ЛО́РЭНЦ ((Lorentz) Хендрык Антон) (18.7.1853, г. Арнем, Нідэрланды — 4.2.1928),
нідэрландскі фізік-тэарэтык, стваральнік электроннай тэорыі і электрадынамікі рухомых асяроддзяў. Замежны чл.-кар.Пецярб.АН (1910), ганаровы чл.АНСССР (1925). Вучыўся ў Лейдэнскім ун-це (1870—72), з 1878 праф. гэтага ун-та. З 1923 дырэктар ін-та Тэйлара ў Харлеме. Арганізатар і старшыня Сальвееўскіх кангрэсаў фізікаў (1914—27). Навук. працы па электрадынаміцы, тэрмадынаміцы і статыстычнай механіцы, оптыцы і тэорыі выпрамянення. Зыходзячы з эл.-магн. тэорыі Дж.Максвела стварыў класічную электронную тэорыю (1880—1909), на падставе якой растлумачыў шэраг эл.-магн. з’яў, а таксамаэл.-магн. і аптычныя ўласцівасці рэчыва, атрымаў формулу для вызначэння сілы, што дзейнічае на рухомы зарад у магн. полі (гл.Лорэнца сіла), растлумачыў Зеемана з’яву. Незалежна ад Дж.Лармара атрымаў рэлятывісцкія пераўтварэнні каардынат і часу (гл.Лорэнца пераўтварэнні). Даследаванні Л. спрыялі стварэнню адноснасці тэорыі. Нобелеўская прэмія 1902 (разам з П.Зееманам).
Літ.:
Кляус Е.М., Франкфурт У.И., Френк А.М. Г.А.Лоренц, 1853—1928. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́ЖНАЕ ДВАЯБО́Р’Е, паўночнае дваябор’е (афіц. назва Combiné nordique паўночная камбінацыя),
від лыжнага спорту, які ўключае скачкі з 70-метровага трампліна і гонку на 15 км (да 1956—18 км) на перасечанай мясцовасці. Спаборніцтвы праводзяцца ў 2 дні: у 1-ы — скачкі (з трох у залік ідуць 2 лепшыя), у 2-гі — гонка. Вынік вызначаецца сумай балаў за абодва практыкаванні.
Як від спорту ўзнік у Нарвегіі ў канцы 19 ст. У Расіі першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1912 пад Пецярбургам. З 1924 уваходзіць у праграму Алімп. гульняў, з 1925 праводзяцца спаборніцтвы Кангрэса Міжнар. федэрацыі лыжнага спорту (ФІС), з 1937 — чэмпіянаты свету.
На Беларусі першыя афіц. спаборніцтвы адбыліся ў 1938 (г. Віцебск), рэгулярна праводзяцца з 1962. Сярод чэмпіёнаў СССР: каманды Беларусі (1982, 1986), В.Акулаў (1986, камандны залік, таксама ўладальнік Кубка СССР, 1985), С.Давідчанка (1986, камандны залік), А.Пектубаеў (1986, камандны і асабісты залікі). Каманда спарт.т-ва «Ураджай» — чэмпіён Усесаюзных зімовых сельскіх гульняў (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНО́Е ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
сукупнасць законаў і інш. нарматыўных актаў, якія рэгулююць лясныя адносіны па выкарыстанні і ахове лясоў. Асноўны заканад. акт Л.з. Беларусі — Лясны кодэкс Рэспублікі Беларусь. Юрыд. нормы рэгулявання лясных адносін змяшчаюцца таксама ў актах, што выдаюцца ўрадам краіны, мін-вамі і ведамствамі, мясц. Саветамі дэпутатаў і іх выканаўчымі і распарадчымі органамі. Л.з. мае на мэце рэгуляванне праваадносін, накіраваных на рацыянальнае выкарыстанне лясоў, ахову іх прыродных багаццяў, аднаўленне і павелічэнне іх прадукцыйнасці для задавальнення патрэб нар. гаспадаркі і насельніцтва ў драўніне і інш. лясной прадукцыі; для ўзмацнення водаахоўных, кліматарэгулюючых, санітарна-гігіенічных, аздараўленчых і інш. якасцей лясоў. Л.з. заснавана на канстытуцыйным прызнанні лясоў агульным здабыткам народу, устанаўленні на іх дзярж. уласнасці. Яно рэгулюе адносіны па дзярж. кіраванні лясамі: улік лясоў і вядзенне дзярж. кадастра, планаванне выкарыстання і аховы лясоў, лесаўпарадкаванне, распараджэнне лясным фондам, аднаўленне лясоў і лесаразвядзенне, кантроль непасрэдна за станам, выкарыстаннем і аховай лясоў, вырашэнне спрэчак аб лесакарыстанні. Значная частка Л.з. прысвечана лесакарыстанню. За парушэнне Л.з. крымін. і адм. заканадаўства прадугледжвае меры адказнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́Т (грэч. magnētis ад Magnetis lithos літар. камень з Магнесіі — стараж. горада ў М.Азіі),
цела, якому ўласціва намагнічанасць — здольнасць ствараць вакол сябе магнітнае поле. Бываюць пастаянныя М. і электрамагніты (у т. л.звышправодныя магніты), намагнічанасць якіх ствараецца эл. токам.
Пастаянны М. бывае прыродны, з магн. жалезняку (магнетыту) і зроблены ў выглядзе падковы, паласы, стрыжня і да т.п. з папярэдне намагнічаных ферамагнетыкаў (пераважна магнітацвёрдых матэрыялаў). Гал. ўласцівасць М. — здольнасць прыцягваць жалеза, нікель, кобальт, некат. лантаноіды, іх сплавы і злучэнні, а таксама злучэнні хрому, марганцу і урану. Характарызуецца астаткавым намагнічваннем, каэрцытыўнай сілай, формай пятлі гістэрэзіса, макс. шчыльнасцю магн. энергіі. Свабодна падвешаны, адхіляецца ў магн. полі Зямлі адным бокам (полюсам) на Пн, другім — на Пд (гл.Магнітныя палюсы Зямлі). Шырока выкарыстоўваецца як аўтаномная крыніца пастаяннага магн. поля ў элементах, прыладах і апаратах электра- і радыётэхнікі, электронікі, аўтаматыкі.
У.М.Сацута.
Магнітнае поле пастаянных магнітаў: а — без магнітаправода; б — з магнітаправодам; 1 — магніт; 2 — магнітаправод; 3 — рабочы зазор; N і S — полюсы магніта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЫФІКА́ЦЫЯ ПАЛІМЕ́РАЎ,
мэтанакіраванае змяненне фіз.-хім. і хім. уласцівасцей палімераў.
Адрозніваюць хім. М.п. і фіз., ці структурную. Хімічная М.п. — увядзенне ў макрамалекулы нязначнай колькасці фрагментаў інш.хім. прыроды. Ажыццяўляюць на стадыі сінтэзу палімера (напр., увядзенне звёнаў з гідраксільнымі, аміна- ці карбаксільнымі групамі паляпшае адгезію палімераў да палярных паверхняў, іх здольнасць да афарбоўвання, павышае т-ру шклавання і цвёрдасць палімераў). Уключае таксамахім. пераўтварэнні сінтэзаваных макрамалекул (напр., паверхневая М.п. — апрацоўка паверхні палімернага вырабу для надання ёй неабходных уласцівасцей — гідрафільнасці ці гідрафобнасці, устойлівасці да атм. уздзеянняў, антыстатычных і інш.). Фізічная М.п. — змяненне іх фіз.-мех. уласцівасцей пры захаванні хім. будовы макрамалекул ці пераўтварэнне надмалекулярнай структуры палімера. Яе ажыццяўляюць знешнімі мех. ўздзеяннямі на палімерныя плёнкі і валокны, зменай тэмпературна-часавага рэжыму структураўтварэння цвёрдага палімера з расплаву, зменай прыроды растваральніку і рэжыму яго выдалення пры ўтварэнні пакрыццяў, плёнак, валокнаў з раствораў палімераў, увядзеннем у палімер нязначнай колькасці структураўтваральнікаў, якія ўплываюць на кінетыку крышталізацыі і марфалогію палімера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЭЛІ́РАВАННЕ ЭКАНО́МІКА-МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ,
апісанне эканам. працэсаў і з’яў у выглядзе эканоміка-матэм. мадэлей. Адной з першых у гісторыі эканам. навукі была мадэль узнаўлення, распрацаваная франц. вучоным Ф.Кенэ ў 18 ст. У 20 ст. першая агульная мадэль эканомікі сканструявана Дж. фон Нейманам. Значны вопыт пабудовы эканоміка-матэм. мадэлі назапашаны вучонымі былога СССР у развіцці нар. гаспадаркі краіны, асабліва — перспектыўнага. Вылучаюць 2 асн. групы эканоміка-матэм. мадэлей: мадэлі, якія паказваюць пераважна сац. аспекты эканомікі (звязаны з прагназаваннем і планаваннем даходаў і спажывання насельніцтва, дэмаграфічных працэсаў), і мадэлі, што адлюстроўваюць пераважна вытв. аспект эканомікі (доўгатэрміновага прагнозу зводных паказчыкаў эканам. развіцця; міжгаліновыя мадэлі нар.-гасп. планавання, галіновыя аптымальнага планавання і размяшчэння вытв-сці, аптымізацыі структуры вытв-сці ў галінах). Адрозніваюць таксама мадэлі статычныя (апісваюць момантавы стан эканомікі) і дынамічныя (паказваюць развіццё аб’екта мадэліравання). Паводле спосабу пабудовы адрозніваюць аналітычныя (у выглядзе формул), лікавыя (у выглядзе лікавых прыкладаў), матрычныя (у выглядзе табліц), сеткавыя (у форме графаў) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙДА́НАК (Majdanek),
канцэнтрацыйны лагер, створаны ў прадмесці г. Люблін (Польшча) у 2-ю сусв. вайну восенню 1941 паводле загаду Г.Гімлера. Першапачаткова прызначаўся для сав. ваеннапалонных, у хуткім часе ператвораны ў лагер масавага знішчэння людзей. Меў 6 філіялаў. На тэр. лагера адначасова знаходзілася каля 35 тыс. вязняў. Дзейнічалі 7 спец. абсталяваных газавых камер для ўдушэння людзей. Усяго праз лагер прайшлі каля 500 тыс.чал. з 22 еўрап. краін, з іх загінулі каля 350 тыс.чал., у т. л. 200 тыс. яўрэяў, 120 тыс. палякаў. У крас. 1944 пачата эвакуацыя вязняў у інш. лагеры. 23.7.1944 у М. увайшлі часці 1-га Бел. фронту. У 1947 на тэр.б. лагера створаны дзярж. музей, у 1969 адкрыты «Помнік барацьбы і пакутніцтва» (паводле праекта В.Толкіна) разам са «Шляхам пакланення і памяці», а таксама Маўзалей-пантэон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,
заходнебеларускі літаратурна-грамадска-навуковы часопіс. Выйшаў 1 нумар у 1936 у Вільні на бел. мове. Рэдактар В.Тумаш. Меў на мэце кансалідацыю маладых літ. і навук. сіл на грунце нац. ідэі. Ухваляў намаганні розных арг-цый (Т-вабел. школы, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры і інш.) у барацьбе за бел. школу, асвятляў стан і задачы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі (арт. «Інтэлігенцыя ў беларускім культурна-грамадскім жыцці» М.Шкялёнка, «Ці існуе крызіс беларускага руху?» В.Грышкевіча), знаёміў з гісторыяй бел. летапісаў, у т. л. з уключанымі ў іх аповесцямі і апавяданнямі (Я.Станкевіч). Змясціў артыкулы Р.Шырмы «Мастацкая песня ў Заходняй Беларусі» (пра творчасць кампазітара К.Галкоўскага), С.Станкевіча пра стан бел. паэзіі 1920-х г., маст. творы А.Александровіча, М.Васілька, П.Галавача, Х.Ільяшэвіча, М.Машары, М.Танка, а таксама хроніку культурнага жыцця ў Зах. Беларусі і БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЮ́ЦІН (Сяргей Васілевіч) (4.10.1859, Масква — 6.12.1937),
расійскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1883—86) у І.Пранішнікава і У.Макоўскага, у 1903—17 выкладаў у гэтым вучылішчы, у 1918—23 у Вышэйшых мастацка-тэхн. майстэрнях. Чл Саюза рус. мастакоў (1903), Т-ва перасоўных маст. выставак (1915), адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Карціны М. 1890-х г. блізкія да лірычных жанравых твораў позніх перасоўнікаў («Па этапу», 1890; «Сяброўкі», 1893). Як партрэтыст эвалюцыяніраваў ад свабоднага дынамічнага жывапісу 1900-х г. («Аўтапартрэт», 1901) да строгай манументалізаванай манеры 1910—20-х г., якая дазваляла больш дакладна выявіць артыстызм і інтэлектуальнасць мадэлі (партрэты М.Несцерава, 1913; Дз.Фурманава, 1922; В.Бялыніцкага-Бірулі, 1929; «Партызан», 1936, і інш.). Працаваў таксама ў галінах кніжнай графікі (іл. да твораў А.Пушкіна «Казка пра цара Салтана» і «Руслан і Людміла», 1898), дэкар.-прыкладнога, тэатр. мастацтва і архітэктуры, у якіх прытрымліваўся нац.-рамант. лініі стылю мадэрн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКАЯ МО́ВА,
адна з мангольскіх моў. Афіц. мова Манголіі (з 1921; на аснове халхаскага дыялекту). Пашырана таксама ў аўт. раёне Кітая Унутр. Манголіі і шэрагу інш. правінцый. Сфарміравалася ў 14—16 ст. на аснове аднаго з дыялектаў стараж.-манг. мовы. Мае 2 групы дыялектаў: свісцяча-шыпячыя, у гукавым складзе якіх ёсць свісцячыя і шыпячыя зычныя (халхаскі на тэр. Манголіі, шылінгольскі, кукунорскі на тэр. Кітая), і шыпячыя дыялекты, у якіх адсутнічаюць афрыкаты дз, ц (чахарскі, харачынскі, ардоскі на тэр. Кітая). У фанетыцы — сінгарманізм, доўгія і кароткія галосныя, дыфтонгі; у марфалогіі — аглюцінацыя, адсутнасць катэгорыі роду, асабова-прэдыкатыўных часціц, развітая сістэма станаў дзеяслова, дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў; у сінтаксісе — пастаноўка дзейніка перад выказнікам, паясняльнага слова перад паяснёным. Пісьмовая літ. мова манголаў — старапісьмовая М.м. (гл.Мангольскае пісьмо); ёй карыстаюцца ва Унутр. Манголіі. З 1945 у Манголіі ўведзена новае пісьменства на аснове рус. графікі.
Літ.:
Санжеев Г.Д. Современный монгольский язык. 2 изд. М., 1960.