МІ́НСКІ ЗАВО́Д МЕДЫЦЫ́НСКІХ ПРЭПАРА́ТАЎ.

Створаны ў 1929 у Мінску як хім.-фармацэўтычны з-д, з 1947 пеніцылінавы з-д, з 1949 з-д № 495, з 1954 з-д медпрэпаратаў, з 1977 галаўное прадпрыемства ВА «Мінмедпрэпараты» (з 1986 «Белмедпрэпараты»). У 1949 даў першую партыю пеніцыліну, у 1951 — стрэптаміцыну, заменнікаў крыві: у 1959 — поліглюкіну, у 1964 — фераглюкіну, у 1971 — рэаполіглюкіну. Асн. прадукцыя (1999): антыбіётыкі, кровазаменнікі, ферментныя, гарманальныя і антыгарманальныя прэпараты, вітаміны, антысептыкі, імунастымулятары, сродкі для наркозу, анкапрэпараты і інш.

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАЛЕ́ДЖ ГА́НДЛЮ.

Засн. ў 1957 у Мінску як тэхнікум сав. гандлю. З 1997 сучасная назва. Рыхтуе бухгалтараў гандл. прадпрыемстваў, юрыстаў, тэхнікаў-тэхнолагаў грамадскага харчавання, эканамістаў, таваразнаўцаў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): тэхналогія прадукцыі грамадскага харчавання; камерцыйная дзейнасць; правазнаўства; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль, эканоміка і кіраванне прадпрыемствам. Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае. Мае філіял (з 1996), у якім на дзённым аддзяленні вучацца інваліды па спецыяльнасці эканоміка і кіраванне прадпрыемствам.

т. 10, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ПАДШЫ́ПНІКАВЫ ЗАВО́Д.

Пабудаваны ў 1948—51 у Мінску як 11-ы Дзярж. падшыпнікавы з-д. У 1962—77 уведзены ў дзеянне вытв. карпусы № 2, 3, 4 (з блокамі цэхаў), цэхі: тэрмічны, літых сепаратараў, інж.-быт., лабараторна-быт. і ў 1995 — участак пластмасава- і гумава-тэхн. вырабаў. У 1990—99 арэнднае прадпрыемства «Мінскі падшыпнікавы завод». Асн. прадукцыя (1999): падшыпнікі (шарыкавыя, ролікавыя, ролікавыя сферычныя, шарнірныя), металарэзныя станкі, спец. тэхнал. абсталяванне, кантрольна-вымяральная апаратура і тавары шырокага ўжытку.

т. 10, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ПАЛІГРАФІ́ЧНЫ КАМБІНА́Т, Мінскае вытворчае паліграфічнае аб’яднанне імя Я.​Коласа. Буд-ва пачата ў 1953 у Мінску. У 1956 выпусціў першую кнігу. З 1981 у складзе вытв. паліграф. аб’яднання імя Я.​Коласа. Кааперуецца з Мінскай фабрыкай каляровага друку. Тыраж выпушчаных кніг і брашур больш за 30 млн. экз. (1997). Асн. прадукцыя: шматколерныя ілюстраваныя кнігі ў цвёрдых і мяккіх вокладках, буклеты, каталогі, праспекты, календары, плакаты, альбомы, блакноты, бланкі, ярлыкі, паштоўкі, этыкеткі.

Да арт. Мінскі паліграфічны камбінат. Пераплётны цэх.

т. 10, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ТЭ́ХНІКУМ-ПРАДПРЫЕ́МСТВА ЛЁГКАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ.

Засн. ў 1945 у Мінску як тэхнікум лёгкай прам-сці. З 1989 сучасная назва. Рыхтуе тэхнікаў-канструктараў-тэхнолагаў, тэхнікаў-тэхнолагаў, тэхнікаў-механікаў, бухгалтараў. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): тэхналогія і канструяванне вырабаў са скуры; апрацоўка тканіны; тэхн. абслугоўванне і рамонт абсталявання абутковай вытв-сці; бухгалтарскі ўлік у лёгкай прам-сці; прадзенне шэрсці і хім. валокнаў; тэхналогія тканіны і тканых вырабаў. Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МИ́НСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

штотыднёвая паліт. і літ. газета афіцыёзнага вялікадзярж., шавіністычнага кірунку; неафіц. частка «Минских губернских ведомостей». Выдавалася з 11(24).7 да 25.12.1911(7.1.1912) у Мінску на рус. мове. Падтрымлівала палітыку П.​А.​Сталыпіна, выступала супраць рэв. руху, прапагандавала адзінства царызму і народа, аднак імкнулася стрымліваць чарнасоценны экстрэмізм газ. «Минское слово». Друкавала творы Д.​Бохана (вершы, гіст. аповесць «У мінскім трыбунале», краязнаўчыя нарысы), вершы, эцюды, допісы мясц. аўтараў. Пераўтворана ў газ. «Минские ежедневные ведомости».

У.​М.​Конан.

т. 10, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МОГИЛЁВСКИЙ ГО́ЛОС»,

штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета. Выходзіла з 13.3 да 10.4.1918 у Магілёве на рус. мове. Абвясціла сябе беспартыйнай, мела на мэце асвятляць падзеі, з’явы і факты мясц. жыцця ва ўмовах акупацыі горада германскімі войскамі і польскімі легіянерамі І.​Р.​Доўбар-Мусніцкага. Апублікавала справаздачы пра пасяджэнні Магілёўскіх гар. думы і губ. земскай управы, даклад пра Брэсцкі дагавор, артыкул «Беларуская Народная Рэспубліка» (Дрыгавіч). Інфармавала пра Усерасійскі з’езд Саветаў, падзеі ў Петраградзе, Мінску, Гомелі, Смаленску, Бабруйску.

С.​Г.​Кныш.

т. 10, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАЛІ́НСКІ (Міхал) (1783, Мінск — 1856),

бел. гравёр, педагог. У 1802—08 вучыўся ў Пецярбургскай АМ (у 1806 атрымаў 2-і, у 1808 — 1-ы сярэбраныя медалі). Пасля сканчэння Віленскага ун-та (1825) выкладаў малюнак у гімназіях Вільні, Маладзечна, пазней працаваў настаўнікам малявання ў Мінску. Аўтар серыі партрэтаў прафесараў Віленскага ун-та (В.​Герберскага, І.​Франка і інш.), партрэта канцлера ВКЛ Л.​Сапегі (паводле жывапіснага арыгінала 17 ст.), ілюстрацый да кнігі «Гісторыя царавання Жыгімонта III» і інш.

Л.​Н.​Дробаў.

т. 11, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАЛЯЎНІ́ЧЫ І РЫБАЛО́Ў»,

газета для паляўнічых, рыбаловаў, аматараў прыроды. Выдаецца з 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах 2 разы ў месяц Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў. Асвятляе дзейнасць паляўнічых і рыбалавецкіх арг-цый Беларусі, прапагандуе паляванне і рыбную лоўлю як формы рацыянальнага прыродакарыстання, барацьбу з браканьерствам, знаёміць з афіц. распараджэннямі па пытаннях палявання і рыбнай лоўлі, арганізуе праблемныя дыскусіі. Друкуе вершаваныя і празаічныя замалёўкі пра прыгажосць роднага краю, жыццё і звычкі звяроў і птушак.

Т.​У.​Люковіч.

т. 12, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРЕССБО́Л. ТАКОВА́ СПОРТИ́ВНАЯ ЖИЗНЬ»,

бел. спартыўная газета. Выходзіць з 1991 у Мінску на рус. мове 4 разы на тыдзень. Заснавальнік і выдавец — калектыў рэдакцыі. Тэматыка выдання: спарт., агляды, аналіз спаборніцтваў і асобных гульняў, пераважна ў гульнявых відах спорту (футбол, гандбол, баскетбол і інш.); інфармацыя пра найб. значныя спаборніцтвы ў свеце і на Беларусі; нарысы і інтэрв’ю са спартсменамі і інш. Асн. пастаянныя рубрыкі: «Футбол», «Баскетбол» і інш; «Палеміка»; «Партрэт»; «Навіны»; «Біг-макбол»; «Пратакол»; гумарыстычная «Прыплылі» і інш.

т. 13, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)