СІСТЭ́МА (ад грэч. systēma складзенае з частак),

цэласная сукупнасць узаемазвязаных элементаў. У якасці С. разглядаюцца сукупнасць рэчаў, уласцівасцей і адносін, складаныя аб’екты, часткі прыроднага і тэхнагеннага асяроддзя, якія характарызуюцца шматузроўневасцю і іерархічнасцю пабудовы: напр., горныя С., С. рэк, азёр, мораў, жывёльнага і расліннага свету, С. гарадоў і інш. Адрозніваюць матэрыяльныя і ідэальныя С. Да матэрыяльных адносяць С. ўсіх узроўняў арганізацыі і форм руху матэрыі, уключаючы С. жывой і нежывой прыроды, С. эканам., паліт., прававых і інш. грамадскіх адносін. Ідэальныя С. ўключаюць канкрэтныя, якія складаюцца з пачуццёвых вобразаў і выяўляюцца, напр., у творах мастацтва, і абстрактныя, якія ўваходзяць у склад гіпотэз, тэорый і інш. С. падзяляюць таксама на адкрытыя і закрытыя, статычныя і дынамічныя, жорсткадэтэрмінаваныя і імавернасныя, натуральныя і штучныя і інш. Усім тыпам С. уласціва пэўнае падабенства характарыстык. Элементы С. могуць быць аднародныя і неаднародныя па сваіх якасцях. Комплексы разнародных элементаў у С. з’яўляюцца падсістэмамі. Элементы С. адносна самастойныя, што выяўляецца ў захаванні сваіх якасцей пры змене структуры С. і магчымасці пераходу ў інш. С. Самастойнасць элементаў залежыць ад ступені складанасці С.: чым больш складаная С., тым мацней узаемазалежныя элементы. Цэласнасць С. забяспечваецца яе структурай — устойлівым, упарадкаваным спосабам сувязі паміж элементамі. Структура С. складаецца ў працэсе ўзаемадзеяння элементаў і адказвае за ўзнаўленне С. і яе адаптацыю да ўмоў асяроддзя. Змены ў асяроддзі прыводзяць да пераўтварэння структуры С., а часам да замены папярэдніх элементаў якасна новымі (гл. Ізамарфізм і гомамарфізм). С. характарызуюцца 3 тыпамі ўласцівасцей: субстратнымі, інтэгратыўнымі і функцыянальнымі. Субстратныя ўласцівасці (маса, памер, матэрыяльны састаў) абумоўлены матэрыяльным складам С., інтэгратыўныя — залежаць ад спосабу сувязі паміж элементамі, функцыянальныя — вызначаюць функцыі С. ў знешнім асяроддзі.

Першыя ўяўленні пра С. як аснову ўпарадкаванасці і цэласнасці быцця ўзніклі ў ант. філасофіі. Б.​Спіноза, Г.​Лейбніц і прадстаўнікі навук. сістэматыкі 17—18 ст. прапаноўвалі прыродазнаўчыя сістэмна-анталагічныя канцэпцыі светабудовы. Прынцыпы сістэмнай прыроды ведаў у ням. класічнай філасофіі распрацоўвалі І.​Кант, Ф.​Шэлінг, Г.​Гегель. У 2-й пал. 19—20 ст. даследаваліся спецыфіка тэарэт. ведаў як С. (неакантыянства), метады пабудовы лагічных і фармалізаваных С. (неапазітывізм). Сістэмныя даследаванні праводзяцца ў межах агульнай тэорыі сістэм і спец. тэорый: сістэмнага падыходу, сістэмнага аналізу, сістэматэхнікі, кібернетыкі, сінергетыкі і інш.

Літ.:

Системные исследования. М., 1969;

Морозов В.Д., Морозов В.В. Диалектика: системы и развитие. Мн., 1978;

Аверьянов А.Н. Системное познание мира. М., 1985;

Система. Симметрия. Гармония. М., 1988;

Хакен Г. Информация и самоорганизация: Макроскопич. подход к сложным системам: Пер. с англ. М., 1991;

Князева В.Н., Курдюмов С.П. Законы эволюции и самоорганизации сложных систем. М., 1994;

Спицнадель В.Н. Основы системного анализа. СПб., 2000.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКІЯ ЗА́МКІ.

Існавалі ў 15—18 ст. у г. Слуцк Мінскай вобл. Размяшчаліся ў абалоне р. Случ. Складаліся з Верхняга (Горнага), Ніжняга (Дольнага) і Новага (Цытадэлі) замкаў.

Верхні (Горны) замак займаў прыродную выспу авальнай формы памерам 80 × 100 м, якая ўзвышалася над поймай р. Случ на 5—7 м у сутоках яе з р. Бычок. У 11—14 ст. тут размяшчаўся дзядзінец летапіснага Случаска. Першыя звесткі пра Верхні замак адносяцца да 1409, калі ён згадваецца як умацаванне на насыпаным «капцы» з драўлянымі сценамі і вежамі. Па перыметры пляцоўкі быў насыпаны глініста-пясчаны вал шырынёй у аснове 22 м і вышынёй больш за 4 м. З боку поля вал апяразваўся ровам шырынёй 25 м і глыбінёй каля 2 м. Схілы замка былі ўмацаваны дубовымі завостранымі на конус палямі даўжынёй 4—6 м. Паводле інвентарных апісанняў Слуцка за 1627, 1728, 1791, 1793 і 1800, Верхні замак займаў плошчу каля 1,5 га. Цераз абарончы роў быў перакінуты пад’ёмны мост з парэнчамі, які вёў да ўваходнай замкавай брамы. Над ёй мелася высокая вежа з гадзіннікам. На вежы знаходзіўся пакрыты пазалотай медны шар з выявай арла на ім. Замкавая брама мела 4 ярусы бою. Яшчэ ў 1791 тут размяшчаліся 3 гарматы. На восі ўезду стаяў 1-павярховы палац з часаных брусоў на падмурку.

Ніжні (Дольны) замак размяшчаўся на ПнУ ад Верхняга замка (на месцы б. вакольнага горада) і быў аддзелены ад яго запоўненым вадой ровам. Гэты замак быў на 2—3 м ніжэйшы за Верхні і меў выгляд няправільнага чатырохвугольніка плошчай 1,9 га. Ён ахоўваўся земляным валам і драўляным парканам. Паводле інвентара 1687, тут стаялі 3 палацы, зрубленыя з часанага бруса на падмурку, вазоўня, замкавая стайня і інш.,гасп. пабудовы. Верхні і Ніжні замкі абмываліся водамі р. Бычок з дапамогай плацін і штучнага рова, які злучаў р. Бычок з р. Случ. У 18 ст. гэтыя замкі мелі назву «Земляны замак».

Новы замак (Цытадэль) размяшчаўся на левым беразе р. Случ на тэр. новага места (горада). Ён меў форму квадрата плошчай 1,1 га з 4 бастыёнамі і адным равелінам. На бастыёнах і курцінах стаялі драўляныя вежы, што не ўласціва для зах.-еўрап. бастыённай фартыфікацыі. Новы замак быў абкружаны вадзяным ровам, злучаным з р. Случ патаемным шлюзам. Уваход у цытадэль вёў цераз мост і браму, якая знаходзілася ў тоўшчы вала. Яна была 1-павярховая і мела вароты з 2 палотнішчаў, збітых з дубовых дошак. Новы замак уваходзіў у сістэму знешніх умацаванняў Слуцка 17—18 ст. Гл. таксама Слуцкія гарадскія ўмацаванні.

Літ.:

Грицкевич А.П. Древний город на Случи. Мн., 1985;

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991;

Калядзінскі Л. Верхні замак Слуцка // Бел. гіст. часоп. 1996. № 1.

Л.​У.​Калядзінскі, М.​А.​Ткачоў.

т. 15, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́ДНІЯ ВЯКІ, сярэдневякоўе, сярэднявечча,

назва эпохі паміж старажытнасцю (антычнасцю) і Адраджэннем. Уведзена ва ўжытак італьян. гуманістамі 15—16 ст., якія імкнуліся супрацьпаставіць свой час папярэднім стагоддзям, што трактаваліся імі як перыяд заняпаду культуры. У адрозненне ад «цёмнай», «варварскай» эпохі, што настала пасля росквіту культуры ў класічнай старажытнасці (Грэцыя і Рым), новыя часы лічыліся перыядам адраджэння антычнасці. У паняцце «С.в.» ўкладваўся адмоўны сэнс. Пасля таго, як у 1685 ням. гісторык Х.​Келарыус (Келер) выдаў падручнік па універсальнай гісторыі, у якім падзяліў мінулае на старажытнасць, С.в. і новы час, 3-членная схема перыядызацыі і тэрмін «С.в.» трывала ўвайшлі ў гістарыяграфію. У 18 ст. аформілася асобная гіст. дысцыпліна, што вывучае С.в. — медыявістыка.

У еўрап. гуманістыцы лічыцца, што ў вузкім значэнні слова паняцце «С.в.» тычыцца толькі тых тэрыторый, якія зведалі Адраджэнне (г.зн. уласна Еўропы), а ў дачыненні да іншых гаварыць пра С.в. можна толькі ўмоўна. Храналагічныя межы эпохі вызначаюцца па-рознаму. Звычайна яе пачынаюць ад канца 4—5 ст. (у франц. гістарыяграфіі ад 395 — года смерці імператара Феадосія Вялікага, у нямецкай — ад 476 — краху Зах. Рымскай імперыі), а завяршаюць сярэдзінай 15 — пач. 16 ст. (1453 — крах Візантыйскай імперыі, 1492 — адкрыццё Амерыкі, 1517 — выступленне М.​Лютэра і інш.). У межах гэтай эпохі вылучаюць 3 падэпохі: раннія С.в. (канец 4—11 ст.), высокія С.в. (11—1-я пал. 13 ст.) і познія С.в. (2-я пал. 13 — пач. 16 ст.). У сучаснай зах. гістарыяграфіі прызнаецца, што паміж С.в. і новым часам існавала пераходная эпоха — прыкладна паміж 1450 і 1550. У бел. падручніках па гісторыі ў адпаведнасці з «Праграмай па гісторыі для базавых агульнаадукацыйных школ» (1996) прынята траічная схема перыядызацыі з такімі ж храналагічнымі межамі, як у Зах. Еўропе. Аднак правамернасць вызначэння межаў С.в. як 5—15 ст. ў дачыненні да гісторыі Беларусі аспрэчваецца ў навук. л-ры.

Асн. прыкметамі С.в. прынята лічыць існаванне васальна-леннай сістэмы (гл. Васалітэт) і феадалізму як асаблівага тыпу грамадскага ладу. Эпоху характарызавалі панаванне натуральнай гаспадаркі і падзеленасць свету на мноства малых, практычна аўтаномных гасп. рэгіёнаў, а таксама поўная перавага рэліг. светапогляду. Паколькі ў гаспадарцы, формах грамадскага жыцця і асабліва ў менталітэце С.в. вызначалі еўрап. культуру і пасля 16 ст., прадстаўнікі «школы «Аналаў» увялі канцэпцыю «працяглага сярэдневякоўя», згодна з якой С.в. доўжыліся да 18—19 ст.

Літ.:

Ле Гофф Ж. Цивилизация средневекового Запада: Пер. с фр. М., 1992;

Сагановіч Г. У пошуках Сярэднявечча // Бел. гіст. агляд. 1997. Сш. 1—2;

Dinzelbacher R. Sachwörterbuch der Mediávistjk. Stuttgart, 1992;

Sauer H. Mittelalter // Leksikon des Mittelalters. Berlin. 1993. Bd. 6;

Goetz H.-W. Moderne Mediavistik: Stand und Perspektiven der Mittelalterschung. Darmstadt, 1999.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 15, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУБЯЦКО́Й (Trubetzkoy) Мікалай Сяргеевіч (16.4.1890, Масква —25.6.1938),

расійскі лінгвіст, культуролаг і філосаф; тэарэтык еўразійства; прадстаўнік пражскай школы ў мовазнаўстве. Сын С.М.Трубяцкога. Скончыў Маскоўскі ун-т (1913). У 1919 эмігрыраваў у Сафію. З 1922 у Вене, з 1923 праф. Венскага ун-та. Распрацаваў шэраг новых кірункаў у лінгвістыцы: фаналогію, марфаналогію, гісторыю літ. моў, тыпалогію моўных структур, кантрастыўную лінгвістыку. Для параўнальнага вывучэння моў абгрунтаваў неабходнасць 3 падыходаў: гіст.-генетычнага, арэальна-гіст. і тыпалагічнага. Выявіў заканамернасці фанетычнага строю малавывучаных моў (фіна-угорскіх, каўказскіх, палеаазіяцкіх). Распрацаваў перыядызацыю стараж. агульнаслав. моўнай гісторыі. Сфармуляваў паняцце «моўнага саюзу» для характарыстыкі моў, пашыраных у адной геагр. зоне і культ.-гіст. вобласці. Распрацаваў дынамічную тыпалогію моў, з дапамогай якой імкнуўся рэканструяваць стараж. этапы моўнай гісторыі і мадэліраваць тэндэнцыі моўнага развіцця ў будучыні. Паводле Т., усе тэарэт. і практычныя даследаванні ў навуцы павінны накіроўвацца на правільнае развіццё асобы. Гарманічнае развіццё чалавека звязваў з яго рэалізацыяй у творчасці. Перадумовай творчай дзейнасці чалавека і яго «самаажыццяўлення» лічыў самапазнанне, якое, на думку Т., знаходзіцца ў пастаянным узаемадзеянні з калектыўна-нац. самапазнаннем («Пра сапраўдны і несапраўдны нацыяналізм», 1921). Абсалютызаваў ролю нац. культур і абвяргаў ідэю стварэння агульначалавечай культуры, якая, на яго думку, можа прывесці да утылітарнага светапогляду і нівеліроўкі духоўных патрэбнасцей чалавецтва. Падзел культур на прымітыўныя і развітыя лічыў памылковым тэзісам еўропацэнтрычнай навукі; сцвярджаў, што вывучэнне культур павінна ажыццяўляцца паводле прынцыпу раўназначнасці і «якаснай непараўнальнасці» культур («Еўропа і чалавецтва», 1920). У «рамана-германскай» еўрапеізацыі бачыў гал. небяспеку для культ.-гіст. развіцця чалавецтва як сукупнасці непаўторных культур розных народаў («шматчалавечых асоб»). Крытыкаваў славянафілаў за імкненне ствараць сваю культуру на ўзор чужой «вялікай» культуры, далучыць да сваёй культуры чужыя «малыя» культуры і пераўтварыць іх на свой лад, за арыентацыю на далёкае мінулае сваёй культуры; рэалізацыя славянафільскіх ідэй, на думку Т., прывяла б да нац. абязлічання, страты чысціні этнасу і нац. ідэі, застою і парушэння сувязі культуры з менталітэтам яе носьбітаў. Лічыў, што рус. культура ўтварае асаблівы «еўразійскі» тып, заснаваны на спалучэнні культур усх. славян і турынскіх народаў (угра-фінаў, самаедаў, цюркскіх народаў, манголаў маньчжураў), і не адносіцца ні да «рамана-германскай», ні да славянскай культур. Выступаў за карэнны пераварот у паліт. і нац. еўрапеізаванай свядомасці рус. народа, самабытны «еўразійскі» шлях яго эвалюцыі. Погляды Т. паўплывалі на развіццё лінгвістыкі, фарміраванне лінгвакультуралогіі, этнасацыялогіі, рус. геапаліт. даследаванняў.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. тр. по филологии. М., 1987;

История. Культура. Язык. М., 1995;

Наследие Чингисхана. М., 1999;

Основы фонологии. 2 изд. М., 2000.

Літ.:

Н.​С.​Трубецкой и современная филология: [Сб. ст.]. М., 1993.

Н.​Г.​Кісялёва.

т. 15, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЭ́ЦІ ПАДЗЕ́Л РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ.

Ажыццёўлены ў 1795 Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй у выніку падаўлення паўстання 1794. Расія планавала адзінаўладна распарадзіцца лёсам Рэчы Паспалітай, зыходзячы з занятасці Прусіі вайной супраць Францыі і нейтралітэту Аўстрыі. Аднак Прусія 10.5.1794 адвяла свае войскі з франц. тэатра ваен. дзеянняў і 3.6.1794 акупіравала г. Кракаў з ваяводствам, на што прэтэндавала Аўстрыя. Апошняя ў адказ 15—30.6.1794 захапіла Сандамірскае ваяв. і Хэлмскую зямлю, што прывяло да тэр. спрэчак і сварак вакол пасады галоўнакамандуючага саюзнымі карнымі войскамі. Узяцце А.​В.​Суворавым Варшавы (4.10.1794) і захоп у палон Т.​Касцюшкі дазволілі Расіі дыктаваць уласныя ўмовы падзелу. Рас. імператрыца Кацярына II выступіла пасрэдніцай уладкавання спрэчных доляў Прусіі і Аўстрыі праз Суворава і М.​В.​Рапніна, якім, аднак, загадала таемна заняць Беластоцкую акругу да лініі р. Буг — вусце р. Нараў — г. Гродна і не саступаць яе Прусіі. 3.1.1795 Расія і Аўстрыя размежавалі сферы сваіх інтарэсаў у Валынскім і Брэсцкім ваяв. да р. Буг, але без пазначэння рас.-прускай мяжы паміж Бугам і Гроднам. Каб сутыкненне тут рас. і прус. войск не перарасло ў вайну, бакі пайшлі на кампраміс: Прусія саступіла Кракаў Аўстрыі, Расія аддала Варшаву Прусіі. Трохбаковую канвенцыю пра падзел Рэчы Паспалітай Расія, Прусія і Аўстрыя падпісалі 24.10.1795 у Пецярбургу. 24.11.1795 яны пагадзіліся ўрэгуляваць спрэчныя пытанні, у т. л. вакол даўгоў караля польскага і вял. кн. літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які 25.11.1795 адрокся ад трона. 16.1.1796 Расія вывела свае войскі з Беласточчыны і размясціла іх па лініі: вусце р. Нараўка — мястэчкі Гарадок—Кузніца—р. Ласосна—р. Нёман і далей да мяст. Паланга. Сумесная камісія 3.8.1796 зацвердзіла гэтую мяжу і 30.9.1796 дэмаркіравала яе. Канчаткова тэр. долі падзелу трохбаковая камісія зацвердзіла 21.11.1796. Прусія атрымала б. ч. Мазавецкага ваяв. з Варшавай, часткі Падляшскага, Гродзенскага, Трокскага ваяв. і Жамойці (48 тыс. км²); Аўстрыя — Кракаўскае, Сандамірскае, Люблінскае, часткі Мазавецкага, Брэсцкага і Падляшскага ваяв. (47 тыс. км.​2); Расія — Валынскае, Навагрудскае, Віленскае, часткі Брэсцкага, Гродзенскага, Трокскага ваяв. і Жамойці з гарадамі Брэст, Навагрудак, Гродна, Вільня, Коўна (120 тыс. км²). 3-і падзел стаў чарговай праявай агрэсіўнай палітыкі манархій Расіі, Прусіі і Аўстрыі, якія выкарысталі знясіленасць Рэчы Паспалітай для канчатковага знішчэння яе паліт. існавання і паслядоўнага захопу яе зямель. На далучаных да Рас. імперыі тэрыторыях былі арганізаваны Віленская губерня і Слонімская губерня.

Літ.:

Rolle J. Stanisław August w Grodnie. Lwów. 1887;

Historia dyplomacji polskiej. T. 2. Warszawa, 1982;

Lord R.H. Drugi rozbiór Polski. Warszawa. 1984;

Cegielski T., Kądziela Ł. Rozbiory Polski 1772—1793—1795. Warszawa. 1990;

Zamoyski A Ostatni król Polski. Warszawa, 1994.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 16, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭА́ТР-СТУ́ДЫЯ КІНААКЦЁРА Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм».

Створаны ў 1980 як эксперым. творчая лабараторыя з мэтай садзейнічаць захаванню прафес. акцёрскай формы, удасканаленню майстэрства, Аснову т-ра складалі штатныя акцёры кінастудыі «Беларусьфільм», пазней ён папоўнены выпускнікамі Бел. тэатр.-маст. ін-та, Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі (бел. набор, педагог І.​Таланкін), акцёрамі з інш. тэатраў. Гал. рэжысёры: В.​Анісенка (1980—82), Б.​Луцэнка (1982—90); маст. кіраўнік А.​Яфрэмаў (з 1991); гал. мастакі Дз.​Мохаў (1983—94), з 1998 Л.​Пруднікаў.

Спроба арганізаваць т-р зроблена ў 1979; група кінаакцёраў з удзелам акцёраў мінскіх т-раў падрыхтавала і паказала спектакль «Паляванне на качак» А.​Вампілава (рэж. Анісенка). Адкрыўся т-р 30.3.1982 спектаклем «Усё яго жыццё» паводле кінааповесці «Камуніст» Я.​Габрыловіча. У 1980-я — пач. 1990-х г. у рэпертуары т-ра пераважалі п’есы, якія ўзнімалі вострыя маральна-этычныя і сац. праблемы («Глядзіце, хто прыйшоў» У.​Аро, «Шчасце маё...» А.​Чарвінскага, «Не баюся Вірджыніі Вулф» Э.​Олбі і інш.). Адначасова вяліся пошукі арган. спалучэння мастацтва т-ра і кіно, новых сродкаў выразнасці, у т. л. ўключэнне кінафрагментаў у сцэн. дзеянне (кінаканцэрт «Саракавыя», «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» І.​Чыгрынава), прыём «здымачная пляцоўка» на сцэне («Камедыя пра Лісістрату» паводле Арыстафана), «буйны план», патрабаванне арганічнасці ігры пры непасрэдным кантакце акцёраў з гледачом ва ўмовах залы на 220 месцаў.

1990-я — пач. 2000-х г. адметныя ўключэннем у рэпертуар разам з сучаснай драматургіяй («Мы ідзём глядзець «Чапаева» А.​Данілава, «Міленькі ты мой» М.​Варфаламеева) класічных твораў: «Тэатр купца Япішкіна» Е.​Міровіча, «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага, «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа, «Пігмаліён» Б.​Шоу; п’ес маладых бел. драматургаў: «Шчаўкунок» А.​Палешчанковай, «Поле бітвы» С.​Бартохавай. Т-р праводзіць канцэрты, аўтарскія і творчыя вечары вядомых майстроў сцэны і экрана. У трупе т-ра (2002); нар. арт. Беларусі У.​Гасцюхін, засл. артысты Беларусі А.​Бяспалы, Л.​Румянцава, С.​Сухавей, А.​Цімошкін, артысты А.​Адзінцова, В.​Арланава, С.​Вількін, У.​Грыцэўскі, А.​Гур’еў, Н.​Жукоўская, С.​Іваноў, А.​Караблёва, А.​Кацянёў, А.​Кашпераў, Л.​Мардачова, Т.​Мужэнка, І.​Нарбекава, Ю.​Палубінская, А.​Проліч, Н.​Разанцава, В.​Рыбчынскі, В.​Сізова, І.​Сцяпанаў, А.​Цярпіцкі, П.​Юрчанкаў старэйшы, П.​Юрчанкаў малодшы. Працуе ў тэатр. зале кінатэатра «Масква».

Літ.:

Брандабоўская Л., Сцяпанава Я. «Мы імкнёмся да гарызонта...» // Беларусь. 1986. № 2;

Арлова Т. Пасярод праблем сусвету: На спектаклях Мінскага тэатра-студыі кінаакцёра // Мастацтва Беларусі. 1987 № 3.

Н.​М.​Шукан.

Тэатр-студыя кінаакцёра. Сцэна са спектакля «Пігмаліён» Б.​Шоу.
Тэатр-студыя кінаакцёра. Сцэна са спектакля «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа.

т. 16, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАМА́ АКВІ́НСКІ, Тамаш Аквінскі,

Фама Аквінат (Thomas Aquinas; 1225 ці 1226, замак Ракасека каля Акуіна, Італія — 7.3.1274),

сярэдневяковы філосаф, тэолаг, сістэматызатар схаластыкі, заснавальнік тамізму. Д-р тэалогіі (1257). Чл. ордэна дамініканцаў (1244). Выхоўваўся і вучыўся ў бенедыкцінскім кляштары Монтэ-Касіна, у Неапалітанскім і Парыжскім ун-тах; вучань Альберта Вялікага. Выкладаў у Парыжы, Рыме, Неапалі. У асн. працах «Сума філасофіі, аб сапраўднасці каталіцкай веры супраць язычнікаў» (1259—64), «Сума тэалогіі» (не скончана, 1269—73) імкнуўся даць філас. абгрунтаванне хрысц. веравучэнню на аснове сінтэзу рацыянальнага і рэліг. пазнання, пераасэнсавання з хрысц. пазіцый філасофіі Арыстоцеля. Асн. прынцып філасофіі Ф.А. — гармонія веры і розуму; быў упэўнены, што розум здольны даказаць быццё Бога і адхіліць пярэчанні супраць ісцін веры. Догматы веры падзяляў на рацыянальна зразумелыя, Якія можна растлумачыць пры дапамозе розуму (існаванне Бога, бессмяротнасць душы і інш.), і звышрацыянальныя, недаступныя логіцы, якія спасцігаюцца толькі шляхам веры (створанасць свету, догмат пра першародны грэх). Дасканалае пазнанне, на яго думку, магчыма толькі ў раі ці ў стане рэліг. экстазу і заключаецца ў сузіранні Бога. Лічыў, што найвышэйшага шчасця чалавек дасягае пры ўсведамленні божай сутнасці, што магчыма толькі пры выкананні ўсіх прадпісанняў рэлігіі і царквы. Уяўляў Бога як быццё, што мае раз і назаўсёды ўстаноўленыя парадак і іерархію; сцвярджаў, што чалавек павінны падпарадкоўвацца гэтаму парадку і ў асабістым, і ў грамадскім жыцці, займаць у грамадстве становішча, наканаванае яму Богам і божымі намеснікамі на зямлі — царквой і свецкай уладай. Царк. ўлада, паводле Ф.А., вышэй за манархічную; усе зямныя правіцелі павінны падпарадкоўвацца папе рымскаму. З 14 ст. вучэнне Ф.А. лягло ў аснову развіцця рымска-каталіцкай тэалогіі. У 1323 ён кананізаваны каталіцкай царквой, у 1567 прызнаны «пятым настаўнікам царквы». У 1879 вучэнне Ф.А. абвешчана папам Львом XIII «адзіна сапраўднай філасофіяй каталіцызму», што стала падставай для развіцця неатамізму — афіц. дактрыны рымска-каталіцкай царквы. Неатамісты (Ж.​Марытэн, Э.​А.​Жыльсон і інш.) бачаць у вучэнні Ф.А., якое абвясціла гармонію веры і розуму, рэлігіі, волі і маралі, аснову для стварэння гарманічнай і цэласнай культуры.

Тв.:

Рус. пер. — Сумма теологии I—II. Вопрос 18. О благе и зле применительно к человеческим действиям вообще // Вопр. философии. 1997. №9;

О нападении демонов // Человек. 1999. №5;

Сумма теологии. Вторая книга второй части, вопрос 66. (О краже и грабеже) // Личность и мир. 2000. №7.

Літ.:

Маритен Ж. Фома Аквинский, апостол современности // Маритен Ж. Знание и мудрость: Пер. с фр. М., 1999;

Жильсон Э. Избранное. Т. 1. Томизм: Введение в философию св. Фомы Аквинского: Пер. с фр. М.; СПб., 2000.

І.​В.​Катляроў.

Фама Аквінскі.

т. 16, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛАСО́ФСКАЯ АНТРАПАЛО́ГІЯ,

у шырокім сэнсе — філасофскае вучэнне аб прыродзе і сутнасці чалавека; у вузкім сэнсе — кірунак у зах.еўрап. філасофіі 20 ст., прадстаўнікі якога імкнуліся ажыццявіць паварот філасофіі да антрапалагічнай тэматыкі і сфарміраваць новую навуку пра чалавека. Асн. палажэнні і прынцыпы Ф.а. сфармуляваны ў працах ням. філосафаў М.​Шэлера «Становішча чалавека ў космасе» і Г.​Плеснера «Ступені арганічнага і чалавек» (абедзве 1928). Яны зыходзілі з прынцыповай процілегласці «жывёлы наогул» і чалавека, разглядалі чалавека як свабодную істоту, здольную вызваліцца ад біял. патрэбнасцей, як носьбіта культуры і як арганізм у шэрагу інш. арганізмаў. У трактоўку чалавечага быцця прадстаўнікі Ф.а. паклалі розныя «базісныя структуры»: псіхал. (Шэлер), біял. (А.​Гелен), «эксцэнтрычнай пазіцыянальнасці» (Плеснер), культ.антрапал. (Э.​Ротгакер) і інш. Пад уплывам Ф.а. ўзніклі рэліг. (Г.​Э.​Генгстэнберг) і пед. (О.​Ф.​Больнаў) антрапалогіі; шэраг ідэй Ф.а. развіваліся ў экзістэнцыялізме, прагматызме і структуралізме.

Асновы бел. Ф.а. закладзены ў 1930-я г. (С.​Я.​Вальфсон, С.​З.​Кацэнбоген, М.​М.​Нікольскі і інш.). У 1960—80-я г. праблематыка Ф.а. значна пашырылася, сфарміраваліся логіка-метадалагічны (Дз.​І.​Шыраканаў, А.​І.​Пятрушчык, Я.​С.​Яскевіч і інш.), гісторыка-філас. (М.​А.​Алексютовіч, А.​А.​Бірала, Э.​К.​Дарашэвіч, У.​М.​Конан, І.​М.​Лушчыцкі, А.​С.​Майхровіч і інш.), сацыялагічны (Я.​М.​Бабосаў, М.​В.​Тараткевіч, С.А Шавель і інш.) і культуралагічны (М.​І.​Крукоўскі і інш.) кірункі ў даследаванні чалавека; аналізаваліся праблемы спецыфічных асаблівасцей і вызначальных фактараў у выхаваўчым працэсе ва ўмовах навук.-тэхн. рэвалюцыі (К.​П.​Буслаў, Бабосаў), роля культуры і розных форм грамадскай свядомасці ў сацыялізацыі асобы (Т.​І.​Адула, І.​І.​Жбанкова і інш.), сямейна-шлюбных адносін, маральнага і эстэт. выхавання, каштоўнасных арыентацый і паводзін моладзі (С.​Д.​Лапцёнак, С.​П.​Вінакурава і інш.), сутнасць Ф.а. як аднаго з кірункаў зах.-еўрап. думкі 20 ст. (І.​І.​Антановіч). З 1990-х г. Ф.а. на Беларусі развіваецца як самаст. дысцыпліна; яе асн. праблемы — анталогія сучаснага чалавека, стан Ф.а. як філас. дысцыпліны на мяжы 20—21 ст. (Пятрушчык, Адула, А.​К.​Манееў, В.​А.​Паўлоўская і інш.), мнагамернасць і супярэчлівасць прыроды чалавека, яго сац. якасці і шляхі іх рэалізацыі, асн. сферы жыццядзейнасці, матывы паводзін, унутр. свет, смяротнасць і бессмяротнасць, знакава-сімвалічныя сістэмы чалавечай дзейнасці, фарміраванне новай светапогляднай парадыгмы і інш.

Літ.:

Тейяр де Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр. М., 1987;

Проблема человека в западной философии: Сб.: Пер. с англ., нем., фр. М., 1988;

Сержантов В.Ф. Человек, его природа и смысл бытия. Л., 1990;

Сумерки богов. М., 1990;

Барулин В.С. Социально-философская антропология: Общие начала социал.-филос. антропологии. М., 1994;

Ананьев Б.Г. Человек как предмет познания. М., 2000;

Леви-Строс К. Структурная антропология: Пер. с фр. М., 2001.

Т.​І.​Адула.

т. 16, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЫЧНАЕ МАСТАЦТВА.

Вядучае месца ў нар. бел. муз. культуры займае песенная творчасць, якая ахоплівае некалькі гіст.-стылёвых пластоў. Найб. даўні пласт утвараюць песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў. Каляндарна-земляробчы цыкл уключае песні калядныя, шчадроўскія, масленічныя, веснавыя гукальныя, валачобныя, юраўскія, купальскія, карагодныя, жніўныя, дажынкавыя, ярныя, восеньскія. Сямейна-абрадавы цыкл прадстаўлены жанрамі радзінных і вясельных песень, галашэнняў (прымыкаюць і калыханкі). Вызначальная асаблівасць песенных цыклаў — строгая прымеркаванасць да пэўнага часу ці абставін, якая раней была абумоўлена адпаведнай абраднасцю, у наш час падтрымліваецца традыцыяй і асацыятыўнымі сувязямі. З гэтай рысай звязаны фарміраванне т.зв. формульных тыповых напеваў, якія маюць знакавую інтанацыйную семантыку. Гэтыя гранічна сціслыя вузкааб’ёмныя напевы (звычайна не перавышаюць квінты), якія абагульняюць некалькі паэтычных тэкстаў пэўнага жанру; пры вонкава скупых меладычных сродках маюць вял. выразна-эмацыянальную сілу дзякуючы сэнсавай важкасці кожнай меладычнай дэталі, найтанчэйшаму інтанацыйнаму нюансаванню ў межах ладава-меладычнай формулы, раўназначнасці ўсіх кампанентаў муз. мовы: уласна меладычных (ладавых і рытмічных), арнаментальных, тэмбравых. У залежнасці ад мясц. традыцый пры сумесным спяванні каляндарна-земляробчыя і сямейна-абрадавьы песні выконваюцца ў антыфоннай манеры (Паазер’е), гетэрафонным (Гомельскае Палессе) або бурдонна-дыяфонным (Брэсцкае Палессе) роспеве.

Другі яркі і разгорнуты гісторыка-стылёвы пласт нар. песнятворчасці складаюць песні, якія ўзніклі ў эпоху станаўлення бел. народнасці (14—16 ст.) і ў часы сялянскіх паўстанняў (17—18 ст.). Яны прадстаўляюць лірычную і лірыка-эпічную традыцыю: муз. сацыяльную лірыку і эпас (песні чумацкія, бурлацкія, казацкія, пра ваен. падзеі і важакоў сялянскіх паўстанняў, пазней рэкруцкія і салдацкія), любоўную лірыку, а таксама песні жартоўныя, бытавыя. Ад стараж. абрадавых песень яны адрозніваюцца непрымеркаванасцю выканання і яркай індывідуалізацыяй муз.-паэтычнага вобраза, існуюць у мностве жанравых і сольных варыянтаў. У іх асноўную муз.-выразную ролю адыгрывае ўласна меладычная плынь. Мелодыі, распетыя ў сярэднім і вял. дыяпазонах, вызначаюцца ўнутранымі інтанацыйнымі кантрастамі, развітой песеннай строфікай. З песнямі 2-га пласта звязана шматгалосае падгалосачна-поліфанічнае выкананне (на Палессі найб. пашырана з «падводкай» — верхнім саліруючым голасам), а таксама тыпу «ўторы» (Панямонне). Вытокі песнятворчасці савецкага і постсавецкага часу — напевы нар. класічнага стылю і мастацтва літ. паходжання. Цэнтральнае па значнасці месца займае партызанская песня, якая ўвасобіла гераічны, лірычны, жартоўны і сатырычны пачатак сучаснай нар. песні.

Рэгіянальныя песенныя традыцыі ўвасабляюць песенныя сістэмы, якія гістарычна склаліся і акрэсліліся на Палессі, Падняпроўі, Паазер’і, Панямонні. Іх вызначае сукупнасць прыкмет, з’яў і заканамернасцей; суадносіны гісторыка-стылёвых пластоў; песенна-знакавыя асаблівасці абраду і яго «парадак»«закон»; суадносіны ўласна песеннага і гульнёвага (танцавальнага інстр.) пачатку; адзіночнага і сумеснага спеву (тыпы шматгалосся); выканальніцкія асаблівасці і іх тэрміналагічныя абазначэнні самімі носьбітамі аўтэнтычнага фальклору; цэнтралізуючы кампанент сістэмы, які ўрэшце і вызначае адметны характар традыцыі.

З.​Я.​Мажэйка.

Жаночы гурт в. Тонеж Лельчыцкага раёна.
Жаночы гурт в. Клятная Пінскага раёна.

т. 18, кн. 2, с. 634

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭХАСЛАВА́КІЯ (Československo),

дзяржава ў цэнтр. Еўропе ў 1918—92 на тэр. сучасных Чэхіі і Славакіі. Пл. 128 тыс. км², нас. (1986) 15,5 млн. чал., з якіх чэхаў 64%, славакаў 31%. Узнікла на чэш. і славацкіх землях Аўстра-Венгрыі ў выніку нац.-вызв. барацьбы чэхаў і славакаў, якая ўзмацнілася напярэдадні і ў час 1-й сусв. вайны. У 1915 чэш. паліт. дзеячы стварылі за мяжой Чэш. к-т дзеяння. Восенню 1915 заключаны дагавор паміж прадстаўнікамі Славацкай лігі і Чэш. нац. аб’яднання ў ЗША пра будучае аб’яднанне чэхаў і славакаў у федэратыўным саюзе дзяржаў. У маі 1916 пад кіраўніцтвам чэха Т.І.Масарыка і славака М.​Штэфаніка Чэш. к-т дзеяння пераўтвораны ў Чэхаславацкі нац. савет (ЧНС). Восенню 1916 прадстаўнікі чэш. партый стварылі Чэш. саюз у Вене і Нац. к-т у Празе. Летам 1918 урады краін Антанты прызналі ЧНС у якасці ўрада будучай дзяржавы чэхаў і славакаў. Нац. к-т у Празе 28.10.1918 абвясціў пра стварэнне незалежнай Ч. Гэтае рашэнне падтрымаў Славацкі нац. савет (у г. Марцін), які 30.10.1918 абвясціў пра аддзяленне Славакіі ад Венгрыі. 13.11.1918 зацверджана часовая канстытуцыя Чэхаславацкай Рэспублікі (першы прэзідэнт Масарык, першы прэм’ер-міністр К.​Крамарж), межы якой вызначылі Версальскі мірны дагавор 1919, Сен-Жэрменскі мірны дагавор 1919 і Трыянонскі мірны дагавор 1920. Акрамя чэш. і славацкіх зямель у яе склад увайшла населеная пераважна ўкраінцамі і венграмі Падкарпацкая Русь, на якую напачатку прэтэндавала і Венгрыя. Канфлікт з Польшчай з-за багатай вугалем Цешынскай Сілезіі вырашыўся ў 1920 падзелам яе паміж дзвюма дзяржавамі. У Ч. ў 1920 пражывала 13,5 млн. чал., у т. л. 7 млн. чэхаў, 2 млн. славакаў, 3 млн. немцаў. У складаных міжнар. умовах Славакіяй у студз. 1919 у Браціславе створана мін-ва па справах Славакіі з неабмежаванымі паўнамоцтвамі. На тэр. Ч. было сканцэнтравана амаль 70% прам-сці б. Аўстра-Венгрыі, што спрыяла хуткаму пераадольванню наступстваў вайны. Аднак эканам. развіццё розных частак Ч. было вельмі нераўнамернае. У адрозненне ад прамысл. развітай Чэхіі, Славакія заставалася пераважна с.-г. краінай са слабаразвітай прам-сцю, якая не вытрымлівала канкурэнцыі чэш. прадпрыемстваў і разаралася. Гэтая нераўнамернасць захоўвалася да канца існавання Ч. і, разам з нац.-культ. і нац.-паліт. фактарамі, згубна адбівалася на ўстойлівасці дзяржавы.

У лют. 1920 Часовы нац. сход прыняў канстытуцыю Ч., якая ўзаконіла ўжо сфарміраваную паліт. сістэму парламенцкай рэспублікі. Да сак. 1939 змянілася 20 урадаў, якія з 1922 узначальваліся ў асн. лідэрамі найб. шматлікай і ўплывовай у краіне Агр. партыі. Значным уплывам карысталіся таксама партыі: права-кансерватыўная Нац.-дэмакр., С.-д., Сацыяліст., Чэхаславацкая нар., Камуніст. (КПЧ, засн. ў 1921); у Славакіі найб. значнай была Хрысц. нар. партыя А.​Глінкі. Ва ўмовах частай змены ўрадаў рэальная паліт. ўлада ў Ч. канцэнтравалася ў пазапарламенцкіх групоўках «Град», «Пяцёрка», «Васьмёрка», якія складаліся з лідэраў асн. паліт. партый. У 1920—30-я г. назіралася тэндэнцыя да ўзмацнення паўнамоцтваў прэзідэнта і ўрада. Масарыка, які памёр у 1935, змяніў на пасадзе прэзідэнта яго паплечнік па нац.-вызв. барацьбе Э.Бенеш. Прэм’ер-міністрам стаў аграрый М.​Годжа. Да канца 1920-х г. у Ч. ў асн. завершана памяркоўная агр. рэформа, якая перадала сялянам за выкуп каля 150 тыс. га зямель буйных землеўладальнікаў (у іх засталося каля 40% зямельных угоддзяў краіны). Прам-сць у 1924—29 паспяхова развівалася, але эканам. крызіс пач. 1930-х г. прывёў да спаду вытв-сці на 40% і масавага беспрацоўя (1 млн. чал. у 1933). У 1937 аб’ём прамысл. вытв-сці толькі наблізіўся да дакрызіснага. У знешняй палітыцы Ч. арыентавалася на ўмацаванне адносін з Францыяй, з якой у 1924 заключыла ваен.-паліт. саюз. У 1920—21 створаны ваен. саюз Ч. з Румыніяй і Югаславіяй — Антанта малая. Лакарнскія дагаворы 1925 ускладнілі знешнепаліт. становішча Ч. У 1934 устаноўлены дыпламат. адносіны з СССР, у 1935 падпісаны дагавор аб узаемадапамозе. У сярэдзіне 1930-х г. ўзмацніўся ўплыў КПЧ і правых партый. Прагерм. Судэта-ням. партыя К.​Генлейна патрабавала шырокай аўтаноміі для паўн. і паўн.-зах. раёнаў Ч., заселеных пераважна немцамі, скасавання дагавораў з СССР і Францыяй. Адначасова ўзмацніліся сепаратысцкія настроі ў Славакіі. Каб даць падставу для ўмяшання Германіі, генлейнаўцы ў ноч на 12 вер. 1938 арганізавалі ўзбр. мяцеж, які быў падаўлены. Аднак паводле навязаных Ч. Вялікабрытаніяй і Францыяй умоў Мюнхенскага пагаднення 1938 Германія 1.10.1938 акупіравала Судэцкую вобл. і інш. пагранічныя раёны Ч. з пераважна ням. насельніцтвам. 2.10.1938 Польшча прымусіла Ч. аддаць ёй Цешынскую вобл. Паводле Венскага арбітражу 1938 Венгрыя 2.11.1938 захапіла паўд. раёны Славакіі і ч. Падкарпацкай Русі. У выніку Ч. страціла ​1/3 ч. сваёй тэр., 40% прам-сці, пагранічныя ўмацаванні і апынулася ў эканам. і паліт. залежнасці ад Германіі. Э.​Бенеш пайшоў у адстаўку, прэзідэнтам выбраны Э.​Гаха. Ён і ўрад т.зв. другой рэспублікі атрымалі права мяняць канстытуцыю. Па патрабаванні славацкіх і ўкр. паліт. дзеячаў былі створаны аўт. земскія ўрады Славакіі на чале з І.​Цісам і Падкарпацкай Русі на чале з А.​Бродзіем. У ходзе канфлікту з цэнтр. урадам славацкі сейм па ўказанні Германіі 14.3.1939 абвясціў «Незалежную Славацкую дзяржаву» на чале з прэзідэнтам Цісам. 15.3.1939 Гаха падпісаў у Берліне прапанаваны А.​Гітлерам акт аб скасаванні «нежыццяздольнай» Ч. і ням.-фаш. войскі акупіравалі Чэхію і Маравію, дзе 16.3.1939 створаны т.зв. Пратэктарат Багемія і Маравія — нібыта аўт. ўтварэнне на чале з герм. імперскім пратэктарам К. фон Нейратам. Немцы пратэктарата абвяшчаліся герм. грамадзянамі. Падкарпацкую Русь захапіла Венгрыя. Пад кіраўніцтвам Бенеша ў 1939 у Парыжы створаны Чэхаславацкі нац. к-т (пазней ён пераехаў у Лондан, летам 1940 пераўтвораны ў Часовы ўрад Ч.). У эміграцыі створаны таксама Дзярж. савет Ч., які выконваў функцыі парламента. Бенеш прызнаны прэзідэнтам Ч. на эміграцыі. Урад СССР 18.7.1941 заключыў з чэхаславацкім эмігранцкім урадам пагадненне аб ваен. супрацоўніцтве і 12.12.1943 дагавор аб дружбе, узаемадапамозе і пасляваен. супрацоўніцтве, якія прадугледжвалі аднаўленне Ч. ў дамюнхенскіх межах. На тэр. СССР з 1942 фарміраваліся чэхаславацкія вайск. часці, аб’яднаныя ў 1944 у армейскі корпус (камандзір — ген. Л.Свобада), які ўдзельнічаў у вызваленні Ч. У сак. 1945 у Маскве прадстаўнікі Бенеша дамовіліся з кіраўніцтвам КПЧ і дэлегацыяй Славацкага нац. савета пра стварэнне Нац. фронту чэхаў і славакаў (НФ; увайшлі КПЧ, Кампартыя Славакіі, чэхаславацкія Нац.-сацыяліст., С.-д., славацкія Нар. і Дэмакр. партыі) і яго праграму. 4.4.1945 у вызваленым Чырв. Арміяй славацкім г. Кошыцы абвешчана аб стварэнні ўрада НФ і апублікавана праграма пасляваен. ўладкавання дзяржавы. Пасля поўнага вызвалення краіны ад ням. фашыстаў (май 1945) адноўлена Чэхаславацкая Рэспубліка. Паводле пагаднення паміж ёй і СССР ад 29.6.1945 Падкарпацкая Русь далучана да Укр. ССР. На аснове рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945 ням. насельніцтва Ч. выселена ў Германію.

У адноўленай дзяржаве ролю парламента напачатку выконваў Часовы нац. сход (200 дэп. ад Чэхіі, 100 — ад Славакіі), кіруючай паліт. сілай быў НФ на чале з лідэрам КПЧ К.Готвальдам. Вял. паўнамоцтвамі карыстаўся прэзідэнт Бенеш (афіцыйна выбраны 19.6.1946). Адносіны цэнтр. і славацкіх дзярж. органаў рэгуляваліся спец. пагадненнямі, якія абмяжоўвалі паўнамоцтвы славацкага кіраўніцтва. На выбарах ва Устаноўчы сход (май 1946) камуністы атрымалі 114 дэпутацкіх месцаў з 300, новы ўрад узначаліў Готвальд. У 1945—47 праведзена агр. рэформа (канфіскаваны і перададзены ў прыватную ўласнасць сялянам землі немцаў, калабарацыяністаў і буйныя маёнткі), нацыяналізаваны горная, металургічная прам-сць, энергетыка, банкі. У лют. 1948 у знак нязгоды з курсам Готвальда на працяг нацыяналізацыі 12 міністраў з 26 падалі ў адстаўку. Аднак КПЧ арганізавала шматтысячныя маніфестацыі ў сваю падтрымку і стварыла рабочую міліцыю, якая паралізавала дзейнасць апазіцыйных партый. Бенеш быў вымушаны пагадзіцца на захаванне ўрада, адстаўку 12 міністраў і замену іх стаўленікамі Готвальда. Улада фактычна перайшла да КПЧ і яе прыхільнікаў у НФ. 9.5.1948 прынята новая канстытуцыя, якая абвясціла Ч. нар.-дэмакр. рэспублікай чэхаў і славакаў. На выбарах у Нац. сход 30.5.1948 НФ атрымаў 93% галасоў. Пасля адстаўкі Бенеша (7.6.1948) прэзідэнтам Ч. выбраны Готвальд (1948—53). У 1948 нацыяналізаваны прамысл. прадпрыемствы, у якіх працавала больш за 50 чал. (на прыватных прадпрыемствах засталося 5% работнікаў), канфіскаваны ўсе зямельныя ўладанні, большыя за 50 га. IX з’езд КПЧ (май 1949) прыняў генеральную лінію на пабудову ў Ч. асноў сацыялізму на сав. ўзор. Ч. ўступіла ў Савет эканамічнай узаемадапамогі (1949), падпісала Варшаўскі дагавор 1955. Працэс сацыяліст. перабудовы эканомікі і грамадства суправаджаўся паліт. рэпрэсіямі, якія працягваліся да сярэдзіны 1950-х г. і ахапілі каля 70 тыс. чал. (27 тыс. чал. загінулі); сярод рэпрэсіраваных старшыня аўтаномнага ўрада Славакіі Г.Гусак і Ген. сакратар ЦК КПЧ Р.​Сланскі. Фармальна захоўвалася шматпартыйнасць (у рамках НФ), фактычна ж існавала дыктатура КПЧ. Пасля смерці Готвальда КПЧ у 1953—68 узначальваў яго прыхільнік А.Новатны; прэзідэнтам Ч. ў 1953—57 быў А.Запатоцкі, у 1957—68 — Новатны. У ліп. 1960 прынята новая канстытуцыя Ч., якая замацавала курс КПЧ на «пабудову камунізму», краіна стала наз. Чэхаславацкай Сацыяліст. Рэспублікай (ЧССР). У канцы 1960-х г. нарасталі крызісныя з’явы ў эканоміцы, абумоўленыя заганамі адміністрацыйна-каманднай сістэмы, абвастрылася нац. пытанне. У студз.-сак. 1968 Новатны адхілены ад пасад 1-га сакратара ЦК КПЧ і прэзідэнта краіны. Новае кіраўніцтва на чале з 1-м сакратаром ЦК КПЧ А.Дубчакам (1968—69) і прэзідэнтам ЧССР ген. Л.​Свобадай (1968—75) спрабавала рэфармаваць эканоміку і грамадскае жыццё «зверху» ў дэмакр. духу (гл. «Пражская вясна»), аднак гэтаму перашкодзілі ўвод (жн. 1968) у Ч. войск СССР і інш. краін — членаў Варшаўскага дагавора, акрамя Румыніі, і інш. формы націску з боку кіраўніцтва КПСС. Рэфарматарскае кіраўніцтва КПЧ у 1969 адхілена, пад кіраўніцтвам Г.Гусака (з 1969 1-ы, з 1971 Ген. сакратар ЦК КПЧ, з 1975 адначасова прэзідэнт ЧССР) пачаўся працэс «нармалізацыі». Паводле канстытуцыйнага закона аб федэрацыі (27.10.1968) Ч. ператворана ў федэрацыю раўнапраўных і суверэнных сацыяліст. рэспублік — Чэшскай і Славацкай. Вышэйшым заканад. органам ЧССР стаў двухпалатны Федэральны сход, які складаўся з Нар. палаты (200 дэп.) і Палаты нацыянальнасцей (па 75 дэп. ад Чэхіі і Славакіі). Федэральны сход выбіраў прэзідэнта краіны. У канцы 1970-х г. на фоне эканам. цяжкасцей узніклі арг-цыі дысідэнтаў «Хартыя—77», «Камітэт абароны незаконна асуджаных» і інш. З пачаткам перабудовы ў СССР аналагічныя працэсы разгарнуліся і ў Ч., хоць кіраўніцтва КПЧ імкнулася замарудзіць іх. У 1987 Гусак заменены на пасадзе ген. сакратара ЦК КПЧ М.​Якешам. З жн. 1988 адбываліся амаль няспынныя мітынгі і дэманстрацыі апазіцыі. У ходзе «аксамітнай рэвалюцыі» 1989 КПЧ страціла манаполію на ўладу, сфарміраваны пераходны ўрад (камуністы, беспартыйныя, сацыялісты, прадстаўнікі нар. партыі) на чале з М.​Чалфай. У снеж. 1989 Гусак пайшоў у адстаўку з пасады прэзідэнта, новым прэзідэнтам выбраны лідэр Грамадзянскага форуму В.Гавел, старшынёй Федэральнага сходу — А.​Дубчак. У чэрв. 1990 адбыліся свабодныя выбары ў парламент, сфарміраваны ўрад з прыхільнікаў радыкальных рыначных рэформ. Восенню 1990 прыняты закон аб рэстытуцыях (вяртанні нацыяналізаванай маёмасці б. уладальнікам). Незадаволенасць славацкіх палітыкаў формай федэрацыі прывяла да яе рэфармавання законам ад 1.12.1990: б.ч. паўнамоцтваў перайшла ад федэральных органаў улады да рэсп., дзяржава пачала наз. Чэшскай і Славацкай Федэратыўнай Рэспублікай (ЧСФР). Эканам. цяжкасці і беспрацоўе ў пач. 1990-х г. абвастрылі супярэчнасці ў пытанні аб тэмпах і метадах эканам. рэформ паміж урадам Чэхіі і Славакіі. Вясной 1992 на парламенцкіх выбарах у Чэхіі перамагла правацэнтрысцкая кааліцыя прыхільнікаў радыкальных рэформ і захавання федэрацыі, у Славакіі — леваарыентаваны Рух за дэмакр. Славакію, які выступаў за поўны суверэнітэт Славакіі. Перагаворы паміж кіраўнікамі чэш. (В.Клаўс) і славацкага (У.Мечыяр) урадаў аб умовах захавання федэрацыі былі безвыніковымі. В.​Гавел, пасля няўдалай спробы выбрання ў парламенце на новы тэрмін, 20.7.1992 падаў у адстаўку з пасады прэзідэнта ЧСФР. 25.11.1992 Федэральны сход прыняў закон, у адпаведнасці з якім ЧСФР 31.12.1992 спыніла існаванне, на яе тэр. ўтварыліся 2 незалежныя дзяржавы — Чэхія і Славакія.

Літ.:

Краткая история Чехословакии. М., 1988;

Коровицына Н.В. Агония соцмодернизации: Судьба двух поколений двух европейских наций. М., 1993.

Н.​А.​Царук.

т. 17, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)