НАДСО́Н (Аляксандр) (сапр. Бучко; н. 8.8.1926, г. Нясвіж Мінскай вобл.),
рэлігійны дзеяч бел. эміграцыі. У Вял. Айч. вайну ўваходзіў у Саюз беларускай моладзі. З 1944 у Германіі, Францыі. служыў у арміі ген. У.Андэрса ў Італіі. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 у Вялікабрытаніі. Скончыў Лонданскі ун-т (1953). Курс тэалагічнага навучання прайшоў у Грэчаскім каледжы і Грыгарыянскім ун-це ў Рыме. З 1958 святар. З канца 1950-х г. жыве ў Лондане, працуе ў Бел. каталіцкай місіі ў Англіі. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (з 1946 яго сакратар, у 1951—52 старшыня), Англа-бел. т-ва (1954), адначасова з 1951 старшыня Бел. акад. каталіцкага аб’яднання «Рунь». З 1962 нам. дырэктара, з 1964 дырэктар Бел. школы імя св. Кірылы Тураўскага, з 1971 кіраўнік Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане, з 1982 рэктар Бел. каталіцкіх місій у Англіі і Францыі. З 1986 апостальскі візітатар для беларусаў грэка-католікаў замежжа, кансультатар кангрэгацыі ўсх. цэркваў пры Ватыкане. З 1989 старшыня Бел. к-та дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі. Аўтар артыкулаў пра бел. духоўную і свецкую л-ру 16—17 ст., тэалагічнай працы «Наша вера: Кароткі катэхізм хрысціянскай навукі. Для беларусаў-каталікоў» (выд. на бел. мове ў 1988 у Італіі, у 1990 у Іспаніі). У 1994 Ватыкан афіцыйна зацвердзіў перакладзеныя Н. на бел. мову тэксты для правядзення літургіі для беларусаў-уніятаў.
Тв.:
Сьвяты Кірыла Тураўскі // Спадчына. 1996. № 1—2.
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;
Мюнхен, 1999.
Л.У.Языковіч.
т. 11, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)