«МЕ́СЯЦ»,

серыя сав. аўтаматычных міжпланетных станцый (АМС) для даследавання Месяца і касм. прасторы, а таксама праграма іх распрацоўкі і запускаў. Створаны для дасягнення паверхні Месяца і мяккай пасадкі на яе, вываду на калямесяцавую арбіту, транспарціроўкі месяцавых самаходных апаратаў, вяртання на Зямлю і інш.

«М.-1» (запуск 2.1.1959) — першая ў свеце АМС, запушчаная ў бок Месяца, першы штучны спадарожнік Сонца. «М.-2» (запуск 12.9.1959) упершыню ў свеце дасягнула паверхні Месяца (14.9.1959). «М.-3» (запуск 4.10.1959) перадала на Зямлю фотаздымкі адваротнага боку Месяца (7.10.1959). «М.-9» (запуск 31.1.1966) здзейсніла мяккую пасадку на паверхню Месяца (3.2.1966). «М.-10» (запуск 31.3.1966) — першы штучны спадарожнік Месяца. «М.-16» (запуск 12.9.1970) даставіла месяцавы грунт на Зямлю; гэта ж зрабілі «М.-20» і «М.-24». «М.-17» (запуск 10.11.1970) даставіла на Месяц месяцавы самаходны апарат («Месяцаход-1»); гэта ж зрабіла «М.-21» з «Месяцаходам-2». Усяго ў 1959—76 запушчаны 24 «М.».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 10, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТА́ФАРА (грэч. metaphora перанясенне),

ужыванне слова ці выразу ў пераносным значэнні праз супастаўленне пэўнай з’явы ці прадмета з інш. з’явай ці прадметам на аснове агульных для іх адзнак і ўласцівасцей; від паэт. тропа. М. блізкая да параўнання, аднак адрозніваецца ад яго тым, што ў ёй прысутнічае толькі адзін член супастаўлення — тое, з чым супастаўляецца, і не называецца (а падразумяваецца) тое, што супастаўляецца. М. звычайна перафразуецца ў параўнанне з дапамогай слоў «нібы», «як», «быццам» і г.д. М. істотна паглыбляе ўнутр. змест вобраза, надае яму новыя сэнсавыя адценні. Асн. сфера бытавання М. — літ. мова, паэзія. Вылучаюць простую М., калі яна складаецца з аднаго слова ці выразу («Замоўкнуў жураўліны скрып калысак і калаўротаў гул чмяліны змоўк». П.​Панчанка), і разгорнутую або скразную, калі М. ахоплівае вял. адрэзак або ўвесь твор (бітва—жніво ў «Слове аб палку Ігаравым», жыццё—акіян у паэме А.​Куляшова «Цунамі»). Ужываецца таксама ў бытавой гаворцы («ідзе дождж», «цяжкі характар», «прыйшла зіма»), Блізкія да М. тропы — алегорыя, сімвал.

В.​П.​Рагойша.

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІ́ЗМАЎ І МАШЫ́Н ТЭО́РЫЯ,

навука пра агульныя метады даследавання і праектавання механізмаў і машын. Уключае структурны, кінематычны і дынамічны аналіз механізмаў і машын (тых, што існуюць) і сінтэз механізмаў (праектаванне новых механізмаў для ажыццяўлення зададзеных рухаў); дынаміку механізмаў і машын, кінематыку механізмаў, кінетастатыку механізмаў з ёю звязаны дэталі машын (як навук. дысцыпліна), матэрыялазнаўства, навука пра надзейнасць тэхн. сістэм і інш. Займаецца таксама праектаваннем сістэм кіравання машын-аўтаматаў (гл. Аўтаматычнага кіравання тэорыя), даследаваннем і праектаваннем маніпулятараў і прамысл. робатаў.

Сфарміравалася ў канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам патрэб машынабудавання. Значны ўклад у яе развіццё зрабілі Ж.​В.​Панселе і Г.​Г.​Карыяліс (Францыя), Ф.​Рэло, О.​Мор і Л.​Бурместэр (Германія), Р.​Віліс (Вялікабрытанія), Дж.​Бенафіт (ЗША), П.​Л.​Чабышоў, М.​Я.​Жукоўскі, М.​І.​Мярцалаў, І.​І.​Артабалеўскі, М.​Р.​Бруевіч (Расія) і інш.

Літ.:

Теория машин и механизмов. М., 1976;

Левитская О.Н., Левитский Н.И. Курс теории механизмов и машин. 2 изд. М., 1985;

Теория механизмов и машин Мн. 1970.

т. 10, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖПАРЛА́МЕНЦКАЯ АСАМБЛЕ́Я СНД.

Створана паводле Пагаднення аб Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў ад 27.3.1992. Яе дзейнасць рэгламентуецца таксама Канвенцыяй аб Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД (падпісана 26.5.1995 у Мінску). На 1.1.2000 у склад М.а. ўваходзілі: Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Казахстан, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Украіна. М.а. з’яўляецца міждзярж. органам СНД; складаецца з парламенцкіх дэлегацый краін-удзельніц, якія выбіраюцца ці прызначаюцца парламентам краіны-ўдзельніцы са сваіх членаў. М.а. збіраецца на чарговыя і пазачарговыя пленарныя пасяджэнні, якія праводзяцца не радзей як 2 разы на год. Задачамі М.а. з’яўляюцца: абмеркаванне пытанняў супрацоўніцтва ў розных галінах і падача рэкамендацый па гэтых пытаннях Савету кіраўнікоў дзяржаў і (або) Савету кіраўнікоў урадаў, інш. органам Садружнасці; прыняцце тыповых заканадаўчых актаў і падача іх парламентам краін-удзельніц у якасці рэкамендацый; садзейнічанне ажыццяўленню абмену паміж краінамі-ўдзельніцамі інфармацыяй прававога характару. Арганізацыю дзейнасці М.а. ажыццяўляе Савет асамблеі, які складаецца з кіраўнікоў парламенцкіх дэлегацый краін-удзельніц. Пастаянна дзеючым адм. органам з’яўляецца Сакратарыят. Месца знаходжання М.а. — г. Санкт-Пецярбург.

В.​В.​Бараноўскі.

т. 10, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАБІЯЛАГІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна хімічнай прамысловасці, у якой вытв. працэсы звязаны з мікрабіял. сінтэзам нехарч. сыравіны. Выкарыстоўвае нафту і прыродны газ, гідралізаты драўніны, адходы прамысл. перапрацоўкі с.-г. прадукцыі (збожжавых культур, сланечніку, цукр. буракоў і інш.). Вырабляе бялкова-вітамінныя канцэнтраты, антыбіётыкі, амінакіслоты, бактэрыяльныя ўгнаенні, прэпараты для аховы раслін ад шкоднікаў і хвароб, а таксама прадукты комплекснай перапрацоўкі расліннай сыравіны — ксіліт, фурфурол і інш. Галіна развіта ў большасці краін свету, найбольш — у ЗША, Германіі, Японіі, Расіі, Італіі, Францыі. На Беларусі прадстаўлена кірункамі: вытв-сцю кармавых бялковых рэчываў, кармавых вітамінаў, кармавых дражджэй і антыбіётыкаў немедыцынскага прызначэння. Кармавы бялок выпускаюць Рэчыцкі доследна-прамысл. гідролізны і Бабруйскі гідролізны з-ды, кармавыя вітаміны — Пінскі з-д кармавых вітамінаў. Ветэрынарныя прэпараты выпускаюць з-ды ветэрынарных прэпаратаў у Віцебску і Магілёве. Буйнейшае прадпрыемства па вытв-сці бялкова-вітамінных канцэнтратаў — Наваполацкі бялкова-вітамінны з-д (у 1999 знаходзіцца ў стадыі рэарганізацыі ў сувязі з пераходам вытв-сці з вуглевадароднай сыравіны на с.-г. сыравіну).

Л.​А.​Паўловіч.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАЭЛЕМЕ́НТЫ,

хімічныя элементы, якія ёсць у жывых арганізмах у нязначнай колькасці (10​−3 — 10​−5 %). Знаходзяцца ў збалансаваных суадносінах. Крыніца паступлення ў арганізм — ежа і пітная вада. Вядома больш за 50 М. (бор, медзь, марганец, малібдэн, ёд, цынк, кобальт, нікель, крэмній, стронцый, тытан, ванадый і інш.). Уваходзяць у састаў ферментаў (напр., цынк у карбаангідразу), вітамінаў (напр., кобальт у вітамін B₁₂), гармонаў (напр., ёд у тыраксін), таксама бялкоў, нуклеінавых к-т. Некат. М. ўдзельнічаюць у будове апорных тканак арганізма (фтор, стронцый), абмене бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, тканкавым дыханні, росце і размнажэнні арганізмаў. Рэгулююць функцыі крывятворных органаў, нерв., эндакрыннай, сардэчна-сасудзістай, палавой, імуннай сістэм; адаптацыю арганізма да змены фактараў навакольнага асяроддзя. Пры нястачы ці лішку М. парушаецца абмен рэчываў, узнікаюць эндэмічныя захворванні (напр., на Беларусі — эндэмічны валляк пры нястачы ёду).

Літ.:

Химические элементы и аминокислоты в жизни растений, животных и человека. 2 изд. Киев, 1979;

Кевра М.К. Растения против радиации. Мн., 1993.

М.​К.​Кеўра.

т. 10, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЦКІ (Станіслаў Паўлавіч) (7.11.1814, в. Ленкія, Беластоцкая вобл. — 6.9.1890),

бел. мовазнавец і фалькларыст. Д-р філал. н. (1878). Скончыў Маскоўскі ун-т (1851). Працаваў на кафедры параўнальнага мовазнаўства Варшаўскага ун-та (1873—88). З 1853 па даручэнні Пецярбургскай АН збіраў на Беларусі і ў Літве бел. гаворкі. З сабраных матэрыялаў у 1855 склаў слоўнік на 2010 слоў, якія растлумачыў і праілюстраваў прыкладамі з бел. нар. песень, прыказкамі і прымаўкамі. Частка зборніка (310 слоў) надрукавана ў «Известиях имп. Академии наук по Отделению русского языка и словесности» (т. 3, 1854), тут жа былі змешчаны яго філал. назіранні — параўнанне каранёў і слоў санскрыту і слав. моў. Збіраў таксама бел. фальклор, апублікаваў «Беларускія песні і загадкі, запісаныя ў Віцебскай губерні, у маёнтку Зябкі Дрысенскага павета» (1853), у які ўвайшлі жніўныя, хрэсьбінныя, вясельныя і салдацкія песні, прыпеўкі. Аўтар прац «Абласныя словы беларускіх старцаў» (1853), «Беларускія словы» (1854).

Літ.:

Гуліцкі М. Беларускі слоўнік Станіслава Мікуцкага // Полымя. 1971. № 8.

А.​С.​Фядосік.

т. 10, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры барока ў Мінску. Засн. ў 1703 у Мінску Т.​Ваньковічам. Пабудаваны ў 1763 з цэглы па вул. Юр’еўскай (цяпер Ракаўская) па фундацыі М.​Валадковіча. Касцёл св. Марыі Магдаліны — прамавугольны ў плане 3-нефавы 4-слуповы храм з прэсбітэрыем, завершаным паўцыркульнай апсідай. Гал. 2-вежавы фасад (верхнія ярусы вежы не дабудаваны) арыентаваны на вул. Ракаўскую. У інтэр’еры было 6 алтароў (галоўны мураваны, бакавыя паліхромныя ілюзорныя). Побач з касцёлам стаяў 1-павярховы Г-падобны ў плане драўляны будынак кляштара, а таксама комплекс гасп. пабудоў (стайня, вазоўня і інш.). Кляштару належаў фальварак Кальварыя, дзе знаходзіўся невял. драўляны касцёл і комплекс гасп. пабудоў. У фальварку ў 1795—96 створаны гар. каталіцкія могілкі (гл. ў арт. Мінскі кальварыйскі касцёл і брама). У 1799 будынкі кляштара перададзены Мінскаму кляштару францысканцаў. У 1832 кляштар зачынены. У 1872 будынак касцёла прададзены прыватным асобам і перабудаваны пад жылы дом. Цяпер адм. ўстанова.

У.​М.​Дзянісаў.

т. 10, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОРФ, морфа (ад грэч. morphe від, форма),

кожная з разнавіднасцей марфемы, калі апошняя выступае ў розных словах і словаформах. Напр., каранёвая марфема слова «рука» выступае ў слове «ручны» ў выглядзе «руч-», у словаформе «рукі» ў выглядзе «рук’-», у словаформе «руцэ» ў выглядзе «руц-». Усе гэтыя разнавіднасці марфемы — М. Вылучаюць варыянтныя М. (могуць свабодна ўзаемазамяняцца ў адной і той жа пазіцыі) і аламорфы (гукавы склад абумоўлены пэўнай пазіцыяй). Напр., канчаткі «-ой» і «-ою» («вадой», «вадою») — варыянтныя М., а суфіксы «-чык» і «-шчык» — («лётчык», «зваршчык») — аламорфы: суфікс «-чык» ужываецца толькі пасля зычных «с», «з», «ж», а таксама «т» і «д» без папярэдніх санорных, а суфікс «-шчык» — пасля ўсіх астатніх зычных, («пільшчык», «пайшчык») у т. л. і пасля «т», «д» з папярэднім санорным («працэнтшчык»). Такім чынам, аламорфы знаходзяцца адзін да аднаго ў адносінах дадатковай дыстрыбуцыі. Тэрмін «М.» прапанаваў Ч.​Хокет (1947).

Літ.:

Глисон Г. Введение в дескриптивную лингвистику: Пер. с англ. М., 1959: Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫ́КА,

назва народнага скрыпача, пашыраная на тэр. Беларускага Паазер’я. У інш. этнакульт. рэгіёнах сінонімы М. — «скамарох» (Магілёўшчына), «іграч» (Міншчына). М. спрадвеку адыгрываў значную грамадскую ролю ў жыцці бел. вёскі, выконваў сакральна-магічную функцыю ў розных каляндарна-земляробчых (калядных, валачобных, купальскіх і інш. абходах) і сямейна-родавых (асабліва вясельных) абрадах, а таксама эмац.-псіхал. функцыю стваральніка і носьбіта радаснага настрою ў час усіх сямейных і агульнавясковых урачыстасцей (бяседы, ігрышчы, танцы). М звычайна тураваў спевам, разам з інш. інструменталістамі іграў песні, танцы, маршы. Ігру на скрыпцы спасцігаў самавукам («сам па сабе»), у сям’і або ў славутага мясц. выканаўцы. Паводле нар. уяўленняў, сапраўдны М. — чараўнік, які валодае звышнатуральнай сілай уздзеяння на ўвесь навакольны свет. Вобраз М. ўвасоблены ў шматлікіх нар. казках і легендах, выслоўях і песнях, творах бел. л-ры («Сымон-музыка» Я.​Коласа, «Музыка» М.​Багдановіча, «Страшная музыкава песня» М.​Гарэцкага) і выяўл. мастацтва (М.​Шагал, Я.​Драздовіч). У наш час назву «М.» часам пераносяць і на гарманіста.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)