ВАРО́НЕЖСКАЯ АНТЭКЛІ́ЗА,
дадатная тэктанічная структура на Пд Рускай пліты з высокім заляганнем дакембрыйскага фундамента. Ахоплівае тэр. ПдЗ еўрап. ч. Расіі, ПнУ Украіны, на У Магілёўскай і ПнУ Гомельскай абласцей Беларусі. Абмежавана на ПнЗ Аршанскай упадзінай і Жлобінскай седлавінай, на ПдЗ і Пд Прыпяцка-Данецкім аўлакагенам, на У Прыкаспійскай упадзінай і на ПнУ Маскоўскай сінеклізай. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ на 800 км, шыр. 300—400 км. У скляпеннай ч. паверхня фундамента залягае на глыб. 40—250 м (месцамі выходзіць на паверхню зямлі), на тэр. Беларусі — на глыб. 400 м. Паўн.-ўсх. і ўсх. схілы спадзістыя, паўд. больш стромкія. У межах Беларусі вылучаюцца падпарадкаваныя Варонежскай антэклізе структуры: Суражскі і Грамяцкі пахаваныя выступы, якія падзелены Клінцоўскім грабенам. Платформавы чахол на крылах складзены з асадкавых парод рыфею і венду (на У), дэвону і пярмі — трыясу (на Пд), мезазою і кайназою. Варонежская антэкліза сфарміравалася пераважна ў герцынскі этап тэктагенезу (гл. ў арт. Герцынская складкавасць). Да антэклізы прымеркаваны жал. руды Курскай магнітнай анамаліі.
У.І.Шкуратаў.
т. 4, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУДЗО́Н, Хадсан (Hudson),
рака на У ЗША. Даўж. 520 км, пл. басейна каля 35 тыс. км². Пачынаецца з ледавіковых азёр гор Адырондак, цячэ ў Апалачах, у глыбокай даліне з шматлікімі парогамі і вадаспадамі; упадае ў бухту Лоўэр-Бей Атлантычнага ак.; утварае эстуарый глыб. ад 3,5 м да 14 м. Падводная даліна, т.зв. Каньён Гудзона, працягваецца ў глыб. акіяна на 200—250 км. Марскія прылівы на 240 км ад вусця да плаціны г. Трой. Жыўленне снега-дажджавое. Макс. веснавое разводдзе ў сак.—красавіку. Сцёк зарэгуляваны плацінамі. Сярэдні расход вады каля 630 м³/с. Суднаходства ад г. Трой. Суднаходнымі каналамі злучана з азёрамі Эры (канал Эры), Антарыо і Шамплейн (водны шлях да р. Св. Лаўрэнція). У бас. Гудзона буйныя ГЭС (Шэрман-Айленд, Спайр-Фолс і інш.). На Гудзоне гарады Трой, Олбані, Хадсан, Кінгстан, Пакіпсі, у вусці — г. Нью-Йорк. Названа ў гонар англ. мараплаўца Г.Гудзона, які адкрыў у 1609 вусце ракі.
т. 5, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫВЯ́ТЫ,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка (выцякае з возера), каля паўд. ускраіны г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 36,1 км², даўж. 9,9 км, найб. шыр. 4,5 км, найб. глыб. 12 м, даўж. берагавой лініі 37,6 км. Пл. вадазбору 459 км². Схілы катлавіны пераважна пад лесам, асіметрычныя: на Пн выш. 30—37 м, месцамі разараныя, на Пд да 5 м, забалочаныя. На Пд і ПдУ 3 вял. залівы. Дно да глыб. 3,5—5 м выслана пяскамі, ніжэй глеямі і сапрапелямі. 6 астравоў агульнай пл. 0,92 км². Шыр. паласы расліннасці да 200 м. Трапляюцца рэдкія для флоры Беларусі віды раслін: наяды гнуткая і малая, гідрыла кальчаковая; адзначана гнездаванне лебедзя-шыпуна, які занесены ў Чырв. кнігу. У возера ўпадаюць рэчкі Усвіца (злучае з воз. Іказнь), Золвіца, Акунёўка, Рака (злучае з воз. Рака), 6 ручаёў. Уваходзіць у зону адпачынку Браслаў, на паўн. беразе турбаза «Браслаўскія азёры».
т. 6, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЯРЗА́ННЕ ГЛЕ́БЫ,
працэс ахаладжэння глебы да тэмпературы ніжэй 0 °C, які суправаджаецца пераходам ч. глебавай вільгаці ў лёд і выклікае зацвярдзенне глебы. Залежыць ад т-ры паветра, часу ўстанаўлення і магутнасці снегавога покрыва, характару рэльефу, тыпу глеб і іх вільготнасці, наяўнасці або адсутнасці расліннага покрыва і інш. прыродных (часам — антрапагенных) фактараў. Глыб. П.г. ад некалькіх сантыметраў да некалькіх метраў і ўзрастае да канца зімы. П.г. пашырана ў арктычным, антарктычным, субарктычным і значнай ч. ўмеранага пояса Паўн. паўшар’я, а таксама ў многіх горных краінах. Працягласць П.г. ўзрастае ад 2—3 месяцаў у паўд. ч. ўмеранага пояса да 9—10 месяцаў і больш у арктычным і антарктычным поясе. На Беларусі ўстойлівае П.г. на ПнУ пачынаецца ў канцы ліст., на Пд і ПдЗ у 1-й пал. снежня. Самая вял, глыб. прамярзання на ПнУ і У (50—80 см), найменшая на ПдЗ (каля 40 см), дзе амаль пал. зімы глеба ўстойліва не замярзае.
т. 13, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛІ́, Арліт (Arlit),
буйны уранаварудны раён на Пд Сахары ў Нігеры. Радовішчы уранзмяшчальных пясчанікаў, якія залягаюць на глыб. 40—50 м у каменнавугальных, юрскіх і мелавых кантынентальных адкладах чахла Афрыканскай платформы. Агульныя запасы урану ацэньваюцца ў 250 тыс. т (1978). Сярэдняя колькасць металу ў рудзе 0,2—0,4%. Радовішчы распрацоўваюцца з 1970 адкрытым і падземным спосабамі. Цэнтр — г. Арліт.
т. 1, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКІ́НСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ РАЁН,
размешчаны на Апшэронскім п-ве з прылеглай акваторыяй Каспійскага м., у Азербайджане. Прамысл. распрацоўка з апошняй трэці 19 ст. Да 1951 — 1-е месца ў СССР па здабычы нафты. Больш за 80 радовішчаў нафты і газу, паклады да глыб. 4500 м. Асн. радовішчы «Нафтавыя Камяні», Бахар, Сангачалы-мора, Бібі-Эйбат, Сураханы і інш. Цэнтр — г. Баку.
т. 2, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́ВАР (Bolívar),
група нафтавых радовішчаў у Венесуэле. Уваходзіць у Маракайбскі нафтагазаносны раён. Радовішчы (Тыя-Хуана, Бачакера, Лагунільяс і інш.) адкрыты ў 1917—30, распрацоўваюцца з 1922. Пачатковыя прамысл. запасы 4,3 млрд. т. Паклады на глыб. 160—4500 м. Шчыльн. нафты 888 кг/м³. Эксплуатуецца каля 7 тыс. свідравін. 2 нафтаправоды і 1 газаправод да гарадоў Пунта-Кардон і Амуай.
т. 2, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАВЫ́-ДУЛЕ́БЫ, Залазы,
балота ў Беларусі, у Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці і ў Бялыніцкім і Клічаўскім р-нах Магілёўскай вобл., у вадазборы рэк Дулебка і Даўжанка. Пераважна вярховага (80%) тыпу. Пл. 5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,7 тыс. га. Глыб. торфу да 6,8 м. Балота ў натуральным стане, пераважна пад хваёвым лесам, часткова выкарыстоўваецца пад сенажаць.
т. 2, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХАРДЭ́НСКАЯ ПЯЧО́РА,
карставая пячора каля паўн. падножжа хрыбта Капетдаг, у Туркменіі, за 19 км на Пд ад г.п. Бахардэн. Даўж. 250 м, глыб. 69 м. Гал. грот завалены каменнымі глыбамі, ёсць карставыя варонкі; ніжні грот заняты праточным воз. Коу-Ата з тэрмальнай (34—77 °C) серавадароднай вадой. Спелефауна: лятучыя мышы, грызуны, птушкі, каля 50 відаў беспазваночных. Аб’ект турызму.
т. 2, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Пастаўскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца, за 3 км на ПнУ ад г.п. Варапаева. Пл. 0,22 км², даўж. 950 м, найб. шыр. 420 м, найб. глыб. 6 м. Пл. вадазбору 1,15 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, пераважна разараныя, берагі забалочаныя. Слаба зарастае. Злучана пратокай з воз. Азерцы.
т. 2, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)