АМБРО́ЗІЯ

(Ambrosia),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы (у іншых краінах — занесеныя). На Беларусі рэдка трапляюцца амброзія палыналістая (A. artemisiifolia) і трохраздзельная (A. trifida), магчымы знаходкі і інш. відаў, якія актыўна пашыраюцца ў Еўропе і з’яўляюцца каранцінным пустазеллем.

Адна- або шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты з галінастым сцяблом выш. да 2 м. Лісце супраціўнае або чаргаванае: перыстарассечанае. Кветкі малапрыкметныя, у маленькіх аднаполых кошыках, сабраных у коласападобныя суквецці (песцікавыя 2-кветныя). Плод — калючкаватая сямянка (адна расліна можа даваць да 90 000 сямянак). Пылок з кветак выклікае алергічныя захворванні: сянную ліхаманку, бранхіяльную астму і інш.

Амброзія палыналістая.

т. 1, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МІ

(Ammi),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 6 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. Амі зубная (A. visnaga) і вялікая (A. majus) культывуюцца на Каўказе, паўд. Украіне і ў Малдове. Інтрадукаваны ў Цэнтр. бат. сад АН Беларусі.

Адна- або двухгадовыя травяністыя расліны з галінастым голым баразнаватым сцяблом выш. 50—80 см. Лісце складанаперыстарассечанае. Кветкі дробныя белыя ў складаных парасоніках. Плод — двухсямянка; мае эфірны алей, келін, віснагін, ізапімпінелін, бергаптэн і інш. біял. актыўныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца пры каранарнай недастатковасці, бранхіяльнай астме, коклюшы, як спазмалітычныя сродкі; прэпарат аміфурын — для лячэння віціліга і кругападобнай лысасці. Харчовыя (ужываюцца карані), меданосныя, вострапрыпраўныя і эфіраалейныя расліны.

Амі зубная.

т. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́ВА

(Agave),

род шматгадовых раслін сям. агававых. Радзіма — Цэнтр. Амерыка. Больш за 300 відаў. У Еўропу завезена пасля адкрыцця Амерыкі. Некаторыя віды культывуюцца ў адкрытым грунце ў Крыме і на Каўказе. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях як дэкар. вырошчваецца агава нітканосная (агава filifera), агава сціснутая (агава stricta), агава амерыканская (агава americana) і інш.

Сцябло ўкарочанае, з разеткай буйнога мясістага калючага лісця. Цвітуць раз у жыцці на 6—15-м годзе, утвараючы кветанос выш. да 12 м з шматкветнай (да 17 тыс.) мяцёлкай. Потым расліны адміраюць, ад карэнішча адрастаюць парасткі. Каштоўныя: з лісця робяць грубую тканіну, паперу, з соку — напоі, з каранёў — лекі.

Агава амерыканская.

т. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДО́НІС

(Adonis),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. казяльцовых. Больш за 20 відаў, пашыраных у стэпавых і лесастэпавых зонах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі ў 1960-я г. Як дэкар. расліны інтрадукаваны 2 віды: адоніс вясновы, або гарыцвет (adonis vernalis), і адоніс палымяны (adonis flammea).

Сцябло прамое або слабагалінастае выш. ад 5 да 40 (зрэдку да 70) см. Лісце рассечана на вузкія сегменты. Кветкі буйныя, адзіночныя, залаціста-жоўтыя або чырвоныя. Плады — авальныя шматарэшкі з прамым або кручкападобным носікам. Выкарыстоўваюць для групавых пасадак і бардзюраў. Прэпараты з адонісу вясновага ўжываюцца пры сардэчнай недастатковасці, неўрозах.

Адоніс: 1 — вясновы; 2 — летні.

т. 1, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЙВА́

(Cydonia),

род дрэў і кустоў сям. ружавых. 1 від — айва звычайная (Cydonia oblonga). Вырошчваюць у Еўропе, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Усх. Азіі. На Беларусі культывуюць як пладовую і дэкар. расліну, выкарыстоўваюць таксама як каранёвы прышчэп для грушы.

Дрэва або куст выш. 1,5—8 м, ва ўмовах Беларусі куст выш. 3—4 м. Лісце круглае, авальнае ці яйцападобнае, зверху цёмна-зялёнае, знізу шараватае, лямцавае. Кветкі адзіночныя, белыя, ружовыя, аранжавыя. Цвіце ў маі—чэрв., плады дробныя, залаціста-жоўтыя, апушаныя, выспяваюць у кастрычніку. Плады багатыя цукрамі, к-тамі, вітамінамі, эфірным алеем, з іх гатуюць варэнне, джэм, кампоты і інш. Размнажаецца насеннем і вегетатыўна. Святлолюбівая і засухаўстойлівая расліна.

Айва звычайная.

т. 1, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНІ́ДЫЯ

(Actinidia),

род павойных кустовых раслін сям. актынідыевых. Каля 40 відаў. Пашырана ў Паўд.-Усх. Азіі, на Д. Усходзе. На Беларусі 4 інтрадукаваныя віды, больш вядомыя актынідыя каламікта (A. kolomicta) і актынідыя востразубчастая (A. arguta).

Актынідыя каламікта (амурскі агрэст) найб. пашыраная ў культуры. Даўж. да 15 м. Кара цёмная. Лісце дробнапілаватае з рыжаватымі валаскамі на жылках. Кветкі белыя. Цвіце ў чэрвені. Плады — зялёныя ягады даўж. 2—3 см, масай да 4 г, з сакавітай мякаццю, багатай цукрамі і вітамінам С, ядомыя. Каштоўны перганос (дае кветкавы пылок). Размнажаюць насеннем, чаранкамі і адводкамі. Добра расце на дрэніраваных, багатых перагноем глебах. Мароза- і газаўстойлівая.

Актынідыя каламікта.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМНАКАЛЕ́Я

(Gymnocolea),

род пячоначных імхоў сям. лафозіевых. Вядомы 2 віды. Адзін з іх пашыраны пераважна ў паўн. раёнах Паўн. паўшар’я, другі — ў Паўд. паўшар’і. На Беларусі 1 від — гімнакалея ўздутая (G. inflata), занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Расце на алігатрофных балотах, па берагах азёр. Трапляецца толькі ў Мядзельскім р-не.

Двухдомная невялікая гіграфільная расліна. Дзярнінкі шырокія, ад светла-зялёных да чырванаватых або цёмна-бурых. Парасткі даўж. да 2,5 см, часта з падверхавінкавымі галінкамі. Лісце коса прымацаванае, да 1/4—1/3 двухлопасцевае. Перыянцый (абгортка архегоніяў) ад амаль шарападобнага да адваротнаяйцападобнага або грушападобнага. Каробачка на ножцы, цыліндрычная, раскрываецца ўздоўж створкамі.

Г.Ф.Рыкоўскі.

т. 5, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІМНАСПАРА́НГІЙ

(Gimnosporangium),

род базідыяльных грыбоў сям. пукцыніевых. Вядома каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Японіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі часцей трапляецца гімнаспарангій звычайнаядлоўцавы (G. juniperinum), гімнаспарангій рагацікападобны (G. clavariforme), гімнаспарангій дрыжалкападобны (G. tremelloides), гімнаспарангій казацкаядлоўцавы (G. salinae). Двухдомныя паразіты, выклікаюць іржу раслін, пераважна грушы, яблыні, рабіны, глогу.

У цыкле развіцця грыбоў 4 стадыі (базідыі, спермагоніі, эцыдыі, тэлейталожы) з характэрным споранашэннем — базідыяспоры, спермацыі, эцыдыяспоры (звычайна развіваюцца на яблыні і грушы), тэлейтаспоры (на ядлоўцы). Міцэлій зімуе ў галінках ядлоўца. Вясной развіваюцца базідыяспоры, якія заражаюць маладое лісце яблыні. Эцыдыяспоры восенню пераносяцца ветрам на ядловец (на звычайны — іржа яблыні, на казацкі — іржа грушы) і развіваюць міцэлій.

т. 5, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАДЫ́Ш

(Laserpitium),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных паясах зямнога шара, асабліва ў Міжземнамор’і. У Беларусі зрэдку трапляюцца гладыш прускі (L. prutenicum) і шыракалісты (L. latifolia). Растуць у шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах, хмызняках, на высечках.

Шмат-, радзей двухгадовыя травяністыя расліны з доўгім вертыкальным коранем і галінастым сцяблом выш. да 150 см. Лісце доўгачаранковае. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя ці жоўтыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з крылатымі рэбрамі. Лек. расліны (настойку кораня выкарыстоўваюць пры хваробах страўніка, печані, жаночых захворваннях, як мачагоннае), маюць эфірны алей гераніёл, які ўжываецца ў парфумернай і харч. прам-сці, у касметыцы.

Г.У.Вынаеу.

т. 5, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ПАДВО́РЛІК

(Aquila clanga),

драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве ў вял. масівах высакастволых увільготненых лісцевых і мяшаных лясоў каля вадаёмаў. На Беларусі адзначаны ў паўд., усх. і паўн. частках; рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела каля 75 см, маса каля 3,2 кг, самкі большыя за самцоў. Апярэнне аднатоннае, цёмна-бурае, патыліца і надхвосце святлейшыя. Дзюба і кіпцюры чорныя. Васкавіца і ногі жоўтыя. Цэўка аперана да пальцаў. Гнёзды на вял. дрэвах, на выш. 12—20 м, выкарыстоўвае некалькі гадоў запар. Выседжвае 1—3 птушанят. Корміцца пераважна дробнымі грызунамі, птушкамі, жабамі, насякомымі. Добра пераносіць няволю.

т. 4, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)