ПАСТУШКІ́, пастушковыя (Ralli, Rallidae),

сямейства птушак атр. жураўлепадобных. Вядомы з пачатку эацэну (каля 45 млн. г. назад). Па розных класіфікацыях — ад 18 да 62 родаў, ад 129 да 165 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. — у тропіках і субтропіках Азіі і Афрыкі. Жывуць у зарасніках каля вады, на вільготных лугах. Многія актыўныя на змярканні і ўначы. На Беларусі 7 пералётных відаў: драч, лысуха, пагонічы (3 віды), чаротніца, пастушок вадзяны; трапляюцца пераважна на Палессі. 8 відаў і 8 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП, пагоніч малы — у Чырв. кнізе Беларусі.

Даўж. да 65 см, маса да 1 кг і больш. Апярэнне шэра- або чырванавата-бурае, стракатае, у трапічных відаў яркае з метал. бляскам. Цела і дзюба сціснуты з бакоў. Крылы кароткія, круглявыя. Ногі дужыя, пальцы доўгія. Хутка бегаюць, добра плаваюць, ныраюць. Кормяцца раслінамі і дробнымі жывёламі. Манагамы, паўвывадкавыя птушкі. Нясуць да 18 яец, многія віды — двойчы за год. Аб’екты палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Пастушкі: 1 — вадзяны; 2 — пагоніч-крошка; 3 — султанка (а — маладая; б — дарослая); 4 — лысуха чубатая.

т. 12, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНТАГЕНЕ́ТЫ (Plantagenets),

Анжуйская дынастыя, каралеўская дынастыя ў Англіі ў 1154—1399. Заснавальнік — Генрых II, граф Анжуйскі. Назву дынастыя атрымала ад звычкі бацькі Генрыха II — Жафруа Прыгожага аздабляць свой шлем галінкай жаўтазелю (лац. planta genista). Пад уладай Генрыха II і яго пераемнікаў акрамя Англіі знаходзіліся шматлікія ўладанні ў Францыі, б.ч. якіх П. страцілі ў пач. 13 ст. Пры П. у Англіі адбывалася дзярж. цэнтралізацыя, утварылася саслоўная манархія з саслоўным прадстаўніцтвам-парламентам (упершыню скліканы ў 1265). П. вялі войны: у 2-й пал. 12 ст. пачалося заваяванне Ірландыі, у 1280-я г. заваяваны Уэльс, у 1296—1314 няўдала спрабавалі заваяваць Шатландыю. Пры П. Англія ўступіла ў Стогадовую вайну 1337—1453. У час праўлення Рычарда II б.ч. дзяржавы была ахоплена Уота Тайлера паўстаннем 1381. Прадстаўнікі дынастыі: Генрых II (1154—89), Рычард I Львінае Сэрца, Іаан Беззямельны, Генрых III (1216—72), Эдуард I (1272—1307), Эдуард II (1307—27), Эдуард III (1327—77), Рычард II (1377—99). Пасля звяржэння Рычарда II улада перайшла да бакавых адгалінаванняў П. — Ланкастэраў (1399—1461) і Йоркаў (1461—85).

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ ПАРА́ДНАЯ ПЛО́ІПЧА,

горадабудаўнічы ансамбль 17—18 ст. у г. Полацк Віцебскай вобл. Размяшчаецца ў зах. ч. горада. З 1830 вядома як Корпусная пл., з 1992 пл. Свабоды. Сфарміравалася ў 17 ст. перад Полацкім езуіцкім калегіумам. У 1776—84 забудавана жылымі і адм. будынкамі ў стылі класіцызму паводле праекта арх. І.​Зігфрыдана. Плошча ў плане мела форму, блізкую да квадрата. На зах. яе баку знаходзіліся касцёл і калегіум езуітаў, на ўсх. — будынкі грамадз. і крымін. палат і намесніцкага праўлення, на паўд. — дамы ген.-губернатара, магістрата і верхняй і ніжняй упраў, на паўн. — дамы каменданта і віцэ-губернатара, земскіх судоў і комплекс Полацкага кляштара дамініканцаў. Захаваліся будынкі калегіума, магістрата, дамоў ген.-губернатара, верхняй і ніжняй упраў, каменданта і віцэ-губернатара.

Будынкі 2-павярховыя (акрамя магістрата), мураваныя, прамавугольныя ў плане, падобныя па планіроўцы, аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і дэкоры. Будынак магістрата 1-павярховы. асіметрычнай кампазіцыі з мансардай. Яго тарцовы фасад завершаны трохвугольным шчытом. Будынкі злучаліся мураванымі агароджамі і ўтваралі нібыта адзіны фасад забудовы.

Т.​І.​Чарняўская.

Полацкая Парадная плошча. План.

т. 12, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІВІНІЛХЛАРЫ́Д (ПВХ),

сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі вінілхларыду, [—CH2—CHCl—]n, мал. м. (1—15)∙10​4. Тэрмапласт. Бясколернае цвёрдае рэчыва. Вызначаецца добрымі мех. і электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, невысокімі тэрма- і святлоўстойлівасцю; пры t > 120 °C раскладаецца з вылучэннем хлорыстага вадароду. Перапрацоўваюць у цвёрдыя (вініпласт) і мяккія, ці пластыфікаваныя (пластыкат), матэрыялы, выкарыстоўваюць у вытв-сці полівінілхларыдных валокнаў.

Вініпласт — прадукт перапрацоўкі П. з дабаўкамі тэрма- і святлостабілізатараў, антыаксідантаў, мінер. напаўняльнікаў і інш. Выкарыстоўваюць як канстр. каразійнаўстойлівы матэрыял для вырабу хім. апаратуры і труб, ёмістасцей і бутэлек у харч. прам-сці, у буд-ве для пакрыцця падлогі, абліцоўкі сцен, цепла- і гукаізаляцыі (пенаполівінілхларыд). Пластыкат — тэрмапластычны марозаўстойлівы матэрыял. Акрамя кампанентаў, што дадаюць да П. пры атрыманні вініпласту, мае пластыфікатар (напр., дыбутылфталат, дыактыладыпінат). Выкарыстоўваюць для ізаляцыі правадоў і кабеляў, вырабу эластычных стужак, шлангаў, трубак, мембран і інш. У прам-сці пашыраны полівінілхларыдныя пластызолі — дысперсіі парашкападобнага (эмульсійнага) П. ў тых жа пластыфікатарах, што выкарыстоўваюць і для атрымання пластыкату. Выкарыстоўваюць ПВХ-пластызолі ў вытв-сці штучнай скуры, мыйных шпалер, пальчатак, абутку, дзіцячых цацак і інш.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУПЫ́ШКА ў раслін,

зародак парастка. Мае кароткую вось (сцябло) з конусам нарастання на верхавінцы і шчыльна размешчанае на восі зародкавае лісце, якое ўкрывае вось і адно аднаго (вегетатыўная П.), або мае, акрамя таго, зародкі кветак і суквеццяў (генератыўная П.). Вонкавыя лісцевыя органы ахоўваюць унутр. мерыстэматычную ч. ад высыхання і пашкоджвання і ўтвараюць у П. цёмную вільготную камеру. Кветкавая П., што мае 1 кветку, наз. бутонам. Адрозніваюць верхавінкавыя (тэрмінальныя) П. — забяспечваюць рост парастка ў даўжыню, і бакавыя (пазушныя) — забяспечваюць галінаванне і развіццё сістэмы парасткаў. У шматгадовых раслін П. перажываюць перыяд спакою, які звычайна звязаны з неспрыяльнымі ўмовамі, і з надыходам цёплага або вільготнага сезона даюць парасткі (П. ўзнаўлення). Спячыя П. захоўваюць жыццяздольнасць на працягу гадоў і пры пашкоджанні ч. ствала і галін, якія знаходзяцца вышэй, з іх развіваюцца т.зв. вадзяныя парасткі, часта у выглядзе пнёвых парасткаў. Гэтая ўласцівасць выкарыстоўваецца пры фарміраванні кроны пладовых і дэкар. дрэў. З прыдаткавых П. на каранях утвараюцца каранёвыя атожылкі. Многія П. служаць для вегетатыўнага размнажэння, а т.зв. вывадкавая П. (напр., у брыяфілуму) — для жыванараджэння ў жывародных раслін.

т. 13, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЛІ (англ. rally літар. злёт, збор),

комплексныя спаборніцтвы на аўтамабілях (аўтаралі) ці матацыклах (мотаралі) на рэгулярнасць руху па зададзеным маршруце; адзін з тэхнічных відаў спорту. У праграму Р. ўключаюцца таксама дадатковыя скарасныя спаборніцтвы: гонкі па шашы, дарожках іпадрома, участках горных дарог, па фігурным ваджэнні і інш. Звычайна дыстанцыя Р. 1—2 тыс. км, колькасць дадатковых спаборніцтваў 20—40. У Р. выкарыстоўваюцца пераважна серыйныя аўтамабілі з некат. канструктыўнымі зменамі.

Першыя спаборніцтвы тыпу Р. адбыліся ў 1894 па маршруце Парыж—Руан—Парыж. Міжнар. спаборніцтвы «Р. Монтэ-Карла» праводзяцца з 1911. З 1940-х г. Р. найб. пашыраны ў Аўстрыі. Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і інш. краінах. Найбуйнейшыя міжнар. Р.: — «Парыж—Дакар», «1000 азёр» (у Фінляндыі), «Руская зіма» (у Расіі) і інш. Асабістыя чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1953, першынствы свету — з 1972.

На Беларусі спаборніцтвы па Р. практыкуюцца з 1960-х г. (акрамя 1992—99). Федэрацыя аўтамаб. спорту працуе з 1992. У 1997 У Мінскай вобл. праведзены этап міжнар. Р. «Парыж—Краснаярск» і дадатковая (карусельная) гонка на трасе «Баравая». Штогод адбываюцца рэсп. летнія і зімовыя спаборніцтвы. Гл. таксама Аўтамабільны спорт.

т. 13, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПЛІКА́ЦЫЯ (ад позналац. replicatio паўтарэнне),

рэдуплікацыя, аўтарэплікацыя, працэс самаўзнаўлення макрамалекул нуклеінавых кіслот, які забяспечвае дакладнае капіраванне генет. інфармацыі і перадачу яе з пакалення ў пакаленне. Аснова — ферментатыўны сінтэз ДНК на матрыцы ДНК або РНК на матрыцы РНК; адзінка — рэплікон — участак генома, што знаходзіцца пад кантролем аднаго пункта пачатку (ініцыяцыі) рэплікацыі. У працэсе Р. ДНК акрамя ферментаў (ДНК-полімеразы, ДНК-лігазы, ДНК-метылазы і інш.) удзельнічаюць бялкі, якія расплятаюць двайную спіраль ДНК, стабілізуюць расплеценыя ўчасткі, прадухіляюць заблытванне малекул. У бактэрый сінтэз ДНК адбываецца са скорасцю 1 тыс., у эўкарыётаў — каля 100 нуклеатыдаў за секунду, але адначасова ў многіх пунктах адной малекулы; мае паўкансерватыўны характар: пры сінтэзе 2 даччыных малекул кожная ДНК утрымлівае адзін «стары» і адзін «новы» ланцужок. У арганізме Р. ДНК — вельмі дакладны працэс — частата памылак, якія прыводзяць да спантанных кропкавых мутацый, не перавышае 10​−9 на 1 нуклеатыд у пакаленне. Р. РНК абмежавана вузкім колам вірусаў, што ўтрымліваюць РНК. Таксама Р. наз. падваенне храмасом, у аснове якога ляжыць Р. ДНК.

Р.​Г.​Заяц.

т. 14, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛІКА́ТЫ (ад лац. silex крэмень),

солі крэмніевых кіслот. У прыродзе пашыраны ў выглядзе мінералаў (гл. Сілікаты прыродныя).

Прыродныя С. і іх сінт. аналагі звычайна даволі тугаплаўкія рэчывы (tпл 1000—1300 °C, часам да 2000 °C і вышэй), маюць высокую цвёрдасць (6—8 па шкале Моаса). За выключэннем С. шчолачных металаў практычна нерастваральныя ў вадзе, інертныя ў растворах мінер кіслот (акрамя фторыставадароднай к-ты) і шчолачаў. Раскладаюцца расплавамі карбанатаў і гідраксідаў шчолачных металаў. Расплавы многіх С. цвярдзеюць у выглядзе шкла. Сінт. С. атрымліваюць награваннем сумесей аксідаў крэмнію і адпаведных металаў, гідратэрмальным сінтэзам, асаджэннем з раствораў і газавай фазы, крышталізацыяй з расплаваў. Пры вытв-сці сілікатных матэрыялаў (цэмент, шкло, буд. кераміка) звычайна выкарыстоўваюць керамічны, ці абпальны, спосаб сінтэзу — спяканне прыроднай мінер. сыравіны (гліна, кварцавы пясок, тальк і інш.) з карбанатамі (часам з сульфатамі). Сінт. С. выкарыстоўваюць як адсарбенты і носьбіты каталізатараў, С. шчолачных металаў (пераважна калію і натрыю) — у вытв-сці клею, фарбаў (гл. Сілікатны клей, Сілікатныя фарбы), розных замазак, у мылаварэнні. Гл. таксама Алюмасілікаты.

А.​П.​Чарнякова.

т. 14, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКА́ТЫ (Batomorpha, або Batoidei),

надатрад пласцінажабравых рыб. Вядомы з верхняй юры, шматлікія з верхняга мелу (каля 200—140 млн. г. назад). 5 атр.: піларылападобныя (пілы-рыбы), гнюсападобныя, або эл. С. (Torpediniformes), хвастаколападобныя (Dasyatiformes), ромбаскатападобныя (Rajiformes) і рохлепадобныя (Rhinobatiformes). 14 (16) сям., каля 50 родаў, 350 відаў. Пашыраны ў акіянах, трапляюцца на мелкаводдзі і да глыб. 2700 м, ёсць прэснаводныя (у бас. р. Амазонка і інш.). Прыдонныя рыбы, акрамя мантавых і хвастаколавых, якія жывуць у тоўшчы вады.

Даўж. ад некалькіх сантыметраў да 7 м, маса да 2,5 т. Цела плазаватае, шырокае, дыска- або ромбападобнае. Скура голая або ўкрыта шыпамі. Зубы шыпападобныя ці пляскатыя, закругленыя Жабравых адтулін 5, на брушным баку. Грудныя плаўнікі вял., іх краі зрошчаны з бакамі галавы і тулава. Спінныя плаўнікі на хвасце або адсутнічаюць. Хвастаколападобныя маюць калючыя хваставыя шыпы з яданоснай залозай, гнюсападобныя — эл. органы па баках цела. Бентафагі і драпежнікі. Жывародныя і яйцажывародныя; ромбаскатападобныя адкладваюць яйцы. Аб’екты промыслу.

А.​М.​Петрыкаў.

Скаты: 1 — манта двухрогая; 2 — гнюс чорны; 3 — гладкі скат-матыль; 4 — хвастакол махрыстахвосты.

т. 14, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЯДЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА ЭЛЕМЕ́НТАЎ МЕНДЗЯЛЕ́ЕВА,

упарадкаванае мноства хім. элементаў, іх натуральная класіфікацыя, якая з’яўляецца таблічным выражэннем перыяд. закону Мендзялеева; фундаментальная аснова агульнай і неарганічнай хіміі і навук. база яе выкладання. Прапанавана Дз.І.Мендзялеевым у 1869 у выглядзе табліцы, названай ім «Спроба сістэмы элементаў, заснаваная на іх атамнай вазе і хімічным падабенстве». Стварэнне табліцы паслужыла асновай для адкрыцця перыяд. закону. Пасля стварэння ядз. мадэлі атама і эксперым. доказу лікавай роўнасці парадкавага нумару элемента ў П.с.э.М. зараду ядра (Z) яго атама (1913, закон Мозлі) з’явілася сучасная фізічна абгрунтаваная фармулёўка перыяд. закону Мендзялеева: уласцівасці хім. элементаў, а таксама ўтвораных імі простых і складаных рэчываў знаходзяцца ў перыяд. залежнасці ад велічыні зараду ядзер іх атамаў. Тэарэт. аснова П.с.э.М. — квантавая мадэль атама — распрацавана ў пач. 1920-х г. Н.Борам. Паводле гэтай мадэлі ў адпаведнасці з павелічэннем Z адбываецца паслядоўнае запаўненне электронных абалонак атамаў (гл. Паўлі прынцып), прычым электронныя канфігурацыі знешніх абалонак перыядычна паўтараюцца. Прынцып перыяд. паўтаральнасці падобных электронных канфігурацый атамаў — гал. прычына фіз. прыроды перыядычнасці і аснова перыяд. сістэмы свабодных атамаў элементаў. Гал. сучасная праблема П.с.э.М. — нявызначанасць яе верхняй мяжы, з ростам Z устойлівасць атамных ядзер памяншаецца, устанавіць значэнне Z элемента, атамы якога будуць мець такі кароткі час жыцця, што распадуцца ў момант утварэння, пакуль немагчыма (гл. Радыеактыўнасць, Ядро атамнае).

П.с.э.М. ўключае 109 хім. элементаў; 89 з іх знойдзены ў прыродзе, астатнія атрыманы штучна ў выніку ядзерных рэакцый. Пасля адкрыцця П.с.э.М. апублікавана больш за 500 розных варыянтаў яе відарысаў; найб. пашыраны паўдоўгі варыянт (гл. іл.). Асн. прынцып пабудовы П.с.э.М. заключаецца ў вылучэнні перыядаў (гарыз. рады) і груп (верт. слупкі). Ў П.с.э.М. 7 перыядаў і 8 груп. Перыяд — рад элементаў, які пачынаецца шчолачным металам (акрамя 1 -га перыяду) і канчаецца інертным газам. Дакладнага вызначэння групы няма; фармальна, пачынаючы з 3-га перыяду, нумар групы (N) адпавядае макс. значэнню акіслення ступені элементаў, што ўваходзяць у групу. Кожная група падзяляецца на гал. (A) і дадатковую (B) падгрупы. У падгрупы ўваходзяць элементы з падобнымі канфігурацыямі знешніх электронных абалонак атамаў і хім. ўласцівасцямі. У большасці груп пэўнае падабенства ўласцівасцей элементаў падгруп выяўляецца пераважна ў вышэйшых ступенях акіслення. Асобае становішча ў структуры П.с.э.М. займае VIII гр., у якой аб’яднаны інертныя газы (падгрупа VIIIA) і «трыяды» элементаў (падгрупа VIIIB): Fe—Co—Ni і Ru—Rh—Rd, Os—Ir—Pt (плацінавыя металы). Падабенства ўласцівасцей паміж элементамі гэтых падгруп практычна не назіраецца. Першы перыяд П.с.э.М. ўключае 2 элементы — вадарод і гелій. Атам вадароду мае 1 электрон; у злучэннях можа мець ступень акіслення +1 (як шчолачныя металы) ці -1 (як галагены), таму сімвал Н размяшчаюць у падгрупе IA ці ў VIIA або ў абедзвюх адначасова. Есць варыянты табліцы, у якіх вадарод займае адну працяглую клетку над усімі (акрамя неону) элементамі 2-га перыяду. Другі перыяд (Li—Ne) уключае 8 элементаў. У ім назіраецца пераход ад тыповых металаў да тыповых неметалаў (кісларод і фтор з’яўляюцца найб. актыўнымі сярод неметалаў). У злучэннях дадатную ступень акіслення, роўную N, маюць толькі элементы I—IV груп, для астатніх элементаў перыяду яна вызначаецца паводле правіла 8 - N, што абумоўлена асаблівасцямі будовы знешніх электронных абалонак атамаў. Трэці перыяд (Na—Ar) уключае 8 элементаў. Усе элементы (акрамя Ar) праяўляюць ступень акіслення, роўную N. У гэтым перыядзе, як і ў 2-м, па меры павелічэння Z назіраецца паслабленне метал. і ўзмацненне неметалічнага характару элементаў. Элементы 1—3 перыядаў П.с.э.М. — элементы падгруп A. Паводле сучаснай тэрміналогіі элементы падгруп IA і IIA наз. S-элементамі (сімвалы ў клетачках ружовага колеру), падгруп IIIA—VIIIA — p-элементамі (сімвалы ў клетачках жоўтага колеру). Пры павелічэнні Z, што адпавядае руху зверху ўніз, у падгрупах IA і IIA метал. актыўнасць элементаў нарастае, у IIIA—VIIA падгрупах назіраецца пераход ад тыповых неметалаў (B—F) да элементаў з метал. ўласцівасцямі (Tl—At), устойлівасць злучэнняў элементаў у вышэйшай ступені акіслення зніжаецца. Чацвёрты перыяд (K—Kr) і пяты перыяд (Rb—Xe) маюць па 18 элементаў. У іх пасля s-элементаў ідуць рады з 10 пераходных элементаў, ці d-элементаў, якія ўваходзяць у падгрупы B (сімвалы ў клетачках блакітнага колеру). Для большасці d-элементаў вышэйшая ступень акіслення роўная N, а для Cu і Au нават вышэйшая за N (+2 і +3, адпаведна). Характар змянення ўласцівасцей элементаў 4-га і 5-га перыядаў пры павелічэнні Z аналагічны назіраемаму ў 3-м перыядзе, але больш складаны, што найперш абумоўлена наяўнасцю d-элементаў. Шосты перыяд (Cs—Rn) уключае 32 элементы, сёмы перыяд (Fr—Mt) — 23, пакуль незавершаны. Гэтыя перыяды акрамя 10 d-элементаў уключаюць сем’і з 14 f-элементаў: лантаноіды ў 6-м і актыноіды ў 7-м перыядзе. Лантаноіды і актыноіды дадзены асобнымі радкамі ўнізе пад табліцай. d-элементы 7-га перыяду з ат. н. 104 і больш з’яўляюцца хім. аналагамі элементаў адпаведных груп 6-га перыяду. У падгрупах d-элементаў IB—VIIIB пры руху зверху ўніз метал. актыўнасць памяншаецца, устойлівасць злучэнняў элементаў у вышэйшай ступені акіслення павялічваецца.

П.с.э.М. належыць значная роля ў развіцці прыродазнаўства. Яна дазволіла прадказаць існаванне невядомых элементаў і іх уласцівасці, а таксама новыя ўласцівасці вядомых элементаў, служыць асновай для стварэння новых неарган. матэрыялаў.

В.​Ф.​Цікавы.

т. 12, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)