знак для абазначэння мінімальнай вышыні надводнага борта судна пры поўнай яго загрузцы ў розных умовах плавання.
Мае выгляд круга, перасечанага па цэнтры гарыз. лініяй, якая паказвае найб. дапушчальную асадку судна ў марской вадзе (у летні час у зоне ўмеранага клімату), і 6 гарыз. ліній, якія паказваюць гранічнае апусканне яго ў залежнасці ад раёна плавання, пары года, характару вады. Наносіцца на барты судна.
Грузавая марка марскога судна: а — надводны борт па летнюю грузавую марку; лініі асадкі: ТП і П — для прэснай вады ў трапічнай і ўмеранай зонах; Т — трапічная; Л і З — летняя і зімовая ва ўмеранай зоне; ЗПА — зімовая ў Паўн. Атлантыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЫЛЁЎ (Аляксандр Львовіч) (3.9.1803, Масква — 11.9.1858),
рускі кампазітар, піяніст. Музыцы вучыўся ў бацькі, прыгоннага музыканта Л.С.Гурылёва, дырыжора і скрыпача аркестра графа У.Р.Арлова. У 1831 разам з бацькам атрымаў вольную, працаваў у Маскве. Яркі прадстаўнік дэмакр. кірунку ў рус. рамансе. Многія яго песні сталі народнымі. Найб. вядомыя песні, блізкія да быт. раманса: «Матачка-галубачка», «Аднастайна гучыць званочак», «Сарафанчык», «Уецца ластаўка», а таксама рамансы «Разлука» («На заранку туманнага юнацтва»), «Вам не зразумець майго смутку» і інш. Значная галіна яго творчасці — фп. музыка, у якой вылучаюцца варыяцыі на тэмы нар. песень, рамансаў, опер, а таксама фп. п’есы. Збіраў і апрацоўваў нар. песні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СЕЎ (Васіль Фёдаравіч) (11.1.1927, в. Зарэчча Валагодскай вобл., Расія — 1.2.1991),
рускі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыў тэатр. студыю пры Валагодскім драм. т-ры (1944). Працаваў у Волагдзе, Уральску, Камянец-Падольску, Даўгаўпілсе. З 1963 у Магілёўскім абл.драм. т-ры. Яго майстэрства вызначалася ўменнем спасцігаць сутнасць вобраза і псіхалагічна матываваць яго дзеянні, знаходзіць нечаканыя вонкавыя рысы, уласцівыя персанажу. Выконваў драм. і камедыйныя ролі. Сярод іх: палкоўнік Кусонскі («Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Шахматаў («Аперацыя «Мнагажэнец» А.Дзялендзіка), Дасцігаеў («Дасцігаеў і іншыя» М.Горкага), Крогстад («Нора» Г.Ібсена), Акаёмаў («Машачка» А.Афінагенава), маркіз Фарліпопалі («Гаспадыня гасцініцы» К.Гальдоні), Дон Луіс («Дон Жуан» Мальера) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЙНАЕ ЗНАЧЭ́ННЕ, эфектыўнае значэнне,
сярэднеквадратычнае за перыяд значэнне перыядычнай эл. велічыні (сілы току, напружання і інш.). Напр., Дз.з. сілы пераменнага току вызначаецца цеплавым дзеяннем току (Джоўля—Ленца закон захоўвае свой від, калі пад сілай пераменнага току разумеюць яго Дз.з.). Для велічынь, якія змяняюцца па сінусаідальным законе, Дз.з. ў √2 разоў меншае за амплітуду (найб. значэнне). У электратэхніцы Дз.з. напружання, электрарухальнай сілы і сілы току запісваюць без якіх-н. адзнак (усе амперметры і вальтметры вымяраюць Дз.з. току і напружання), напр., калі ў эл. сетцы напружанне 220 В, то менавіта 220 В — Дз.з. напружання, а яго амплітуднае значэнне (двойчы за перыяд) роўнае 220 √2 В.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЫСЛО́ЎСКІ (Ягор Ягоравіч) (18.6.1841, г. Гродна — 21.5.1896),
расійскі гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1888). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1862), у 1867—71 выкладаў у Аляксандраўскім ліцэі, з 1871 праф. Гісторыка-філал. ін-та ў Пецярбургу, у 1884—90 — Пецярбургскага ун-та. Асн. працы па крыніцазнаўстве гісторыі Расіі і Беларусі 16—17 ст., у т. л. «Цараванне Фёдара Аляксеевіча» (ч. 1, 1871), «Сказанне Масы і Геркмана пра смутны час у Расіі» (1874), «Герберштэйн і яго гісторыка-геаграфічныя весці пра Расію» (1884), «Зносіны Расіі з Польшчай у цараванне Фёдара Аляксеевіча» (1887) і інш. Пад яго рэдакцыяй складзены вучэбны атлас па рас. гісторыі з каментарыямі, выдадзена «Гісторыя расійскіх ордэнаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н ЛЕ́ЙДЭНСКІ (Jan van Leiden, Johann von Leiden),
Ян Бокелзан (Jan Beuckelszoon, Bockelson; каля 1509, паблізу г. Лейдэн, Нідэрланды — 23.1.1536), кіраўнік Мюнстэрскай камуны. У 1533 далучыўся да старшыні нідэрландскіх анабаптыстаў Яна Матыса, хрысціўся ў яго і стаў адным з яго апосталаў. Разам з інш. анабаптыстамі ў 1534 захапіў уладу ў Мюнстэры, а пасля смерці Матыса ўзначаліў савет «12 старэйшын» — вярх. орган улады камуны. Пазней абвясціў сябе «царом Новага Сіёна» (Мюнстэра), валодаў неабмежаванай уладай, увёў палігамію. Імкнуўся пашырыць паўстанне на інш. вестфальскія гарады і Паўн. Нідэрланды. Пры захопе Мюнстэра войскамі епіскапа 25.7.1535 трапіў у палон, катаваны і пакараны смерцю. Гал. герой оперы Дж.Меербера «Прарок» (1849).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМЯ́ў цывільным праве.
Даецца чалавеку пры нараджэнні і служыць сродкам індывідуалізацыі асобы ў грамадскім жыцці. Права на І. — неад’емнае права грамадзяніна, замацаванае Міжнар. пактам аб грамадз. і паліт. правах 1966. Паводле Цывільнага кодэкса Рэспублікі Беларусь грамадзянін набывае і ажыццяўляе правы і абавязкі пад сваім імем, якое ўключае прозвішча і ўласна L, а таксама І. па бацьку. У выпадках і парадку, прадугледжаных законам, грамадзянін можа выкарыстаць псеўданім, перамяніць І. Грамадзянін, які памяняў І., мае права патрабаваць унясення за свой кошт адпаведных змен у дакументы, аформленыя на яго ранейшае І. Атрыманае грамадзянінам І. пры нараджэнні, а таксама перамена яго, падлягаюць рэгістрацыі ў органах ЗАЦСа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬНІН (Пётр Іванавіч) (1872, г. Адэса, Украіна — пасля 1917),
бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскі ін-тграмадз. інжынераў (1896). Працаваў Магілёўскім губ. праўленні, з 1906 гарадскі, у 1907—17 Магілёўскі губ. архітэктар. Паводле яго праектаў у Магілёве узведзены будынкі дваранскага банка, крэдытнага т-ва, царква Трох Свяціцеляў; у Шклове — гар. бойня і будынак папярова-кардоннага з-да. Выкананыя ім 2 эскізныя праекты будынка Магілёўскага пазямельна-сял. банка выкарыстаны арх. А.Друкерам; паводле яго эскізаў выкананы інтэр’еры асобных памяшканняў. Распрацаваў (1913) праекты будынкаў земства і рамеснай школы для Быхава, гандл. крам для Оршы, астрога для Рагачова, яўр. гімназіі для Магілёва, рамеснай школы для Клімавіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЕ́ЎСКІ (Амінадаў Майсеевіч) (29.3.1898, г. Кіраваград, Украіна — 14.6.1976),
расійскі графік. Нар.маст. Расіі (1966). Нар.маст.СССР. Акад.АМСССР (1973). Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т (Масква, 1930). Аўтар ілюстрацый да дзіцячых кніг, якія вызначаюцца жывым гумарам, камічнай гіпербалізацыяй сітуацый і вобразаў («Залаты ключык, альбо Прыгоды Бураціна» А.Талстога, 1942—43; «Мыйдадзір» К.Чукоўскага, 1950), да твораў М.Салтыкова-Шчадрына («За мяжой», 1939), У.Маякоўскага (зб. «Сатыра», 1967), М.Гогаля («Іван Фёдаравіч Шпонька і яго цётухна», 1946). Працаваў у жанрах карыкатуры (з 1936 супрацоўнік час. «Крокодил»), плаката, у станковым малюнку.
А.Канеўскі. Ілюстрацыя да аповесці М.В.Гогаля «Іван Фёдаравіч Шпонька і яго цётухна». 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́МВЕЛА ЦЯЧЭ́ННЕ, экватарыяльнае падпаверхневае проціцячэнне Ціхага акіяна. Рухаецца на У пад Паўднёвым Пасатным цячэннем ад раёна Новай Гвінеі да а-воў Галапагас; даўж. 15 тыс.км, шыр. каля 300 км. Ядро К.ц. з хуткасцю да 5—6 км/гадз рухаецца ўздоўж экватара або адхіляецца ад яго на адлегласць да 100 км. На З акіяна ядро знаходзіцца на глыб. 200 м, на У —50 м і пры аслабленні пасатных вятроў выходзіць на паверхню. Расход вады 25—40 млн.м³/сек. К.ц. з’яўляецца кампенсацыйным і важным у цыркуляцыі водных мас Ціхага ак. ў экватарыяльных шыротах. Адкрыта ў 1952 экспедыцыяй ЗША пад кіраўніцтвам акіянографа Т.Кромвела, названа яго імем.