СЕНА́Т (лац. senatus ад senex стары),

1) у Старажытным Рыме адзін з вышэйшых дзярж. органаў улады. Узнік з савета старэйшых патрыцыянскіх родаў у канцы царскай эпохі (каля 6 ст. да н.э.), быў дзярж. саветам пры цару. У рэсп. перыяд (5—3 ст. да н.э.) улада С. была абмежавана на карысць каміцый. У час імперыі фармальна лічыўся вышэйшай дзярж. установай, яго ўлада была абмежавана імператарам. Пры Дыяклетыяне (канец 3 ст. н.э.) ператвораны ў дзярж. савет г. Рым, пры Канстанціне (4 ст.) С. створаны ў Канстанцінопалі, ураўнаваны ў правах з С. Рыма.

2) У Рэчы Паспалітай дзярж. рада манарха і вышэйшая палата сойма. Узнік з С. Польскага каралеўства (склаўся да пач. 16 ст.) і Рады Вялікага княства Літоўскага. У 1569 у С. увайшлі ўсе ранейшыя польскія сенатары, прадстаўнікі Каралеўскай Прусіі і ўкр. зямель, далучаных да Польшчы; з ВКЛ — 2 біскупы (віленскі, жамойцкі), 9 ваяводаў (віленскі, трокскі, смаленскі, полацкі, навагрудскі, віцебскі, брэсцкі, мсціслаўскі, мінскі), староста жамойцкі, 10 кашталянаў (віленскі, трокскі, жамойцкі, смаленскі, полацкі, навагрудскі, віцебскі, брэсцкі, мсціслаўскі, мінскі), 5 вышэйшых ураднікаў дзяржавы, т.зв. міністраў — маршалак найвышэйшы (вялікі), канцлер, падканцлер, падскарбі земскі (вялікі) і маршалак надворны. У 1569 было 140 сенатарскіх пасад, пазней іх колькасць мянялася. С. разам з каралём (вял. князем) і Пасольскай Ізбой прымаў заканадаўчыя акты і інш. пастановы. Пазней былі ўведзены пасады сенатараў-рэзідэнтаў (з пач. 17 ст. выбіраліся 16 чал. на 2 гады, з 1641—28 чал.). У 1-й пал. 18 ст. вял. значэнне набылі рады С., склад якіх вызначаў кароль. Сенатары ўдзельнічалі таксама ў пасяджэннях соймавага суда.

3) У Расіі ў 1711—1917 правячы С. — вышэйшы дзярж. орган, падпарадкаваны імператару. Засн. Пятром I у 1711. Першапачаткова калегіяльны орган для кіравання дзяржавай у адсутнасць цара, замяніў Баярскую думу. З 2-й чвэрці 18 ст. правы С. абмяжоўвалі Вярхоўны тайны савет, потым Кабінет міністраў. У 1763 у выніку рэформы падзелены на дэпартаменты. З 1775 выконваў судовыя функцыі. Пасля заснавання міністэрстваў (1802) як вышэйшы судовы орган наглядаў за дзейнасцю дзярж. устаноў і чыноўнікаў. Паводле судовых статутаў 1864 С. — вышэйшая касацыйная інстанцыя.

4) Назва верхняй палаты парламента ў шэрагу сучасных дзяржаў (Бельгіі, Ірландыі, Італіі, Польшчы, Францыі, ЗША, Канады і інш.). У некат. краінах С. фарміруюцца шляхам прамых выбараў (Італія, Польшча), у інш. — прызначаюцца кіраўніком дзяржавы цалкам ці часткова. У шэрагу дзяржаў С. перавыбіраецца не поўнасцю, а часткова (напр., у ЗША кожныя 2 гады абнаўляецца 1/3 С.).

А.​А.​Радаман (С. Рэчы Паспалітай).

т. 14, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛА́ЎГАРАД (да 23.5.1945 Прапойск),

горад, цэнтр Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл., прыстань на р. Сож пры ўпадзенні ў яе р. Проня. За 70 км ад Магілёва, 58 км ад чыг. ст. Крычаў, вузел аўтадарог на Магілёў, Рагачоў, Чэрыкаў. 8,3 тыс. ж. (2001).

Гарадзішча стараж. С. размешчана на правым беразе р. Сож, каля вусця р Проня, ва ўрочышчы Замкавая гара (цяпер гарадскі парк). Яго пляцоўка 40 × 95 м, вышыня да 30 м, з зах. боку ўмацавана ровам. У пісьмовых крыніцах С. упершыню ўпамінаецца пад 1136 (летапісная назва Прупой, Пропошеск) у складзе Смаленскага княства. У 13—18 ст. існаваў Прапойскі замак як цэнтр абароны сярэдневяковага г. Прапойск. З 14 ст. ў складзе ВКЛ, дзярж. ўладанне. З пач. 16 ст. цэнтр Прапойскай воласці, з 1560-х г. цэнтр староства ў Мсціслаўскім ваяв. З 1772 у складзе Рас. імперыі, заштатны горад, потым мястэчка; цэнтр воласці Быхаўскага пав. Магілёўскай губ., валоданне Галіцыных. У 1787 у Прапойску 2 царквы, 1 касцёл. У канцы 18 ст. на ўскраіне горада створаны парк пейзажнага тыпу. У 1791—93 пабудавана царква Раства Багародзіцы. У пач. 19 ст. належаў Дз.​Яншыну, існаваў ін-т шляхетных дзяўчат (да 1828), дзейнічала палатняная мануфактура (засн. ў 1806, 84 рабочыя ў 1809), 2 канатныя ф-кі, кафляны з-д, ветракі, параходная прыстань. У 1886—922 ж., 115 двароў; валасное праўленне, школа, бальніца, багадзельня, 2 царквы, сінагога, 4 яўр. малітоўныя дамы, паштовае аддз., гарбарны, кафляны і канатны з-ды, 2 млыны, 2 заезныя дамы, 30 крам. З 264.1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з 17.7.1924 цэнтр Прапойскага раёна ў БССР (гл. Слаўгарадскі раён). З 27.9.1938 гар. пасёлак; 4,7 тыс. ж. (1939). 30.8.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 2 тыс. чал. Дзейнічала Прапойскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 25.11 1943 войскамі 3-й арміі Бел. фронту ў ходзе Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943. З 23.5.1945 горад. У 1959—6,6 тыс. ж. У 1962—65 у Быхаўскім р-не. У 1970—5,6 тыс. ж.

Працуюць масласырзавод, агароднінасушыльны і жалезабетонных вырабаў з-ды, камбінат быт. абслугоўвання і інш.; 2 сярэднія школы, Дом культуры, 3 б-кі. Брацкія магілы і могілкі сав. воінаў. Помнікі архітэктуры: Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы, будынак царкоўнапрыходскай школы (канец 18 ст.), паштовая станцыя (2-я пал. 19 ст.), жылы дом (пач. 20 ст.), Слаўгарадскі парк. Гарадзішча стараж. С. Радзіма бел. гісторыка і археографа І.​І.​Грыгаровіча.

Слаўгарад. Дом культуры.

т. 14, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕРАЛО́ГІЯ,

аддзел клінічнай медыцыны, які вывучае прычыны, шляхі пашырэння, клінічныя праяўленні, метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі венерычных хвароб. Даследуе інфекц. захворванні, узбуджальнікі якіх перадаюцца пераважна палавым шляхам (у т. л. некат. хваробы мочапалавога тракту, скурныя хваробы, СНІД). Венералогія цесна звязана з дэрматалогіяй. Вял. значэнне набывае вывучэнне сац. прычын венерычных хвароб, а таксама распрацоўка метадаў іх індывід. і грамадскай прафілактыкі.

Звесткі пра венерычныя хваробы ёсць у творах Гіпакрата, Цэльса, Плутарха, Галена, Ібн-Сіны і інш. асветнікаў, у працах прадстаўнікоў Салернскай мед. школы (12—13 ст.). Канец 15 ст. адзначыўся пандэмічным пашырэннем сіфілісу, з’яўленне якога ў Расіі ўпершыню апісана ў 1490. У 19 ст. адкрыты ўзбуджальнікі трыхаманозу (А.​Данье, 1836), ганарэі (А.​Найсер, 1879), мяккага шанкеру (П.​Ферары, А.​У.​Петэрсен і А.​Дзюкрэй, 1885—89), сіфілісу (Ф.​Шаўдзін і Э.​Гофман, 1905). Ням. вучоныя А.​Васерман і Найсер распрацавалі метад серадыягностыкі сіфілісу (рэакцыя Васермана, 1906). Пачаткам навук. венералогіі ў Расіі лічыцца 2-я пал. 19 ст., калі пры Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу створана кафедра венерычных хвароб (1869) пад кіраўніцтвам В.​М.​Тарноўсгага, засн. сіфілідалогіі. Значны ўклад у развіццё венералогіі зрабілі М.​І.​Стукавенкаў, А.​І.​Паспелаў, А.​Г.​Ге і інш.

На Беларусі навук. даследаванні па венералогіі пачаліся ў 19 — пач. 20 ст. У 1867 створана т-ва мінскіх урачоў, з якога ў 1914 вылучылася група ўрачоў-дэрматавенеролагаў. Мэтанакіраваныя даследаванні па венералогіі пачаліся ў 1923 на кафедры скурных і венерычных хвароб мед. ф-та БДУ. У 1932—88 яны канцэнтраваліся ў Бел. н.-д. скурна-венералагічным ін-це, вядуцца таксама ў Мінскім, Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па дэрматалогіі і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Даследавалася пашырэнне (В.Ю.Мранговіус), удасканальваліся прафілактыка і лячэнне венерычных хвароб, вывучаўся ўплыў ганарэі на рэпрадукцыйную функцыю мужчын і жанчын. Распрацаваны метады лячэння сіфілісу пеніцылінам (А.​Я.​Пракапчук), безмыш’яковісты (С.​С.​Гарбулёў), скарочаны (Ю.Ф.Каралёў, А.П.Комаў), інструментальная дыягностыка, антыбіётыкатэрапія ганарэі, неганарэйных урэтрытаў (П.​В.​Дыла, А.​Ц.​Сасноўскі, Л.​Р.​Фёдарава), удасканалена методыка серадыягностыкі сіфілісу (Б.​М.​Гінзбург). Укаранёны новыя сучасныя метады дыягностыкі і скарочаныя высокаэфектыўныя метады лячэння сіфілісу, ганарэі і неганарэйных захворванняў мочапалавога тракту (Я.​С.​Пеўзнер, А.​П.​Віторскі, Л.Г.Барабанаў, В.Г.Панкратаў, М.З.Ягоўдзік і інш.). Працуе цэнтр па прафілактыцы і барацьбе са СНІДам з сеткай кабінетаў добраахвотнага ананімнага абследавання на ВІЧ-носьбіцтва пры скурвендыспансерах абл. гарадоў і ў Мінску.

Літ.:

Гусаков Н.И. Развитие отечественной дермато-венерологии и ее важнейшие научные школы: Очерки. Ч. 1. М., 1992.

Л.​Г.​Барабанаў.

т. 4, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БРЫНСКІ РАЁН На З Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 25.12.1962). Пл. 2 тыс. км². Нас. 40,7 тыс. чал. (1998). Сярэдняя шчыльн. нас. 20 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Кобрын. 162 сельскія нас. пункты. 13 сельсаветаў: Аніскавіцкі, Астроміцкі, Батчынскі, Бухавіцкі, Гарадзецкі, Дзівінскі, Залескі, Кісялёвіцкі, Навасёлкаўскі, Осаўскі, Павіццеўскі, Тэвельскі, Хідрынскі.

Пераважную ч. раёна займае Брэсцкае Палессе. Паверхня — аднастайная забалочаная раўніна. 90% тэрыторыі знаходзяцца на вышыні 145—150 м, 3% — вышэй за 150 м. Найвыш. пункт 167,7 м (на Пн ад в. Тэўлі). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-ра студз. -4,7 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 531 мм за год. Вегет. перыяд 203 сут. Найб. р. Мухавец з прытокамі Дахлоўка, Шэўня, Кобрынка, Трасцяніца. Дняпроўска-Бугскі і Арэхаўскі каналы. Возера Любань. Пераважаюць глебы дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (36,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,3%) і тарфяна-балотныя (26%). Пад лесам 26% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя і яловыя. 18,1% лясоў штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя. Балоты займаюць 7% тэрыторыі, нізінныя, найб. масіў Вялікі Лес. Біял. заказнікі мясц. значэння: Клішча, Мелянкова, Дзівін-Вялікі Лес; геал. (тарфяны) — Елка. Помнікі прыроды рэсп. значэння: Кобрынскі парк імя А.​В.​Суворава, «Сувораўскі дуб» каля в. Дзівін.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 116,5 тыс. га. На 1.1.1998 у раёне 29 калгасаў, 2 саўгасы, 21 фермерская гаспадарка, племзавод «Дружба», птушкафабрыка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства, буракаводства (цукр. буракі), насенняводства збожжавых. Вырошчваюць збожжавыя, лён-даўгунец, кармавыя культуры, агародніну. Прадпрыемствы харч. (пладова-агароднінакансервавая вытв-сць), дрэваапр., буд. матэрыялаў, металаапр., паліўнай (торф), лясной прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі і аўтадарогі Брэст—Гомель, Брэст—Мінск. Суднаходства па Дняпроўска-Бугскім канале і р. Мухавец. У раёне 24 сярэднія, 10 базавых (у т. л. 1 школа-інтэрнат), 6 пач., 5 муз., 2 дзіцяча-юнацкія спарт. школы, 16 дашкольных устаноў, 44 клубныя ўстановы, 62 б-кі, 6 бальніц, 10 амбулаторый, 26 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: цэрквы Пакроўская (пач. 20 ст.) у в. Акцябр, Параскеўская (1882) у в. Балота, Пакроўская (1674) у в. Бухавічы, Крыжаўзвіжанская (1864) у в. Бяроза, Мікалаеўская (2-я пал. 19 ст.) у в. Верхалессе, Вазнясенская (пабудавана ў 1799 у в. Акцябр, у 1876 перавезена ў в. Гарадзец), Прачысценская (пач. 20 ст.) і Параскевы Пятніцы (1740) у в. Дзівін, царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Казішча, Дзмітрыеўская (18 ст.) у в. Лелікава, Міхайлаўская (19 ст.) у в. Навасёлкі, Прачысценская (пач. 20 ст.) у в. Павіцце, Успенская (1872) у в. Тэўлі, Пакроўская (пач. 20 ст.) у в. Хабовічы; планіроўка і забудова вёскі (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Бярозна. Выдаецца газ. «Кобрынскі веснік».

С.​І.​Сідор.

т. 8, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Існаваў у 1908—15 пры Мінскім царкоўным гісторыка-археалагічным камітэце. З 1909 музеем кіраваў А.К.Снітка. Экспазіцыя мела 1363 экспанаты (1910), сярод іх рэчы царк. даўніны, рэліг. культу, тэксты нар. песень, казак, паданняў, матэрыялы этнагр. экспедыцый, па гісторыі гербаў і пячатак, каля 500 стараж. манет, археал. знаходкі з раскопак пад Пінскам, Радашковічамі, Слуцкам, Туравам. Сярод збораў кніжнага фонду (каля 1900 тамоў, 1910) Апостал і Тыпікон (16 ст.), Мінея агульная (канец 17 ст.), Сінопсіс (18 ст.), архіў Слуцкага Троіцкага (Трайчанскага) манастыра. У музеі зберагалася частка калекцыі бел. археолага Г.​Х.​Татура. У пач. 1-й сусв. вайны экспанаты музея эвакуіраваны ў Разань (Расія). У 1922 вернутая частка фонду і 250 кніг трапілі ў царк. аддзел Бел. дзярж. музея, астатнія выданні кніжнага фонду перададзены дзярж. б-цы, архівы — цэнтр. архіву. Некаторыя рэчы, у т. л. рукапісы, зберагаюцца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі.

Будынак музея пастаўлены на тэр. архірэйскага падвор’я ў 1913 у азнаменаванне 300-годдзя дома Раманавых (арх. В.​Струеў). Быў задуманы як частка арх.-маст. комплексу духоўнай рэзідэнцыі Мінскай епархіі, якая ўключала пабудовы архірэйскага падвор’я і праектуемыя будынак музея і агароджу з цэнтр. парадным уваходам. Выкананы ў неарускім стылі. 2-павярховы прамавугольны ў плане цагляны будынак пастаўлены на высокі цокаль і накрыты вальмавым дахам. Гал. фасад асіметрычнай кампазіцыі. З усх. боку да яго прыбудавана круглая ў плане вежа, завершаная шлемападобным купалам. Сцены вежы, стылізаванай пад стараж. абарончую, былі прарэзаны байніцамі, верхняя ч. аформлена машыкулямі і геам. арнаментам. З зах. боку фасад фланкіраваны невял. квадратнай у плане вежачкай, прарэзанай неглыбокімі нішамі і завершанай высокім 4-гранным шатром. Гал. ўваход падкрэслены кілепадобным франтонам, упрыгожаным арнаментам. Фасады падзелены карнізным паяском, прарэзаны высокімі лучковымі аконнымі праёмамі, упрыгожанымі дэкар. паўкалонамі, 2- і 3-лопасцевымі аркамі, філёнгамі і інш. элементамі. Агароджа з цэнтр. парадным уваходам аддзяляла архірэйскае падвор’е ад Аляксандраўскага сквера. Цэнтр. парадны ўваход меў тыя ж арх. формы, што і будынак музея: высокія фланкіруючыя квадратныя ў плане слупы-вежачкі завяршаліся вастраверхімі шатровымі дахамі, карнізныя паяскі, што апяразвалі вежачкі, з простым. геам. арнаментам. Лучковая металічная арка была вырашана ў духу венскага мадэрна. Кованыя рашоткі, агароджа, вароты, брамы былі зроблены высокакваліфікаванымі мясц. кавалямі. У 1930-я г. агароджа знішчана. У 1915—20 у будынку размяшчаўся Народны дом, з 1963 — Дом работнікаў мастацтваў.

Літ.:

Записки Северо-Западного отдела имп. Русского географического общества. Кн. 1. Вильна, 1910;

Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада: Пер. з рус. Мн., 1994;

Чернатов В.М. Памятнік творческого содружества // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1979. № 2.

А.​С.​Жмуроўскі, В.​М.​Чарнатаў (архітэктура).

Мінскі царкоўна-археалагічны музей. Здымак 1914.

т. 10, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ РАЁН Размешчаны на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс. км². Нас. 32,8 тыс. чал. (1998), гарадскога 38%. Сярэдняя шчыльн. 25 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Мсціслаў. Уключае 162 сельскія населеныя пункты, 13 сельсаветаў: Доўгавіцкі, Забалацкі, Капачоўскі, Лютненскі, Мазалаўскі, Мушынскі, Падсолтаўскі, Раздзельскі, Ракшынскі, Сапрынавіцкі, Сялецкі, Ходасаўскі, Чырванагорскі.

Тэр. раёна ў межах Горацка-Мсціслаўскай узвышанай раўніны Паверхня пласкахвалістая, 79% яе на выш. 180—220 м. Найвыш. пункт 239 м (за 6 км на З ад в. Раздзел). Агульны нахіл з Пн на Пд. Пашыраны яры і суфазійныя западзіны. Карысныя выкапні: торф, сапрапель, фасфарыты, мел, цагельныя гліны і суглінкі, цэментныя суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -8,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 602 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Асн. р. Сож з прытокамі Віхра (з Чорнай), Малатоўка, Чорная Натапа (з Белай Натапай), Волчас. У зах. ч. раёна цячэ р. Кашанка (прыток Проні), у паўн. ч. — Рамясцвянка (прыток Быстрай). Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (70,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (15%). Пад лесам 15,8% тэр. раёна, пераважна на З і Пд. Лясы яловыя, хваёвыя, бярозавыя, асінавыя, дубовыя, альховыя і інш. Агульная пл. балот 7,3 тыс. га. Найб. балотны масіў Чорная Натапа. Ахоўваемыя тарфянікі Шырына і Падрэчча, Закружжа. Помнікі прыроды мясц. значэння: крыніцы Бялкова і Кагальная Студня.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 94,7 тыс. га, з іх асушаных 9,6 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 19 калгасаў, 5 саўгасаў, 2 фермерскія гаспадаркі. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, лёну, бульбы. Прадпрыемствы льняной (ільновалакно), харч. (масла, сыр, хлеб), камбікормавай і буд. матэрыялаў (цэгла, асфальт) прам-сці; буд. прадпрыемствы. Па тэр. раёна праходзяць: чыгунка Орша—Крычаў; аўтадарогі на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хіславічы (Расія); нафтаправод Унеча—Полацк. У раёне 19 сярэдніх, 4 базавыя, 4 пачатковыя, музычная раённая і 3 яе філіялы, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, дапаможная школа-інтэрнат, Дом дзіцячай творчасці, вышэйшае прафес. вучылішча буд. профілю, сярэдняе ПТВ сельскай гаспадаркі, 19 дашкольных устаноў, 26 клубаў, 57 б-к, 5 бальніц, паліклініка, урачэбная амбулаторыя, 20 фельч.-ак. пунктаў, санэпідэмстанцыя. Музеі: гісторыка-археалагічны (г. Мсціслаў), літаратурна-этнаграфічны (на радзіме пісьменніка М.​І.​Гарэцкага, в. Багацькаўка). Арх. помнікі: царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Басценавічы, царква (пач. 19 ст.) у в. Мазалава, Успенскі манастыр (засн. ў 1380; у пач. 17 ст. і ў канцы 18—19 ст. перабудаваны) за 2 км на Пд ад в. Пустынкі, царква Ільі Прарока (1-я пал. 19 ст.) у в. Слаўнае, царква (2-я пал. 18 ст.) у в. Сялец. Выдаецца газ. «Святло Кастрычніка».

У.​Л.​Гасянкоў, Г.​С.​Смалякоў.

т. 10, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДСКІЯ ЗА́МКІ.

Існавалі ў 11—пач. 18 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Вядомы т. зв. Замак на дзядзінцы і Малы замак.

Замак на дзядзінцы (быў стараж. цэнтрам г. Навагрудак і рэзідэнцыяй зах.-рус. і літ. князёў) заложаны на месцы гарадзішча на высокім (20 м) часткова насыпаным узгорку, т. зв. Замкавай гары, абкружанай ровам. Першыя ўмацаванні ў выглядзе кругавога абарончага вала з драўлянымі сценамі-гароднямі і астрогам узніклі ў 11 ст. У сярэдзіне 13 ст. пабудавана квадратная ў плане (12 × 12 м) 5-ярусная вежа-брама з падмуркам выш. 3,5 м, цокалем і сценамі таўшчынёй 2,75 м. У час аднаго з крыжацкіх нападаў (верагодна, 1394) гэтая вежа моцна пашкоджана, у канцы 14 ст. адноўлена; вядома пад назвамі Шчытоўка, Шчытовая ці Цэнтральная. У канцы 14 — пач. 15 ст. на тэр. замка ўзведзены яшчэ тры 3-ярусныя цагляныя вежы з байніцамі на кожным паверсе: Касцельная (9 × 9 м), Малая вежа-брама (8 × 10 м), Пасадская (7,7 × 7,7 м). Для забеспячэння замка вадой на ўсх. схіле над крыніцай была пастаўлена вынасная Калодзежная вежа (8 × 8 м). Будаўніцтва вежаў завершана да 1410. Вежы злучаліся мураванымі сценамі. Замак паспяхова процістаяў крыжацкім нападам. Далейшае ўмацаванне замка адбылося ў канцы 15 — пач. 16 ст. у сувязі з набегамі крымскіх татар. У паўн.-зах. частцы замка пабудавана вежа Дазорца (14 × 14 м), на паўд.-ўсх. схіле гары дадаткова ўзведзена Меская вежа-брама, злучаная прасламі сцен з Калодзежнай вежай і Малой брамай. Утварыліся 2 шматвугольныя прылеглыя мураваныя паясы абароны, адзін з якіх быў на дзядзінцы, другі — на схіле ўзгорка, перад уваходам у замак з боку горада. На замкавым двары стаялі жылыя і гасп. пабудовы. У канцы 16 — пач. 17 ст. узведзены палац, да якога прылягала капэла (канец 17 ст.). У 14—19 ст. на тэр. замка была царква, у якой да 1775 адбываліся сесіі Трыбунала — вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. У 1505 і 1506 татары двойчы асаджвалі замак, але ўзяць не змаглі. У 1706 замак узарваны шведамі.

Малы замак у 11 ст. — комплекс умацаванняў, які складаўся з землянога вала і драўляных абарончых канструкцый. У канцы 13 — пач. 14 ст. з захаду над уездам была надбудавана мураваная вежа, якая ў канцы 15 — пач. 16 ст. перабудавана ў 8-гранную. Абодва замкі ў 13 ст. былі дадаткова ўмацаваны земляным валам і ровам, якія праходзілі каля падножжа гары з паўн. і паўн.-зах. бакоў. Да 1828 ад Замка на дзядзінцы часткова ўцалелі 2 вежы: Шчытоўка і Касцельная.

М.​А.​Ткачоў.

Да арт. Навагрудскія замкі: 1 — рэшткі замка на дзядзінцы. Фота пач. 1990-х г.; 2 — рэканструкцыя В.​Сташчанюка. 1991.

т. 11, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛО́МКА МАСТА́ЦКАЯ,

плеценыя мастацкія вырабы з саломы; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вядома ў многіх земляробчых народаў Еўропы, на Беларусі пашырана з даўніх часоў. З саламяных жгутоў, перавітых лазой, выраблялі разнастайныя ёмістасці для збожжа, мукі, адзення, каштоўных рэчаў, а таксама пчаліныя вуллі (саламянікі). Іх маст. аблічча стваралася выразнымі формамі, своеасаблівым дыяганальным дэкорам, утвораным кантрастным спалучэннем карычневых дубцоў з залацістымі жгутамі саломы. Унікальная з’ява ў сусв. мастацтве — выкарыстанне саломы ў вырашэнні манум.-дэкар. задач, для аздаблення інтэр’ераў палескіх цэркваў, пераважна іканастасаў. Захаваліся іх фрагменты — царскія вароты канца 18 — пач. 19 ст. з вёсак Лемяшэвічы Пінскага р-на і Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., усе арнаментальныя матывы якіх цалкам сплецены з саломы і замацаваны на драўляных каркасах. Аснова іх дэкору — традыц. вітая пляцёнка і чатырохгранныя плоскія і выпуклыя ўстаўкі. У такой жа тэхніцы выраблялі шкатулкі, куфэркі, фруктоўніцы і інш. Са стужак, сплеценых з 4—8 саломінак, сшывалі брылі. Магічную і дэкар. ролю ў сял. хатах выконваў павук, своеасаблівая кінетычная прасторавая канструкцыя з саломінак, якую падвешвалі да столі ў покуці. З саламяных пучкоў, часам з дабаўленнем нітак, стужак, абрэзкаў тканін плялі аграрна-абрадавую атрыбутыку ў выглядзе фігур чалавека, жывёл, птушак, дзіцячыя цацкі, вырабы дэкар. пластыкі (жаваранкі, галубы, лялькі, коні і інш.). Яны вызначаліся абагульненымі, умоўнымі формамі, адсутнасцю дэкору. У сярэдзіне 20 ст. з заняпадам ручнога жніва традыцыі многіх відаў пляцення з саломы сталі забывацца. С.м. адрадзілася ў 1960-я г. для стварэння сувенірных і маст. вырабаў. Вырасла іх дэкаратыўнасць, ускладніліся і ўзбагаціліся спалучэннем разнастайных тэхнік пляцення формы, павялічылася жанравая і тэматычная разнастайнасць. Найб. пашырылася саламяная пластыка ў выглядзе фігур жывёл, птушак, людзей, а таксама кампазіцыі і жанравыя сцэнкі на фальк., літ., быт. тэмы. Утылітарна-бытавыя вырабы з саломкі (шкатулкі, куфэркі, фруктоўніцы, кошыкі, хлебніцы і інш.), сувенірную пластыку, галаўныя ўборы, кветкі, біжутэрыю, ёлачныя цацкі вырабляюць на фабрыках маст. вырабаў; сярод вядучых майстроў Т.​Агафоненка, К.​Арцёменка, К.​Асташэвіч, Л.​Блохава, Л.​Главацкая, Г.​Іванова, Н.​Кузняцова, Л.​Лось, Н.​Панцялеева, Г. і Я.​Саламянкі, Г.​Саланінка, В.​Салдатава, Г.​Сапун, Т.​Хадановіч і інш. У 1997 праведзена 1-е Рэсп. свята-конкурс саломапляцення «Саламяны цуд».

Літ.:

Лобачевская О.А., Кузнецова Н.М. Возьми простую соломку. Мн., 1988;

Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;

Лобачевская О. Плетение из соломки. [М., 2000].

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Саломка мастацкая. Г. і Я. Саламянкі. Шкатулка і паднос. 1970-я г.
Да арт. Саломка мастацкая. Царскія вароты. Майстар з в. Вавулічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 18 ст.
Да арт. Саломка мастацкая. Т.​Агафоненка. Конь. 1994.

т. 14, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́ЖЫНСКІ РАЁН,

на З Мінскай вобл. Беларусі. Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 50,7 тыс. чал. (1996), гарадскога 32,3%. Сярэдняя шчыльн. 27 чал/км². Цэнтр раёна — г. Валожын, г.п. Івянец; 433 сельскія нас. пункты. Падзяляецца на 17 сельсаветаў: Бабровіцкі, Багданаўскі, Валожынскі, Вішнеўскі, Гародзькаўскі, Дорскі, Забрэжскі, Залескі, Івянецкі, Падбярэзскі, Падневіцкі, Пяршайскі, Ракаўскі, Сакаўшчынскі, Сугваздаўскі, Узбалацкі, Яршэвіцкі. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) каля 30% тэр. раёна (у т. л. Налібоцкая пушча) забруджана радыенуклідамі.

Раён у межах паўн.-зах. ч. Мінскага ўзвышша, паўд.-ўсх. ч. Ашмянскага ўзвышша і паўн. ч. Нёманскай нізіны. Паверхня хвалістая, пераважаюць выш. 150—250 м, найвыш. пункт 335 м (г. Маяк, каля в. Шапавалы). Карысныя выкапні: торф, гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -6,7 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 659 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Гал. рака Бярэзіна (бас. Нёмана) з прытокамі Альшанка, Волка, Іслач (з прытокамі Волма і Валожынка). На р. Бярэзіна Сакаўшчынскае вадасх. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 38% тэр. раёна, найб. лясістасць на ПдЗ. Лясы хваёвыя, яловыя, трапляюцца драбна- і шыракалістыя. Балоты займаюць 3,9% пл., часткова асушаны. На тэр. раёна частка біял. заказніка Налібоцкі.

На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 70,8 тыс. га, з якіх 15,8 тыс. га асушана. У раёне 25 калгасаў і 1 саўгас, племптушказавод. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу і агародніну. Прадпрыемствы харч. (масла, сыр, сухое малако, цукеркі), лёгкай (ільновалакно, шпагат), дрэваапр. прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Маладзечна—Ліда, аўтадарогі Мінск—Ліда, Валожын—Маладзечна, Валожын—Івянец—Стоўбцы. Транзітны газаправод Мінск—Гродна з адгалінаваннем на Валожын і Пяршаі. У раёне 18 сярэдніх, 22 базавыя, 10 пач. школ, ПТВ, школа-інтэрнат, дзіцячы дом, 5 муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 29 дашкольных устаноў, 40 клубаў, 55 б-к, 5 бальніц, 4 амбулаторыі, 31 фельч.-ак. пункт, 5 санаторыяў (2 з іх дзіцячыя). Зона адпачынку «Івянец». Помнікі архітэктуры: касцёл Міхаіла (1844) у в. Багданава; Казьмадзям’янаўская царква і касцёл Марыі (1637—41) у в. Вішнева; цэрквы ў вёсках Гародзькі (1866), Даўбені (1869), Дубіна-Баярская (1868), Забрэззе (1867), Кіявец (1869), Сакаўшчына (1878), Славенск (1868—71), Яршэвічы (2-я пал. 19 ст.); капліца пач. 20 ст. ў в. Дзесятнікі; сядзіба канец 19 — пач. 20 ст. ў в. Залессе; царква (1856) і касцёл (1930) у в. Лоск; капліца (1852) у в. Падневічы; капліца-пахавальня 2-й пал. 19 ст. ў в. Пральнікі; касцёл пач. 20 ст. ў в. Пяршаі; Праабражэнская царква (1793), капліца 2-й пал. 19 ст., касцёл (1906) у в. Ракаў; палац канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Рудня; капліца канца 19 — пач. 20 ст. ў в. Цвіраўшчына. Помнікі прыроды — валун ружовага граніту ў в. Камень, валун граніту рапаківі каля в. Кучкуны і інш. Выдаецца газ. «Працоўная слава».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 3, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЛО́ГІЯ (ад заа... + ...логія),

навука пра жывёльныя арганізмы, адзін з асн. раздзелаў біялогіі. Вывучае відавую разнастайнасць жывёл (сістэматыка), іх будову (анатомія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія), заканамернасці індывід. развіцця (эмбрыялогія), роднасныя сувязі (філагенія), пашырэнне (зоагеаграфія), узаемаадносіны з асяроддзем (экалогія), асаблівасці паводзін (эталогія), вымерлых жывёл (палеазаалогія). У З. таксама вылучаюць навукі, якія даследуюць найб. вял. і важныя групы жывёл: акаралогія, арахналогія, арніталогія, герпеталогія, іхтыялогія, малакалогія, пратысталогія, тэрыялогія, энтамалогія. З. звязана з шэрагам с.-г., вет. і мед. навук.

З. як навука зарадзілася ў Стараж. Грэцыі і звязана з імем Арыстоцеля. Як стройная сістэма ведаў аформілася ў канцы 17—18 ст. дзякуючы працам вучоных-прыродазнаўцаў англ. Дж.​Рэя, швед. К.​Лінея, франц. Ж.​Бюфона і Ж.​Б.​Ламарка і інш. У сярэдзіне 19 ст. створана тэорыя эвалюцыі арган. свету (Ч.​Дарвін). У развіцці З. вял. значэнне мелі працы расійскіх вучоных К.​М.​Бэра, А.А. і У.​А.​Кавалеўскіх, І.​І.​Мечнікава, К.​Ф.​Рулье, А.​М.​Северцава і інш. У 20 ст. павялічыўся аб’ём фауністычных даследаванняў па ўсёй планеце, фарміруецца новы малекулярна-біял. аспект сістэматыкі, выкарыстоўваецца карыясістэматыка (на падставе вывучэння колькасці і будовы храмасом), укараняюцца біяхім. метады і метады электроннай мікраскапіі і інш.

На Беларусі даследаванні па З. пачаліся ў 18 ст. Заал. апісанні асобных яе тэрыторый ёсць у працах польск. даследчыка Г.​Ржанчынскага (1-я пал. 18 ст.), рус. вучоных І.​І.​Ляпёхіна (канец 18 ст.), В.​М.​Севергіна (1-я пал. 19 ст.). У 1924—30 праводзіліся экспедыцыі па вывучэнні наземнай фауны (А.​У.​Фядзюшын і інш.). Сучасны этап развіцця З. звязаны з працамі І.​Ц.​Арзамасава, Г.​А.​Галкоўскай, Г.​Г.​Вінберга, М.​С.​Долбіка, П.​І.​Жукава, С.​В.​Кахненкі, І.​К.​Лапаціна, В.​І.​Мержаеўскай, М.​М.​Пікуліка, Л.​М.​Сушчэні, І.​М.​Сяржаніна, Э.​І.​Хацько, Н.​М.​Хмялёвай і інш. Даследаванні вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, на кафедрах прыродазнаўчых ф-таў ВНУ, у запаведніках, н.-д. установах с.-г. і вет. профілю і інш. Даследуюцца функцыян. сувязі ў зоацэнозах, заканамернасці матэрыяльна-энергет. ператварэнняў на розных трафічных узроўнях, экалогія і інтрадукцыя каштоўных відаў рыб. Развіваюцца новыя кірункі З.: эксперым. экалогія водных беспазваночных жывёл, ландшафтная фауністыка і экалогія жывёл, глебавая экалогія; вывучэнне механізмаў і заканамернасцей фарміравання біял. разнастайнасці жывёльнага свету ва ўмовах інтэнсіфікацыі антрапагеннай нагрузкі на прыродныя комплексы; распрацоўка прынцыпаў і метадаў экалагічнага маніторынгу, вядзення Чырв. кнігі, развіцця сеткі асабліва ахоўных тэрыторый; ацэнка ўплыву аварыі на ЧАЭС (1986) на стан фауны. Адна з найб. актуальных праблем — распрацоўка навук. асноў аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага свету Зямлі.

Літ.:

Наумов Н.П., Карташев Н.Н. Зоология позвоночных. Ч. 1—2. М., 1979;

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 1—6. 2 изд. М., 1987—89;

Институт зоологии Академии наук Беларуси. Мн., 1992.

М.​М.​Пікулік.

т. 6, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)