ДЗЯ́КАЎ (Іосіф Іванавіч) (4.4.1903, г. Гомель — 11.1.1984),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў пях. школу імя Саўнаркома БССР (1922), Вышэйшую с.-г. школу (1939). Удзельнік грамадз. вайны на Зах. фронце. У Вял. Айч. вайну са студз. 1942 на Зах., Цэнтр., 3-м Бел. і 1-м Укр. франтах. Парторг батальёна ст. лейт. Дз. вызначыўся ў 1944: у чэрв. ў час бою ў Дубровенскім р-не падняў воінаў у атаку; у ліп. ў баі за г. Гродна замяніў параненага камандзіра роты і павёў байцоў на прарыў абароны праціўніка, адзін з першых уварваўся ў горад. Да 1970 на парт. і сав. рабоце на Гомельшчыне.

І.І.Дзякаў.

т. 6, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМЕ́НЦЬЕЎ (Уладзімір Андрэевіч) (н. 27.12.1928, г. Новаўкраінка, Украіна),

бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1979). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1962). Працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык маст. фільмаў «Вуліца малодшага сына» (1962, з У.Белавусавым), «Трэцяя ракета» (1963), «Праз могілкі» (1965, абодва з Я.Ігнацьевым), «Іван Макаравіч» (1968, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970), «Я, Францыск Скарына» (1970), «Бацька» (1972), «Братушка» (1976, з Л.Трапковым), «Трэцяга не дадзена» (1981), «Ветразі майго дзяцінства» (1982), «Развітальныя гастролі» і «Слава богу, не ў Амерыцы» (1992), «Тутэйшыя» (1993) і інш., а таксама тэлевізійных «Гора баяцца — шчасця не бачыць» (1974) і «Нас выбраў час» (3, 4. 5-я серыі, 1979).

т. 6, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯ́ТЛАЎ (Яўген Канстанцінавіч) (н. 17.5.1923, в. Бабы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1988). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1950). З 1950 працаваў у г. Алматы (з 1961 гал. архітэктар горада); з 1965 — у Мінску. Быў кіраўніком майстэрні генплана ін-та «Мінскпраект», гал. архітэктарам горада (1970—74), гал. архітэктарам ін-таў «Белдзіпрагандаль» (1974—80), «Мінскпраект» (1980—85). Асн. працы: у Алматы — гасцініца «Казахстан» (1954—61), тэлецэнтр (1956—59), кінатэатр «Алатау» (1958—60); у Мінску — праект дэталёвай планіроўкі жылых раёнаў Усход і Серабранка (1965—68, у сааўт.) і цэнтра горада (1969—73, у сааўт.), універсам «Рыга» і рэстаран «Свіцязь» (1978—80).

т. 6, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДНЯПРО́ЎСКА-БУ́ГСКАГА КАНА́ЛА АБАРО́НА 1944,

абарона Дняпроўска-Бугскага канала фарміраваннямі Брэсцкага і Пінскага партыз. злучэнняў у Вял. Айч. вайну ў лют.сак. 1944.

Гітлераўскае камандаванне групы армій «Цэнтр» вырашыла ачысціць раён паміж р. Прыпяць і Дняпроўска-Бугскім каналам ад партызан, каб прадухіліць іх злучэнне з часцямі Чырв. Арміі. Для барацьбы з карнікамі была арганізавана часовая групоўка партыз. сіл Паўднёвай зоны, якая налічвала каля 6 тыс. чал. Больш за месяц (з 21.2.1944 па 31.3.1944) партызаны вялі баі з вял. групоўкай праціўніка, гэтым істотна дапамаглі Чырв. Арміі, якая вяла тут наступленне. У в. Зарэчка Драгічынскага р-на ў гонар бел. партызан пастаўлены помнік.

т. 6, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́РСКІ (Іосіф Львовіч) (17.12.1911, Мінск — 7.12.1964),

бел. тэатр. дзеяч і драматург. Засл. дз. маст. Беларусі (1961). Скончыў курсы кінасцэнарыстаў у Мінску (1930). Працаваў на кінафабрыцы «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе (1931—33). З 1935 заг. літ. часткі БДТ-2 (т-р імя Я.Коласа). З 1948 дырэктар гэтага т-ра. З 1961 дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм». Літ. дзейнасць пачаў у 1930. Аўтар драмы «Цэнтральны ход» (1948) і лірычнай камедыі «Алазанская даліна» (1949; абедзве з К.Губарэвічам, пастаўлены ў т-ры імя Я.Коласа), п’есы «Права на шчасце» (пастаўлена ў т-ры імя Я.Коласа і ў драм. т-ры ў г. Вялікія Лукі), нарысаў, артыкулаў па праблемах тэатр. мастацтва.

т. 6, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ЎШЧЫК (Вольга Ільінічна) (н. 27.3.1944, в. Вялікая Сліва Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1993), праф. (1995). Скончыла Гродзенскі мед. ін-т (1972) і працуе ў ім. Навук. працы па пытаннях лячэння тромбааблітэрыруючых хвароб, рэканструктыўна-аднаўленчай страўнікавай хірургіі і метадам зніжэння аперацыйнага стрэсу.

Тв.:

Методы снижения величины и продолжительности операционной стресс-реакции у больных с тяжелой хирургической патологией (новые направления предоперационной подготовки). Гродно, 1990 (разам з І.Я.Макшанавым, Я.А.Тамашчыкам);

Calcium pantothenate and antioxidant vitamins in prevention of surgical stress (у сааўт.) // Natural antioxidants and food quality in atherosclerosis and cancer prevention. Helsinki, 1996.

т. 6, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУДКО́Ў (Дзяніс Аляксандравіч) (23.6.1904, г. п. Круглае Магілёўскай вобл. — 23.3.1948),

бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1935). Скончыў БДУ. З 1931 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, Ін-це гісторыі АН БССР, БДУ, Мінскім пед. ін-це. Удзельнік Вял. Айч. вайны. Аўтар прац па гісторыі Беларусі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Даследаваў развіццё капіталізму, рабочы і сял. рух і інш.

Тв.:

Сталыпінская рэформа ў Віцебскай губерні. Мн., 1931;

Аб развіцці капіталізма ў Беларусі ў 2-й палове XIX і пачатку XX ст. Мн., 1932.

Літ.:

Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919—1941 гг.). Мн., 1985.

У.М.Міхнюк.

т. 6, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫДО́НА, Эліса,

у рымскай міфалогіі царыца, заснавальніца Карфагена, дачка цара Тыра, жонка і сястра цара Сіхея. Брат Д., Пігмаліён, забіў Сіхея, каб захапіць яго багацце, але Д. ўцякла са скарбамі ў Афрыку. Мясцовы бербейскі цар Ярба падараваў ёй крыху зямлі — столькі, колькі зойме шкура вала. Хітрая Д. разрэзала шкуру на вузкія палоскі, абкружыла імі вял. ўчастак зямлі і заснавала горад-крэпасць Карфаген. Пазней пакахала Энея, закінутага навальніцай у Карфаген, і пасля яго ад’езду скончыла самагубствам. Да міфа аб Д. звярталіся скульптары і мастакі (А.Мантэнья, Л.Карачы, П.П.Рубенс), літаратары (Г.Сакс, Я.Б.Княжнін, бел. паэма «Энеіда навыварат»), кампазітары (Г.Пёрсел, А.Скарлаці, Г.Ф.Гендэль, І.Гайдн) і інш.

т. 6, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕМЯЛЬЯ́НАЎ (Віктар Ніканавіч) (12.12.1926, г. Вінніца, Украіна — 12.5.1990),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1985). Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1956). З 1956 працаваў у БелНДІдзіпрасельбудзе (у 1986—89 гал. архітэктар). Асн. работы; праекты планіроўкі і забудовы вёсак Аснежыцы Пінскага, Пліса Смалявіцкага, Сноў Нясвіжскага (усе 1968), Верцялішкі Гродзенскага (1969, Дзярж. прэмія СССР 1971), Зашыр’е Ельскага (1970), Леніна Горацкага (1971), Мышкавічы Кіраўскага (1972), Крупіца Мінскага р-наў (1979, усе ў сааўт.) і інш.

Тв.:

Вертелишки. М., 1974 (разам з М.Г.Дзіваковым);

Современные направления в развитии белорусского села (разам з Н М.Надзелька) // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1980. № 3;

Архитектурно-планировочная организация сельских населенных мест Белоруссии. Мн., 1984.

В.Н.Емяльянаў.

т. 6, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛО́НКІНА (Вольга Мікалаеўна) (н. 15.1.1956, г. Драгобыч, Украіна),

бел. тэатральны мастак. Пасля сканчэння Растоўскага маст. вучылішча (1981) мастак па касцюмах Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Створаныя ёй касцюмы вызначаюцца вынаходлівасцю, дасціпнасцю вырашэння, дакладнасцю характарыстыкі персанажаў. Найб. адметныя касцюмы да спектакляў «Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані і «Гуляем у прынца і жабрака» А.Журбіна (1985), «Клоп» У.Дашкевіча (1988), «Хэло, Долі!» Дж.Германа (1992), «Халопка» М.Стрэльнікава (1994), «Капялюш Напалеона» О.Штрауса (1996), «Цыганскі барон» І.Штрауса (1997) у т-ры муз. камедыі, оперы «Кармэн» Ж.Бізэ (1990) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі.

Л.І.Дабравольская.

В.Жалонкіна. Эскізы касцюмаў да спектакля «Гуляем у прынца і жабрака» А.Журбіна.

т. 6, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)