ДАМБАВЕ́ЦКІ (Аляксандр Станіслававіч) (1840 — каля 1914),
бел. краязнавец, грамадскі дзеяч. Скончыў Кіеўскі ун-т. З 1872 магілёўскі губернатар, з 1893 сенатар. Ініцыятар адкрыцця ў Магілёве гіст.-этнагр. музея (1879). Пачынальнік выдання і рэдактар калектыўнай працы «Спроба апісання Магілёўскай губерні ў гістарычных, фізіка-геаграфічных, этнаграфічных, прамысловых, сельскагаспадарчых, лясных, вучэбных, медыцынскіх і статыстычных адносінах» (кн. 1—3, 1882—84), дзе змешчаны матэрыялы па археалогіі, ёсць звесткі пра побыт, абрады, нар. творчасць, помнікі старажытнасці. Арганізоўваў археал. экспедыцыі па Магілёўшчыне, выстаўкі іх знаходак у Магілёве і Вільні. Садзейнічаў Е.Р.Раманаву ў падрыхтоўцы «Археалагічнай карты Магілёўскай губерні», спрыяў археал. даследаванням У.З.Завітневіча, Д.Я.Самаквасава, М.В.Фурсава, С.Ю.Чалоўскага, выданню «Дзённіка курганных раскопак...» Фурсава і Чалоўскага (1892).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВАРЫ́ШЧА,
1) на Беларусі ў 14—16 ст. (пераважна на Піншчыне) гаспадарчая адзінка і аб’ект абкладання сялян феад. павіннасцямі. Першапачатковыя Д. мелі прыблізна аднолькавую колькасць зямлі, на якой размяшчалася адна сял. гаспадарка — дым. З павелічэннем колькасці насельніцтва і зямлі да 16 ст. яны ўжо не былі аднолькавыя (у сярэднім уключалі 2—4 дымы). Гаспадары асобных Д. часта былі родзічамі, трапляліся і чужыя людзі. Тэр. Д. звычайна мела сваю назву, была акрэслена пэўнымі межамі. Распаду Д. і ўзнікненню сял. гаспадарак у складзе адной сям’і садзейнічала «Устава на валокі» 1557.
2) У Стараж. Русі двор землеўладальніка — дом з гасп. пабудовамі. Д. называлі таксама сельскае паселішча, сяло, вёску. На Беларусі ёсць вёскі з назвамі Дворышча, Дварышча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РКАЎКА (Stellaria),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 120 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі 10 відаў: З. багнавая (S. alsine), балотная (S. palustris), доўгалістая (S. longifolia), дуброўная (S. nemorum), злакавая (S. graminea), ланцэтападобная (S. holostea), незаўважаная (S. neglecta), сярэдняя, або макрыца (S. media), таўсталістая (S. crassifolia), тупачашачкавая (S. hebecalyx). Растуць у лясах, на лугах, балотах, у хмызняках, на палях, агародах і інш.
Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з простым ці галінастым сцяблом выш. да 60 см. Лісце супраціўнае, ад лінейна-ланцэнтнага да яйцападобнага. Кветкі двухполыя, 5-, рэдка 4-членныя, звычайна белыя ў паўпарасонікавых суквеццях. Плод — каробачка. Лек., кармавыя, харч., меданосныя і дэкар. расліны. Многія віды пустазелле, ёсць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯ́БЕР (Galeopsis),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўразіі (пераважна ў Зах. Еўропе). На Беларусі 5 дзікарослых відаў: З. двухнадрэзаны, або жабрэй (G. bifida), звычайны (G. tetrahit), ладаннікавы (G. ladanum), прыгожы, або зябра (G. speciosa), пушысты (G. pubescens). Растуць як пустазелле на палях, агародах, каля дарог і жылля, у сырых лясах і хмызняках.
Аднагадовыя травяністыя расліны з апушаным прамастойным 4-гранным галінастым сцяблом выш. да 70 см. Лісце цэласнае, супраціўнае, чаранковае, яйцападобна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі пурпурна-фіялетавыя, чырванаватыя, жаўтаватыя або белыя, двухполыя, у густых несапраўдных кальчаках. Плод — шматарэшак. Лек., алейныя (у насенні да 40—50% алею), вітамінаносныя, меданосныя і перганосныя расліны; многія віды — пустазелле, ёсць ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́ШКА МЯДЗВЕ́ДЖАЕ ВУ́ШКА, Іван Мядзведжы сын, Медзвядзюк,
герой усх.-слав. чарадзейных казак пра юнака-асілка, пра тры падземныя царствы і інш.
Нараджаецца ад мядзведзя, валодае магутнай сілаю, яшчэ большай, чым яго памочнікі Вярнідуб і Вярнігара. Падобны вобраз (ідзе ад міфаў і легенд) ёсць у казках многіх краін. Зах.-еўрап. казкі пра Мядзведжага сына часткова далучаюцца да анекдотаў пра дурных чарцей. Большасці ўсх.-слав. казак гэтага тыпу характэрна сац.-сатыр. накіраванасць: асілак звычайна сутыкаецца і распраўляецца з панам, папом або царом (асабліва выяўляецца ў бел. і ўкр. варыянтах). У бел. казках пра Мядзведжае вушка вобраз героя пад уплывам традыц. легенд пра асілкаў набывае нярэдка фантаст. рысы волата.
Літ.:
Новиков Н.В. Образы восточнославянской волшебной сказки. Л., 1974. С. 43—52.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРМЕ́ЦЦА (італьян. intermezzo літар. перапынак, ад лац. intermedius тое, што пасярэдзіне, прамежкавы),
1) інструментальная п’еса прамежкавага значэння ў цыклічным творы (санаце, сюіце) або сярэдняя частка (трыо) у трохчасткавай інстр. кампазіцыі. У бел. музыцы І. ёсць у сімф. сюітах Г.Вагнера, А.Клумава, фп. сюіце Я.Касалапава, сюіце для эстр.арк. У.Чараднічэнкі. Сустракаецца і ў оперы, дзе часта наз.інтэрмедыяй, інтэрлюдыяй («Матухна Кураж» С.Картэса).
2) Невял. інстр. п’еса, пераважна для фп. Упершыню ўведзена Р.Шуманам (6 І. для фп.). Шырока вядомы І. для фп. І.Брамса, А.Лядава, В.Каліннікава, для сімф.арк. — М.Мусаргскага. У бел. музыцы І. стварылі Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, А.Багатыроў, Р.Бутвілоўскі, Я.Глебаў, А.Залётнеў, Дз.Смольскі, А.Туранкоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАНЛЫ́КСКАЯ РУ́ЖА (Rosa damascena),
кветкавая расліна сям. ружавых. Культывуецца ў Казанлыкскай даліне ў Балгарыі з 18 ст. Атрымана ў выніку гібрыдызацыі. Займае вядучае месца сярод руж, якія вырошчваюць для атрымання ружавага алею (у кветках да 0,15%; спецыфічны клімат «даліны руж» спрыяе яго назапашванню ў пялёстках). Плантацыі К.р. ёсць у Малдове, Крыме, на Каўказе.
Да арт.Казанлыкская ружа. Ружа эфіраалейная.
Шматгадовыя кусты з прамастойнымі, звычайна шыпаватымі парасткамі выш. да 2 м. Лісце складанае, няпарнаперыстае. Кветкі буйныя, двухполыя, духмяныя, махрыстыя, разнастайнай афарбоўкі, адзіночныя. Плод — арэшак, змешчаны ў мясістым несапраўдным плодзе (відазмененым гіпантыі). З кветак здабываюць ружавыя алей і ваду Для 1 кг алею патрабуецца каля 3 тыс.кг пялёсткаў. Выкарыстоўваюцца ў касметыцы, парфумерыі, кандытарскай прам-сці, нар. медыцыне (супраць хвароб скуры і вачэй).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕНАФА́НКалафонскі
(Xenophanes; 6—5 ст. да н.э.),
стараж.-грэч. філосаф і паэт, заснавальнік элейскай школы. Нарадзіўся ў Калафоне, які пакінуў пасля заваявання яго персамі, і вёў жыццё вандроўніка на працягу 67 гадоў. Выкладаў свае погляды ў палемічных вершах. Яго вучнямі былі Парменід, Зянон, Меліс, Эмпедокл. Развіў вучэнне аб адзіным богу як абстрактнай істоце, якая «ўсёй сваёй сутнасцю... бачыць, мысліць, чуе», сілай свайго розуму ўсё ўзрушвае, знаходзіцца ў вечным стане нерухомасці; бог — гэта нешта адзінае, нязменнае, вечнае, шарападобнае. У сувязі з гэтым крытыкаваў ўяўленні прыхільнікаў антрапамарфізму (Гамер, Гесіёд) аб стараж.-грэч. багах, лічыў, што яны скажаюць прыроду багоў, калі прыпісваюць ім усё тое, што ёсць у людзей несумленнага і ганебнага. Асновай быцця лічыў зямлю і ваду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ФРЫ (ад араб. кафір — няверуючы, няверны),
еўрапейская назва паўд.-афр народа коса. З сярэдзіны 18 ст. К. і роднасныя ім плямёны жылі на тэр. паміж Драконавымі гарамі, рэчкамі Грэйт-Фіш і Умзімкулу. У 1770—1880-я г. вялі ўзбр. барацьбу супраць афрыканераў, з пач. 19 ст. — супраць англічан (т. зв. кафрскія войны); найб. значныя ваен. сутыкненні адбыліся ў 1779—81, 1789—93, 1799—1803, 1811—12, 1818—19, 1834—35, 1846—47, 1850—53, 1858, 1877—79. Да пач. 1880-х г. каланізавана ўся тэр. рассялення коса. Цяпер К. жывуць на У Капскай прав.Паўд.-Афр. Рэспублікі Агульная колькасць 7,39 млн.чал. (1992). Мова — коса (ісікоса). Значная ч. К. прытрымліваецца традыц. вераванняў (культ продкаў і сіл прыроды), ёсць хрысціяне. Займаюцца земляробствам, жывёлагадоўляй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ГЛІ (ням. Kegel),
гульня спарт. тыпу, мэта якой — збіць меншай колькасцю шароў, што пускаюць рукамі, найб. колькасць фігур—кегляў, размешчаных на пляцоўцы ў пэўным парадку і на адлегласці 15—20 м.
Вядомы са стараж. часоў. Радзіма сучасных К. — Германія (17—18 ст.). Як від спорту К. былі пашыраны ў 19—20 ст. у многіх краінах. Сучасныя спарт. К. культывуюцца з 1920. Міжнар. федэрацыя кегельнага спорту засн. у 1952 (Хельсінкі). Нац. чэмпіянаты па спарт. К. праводзяць Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Францыя, Японія і інш., чэмпіянаты свету — з 1926, Еўропы — з 1964. У краінах, дзе культывуюць К., ёсцьспец. збудаванні — кегельбаны (з 18 ст.), абсталяваныя аўтаматызаванымі дарожкамі для пуску шароў, сігнальна-выліч. прыладамі. Спарт. К. ў ЗША і інш. краінах наз. боўлінг.