сярэдневяковая дзяржава на тэр. Ірака і Зах. Ірана ў 935—1055. Назва ад кіруючай дынастыі (родапачынальнік Абу Ш. Буях ці Бувейх). Браты Алі, Ахмед і Хасан Буіды (Бувейхіды) на чале атрадаў наёмнікаў падпарадкавалі сваёй уладзе Зах. Іран, пасля заваявання Багдада (945) пазбавілі Абасідаў свецкай улады, прысвоілі сабе тытул «эмір эміраў». Цэнтрамі Буідаў дзяржавы. былі гарады Багдад, Рэй (каля Тэгерана) і Шыраз. Найб. значны прадстаўнік дынастыі Адуд ад-Даула [949—983] аб’яднаў усе заваяваныя Буідамі тэрыторыі (Арабскі Ірак з гарадамі Багдад і Басра, вобласці Хузістан і Фарс, вакол г. Керман, раёны гарадоў Хамадан, Ісфахан і Рэй). У 1029 дзяржава страціла ўсх. землі (тэр. вакол Рэя і Ісфахана), якія захапіў султан Махмуд Газневі (гл. ў арт.Газневіды). У 1055 Буідаў дзяржаву заваявалі сельджукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАКСІМА́НДР (Anaximandros) з Мілета
(каля 610—546 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф. Прадстаўнік іанійскай натурфіласофіі, паслядоўнік Фалеса. Аўтар твора «Пра прыроду» (не захаваўся). Лічыў, што асновай усяго існага з’яўляецца апейрон (вечная і бясконцая першаматэрыя), з якога ўзнікаюць усе рэчы і ў які вяртаюцца пасля сваёй гібелі; з яго ж вылучаюцца 2 асн. процілегласці: халоднае і цёплае, вільготнае і сухое, іх узаемадзеянне ўтварае рэчы і светы. Анаксімандр даў фармулёўку закону захавання матэрыі. Паводле касмалагічнай тэорыі Анаксімандр, у цэнтры сусвету знаходзіцца нерухомая Зямля, існуе незлічоная колькасць светаў, размешчаных паслядоўна па часе і побач адзін з адным. Спрабаваў Анаксімандр даць дыялект. тлумачэнне свету і жыцця, свабоднае ад міфалогіі, склаў першую геагр. карту, зрабіў першыя ў Грэцыі сонечны гадзіннік і астр. прыстасаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВЕ́Ц (Тарас Дзмітрыевіч) (мянушка Бульба; 9.3.1908, с. Быстрычы Бярэзнаўскага р-на Ровенскай вобл., Украіна — 15.5.1981),
дзеяч украінскага нац. руху. З 1933 адзін са стваральнікаў і кіраўнік падп. арг-цыі «Украінскае нацыянальнае адраджэнне», мэтай якой была барацьба за адраджэнне Укр.нар. рэспублікі (УНР). З пач.Вял.Айч. вайны ператварыў арг-цыю ў Палескую сеч Украінскай паўстанцкай арміі (ПС УЛА), што дзейнічала на тэр.Укр. і Бел. Палесся. Летам 1941 разам з бел. групамі вёў барацьбу за «вызваленне Палесся ад бальшавікоў». Імкнуўся аб’яднаць усеўкр. антыкамуніст. арг-цыі ў адзіную армію з мэтай адраджэння УНР як адзінай дэмакр. шматпарт. дзяржавы. Летам 1943 ПС УПА сілай падпарадкавана Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Неаднойчы быў арыштаваны польскімі і ням. ўладамі. Пасля вайны жыў у ФРГ, Канадзе.
Створана ў 1970 на царк. з’ездзе ў г. Саўт-Рывер (ЗША). Аб’ядноўвае правасл. прыходы ЗША і Канады, якія ўзніклі на пач. 1950-х г. Выступае як самаст. епархія ў складзе экзархата Канстанцінопальскай патрыярхіі ў Паўн. і Паўд. Амерыцы. Дзейнасць царквы рэгламентуецца статутам (1980). Усе прыходы афіцыйна прызнаны краінамі, дзе яна дзейнічае. На чале царквы ў ЗША і Канадзе М.Лапіцкі (1970—76), С.Коўш (з 1977). Вядзе дабрачынную, выхаваўчую, адукац., выдавецкую дзейнасць: з 1951 выдае час. «Царкоўны сьветач», штогодні бел.правасл. каляндар; падтрымлівае выданне час. «Беларуская думка»; адкрыты Бел.рэліг.-адпачынкавы цэнтр Бэлер-Менск (штат Нью-Йорк), Бел.рэліг.-грамадскі цэнтр у Саўт-Рыверы, працуюць суботнія і нядзельныя школы для дзяцей бел. эмігрантаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІК, вадзяная зорачка (Callitriche),
род кветкавых раслін сям. балотнікавых. 25 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя некаторых пустыняў і высакагор’яў. На Беларусі 5 відаў: балотнік веснавы (Callitriche verna), сажалкавы (Callitriche stagnalis), двухполы (Callitriche hermaphroditica), караткаплодны (Callitriche cophocarpa), кручкаваты (Callitriche hamulata). Растуць у вадаёмах са стаячай і павольнай вадой, лужынах, утвараюць зараснікі на паверхні вады; ёсць наземныя формы.
Адна-, шматгадовыя травяністыя расліны, голыя або ўкрытыя зорчатымі валаскамі. Сцябло тонкае, плавае ў вадзе (у наземных формаў сцелецца). Лісце супраціўнае, суцэльнакрайняе, без прылісткаў. Кветкі дробныя, адна-, радзей двухполыя, без калякветніка, па 1—2 у пазухах лісця або сабраны па некалькі адна над адной. Плод — чатырохарэшак (мерыкарпій). Насенне з мясістым эндаспермам, разносіцца насякомымі. Усе віды — корм і сховішча для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАГЕ́НЫ, галоіды,
хімічныя элементы галоўнай падгрупы VII групы перыядычнай сістэмы: фтор F, хлор Cl, бром Br, ёд J і астат At. У прыродзе трапляюцца толькі ў злучэннях (акрамя At).
Малекула галагенаў двухатамная. У звычайных умовах фтор і хлор — газы, бром — вадкасць, ёд і астат — цвёрдыя рэчывы. З павелічэннем ат. масы (ад F да At) павышаюцца т-ры плаўлення і кіпення. Галагены маюць найб. сярод усіх хім. элементаў роднасць да электрона, фтор самы электраадмоўны элемент. Моцныя акісляльнікі, непасрэдна рэагуюць з большасцю хім. элементаў. Рэакцыйная здольнасць у радзе F—Cl—Br—I памяншаецца. З вадародам галагены ўтвараюць галагенавадароды, з металамі і неметаламі — галагеніды, з кіслародам — аксіды (фтор — фтарыды кіслароду). Усе ядавітыя і маюць бактэрыцыдныя ўласцівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ТА (Ілья) (? — чэрв. 1649),
адзін з кіраўнікоў паўстанцкіх атрадаў у час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Палкоўнік Войска Запарожскага. Вясной 1649 на чале 10-тысячнага атрада накіраваны Б.Хмяльніцкім на дапамогу паўстанцам Беларусі. Рухаючыся ўверх па цячэнні Прыпяці, казакі грамілі і рабавалі шляхецкія маёнткі, атрымалі некалькі перамог у баях з харугвамі войска ВКЛ на чале з Я.Радзівілам. З’яўленне казакоў садзейнічала разгортванню паўстання на Беларусі. Да іх далучыліся паўстанцы з Гомеля і інш. мястэчак. 17.6.1649 у раёне мяст. Загалле (цяпер Хойніцкі р-н) Галота з 3-тысячным (паводле інш. звестак 7-тысячным) атрадам уступіў у бітву з войскам ВКЛ. Конніца ротмістра Сасноўскага адцясніла казакоў да балот, і ў выніку працяглага бою амаль усе паўстанцы разам з Галотам загінулі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЙНІ́ЗМ,
рэлігійна-філасофскае вучэнне, пашыранае ў Шры-Ланцы і Індыі. Узнікла ў Індыі каля 6 ст. да н.э. Заснавальнікам лічыцца Вардхамана, празваны Джынай (пераможцам). Джайны пакланяюцца сваім паўміфічным прарокам як божаствам. Паводле вучэння Дж., не існуе адзінага бога-творца, сусвет бясконцы і нікім не створаны, усе істоты маюць жыватворчы пачатак — душу. Вял. значэнне надаецца прынцыпу ахімсы — непрычыненню зла жывому. У чалавека вызначаюцца 2 сутнасці: матэрыяльная (цела) і духоўная (душа). Выратавання і вечнай асалоды можа дасягнуць толькі той, хто верыць у ісціннасць вучэння, выконвае правілы, выпрацаваныя ў Дж., маўкліва скараецца лёсу. Існуюць 2 асн. кірункі Дж.: дыгамбары (адмаўляюцца ад усіх спакус жыцця) і шветамбары (прапаведуюць менш строгі падыход да жыцця).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮ БЕЛЕ́ ((Du Bellay) Жаашэн) (1522, Лірэ, каля г. Шале, Францыя — 1.1.1560),
французскі паэт. Адзін з кіраўнікоў літ. групы «Плеяда», у маніфесце якой «Абарона і праслаўленне французскай мовы» (1549) сфармуляваў шляхі абнаўлення франц. паэзіі — заснаванне новых жанраў, узбагачэнне моўных сродкаў, наследаванне ант. паэтам і інш. Аўтар зб. санетаў «Аліва» (1549—50) і зб. од «Лірычныя вершы» (1549). У 1553—57 жыў у Рыме, дзе стварыў свае лепшыя зб-кі санетаў «Старажытнасці Рыма» і «Шкадаванні», зб. од і элегій «Сельскія гульні» (усеапубл. 1558), якія перадаюць італьян. ўражанні паэта — яго адмоўнае стаўленне да каталіцкага Рыма, погляд на гісторыю развіцця чалавецтва, асуджэнне войнаў, туга па радзіме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МБАЛЬТ ((Humboldt) Аляксандр фон) (14.9.1769, Берлін — 6.5.1859),
нямецкі натураліст, географ і падарожнік; адзін з заснавальнікаў краіна- і ландшафтазнаўства, геаграфіі раслін. Чл. Берлінскай АН (1800), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1818). Вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры, Гётынгена, у Гамбургскай гандлёвай і Фрайбергскай горнай акадэміях (1787—92). У 1799—1804 з франц. батанікам Э.Банпланам даследаваў Цэнтр. і Паўд. Амерыку, у 1829 ажыццявіў паездку на Урал, Алтай і Каспійскае мора. У працы «Космас» зрабіў спробу падсумаваць усе веды пра Сусвет і прыроду Зямлі. Яго творы значна паўплывалі на развіццё прыродазнаўства. Імем Гумбальта названы хрыбты ў Цэнтр. Азіі і Паўн. Амерыцы, гара на в-ве Новая Каледонія, ледавік у Грэнландыі, акіянскае цячэнне каля берагоў Перу, шэраг раслін, мінерал (гумбальтыт), кратэр на Месяцы.