рух варожага транспарту, папярэджвалі пра карныя аперацыі акупантаў, псавалі тэлеф. сувязь праціўніка, спалілі некалькі мастоў на шашэйных дарогах, пусцілі пад адхон варожы эшалон, разграмілі апорны пункт фашыстаў у в. Вобчае, захапілі абоз з прадуктамі і пераправілі партызанам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫ́ЙЦЫ, даране (Dōrieis),
адно з асноўных стараж.-грэч. плямён паўн.-зах. дыялектнай групы. Першапачаткова жылі ў Паўн. і Сярэдняй Грэцыі. На працягу 12 ст. да н.э. разам з інш.паўн. плямёнамі перасяляліся ў паўд.-зах. напрамку, што прывяло да выцяснення ахейцаў і знішчэння ахейскіх цэнтраў — Мікенаў, Тырынфа, Піласа і інш. Д. занялі вобласці Лаканіка, Месенія, Кінурыя, Аргаліда, Мегарыда (п-аў Пелапанес), Карынфія (Істмійскі перашыек), потым каланізавалі а-вы Родас, Крыт, Фера, Мелас, Кос, Калімнас, узбярэжжа М.Азіі (гарады Кнід, Галікарнас і інш.). У 8—6 ст. да н.э. аформіліся іх раннерабаўладальніцкія дзярж. аб’яднанні (Спарта, Аргас, полісы Крыта) і ўзніклі іх калоніі па-за межамі Грэцыі (напр., Сіракузы). Ад імя Д. паходзіць назва арх.дарычнага ордэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́КСАН ((Jackson) Майкл) (н. 29.8.1958, г. Гэры, штат Індыяна, ЗША),
амерыканскі рок-спявак і кампазітар. Прафес. выступленні пачаў у 1969 у складзе сямейнай групы «Пяцёрка Джэксанаў» (з 1975 наз. «Джэксаны»), першы сольны «хіт» выканаў у 1971 («Павінен быць тут»). З 1979 супрацоўнічаў са студыяй кампазітара і аранжыроўшчыка К.Джонсана. Сярод найб. вядомых альбомаў: «Са сцяны» (1979), «Трылер» (1982), «Дрэнны» (1987), «Небяспечны» (1991), шматлікія пласцінкі-«сінглы», у т. л. «Білі Джын» (1983). Найб. дасягненне Дж. як кампазітара — песня «Мы — гэта свет» (1985, разам з Л.Рычы), у запісе якой удзельнічалі многія зоркі сусв. музыкі. Яго відэа- і канцэртныя выступленні вылучаюцца экспрэсіяй, пластычнасцю, прадуманай харэаграфіяй, уражвальнымі рэжысёрскімі вырашэннямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯ́ТЛАЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ Дзейнічала з вер. 1941 да ліп. 1944 у Дзятлаўскім і Казлоўшчынскім р-нах Гродзенскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Аб’ядноўвала больш за 30 чал., 2 групы: у в. Явар (20 чал., кіраўнікі С.І.Белы, Б.І.Белы), в. Зачэпічы (М.П.Сніціч, Н.П.Сніціч). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, прадукты; вясной 1942 пашкодзілі тэлеф. сувязь паміж вёскамі Нясілавічы і Гезгалы; здабылі звесткі пра размяшчэнне варожага гарнізона ў г.п. Казлоўшчына, з іх дапамогай партызаны восенню 1942 разграмілі гарнізон; з групай партызан праводзілі дыверсіі на чыгунцы, падпалілі склады на ст. Наваельня. У канцы 1943 большасць падпольшчыкаў пайшла да партызан.