СПЕЦЫЯЛЬНЫЯ ГІСТАРЫЧНЫЯ ДЫСЦЫПЛІНЫ
Крыніцазнаўства. Першую спробу характарыстыкі крыніц па гісторыі Беларусі зрабіў Дз.І.Даўгяла (у 1920-я г.). У 1965 кароткі агляд крыніц па гісторыі Беларусі апублікаваў А.П.Ігнаценка. Асобныя групы крыніц феад. перыяду аналізавалі А.І.Груша, А.П.Грыцкевіч, П.Р.Казлоўскі, З.Ю.Капыскі, Я.М.Карпачоў, В.Ф.Касовіч, А.М.Люты, В.І.Мялешка, М.М.Улашчык, В.У.Чапко, М.Ф.Шумейка і інш.; крыніцы 20 ст. — С.У.Жумар, У.М.Міхнюк, Р.П.Платонаў, С.З.Пачанін, В.Дз.Селяменеў, Шумейка і інш.; супрацоўнікі архіўных і інш. н.-д. устаноў у аглядах дакументаў, у даведніках пра дакументы дзярж. архіваў Беларусі. Тэарэтычныя пытанні крыніцазнаўства распрацоўвае В.П.Грыцкевіч.
Археаграфія. Камеральная археаграфія на Беларусі пачалася са складання вопісаў манастырскіх бібліятэк і архіваў. Яна ўдасканальвалася пры вопісах у 16—18 ст. дакументаў Метрыкі і Трыбунала ВКЛ, інш. дзярж., царк. і прыватных архіваў. Дакументы па гісторыі Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. выдавалі Віленская і Кіеўская археаграфічныя камісіі, Віцебскі цэнтр. архіў стараж. актаў, І.І.Грыгаровіч, М.В.Доўнар-Запольскі і інш. Арганізаваная ў 1925 Археаграфічная камісія Інбелкульта падрыхтавала да выдання «Беларускі архіў» (т. 1—3, 1927—30), прысвечаны эпосе феадалізму. У 1920—30-х г. выдаваліся пераважна дакументы пра рэв. падзеі і грамадзянскую вайну. Выданні 1930 — пач. 1970-х г. у асноўным разлічаны на шырокае кола чытачоў, мелі прапагандысцкі характар («Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі», т. 1—4, 1936—54). Найб. значныя выданні дакументаў: «Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя на Беларусі» (т. 1—2, 1957), «Беларусь у эпоху феадалізму» (т. 1—4, 1959—79), «Барацьба працоўных Заходняй Беларусі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне і ўз’яднанне з БССР» (т. 1—2, 1962—72), «Усенародны партызанскі рух на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1967—82), «Барацьба за Савецкую ўладу на Беларусі» (т. 1—2, 1968—71), «Беларусь у эпоху капіталізму» (т. 1—2, 1983—90), «Камуністычная партыя Беларусі ў рэзалюцыях і рашэннях з’ездаў і пленумаў ЦК» (т. 1—6, 1983—87), «Знешняя палітыка Беларусі» (т. 1—2, 1997—99), «Беларускія остарбайтэры: Угон насельніцтва Беларусі на прымусовыя работы ў Германію» (кн. 1—3, 1996—98). З 2000 у рамках міжнар. праекта ў Беларусі выдаюцца кнігі Метрыкі ВКЛ. У наш час работы па археаграфіі праводзяць Дзярж. к-т па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь, Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы і створаная пры ім у 1999 Археаграфічная камісія, архівы рэспублікі, ін-ты гісторыі і л-ры Нац. АН Беларусі, Ін-т гісторыі партыі пры ЦК КПБ (да 1991), выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» і інш. З 2000 выходзіць «Беларускі археаграфічны штогоднік».
Дыпламатыка. Практычная дыпламатыка на Беларусі развівалася з 16 ст., што было выклікана неабходнасцю праверкі дакументаў на права валодання маёнткамі. У 19 ст. важнай мэтай дыпламатыкі была праверка дакументаў, што пацвярджалі прыналежнасць на дваранства. У 20 ст. дыпламатыка стала навук. дысцыплінай, якая вывучае гал. ч. дакументы феад. эпохі (А.І.Груша, А.І.Дзярновіч, В.С.Мянжынскі і інш.).
Палеаграфія. Пачынальнік бел. навук. палеаграфіі — Я.Ф.Карскі («Славянская кірылаўская палеаграфія», 1928, 2 выд. 1979). Помнікі пісьменнасці з палеаграфічнага боку вывучалі і вывучаюць А.К.Антановіч, А.М.Булыка, Н.Т.Вайтовіч, А.І.Груша, М.В.Нікалаеў, З.Л.Яцкевіч. Дапаможнік «Беларуская палеаграфія» (1996) выдала С.Я.Куль-Сяльверстава.
Эпіграфіка. Помнікі бел. эпіграфікі ў канцы 19 — пач. 20 ст. вывучалі А.П.Сапуноў, Е.Р.Раманаў і інш. З сярэдзіны 20 ст. актыўна даследуюцца надпісы на Барысавых камянях, дробных рэчах, знойдзеных пры археал. раскопках, графіці на сценах цэркваў (Л.В.Аляксееў, Л.У.Дучыц, П.Ф.Лысенка, А.А.Мельнікава, Б.А.Рыбакоў, С.В.Тарасаў, Г.В.Штыхаў і інш.).
Сфрагістыка. Зборы бел. пячатак у сярэдзіне 19 ст. мелі Віленскі музей старажытнасцей і Лагойскі музей К.П. і Я.П.Тышкевічаў, Мінскі царкоўна-археал. музей і Бел. музей у Вільні, заснаваныя ў пач. 20 ст. Бел. пячаткі даследавалі А.Вярыга-Дарэўскі, М.Гумоўскі, Т.Жаброўскі, Ф.Пекасінскі, У.Сямковіч, Ю.Ядкоўскі. Пячаткі з археал. раскопак вывучаюць М.Белямук, П.Ф.Лысенка, А.І.Трафімаў, Г.В.Штыхаў, В.Л.Янін і інш., пячаткі пры дакументах 14—20 ст. — Э.Рымша, Г.Л.Харашкевіч, А.К.Цітоў.
Геральдыка. Выявы гербаў ВКЛ у зах.-еўрап. гербоўніках вядомы з пач. 15 ст. У 17 ст. складзены «Гербоўнік рыцарства Вялікага княства Літоўскага» А.Каяловіча. У 18 ст. геральдыку ВКЛ вывучалі К.Нясецкі, Ю.А.Ябланоўскі і інш. У 19—20 ст. на навук. ўзровень вывучэнне бел. пячатак паставілі працы А.Малецкага, У.Сямковіча, Ф.Пекасінскага і інш. Выдадзены складзеныя ў канцы 18 ст. гербоўнікі віцебскай (1899) і аршанскай (1900) шляхты. У наш час геральдычныя даследаванні вядуць У.М.Вяроўкін-Шалюта, А.П.Грыцкевіч, С.У.Думін, С.Я.Рассадзін, А.К.Цітоў, А.І.Шаланда. і інш. З 2002 працэс стварэння новых гербаў каардынуе Геральдычны савет пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, які вядзе Дзярж. геральдычны рэгістр Рэспублікі Беларусь.
Генеалогія. Як спец. гіст. дысцыпліна генеалогія склалася ў 16—18 ст. (гербоўнікі Ш.Акольскага, А.Каяловіча, К.Нясецкага, Б.Папроцкага). На навук. узроўні генеалогію Гедзімінавічаў, значных княжацкіх і шляхецкіх родаў распрацоўвалі даследчыкі 19 — пач. 20 ст. А.Ю.Банецкі («Польскі гербоўнік», т. 1—13, 1899—1909), Ю.Вольф, С.Дзядулевіч, Т.Жыхлінскі («Залатая кніга польскай шляхты», т. 1—31), К.Стадніцкі, У.Сямковіч, М.Тышкевіч, С.Урускі і А.А.Касінскі («Сям’я: Гербоўнік польскай шляхты», т. 1—14, 1904—17) і інш. У іх працах шырока выкарыстаны матэрыялы, якія прадстаўнікі шляхецкіх родаў Беларусі збіралі для прадастаўлення ў органы дваранскага самакіравання і Герольдыю Рас. імперыі. У БССР генеалагічныя даследаванні амаль не праводзіліся. З канца 20 ст. пытанні генеалогіі родаў Беларусі распрацоўваюць супрацоўнікі Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі, Нац. гіст. архіва Беларусі, інш. архіваў, ВНУ, «Беларускай Энцыклапедыі» і інш. устаноў Рэспублікі Беларусь (У.М.Вяроўкін-Шалюта, Э.М.Загарульскі, Г.В.Кісялёў, В.Л.Насевіч, С.А.Рыбчонак, М.М.Ялінская, З.Л.Яцкевіч і інш.) і за мяжой (С.У.Думін, А.М.Нарбут, Я.Ціхановіч, А.А.Шумкоў і інш.). Выдадзены кн. «Малы гербоўнік наваградскай шляхты», (1997), «Гербоўнік беларускай шляхты», (т. 1, 2002). Генеалагічныя даследаванні публікуюцца ў часопісах «Герольд Litherland», «Годнасьць», «Спадчына». Пашырылася тэматыка бел. генеалогіі, распрацоўваюцца радаводы сялянскіх і мяшчанскіх родаў.
Нумізматыка. У 16—18 ст. значныя нумізматычныя калекцыі захоўваліся ў Нясвіжскім палацы Радзівілаў, у зборах інш. магнатаў, у 19 ст. — у калекцыі М.П.Румянцава ў Гомелі. Вял. нумізматычную калекцыю сабраў Я.П.Тышкевіч, які перадаў яе Віленскаму музею старажытнасцей. Улікам і зборам манетных знаходак займаліся губернскія статыстычныя камітэты і іх музеі. Да Вял. Айч. вайны нумізматычныя даследаванні на Беларусі праводзілі К.В.Харламповіч, М.М.Шчакаціхін і інш. У пасляваенны час працы па нумізматыцы выдалі Ш.І.Бекцінееў, І.Н.Колабава, Л.Д.Побаль, В.Н.Рабцэвіч, І.І.Сінчук і інш. У наш час найбольшыя манетныя калекцыі зберагаюцца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі, абласных і раённых музеях, Нумізматычным кабінеце гіст. ф-та БДУ, музеі Нац. банка Рэспублікі Беларусь.
Метралогія гістарычная. У 18 ст. пытанні гіст. метралогіі бел. зямель разглядалі С.Богуш-Сестранцэвіч, Ф.Лойка, Т.Чацкі, у 19 — пач. 20 ст. М.І.Гарбачэўскі, М.В.Доўнар-Запольскі, І.Лялевель, Ф.Пекасінскі, У.І.Пічэта, А.Сапега, А.М.Семянтоўскі, А.Хадкевіч і інш. У пасляваенны час гіст. метралогію даследавалі і даследуюць гісторыкі Я.К.Анішчанка, А.П.Грыцкевіч, П.Р.Казлоўскі, З.Ю.Капыскі, Дз.Л.Пахілевіч, этнограф Л.А.Малчанава, мовавед К.У.Скурат і інш.
Храналогія гістарычная. Пачатак вывучэння каляндарных сістэм, што выкарыстоўваліся на тэр. Беларусі, паклалі ў 19 ст. М.І.Гарбачэўскі, А.І.Мілавідаў, М.Ф.Сумцоў і інш. Храналогію летапісання даследавалі М.Г.Беражкоў, М.С.Грушэўскі, Б.А.Рыбакоў і інш. Асобныя праблемы гіст. храналогіі Беларусі даследавалі Г.Я.Галенчанка, А.Гейштар, У.Сямковіч, Г.Л.Харашкевіч і інш.
Літ.:
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973;
Люты А.М., Касовіч В.Ф. Гістарыяграфія і крыніцы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў другой палове XVIII — першай палове XIX ст. Мн., 1996;
Лютый А.М. Историография и источники по проблеме генезиса капитализма в России и ее национальных регионах. Мн., 1989;
Копысский З.Ю. Источниковедение аграрной истории Белоруссии. Мн., 1978;
Яго ж. Сборники документов по истории Белоруссии, изданные в БССР (1921—1971 гг.) // Археогр. ежегодник за 1974 г. М., 1975;
Вопросы археографии в БССР. Мн., 1980;
Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. Мн., 2001, Цітоў А. Пячаткі старажытнай Беларусі: Нарысы сфрагістыкі. Мн., 1993;
Яго ж. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. Мн., 1999;
Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.
В.С.Пазднякоў.
т. 18, кн. 2, с. 474