баявыя дзеянні з мэтай зрыву або адбіцця наступлення намнога большых сіл праціўніка, прыкрыцця або ўтрымання занятых пазіцый, выйгрышу часу і стварэння ўмоў для пераходу у наступленне войскаў, якія абараняюцца. Ажыццяўляецца ў тактычных, аператыўных і стратэг. маштабах, прымусова (калі наступленне немагчыма або немэтазгодна) або наўмысна.
У старажытнасці і сярэднявеччы для доўгатэрміновай абароны выкарыстоўвалі ўмацаваныя гарады, крэпасці, замкі (гл.Абарончыя збудаванні). З аснашчэннем арміі агнястрэльнай зброяй (з 14—15 ст.) пачалося збудаванне палявых абарончых умацаванняў. З распаўсюджваннем у 19 ст. наразной зброі з большай далёкасцю стральбы сталі ствараць глыбокую (эшаланіраваную) абарону. Умацаваная паласа глыбінёй 1000—1500 м упершыню была створана ў час Севастопальскай абароны 1854—55. У 1-ю сусв. вайну ў прамежках паміж апорнымі пунктамі ствараліся суцэльныя лініі траншэй. Войскі займалі некалькі абарончых пазіцый, якія эшаланіраваліся ў глыбіню на 3—4 км адна ад адной. За гэтымі пазіцыямі ствараліся тылавыя (запасныя) абарончыя палосы. Будавалася абарона на суцэльным фронце з выкарыстаннем сістэмы інж. збудаванняў і загарод. З насычэннем ўзбр. сіл танкамі, дальнабойнай артылерыяй, самалётамі абарона стала глыбокай, шматпалоснай, процітанкавай, проціартылерыйскай, процісамалётнай. Усебаковае развіццё абарона атрымала ў Вял.Айч. вайну. На тэр. Беларусі цяжкія абаронныя баі ішлі ў чэрв.—жн. 1941 (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Віцебска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.).
У сучасных умовах абарона прадугледжвае актыўнае процідзеянне адначасовым ударам усіх відаў зброі, авіяцыі і артылерыі, дэсантных і інш. войскаў праціўніка, своечасовае выяўленне яго сродкаў масавага паражэння, жывой сілы і тэхнікі, стварэнненайб. зручных умоў для сябе. Каб сарваць ці аслабіць наступленне, войскі ў абароне ажыццяўляюць агнявую контрпадрыхтоўку па групоўцы праціўніка, якая падрыхтавалася да наступлення, і контратакуюць. Паводле метадаў вядзення абароны бывае пазіцыйная і манеўраная; сучасная абарона, як правіла, спалучае абодва гэтыя метады. Устойлівасці і актыўнасці абароны спрыяюць насычанасць яе браніраванымі сродкамі, глыбокае эшаланіраванне і разгрупаванне сіл і сродкаў, разнастайнасць спосабаў вядзення абарончых дзеянняў, выкарыстанне спецыфічных фіз.-геагр. умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭКАЗНА́ЎСТВА,
галіна навукі, якая распрацоўвае тэарэт. асновы грамадскага карыстання творамі друку. Асн. яго задачы: развіццё тэорыі бібліятэчнай справы, аналіз заканамернасцяў гэтага развіцця як сац. з’явы, стварэннебібліятэк і аб’яднанне іх у адзіную сетку, камплектаванне і арганізацыя бібліятэчных фондаў, іх каталагізацыя і класіфікацыя, інфармацыйная і бібліягр. дзейнасць, абслугоўванне чытачоў. Раздзелы бібліятэказнаўства: агульнае бібліятэказнаўства даследуе агульныя прынцыпы і заканамернасці арганізацыі грамадскага выкарыстання кніжных багаццяў, метадалагічныя, агульнатэарэтычныя і інш. пытанні; бібліятэчныя каталогі і фонды вывучаюць тэорыю, гісторыю апрацоўкі твораў друку, тэорыю, гісторыю і методыку фарміравання і камплектавання фондаў, арганізацыі і кіравання; абслугоўванне чытачоў распрацоўвае тэорыю і методыку абслугоўвання чытачоў (вывучэнне попыту чытачоў, методыка прапаганды л-ры, арганізацыя работы на абанеменце, чытальнай зале і інш.); бібліятэчна-інфармацыйны маркетынг і менеджмент даследуе канцэпцыю паводзін стваральніка бібліятэчна-інфарм. твораў і паслуг ва ўмовах рыначнай эканомікі, распрацоўвае тэорыю і методыку арганізацыі, тэхналогіі і працы ў б-цы, эканоміку бібліятэчнай справы, структуру і прынцыпы арганізацыі адзінай сістэмы б-к і кіраванне бібліятэчнай справай; гісторыя бібліятэчнай справы вывучае заканамернасці ўзнікнення і развіцця б-к, бібліятэчных сістэм і сетак, эвалюцыю тэорыі і поглядаў грамадства на арганізацыю грамадскага карыстання кнігамі ў мінулым і на сучасным этапе; распрацоўваюць методыку выкарыстання вылічальнай, капіравальна-размнажальнай тэхнікі, аўдыёвізуальных і інш.тэхн. сродкаў у розных працэсах у б-цы. Метадалагічныя асновы і праблематыку бібліятэказнаўства на кожным гіст. этапе вызначаюць ідэалогія і сац.-эканам. ўмовы. На сучасным этапе развіцця ў цэнтры ўвагі бібліятэказнаўства праблемы: прырода, сутнасць, змест і сац. ўмовы фарміравання інтарэсаў чытачоў; месца і роля б-кі ў сістэме навук. і тэхн. інфармацыі; навук.-тэарэт. асновы адзінай сістэмы бібліятэчнага абслугоўвання і інш. Вядучыя цэнтры навук. даследаванняў у галіне бібліятэказнаўства на Беларусі — Бібліятэка нацыянальная Беларусі, кафедра бібліятэказнаўства Беларускага універсітэта культуры. Падрыхтоўка бібліятэчных кадраў вядзецца на ф-це бібліятэчна-інфарм. сістэм Бел. ун-та культуры. Пэўны ўклад у развіццё бібліятэказнаўства і бібліяграфіі на Беларусі зрабілі Ю.І.Бібіла, Н.Б.Ватацы, А.А.Сакольчык, І.Б.Сіманоўскі і інш.
Літ.:
Шира Д.Х. Введение в библиотековедение: Пер. с англ.М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫЯ РАБО́ТЫ,
работы па раскрыцці і падрыхтоўцы радовішча, выманні карыснага выкапня і транспарціроўцы яго ў межах прадпрыемства, падтрыманні горных вырабатак у рабочым стане (горных мацаванняў, вентыляцыі, водаадліву і інш.). Адрозніваюць горныя работы адкрытыя (гл.Адкрытая распрацоўка радовішчаў), падземныя (гл.Падземная распрацоўка радовішчаў), падводныя (гл.Падводная здабыча), геатэхналагічныя (гл.Геатэхналогія) і інш.
Адкрытыя горныя работы — распрацоўка парод паслядоўнымі слаямі з зямной паверхні. Уключаюць падрыхтоўку паверхні кар’ернага поля, горна-капітальныя (стварэнне капітальных і разразных траншэй, частковае выдаленне раскрыўных парод), горна-падрыхтоўчыя, раскрыўныя і здабыўныя работы. Здабыўныя работы на кар’ерах вядуцца на ўступах і рабочых пляцоўках. Уступы пры распрацоўцы гарыз. і пакатых пакладаў перамяшчаюцца ад разразной траншэі да мяжы кар’ернага поля, пры распрацоўцы буйных нахіленых пакладаў развіваюцца ў глыбіню кар’ера. На Беларусі адкрытым спосабам здабываюць граніт, даламіт, мергель, вапну, торф (гл.Торфаздабыча), мел, буд. камень, гліну, будаўнічыя, сілікатныя, шкляныя і фармовачныя пяскі. Падземныя горныя работы вядуцца ў тоўшчы зямной кары, уключаюць раскрыццё, падрыхтоўку вырабаткі і ачышчальнае выманне выкапня. Для распрацоўкі руднага і калійнага радовішчаў падземным спосабам ствараецца горнае прадпрыемства, у склад якога ўваходзяць руднік, шахта і абагачальная ф-ка. Спосабы распрацоўкі вугальнага радовішча залежаць ад горна-геал. і горна-тэхн. фактараў (колькасці і магутнасці пластоў, глыбіні іх залягання, памераў шахтавага поля і інш.). Распрацоўка шахтавага поля ажыццяўляецца вертыкальнымі і нахіленымі шахтавымі стваламі, штольнямі, брэмсбергамі, лавамі, камерамі, камбінаваным спосабам. Ачышчальнае выманне выкапня вядзецца ў горных вырабатках, якія перамяшчаюцца ў напрамку залягання пакладу. На Беларусі падземным спосабам вядзецца здабыча калійных солей на ВА«Беларуськалій». Горныя работы праводзяцца з дапамогай горных камбайнаў, інш. машын і механізмаў, сродкаў гідрамеханізацыі і геатэхналогіі, буравых установак і буравых інструментаў і інш. Найважнейшыя ўмовы выканання горных работ — забеспячэнне бяспечных умоў працы, рацыянальнае выкарыстанне нетраў, ахова навакольнага асяроддзя. За горнымі работамі ўстаноўлены горны нагляд.
Літ.:
Брюховецкий О.С., Бунин Ж.В., Ковалев И.А. Технология и комплексная механизация разработки месторождений полезных ископаемых. М., 1989, Агошков М.И., Борисов С.С., Боярский В.А. Разработка рудных и нерудных месторождений. 3 изд. М., 1983.
Б.А.Багатаў, М.І.Беразоўскі.
Горныя работы: 1 — адкрытыя (здабыча будаўнічага каменю на Мікашэвіцкім радовішчы); 2 — падземныя (праходка тунэля ў моцнай пародзе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНАЦЫ́Д (ад ген + ...цыд),
знішчэнне асобных груп насельніцтва па расавых, нац., этнічных, паліт. або рэліг. матывах, а таксама наўмыснае стварэнне жыццёвых умоў, разлічаных на поўнае ці частковае знішчэнне гэтых груп, меры па папярэджанні дзетанараджэння ў іх асяроддзі; адно з найцяжэйшых злачынстваў супраць чалавецтва. Арганічна звязана з фашызмам, расізмам і аналагічнымі рэакцыйнымі тэорыямі, якія прапагандуюць расавую і нац. выключнасць, нянавісць і нецярпімасць, панаванне т.зв. «вышэйшых» рас над «ніжэйшымі» і г.д. Паняцце генацыду — пагалоўнае вынішчэнне цэлых народаў — як катэгорыя міжнар. права ўвайшло ва ўжытак пасля 2-й сусв. вайны. У масавых маштабах гітлераўцы ўчынялі генацыд у час 2-й сусв. вайны ў акупіраваных краінах Еўропы, асабліва супраць слав. (рускіх, украінцаў, беларусаў, чэхаў, палякаў) і яўр. Насельніцтва. Мільёны людзей розных нацыянальнасцей знішчаны гітлераўцамі ў канцэнтрацыйных лагерах, лагерах смерці, турмах, у час карных аперацый і інш. Паводле генеральнага плана «Ост» фашысты прадугледжвалі знішчэнне на тэр.СССР і Польшчы 120—140 млн.чал. За гады акупацыі на тэр.СССР фашысты загубілі ў лагерах смерці 11 млн.чал. На акупіраванай тэр. Беларусі было створана больш за 260 лагераў смерці, за 3 гады акупацыі загублена больш за 2 млн. 200 тыс.сав. грамадзян. Выкрыццё на Нюрнбергскім працэсе 1945—46 жудасных злачынстваў гітлераўцаў паслужыла штуршком да прыняцця міжнар.-прававых актаў, накіраваных на барацьбу з генацыдам. Ген. Асамблея ААН 11.12.1946 прыняла рэзалюцыю супраць генацыду, 9.12.1948 ухваліла канвенцыю «Аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго», якая ўстанаўлівае міжнар. крымінальную адказнасць асоб, вінаватых ва ўчыненні генацыду. На XX сесіі Ген. Асамблеі ААН 21.12.1965 прынята міжнар. канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі, якая абавязвае дзяржавы папярэджваць, забараняць, выкараняць усе формы і віды расавай дыскрымінацыі, у т. л. генацыд. Генацыд супраць кампучыйскага народа быў учынены ў перыяд праўлення Пол Пота і Йенг Сары (1976—79; знішчана 3 млн.чал.). Гл. таксама Апартэід.
Літ.:
Нацистская политика геноцида и «выжженой земли» в Белоруссии, 1941—1944. Мн., 1984;
Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй: Пер. з пол. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВЕ́ДНІКІ,
1) тэрыторыя сушы або акваторыя, у межах якой увесь прыродны комплекс поўнасцю выключаны з гасп. дзейнасці і ахоўваецца дзяржавай; від запаведных тэрыторый. Участкі зямлі, яе нетраў і воднай прасторы ў межах З. аддаюцца ў карыстанне грамадскім ці дзярж. органам. Асн. задачы З.: зберажэнне эталонных або найб. тыповых для вызначанай геагр. зоны прыродных ландшафтаў, рэдкіх і каштоўных відаў жывёл і раслін; вывучэнне прыродных працэсаў у натуральным стане; распрацоўка пытанняў рэканструкцыі флоры, фауны і комплексу інш. прыродаахоўных праблем; культ.-асв. работа, папулярызацыя прыродаахоўных поглядаў і аховы прыроды (гл.Маніторынг, Біясферны запаведнік). Вылучаюць З. накіраванага рэжыму, прыродныя, эталонныя, біясферныя, мемарыяльныя і інш. Для аховы прыродных комплексаў З. ствараюцца ахоўныя зоны. Ахоўвае З. спец. служба (дзяржінспектары, егеры). Навук. работа ў З. мае комплексны характар, вядуцца даследаванні па праграме «Летапіс прыроды».
Першыя дзярж. З. ўзніклі ў стараж. Вавілоне, Грэцыі, Індыі і ствараліся з рытуальнымі і паляўнічымі мэтамі. Найстаражытнейшы З. на слав. землях — Белавежская пушча. Першымі дзярж. З. Расіі былі Баргузінскі запаведнік, Кедравая Падзь, Лагадэхскі запаведнік, Саянскі (1915). Самы вял. З. у свеце — Вялікі Габійскі (Манголія, пл. 5 млн.га), у Расіі — Таймырскі запаведнік. Найб. вядомыя З. — Асканія-Нова, Байкальскі запаведнік, Жувінтас, Каўказскі запаведнік, Кызылагаджскі запаведнік, Рэпетэкскі запаведнік і інш.
На Беларусі два З.: Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік (адзіны ў свеце). Стварэнне, статут, структура і рэжым З. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1994) і адпаведнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13.3.1995. Вял. роля З. Беларусі ў зберажэнні і аднаўленні каштоўных і рэдкіх відаў жывёл (алень высакародны, бабёр, зубр, лось і інш.) і раслін, даследаванні па геабатаніцы, фларыстыцы, лесазнаўстве, фауністыцы, паляўніцтвазнаўстве, глебазнаўстве, экалогіі і інш. З. ўдзельнічаюць у міжнар. праграмах па ахове прыроды ў рамках МАБ, ЮНЕП, ЮНЕСКА.
2) Навукова-даследчыя ўстановы, за якімі замацаваны тэрыторыі, дзе вядуцца адпаведныя арганізацыйныя работы і даследаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЭЛЕКТРО́НІКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1973 на базе Лабараторыі электронікі АН Беларусі (існавала з 1961). У ін-це (1998) 10 лабараторый, аспірантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: фіз. асновы оптаэлектронікі і аптычныя метады апрацоўкі інфармацыі; фіз. асновы мікраэлектронікі, у межах якіх распрацоўкі накіраваны на стварэнне элементнай базы для звышхуткадзейных і высокапрадукцыйных сістэм атрымання, захоўвання, перадачы і апрацоўкі інфармацыі; оптаэлектронных элементаў і прылад для аптычнай (у т. л. лазерна-галаграфічных сістэм) апрацоўкі інфармацыі, валаконна-аптычных ліній сувязі, вымяральнай тэхнікі і фотааўтаматыкі; оптыка-электронных, магн.-эл. і інш. пераўтваральнікаў для сістэм кантролю і вымярэння; вакуумных мікраэлектронных прылад для экстрэмальных умоў эксплуатацыі, прылад мікрамеханікі і мікрасенсорыкі; матэрыялаў для мікраэлектронікі і нанатэхналогій. Вынікі навук. даследаванняў: распрацаваны новыя матэрыялы для мікраэлектронікі; метады і сродкі прасторавай і прасторава-часавай мадуляцыі светлавых патокаў, якія забяспечваюць эфектыўнае пераўтварэнне двух- і аднамерных аптычных сігналаў; распрацаваны і створаны фотапрыёмнікі і фотапрыёмныя структуры для валаконна-аптычных ліній сувязі, сістэм аўтафакусіроўкі, рэгістрацыі звышслабых свячэнняў; высокаадчувальныя фотарэзістары і на іх аснове створаны оптаэлектронныя пераўтваральнікі для нанавальтметраў і мультыметраў; створаны спецыялізаваныя высокакагерэнтныя цвердацелыя лазеры для патрэб аптычнай лакацыі, галаграфіі і неразбуральнага кантролю вібратрываласных характарыстык вырабаў машынабудавання метадамі галаграфічнай інтэрфераметрыі, алюма-аксідная тэхналогія стварэння вакуумнай мікраэлектронікі, мікрамеханікі і нанаэлектронікі, вакуумныя інтэгральныя схемы для экстрэмальных умоў эксплуатацыі пры высокіх узроўнях т-р і радыяцыі; выпрацаваны прынцыпы пабудовы высокаадчувальных вымяральнікаў кампанентаў вектара індукцыі магн. поля Зямлі; створана апаратура арыентацыі галаўных частак метэаракет, вымярэння траекторый ствалоў свідравін у працэсе бурэння, спектрафотаметрычная апаратура, якая ўстанаўліваецца на ШСЗ для даследаванняў азонасферы Зямлі, шэраг высокапрадукцыйных сістэм аўтаматызаванага высокадакладнага вымярэння і кантролю памераў вырабаў электроннай тэхнікі, валаконнай оптыкі, а таксама субмікронных часцінак у тэхнал. асяроддзях; устаноўлены заканамернасці структурных і фазавых пераўтварэнняў у тонкіх паўправадніковых і метал. плёнках, сістэмах метал-паўправаднік пры імпульсным лазерным уздзеянні. Распрацоўкі ін-та адзначаны Дзярж. прэміяй СССР (1985), Дзярж. прэміямі Беларусі (1982, 1996), ЛКСМБ (1974). У Ін-це працаваў чл.-кар.АНСССР В.М.Аўдзееў; працуюць акад.Нац.АН Беларусі У.А.Піліповіч і чл.-кар. А.А.Кавалёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ ГЕНЕ́ТЫКА,
навука пра спадчыннасць і зменлівасць жывых істот на субклетачным і малекулярным узроўні; раздзел генетыкі і малекулярнай біялогіі. Вывучае заканамернасці і малекулярныя механізмы захавання, узнаўлення і перадачы спадчыннай інфармацыі. Даныя М.г. выкарыстоўваюцца ў медыцыне, прам-сці, сельскай гаспадарцы, складаюць аснову многіх біял. навук.
Вылучылася ў самастойны кірунак у сярэдзіне 20 ст. ў сувязі з доказам ролі малекул ДНК і РНК у спадчыннасці і ўкараненнем у біялогію новых фіз. і хім. метадаў даследаванняў. У развіццё М.г. вял. ўклад зрабілі амер. вучоныя А.Д.Хершы, Дж.Ледэрберг, Дж.Уотсан, А.Корнберг, М.Нірэнберг, Х.Г.Карана, Д.Балтымар, франц. — Ф.Жакоб, Ж.Мано, англ. — Ф.Крык, сав. — А.А.Баеў, А.С.Спірын, Г.К.Скрабін, і інш. Вывучаны механізмы функцыянавання і структура ДНК і РНК, расшыфраваны генетычны код, адкрыта адваротная транскрыпцыя, высветлена роля і механізмы дзеяння ферментных сістэм у рэплікацыі, транскрыпцыі, трансляцыі і рэпарацыі генаў; створана аперонная мадэль рэгуляцыі экспрэсіі генаў. Стварэнне рэкамбінантнай малекулы ДНК (амер. вучоны П.Берг, 1972) паклала пачатак развіццю генетычнай інжынерыі. Вядуцца работы па малекулярна-генет. карціраванні геномаў, лакалізацыі і кланіраванні генаў. У шэрагу арганізмаў вызначана нуклеатыдная паслядоўнасць ДНК усяго генома. Створаны генетычна мадыфікаваныя мікраарганізмы, расліны і жывёлы з генамі, каштоўнымі для сельскай гаспадаркі, медыцыны і інш. У 1997 англ. вучоныя адкрылі магчымасць кланіравання жывёл з адной саматычнай клеткі.
На Беларусі праблемы М.г. распрацоўваюцца з канца 1960-х г. Значны ўклад у развіццё М.г. зрабілі Р.Р.Ганчарэнка, М.Л.Картэль, Г.І.Лазюк, У.А.Пракулевіч, Ю.К.Фамічоў і інш. Даследаванні вядуцца ў ін-тах Нац.АН Беларусі: генетыкі і цыталогіі, біяарганічнай хіміі, эксперыментальнай батанікі, лесу, Цэнтр.бат. садзе; БДУ, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў. Вывучаюцца малекулярныя структуры і функцыянаванне геномаў раслін, роля паўторных паслядоўнасцей ДНК у геномах, генет. трансфармацыя раслін, мітахандрыяльныя і хларапластныя геномы. Высвятляюцца генет. арганізацыя храмасом фітапатагенных бактэрый і генетыка бактэрыяфагаў, малекулярныя механізмы генет. рэгуляцыі сінтэзу ферментаў у бактэрыяльнай клетцы. Даследуюцца праблемы спадчынных заган развіцця.
Літ.:
Стент Г., Кэлиндар Р. Молекулярная генетика: Пер. с англ. 2 изд. М., 1981;
Инге-Вечтомов С.Г. Введение в молекулярную генетику. М., 1983;
Картель Н.А. Биоинженерия: методы и возможности. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАЭЛЕКТРО́НІКА,
галіна навукі і тэхнікі, якая забяспечвае стварэнне і сінтэз мікрамініяцюрных вырабаў рознага функцыянальнага прызначэння для радыёэлектроннай апаратуры (лініі затрымкі, фільтры, прылады ўзмацнення і апрацоўкі радыёэлектронных сігналаў і інш.); асн. раздзел электронікі. На аснове вырабаў М. створаны таксама высоканадзейныя з вял. аб’ёмам памяці камп’ютэры і камп’ютэрныя сістэмы вырашаюцца праблемы стварэння штучнага інтэлекту.
Грунтуецца на дасягненнях фізікі, хіміі, матэматыкі, матэрыялазнаўства і інш. Сярод вырабаў М. найб. пашыраны аналагавыя і лічбавыя інтэгральныя паўправадніковыя і гібрыдныя мікрасхемы (ІС; гл.Інтэгральныя схемы), прыборы з зарадавай сувяззю (напр., ПЗС-матрыца). Вырабы М. бываюць у выглядзе матрыцы (ці некалькіх матрыц) аднатыпных элементаў мікронных і субмікронных памераў. напр., транзістараў розных тыпаў (біпалярных, МДП) і іх эл. злучэнняў; напр., вял. ІС маюць да 10⁴ элементаў, звышвял. — да 106 і ультравял. — больш за 106 элементаў на крышталь. Вытв-сць паўправадніковых ІС ажыццяўляецца з выкарыстаннем сукупнасці тэхнал. працэсаў, заснаваных на фіз.-хім. метадах апрацоўкі паўправадніковых, метал. і дыэл. матэрыялаў, якія складаюць аснову планарнай тэхналогіі, сінтэз гібрыдных мікрасхем праводзіцца на аснове плёначнай тэхналогіі. М. развіваецца ў кірунку змяншэння памераў элементаў (гл.Мініяцюрызацыя), павышэння ступені інтэграцыі (вызначаецца шчыльнасцю ўпакоўкі) і хуткадзеяння (вызначаецца часам затрымкі сігналу) з абавязковай аптымізацыяй логікі работы мікрасхем, удасканаленнем структуры і ўласцівасцей традыцыйных (германій, крэмній) і новых (арсенід галію і інш.) паўправадніковых і дыэл.-матэрыялаў, тугаплаўкіх металаў. Асн. праблемы М. пры павышэнні ступені інтэграцыі звязаны з фундаментальнымі абмежаваннямі, абумоўленымі прыродай матэрыялаў і фіз. прынцыпамі функцыянавання, а таксама праблемамі ўзроўню ўласных шумоў і адводу цяпла.
На Беларусі даследаванні па праблемах М. вядуцца з сярэдзіны 1960-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це, Ін-тах фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, электронікі Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БДУ, НВА «Інтэграл» (у т. л.вытв-сць вырабаў М.) і інш.
Літ.:
Ефимов И.Е., Козырь И.Я. Основы микроэлектроники. 2 изд. М., 1985;
Валиев К.А. Микроэлектроника: достижения и пути развития. М., 1986;
Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕЯЗНА́ЎСТВА, музеялогія,
комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае гісторыю развіцця музеяў, іх грамадскія функцыі, распрацоўвае тэорыю і методыку ўсіх галін музейнай дзейнасці. Як сістэма спец. ведаў займаецца праблемамі камплектавання, сістэматызацыі, навук. дакументавання і каталагізацыі музейных фондаў, даследуе атрыбутацыю, тыпалагізацыю, спосабы захавання і рэстаўрацыі экспанатаў, выпрацоўвае методыку прапагандысцка-асветнай работы. Звязана з усімі грамадскімі, прыродазнаўчымі і тэхн. навукамі.
Першыя спробы тэарэт. асэнсавання музейнай справы адносяцца да эпохі Адраджэння. Непасрэдным заснавальнікам М. лічыцца ням. калекцыянер І.Д.Маёр — аўтар кн. «Нічога не вырашаючыя агульныя развагі аб мастацкіх і прыродазнаўчых зборах» (1674). Распрацоўкі і практычны вопыт франц. музеязнаўцаў канца 18 — пач. 19 ст былі пераняты большасцю еўрап. краін. У 2-й пал. 19 ст. М. сфарміравалася як асобны раздзел навукі, асаблівых поспехаў дасягнула ў 1960—70-я г., калі аформіліся ням., польская і чэш. музеязнаўчыя школы. Фармальнае прызнанне М. як самаст.навук. дысцыпліны адбылося на XI Генеральнай канферэнцыі Міжнар. савета музеяў (існуе пры ЮНЕСКА), што праходзіла ў Маскве ў 1977. Сав. школа М. склалася ў 1960—70-я г. Яе тэарэт. і навук.-метадалагічным цэнтрам быў НДІ культуры ў Маскве (цяпер Расійскі ін-т культуралогіі).
На Беларусі з 1911 у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та рыхтаваліся спецыялісты па асобных музейных спецыяльнасцях і чыталіся курсы па М. (Б.Р.Брэжга, А.П.Сапуноў і інш.). У 1920-я г. ў БССР музеям быў нададзены статус н.-д. устаноў, пры БДУ дзейнічалі музейныя курсы (кіраўнік В.Ю.Ластоўскі). З пач. 1930-х бел. музейная практыка развівалася ў агульным рэчышчы сав. М. Стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь дало штуршок развіццю самаст.бел. школы М. У 1992 адкрыта кафедра крыніцазнаўства і М. ў БДУ, у 1994 — кафедра этналогіі і М. ў Бел. ун-це культуры. З 1993 у Бел. ін-це праблем культуры працуе Лабараторыя музейнага праектавання, дзейнічае 2-гадовая школа М. для перападрыхтоўкі музейных супрацоўнікаў.
Літ.:
Музееведение: Вопр. теории и методики. М., 1987 (1988);
Гужалоўскі А. З гісторыі музейнай справы на Беларусі // Беларускія музеі: Гісторыя, хроніка, сучаснасць. Мн., 1998.
расійскі скульптар. Нар.маст.СССР (1943). Правадз.чл.АМСССР (1947). Вучылася ў школах-студыях К.Юона і І.Машкова ў Маскве (1909—12), прыватных маст. акадэміях і ў Э.А.Бурдэля ў Парыжы (1912—14). Выкладала ў Вышэйшым маст.-прамысл. вучылішчы (1926—27) і Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1926—30) у Маскве. Чл.Т-варус. скульптараў (з 1926). У 1914 вывучала мастацтва Рэнесансу ў Італіі, потым жыла ў бацькоўскім маёнтку пад Магілёвам. Пазней працавала ў Маскве. У ранні перыяд зазнала ўплыў кубізму, імкнулася да манументальнасці і лаканізму форм («П’ета», 1916, не захавалася). Пасля 1917 удзельнічала ў рэалізацыі плана манум. прапаганды, стварала праекты рамантычна-ўзнёслых, прасякнутых бурлівым рухам помнікаў («Полымя рэвалюцыі», 1922—23, і інш.). У станковых творах імкнулася перадаць унутр. моц натуры праз пацяжэнне аб’ёмаў: «Вецер» (1926), «Сялянка» (1927) і інш. З 1930-х г. звярнулася да праблематыкі сінтэзу манум. скульптуры і архітэктуры (скульпт. група «Хлеб» для Маскварэцкага моста ў Маскве, 1939, і інш.). Найб. значная работа гэтага перыяду — стварэнне (з арх. Б.Іафанам) павільёна СССР на сусв. выстаўцы ў Парыжы 1937. Нарастаючы ўвышыню рытм будынка павільёна-пастамента арганічна працягваўся дыяганальнай кампазіцыяй 25-метровай скульпт. групы «Рабочы і калгасніца» (1935—37, пры перавозцы з Парыжа пашкоджана, адноўлена і ў 1939 устаноўлена ў Маскве). У 1940-я г. працавала пераважна ў жанры партрэта; «Б.Юсупаў», «І.Хіжняк» (абодва 1942—47), «Акадэмік А.Крылоў» (1945) і інш. У апошнія гады працавала над завяршэннем праекта І.Шадра помніка М.Горкаму (з Н.Зяленскай і З.Івановай, арх. З.Разенфельд, 1951), помніка П.Чайкоўскаму (з Зялянскай і Івановай, арх. А.Заварзін; адкрыты ў 1954). Афармляла выстаўкі, тэатр. спектаклі, працавала ў графіцы, стварала праекты адзення, малюнкі для тканін, вырабы з фарфору і шкла. Імя М. прысвоена Ленінградскаму вышэйшаму маст.-прамысл. вучылішчу (1953; з 1994 Пецярбургская маст.-прамысл. акадэмія). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1951, 1952. Іл.гл. таксама да арт.Манументальная скульптура.