Рэспубліка Ліберыя (Republic of Liberia), дзяржава ў Зах. Афрыцы, на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. Мяжуе на З з Сьера-Леоне, на Пн з Гвінеяй, на У з Кот-д’Івуарам. Пл. 111,4 тыс.км²Нас. 3073,2 тыс.чал. (1995). Дзярж. мова — англійская. Сталіца — г.Манровія. Краіна падзяляецца на 13 графстваў. Нац. свята — Дзень Незалежнасці (26 ліпеня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1986. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — двухпалатны парламент (Сенат і Палата прадстаўнікоў), выбіраецца на ўсеагульных выбарах. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.
Прырода. Уздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. — вузкая (да 60 км) нізінная раўніна. Углыб краіны тэрыторыя паступова павышаецца і пераходзіць у Леона-Ліберыйскае ўзв.выш. каля 500 м. Над ім уздымаюцца асобныя астраўныя горы (г. Німба, на стыку межаў з Гвінеяй і Кот-д’Івуарам, 1752 м). Карысныя выкапні: жал. руда (больш за 3,5 млрд.т), алмазы, золата, баксіты і інш. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 23 °C у жн. да 27 °C у красавіку. Ападкаў за год да 1500—2000 мм ва ўнутр. раёнах, да 5000 км на ўзбярэжжы. Рэкі кароткія, паўнаводныя, з парогамі і вадаспадамі. У раслінным покрыве пераважаюць вечназялёныя экватарыяльныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, саваннавыя рэдкалессі, участкі саваннаў. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэрыторыі. Жывёльны свет разнастайны. У саванне трапляюцца буйвалы, антылопы, леапарды. У лясах шмат птушак, малпаў, змей, насякомых, у т. л. тэрмітаў, мух цэцэ. Нац. парк Сарпа (Сапа), лясныя заказнікі.
Насельніцтва. На тэр. Л. жыве больш за 20 этн. груп. Пераважаюць народы, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. Найб. народы: кпела, лома, мака, банды, кру, кісі, гола. Каля 5% складаюць амерыкана-ліберыйцы (нашчадкі неграў-рабоў з ЗША), жывуць пераважна ў гарадах. 70% насельніцтва вызнае нац.традыц. культы, ёсць мусульмане (20%) і хрысціяне (10%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 3,3%. Сярэдняя шчыльн. 27,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселена прыбярэжная паласа — 40—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва (1996). Найб. горад Манровія (962 тыс.ж., 1997). Каля 50 тыс.ж. у гарадах Б’юкенен, Робертспарт, Харбел. У сельскай гаспадарцы занята 70,5% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 4,5%, у абслуговых галінах — 10,8%. Каля 700 тыс. — 1 млн. грамадзян Л. ў выніку грамадз. вайны (1989—96) вымушаны былі эмігрыраваць. З 1996—97 бежанцы паступова вяртаюцца з суседніх краін.
Гісторыя. Старажытная гісторыя Л. да з’яўлення ў сярэдзіне 15 ст. на яе тэрыторыі еўрапейцаў малавядома. У 1822 група б. неграў-рабоў з ЗША заснавала тут пасяленне Манровія. У 1820—30-я г. ўзніклі інш. пасяленні, якія 1.4.1839 аб’ядналіся ў Садружнасць пасяленняў Ліберыі. 26.7.1847 абвешчана Рэспубліка Л., улада ў якой належала выхадцам з ЗША — амерыкана-ліберыйцам, карэнныя жыхары былі пазбаўлены грамадз. правоў. З 1920-я г. Л. трапіла ў моцную эканам. залежнасць ад амер. кампаній. У студз. 1944 прэзідэнт У.Табмен абвясціў «палітыку аб’яднання», паводле якой карэнныя жыхары ў 1945 атрымалі права голасу. Панаванне амер.-ліберыйскай эліты ў эканоміцы і палітыцы захоўвалася да забойства ў 1980 групай ваенных прэзідэнта У.Толберта. Улада перайшла да Савета нац. выратавання на чале з С.Доу, які ў кастр. 1985 быў выбраны прэзідэнтам Л. У выніку пагаршэння эканам. становішча ў 2-й пал. 1980-х г. і міжнац. спрэчак у грамадстве Л. павялічылася незадаволенасць. У снеж. 1989 узбр. група створанага эмігрантамі Нац.-патрыят. фронту Л. (НПФЛ) на чале з Ч.Тэйларам уварвалася ў Л. з тэр. Кот-д’Івуар. Пасля гібелі Доу ў вер. 1990 пачалася барацьба за ўладу паміж НПФЛ, групамі, якія адкалоліся ад яго і б. прыхільнікамі Доу. У выніку грамадз. вайны 1989—96 загінула каля 150 тыс.чал., 1,2 млн. пазбавіліся прытулку, 700 тыс. уцяклі ў суседнія краіны. 2.8.1996 у г. Абуджа (Нігерыя) падпісана пагадненне пра спыненне агню і раззбраенне ўсіх бакоў канфлікту. На ўсеагульных выбарах у ліп. 1997 прэзідэнтам Л. выбраны Тэйлар.
Л. — чл.ААН (1945), Арг-цыі афр. адзінства. У краіне дзейнічаюць Нац.-патрыят. фронт Л., Незалежны Нац.-патрыят. фронт Л., Аб’яднанне незалежнага руху за дэмакратыю ў Л.
Гаспадарка. Л. — агр. краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны і ваен. дзеянняў. Валавы нац. прадукт на 1 чал. складае 770 дол. (1994). На сельскую і лясную гаспадарку разам з рыбалоўствам прыпадае 40%, на прам-сць — каля 30%, у т. л. на горназдабыўную — каля 20%. У сельскай гаспадарцы пераважае абшчыннае землеўладанне і дробныя сялянскія надзелы. Ёсць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям або дзяржаве. Найб. развіта земляробства. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1 млн.га, у т. л. каля 0,5 млн.га пад ворывам, каля 0,3 млн.га пад шматгадовымі насаджэннямі, каля 0,2 млн.га пад лугамі і пашай. Асн. таварныя культуры: гевея, алейная пальма, кава, какава, цукр. трыснёг, тытунь. Штогод атрымліваюць каля 100 тыс.т пальмавага алею, 10 тыс.т кавы, 5 тыс.т какавы. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць рыс (каля палавіны пасяўной плошчы), маніёк, тара, ямс, бананы, ананасы, арахіс, сою, цытрусавыя. Жывёлагадоўля развіта слаба. Пагалоўе (пач. 1990-х г., тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 40, авечак і коз — каля 500, свіней — каля 100. Развіта лясная гаспадарка. Нарыхтоўка каштоўных парод драўніны складае штогод каля 1 млн.м³, працуе 19 лесапільных з-даў. Марское рыбалоўства (15—20 тыс.т рыбы штогод). У прам-сці гал. роля належыць здабычы карысных выкапняў, якую вядуць замежныя кампаніі. Штогод здабываюць каля 15—20 млн.тжал. руды (1-е месца ў Афрыцы), каля 0,3—0,4 млн. каратаў алмазаў, 3—4 т золата. Да пач. ваенных дзеянняў штогадовая вытв-сць электраэнергіі складала каля 1 млрд.кВт∙гадз, у 1993 атрымана 440 кВт∙гадз. Больш за палавіну электраэнергіі дае ГЭС Маўнт-Кофі на р. Сент-Пол. Апрацоўчая прам-сць развіваецца з 1960-х г.Найб. развіта харчасмакавая галіна (вытв-сць безалкагольных напіткаў, віна, піва, мукі, кансерваў, перапрацоўка рыбы, мяса, агародніны і інш.). Ёсць асобныя прадпрыемствы нафтаперапр., буд. матэрыялаў, хім., лёгкай, мэблевай прам-сці. Больш за 60% прамысл. прадпрыемстваў у г. Манровія. Развіты традыц. рамёствы: прадзенне і ткацтва, выраб цыновак, кошыкаў, скур, разьба па дрэве і інш. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 10,1 тыс.км, у т. л. асфальтавых і гравійных 5,8 тыс.км; чыгунак 490 км. Пад флагам Л. з прычыны нізкіх падаткаў і выгаднага для суднаўладальнікаў прац. заканадаўства плаваюць гандл. судны ЗША і краін Зах. Еўропы агульнай грузападымальнасцю 56,7 млн. брута-рэг. т (1997). Гал. парты — Манровія (разнастайныя грузы) і Б’юкенен (экспарт жал. руды). У краіне 59 аэрапортаў, у т. л.міжнар. аэрапорт Робертсфілд каля Манровіі. У 1989 экспарт склаў 505 млн.дол., імпарт — 394 млн. долараў. У экспарце пераважаюць жал. руда (61%), каўчук (20%), драўніна і лесаматэрыялы (11%), кава, у імпарце — паліва, хімікаты, машыны і прамысл. абсталяванне, харч. прадукты. Гал.гандл. партнёры — ЗША і краіны Зах. Еўропы. Знешні доўг Л. перавышае 1,7 млрд. долараў. Грашовая адзінка — ліберыйскі долар.
Літ.:
Френкель М. Гражданская война в Либерии (1989—1997) // Мировая экономика и междунар. отношения. 1998. № 7.
Ю.В.Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Ліберыі.Сталіца Ліберыі — горад Манровія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛА́ВІ (чычэва Malaŵi, англ. Malawi),
Рэспубліка Малаві (чычэва Mfuko la Malaŵi, англ. Republic of Malawi), дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Танзаніяй, на 3 з Замбіяй, на Пд з Мазамбікам; на У мяжа з Танзаніяй і Мазамбікам праходзіць па воз. Ньяса (Малаві). Пл. 118,5 тыс.км², у т. л. водная паверхня азёр 24,4 тыс.км². Нас. 9,8 млн.чал. (1998). Дзярж. мовы — чычэва (малаві) і англійская. Сталіца — г.Лілонгве. Падзяляецца на 3 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 ліп.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1994. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Народнаму сходу, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які прызначаецца прэзідэнтам.
Прырода. У рэльефе пераважае пласкагор’е, складзенае з дакембрыйскіх крышт. парод. Характэрны вышыні 1000—1500 м, найб. вышыня — г. Сапітва (3002 м). На У грабен (ч. Усходне-Афр. рыфавай сістэмы) з воз. Ньяса (на выш. 472 м над узр. м.) і р. Шырэ, якая выцякае з возера і ўпадае ў р. Замбезі. У М. ёсць невял. радовішчы баксітаў, каменнага вугалю, уранавых руд, буд. матэрыялаў і інш. Клімат субэкватарыяльны з летнім дажджлівым (ліст.—май) і сухім (май—лістапад) сезонамі. Сярэднямесячныя т-ры ад 14—19 °C (ліп.) да 23—27 °C (лістапад). Ападкаў 1500—3000 мм за год. У расліннасці пераважаюць акацыевыя саванны з баабабамі, паркавая саванна з пальмамі; у гарах — лістападныя трапічныя лясы, участкі стэпаў, па далінах рэк — галерэйныя лясы. Пад лесам і хмызнякамі 39% тэр. краіны. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету: бегемоты, кракадзілы, львы, леапарды, павіяны, зебры, антылопы. Ёсць малярыйныя камары і муха цэцэ. Воз. Ньяса багатае рыбай (асн. від тылапія). Нац. паркі: Касунгу, Ленгве, Лівондэ, Ньіка; некалькі паляўнічых рэзерватаў. Нац. парк воз. Малаві (Ньяса) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Каля 99% складаюць блізкія паміж сабой народы, што адносяцца да ўсх. групы банту. Найб. — малаві (каля 55% насельніцтва), асн. этнічная група чэва (гавораць на мове чычэва). На Пд жывуць макуа, ломве, ваяа, суахілі, нгоні. Выхадцы з краін Азіі і Еўропы (больш за 30 тыс.чал.) жывуць пераважна ў гарадах. Сярод вернікаў 55% пратэстантаў, па 20% католікаў і мусульман, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост 1,5% (1997), у асобныя гады перавышае 3%. Сярэдняя шчыльн. 104 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены паўд. раёны. У гарадах жыве 14% насельніцтва. Найб. гарады: Блантайр-Лімбе — каля 500 тыс.ж., Лілонгве — каля 400 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята 86% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%, у абслуговых галінах — каля 9%. Некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў М. сезонна працуюць у Паўд.-Афр. Рэспубліцы (ПАР).
Гісторыя. Стараж. насельніцтва М. — бантумоўныя плямёны н’янджа (на Пд), чэва (у цэнтры) і тумбука (на Пн). У канцы 15 ст. каля воз. Ньяса склалася племянное аб’яднанне Малаві на чале з правадыром Каронгі. Пазней сюды перасяліліся народы нгоні і яо. У сярэдзіне 19 ст. тэр. М. наведваў Д.Лівінгстан, у 1876 брыт. місіянеры заснавалі пасяленне Блантайр. З 1891 М. — брыт. пратэктарат Ньясаленд. У 1915 тут адбылося антыбрыт. паўстанне на чале з Дж.Чылембве, задушанае ўладамі. У 1920—30-я г. ўзніклі туземныя асацыяцыі, у 1944 створана першая афр.паліт.арг-цыя — Афр. Кангрэс Ньясаленда (АКН). У 1953—63 М. ўваходзіла ў Федэрацыю Радэзіі і Ньясаленда. Пасля забароны АКН на яго базе ў вер. 1959 створана партыя Кангрэс М. (КМ) на чале з Х.Бандам. У 1961 уведзена ў дзеянне канстытуцыя Ньясаленда. На першых усеагульных выбарах у Заканад. сход у 1961 перамог КМ. У лют. 1963 Ньясаленд атрымаў унутр. самакіраванне, а Банда стаў прэм’ер-міністрам краіны.
6.7.1964 абвешчана незалежная дзяржава М. ў складзе Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1966 М. — рэспубліка, прэзідэнт — Банда, адзіная легальная партыя — КМ. У краіне ўсталяваўся рэжым асабістай улады Банды, які ў ліп. 1971 абвешчаны яе пажыццёвым прэзідэнтам. Жорстка душылася ўсялякая апазіцыя. Праводзілася палітыка спрыяння прыватнаму сектару, асабліва ў галіне забеспячэння харчаваннем. У знешняй палітыцы кіраўніцтва М. падтрымлівала цесныя сувязі з краінамі Зах. Еўропы, ЗША і ПАР. З пач. 1990-х г. краіну ахапілі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем адраджэння дэмакратыі, якія ўзначальвала каталіцкае духавенства. Восенню 1992 створаны альянс за дэмакратыю і Аб’яднаны дэмакр. фронт (АДФ). У студз. 1993 урад быў вымушаны дазволіць шматпартыйнасць. У 1994 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам М. выбраны лідэр АДФ Б.Мулузі. З мая 1995 набыла сілу новая канстытуцыя краіны. М. — чл.ААН і арг-цыі афр. адзінства (з 1964). Дзейнічаюць паліт. партыі: Аб’яднаны Дэмакр. фронт, Кангрэс М.
Гаспадарка. М. — аграрная краіна са слаба развітой эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Штогадовы даход на 1 чал. каля 180 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае 45% валавога нац. прадукту, прам-сць — 30%, абслуговыя галіны — 25%. Гал. сродак існавання для большасці насельніцтва — земляробства. Апрацоўваецца каля 1,7 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюцца саванны і рэдкастойныя лясы агульнай пл. каля 2 млн. га. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі, але асн. экспартную прадукцыю даюць плантацыі, якія належаць замежным кампаніям і еўрап. каланістам (каля 10% апрацаваных зямель). Штогод збіраюць асн. экспартныя культуры (тыс. т): чай (займае 6% с.-г. зямель) — каля 50, тытунь — каля 130. Меншае экспартнае значэнне маюць бавоўнік, тунг, цукр. трыснёг, арахіс, каўчуканосы. Харч. культуры (у сял. гаспадарках): кукуруза (займае 80% с.-г. зямель, штогадовы збор 1,5—2 млн. т), афр. сорга, проса, рыс, пшаніца, бабовыя, маніёк, батат. Агародніцтва, трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля абмежавана з-за распаўсюджання мухі цэцэ і нізкай якасці пашы. Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы — каля 1000, авечак і коз — каля 800. Птушкагадоўля. Азёрнае і рачное рыбалоўства — 65 тыс. т (1993). Лясная гаспадарка, нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прам-сць развіта слаба, арыентавана на перапрацоўку с.-г. прадукцыі, вытв-сць спажывецкіх тавараў. Вытв-сць электраэнергіі 782 млн. кВт гадз (1993), пераважна на невялікіх ЦЭС і ГЭС. Найб.ГЭС на р. Шырэ. Асн. прадпрыемствы звязаны з апрацоўкай тытуню і чаю (Блантайр-Лімбе, Лілонгве, Зомба). Ёсць бавоўнаачышчальныя, тэкст., швейныя, кансервавыя, цукр., па вытв-сці тунгавага алею, мукамольныя, цагельныя, лесапільныя, цэм. прадпрыемствы. Невял. здабыча мармуру, жал. руды, кіяніту, баксітаў, буд. матэрыялаў. Развіты разнастайныя саматужныя промыслы. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, унутр. водны. У М. 49,8 тыс. км аўтадарог, у т. л. 5,7 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, 15 тыс. легкавых, 19 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Даўж. чыгункі 789 км. Знешнегандл. сувязі пераважна па чыг. Блантайр-Лімбе—Бейра (Мазамбік). Унутр. водныя шляхі па воз. Ньяса і асобных участках р. Шырэ. У краіне 41 аэрапорт, у т. л. 2 міжнар. каля Блантайр-Лімбе і Лілонгве. У 1995 экспарт склаў 431 млн.дол., імпарт — 348 млн. долараў. М. экспартуе тытунь (40% па кошце), чай (35%), цукар, каву, арахіс, драўніну, імпартуе харч. прадукты, нафту і нафтапрадукты, тавары шырокага ўжытку, трансп. сродкі. Асн.гандл. партнёры: ПАР, ЗША, Японія, Германія. Дадатковыя крыніцы даходаў насельніцтва — сезонная работа ў ПАР і замежны турызм. Эканоміка М. залежыць ад эканам. дапамогі МВФ, Сусв. банка і асобных краін-донараў (найб. — Вялікабрытаніі і ПАР). Грашовая адзінка — квача.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Малаві.Да арт.Малаві. Узбярэжжа возера Ньяса.Да арт.Малаві. Краявід на Пд краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДАК,
горад абл. падпарадкавання, цэнтр Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 162 км ад Гродна, 22 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Ліда—Баранавічы. 30,4 тыс.ж. (2000).
Паводле археал. даследаванняў, паселішча на тэр. сучаснага Н. ўзнікла ў канцы 10 ст. Першае верагоднае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1044. Летапісныя варыянты назвы горада — Новогород, Новогородок, Новый Городок і інш. Былі развіты рамёствы, існаваў гандаль з Зах. Еўропай, Прыбалтыкай, Б. Усходам. У 13—14 ст. цэнтр удзельнага Навагрудскага княства. У 1252 кн.Міндоўг каранаваўся ў Н. як кароль літоўскі, на падставе чаго шэраг гісторыкаў лічыць з гэтага часу Н. сталіцай ВКЛ. Сын Міндоўга Войшалк аб’яднаў вакол Н. Пінскую зямлю, Нальшчаны і Дзяволтву, што склала аснову ВКЛ. У 13 ст. на Н. неаднаразова нападалі татары і іх саюзнікі — дружыны галіцка-валынскіх князёў, у 14 ст. — крыжакі. З 1392 Н. — адзін з цэнтраў велікакняжацкага дамена, з 15 ст. цэнтр Навагрудскага павета. У 1428 вял.кн.Вітаўт запісаў Н. у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Ульяне. У канцы 15 ст. ў Н. 3—4 тыс.ж. З 1316 Н. — цэнтр Літоўска-Навагрудскай мітраполіі, якая ахоплівала правасл. царкву ВКЛ (гл. ў арт.Кіеўская мітраполія). ПасляБрэсцкай уніі 1596 мітрапаліцкай кафедрай валодалі уніяты. У 16 ст. Н. быў адным з цэнтраў Рэфармацыі ў Беларусі. У 1507 утворана Навагрудскае ваяводства. У 1511 горад атрымаў магдэбургскае права (пацверджана ў 1562, 1595, 1776). Прывілеем 1595 зацверджаны гарадскі герб. У 1581—1775 у Н. адбываліся пасяджэнні Гал.літ. трыбунала. У 17—18 ст. дзейнічаў Навагрудскі езуіцкі калегіум. У 16—18 ст. горад моцна пацярпеў ад войн, пажараў і эпідэмій, у выніку чаго заняпаў. З 1795 у Рас. імперыі, з 1801 цэнтр павета Гродзенскай, з 1842 — Мінскай губ. Жыхары ўдзельнічалі ў паўстаннях 1830—31 і 1863—64. У 1897 у Н. 7887 ж. У 1-ю сусв. вайну з вер. 1915 да канца 1918 акупіраваны герм. войскамі. У снеж. 1918 вызвалены Чырв. Арміяй. З 18.4.1919 да 19.7.1920 і з 1.10.1920 акупіраваны польскім войскам. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета і ваяводства, 6376 ж. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Навагрудскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял.Айч. вайну 4.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Н. і раёне 45 065 чал. 8.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гродзенскай вобл., з 1963 горад абл. падпарадкавання. У 1972—20,6 тыс. ж.
У 12 ст. горад складаўся з дзядзінца (т.зв. Замкавая гара) і пасада — вакольнага горада (Малы замак). Кампазіцыйным цэнтрам былі дзядзінец і гандл. плошча з крамамі каля Замкавай гары, да якой сыходзіліся вуліцы-дарогі (гандл. шляхі). У 12—13 ст. на тэрыторыі вакольнага горада вылучаўся квартал з 2-камернымі жылымі дамамі багатых гараджан (пл. аднаго дома каля 76 м²), большасць з іх мела чарапічныя дахі, зашклёныя вокны, атынкаваныя сцены. Рэшткі такога будынка, т.зв.Навагрудскі «дом баярына», выяўлены пры археал. раскопках у пач. 1960-х г. Дамы чэлядзі былі пл. каля 30 м². Усе жылыя пабудовы наземныя і заглыбленыя, з печамі розных тыпаў. У 12 ст. пабудавана мураваная царква (гл.Навагрудская Барысаглебская царква), у 13—16 ст. — мураваны замак (гл. ў арт.Навагрудскія замкі), на тэр. дзядзінца якога ў 14—16 ст. пабудавана Навагрудская замкавая царква. У канцы 14 — пач. 15 ст. татары пабудавалі мячэць (не захавалася). У 14—17 ст. выраблялася навагрудская кафля. На гандл. плошчы былі пабудаваны: у 17 ст.Навагрудская ратуша, у 18 ст.Навагрудскі касцёл і кляштар францысканцаў, Навагрудскі Міхайлаўскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Навагрудскі фарны касцёл, у пач. 19 ст.Навагрудскія гандлёвыя рады. У 17—19 ст. існаваў і Навагрудскі кляштар дамініканак. У 1751 і 1871 Н. моцна пацярпеў ад пажараў. У 1809 і 1872 складзены праекты планіроўкі горада (ажыццёўлены часткова). Планіровачная структура — няправільная радыяльная са складанай канфігурацыяй вуліц з-за асаблівасцей рэльефу. Да гандл. плошчы сыходзіліся 8 вуліц, у т. л. Бернардзінская (цяпер Гродзенская), Базыльянская (Паштовая), Троіцкая (Мінская), Слонімская (Міцкевіча), Валеўская (Леміна), Замкавая і інш. У пач. 20 ст. існавалі 2 правасл. царквы, сінагога, 6 яўр. малітоўных дамоў, мячэць, рэшткі ўмацаванняў на высокай гары і гара, вядомая як магіла Міндоўга, з помнікам тым, што загінулі ў бітве пад Хоцінам. У 1930-я г. ўзведзены цагляны будынак ваяводскага ўпраўлення. У цэнтр. частцы сучаснага Н. захавалася гіст. радыяльна-кальцавая планіроўка. Горад развіваецца паводле генпланаў 1964, 1972 і іх карэкціровак 1978 і 1985, праекта. дэталёвай планіроўкі цэнтра 1976. Прадугледжана захаванне планіровачнай структуры гіст. цэнтра, стварэнне зон ахоўных і рэгулявання забудовы, раскрыццё агульнагар. цэнтра на прыроднае асяроддзе. Арх.-планіровачны цэнтр — пл. Леніна (б. Гандлёвая плошча з мемар. скверам, музеем-сядзібай А.Міцкевіча) з помнікамі культавай і грамадз. архітэктуры. Адм. цэнтр склаўся па вул. Міцкевіча. Капітальная забудова сканцэнтравана ў цэнтр. частцы горада, у раёне вуліц Міцкевіча, Савецкай і Леніна, мікрараёне Раднікі. Новае буд-ва вядзецца ў мікрараёнах Паўд. Захад, Паўд. Захад 2, па вуліцах Гродзенскай і Мінскай. На ўскраінах пераважае індывід. забудова сядзібнага тыпу. Прамысл. зона ў паўд.-зах. і паўн.-ўсх. частках горада. Зоны адпачынку ў Навагрудскім парку, скверах, прылеглых лясных масівах, на берагах воз. Літоўка. Праект рэгенерацыі гіст. забудовы Н. 1988 уключае тэрыторыю гіст. ядра, дзе асн. з’яўляецца зона гал. плошчы — пл. Леніна і Замкавай гары. Паводле генплана Н. 1995 арх.-планіровачнае, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне скіравана на гарманічнае ўзаемадзеянне забудовы гіст. з новай, на стварэнне ўмоў для фарміравання горада як цэнтра турызму.
Навагрудскі завод газавай апаратуры, абястлушчанага малака і агароднінасушыльны з-ды, маслакамбінат, млынкамбінат, хлебазавод, ф-кі швейная і валюшна-лямцавая, вытв. ўчастак Лідскага піўзавода, 5 буд. арг-цый і інш.Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж, Навагрудскі саўгас-тэхнікум, прафесійна-тэхн. вучылішча, Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, Міцкевіча Адама дом-музей. Могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў вер. 1939. Помнікі Я.Коласу, А.Міцкевічу, Невядомаму салдату, землякам, якія загінулі ў Афганістане, памятныя знакі каля гары Міндоўга і на Замкавай гары; курган Бессмяротнасці ў гонар А.Міцкевіча. Помнікі архітэктуры: гандл. рады (1812), жылыя дамы (19 — пач. 20 ст.) і інш. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (1930). На зах. ускраіне горада курганны могільнік 12—13 ст.
Створаны ў 1933 у Мінску як Дзяржаўны т-р оперы і балета БССР на базе Беларускай студыі оперы і балета. З 1940 Вялікі, з 1964 акадэмічны. З 1996 сучасная назва, у складзе творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Адкрыўся балетам «Чырвоны мак» Р.Гліэра (1933). У першы перыяд трупа ставіла пераважна класічныя балеты: «Капелія» Л.Дэліба — Ф.Лапухова (балетмайстар, 1935), «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага — К.Мулера (1938), «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева — К.Галяйзоўскага (1939). Першы нац. балет — «Салавей» М.Крошнера — А.Ермалаева (1939, 1940), дзе створаны яскравыя вобразы герояў (у гал. партыях А.Нікалаева, С.Дрэчын), выразна і маштабна паказаны народ, сінтэзаваны акад. і нар. танец. Ў 1930—40-я г. сярод артыстаў балета вылучыліся Нікалаева, Дрэчын, З.Васільева, Я.Вяпрынскі, Н.Гурвіч, Л.Крамарэўская, Н.Майсеенка, Т.Узунава, Ю.Хіраска. У 1940—70-я г. ў рэпертуары т-ра пераважалі творы рус. і замежнай класікі: «Лебядзінае возера» (1948, 1967, 1978), «Спячая прыгажуня» (1954, 1970), «Шчаўкунок» (1956) Чайкоўскага, «Бахчысарайскі фантан» Асаф’ева (1939, 1949, 1973), «Раймонда» А.Глазунова (1972), «Дон Кіхот» (1941, 1947, 1962, 1979) і «Пахіта» (1973) Л.Мінкуса, «Марная засцярога» П.Л.Гертэля (1938, 1959), «Жызэль» А.Адана (1953, 1966, 1976), «Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга (1966). Ставіліся і балеты сучасных, у т. л.бел., кампазітараў: «Пасля балю» Г.Вагнера (1971), «Сцежкаю грому» К.Караева (1960), «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» А.Лядава і У.Дзешавова (1961), «Спартак» А.Хачатурана (1964), «Папялушка» (1965) і «Рамэо і Джульета» (1968) С.Пракоф’ева і інш. Вяліся пошукі больш дасканалых сцэн.маст. рашэнняў, пашыраліся тэматыка і жанравая разнастайнасць, узбагачалася харэаграфічная лексіка. Пошукі этн. своеасаблівасці характэрны для ўвасаблення твораў бел. кампазітараў Мулерам. («Князь-возера» В.Залатарова, 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950; «Падстаўная нявеста» Вагнера, 1958), Ермалаевым («Палымяныя сэрцы» Залатарова, 1955). Сучасная тэма ўведзена на нац. сцэну балетамі «Мара» Я.Глебава — А.Андрэева (1961), «Святло і цені» Вагнера — Андрэева і Н.Стукалкінай (1963). Тэма Вял.Айч. вайны з маст. пераканаўчасцю ўвасоблена ў «Альпійскай баладзе» Глебава — А.Дадышкіліяні (1967, лібр. Р.Чарахоўскай паводле аднайм. аповесці В.Быкава), дзе яскравыя глыбока псіхалагічныя вобразы стварылі К.Малышава і Л.Чахоўскі. Сярод балетмайстраў гэтага перыяду Андрэеў, І.Бельскі, В.Вайнонен, Дадышкіліяні, Ю.Дружынін, Дрэчын, Ермалаеў, Р.Захараў, Н.Конюс, А.Месерэр, Мулер, Стукалкіна; салісты балета — В.Давыдаў, Н.Давыдзенка, І.Дзідзічэнка, Т.Караваева, А.Карзянкова, Б.Карпілава, В.Крыкава, Р. і М.Красоўскія, Малышава, Г.Мартынаў, В.Міронаў, Н.Младзінская, Я.Паўловіч, М.Пятрова, Л.Ражанава, І.Савельева, Чахоўскі, М.Шэхаў і інш. У 1973 трупу ўзначаліў В.Елізар’еў. Яго маст. дасягненнем сталі пастаноўкі балетаў «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына і «Камерная сюіта» на муз. Шчадрына (абедзве 1974), «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976) і «Тыль Уленшпігель» Глебава (2-я рэд., 1978; лібр. Елізар’ева паводле Ш. Дэ Кастэра). Новая паэтыка і эстэтыка гэтых і інш. балетаў дазваляюць гаварыць пра з’яўленне аўтарскага т-ра Елізар’ева, які працуе ў цеснай садружнасці з мастакамі (Я.Лысік, Э.Гейдэбрэхт, В.Окунеў і інш.). Бел. балет набыў міжнар. прызнанне і з поспехам гастраліруе ў, многіх краінах свету.
У 1980—90-я г. ў т-ры пастаўлены шэраг па-мастацку значных твораў: «Спартак» Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» (1982) і «Лебядзінае возера» (1986) Чайкоўскага, «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева (1988), «Дон Кіхот» Мінкуса (1989), вак.-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983), 1-актовыя балеты «Адажыета» на муз. Г.Малера (1981), «Балеро» на муз. М.Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» (1986, 1997) і «Жар-птушка» (1998) І.Стравінскага (балетмайстар усіх Елізар’еў). Набылі вядомасць майстры бел. балетнага мастацтва Л.Бржазоўская, І.Душкевіч, У.Іваноў, У.Камкоў, Н.Паўлава, С.Пясцехін, В.Саркісьян, Ю.Траян, Н.Філіпава, Т.Яршова і інш. Рэпертуар трупы папоўніўся балетамі бел. кампазітараў «Курган» Глебава (1982, лібрэта А.Вярцінскага і Г.Маёрава паводле аднайм. паэмы Я.Купалы), «Крылы памяці» У.Кандрусевіча (1986), «Кругаверць» А.Залётнева (1996, па матывах нар. балад). Найб. значны рэзананс атрымаў балет «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані — Елізар’ева (1995; Дзярж. прэмія Беларусі 1996; прэмія Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА «Бенуа дэ ла данс» 1996), прысвечаны лёсу полацкай княгіні Рагнеды. З класічных пастановак гэтага часу найб. адметныя: «Ліза і Кален» Ф.Герольда (1979), «Сільфіда» Х.Левенскольда (1983), «Спячая прыгажуня» (1990), «У гонар Марыуса Петыпа» на муз. Р.Дрыга, І.Армсгеймера, Мінкуса (1981). Т-р ставіць і спектаклі для дзяцей, у т. л. «Доктар Айбаліт» І.Марозава (1951), «Чыпаліна» К.Хачатурана (1978), «Тры парсючкі» С.Кібіравай (1991). Сярод пастаноўшчыкаў балетаў у 1980—90-я г. А.Вінаградаў, Ю.Грыгаровіч, П.Гусеў, Маёраў, І.Калпакова і інш. У т-ры працавалі: гал. балетмайстры — Мулер (з 1946), Андрэеў (1960—64 і 1971—73), Дадышкіліяні (1965—71), Елізар’еў (з 1973); гал. дырыжоры — І.Гітгарц (1933—36), Н.Грубін (1938-41), А.Брон (1944—48), У.Пірадаў (з 1948), Л.Любімаў (1951—64), Г.Дугашаў (1966—68), К.Ціханаў (з 1969), Я.Вашчак (1972—80), Праватораў (з 1984), А.Анісімаў (1980—84 і з 1989); гал. мастакі — С.Нікалаеў (з 1938), Я.Чамадураў (1959—76), Лысік (1979—81), Гейдэбрэхт (1984—90). Трупа т-ра пастаянна папаўняецца выпускнікамі Дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь. У ёй працуюць (2000): дырэктар — маст. кіраўнік т-ранар.арт.СССР Елізар’еў, салісты балета нар.арт. Беларусі К.Фадзеева, засл. арт. Беларусі Н.Дадышкіліяні, У.Далгіх, В.Захараў, Р.Мінін, А.Фурман, Т.Шаметавец, артысты Т.Беранава, С.Гарбунова, Ж.Лебедзева, А.Турко, нам. дырэктара нар.арт. Беларусі Траян, памочнік маст. кіраўніка засл. дз. культ. Беларусі І.Сарокіна, асістэнты засл. артыстка Беларусі Дзідзічэнка, Я.Мінін, балетмайстры-рэпетытары нар.арт. Беларусі Бржазоўская, Яршова, нар. артыстка Расіі М.Подкіна, А.Мартынаў, канцэртмайстры засл. артыстка Беларусі Л.Сямёнава, С.Львовіч, Ч.Шуба.
Працуе ў адным будынку з Нацыянальным акадэмічным тэатрам оперы Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;
Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;
Яе ж. Линия, уходящая в бесконечность, Мн., 1999;
Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Мн., 1993;
Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;
Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993;
Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989;
Валентин Елизарьев: [Альбом]. Мн., 1997;
Музычны тэатр Беларусі, 1960—1990. [Кн. 4], Мн., 1997.
Ю.М.Чурко.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева. 1988.Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна з балета «Спартак» А.Хачатурана. 1980.Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Князь-возера» В.Залатарова. 1949.Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна з балета «Жызэль» А.Адана. 1976.Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Страсці» А.Мдывані. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЯСТВО́,
рамяствоіпромысел, вытворчасць прамысловых вырабаў з дапамогай нескладаных традыц. інструментаў; майстэрства ўмелых рук (ад стараж.-рус. рукамясло); першая гіст. стадыя ў развіцці прамысл. вытв-сці. Паралельнае ўжыванне тэрмінаў «Р.» і «промысел» адлюстроўвае поўнае ці частковае супадзенне іх прадметнага зместу, а разыходжанні звязаны з асэнсаваннем іх з пункту гледжання сац.-эканам. характарыстыкі, сувязі з земляробствам і інш. Вырашальным для Р. з’яўляецца асабістае майстэрства рамесніка і індывід. характар вытв-сці (звычайна рамеснік працуе адзін або з невял. колькасцю памочнікаў). У залежнасці ад зыходнага матэрыялу вылучаюць асобныя групы Р. (дрэва- і металаапрацоўчыя, гарбарна-кушнерскае, апрацоўка мінер. сыравіны, валакністай сыравіны і выраб адзення), якія былі пашыраны на Беларусі і далі пачатак розным галінам прамысл. вытв-сці. Паводле сац. арганізацыі Р. падзяляюць на хатнія (для ўласных патрэб), на заказ і на рынак (дробнатаварная вытв-сць). У гіст. і сацыяльна-эканам. л-ры прадметны сэнс Р. нярэдка абмяжоўваецца вытв-сцю на заказ, а Р. на рынак наз. саматужным промыслам, хатняе Р. — хатнім промыслам. Паводле характару арганізацыі працы вылучаюць таксама стацыянарныя і адыходныя, ці вандроўныя Р. і промыслы (дойлідства, буд-ва мастоў, шапавальнае і інш.). У асобную групу вылучаюць маст. промыслы, у якіх найб. яскрава ўвасоблены нар. творчасць, маст. густы, духоўныя памкненні і нац.вытв. традыцыі народа.
У феад. перыяд амаль кожны сял. двор выступаў як самаст.вытв. калектыў з шырокім дыяпазонам гасп. дзейнасці. Разнастайныя жыццёва неабходныя прадметы (харч. прыпасы, жыллё, адзенне, тканіны, скуры, рэчы хатняга ўжытку, посуд, с.-г. прылады і трансп. сродкі) у большасці вырабляліся на месцы сваімі рукамі. Універсальны характар сял. гаспадаркі быў шырокай базай вытв. вопыту і нар. ўмельства, што абумовіла агульны росквіт Р. і промыслаў. З сельскага насельніцтва вылучаліся майстры, для якіх Р. станавілася важнай ці нават асн. крыніцай існавання. Частка іх несла дваровую службу пры ланскіх ці дзярж. (гаспадарскіх) маёнтках і манастырах. Часам двары-службы ўтваралі цэлыя пасяленні рамеснікаў пэўнай спецыяльнасці — цесляроў, бондараў, гантароў, гарбароў, ганчароў, гутнікаў, буднікаў і інш.; іх прадукцыя забяспечвала патрэбы маёнтка, прадавалася на кірмашах, збывалася за мяжу. Статуты ВКЛ замацоўвалі роўныя прывілеі для рамеснікаў, якія паводле свайго юрыдычна-прававога становішча стаялі ў феад. іерархіі вышэй за сялян-земляробаў. Частку залежных рамеснікаў феадалы сялілі ў горадзе на землях сваіх юрыдык. Гар. Р. ў значнай ступені развівалася за кошт прытоку ў горад сельскіх майстроў і адначасова ўплывала на развіццё і тэхн. ўзровень сельскага Р. Сельскае насельніцтва, якое перасялялася ў горад, прыносіла з сабой абшчынныя традыцыі, што складаліся ў нормы звычаёвага права і адбіваліся на паўсядзённым жыцці брацтваў. Развіццю бел. Р. і промыслаў, іх спецыялізацыі і арганізац. ўпарадкаванню садзейнічала магдэбургскае права. У 16—17 ст. у гарадах Беларусі зафіксавана каля 200 спецыялізаваных відаў Р. і промыслаў. Найб. пашыраны былі ў гарадах — кавальскае, кравецкае, шавецкае, гарбарнае, ганчарнае; у вёсках — розныя віды дрэваапрацоўкі (выраб посуду, с.-г. прылад, цяслярства), апрацоўка лёну і воўны, ткацтва, пляценне. Гар. рамеснікі аб’ядноўваліся ў асобныя прафесійныя арг-цыі — цэхі. Такія карпарацыі наз. брацтвамі (Брэст, Гродна, Мінск, Вільня) або староствамі (Магілёў, Полацк). У склад цэха (40—50 чал.) уваходзілі людзі рамесных прафесій, а таксама рыбаловы, бортнікі, шынкары і інш., што займаліся промысламі ў шырокім сэнсе. У 17 ст. на Беларусі 116 цэхаў, кожны цэх меў свой статут, які вызначаў яго структуру, парадак прыёму новых членаў, рэгуляваў унутрыцэхавыя адносіны і інш., а таксама меў свой сцяг, зброю, сімвал, агульную касу; у час вайны абараняў горад. Цэхавая арг-цыя садзейнічала далейшаму развіццю Р., іх спецыялізацыі і павышэнню ролі ў сістэме грамадскай вытв-сці. Значэнне цэхаў выходзіла далёка за межы карпаратыўна-прафес. арг-цыі. Яны адыгрывалі значную ролю ў паліт. жыцці гарадоў, барацьбе супраць прыгонніцтва, за грамадзянскія правы і незалежнасць. Ваенныя падзеі ў 2-й пал. 17—пач. 18 ст. (войны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўн. вайна 1700—21) згубна адбіліся на развіцці рамеснай вытв-сці на Беларусі. Напр., у Віцебску, буйнейшым цэнтры рамеснай і прамысл. дзейнасці, у сярэдзіне 17 ст. было больш за 1 тыс. майстроў розных спецыяльнасцей, а ў 1665 засталіся 72 рамеснікі. У 2-й пал. 18 ст. назіралася адраджэнне традыц. Р. Асабліва хутка расла колькасць кавалёў, слесараў, цесляроў, шаўцоў, краўцоў, гарбароў і інш. Да 19 ст. цэхавае Р. вычарпала свае магчымасці. Аднак яно падрыхтавала глебу для сучасных форм вытв-сці. Побач з Р. значна пашырыліся мануфактуры, якія ўзніклі і працавалі на базе мясц.нар. Р. і промыслаў. Пэўнае месца ў вытв-сці прамысл. тавараў займала т.зв. рассеяная мануфактура. Часам мануфактурная і саматужна-рамесная вытв-сць аб’ядноўваліся ў адзіную сістэму вытв. сувязей. Больш выразны падзел працы, дыферэнцыяцыя вытв. працэсу на шэраг спецыялізаваных рамесных заняткаў садзейнічалі назапашванню вытв. ведаў, усталяванню новых, больш дасканалых і спецыялізаваных інструментаў, што з’яўлялася перадумовай вынаходства машын, У 19 ст. разам з ажыўленнем гандлёва-эканам. адносін прыкметна вызначылася геагр. спецыялізацыя с.-г. і саматужна-прамысл. вытв-сці. На Падняпроўі былі шырока развіты гарбарная, ганчарная, шкляная вытв-сці, лясныя і дрэваапр. промыслы. У Падзвінні важнае эканам. значэнне набылі вырошчванне лёну і яго апрацоўка, суднабудаванне, каменячосны і кавальскі промыслы, а з дрэваапрацоўкі — цяслярства. У Панямонні былі больш пашыраны вытв-сць сукна, харчовая, гарбарная вытв-сць, шавецкая і кравецкая справы. На Палессі важнае месца займалі здабыўныя промыслы (рыбалоўства, бортніцтва, збіральніцтва), а з рамесных — суднабудаванне, выраб бандарнага і плеценага посуду. Рэформа 1861 узмацніла сац. расслаенне, вызваліўшы частку прац. рэсурсаў для неземляробчых заняткаў. Прыкметна змянілася і структура Р., іх месца ў грамадскай вытв-сці. Развіццё буйной прам-сці абумовіла паступовае скарачэнне ткацтва, ганчарства, звузіліся маштабы вышыўкі, набойкі, крашаніны, апрацоўка ліпавай кары, выраб рагож і цыновак. Аднак некат. Р. да пач. 20 ст. пашырыліся, у іх ліку кравецкае, шавецкае, шапавальнае, аўчыннае, кавальскае, выраб шкла, цэглы, кафлі, а з дрэваапрацоўчых — сталярнае і цяслярнае. Змяніліся сац. характар Р. і промыслаў, іх сувязь з рынкам збыту, узаемаадносіны гар. і сельскага Р., Р. і буйной прам-сці. ПасляКастр. рэвалюцыі 1917 саматужна-рамесніцкая вытв-сць разглядалася як адна з форм пераходу да сацыяліст. прам-сці, што знаходзіла сваё ўвасабленне ў прамысл. кааперацыі.
У сферы грамадскай вытв-сці развіццё буйной прам-сці адцясніла Р. і промыслы на другараднае месца. Аднак яны не зніклі, эканамічна апраўданы як дапаможны промысел, як спецыялізаваная дзейнасць майстроў. Асваенне лепшых традыцый нар. Р. — адзін з важнейшых кірункаў у развіцці мясц. прам-сці. Нар. промыслы, пераасэнсаваныя і адроджаныя на новай арганізац.-прававой і тэхн. асновах, набываюць самаст. ролю як адзін з камерцыйна-эканам. рычагоў грамадскай вытв-сці, а таксама як састаўная частка бел.нац. культуры. З мэтай захавання і адраджэння традыцый бел. Р. створаны Саюз майстроў нар. творчасці (1992). Узоры нар. Р. шырока выкарыстоўваюцца ў розных відах прафесійнага нац. мастацтва.
В.С.Цітоў.
Да арт. Рамяство. Разьба па дрэве. Пляценне з саломы..
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАДЗЕ́ЙНАЕ ХАРЭАГРАФІ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА,
аматарская творчасць у галіне харэаграфічнага мастацтва (гл.Харэаграфія). Вядома ў многіх краінах свету. Вытокі бел. С.х.м. ў нар. абрадах і гульнях, карагодах. Да пач. 20 ст. развівалася ў рэчышчы муз. і тэатр. самадзейнасці. У 1900—20-я г.нар. танцы ў выкананні аматараў уключаліся ў праграмы беларускіх вечарынак, вял. значэнне мела дзейнасць Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, у канцэртных праграмах якой выконваліся многія нар. танцы. Найб. пашырылася з 1920-х г. з пачаткам сістэм. вывучэння і практычнага выкарыстання нац. харэагр. фальклору ў прафес. і аматарскіх калектывах. У рэпертуар танц. гурткоў уключаліся папулярныя ў народзе танцы, якія выконваліся ў іх фалькл. выглядзе. Паступова выпрацоўваліся метады і спосабы сцэн. інтэрпрэтацыі ўзораў харэагр. фальклору. У 1927 арганізаваны адзін з першых самадз. харэагр. калектываў — Ансамбль танца Мінскага клуба КІМ пад кіраўніцтвам К.Алексютовіча. У яго рэпертуары былі па-мастацку апрацаваныя, трансфармаваныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі сцэны танцы «Мяцеліца», «Таўкачыкі», «Юрачка», «Мікіта», «Лянок»; на аснове нар. песні створаны танец «Бульба», які набыў вял. папулярнасць у пастаноўцы І.Майсеева. У 1930-я г. створаны ансамбль песні і танца ў калгасе «Ленінскі шлях» Дзяржынскага р-на, танц. калектыў торфарцелі імя 16 партызан Пухавіцкага р-на, ансамбль песні і танца будаўнікоў Мінска і інш. У творчай практыцы калектываў бел. танец набыў больш яркую сцэн. форму. ПасляВял.Айч. вайны адноўлены раней створаныя самадз.танц. калектывы і ўзнікла шмат новых, сярод якіх пераважалі ансамблі танца і ансамблі песні і танца: з 1945 — нар. ансамбль танца «Крыжачок» БДУ; з 1954 — узорны ансамбль песні і танца «Прыбужжа» СШ №5 г. Брэста (засн. і маст. кіраўнік засл. настаўніца Беларусі В.Верамюк), з 1956 — нар. ансамбль танца «Вясёлка» Рэсп. Палаца культуры (ПК) прафсаюзаў (кіраўнік засл. работнік культ. Беларусі В.Ямінскі), з 1958 — узорныя ансамблі танца «Равеснік» Рэсп. ПК прафсаюзаў (з 1999 кіраўнік Т.Зубік) і «Лянок» прадпрыемства «Культсэрвіс» Мінскага трактарнага з-да (засн. Г.Чысцякова, з 1990-х г. кіраўнік І.Чысцякоў), з 1961 — узорны вак.-харэагр. ансамбль «Зорка» культурна-дзелавога цэнтра «КІМ» г. Віцебска (кіраўнік Н.Чарнюк). У 1960—80-я г. ўзніклі новыя самабытныя калектывы, выраслі іх масавасць і выканальніцкі ўзровень, іх цікавасць да нац. фальклору. Уклад у развіццё С.х.м. зрабілі нар. артысты Беларусі М.Бяльзацкая, А.Нікалаева, А.Рыбальчанка, А.Вараб’ёў, Я.Штоп, засл. артысты Беларусі М. і Р. Красоўскія, засл. дз. культ. Беларусі С.Грабеншчыкоў, М.Кіракозаў, Л.Ляшэнка, І.Серыкаў, М.Чысцякоў, В.Партной, Н.Залеўская, засл. работнікі культ. Беларусі Л.Барадулька, М.Лапша, І.Смірноў, Р.Чарахоўская, Ч.Клячко, а таксама Л.Тушынскі, З.Чарняўскі, А.Быковіч і інш. Лепшым дарослым і дзіцячым калектывам нададзены адпаведна найменні «народны» (з 1960) і «ўзорны» (з 1978) (гл.Народныя самадзейныя калектывы, Народныя хары, ансамблі, аркестры). У 1990-я г. ў самадз. мастацтва прыйшло шмат таленавітых балетмайстраў, пад кіраўніцтвам якіх створаны новыя калектывы з арыгінальным рэпертуарам: нар. ансамбль танца «Крупіца» Крупіцкага цэнтра культуры Мінскага р-на (з 1982; кіраўнік засл. работнік культуры Г.Чорны); нар.вак.-харэагр. ансамбль «Гомій» Гомельскага гар. цэнтра культуры (з 1982; кіраўнік засл. работнік культ. П.Свярдлоў); нар. харэагр. ансамбль «Рунь» Дома культуры (ДК) тэкстыльшчыкаў Магілёўскага прадпрыемства «Магатэкс»; нар. ансамбль танца «Белая Русь» Рэсп. цэнтра маст. творчасці навучэнцкай моладзі «Юнацтва» (з 1989; кіраўнік А.Карповіч; лаўрэат у 1997 I Міжнар. фестывалю харэаграфіі «Сожскі карагод»; у 1994, 1997, 2001 фестываляў нар. творчасці Мінска); нар. ансамбля танца «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў (з 1992; кіраўнік В.Жыльцоў); нар. ансамбль-майстэрня абрадавай творчасці «Спас» Мінскага вучылішча мастацтваў (з 1995; кіраўнік В.Ямпольскі; у 1999 лаўрэат II Міжнар. фестывалю харэаграфіі «Сожскі карагод») і інш.
У наш час С.х.м. — шматжанравая галіна маст. культуры. Яна ўключае ансамблі і студыі нар. класічнага, эстр., бальнага танца: калектывы сістэмы мін-ваў культуры, адукацыі, Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай. На 1.1.2001 у дзярж. установах культуры Беларусі налічваецца 2575 самадз. харэагр. калектываў, з іх 2044 дзіцячых, у т. л. па абласцях: у Брэсцкай 397 (з іх 333 дзіцячых), у Віцебскай 432 (з іх 354 дзіцячых), у Гомельскай 533 (з іх 346 дзіцячых), у Гродзенскай 279 (з іх 242 дзіцячых), у Магілёўскай 404 (з іх 321 дзіцячых), у Мінскай 539 (з іх 448 дзіцячых), сістэмы Федэрацыі прафсаюзаў — 68, сістэмы Мін-ва адукацыі — 32 калектывы. Адметная рыса творчай дзейнасці лепшых аматарскіх калектываў — выкарыстанне нац. харэагр. фальклору ў самых розных формах сцэн. інтэрпрэтацыі: ад традыц. ў жанры нар.-сцэн. танца да фольк-мадэрна. Плённае развіццё дзіцячай харэагр. самадзейнасці найперш звязана з масавым адкрыццём дзіцячых харэагр. школ і школ мастацтваў. Сярод лепшых дзіцячых калектываў узорны вак.-харэагр. ансамбль «Камарыкі» ПК вытв. аб’яднання «Нафтан» г. Наваполацк (з 1970; кіраўнік Клячко; у 1983 лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў); узорны ансамбль танца «Светлячок» ДК энергетыкаў г. Новалукомль (з 1977; кіраўнік Н.Тамашава; у 1998 лаўрэат міжнар. фестывалю маст. творчасці народаў СНД); узорны ансамбль танца «Лялечкі» Абухаўскага цэнтр. ДК Гродзенскага р-на (з 1978; кіраўнік Н.Урукіна); узорны ансамбль танца «Весялушкі» ДК чыгуначнікаў г. Орша (з 1981; кіраўнік І.Стамінская; у 1999 лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў); узорны ансамбль «Весялушка» Мінскай дзіцячай харэагр. школы (з 1981; кіраўнікі С. і І. Дарохіны; у 1995 лаўрэат Міжнар. фестывалю «Голас дзяцінства»); узорны ансамбль танца «Зубраня» ПК. «Аўтазаводзец» г. Мінск (з 1983; кіраўнік Я.Гутман; у 1994, 1997, 2001 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска «Сузор’е»); узорны ансамбль танца «Жавароначкі» ПК т-ва «Сукно» Мінска (з 1985; кіраўнік С.Аляксандраў; у 1994 лаўрэат фестывалю нар. творчасці Мінска); узорны ансамбль танца «Чабарок» мінскага Палаца дзяцей і моладзі (з 1987; кіраўнік Н.Дзягель; у 1994 і 1997 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска); узорны харэагр. ансамбль танца «Раўніца» СШ №2 г. Барысаў (кіраўнік А.Цюцюноў) і інш. Значных поспехаў дасягнулі ансамблі эстр. танца, у іх ліку «Гарэзлівыя агеньчыкі» Мінскага ПК і спорту чыгуначнікаў (з 1979; кіраўнік В.Буры; у 1997 і 2001 лаўрэат фестываляў нар. творчасці Мінска «Сузор’е»); ансамблі бальнага танца, у іх ліку ансамбль «Мара», прадпрыемства «Культсэрвіс» Мінскага трактарнага з-да (з 1966; кіраўнік засл. работнік культ. Беларусі Л.Лазарава; у 1994. 1997, 2001 лаўрэат фестываляў нар творчасці Мінска «Сузор’е»). Выяўленню самабытных калектываў і выканаўцаў, павышэнню маст. ўзроўню іх рэпертуару і выканальніцкага майстэрства, папулярызацыі танц. мастацтва садзейнічаюць фестывалі і конкурсы ў галіне харэагр. мастацтва, якія стымулююць развіццё існуючых і стварэнне новых калектываў розных жанраў: Міжнар. фестывалі харэаграфіі «Сожскі карагод» у Гомелі і сучаснай харэаграфіі «IFMC» у Віцебску; фестываль фальклору «Пінскі карагод»; абласны фестываль «Свята танца» ў Гродне; фестывалі дзіцячых і юнацкіх танц. калектываў «Танцуючы Фламінга» ў Гомелі і інш. Праводзяцца агляды самадз. харэагр. калектываў у рамках розных форумаў, прысвечаных нар. творчасці, у т. л. фестывалі нар. мастацтва Беларусі «Беларусь — мая песня», нар. творчасці «Сузор’е», студэнцкай маст. творчасці «Студэнцкая вясна» і інш. Харэагр. калектывы — актыўныя ўдзельнікі фестываляў фальклору за мяжой. Кадры кіраўнікоў харэагр. калектываў (балетмайстраў, педагогаў-харэографаў) рыхтуюць у Бел. ун-це культуры (кафедра харэаграфіі), у вучылішчах мастацтваў (аддзяленні харэаграфіі) у Мінску, Віцебску, Гродне, Гомелі, Пінску, Магілёве.
С.В.Гуткоўская, Ю.М.Чурко.
Да арт.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Народны ансамбль танца «Пінская шляхта» Пінскага вучылішча мастацтваў.Да арт.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Узорны ансамбль танца «Зубраня» Палаца культуры «Аўтазаводзец» г. Мінск.Да арт.Самадзейнае харэаграфічнае мастацтва. Народны ансамбль танца «Белая Русь» Рэспубліканскага цэнтра мастацкай творчасці навучэнцкай моладзі «Юнацтва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМА́ЛІ́ (Soomaaliya),
Самалійская Дэмакратычная Рэспубліка (Jamhuuriyadda Dimoqraadiga ee Soomaaliya), дзяржава на У Афрыкі. Мяжуе на ПнЗ з Джыбуці, на З з Эфіопіяй, на ПдЗ з Кеніяй. На Пн абмываецца Адэнскім зал., на У — Індыйскім акіянам. Пл. 627,7 тыс.км². Нас. 9,7 млн.чал. (2000). Дзярж. мовы — самалійская і арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Магадыша. Краіна падзяляецца на 18 абласцей. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Канстытуцыя 1960 ва ўмовах грамадз. вайны не выконваецца. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Заканад. орган — аднапалатны Нар. сход.
Прырода. Краіна займае большую ч. п-ва Самалі. У рэльефе пераважаюць ступеньчатыя плато (выш. 500—1500 м). На Пн асобныя горныя масівы, дзе ў масіве Суруд знаходзіцца г. Шымбірыс (2416 м). Карысныя выкапні: жал., уранавыя, ванадыевыя, тытанавыя, ніобіевыя, алавяныя руды, прыродны газ, соль і інш. Клімат субэкватарыяльны, сухі, на Пн трапічны. Сярэдняя т-ра ўсіх месяцаў 25—32 °C. Ападкаў ад 40 да 500 мм за год, выпадаюць пераважна ў крас.—чэрв., кастр.—снежні. Бываюць шматгадовыя засухі. Рэкі — часовыя вадацёкі (акрамя Джубы і Уэбі-Шабеле). Больш за 90% тэр. — пустыня і паўпустыня з рэдкімі травамі і калючымі хмызнякамі; у аазісах фінікавыя пальмы. Ёсць участкі саваннаў, па берагах рэк — галерэйныя лясы. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету — антылопы, зебры, буйвалы, жырафы; паўсюдна — грызуны, змеі, яшчаркі і інш. Рэзерваты — Уэбі-Шабеле, Страусавы і інш.
Насельніцтва. С. — этнічна аднародная краіна, самалійцы складаюць 98—99%, падзяляюцца на плямёны. Жывуць невял. групы суахілі, арабаў, італьянцаў, англічан. Сярэднегадавы прырост больш за 4% за год. Сярэдняя шчыльн. 15,5 чал. на 1 км², на Пд месцамі да 50 чал. на 1 км², на Пн у пустынях і паўпустынях — 1—2 чал. на 1 км². Каля 70% насельніцтва — качэўнікі і паўкачэўнікі. У гарадах 26% насельніцтва, найб. Магадыша (больш за 700 тыс.ж. з прыгарадамі, 2000), Кісмайо, Харгейса, Бербера, Марка. У сельскай гаспадарцы (пераважна пашавая жывёлагадоўля) заняты 71% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і сферы паслуг — 29%. У сувязі з грамадз. вайной каля 1 млн.чал. сталі бежанцамі, жывуць у лагерах, часткова на тэр. суседніх краін.
Гісторыя. Чалавек насяляе тэр. С. з часоў палеаліту. З 7 ст.н.э. С. ў зоне ўплыву араба-мусульм. цывілізацыі, паступова тут пашыраўся іслам. На ўзбярэжжы ўзніклі буйныя гарады Барбара (Бербера), Магадыша, Бараўэ (Брава), Марка і інш.Унутр. раёны насялялі шматлікія плямёны самалі, якія не мелі ўстойлівых дзярж. утварэнняў. З канца 15 ст. ў С. пранікалі партугальцы, якія падпарадкавалі прыбярэжныя гарады. У 17 ст. іх выгналі туркі, якія сталі кантраляваць гарады на Пн С ; Пд С. ўвайшоў у сферу ўплыву Амана. У выніку калан. экспансіі ў канцы 19 ст.тэр. рассялення самалійскіх плямён падзелена на некалькі частак: паўн. раёны адышлі да Вялікабрытаніі як пратэктарат Самалілэнд, паўд. і ўсх. — да Італіі як Італьян. С., зах. раёны (Агадэн) — да Эфіопіі. У 2-ю сусв. вайну Італьян. С. ў 1941 занята брыт. войскамі. У 1949 ААН перадала б.Італьян. С. пад апеку Італіі на 10 гадоў. 21.6.1960 абвешчана незалежнасць Самалілэнда, 1.7.1960 — Італьян. С.; у той жа дзень абое С. аб’яднаны ў адзіную Самалійскую Рэспубліку. Унутр. становішча дзяржавы было нестабільнае. Пасля забойства першага прэзідэнта А.А.Шэрмарка (1969) уладу захапілі ваенныя на чале з ген. М.С.Барэ, які ўзначаліў Вярх.рэв. савет; была абвешчана Самалійская Дэмакр. Рэспубліка. Урад Барэ абвясціў курс на пабудову сацыялізму: нацыяналізаваны банкі, буйныя прадпрыемствы, праведзены інш. захады сацыяліст. характару, наладжаны цесныя сувязі з СССР. Адзінай дазволенай партыяй стала створаная ў 1976 Самалійская рэв.сацыяліст. партыя на чале з Барэ. Вайна 1977—78 з Эфіопіяй за прав. Агадэн, у якой СССР падтрымаў Эфіопію, прывяла да разрыву з СССР і пераарыентацыі С. на ЗША.
Пагаршэнне эканам. становішча С. разам з абвастрэннем міжплемянных супярэчнасцей прывяло ў канцы 1980-х г. да ўзбр. выступленняў супраць рэжыму Барэ, які ў 1991 быў вымушаны пакінуць краіну. С. стала арэнай барацьбы ўзбр. груповак (Самалійскі нац. альянс, Самалійскі альянс выратавання і інш.) за ўладу. Некат. раёны (у прыватнасці, б. Самалілэнд) абвясцілі сябе незалежнымі дзяржавамі. У 1992—95 узбр. сілы ЗША і іх саюзнікаў па НАТО правялі ў С. пад эгідай ААН 2 спец. аперацыі з мэтай выратавання насельніцтва ад голаду і пошуку шляхоў унутрыпаліт. ўрэгулявання, якія мелі частковы поспех. У 2000 у Джыбуці праведзена канферэнцыя асн.паліт. сіл С., на якой створаны часовы парламент краіны; часовым прэзідэнтам С. выбраны А.С.Хасан. Аднак іх улада прызнаецца толькі на ч.тэр. краіны, аднаўленне дзярж. адзінства застаецца актуальным пытаннем. С. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963).
Гаспадарка. С. — адсталая аграрная краіна са слабаразвітой эканомікай. Шматгадовая грамадз. вайна выклікала заняпад гаспадаркі, памяншэнне пагалоўя жывёлы, скарачэнне пасяўных плошчаў і колькасці прадпрыемстваў, інфраструктура амаль цалкам разбурана. Штогадовы даход на 1 чал. каля 600 дол. (1999). Сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць каля 60% прыбыткаў краіны, прам-сць — каля 11%, сфера паслуг — 29%. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля. Пад пашай каля 400 тыс.км² — тэр. паўпустынь і саваннаў. У краіне каля 3—5 млн. вярблюдаў, 5 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, 13 млн. авечак, 12 млн. коз. Птушкагадоўля. Пад пасевамі с.-г. культур каля 1,2 млн.га, з іх 180 тыс.га арашаецца. Земляробчыя гаспадаркі памерам да 3 га, на арашальных землях — да 1 га; ёсць плантацыі экспартных культур. Асн. земляробчы раён на Пд, у далінах і міжрэччы рэк Джуба і Уэбі-Шабеле. Асн. культуры (збор у пач. 1990-х г.): сорга і проса (каля 240 тыс.т), кукуруза (каля 255 тыс.т), цукр. трыснёг (каля 310 тыс.т), рыс (каля 13 тыс.т), бананы (каля 125 тыс.т), бавоўнік, маніёк, батат, арахіс, кунжут, бабовыя. Трапічнае арашальнае садоўніцтва, на ўзбярэжжы гаі какосавых пальмаў. Рыбалоўства ў прыбярэжных водах (каля 15 тыс.т штогод). Каля 65% сусв. збору араматычных смол (камедзі, міры, ладану) з дзікарослых раслін. Паляўніцтва. Прам-сць развіта слаба. Есць каля 200 прадпрыемстваў апрацоўчай прам-сці, каля палавіны іх знаходзіцца ў Магадыша — нафтаперапр.з-д, харч., гарбарна-абутковыя, метала- і дрэваапр., суднабуд. і суднарамонтныя. Працуюць: цукр.з-д, мясакамбінаты, рыбакансервавыя і малочныя з-ды, тэкст., абутковыя і бавоўнаачышчальныя ф-кі. На Пн здабыча ніобіевых руд і кухоннай солі. Развіта саматужна-рамесніцкая вытв-сць (цэнтр — г. Кісмайо): ткацтва, разьба па дрэве, кераміка, пляценне, выраб скур і інш.Вытв-сць электраэнергіі 258 млн.кВт∙гадз (1996) на невял. цеплавых электрастанцыях. Транспарт пераважна аўтамаб. і марскі, ва ўнутр. раёнах — уючны. Даўж. аўтадарог 22,1 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 2,6 тыс.км. Гал. парты Бербера, Кісмайо і Магадыша. У краіне 61 аэрапорт, у т. л. 7 з цвёрдым пакрыццём лётнага поля. У 1995 экспарт склаў 123 млн. дал., імпарт — 60 млн.дол. У экспарце пераважаюць жывёла і прадукты жывёлагадоўлі (каля 88%), бананы (8%), рыба і рыбапрадукты; у імпарце — разнастайныя прамысл. і харч. тавары, нафта і нафтапрадукты. Гал.гандл. партнёры: Саудаўская Аравія, Йемен, Італія, Кенія, Джыбуці. Краіна штогод атрымлівае фін. і харч. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін (Саудаўскай Аравіі, Вялікабрытаніі, Італіі і інш.). Грашовая адзінка — самалійскі шылінг.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРЫНАЗНА́ЎСТВА,
комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае жыццё і дзейнасць Ф.Скарыны, яго творчую і духоўную спадчыну, асяроддзе, эпоху, публікацыю крыніц і крыніцазнаўчыя даследаванні. У шырокім сэнсе ў С. ўключаюцца таксама навук. і папулярныя публікацыі, маст. творы (літ. і выяўл. мастацтва, кінафільмы, тэатр. пастаноўкі, паштовыя маркі і г.д.), канферэнцыі, юбілейныя форумы, прысвечаныя Скарыне і яго пераемнікам, асэнсаванне яго ролі ў развіцці айч., еўрап. і сусв. культуры ад сярэдневякоўя да сучаснасці.
Першыя звесткі пра кнігі Скарыны занатаваны яшчэ пры яго жыцці (віленскі святар Мацвей, 1522; пратэстанцкі біскуп Прусіі П.Сператус, каля 1530; італьян. мовазнавец Т.А.Альбанезі, 1539, і інш.). Дзейнасць Скарыны прыцягвала ўвагу пісьменнікаў, палемістаў, гісторыкаў 16—17 ст. найперш з-за біблейскай тэматыкі, моўных, рэд., перакладчыцкіх і друкарскіх своеасаблівасцей яго выданняў. Ў часы Адраджэння, Рэфармацыі і пазней выданні Скарыны неадназначна ўспрымаліся паліт. і культ. дзеячамі (С.Будны, І.Фёдараў, А.Курбскі, Ш.Старавольскі), іерархамі розных канфесій, прадстаўнікамі поліэтнічнай інтэлігенцыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Звесткі італьян. публіцыста П.П.Вергерыя (Верджэрыо) пра «рус. Біблію», якую ён бачыў у Вільні ў 1550-я г., паўтораны Ж.Ле Лонгам (1709), І.-П. Колем (1729), Я.-Д.Гофманам (1740). У сярэдзіне 18 ст.ням. даследчык С.В.Рынгельтаўб адзначаў кнігі Скарыны толькі як адну з крыніц больш позніх пратэстанцкіх перакладаў Бібліі Буднага. Станаўленне рэтраспектыўнай бібліяграфіі ў Расіі ў канцы 18—пач. 19 ст. (пасля падзелаў Рэчы Паспалітай) паставіла пытанне пра пашырэнне гіст. і культуралагічных славяназнаўчых даследаванняў у новых этнатэрытарыяльных межах, што дало пазітыўныя вынікі і ў вывучэнні спадчыны Скарыны. У працах І.Р.Бакмейсцера, І.Г.Штрытэра, П.А.Аляксеева апісаны асобныя кнігі Скарыны, прыведзены фрагментарныя звесткі з яго біяграфіі, высвятляліся аспекты яго рэдакцыйна-перакладчыцкай дзейнасці ў параўнанні з маскоўскімі выданнямі і зах.-еўрап. традыцыямі. Чэшскі славіст і асветнік І.Добраўскі першы адзначыў, што кнігі Скарыны прызначаліся «простым русінам», а «літоўская мова яго выданняў значна адрознівалася ад традыцыйных царкоўнаславянскіх рукапісаў». Ён даказаў, што Скарына пры перакладзе Бібліі карыстаўся чэшскім перакладам Вульгаты, а яго Біблія друкавалася ў чэшскай, а не варшаўскай Празе. У сярэдзіне 19 ст.рас. мастацтвазнавец Дз.А.Равінскі адзначаў арыгінальнасць, высокі ўзровень і якаснае тэхн. выкананне фігурных гравюр у пражскай Бібліі, апісаў іх тэматыку. На яго думку, гравюры Скарыны не маюць аналагаў у еўрап. кнігадрукаванні. Ён высока ацаніў партрэт Скарыны, «падпісаны невядомым майстрам». Лічыў, што віленскае кнігадрукаванне не дасягнула ўзроўню пражскіх выданняў. У.В.Стасаў звярнуў увагу на маст. вартасць, дасканаласць і «тонкасць» віленскіх ініцыялаў і заставак. Гэтыя асаблівасці малых кніжак Скарыны (разам з вельмі добрым шрыфтам) робяць іх падобнымі да слав. «эльзевіраў». Стасаў выказаў меркаванне, што ў пражскай друкарні Скарыны працавала некалькі гравёраў, у т. л. «славянскага племені», што ў гравюрах «адчуваецца славянскі тып твару і адзення». На думку археографа А.Я.Віктарава, пражскі Псалтыр 1517 найб. адпавядаў рэліг. і кніжна-асветніцкім патрэбам «рускага» насельніцтва. Ён крытыкаваў сцвярджэнні некат. даследчыкаў (Я.Ф.Галавацкага, В.Копітара) адносна каталіцкіх або рэфармацыйных поглядаў Скарыны. Найб. грунтоўна наяўныя на той час выданні Скарыны апісаў В.С.Сопікаў. Поўнае і разгорнутае апісанне ўсіх вядомых пражскіх і віленскіх выданняў Скарыны зрабіў І.П.Каратаеў у бібліягр. працах 1878 і 1883. Больш плённы перыяд у С. пачаўся з выхадам у свет доктарскай дысертацыі славіста П.У.Уладзімірава «Доктар Францыск Скарына: Яго пераклады, друкаваныя выданні і мова» (1888), якая адкрывалася гістарыяграфічным даследаваннем. Дзейнасць Скарыны ён разгледзеў на фоне «маральна-рэлігійнага і духоўнага» жыцця ВКЛ і падкрэсліў важную яго ролю ў стварэнні духоўных перадумоў для культ. і грамадска-паліт. актыўнасці мяшчанства, для пашырэння кантактаў з краінамі Цэнтр. і Зах. Еўропы, для эвалюцыі кніжнага пісьменства, пранікнення нар. мовы ў л-ру. Па дакумент. крыніцах ён узнавіў жыццёвы шлях Скарыны, адзначыў яго «заходнярускае» паходжанне, сувязі з родным Полацкам, спрабаваў звязаць дзейнасць Скарыны з культ. развіццём «заходнярускіх» зямель канца 15 — пач. 16 ст., прааналізаваў амаль усе вядомыя на той час спісы выданняў Скарыны, асабліва рэдкія рукапісы, якія, магчыма, данеслі да нас тэксты нявыдадзеных або страчаных кніг Скарыны. Значная частка Гэтай працы прысвечана характарыстыцы мовы скарынаўскіх перакладаў, друкарскіх і маст. асаблівасцей выданняў. На яго думку, «руская» (беларуская) мова Скарыны найб. выразна адчуваецца ў пражскіх кнігах. Праблему мовы Скарыны «ўзору беларускай гутаркі пачатку 16 ст». першы навукова паставіў Ф.Буслаеў. Падобнай думкі прытрымліваліся А.Аганоўскі, Уладзіміраў, М.Мурко, М.Драгаманаў, чэшскі філолаг І.Первольф, польскія вучоныя С.Ліндэ, М.Вішнеўскі, А.Брукнер, Л.Васілеўскі. За разнавіднасць польскай выдавалі мову Скарыны П.Кепен, В.Бадзянскі, Галавацкі. З поглядамі пра «рускі» (беларускі) характар скарынавых твораў не пагаджаўся А.Сабалеўскі, які лічыў яе царкоўнаславянскай. Значны ўклад у С. зрабіў Я.Ф.Карскі, які разгледзеў дзейнасць Скарыны на агульным фоне развіцця бел. культуры, мовы, асветніцтва. На мяжы 19—20 ст. і пазней у т.зв. нашаніўскі перыяд пачынаецца ўласна бел. С.: публікацыі А.Кіркора, М.Доўнар-Запольскага, А.Ельскага, А.Сапунова, І.Луцкевіча, А.Луцкевіча, В.Ластоўскага, Л.Гмырака, Р.Зямкевіча, пасля М.Гарэцкага, У.Ігнатоўскага, М.Янчука, М.Шчакаціхіна і інш. У 1921 выйшла філасофска-публіцыст. эсэ І.Абдзіраловіча (І.Канчэўскага) «Адвечным шляхам», у якім нац.-асветніцкі ідэал Скарыны прадстаўлены ўзорнай дамінантай на гіст.-цывілізацыйным шляху самабытна-творчага самасцвярджэння бел. супольнасці пры яе неадназначным геапаліт. становішчы паміж візант. Усходам і рыма-каталіцкім Захадам. У 1925 у Вільні выйшаў навук.-папулярны нарыс А.Станкевіча «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі», у 1926 у Коўне — манаграфія Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі». На думку Ластоўскага, выдавецкую дзейнасць Скарыны падтрымлівалі віленскае і полацкае купецтва, кнігі друкаваліся «па магчымасці на зразумелай народу мове», усталёўвалі «жыццёвую мудрасць» — ідэі патрыятызму, маральнага ўдасканалення, спрыялі развіццю свецкіх навук. На яго думку, процідзеянне Скарыне аказвала правасл. і каталіцкае духавенства, што ў значнай меры паслужыла і прычынай спынення яго друкарскай дзейнасці.
Усе манаграмы і крыптанімы ў пражскіх і віленскіх выданнях Скарыны даследчык прыпісваў мясц. майстрам«русінам». З нагоды 400-гадовага юбілею віленскіх выданняў Скарыны ў 1926 у Мінску выдадзены навук.зб. артыкулаў бел. даследчыкаў «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (аўтары І.Воўк-Левановіч, В.Дружчыц, М.Любаўскі, У.Перцаў, У.Пічэта, М.Піятуховіч, Шчакаціхін, Дз.Ягораў, А.Ясінскі). Гал. яго тэмы: умовы развіцця ВКЛ, Чэхіі, Італіі і гісторыя бел. кірылічнага кнігадрукавання ў 16—17 ст., Адраджэнне на Беларусі, літ. дзейнасць і мова выданняў Скарыны. Навук. узроўнем вылучаліся артыкулы Пічэты «Скарыніяна» і Шчакаціхіна «Гравюры і кніжныя аздобы ў выданнях Францыска Скарыны», дзе ўпершыню сістэматызаваны мастацка-стылявыя рысы 45 гравюр з выданняў Скарыны. Шчакаціхін паставіў таксама пытанне пра дату выхаду «Малой падарожнай кніжкі». На яго погляд, яна надрукавана ў Вільні каля 1530. М.В.Доўнар-Запольскі працэс станаўлення бел. кнігадрукавання разглядаў у непарыўнай сувязі з «вял. гаспадарчай перабудовай» як у Зах. свеце, так і ў Літоўска-Беларускай дзяржаве. Пічэта, разглядаючы творчасць Скарыны як з’яву рэнесансавай культуры, упершыню ў навук. плане паставіў пытанне пра бел. Адраджэнне. У канцы 1920-х — 1930-я г.навук. даследаванне творчасці Скарыны амаль поўнасцю спынілася.
У 1958 М.А.Алексютовіч у манаграфіі «Скарына, яго дзейнасць і светапогляд» разгледзеў асн. праблемы сац.-эканам. і культ. развіцця Беларусі ў 1-й пал. 16 ст., жыццё і дзейнасць Скарыны, яго сац. і культ.-асветныя, гуманістычныя погляды, уплыў яго творчай спадчыны на развіццё ўсх.-слав. пісьменства. У пач. 1960-х г. у сувязі з 400-годдзем рус. кнігадрукавання да вывучэння «пражскага ўрока» звярнуўся рас. мастацтвазнавец А.А.Сідараў. Літоўскі гісторык Л.І.Уладзіміраў лічыў, што фарміраванне бел. кнігадрукавання абумоўлена развіццём духоўнай культуры ВКЛ, патрэбамі мяшчан, шляхты, дзярж. органаў, каталіцкай і правасл. царквы. Ён выказаў гіпатэтычнае меркаванне, што папярэднікам Скарыны быў малавядомы лонданскі кнігавыдавец канца 15 ст. Дж.Літвін. Бел.літ.-знавец А.Ф.Коршунаў у 1969 выдаў прадмовы і пасляслоўі Скарыны (перавыдадзена з дапаўненнямі ў 1990), мастацтвазнавец Л.Баразна падрыхтаваў альбом гравюр Скарыны з гіст.-мастацтвазнаўчым экскурсам (1972, 2-е выд. 1990). Праблемы маст. афармлення кніг Скарыны ў рэчышчы еўрап. і ўласна бел. традыцый узняты ў манаграфіях бел. мастацтвазнаўца В.Ф.Шматава «Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст.» (1984) і «Мастацтва кнігі Францыска Скарыны» (1990). Ён прапанаваў новую маст.-стылістычную класіфікацыю пражскіх гравюр і інш. кампанентаў афармлення выданняў Скарыны (ініцыялы, застаўкі, канцоўкі, наборны арнамент, паліграф. арганізацыя тэксту); абгрунтаваў іх маст. асаблівасці ў параўнанні з зах.-еўрап. і ўласна бел.выяўл. традыцыямі. У шматлікіх публікацыях прааналізаваны тыпалагічныя асаблівасці выданняў Скарыны, іх тыпаграфіка, гіст. лёс, этапы развіцця С. Кнігазнаўчае апісанне большасці кніг Скарыны з асвятленнем іх паходжання, уладальнікаў, маргінальных запісаў і інш. далі Я.Л.Неміроўскі, В.І.Лук’яненка, Ю.А.Лабынцаў, І.В.Паздзеева, Г.Я.Галенчанка. Апісанне ўсіх пражскіх экзэмпляраў (без пазней знойдзенага канвалюта, набытага Лонданскай б-кай імя Скарыны) з поўным падборам факсімільных рэпрадукцый гравюр і арнаментыкі змешчана ў 8-томным апісанні кірылічных выданняў, падрыхтаванага Неміроўскім у рамках агульнаеўрап. праекта даследавання слав. кірылічнай кнігі («Зводны каталог старадрукаў кірылаўскага шрыфту». Бадэн-Бадэн, 1998. Т.З). Выданні Скарыны ў рэтраспектыве ўсяго бел. кірылічнага кнігадрукавання 16—18 ст. апісаў Галенчанка ў зводным каталогу «Кніга Беларусі, 1517—1917» (1986). У 1990—91 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» апубл. выданне факсімільнага тыпу, куды ўвайшла пражская Біблія Скарыны 1517—19 (складанне і навук. падрыхтоўка Галенчанкі, прадмова А.Л.Петрашкевіча). «Слоўнік мовы Скарыны (т. 1—3, 1977—94) выдаў У.В.Анічэнка. У 1991 фрагменты «Малой падарожнай кніжкі» апубл. Лабынцаў у выданні «Зерцало жития...»: З літаратурнай спадчыны Францыска Скарыны», У.Г.Кароткі — «Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Скарыны». Вынікі шматгадовых даследаванняў падсумаваны ў працы Неміроўскага «Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць беларускага асветніка» (1990). У манаграфіі Галенчанкі «Францыск Скарына — беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар» (1993) асн. ўвага звернута на асвятленне грамадска-паліт. і культ. фактараў узнікнення бел. кнігадрукавання, выяўленне этнасац. і дзярж.-геагр. арэала пашырэння яго кніг, уздзеянне творчай спадчыны Скарыны на выдавецкую дзейнасць яго пераемнікаў (Буднага, В.Цяпінскага, брацкіх кнігавыдаўцоў і інш). Паглыблены прафесіяналізм, дыферэнцыяцыя і рознабаковасць прац па С. 1960—90-х г. сведчылі пра фарміраванне адпаведных гіст.-культ., лінгвістычна-філас., літ.-знаўчай, кнігазнаўчай, гіст.-маст. школ ці тэматычных кірункаў. Агульны гіст. фон, філас., грамадска-паліт., этычныя, эстэтычныя погляды Скарыны, рэнесансава-гуманістычныя, дэмакр. тэндэнцыі ў яго творчасці разгледжаны ў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1, 1968). Дзейнасць Скарыны на фоне паліт., сац.-эканам. і культ. развіцця ВКЛ, яе міжнар. аспекты даследаваны ў зб. «Скарына і яго эпоха» (1990), у публікацыях В.К.Зайцава, В.У.Чапко, А.П.Грыцкевіча, У.М.Конана, С.А.Падокшына. Падокшын у манаграфіі «Францыск Скарына» (1981) даследаваў гнасеалагічныя, анталагічныя, сац.-паліт., эстэтычныя погляды Скарыны, падкрэсліў некананічнасць яго біблейскіх перакладаў. Філасофскія, этычныя, грамадска-паліт. погляды Скарыны і яго паслядоўнікаў разгледжаны ў манаграфіях Падокшына «Скарына і Будны: Нарыс філасофскіх поглядаў» (1974) і «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага» (1990). Літ., перакладчыцкай і пісьменніцкай дзейнасці Скарыны з выкарыстаннем новых матэрыялаў прысвечаны даследаванні Лабынцава «Пачатае Скарынам» (1990) і «Зерцало жития...», працы В.А.Чамярыцкага, А.В.Мальдзіса, М.М.Грынчыка, А.А.Лойкі. Значэнне скарынаўскіх ідэй і яго творчасці ў новай бел. л-ры канца 19 — пач. 20 ст. раскрыта ў кн. А.К.Каўкі «Тут мой народ» (1989). Своеасабліва інтэрпрэтуе спадчыну Скарыны ў рэчышчы ўсх.слав. Адраджэння А.А.Яскевіч у кн. «Творы Ф.Скарыны: Жанравая структура. Філасофскія погляды. Мастацтва слова» (1995). Моўнае наватарства, бел. і кніжнаслав. рысы тэкстаў і перакладаў Скарыны і яго паслядоўнікаў характарызуюцца ў працы А.І.Жураўскага «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (т. 1. 1967), калектыўнай працы А.М.Булыкі. Жураўскага. У.М.Свяжынскага «Мова выданняў Францыска Скарыны» (1990), у даследаваннях Анічэнкі, А.Я.Баханькова, А.А.Парукава, Л.М.Шакуна і інш. Творчасць Скарыны як пачынальніка арыгінальнага бел. вершаскладання, яго гімнаграфічныя творы даследуюцца ў працах В.Тумаша, А.А.Турылава, Грынчыка, Яскевіч, у манаграфіі І.В.Саверчанкі «Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст.» (1992), кн. Лойкі «Старабеларуская літаратура» (2001). Свае падыходы да біяграфіі і творчасці Скарыны выклаў У.У.Агіевіч у працы «Сімволіка гравюры Скарыны» (1999). Новы ўзровень С. ў канцы 1980—90-х г. звязаны з дзейнасцю АН Беларусі, дзе распрацоўвалася юбілейная праграма скарыназнаўчых даследаванняў, а таксама выд-ваў «Навука і тэхніка» (з 1996 «Беларуская навука») і «Беларуская Энцыклапедыя». У 1991 створаны Навукова-асветны цэнтр імя Скарыны, які таксама распачаў даследаванні па С. Распрацоўкай праблем С., выяўленнем новых крыніц займаліся бел., рас., укр. даследчыкі: В.І.Дарашкевіч, В.Н.Дышыневіч, Я.Дз.Ісаевіч, Г.П.Лебедзеў, А.С.Мыльнікаў, М.В.Нікалаеў, В.Р.Пуцко, Шакун, С.Шупа і інш.Вял. матэрыял абагульнены і сістэматызаваны ў фундаментальным юбілейным энцыклапедычным даведніку «Францыск Скарына і яго час» (1988).
Да 500-годдзя з дня нараджэння Скарыны выдадзены навук.-тэматычныя зб-кі і навук.-папулярныя і літ. творы У.А.Калесніка, Каўкі, Лойкі, А.К.Клышкі, Петрашкевіча і інш. Для замежных чытачоў па заказе ЮНЕСКА Галенчанка, Чамярыцкі і Шматаў апубл. ў Парыжы навук.-папулярную кн. «Францыск Скарына» (у 1979 на франц., у 1980 на англ. мовах). Паводле пастановы ЮНЕСКА 1990 год быў аб’яўлены годам Скарыны. Скарынаўскія чытанні і навук. канферэнцыі прайшлі ў Мінску, Гомелі, Варшаве, Празе, Вільнюсе, Маскве, Лондане, Падуі (1986—92). Важкі ўклад у С. (пераважна ў даследаванне крыніцазнаўчых аспектаў выдавецкай дзейнасці і творчасці Скарыны і яго біяграфіі) замежных гісторыкаў, мастацтвазнаўцаў, філолагаў (Ю.Віцьбіч, Л.Гарошка, Р.Жук-Грышкевіч, Я.Запруднік, А.Калубовіч, В.Пануцэвіч, Я.Пятроўскі, В.Кіпель, С.Станкевіч, Я.Станкевіч, П.Татарыновіч, П.Урбан і інш.). Адным з цэнтраў славяназнаўчых даследаванняў у 1920—30-я г. была Прага. У 1926 у Пражскім ун-це абараніў дысертацыю «Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве» І.С.Дварчанін. Гэта было 1-е ў бел.літ.-знаўстве даследаванне пра Скарыну, яго светапогляд, культ.-гуманіст. і патрыят. дзейнасць (у пер. на бел. мову апубл. ў 1991). Этапнымі ў С. былі публікацыі рус. гісторыка-славіста, выкладчыка Карлава ун-та ў Празе, А.Ф.Флароўскага, які даследаваў пытанні, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Скарыны ў Чэхіі. У артыкулах і ў яго манаграфіі «Чэшская біблія ў гісторыі рускай культуры і пісьменнасці: Францыск Скарына і прадаўжальнікі яго справы» (1940—46) прыведзены невядомыя раней факты з біяграфіі Скарыны. На думку даследчыка, Скарына заснаваў сваю друкарню ў Празе, дзе быў высокі ўзровень кнігадрукавання і меліся сувязі з ням. і італьян. выд-вамі. Ён прааналізаваў суадносіны чэшскай Бібліі 1506 і Бібліі Скарыны, высвятляў уздзеянне творчасці Скарыны на бел., рус. і ўкр. рукапісную кніжнасць 16—17 ст. Традыцыі чэшскага С. працягваюць П.Р.Покарні, Ф.Сокалава і інш. Цікавасць у гіст.-параўнальным і бібліягр. аспектах мае шматтомнае выданне «Друкары старажытнай Польшчы XV—XVIII ст.», 5-ы выпуск якога прысвечаны ВКЛ (1959). Дзейнасць Скарыны асвятляецца ў абагульняльных працах польскай даследчыцы М.Б.Тапольскай па гісторыі кніжнай культуры ВКЛ. Супрацоўнік Нац. музея ў Варшаве В.Дэлюга выявіў сувязі некат. пражскіх гравюр Скарыны з папярэднімі чэшскімі, ням., пражскімі друкаванымі яўр. выданнямі 15 — пач. 16 ст. Асобныя пытанні С. з акад. пазіцый рэгулярна асвятляліся ў лонданскім час. «The Journal of Byelorussian Studies» («Часопіс беларускіх даследаванняў»), у час. «Запісы» Бел. ін-та навукі і мастацтва ў ЗША. Большую ч. 5-й юбілейнай кн. «Запісаў» (1970), якую падрыхтаваў Тумаш (Сымон Брага) складае храналагічна-бібліягр. агляд прац пра Скарыну. Ён аўтар артыкулаў «Геаграфічная лакалізацыя жыццяпісу доктара Скарыны», «Пытанне імя доктара Скарыны», «Канфіската ў Вроцлаве кнігаў Бібліі Скарыны», «Кнігі Скарыны на захадзе Еўропы ў пару ягонную й сёння». У артыкуле, прысвечаным «Малой падарожнай кніжцы» («Запісы». 1978. Кн. 16), ён даказаў, што 2 дрэварыты нюрнбергскай друкарні канца 15 ст. выкарыстоўваліся Скарынаю ў Вільні. Унікальны дацкі экзэмпляр «Малой падарожнай кніжкі» з захаванай пасхаліяй у 1971 апісаў А.Надсон, што дазволіла датаваць яе 1522 ці 1523. У манаграфіі бел. віленскага даследчыка Х.Ільяшэвіча «Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1575—1622)» (1938) зроблена спроба высветліць выключную ролю сталіцы ВКЛ у пашырэнні друкарскай справы на «ўсходзе», уплыў дзейнасці Скарыны на станаўленне бел., рус. і ўкр. кнігадрукавання ў 16—18 ст. Змястоўныя зб-кі прац вільнюскіх навук. канферэнцый, прысвечаных Скарыне, апубл. ў 1979, 1987, 1991.
Этапы паслядоўнага развіцця С. ў сінт. форме адлюстраваны ў спец. абагульняльных працах — «Скарыніянах». Аўтарам 1-й «Скарыніяны», прызначанай для выдання «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926) быў Пічэта. У яго аглядзе ўлічаны асн. выданні актаў (акрамя М.Круповіча), бібліягр. апісанні Бакмейсцера, Штрытэра, Аляксеева, Сопікава, Каратаева, П.М.Строева, прааналізаваны біягр. звесткі, выдавецкая, літ., перакладчыцкая дзейнасць, маст. асаблівасці выданняў, грамадскія погляды, уплыў спадчыны Скарыны на яго паслядоўнікаў, развіццё бел. і ўсх.-слав. культуры. З 1926 і да сярэдзіны 1960-х г. С. даследаваў А.В.Флароўскі, у т. л. ў яго фундаментальнай працы «Чэшская біблія ў гісторыі рускай культуры і пісьменнасці» і новых матэрыялах пра Скарыну (дакументы 2-га пражскага перыяду і інш.). Гістарыяграфічныя працы Пічэты і Флароўскага значна дапоўнены даследаваннямі М.Б.Батвінніка, Дышыневіч, Каўкі, У.М.Казберука. Замежнае С. канца 1940—70-х г. разгледжана ў публікацыі Я.Садоўскага «Скарыназнаўства на Захадзе пасля другой сусветнай вайны» (1983). Пазнейшыя агляды С. рабілі Неміроўскі, Галенчанка, аўтары артыкулаў у пражскім зб. «Францыск Скарына ў працах чэшскіх славістаў» (1992). Нямала каштоўных гістарыяграфічных аглядаў, рэцэнзій апубл. ў перыяд. выданнях, матэрыялах Скарынаўскіх чытанняў, зб-ках «Беларусіка», «Скарыніч», «Шляхам гадоў» і інш.
Сістэматызацыі даследаванняў па С. спрыялі рэтраспектыўныя бібліягр. паказальнікі галіновай і бягучай бібліяграфіі. 2 рэтраспектыўныя паказальнікі склаў Тумаш (1970, 1989), па аналагічнай схеме — Неміроўскі (1978); найб. поўны паказальнік да юбілею Скарыны склалі Неміроўскі і Л.А.Осіпчык (1990). Гісторыя біягр. і кнігазнаўчага вывучэння выданняў Скарыны адлюстравана ў тэматычна-храналагічным паказальніку Галенчанкі (1993).
Асобны раздзел С. стварае публікацыя і вывучэнне дакументальных крыніц, гіст. дакументаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю Скарыны. Звесткі пра дакументальныя матэрыялы сустракаюцца ва ўсіх аглядах С. (працы Уладзімірава, Пічэты, Флароўскага, Алексютовіча і інш.). Большасць актаў апубл. ў даследаваннях або розных зб-ках і перыяд. выданнях. Агульны іх спіс з тлумачэннямі змешчаны ў 5-й кнізе «Запісаў» (1970). Дарашкевіч падрыхтаваў 1-е зводнае выданне дакументаў і матэрыялаў «Францыск Скарына: Зборнік дакументаў і матэрыялаў» (1988, уключана 55 актаў і вытрымак з дакументаў).
Матрыкуляцыйны спіс Кракаўскага ун-та 1504 выявіў С.Пташыцкі, прамацыйны акт 1506 (пра экзамены на вучоную ступень бакалаўра філасофіі) — А.С.Петрушэвіч, экзаменацыйныя запісы Падуанскага ун-та 1512 (пра наданне ступені ў «лекарскіх науках» доктара) — С.Віндакевіч, пратакол падуанскай курыі 9.11.1512 — Садоўскі. Некалькі дакументаў, звязаных са знаходжаннем Скарыны ў 1530 у Кёнігсбергу абнародаваны А.І.Мілавідавым. Шэраг дакументаў пражскага перыяду дзейнасці Скарыны выявіў Флароўскі.
Матэрыялы судовых працэсаў па маёмасных справах 1520 — сярэдзіны 1530-х г., у т. л., віленскія і полацкія акты 1529 і 1535, увёў ва ўжытак Уладзіміраў, пазнанскія — М.Вайцяхоўская і Дарашкевіч; 2 каралеўскія прывілеі Скарыну — Круповіч. Значную колькасць дакументаў, што, на думку даследчыкаў, датычацца Скарыны, але не ўпамінаюць яго імя, у іх ліку імянны склад віленскай рады, каралеўскі прывілей 1532, прадстаўлены ў пазнанскі магістрат Скарынай, адшукаў Галенчанка. Найб. значныя поспехі С. ў біяграфічных, кнігазнаўчых, літ.-знаўчых і мовазнаўчых даследаваннях, у вывучэнні светапогляду Скарыны.
Літ.:
Ботвинник М.Б. Изучение жизни и деятельности Франциска Скорины в БССР // Белорусский просветитель Франциск Скорина и начало книгопечатания в Белоруссии и Литве. М., 1979;
Яго ж. Историография изучения «Малой подорожной книжки» и «Апостола» Ф.Скорины // Франциск Скорина — белорусский гуманист, просветитель, первопечатник. Мн., 1989;
Яго ж. Вывучэнне жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны ў ЗША // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1990. № 4—5;
Яго ж. Навука і невуцтва: Скарыназнаўства ў Акадэміі навук БССР і ў Польшчы (1928—1941) // Полымя. 2000. №12;
Дышиневич В.Н. Скориноведение: некоторые вопросы историогр. и библиогр. // Книга в Белоруссии: Книговедение, источники, библиогр. Мн., 1983. Вып. 2;
Чамярыцкі В.А. Скарыназнаўства на сучасным этапе // Славяне: адзінства і мнагастайнасць. Вып. 3. Гуманізм і асветніцтва ў славянскіх культурах. Мн., 1990;
Франциск Скорина в белорусском советском обществоведении. Мн., 1987;
Неміроўскі Я.Л. Скарыназнаўства // Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед Мн., 1988;
Каўка А.К. Беларускае скарыназнаўства ў 20-я гг. XX ст. // Кніжная культура Беларусі. Мн., 1991;
Шматаў В. Нататкі мастацтвазнаўчай Скарыніяны // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 1;
Сокалава Ф. Вывучэнне жыцця і дзейнасці Ф.Скарыны чэшскімі даследчыкамі: Пер. з чэш. // Беларусіка=Albaruthenica. Мн., 1993. Кн. 1;
Галенчанка Г. Праблемныя дакументы Скарыніяны ў кантэксце рэальнай крытыкі // Там жа. Мн., 1998. Кн. 9;
Шалькевич В.Ф. Скорина и скориниана. Мн., 2001;
Тумаш В. Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI — XX: [Бібліягр.]. Нью-Ёрк, 1989;
Открытие Скорины: Библиогр. указ. книговедческих и библиогр. описаний изд. Ф.Скорины, его книг, представленных в собраниях XVI — XX вв., обзоров Скоринианы / Сост. Г.Я.Голенченко. Мн., 1989;
Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. літ. [1539—1989] / Склад. Я.Л.Неміроўскі, Л.А.Осіпчык. Мн., 1990;
Францыск Скарына: Жыццё і дзейнасць: Паказ. літ.: Дад за 1530—1988 гг., 1989—1993 гг. / Склад. В.Грышкевіч. Л.Юрэвіч. Мн., 1995;
Sadoŭski J. Sludies on doktor Francis Skaryna in the West since World War II // Запісы Бел. ін-та навукі і мастацтва. 1983. Кн. 17;
Francisco Skoryna v díle českych slavistu. Praha, 1992;
Nemirowskij E. Die Prager Druckerei von Francisk Skorina (1517—1519) // Gesamtkatalog der Frühdruck in kyrilisclier Sclirift. Baden-Baden, 1998. Bd. 3. Гл. таксама да арт.Скарына Ф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВА́КІЯ (Slovensko),
Славацкая Рэспубліка (Slovenská republika), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на З з Аўстрыяй, на ПнЗ з Чэхіяй, на Пн з Польшчай, на У з Украінай, на Пд з Венгрыяй. Пл. 49 тыс.км². Нас. 5408 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — славацкая. Сталіца — г.Браціслава. Падзяляецца на 8 краёў. Нац. свята — Дзень утварэння Славацкай Рэспублікі (1 студзеня).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць Нац. савету (аднапалатны парламент, выбіраецца насельніцтвам на 4 гады). Вышэйшы выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.
Прырода. Амаль усю краіну займаюць горныя хрыбты Заходніх Карпат, што падзяляюцца на асобныя масівы. Пераважаюць сярэдневышынныя горы, у цэнтр. частцы каля мяжы з Польшчай — высака- і сярэднягорны масіў Татры (найб.выш. 2655 м, г. Герлахаўскі-Шціт). Нізіны і раўніны — ускраіны Сярэднедунайскай раўніны, займаюць невял. плошчы на ПдЗ і ПдУ. Карысныя выкапні: руды жалеза, марганцу, поліметалічныя, радовішчы сурмы, магнезіту; ёсць буры вугаль і лігніт. Клімат умерана кантынентальны. На раўнінах сярэдняя т-растудз. каля -2 °C, ліп. 19—21 °C. Ападкаў 500—700 мм за год, у гарах да 1000 мм. Рэкі горныя, належаць да бас.р. Дунай (цячэ на ПдЗ). Горныя лясы займаюць каля 35%. На паўд. схілах пераважаюць шыракалістыя (дуб, бук) і мяшаныя, на паўн. — хвойныя (елка, піхта). Даліны і раўніны асвоены. У гарах трапляюцца буры мядзведзь, воўк, рысь, казуля, дзік; шмат птушак. У С. 5 нац. паркаў агульнай пл. 2051 км², 13 запаведнікаў агульнай пл. 6338 км². На мяжы з Венгрыяй сумесны запаведнік з пячорамі Агтэлека і Славацкага Краса ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Насельніцтва. Славакі складаюць 85,8%. Жывуць таксама венгры (9,7%, пераважна на Пд), цыганы (1,7%), чэхі (0,8%), украінцы, румыны і інш. Вернікі католікі (82%), евангелісты (8,2%), грэка-католікі (4,9%), прыхільнікі рэфармацкай хрысц. царквы (2,4%) і інш. Сярэдняя шчыльн. 110,4 чал. на 1 км², найб. (да 200—300 чал. на 1 км²) на раўнінах і ў міжгорных далінах, найменшая (каля 10—20 чал. на 1 км²) у гарах. Натуральны прырост блізкі да нулявога. У гарадах жыве 57% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1999): Браціслава — 450, Кошыцы — 236; у гарадах Банска-Бістрыца, Жыліна, Нітра, Прэшаў, Трнава прыкладна па 100 тыс.ж. У прам-сці і буд-ве занята 34,6% эканамічна актыўнага насельніцтва, у гандлі — 14,2%, у сельскай гаспадарцы — 9,7%, у сферы паслуг і кіраванні — 41,5%.
Гісторыя. Тэр. С. заселена з часоў сярэдняга палеаліту. Тут жылі кельты, якіх у 1 ст.н.э. выцеснілі германцы. У час Вялікага перасялення народаў землі С. каля 5—6 ст. каланізаваны славянамі (этнонім «славені»). Яе паўд. раёны ўваходзілі ў склад дзяржавы Сама. Першым паліт. аб’яднаннем на тэр. С. ў пач. 9 ст. было Нітранскае княства ў далінах рэк Ваг і Нітра. Каля 833 яно далучана да Мараўскага княства і ўвайшло ў склад Вялікамараўскай дзяржавы. З пач. 9 ст. ў С. праз ням. місіянераў пашыралася хрысціянства, г Нітра стаў цэнтрам епіскапства. З 863 у Вял. Маравіі ажыццяўлялася рэліг.-асв. дзейнасць Кірылы і Мяфодзія, якія пашыралі слав. пісьменнасць і богаслужэнне на слав. мове. Аднак у выніку інтрыг ням. духавенства і палітыкі рым. папства развіццё слав. культуры ў С. было перапынена і ўмацаваліся пазіцыі лацінамоўнай рым.-каталіцкай царквы. У 11 ст. С. ўключана ў Венг. каралеўства, што перапыніла працэс утварэння славацкай народнасці і прывяло да частковай мадзьярызацыі, асабліва феад. вярхоў. Паўд. і зах. раёны С. (т.зв. Верхняй Венгрыі) найб. развіваліся ў Венг. каралеўстве. У 12—13 ст. тут фарміравалася феад. і царк. землеўладанне, адносіны залежнасці вольнага сялянства ад феадалаў; хутка раслі гарады (Трнава, Банска-Бістрыца, Трэнчын, Браціслава, Кошыцы); развівалася гарнарудная прам-сць. У пач. 14 ст: зах. і цэнтр. С. на кароткі час дамаглася незалежнасці ад Венгрыі. У 14 ст. С. стала цэнтрам еўрап. транзітнага гандлю. Пад уплывам гусіцкіх войнаў у 1440—60-я г. ў С. актывізаваўся антыфеад. рух, скіраваны супраць венг. шляхты і каталіцкай царквы У 1467 у Браціславе адкрыты каталіцкі ун-т. У 1562 паўд.ч. С. захапіла Турцыя. Уцалелыя ад тур. заваявання славацкія і венг. землі ўвайшлі ў склад імперыі Габсбургаў. У 1678 у С. адбылося найбуйнейшае антыгабсбургскае паўстанне венг. магнатаў, падтрыманае Турцыяй. У выніку аўстра-тур. вайны 1683—99 Габсбургі захапілі Паўд. С. і асн. частку Венгрыі. У імперыі Габсбургаў С. была агр.-сыравінным раёнам, яе горныя руднікі належалі аўстр. двару. У час праўлення імператара Іосіфа II [1765—90, да 1780 суправіцель Марыі Тэрэзіі] праведзены рэформы (у 1781 уведзена свабода веравызнання, у 1785 скасавана асабістая прыгонная залежнасць сялян, ажыццяўляўся мытны і мануфактурны пратэкцыянізм і інш.), якія спрыялі ажыўленню прам-сці ў С. У канцы 18 — пач. 19 ст. адраджаўся славацкі грамадска-культ.нац. рух. Паэт, філолаг і грамадскі дзеяч Л.Штур (1815—56) рэфармаваў на аснове сярэднеславацкага дыялекту славацкую літ. мову (у 1845 яна кадыфікавана як агульнанацыянальная). На ёй выдаваліся газеты, літ. творы. У 1863 засн. нац.-культ. цэнтр «Маціца славацкая». З утварэннем у 1867 Аўстра-Венгрыі С. афіцыйна стала часткай Каралеўства венграў; венг. буржуазія займала пануючае становішча ў эканоміцы С.
У 1-ю сусв вайну ў С. ўзмацніўся рух за нац. і сац. вызваленне. У 1916 дзеячы чэш. (Т.Масарык, Э.Бенеш) і славацкай (М.Штэфанік) эміграцыі ўтварылі ў Парыжы Чэхаславацкі нац. савет, які летам 1918 прызнаны ўрадамі краін Антанты і ЗША у якасці будучага ўрада дзяржавы чэхаў і славакаў. Ва ўмовах ваен. паражэння і распаду Аўстра-Венгрыі Нац.к-т у Празе (засн. ў 1916) 28.10.1918 абвясціў пра стварэнне незалежнай Чэхаславакіі. Гэтае рашэнне падтрымаў Славацкі нац. савет у г. Марцін, які 30.10.1918 абвясціў пра аддзяленне С. ад Венгрыі. Са студз. 1919 у Браціславе дзейнічала мін-ва Чэхаславакіі па справах С. Непрацяглы час (16.6—7.7.1919) на частцы тэр. С. існавала Славацкая сав. рэспубліка (кіраўнік — чэш. камуніст А.Янаўшак), створаная пры дапамозе войск Венг.сав. рэспублікі. Адносна адсталая прам-сць С. не вытрымлівала канкурэнцыі з чэшскай і скарачалася, што вяло да масавага беспрацоўя і эміграцыі. Пасля Мюнхенскага пагаднення 1938 клерыкальна-нацыяналіст. Глінкаўская славацкая нар. партыя і інш. партыі прымусілі ўлады Чэхаславакіі пагадзіцца з утварэннем у С. свайго ўрада на чале з лідэрам глінкаўцаў І.Цісам. У ліст. 1938 да Венгрыі адышлі паўд. раёны С. 14.3.1939 па патрабаванні А.Гітлера славацкі сейм абвясціў «самаст. і незалежную Славацкую дзяржаву», якую 18 сак.фаш. Германія ўзяла «пад сваю абарону». Нацысты ўсталявалі ў С. таталітарны рэжым. Паводле ваен. дагавору паміж С. і Германіяй (жн. 1939) славацкія войскі ў 2-ю сусв. вайну ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях супраць Польшчы і СССР. Масавы характар набыў пераход славацкіх ваеннаслужачых на бок Чырв. Арміі (папаўнялі Чэхаславацкі армейскі корпус ген. Л.Свобады) і сав. партызан (на тэр. Беларусі і Украіны дзейнічаў славацкі партыз. атрад на чале з маёрам Я.Налепкам). Масавы партыз. рух разгарнуўся і на тэр. самой С. У канцы 1943 прадстаўнікі Кампартыі С. (КПС) і інш.апазіц. партый стварылі Славацкі нац. савет (СНС), які ўзначаліў Славацкае нацыянальнае паўстанне 1944 супраць гітлераўскіх войск (25.8.1944 увайшлі ў С.) і рэжыму Цісы. У студз. 1945 сав. войскі ўступілі ў С., 4 крас. вызвалены г. Браціслава. На вызваленай тэр. С. ўладу ўзяў адноўлены СНС. У пасляваен Чэхаславакіі паўнамоцтвы органаў славацкага нац. прадстаўніцтва (СНС і Корпус упаўнаважаных), дзе ў 1946—48 мела перавагу Дэмакр. партыя, былі абмежаваны на карысць цэнтр. улад Чэхаславакіі. У лют. 1948 да ўлады ў С., як і ў Чэхіі, прыйшлі камуністы. У вер. 1948 КПС увайшла ў адзіную Кампартыю Чэхаславакіі (КПЧ), захаваўшы арганізац. самастойнасць. У краіне фармальна захоўвалася шматпартыйнасць пры фактычным панаванні камуністаў, якія ажыццяўлялі праграму сацыяліст. пераўтварэнняў ва ўсіх сферах жыцця. Канстытуцыя 1960 абвясціла Чэхаславакію дзяржавай раўнапраўных народаў, славацкі Корпус упаўнаважаных быў аб’яднаны з СНС. Падзеі «Пражскай вясны» 1968 паспрыялі адраджэнню славацкіх нац. памкненняў. Паводле Канстытуцыйнага Закона 1968 С. з 1.1.1969 — раўнапраўная сацыяліст. рэспубліка (ССР) у складзе Чэхаславацкай Сацыяліст. Рэспублікі (ЧССР) са сваім заканад. органам (СНС) і ўрадам, які прызначаў Прэзідыум СНС. На працягу 1960—80-х г. С. стала развітой індустр.-агр. рэспублікай, палепшыўся дабрабыт насельніцтва і яго культ. ўзровень. Аднак у параўнанні з Чэхіяй, у С. захоўвалася адносная эканам. адсталасць. Славацкія і чэш.дэмакр. сілы разам удзельнічалі ў «аксамітнай рэвалюцыі» 1989, у выніку якой ад улады ў ЧССР адхілены камуністы і абвешчаны курс на аднаўленне рыначнай эканомікі. Сярод паліт. сіл С. ў гэты час дамінаваў рух «Грамадскасць супраць насілля». У 1990 чэш.-славацкія адносіны абвастрыліся і ЧССР пераўтворана ў Чэшскую і Славацкую Федэратыўную Рэспубліку (ЧСФР) На парламенцкіх выбарах у С. ў чэрв. 1992 перамог Рух за дэмакр. С. (РЗДС), які выступаў за поўную незалежнасць краіны. 25.11 1992 Федэральны сход ЧСФР прыняў рашэнне аб спыненні яе існавання.
3 1.1.1993 С. — незалежная Славацкая Рэспубліка. Пасля атрымання незалежнасці рэзка знізіўся ўзровень рэальных даходаў насельніцтва, скарацілася дзярж. падтрымка аховы здароўя, культуры і адукацыі. Новы эканам. ўздым (з 1994) дазволіў да канца 1990-х г. у асн. пераадолець гэтыя негатыўныя з’явы. Да 1998 улада ў С. знаходзілася ў руках кааліцыі на чале з РЗДС, а яе лідэр У.Мечыяр у 1994—98 быў прэм’ер-міністрам, у сак.—вер. 1998 в.а. прэзідэнта рэспублікі (пасля адстаўкі М.Ковача, які быў прэзідэнтам у лют. 1993 — сак. 1998). На выбарах у Нац. савет у вер. 1998 перамагла апазіц. Славацкая дэмакр. кааліцыя (СДК) у складзе Партыі левых дэмакратаў (ПЛД, б. камуністы), Кааліцыі венг. партый (КВП) і Партыі грамадзянскай згоды (ПГЗ). З 30.8.1998 лідэр СДК М.Дзурында — прэм’ер-міністр С., прэзідэнтам 29.5.1999 выбраны лідэр ПГЗ Р.Шусцер. С. — чл.ААН (з 1993), асацыіраваны чл. Заходнееўрап. саюза (з 1996). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 14.1.1993. Гл. таксама Чэхаславакія.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. РЗДС, Дэмакр. саюз С., ПЛД, Славацкая нац. партыя, Хрысц.-дэмакр. рух, ПГС, КВП і інш.Асн.прафс. аб’яднанне — Канфедэрацыя прафсаюзаў Славацкай Рэспублікі.
Гаспадарка. С. — індустр.-агр. краіна. Пасля 1993 праведзена эканам. рэформа ў гаспадарцы, стабілізавана грашовая сістэма, што суправаджалася адмовай ад дзярж. рэгулявання цэн, лібералізацыяй гандлю і прыватызацыяй. Вялікую ролю ў эканам. рэфармаванні адыгралі замежныя інвестыцыі (каля 0,5 млрд.дол. штогод). У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 44,5 млрд.дол., каля 8300 дол. на чалавека. 22% ВУП ствараецца ў прам-сці, 6% — у сельскай гаспадарцы, каля 9% — у транспарце і сувязі, 23% у гандлі, 40% — у інш. абслуговых галінах. Горназдабыўная прам-сць занята здабычай бурага вугалю і лігнітаў (раён гарадоў Гандлава і Пр’евідза), жал., марганцавых, свінцова-цынкавых і медных руд. Электраэнергетыка засн. на выкарыстанні гідрарэсурсаў (ГЭС на горных рэках, у т. л. каскад 16 ГЭС на р. Ваг), бурага вугалю і імпартаванай нафты. Працуюць 2 АЭС каля гарадоў Нітра і Трнава (даюць 40% усёй электраэнергіі). У 1998 атрымана 20 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. У апрацоўчай прам-сці найб. развіты машынабудаванне (вытв-сць электроннай, радыёэлектроннай і быт. тэхнікі, трансп. сродкаў і інш.), чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім., фармацэўтычная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая, лёгкая (тэкст., гарбарна-абутковая, швейная) і харчовая. Значныя вытв. магутнасці паліграф. і шкляной прам-сці. Асн.прамысл. цэнтры: Браціслава (хім. і нафтахім., маш.буд., станкабуд., тэкст., паліграф., харчасмакавая, швейная і інш.), Кошыцы (чорная металургія, цяжкае машынабудаванне), Банска-Бістрыца (каляровая металургія, маш.-буд., дрэваапр., тэкст., цэм., харчовая), Жыліна (маш.-буд., тэкст., цэлюлозна-папяровая, хім.), Нітра (маш.-буд., піваварная, хім., тэкстыльная), Прэшаў (маш.-буд., тэкст.), Комарна (рачное суднабудаванне), Шаля (з-д азотных угнаенняў на імпартным прыродным газе). Штогод атрымліваюць (млн.т): бурага вугалю і лігніту — каля 5, жалезнай руды — 1, свінцова-цынкавай — 0,3, меднай — 0,3, чыгуну — 3,2, пластмас — 0,4, азотных угнаенняў — 0,2, цэменту — 3, нафтапрадуктаў — 3,5; піва — каля 4 млн. гекталітраў. Развітая шматгаліновая сельская гаспадарка засн. на сучаснай матэрыяльна-тэхн. базе і інфраструктуры. С.-г. кааператывы і дзяржгасы трансфармаваны ў кааператывы ўласнікаў і акцыянерныя прадпрыемствы. С.-г. ўгоддзі займаюць 2445 тыс.га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 1630 тыс.га, пад пашай і лугамі каля 815 тыс.га. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства. Большасць пасеваў засяроджана ў раўнінных раёнах на ПдЗ, Пд, ПдУ і ў далінах рэк; лугі і паша — у гарах. Штогод збіраюць (млн.т): пшаніцы — каля 2, ячменю — 1, кукурузы — 0,7, жыта — 0,1. Вырошчваюць таксама бульбу, алейныя культуры (сланечнік, рапс), цукр. буракі, тытунь, агародніну. Садоўніцтва, на Пд — вінаградарства. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы —0,7, свіней — 1,6, авечак — 0,3. Птушкагадоўля (у 1997—13,1 млн. курэй). У паўд. раёнах гадуюць пераважна свіней, малочную буйн. раг. жывёлу, птушку, у горных раёнах — авечак і мясную буйн. раг. жывёлу. Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны. Даўж. (тыс.км): чыгункі — 3,7, аўтадарог — 17,7, унутр. водных шляхоў (участак Дуная і нізоўі асн. прытокаў) каля 0,4. У краіне (2000) 994 тыс. легкавых, 94 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Асн. рачныя парты Браціслава і Комарна. Авіяц. транспарт абслугоўвае пераважна знешнія пасажырскія зносіны, гал.міжнар. аэрапорты каля Браціславы, Кошыц, Попрада. С. перасякаюць з У на З нафта- і газаправоды з Расіі ў Зах. Еўропу. У 1998 экспарт склаў 10,7 млрд.дол., імпарт — 12,9 млрд.дол.Гал. тавары экспарту: машыны і абсталяванне, прадукцыя нафтаперапр., хім., дрэваапр., харч. прам-сці. Імпартуюцца машыны і абсталяванне, нафта, хім. сыравіна і інш. Важнейшыя гандл. партнёры: Чэхія (35%), Германія (19%), Аўстрыя (5%), Расія, Польшча, Італія. У 2000 Беларусь экспартавала ў С. тавараў на 19,2 млн.дол. (пераважна халадзільнікі, маразільнікі, шыны), імпартавала тавараў на 12,8 млн.дол. С. — краіна развітога турызму і горнага спорту. Штогод С. наведвае каля 0,5 млн. замежных грамадзян, даход ад замежнага турызму ў 1998 склаў 461 млн.дол. Грашовая адзінка — славацкая крона.
Узброеная сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы, а таксама ваенізаваныя фарміраванні, у т. л. сілы ўнутр. бяспекі (1,4 тыс.чал.), грамадз. абароны (1,2 тыс.чал.) і інш. (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Тэрмін службы — 1 год. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА. У сухап. войсках 23,8 тыс.чал., каля 480 танкаў, больш за 680 баявых браніраваных машын, да 390 адзінак палявой артылерыі, мінамётаў, рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС і ППА 12 тыс.чал., больш за 100 баявых самалётаў, каля 60 верталётаў, у т. л. 19 баявых, каля 100 пускавых установак зенітных кіроўных ракет і інш.
Ахова здароўя. Насельніцтва атрымлівае бясплатную дзярж.мед. дапамогу, карыстаецца паслугамі страхавой і прыватнай медыцыны. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 70, жанчын — 77 гадоў. Узровень нараджальнасці — 10 на 1 тыс.чал., смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,1%. Дзіцячая смяротнасць — 9 на 1 тыс. нованароджаных (2001). Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 86 чал., урачамі — 1 на 381 чал. (1996).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі С. ўключае дашкольныя ўстановы (для дзяцей 3—5-гадовага ўзросту), асн. школы, гімназіі, сярэднія прафес. школы і вучылішчы, ВНУ. Пераважная большасць устаноў дзяржаўныя; ёсць прыватныя і царкоўныя. Асн. школа для дзяцей з 6-гадовага ўзросту мае 2 ступені — пач. (4 гады навучання) і няпоўную сярэднюю (5 гадоў) і з’яўляецца абавязковай. Поўную сярэднюю адукацыю (пасляасн. школы) даюць гімназіі (4 гады навучання), некаторыя сярэднія прафес. вучылішчы (4—5 гадоў навучання), большасць сярэдніх прафес. школ, у якіх вучні праходзяць і кароткатэрміновае прафес. навучанне, пераважна па складаных профілях. У гімназіях уведзена дыферэнцыраванае навучанне (гуманіт. і тэхн. профілі) з улікам індывід. схільнасцей навучэнцаў, выкарыстоўваюцца навуч. праграмы з павышаным узроўнем патрабаванняў. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты, вышэйшыя школы, акадэміі. У 2000/01 навуч.г. ў С. 3245 дзярж. дашкольных устаноў (больш за 153 тыс. дзяцей), 2362 асн. школы (каля 626 тыс. вучняў і больш за 38 тыс. настаўнікаў), 157 гімназій (больш за 67 тыс. навучэнцаў і больш за 5 тыс. выкладчыкаў), 309 сярэдніх прафес. школ (каля 85 тыс. навучэнцаў), 363 сярэднія прафес. вучылішчы (больш за 104 тыс. навучэнцаў). У сістэме вышэйшай адукацыі больш за 20 навуч. устаноў. Буйнейшыя ВНУ: ун-т Я.А.Каменскага (з 1465), эканам. і Славацкі тэхн. ун-ты, Паліцэйская акадэмія, вышэйшыя школы — выяўл. мастацтва і тэатральна-мастацкая (усе ў Браціславе); Ун-т Мацея Бела і Акадэмія мастацтваў у Банска-Бістрыцы; Ун-т Паўла Іозефа Шафарыка, тэхн. і вет. ун-ты, Ваенная лётная акадэмія (усе ў Кошыцах); Ун-т Канстанціна Філосафа і Славацкі аграрны ун-т у Нітры; Ваенная акадэмія ў Ліптаўскі-Мікулашы, Ун-т Кірылы і Мяфодзія ў Трнаве, тэхн.ун-т у Зволене; ун-ты ў Прэшаве, Трнаве, Жыліне, Трэнчыне і інш. У С. больш за 70 б-к і больш за 75 музеяў. Буйнейшыя б-кі: універсітэцкая ў Браціславе, Дзярж.навук. ў Кошыцах, акрамя таго працуе 9 навук. б-к і Цэнтр. навукова-тэхн. інфармацыі ў Браціславе. Буйнейшыя музеі: Славацкі нац, (мае 8 філіялаў), Гарадскі ў Браціславе, Славацкі тэхн. ў Кошыцах, Музей він у Прэшаве, Музей славацкага нац. паўстання ў Банска-Бістрыцы, этнагр. ў Марціне. Навук. даследаванні праводзяцца на кафедрах ун-таў, у Славацкай АН (з 1952), якая ўключае больш за 60 ін-таў і лабараторый, і інш.н.-д. установах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у С. выходзілі газеты «Pravda» («Праўда», з 1920), «Praca» («Праца», з 1946), «Smena» («Змена», з 1948), «Večer» («Вечар», з 1990), «Narodna obroda» («Нацыянальнае адраджэнне», з 1990), штотыднёвік «Beseda» («Размова», з 1990) і інш.Інфарм. агенцтва — Тэлегр. агенцтва Славацкай Рэспублікі (ТАСР, з 1992). Радыёвяшчанне з 1926; асн. праграмы — «Браціслава» і «Дэвін». Тэлебачанне з 1956 (з 1970 каляровае); вяшчанне па 2 каналах.
Літаратура. Развіваецца на славацкай мове. Вытокі пісьменнасці славакаў звязаны з дзейнасцю Кірылы і Мяфодзія (2-я пал. 9 ст.). У 15 ст. пісьмовай мовай была латынь. Пашыраны былі легенды (жыціі), драм.рэліг. творы і духоўная лірыка (не захаваліся). Вял. значэнне для культ. жыцця С. мела заснаванне Карлам IV у Празе універсітэта (1348). Ідэі гусіцкага руху (1-я пал. 15 ст.) і Рэфармацыі паспрыялі выцясненню латыні чэш. пісьмовай мовай з элементамі славацкай гутарковай мовы. Вядома творчасць паэтаў-гуманістаў М.Ракаўскага, Я.Якобеўса, духоўная паэзія Я.Сільвана, Э.Лані. Барацьба з тур. нашэсцем (канец 15—16 ст.) спарадзіла героіка-эпічныя песні і балады на гіст. сюжэты. З’явіліся творы з любоўнай праблематыкай (вершаваны раман «Пра Сілада і Хадмазі», 2-я пал. 16 ст.), драматургія на біблейскія сюжэты П.Кырмезера і Ю.Тэсака. У 17—18 ст. узмацніўся ўплыў каталіцкай царквы, свецкія матывы выцясняліся рэліг. містыкай. Выявілася блізкасць да л-ры еўрап. барока: дыдактычна-рэфлексіўныя творы П.Беніцкага, О.Луцэ, мемуарная проза Ш.Піларыка, Т.Масніка, С.Грушкавіца, свецкая паэзія Г.Гаўлавіча. Самастойнасць набыло літ.-знаўства (Д.Цвітынгер, П.Валаскі). З канца 18 ст. пачалося нац. адраджэнне славацкай пісьменнасці, спробы стварэння нац. мовы (А.Берналак). Рэфарматар мовы і аўтар першага славацкага рамана — І.І.Байза. Вядомасць набыла паэзія Я.Колара, Б.Табліца, проза Я.Голага, навук. працы Ю.Фандлі, П.І.Шафарыка, драмы Я.Халупкі. У 1840—70-я г. ў л-ры ўсталяваўся рамантызм (паэт. цыкл «Думкі вечаровыя» Л.Штура, паэмы і лірыка Я.Краля, А.Сладкавіча, паэмы-казкі Я.Боты, гіст. аповесці Я.Калінчака, І.М.Гурбана). У 1863—75 навук.-асветніцкае і літ.т-ва «Маціца славацкая» выдавала кнігі, часопісы, адкрывала школы, гімназіі. З 1880-х г. вядучым кірункам стаў рэалізм (творчасць С.Ваянскага, П.Гвездаслава, М.Кукучына). Значнае месца занялі пераклады з рус. і зах.-еўрап. л-ры. У творчасці пісьменнікаў-рэалістаў Цімравай, Я.Есенскага, І.Таяўскага (прадстаўнікі «Маладой Славакіі») узмацніўся сац.-аналіт. падыход да рэчаіснасці. У пач. 20 ст. ўзнік літ. рух т.зв. Славацкай мадэрны, які выявіўся ва ўзбагачэнні эмацыянальнага зместу і псіхал. раскрыцця ўнутр. свету чалавека і кульце формы (І.Краска, І.Гал, У.Рой). Развіццю л-ры спрыяла ўтварэнне Чэхаславацкай рэспублікі. У паэзіі выступілі Ш.Крчмеры, М.Разус, Я.Смрэк, Э.Б.Лукач. Я.Понічан, у прозе — Я.Грушаўскі, Г.Вамаш, М.Урбан, І.Горват, у літ. крытыцы — Э.Уркс, А.Матушка. Вядомасць набылі раманы П.Ілямніцкага, паэзія Л.Новамескага. Пошукам гармоніі займаўся І.Цыгер-Гронскі У 2-ю сусв. вайну ў час ням.-фаш. акупацыі побач з падп. л-рай існавалі як форма легальнага пратэсту «лірызаваная» проза (Д.Хробак, М.Фігулі, Ф.Швантнер) і паэзія сюррэалістаў (Ю.Ленка, П.Бунчак, Ш.Жары). Тэмы паўстання, антыфаш. барацьбы, пабудовы новага грамадства — гал. ў пасляваен. л-ры (У.Мінач, М.Крно, Я.Боданек, Я.Коранка). Умацоўваецца сацыяліст. рэалізм (паэты А.Плаўка, Я.Костра, В.Мігалік, празаікі Р.Яшык, Ф.Гечка, К.Лазарава). 1950-я г. — пік псіхал. прозы (А.Беднар, Ф.Краль). У 1960-я г. выявіліся авангардысцкія канцэпцыі і фармальнае эксперыментатарства (Л.Балек, А.Гікіш, Р.Слобада). Нетрадыц. падыход да раскрыцця характараў пераважаў у творах Д.Мітаны, І.Гудзеца, Д.Душака і інш. У 1970-я г. росквіту дасягнуў гіст. раман (І.Тала, Я.Ленч, М.Ферка і інш.). 1980-я г. адметныя ўзлётам раманнай формы, рухам эпасу да сінтэзу, цыклізацыяй малых жанраў (П.Яраш, П.Андрушка, І.Габай і інш.). У канцы 1990-х г. змены жанравага зместу прозы за кошт фалькларызацыі суправаджаліся паглыбленнем лірычнага пачатку. Маральна-філас. пошукі вядуцца ў межах сінтэзу рамана і міфа, легенды, прытчы, балады, драмы і камедыі (В.Шыкула, М.Валек, О.Заграднік, Я.Солавіч і інш). На бел. мове выдадзены «Чэшскія і славацкія апавяданні» (1958), зб-кіапавяд. «Апошні вераснёвы дзень» (1982), «Разбуджаны голас» (1988), «Соль зямлі» (1992), вершаў «Татры пяюць» (1976), «Славацкая паэзія» (1990), казак «Дванаццаць месяцаў» (1956), «У сонейка ў гасцях» (1958), творы Крно («Я вярнуся жывы», 1960), Мінача («Жывыя і мёртвыя», 1961), Г.Зелінавай («Якубка», 1962), Шыкулы («Канікулы з дзядзькам Рафаэлем», 1972), К.Ярункавай («Брат маўклівага ваўка», 1976), Валека («Крылы», 1978), М.Галямавай («Пра сініцу з какосавага доміка», 1979), Грушаўскага («Янашык», 1980), Э.Гашпаравай («Цяжка быць мустангам», 1981), Р.Морыца («Выбух», 1984). Сярод перакладчыкаў на бел. мову: Я.Бяганская, У.Дамашэвіч, Х.Жычка, У.Караткевіч, Я.Каршукоў, А.Мажэйка, П.Макаль, С.Міхальчук і інш.
Архітэктура. У 1—2 ст. на тэр. С. ўзніклі стараж.-рым. крэпасці. У 9—12 ст. будавалі замкі з хрысц. капэламі (у Браціславе, Бойніцах, Турчанска-Бістрыцы, Спішскі-Градзе), вакол якіх з 13 ст. раслі гарады. Да раманскага стылю належаць базіліка св. Эмерама ў Нітры (1200), 2-ярусная капэла-ратонда ў Скаліцы (12 ст.), 3-нефавая базіліка з 2-вежавым фасадам у Дзякаўцы (1228). З канца 13 ст. пашырана гатычная храмавая архітэктура, адметная нац. стрыманасцю: 3-нефавыя базілікі св. Лізаветы ў Кошыцах (1382—1499), св. Кацярыны ў Банска-Шцяўніцы (1491), сабор св. Марціна (14—15 ст.), Старая ратуша (13—15 ст.) у Браціславе. Для готыкі характэрны зальны тып храма (3-нефавы сабор св. Якуба ў Левачы, 14—15 ст.). Да вялікіх храмаў часам далучалі невял. капэлы з вытанчанымі прапорцыямі (капэлы Запольскіх у Спішска-Капітуле, 1488—93). Гатычныя замкі ўяўлялі сабой комплексы з унутр. дварамі, капэламі (у Стрэчне, 14—15 ст.; Зволен, 1361—16 ст.). Гарады мелі ўмацаванні, ратушную плошчу, элементы рэгулярнага плана (Бардзеёў, Левача, Трэнчын). Рэнесансавыя прыкметы звязаны пераважна са свецкай архітэктурай: жылыя дамы з атыкамі, парталамі, дваровымі галерэямі, размалёўкамі сграфіта (у Прэшаве, Левачы, Банска-Бістрыцы), ратушы ў Бардзеёве (1508—09), Левачы (1525—86) і інш. Рэспектабельны выгляд мелі познагатычныя ратушы, перабудаваныя ў рэнесансавым ключы (у Браціславе). У 17 ст. пашырыўся стыль барока: касцёлы ун-та ў Трнаве (1637—1700, арх. П.Спеца), св. Тройцы (1717—35, арх. К.Каневале, Ф.А.Хілебрант, І.Б.Фішэр фон Эрлах), св. Альжбеты (1739—42), кляштарны комплекс у Ясаве (1765, арх. абодвух А.Пільграм). Канстр.-вобразнае вырашэнне набыла нар. драўляная архітэктура (касцёлы ў Тврдошыне, Фрычцы і інш.). Ад рэспектабельна-ўрачыстых да стрымана-вясковых будаваліся замкі і палацы (палац Грасалкавіча ў Браціславе, 1760, цяпер рэзідэнцыя прэзідэнта; замкі ў Маркушаўцы і Банска-Шцяўніцы і інш.). У стылі барока перабудаваны некат. гатычныя абарончыя вежы, касцёлы ў Браціславе, Нітры і інш. З 1770-х г. развіваўся класіцызм, найперш у рэспектабельных палацах (прымаса ў Браціславе, 1781, арх. М.Хефеле). Характэрныя былі т.зв. рэдуты з функцыямі атэляў, т-раў, корчмаў (у Ельшаве, Кежмараку і інш.). Вылучаўся класіцыстычны будынак пратэстанцкага сабора ў Банска-Бістрыцы (1807, арх. М.Полак). З сярэдзіны 19 ст. будавалі ў гіст. стылях (Славацкі нац.т-р у Браціславе, 1884—86, арх. Ф.Фельнер і Г.Гельмер). Пад уплывам сецэсіі працаваў арх. Д.Юркавіч (грамадскі дом у Скаліцы, 1904). Пабудовы пач. 20 ст. ў стылях канструктывізму, неакласіцызму і нар. традыцыях: атэль «Карлтан-Савай» (1928), вышынны будынак «Мандарла», санаторый у Трэнчанске-Цепліцы (1930-я г.). Сярод збудаванняў 2-й пал. 20 ст. зімовы стадыён (1963), мост цераз Дунай (1972) у Браціславе, помнік нац. паўстанню ў Банска-Бістрыцы (1970) і інш.
З 1990-х г. архітэктура С. выпрацоўвае праграму добраўпарадкавання гар. і сельскага асяроддзя. Паводле плана пераўтварэння краіны ў цэнтр культ. сувязей і міжнар. турызму будуюцца атэлі і турыстычныя комплексы, упарадкоўваюцца і мадэрнізуюцца курортныя мясціны. Сучасная свецкая і культавая архітэктура адметная эстэт. культурай, імкненнем да прастаты і функцыянальнасці. Горад-запаведнік Банска-Шцяўніўца і ансамбль сярэдневяковых умацаванняў Спішскі-Град уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. У 1945 засн.Т-ва славацкіх архітэктараў.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі выяўл. мастацтва на тэр. С. вядомы з эпох палеаліту, неаліту (статуэткі жывёл і людзей, упрыгожанні) і бронзавага веку: Выяўлены творы кельтаў, сарматаў, авараў, протаславян і стараж. славян. Вытокі мастацтва С. ў культуры Вялікамараўскай дзяржавы. У 13—15 ст. пашыраны скульпт. элементы арх. дэкору. Раннім насценным размалёўкам у плоскаснай лінеарнай манеры ўласцівы паўн.-італьян. ўплывы (фрэскі касцёла ў Дэхтыцэ, каля 1175) і рысы рамана-візант. стыляў (фрэскі касцёла ў Драўцэ, пач. 14 ст.). У дэкоры касцёлаў канца 14 — пач. 15 ст. адчуваецца ўздзеянне П.Парлера. Статуі мадоннаў сярэдзіны 14 ст. блізкія да франц. гатычнай пластыкі, на мяжы 14—15 ст. набылі рысы «мяккага стылю». У жывапісе ўмоўнасць выяў змянялася набліжэннем да рэальнасці (размалёўкі касцёла ў Жэгры з жанравымі матывамі, каля 1400), у насценным і алтарным жывапісе пач. 15 ст. — да выяўлення прасторы і індывідуалізацыі вобразаў (алтар касцёла ў Гронскі-Бенядзіку). У канцы 15 — пач. 16 ст. дасягнула росквіту драўляная алтарная скульптура, у якой познагатычныя традыцыі спалучаліся з рысамі Адраджэння. Вядучым майстрам скульптуры быў Павел з Левачы (Вял. алтар сабора св. Якуба ў Левачы, 1508—15). У пач. 16 ст. ў жывапісе майстра «MS» праявіліся рысы дунайскай школы. У 16 ст. пашырылася рэнесансавая скульптура з гатычнымі рысамі, у якой прасочваліся аўстр. ўплывы (алтар касцёла ў Юры каля Браціславы, 1527). Ствараліся рэнесансавыя надмагіллі і круглая дэкар. скульптура («Фантан Роланда» перад ратушай ў Браціславе, 1527). Жывапіс Адраджэння прадстаўлены пераважна арнаментальнымі мініяцюрамі і сграфіта, якімі пакрывалі фасады дамоў, замкаў, званіц. Ва ўсх. С. быў пашыраны іканапіс у познавізант. стылі. У эпоху барока панавала пышная дэкар. скульптура са стука. З каменю і мармуру выкананы манум.арх.-скульптурныя алтары (гал. алтар сабора ў Браціславе, 1732—34, аўстр. скульптар Р.Донер). У канцы’ 18 ст. з’явілася свецкая партрэтная скульптура. У жывапісе 17—18 ст. пераважалі італьян., нідэрл. і аўстр. ўплывы. Фрэскі з ілюзіяністычнымі эфектамі выконвалі аўстр. майстры (П.Трогер, Ф.Маўльберч). Сярод нешматлікіх мясц. мастакоў — Я.Богдан, С.Генрых, Я.Купецкі. Сярод вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва 15—18 ст. — метал. (часта з перагародчатай эмаллю), фаянсавыя, разьба па дрэве, вышыўка і ткацтва. У партрэтным жывапісе пач. 19 ст. класіцызм спалучаўся з рысамі бідэрмееру. Класіцыстычным пейзажам уласцівы рамант. тэндэнцыі (нац. па матывах работы К.Л.Лібая, А.Бродскага, Л.Нюлашы). У перыяд. уздыму рэв. і нац.-вызв. руху ствараліся рамант. па кампазіцыі партрэты сучаснікаў, герояў вызв. барацьбы (П.Богунь, І.Б.Клеменс). У канцы 19 — пач. 20 ст. дасягнуў росквіту жанравы жывапіс, у якім рэаліст. рысы, каларыстычныя і пленэрныя пошукі спалучаліся з элементамі акадэмізму (В.Андзьяла, Д.Скуцецкі, І.Ганула). Рэаліст. і сац.-крытычныя тэндэнцыі ўласцівы творам скульптара Я.Коньярака. У фарміраванні нац. школы жывапісу 20 ст.вял. роля належыць М.Бенку, М.Базаўскаму і Я.Алексі, якія развівалі традыцыі постімпрэсіянізму. Рысы фавізму, кубізму і элементы нар. творчасці спалучалі жывапісцы і графікі М.Галанда і Л.Фула, сац.-крытычнай скіраванасцю вызначаліся творы графіка К.Сокала, жывапісца К.Баўэра, скульпт. Ф.Гібалы. У 1939—45 экспрэсіўныя драм. кампазіцыі антыфаш. тэматыкі стваралі жывапісцы і графікі В.Гложнік, Я.Жэлібскі, Ц.Маернік, Ю.Немчык, скульптар І.Костка, неакласіцыстычныя творы — скульпт. Ю.Горавая-Ковачыкава і інш.
З 1950-х г. пашырыліся творы на тэмы нац.-вызв. барацьбы і працы, індустр. пейзажы (графікі Гложнік, Р.Дубравец, жывапісцы Бенка, Жэлібскі, Б.Хофштэтэр, скульптары Костка, Ц.Бартфай), абагульненыя сцэны нар. жыцця і вобразы сялян (Алексі, Базаўскі, Фула, Немчык, В.Хмель, М.Чэхава), партрэтны жывапіс (Ф.Драшкавіч, Гібала), камерная станковая пластыка (Я.Куліх, А.Трызуляк), манум.-дэкар. скульптура (Костка, Куліх, Трызуляк). У 2-й пал. 20 ст. абстрактны экспрэсіянізм, неакубізм, сюррэалізм і інш.; развівалі Ю.Бартфай, Л.Гударна, В.Жылінчанава, У.Компанек, Р.Крываш, М.Лалуха, М.Паштака, Л.Сламка, Ф.Студзены, П.Тот, Л.Чэміцкі, В.Хложнік, М.Якабчыц, Ю.Якабы. У дэкар.-прыкладным мастацтве пашыраны габелены, вітражы, кераміка, маст. апрацоўка металу і інш.
Музыка. У муз. фальклоры С. вядомы балады, лірычныя, эпічныя, быт. і абрадавыя песні, пераважна аднагалосыя, з развітой мелодыкай, рытмічнай разнастайнасцю. У 13 ст. з’явіліся т.зв. разбойніцкія песні («разбойнікі» — змагары за правы народа), у 15 ст. — гусіцкія песні, у 16 ст. — гіст., у 18 ст. — песні куруцаў (удзельнікі антыфеад. паўстанняў), у 19 ст. — новавенгерскія. У аснове стараж. мелодый розныя віды тэтрахордаў, часцей мажорныя. Характэрны рэгіянальныя адрозненні. Сярод муз. інструментаў: гайда (валынка), пастухоўскія дудкі, фуяра і інш. Распаўсюджаны танцы: адземок (пастухоўскі тыпу казачка), каламыйкі, фрышка (тыпу кракавяка). Пачатак кампазітарскай творчасці ў 15 ст. дала культавая поліфанічная хар. музыка (Ю.Банаўскі, Т.Лнтнер). У вак. і вак.-інстр. творах 17 ст. адчувальны ўплывы ням. і італьян. барока (З.Заравуціус, Я.Кусер, І.Шымбрацкі і інш.), развіваюцца свецкія жанры (п’есы для лютні, вёрджынела, танц. сюіты). У 18 ст. пашырыліся царк. і свецкія муз. жанры (кантаты, арыі), францысканская пастараль, звязаная з нар. песняй (П.Баян, Э.Пасха), уплывы венскай класічнай школы. З пач. 19 ст. вырасла цікавасць да нар. песні, фарміруецца нац.муз. культура. Адзін з заснавальнікаў нац.муз. школы — Я.Бела (опера «Віланд», паст. 1926; сімф. паэма «Лёс і ідэал», 1874). Развіццё нац. школы звязана з творчасцю Ф.Кафенды, М.Мойзеса, В.Фігуша-Бістры, М.Шнайдэр-Трнаўскага. У Браціславе створаны оперная трупа Славацкага нац.т-ра (1919), хар. і інш. выканальніцкія калектывы, муз. школа (з 1919; з 1927 Муз. і драм. акадэмія). Уклад у муз. мастацтва С. 20 ст. зрабілі: кампазітары М.Базлік, І.Зельенка, А.Очанаш, Э.Сухань, Я.Цыкер; дырыжоры О.Ленард, Л.Райтар, Л.Словак; піяністы К.Гаўлікава, М.Дапшанскі; скрыпачы Т.Гашпарак, П.Міхаліца; спевакі Г.Бенячкава, Ш.Гоза, Э.Кітнарава, М.Чэсанёва; музыказнаўцы Л.Бурлас, Л.Мокры, З.Новачак і інш. У С. працуюць: Усходнеславацкі нац.т-р у Кошыцах (з 1945), Славацкая філармонія з сімф. аркестрам і хорам (з 1949), Дзярж. камерны аркестр у г. Жыліна і Славацкі камерны аркестр (з 1960), ансамбль нар. песні і танца «Лучніца» (з 1948) і інш.; кансерваторыя (з 1941), Вышэйшая школа прыгожых мастацтваў з муз. факультэтам (з 1949), Ін-т музыказнаўства Славацкай АН (з 1951, усе ў Браціславе). Праводзіцца Міжнар.муз. фестываль «Браціслаўская ліра». У 1955 створаны Саюз кампазітараў С.
Тэатр. Першыя тэатр. прадстаўленні ў С., звязаныя з рэліг. рытуаламі, ставіліся на ням., лац., венг., чэшскай мовах. Пашыранымі былі выступленні вандроўных акцёраў на плошчах гарадоў (у 12 ст. забараняліся сінодам). У сярэдневякоўі ўзнікла рэліг. драма (звесткі пра рэліг. спектаклі ў Браціславе і Бардзеёве датуюцца 1439). Першая свецкая п’еса пастаўлена ў 1536 у Браціславе. У 15 — пач. 16 ст. з’явілася школьная драма (школьныя т-ры ў Бардзеёве, Прэшаве, Крэмніцы, Банска-Бістрыцы), ставіліся і творы ант. аўтараў. У эпоху барока дасягнула росквіту езуіцкая драма (Трнава, Скаліца, Трэнчын, Браціслава, Прэшаў, Банска-Бістрыца і інш.). З 17 ст. прадстаўленні адбываліся ў спец.тэатр. залах, з 18 ст. — спец. дамах для т-раў (у 1740 у Браціславе пабудаваны першы 3-павярховы т-р). У пач. 19 ст. ўзнік аматарскі т-р (у 1830 адбылося першае публічнае прадстаўленне на славацкай мове гуртка ў Ліптаўскі-Мікулашы). У 1890 у Марціне пабудаваны Нац. дом, дзе перыядычна ставілі аматарскія спектаклі. У 1920 у Браціславе створаны першы прафес.т-р — Славацкі нац.т-р (засн. Я.Борадач, А.Багар, Г.Кела, О.Орсагава, Г.Мелічкава; да 1932 спектаклі на чэш. мове, пазней арганізавана славацкая трупа). У 1940-я г. сетка прафес.тэатр. калектываў пашырылася, створаны Т-р Славацкага нац. паўстання ў Марціне, Славацкі т-р у Прэшаве (абодва 1944), Новая сцэна ў Браціславе (1946) і інш. З 1960-х г. развіваецца мастацтва лялечнага т-ра (Дзярж. лялечны т-р у Браціславе, Стары т-р у Нітры, «На перакрыжаваннях» у Банска-Бістрыцы, т-ры ў Кошыцах, Жыліне). Славацкі нац.т-р мае драм., оперную і балетную трупы. Працуюць таксама драм. т-ры: Астарка Корза’90 у Браціславе, Андрэя Багара ў Нітры, Дзярж.т-р у Кошыцах, Трнаўскі т-р, тэатры І.Таяўскага ў Зволене, І.Забарскага ў Прэшаве; укр.т-р у Прэшаве, венг. ў Комарне. Праводзяцца міжнар. фестывалі: «Дзівадзельна Нітра», пантамімы ў Браціславе, нетрадыц. т-раў у Пежзінаку, славацкіх лялечных т-раў у Банска-Бістрыцы і інш.Тэатр. кадры рыхтуюць Тэатр.ін-т, Акадэмія музыкі і драм. мастацтва ў Браціславе, Акадэмія мастацтваў у Банска-Бістрыцы.
Кіно С. ўзнікла і развівалася як частка агульнай экраннай культуры чэхаў і славакаў. У 1920—30-я г. кінадакументалісты з Прагі здымалі ў С. відавыя фільмы пейзажаў Татраў і фалькл. замалёўкі: «Славацкія танцы і спевы» (рэж. Я.Палаўш), «Па гарах, па долах» і «Зямля спявае» (рэж. К.Пліцка). У 1921 з чэш. кінематаграфістамі пастаўлены першы славацкі нямы фільм «Янашык» (рэж. Я.Сіякель і Ф.Горлівы). У 1939—45 увоз чэш. фільмаў у С. быў забаронены. У 1940 створана кінаарганізацыя «Наступ», падпарадкаваная берлінскай студыі «УФА» (пракат і выпуск прапагандысцкіх фільмаў). У 1945 кінапрамысловасць нацыяналізавана; у Браціславе створана Студыя славацкага маст. кіно «Коліба». У 1947 пастаўлены першы поўнаметражны славацкі фільм «Сцеражыся» (рэж. М.Фрыч) пра лёс славакаў-эмігрантаў у Амерыцы. У 1948 заснавальнік славацкага кіно, акцёр кіно і т-ра, сцэнарыст і рэжысёр П.Біелік зняў драму «Воўчыя норы» пра Славацкае нац. паўстанне. Цікавасць да гісторыі народа, да яе легендарных герояў выявілася ў каляровай дылогіі Біеліка «Янашык I—II» (у сав. пракаце «Горныя мсціўцы», 1962—63). Славацкія кінарэжысёры стварылі адметныя экранізацыі твораў П.Ілямніцкага («Неўзаранае поле», 1953, рэж. У.Багна; «Браты», 1961, рэж. А.Летрых), Я.Калінчака («Дваранскі гонар», 1957, рэж. Багна), Ф.Гечака («Драўляная вёска», 1955, рэж. Летрых), А.Чэхава («Іванаў», 1963, рэж. І.Будскі) і інш. Тэме вайны як маральнаму выпрабаванню чалавека ў вострадрам. сітуацыях прысвечаны фільмы Біеліка «Сорак чатыры» (1957), «Капітан Дабач» (1959), П.Солана «Баксёр і смерць» (1969) і інш. У 1960-я г. тэматыка і жанравая палітра фільмаў пашырылася, прыйшло новае пакаленне кінематаграфістаў; С.Барабаш («Песня пра шызага голуба», 1961), І.Крэйчык («Паўночная імша», 1962) і інш. Да тэм сучаснасці, духоўных пошукаў моладзі звяртаюцца рэжысёры М.Голы («Шлях воранаў», «Справа для адваката»), Э.Грэчнер («У кожным тыдні сем дзён»), І.Медвед («Кадрыль», «Выпрабаванне кахання», «Юнацтва атамана», «Тройчы настае світанак», «Не для мяне іграюць блюз»). Ш.Угер абнаўляе кінамову, надае фільмам гукапластычную выразнасць («Было такое сяброўства», «Сонца ў. сетцы», «Мы з 9 «А», «Орган»). У 1972 створаны сумесны славацка-бел. фільм «Заўтра будзе позна...» («Ян Налепка», рэж. А.Карпаў і М.Цяпак). Творчы пошук спрыяў самаідэнтыфікацыі славацкага кіно, якое звяртаецца да нац.культ. традыцый; з 1980-х г. усё больш выразна выяўляюцца яго тэматычныя і стылістычныя своеасаблівасці (рэж. Д.Ганак, З.Заган, Я.Якубіска і інш.).
Літ.:
Краткая история Чехословакии. М., 1988;
Коровицына Н. Агония соцмодернизации: Судьба двух поколений двух европ. наций. М., 1993;
История словацкой литературы. М., 1970;
История литератур западных и южных славян. М., 1997;
Шумов С.А., Андреев А.Р. История Словакии, V—XX вв. М., 2000.
Герб і сцяг Славакіі.Да арт.Славакія. Горнае возера ў Татрах.Да арт.Славакія. Высокія Татры зімой.Да арт.Славакія. Узбярэжжа р. Дунай у Браціславе.Да арт.Славакія. Замак у Бойніцах.Да арт.Славакія. Касцёл Архангела Міхаіла ў Фрычцы.Да арт.Славакія. Ратуша ў Левачы.Да арт.Славакія. Новы касцёл у Дудзінцах. 1990-я г.Да арт.Славакія. Рэзідэнцыя Прэзідэнта (былы палац Грасалкавіча) у Браціславе.Да арт.Славакія. Атэль «Геліяс» на курорце Штрбске-Плеса.Да арт.Славакія. Павел з Левачы. Апостал Якуб. 1508—15.Да арт.Славакія. Л.Нюлашы. Перад навальніцай. Каля 1880.Да арт.Славакія. К.Сокал. Па́ра. 1932.Да арт.Славакія. І.Костка. Смутак. 1943.Да арт.Славакія. Л.Гударна. Дзяўчына. 1959.Да арт.Славакія. Будынак Славацкага нацыянальнага тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛАНТЫ́ЧНЫ АКІЯ́Н (лац. Mare Atlanticum, грэч. Atlantis),
частка Сусветнага ак. паміж Еўропай, Афрыкай, Антарктыдай, Паўд. і Паўн. Амерыкай. Другі па велічыні і глыбіні (пасляЦіхага акіяна) на Зямлі. Працягласць Атлантычнага акіяна з Пн на Пд каля 15 тыс.км. Пл. 91,6 млн.км², аб’ём вады 329,7 млн.м³. Сярэдняя глыб. каля 3600 м, найб. — 8742 м (жолаб Пуэрта-Рыка).
Берагі. Берагавая лінія моцна расчлянёная ў Паўн. паўшар’і, дзе размешчаны амаль усе моры і вял. залівы Атлантычнага акіяна (Балтыйскае, Паўночнае, Міжземнае, Карыбскае моры і інш. і буйн. залівы Біскайскі і Гвінейскі), і слаба парэзана ў Паўднёвым (мора Уэдэла, Скота, Лазарава — каля Антарктыды). Важная асаблівасць Атлантычнага акіяна — наяўнасць міжземных мораў (Мексіканскі заліў і Карыбскае м. на З і Сярэднеземнаморскі бас. на У).
Астравы. Агульная пл. астравоў 1070 тыс.км². Асн. група мацерыковага паходжання: Брытанскія, Канарскія, Зялёнага Мыса, Фалклендскія (Мальвінскія), В. Антыльскія, Ньюфаўндленд і часткова М. Антыльскія. Ёсць вулканічныя (Азорскія, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.) і каралавыя (Багамскія і інш.).
Рэльеф дна і тэктанічная будова. У будове дна вылучаюцца падводная ўскраіна мацерыкоў (шэльф), мацерыковы схіл і ложа акіяна. Шэльф займае каля 10,3% пл. дна, мае слабы нахіл у бок адкрытага акіяна. Каля берагоў в-ва Грэнландыя, п-ва Лабрадор шырыня шэльфа дасягае 300—400 км. Параўнальна вузкая шэльфавая зона акаймоўвае Зах. Еўропу і берагі Зах. Афрыкі. Уздоўж аргенцінскага берага шырыня шэльфа 400 км і глыб. 140—150 м; каля вусця Амазонкі 300 км; уздоўж гвіянскага ўзбярэжжа 90 км. Шэльфавая зона ў паўд.ч. Карыбскага м. і ў раёне Антыльскіх а-воў развіта слаба. Мацерыковы схіл стромкі, парэзаны падводнымі каньёнамі, самы вял. з іх — Гудзон. Рэльеф ложа — спалучэнне падводных хрыбтоў, падняццяў і катлавін. У цэнтр.ч. акіяна ад в-ва Ісландыя да в-ва Буве на 18 тыс.км цягнецца S-падобны мерыдыянальны Сярэдзінна-Атлантычны хрыбет, які падзяляе Атлантычны акіян на ўсх. і зах. часткі (з глыбінёй над ім каля 3000 м; на У і З ад яго — 5000—6000 м). На Пн (каля Ісландыі) хрыбет мае назву Рэйк’янес, на Пд каля в-ва Буве хрыбет паварочвае на У і пераходзіць у Афрыканска-Антарктычны хрыбет. Там, дзе хрыбет уздымаецца на ўзр. мора, — астравы вулканічнага паходжання (Ісландыя, Азорскія, Сан-Паўлу і інш.). Важнейшая рыса будовы Сярэдзінна-Атлантычнага хр. — папярочныя разломы (Чарлі Гібса, Атлантыс, Кейн, Віма, Романш, Сан-Паўлу, Св. Алены і інш.), якія разбіваюць асн. хрыбет на асобныя блокі з шыротным зрушэннем іх адносна восі. На З і У ад Сярэдзінна-Атлантычнага хр. размешчаны падводныя ўзвышшы (Рыу-Гранды, Бермудскае), плато (Хатан, Зялёнага Мыса), хрыбты (Кітовы хрыбет, Паўднёва-Антыльскі хрыбет) і ўзвышшы, якія раздзяляюць катлавіны Паўночна-Амерыканскую, Бразільскую, Аргенцінскую, Заходне-Еўрапейскую, Канарскую, Ангольскую, Капскую і інш. з глыб. больш за 3000 м.
Донныя адклады. Найб. пашыраны арганагенныя адклады (фарамініферавыя ці глабігерынавыя глеі), якія займаюць 67,5% плошчы дна ад Ісландыі да 57—58°паўд. шыраты. Чырвоныя гліны (каля 25% плошчы) высцілаюць днішчы амаль усіх глыбакаводных катлавін. Тэрыгенныя адклады (жвірова-галечны матэрыял, гліны) пашыраны на шэльфе, мацерыковым схіле і шырокай паласой акаймоўваюць ложа акіяна каля ўзбярэжжаў ЗША, Бразіліі, Аргенціны, Антарктыды. Карысныя выкапні: золата і алмазы (у рачных вынасах паўд.-ўсх. часткі), фасфарыты (на шэльфе), нафта і газ (Венесуэльскі зал., Мексіканскі зал., Паўночнае м.), жал. руда (каля Ньюфаўндленда і інш.), алавяныя руды (каля берагоў Вялікабрытаніі), жалеза-марганцавыя канкрэцыі (каля Фларыды, Паўд. Афрыкі) і інш.
Клімат. Атлантычны акіян размешчаны з Пн на Пд амаль ва ўсіх кліматычных паясах — ад экватарыяльнага да субарктычнага на Пн і антарктычнага на Пд. Над ім развіваюцца 4 асн. цэнтры дзеяння атмасферы — Ісландскі і Антарктычны мінімумы, Паўн.-Атлантычны (Азорскі) і Паўд.-Атлантычны максімумы, якія ў раёне экватара падзелены зонай паніжанага ціску. Гэтыя цэнтры пры ўзаемадзеянні з іншымі абласцямі атм. ціску абумоўліваюць панаванне моцных зах. вятроў ва ўмераных шыротах і паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. вятроў (пасатаў) у субтрапічных і трапічных шыротах, адпаведна Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Найб. моцныя вятры ва ўмераных шыротах Паўд. паўшар’я («равучыя саракавыя»). Для паўн. трапічных шырот характэрны т.зв. вест-індскія ураганы, якія пануюць з чэрв. да ліст. і перасякаюць акіян з У на З.
Гідралагічны рэжым. Паверхневыя цячэнні пад уплывам цыркуляцыі атмасферы ўтвараюць у субтрапічных і трапічных шыротах антыцыкланальны, а ў паўн. умераных і паўд. высокіх — цыкланальны кругаварот. Характэрная рыса Атлантычнага акіяна — магутная сістэма Гальфстрыма. Гальфстрым і яго працяг — Паўночна-Атлантычнае цячэнне — утвараюць адпаведна зах. і паўн. перыферыі паўн. антыцыкланальнага кругавароту, у якім усх. перыферыя — халоднае Канарскае цячэнне, паўд. — цёплае Паўночнае Пасатнае цячэнне. Паўночны цыкланальны кругаварот складаецца цячэннямі — цёплымі Паўн.-Атлантычным і Ірмінгера і халодным Лабрадорскім, якое паступае з м. Бафіна. У паўд. частцы атлантычны антыцыкланальны кругаварот утвараецца на Пн з З цёплымі Паўд. Пасатным і Бразільскім. Цыкланальны кругаварот развіваецца каля 50°паўд. ш. з цэнтрам у м. Уэдэла. Атлантычныя цыркуляцыі паўн. і паўд. частак Атлантычнага акіяна падзяляюцца летам на Пн ад экватара Міжпасатным (Экватарыяльным) проціцячэннем, якое зімой зменьваецца агульным зах. пераносам паверхневых водаў. Больш пастаяннай мяжой з’яўляецца на экватары падпаверхневае проціцячэнне Ламаносава. Т-ра вады на паверхні Атлантычнага акіяна зімой (у лютым у паўн., у жніўні ў паўд. частцы) ад 28 °C на экватары да 6 °C на 60°паўн. ш. І -1 °C на 60°паўд. ш., летам (у жніўні ў паўн., у лют. у паўд. частцы) адпаведна ад 26 °C да 10 °C і каля О °C. Салёнасць 34—37,3‰. Самая вял. шчыльнасць вады больш за 1027 кг/м³ на ПнУ і Пд; да экватара змяншаецца да 1022,5 кг/м³. Прылівы пераважаюць паўсутачныя (да 18 м у зал. Фанды). У асобных раёнах прылівы мяшаныя і суткавыя (ад 0,5 да 2,2 м). Ільды ў паўн. частцы Атлантычнага акіяна ўтвараюцца толькі ва ўнутр. морах умераных шырот (Балтыйскім, Паўночным, Азоўскім і інш.). Вялікая колькасць ільдоў і айсбергаў выносіцца ў адкрыты акіян з Паўн. Ледавітага ак. (да 30°паўн. ш.), утвараецца каля Антарктыды і ў м. Уэдэла, дасягаючы 35°паўд. ш.
Флора і фауна. Атлантычны акіян насяляюць каля 2000 тыс. відаў раслін і жывёл. Да глыб. 100—200 м донная расліннасць (ламінарыі, зялёныя і чырв. водарасці). У трапічным поясе сіне-зялёныя, у палярным — дыятомавыя водарасці, у Саргасавым м.вял. колькасць саргасавых. Значную масу планктону складаюць ракападобныя — амфіподы і эраўзііды, крыль Кітоў і ластаногіх каля 100 відаў. Агульная колькасць відаў рыб перавышае 15 тысяч. Фауна трапічных шырот — радыялярыі, сіфанафоры, медузы, крабы, лятучыя рыбы, акулы, марскія чарапахі і кашалоты; умераных і палярных — весланогія ракападобныя і крыланогія малюскі, селядзец, трасковыя і камбалавыя рыбы, кіты, ластаногія і інш. Глыбакаводная фауна — ігласкурыя рыбы, губкі, гідроіды. Марскіх птушак мала; у Антарктыцы — фрэгаты, альбатросы, пінгвіны і інш.
Гаспадарчае выкарыстанне. Атлантычны акіян дае 35% сусв. ўлову рыбы. Гал. прамысловыя віды: траска, мойва, селядзец, стаўрыда, марскі акунь, скумбрыя, тунец; значнае месца належыць беспазваночным (крэветкі, вустрыцы, мідыі, кальмары). Прамысловыя раёны: паўн.-ўсх., цэнтр.-ўсх. і паўд.-заходні. Вядзецца здабыча нафты і газу (Венесуэльскі, Мексіканскі, Гвінейскі залівы, Паўн. і Міжземнае моры), серы (Мексіканскі зал.), жал. руды (каля п-ва Ньюфаўндленд, Фінляндыі і інш.), каменнага вугалю (прыбярэжныя раёны Канады і Вялікабрытаніі) і інш. Прыліўная электрастанцыя ў вусці р. Ранс (Францыя). На долю Атлантычнага акіяна прыпадае прыблізна 2/3 аб’ёму сусв. марскога гандлю. Самая шчыльная сетка акіянскіх шляхоў паміж 35—40 і 55—60°паўн. ш. (маршруты паміж партамі Еўропы і Паўн. Амерыкі). Над паўн. часткай Атлантычнага акіяна пралягаюць асн. трансатлантычныя авіялініі, па дне пракладзены тэлеграфныя кабелі (агульная даўж. каля 200 тыс.км). Развіты прыморская рэкрэацыя і марскі турызм. Важнейшыя парты: Ротэрдам (Нідэрланды), Антверпен (Бельгія), Марсель, Гаўр (Францыя), Гамбург (Германія), Лондан (Вялікабрытанія), Генуя (Італія), Новарасійск, Санкт-Пецярбург (Расія), Ільічоўск, Адэса (Украіна), Рыга (Латвія), Дакар (Сенегал), Кейптаун (ПАР), Буэнас-Айрэс (Аргенціна), Нью-Йорк, Х’юстан, Новы Арлеан, Філадэльфія (ЗША).
Літ.:
Леонтьев О.К. Физическая география Мирового океана. М., 1982;
Слевич С.Б. Океан: ресурсы и хозяйство Л., 1988;
Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI века. М., 1991.