адносіны лінейных ці вуглавых памераў відарыса аптычнага, атрыманага з дапамогай аптычнай сістэмы, да адпаведных памераў аб’екта.
Для восесіметрычных аптычных сістэм адрозніваюць лінейнае, вуглавое і падоўжнае П.а. Лінейнае (папярочнае) П.а. — адносіны даўжыні відарыса адрэзка, перпендыкулярнага аптычнай восі сістэмы, да даўжыні гэтага адрэзка. Для рэальных сістэм лінейнае П.а. для спалучальных паверхняў рознае ў розных пунктах поля зроку, што вядзе да парушэнняў геам. падобнасці паміж аб’ектам і яго відарысам (гл.Дысторсія). Вуглавое П.а. — адносіны тангенса вугла нахілу праменя да аптычнай восі ў прасторы відарысаў да тангенса вугла нахілу спалучанага яму праменя ў прасторы аб’ектаў. Падоўжнае П.а. — адносіны даўжыні адрэзка, адкладзенага ўздоўж аптычнай восі ў прасторы відарысаў, да даўжыні спалучальнага яму адрэзка ў прасторы аб’ектаў. Усе віды П.а. ўзаемазвязаны. Напр., для аптычнай сістэмы, якая знаходзіцца ў паветры, вуглавое павелічэнне адваротна прапарцыянальнае лінейнаму (чым большае лінейнае павелічэнне, тым больш вузкімі светлымі пучкамі будуецца відарыс і тым меншая яго асветленасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНАЯ СІТУА́ЦЫЯў філасофіі,
момант найглыбейшага ўзрушэння ў жыцці чалавека, калі ён асэнсоўвае сваю існасць, імкнецца да поўнай яе рэалізацыі і адчувае безумоўную свабоду выбару; катэгорыя экзістэнцыялізму. З’яўляецца аптымальным варыянтам для высвятлення сутнасці свабоды, якая ставіць індывіда на мяжу быцця і небыцця перад тварам смерці, пакуты, віны, клопату; пры гэтым чалавек здымае з сябе ўсе аб’ектыўныя абмежаванні свабоды (знешнія нормы, агульнапрызнаныя каштоўнасці, паліт. ўціск — усё, што складае яго асобны свет і дазваляе незалежны выбар). Дае асобе магчымасць пераадолець недасканаласць паўсядзённага існавання і выйсці за яго межы. Звязана з абвостраным самаадчуваннем асобы, якая знаходзіцца ў крызісных жыццёвых умовах і ўсведамляе сваю сутнасць, абапіраючыся толькі на свае сілы і магчымасці, і павінна рабіць адзіна правільны выбар. П.с. стымулюе актыўнасць асобы, як імкненне да рэфлексіі, аднак можа прывесці чалавека да неўрозаў, стрэсаў. Метад дасканалага высвятлення чалавечых перажыванняў — П. с. ў мастацтве. Як элемент экзістэнцыяльнага светаадчування П.с. з яе абвостранай дынамікай, непрадказальнай фабулай, праблемай выбару з’яўляецца атрыбутам эстэт. ўспрымання быцця. Феномен П.с. стаў сінтэзам філасофіі, тэалогіі, мастацтва, этыкі, псіхалогіі і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТО́ННЫ ПАРК,
комплекс пераправачных сродкаў, прызначаных для зборкі перавозных паромаў, навядзення наплаўных мастоў і пабудовы паромных перапраў. Знаходзіцца на ўзбраенні інж., дарожных і чыг. войск шэрагу краін, у т. л. Беларусі. Падзяляецца на лёгкія, грузападымальнасцю да 25 т, і цяжкія — 40—80 т. П.п. уключае паромныя маставыя канструкцыі (пантоны, нясучыя і праезджыя часткі, элементы прыстаней), трансп. сродкі, сродкі матарызацыі на вадзе, дапаможнае абсталяванне і інш. У самаходных П.п. (амфібійных, штурмавых) асн. элементы аб’яднаны ў машыну-амфібію. Прататыпы П.п. вядомы з даўніх часоў, напр., у галандскай арміі з пач. 17 ст. У Расіі П.п. з парусінавымі пантонамі будаваліся ў 18—19 ст. На тэр. Беларусі ў вайну 1812 П.п. выкарыстоўваліся рускімі і французскімі войскамі, напр., арміяй Напалеона I пры пераправе цераз Нёман. У 1-ю і 2-ю сусв. войны значна пашыраны. На Беларусі выкарыстоўваюцца П.п. тыпу ПМП і інш. пры рамонце мастоў, стыхійных бедствах (веснавая паводка, ліўневыя дажджы) і інш. (гл. таксама Мост ваенны).
Звяно пантоннага парка ПМП: 1 — у складзеным становішчы на транспартным сродку; 2 — у рабочым становішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПЛІКА́ЦЫЯ (ад позналац. replicatio паўтарэнне),
рэдуплікацыя, аўтарэплікацыя, працэс самаўзнаўлення макрамалекул нуклеінавых кіслот, які забяспечвае дакладнае капіраванне генет. інфармацыі і перадачу яе з пакалення ў пакаленне. Аснова — ферментатыўны сінтэз ДНК на матрыцы ДНК або РНК на матрыцы РНК; адзінка — рэплікон — участак генома, што знаходзіцца пад кантролем аднаго пункта пачатку (ініцыяцыі) рэплікацыі. У працэсе Р. ДНК акрамя ферментаў (ДНК-полімеразы, ДНК-лігазы, ДНК-метылазы і інш.) удзельнічаюць бялкі, якія расплятаюць двайную спіраль ДНК, стабілізуюць расплеценыя ўчасткі, прадухіляюць заблытванне малекул. У бактэрый сінтэз ДНК адбываецца са скорасцю 1 тыс., у эўкарыётаў — каля 100 нуклеатыдаў за секунду, але адначасова ў многіх пунктах адной малекулы; мае паўкансерватыўны характар: пры сінтэзе 2 даччыных малекул кожная ДНК утрымлівае адзін «стары» і адзін «новы» ланцужок. У арганізме Р. ДНК — вельмі дакладны працэс — частата памылак, якія прыводзяць да спантанных кропкавых мутацый, не перавышае 10−9 на 1 нуклеатыд у пакаленне. Р. РНК абмежавана вузкім колам вірусаў, што ўтрымліваюць РНК. Таксама Р. наз. падваенне храмасом, у аснове якога ляжыць Р. ДНК.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФЛЕ́КТАР (ад лац. reflecto адбіваю),
1) у тэхніцы — адбівальнік, прылада для змены кірунку эл.-магн., светлавых ці гукавых хваль. Складаецца з аднаго або некалькіх люстраў, якія забяспечваюць амаль поўнае адбіццё хваль, што падаюць на іх (шурпатасці адбівальнай паверхні меншыя за даўжыню хвалі). Для канцэнтрацыі адбітых хваль паверхня люстраў увагнутая (сферычная, парабалічная і г.д.). Выкарыстоўваецца ў акустыцы, астраноміі, радыётэхніцы (антэны), быце.
2) У астраноміі — тэлескоп з люстраным аб’ектывам. Відарысы свяціл (зорак, планет, Сонца і інш.), якія ствараюцца гал. увагнутым люстрам і сістэмай дапаможных люстраў (выпуклых ці плоскіх), разглядаюць у акуляр, фатаграфуюць ці рэгіструюць інш. святлопрыёмнікамі. Адрозніваюць некалькі тыпаў Р. У параўнанні з рэфрактарам у Р. адсутнічае храматычная і меншыя астаткавыя аберацыі (гл.Аберацыі аптычных сістэм). Самы вялікі ў свеце Р. знаходзіцца ў Спец.астр. абсерваторыі Рас.АН на Паўн. Каўказе (дыяметр гал. люстра 6 м).
Аптычныя схемы рэфлектараў: 1 — з галоўным фокусам; 2 — сістэмы Ньютана; 3 — сістэмы Касегрэна; 4 — сістэмы Грэгары; 5 — сістэмы Мерсена; 6 — сістэмы Несміта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМТА́ЎРСКІ МО́ГІЛЬНІК,
вялікі (каля 18 га) розначасовы могільнік на паўн. ускраіне стараж.г. Мцхета (Грузія). Назва ад манастыра Самтаўра, каля якога знаходзіцца могільнік. Даследавана больш за 3 тыс. пахаванняў ад сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. да 10 ст.н.э. С.м. з’яўляецца могілкамі жыхароў паселішча бронзавага веку г. Мцхета (стараж. сталіца Картлі), які ўзнік на месцы паселішча ў эліністычны час.Найб. багатыя знаходкамі грунтавыя пахаванні эпохі позняй бронзы (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.) і ранняга жалеза (9—5 ст. да н.э.): глянцаваная з геам. арнаментам і каляровая глазураваная кераміка, бронзавая і жал. зброя, упрыгожанні з бронзы, косці, сердаліку, агату, бронзавыя статуэткі жывёл і інш. Да 2—1 ст. да н.э. належаць збанавыя пахаванні, да 1—3 ст.н.э. — пахаванні ў каменных, чарапічных, цагляных скрынях і саркафагах. Знойдзены манеты, помнікі эпіграфікі, творы мастацтва, упрыгожанні (залатыя, сярэбраныя, бронзавыя бранзалеты, пярсцёнкі, завушніцы, падвескі, медальёны з каляровымі камянямі, гемы і інш.), сярэбраны і шкляны маст. посуд. Знойдзена шмат шклянога посуду мясц. вытв-сці і рэчаў туалету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ПАЛЯ́КАЎ НА БЕЛАРУ́СІ,
(СПБ; Związek Polaków na Białorusi), добраахвотнае нац.-культ. аб’яднанне грамадзян Беларусі, якія лічаць сябе палякамі. Створаны ў 1986. Мэты саюза: адраджэнне і захаванне польскай мовы і культуры, ахова помнікаў гісторыі, архітэктуры і экалогіі, каардынацыя сумеснай дзейнасці дзярж. і грамадскіх арг-цый у вырашэнні праблем духоўнага развіцця польскага этнасу на Беларусі. На 1999 у СПБ больш за 30 тыс. членаў. Паводле статута вышэйшым органам СПБ з’яўляецца з’езд, які склікаецца 1 раз у 4 гады. У перыяд паміж з’ездамі саюзам кіруе Гал. праўленне (знаходзіцца ў г. Гродна) на чале са старшынёй. Мае абл., гар., раённыя, мясц. пярвічныя арг-цыі. Найб.абл.арг-цыя пасля гродзенскай — Саюз палякаў на Міншчыне. СПБ удзельнічае ў правядзенні фестываляў, конкурсаў, аглядаў маст. самадзейнасці і інш. Хадайнічае перад Мін-вам адукацыі аб адкрыцці польскіх школ, збірае сродкі на іх фінансаванне. Падтрымлівае сувязі з Польшчай і польскай дыяспарай у свеце. Выдае газ.«Глос знад Немна» і час.«Магазын польскі». Пра нац.-культ. дзейнасць СПБ гл. таксама ў арт.Палякі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНХРО́ННЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,
электрычная сінхронная машына, якая працуе ў рэжыме рухавіка. У С.э. магн. поле статара і ротар маюць аднолькавую частату вярчэння n, якая знаходзіцца ў строгіх суадносінах да частаты эл. току ƒ : n = 60ƒ/p, дзе p — колькасць пар полюсаў. Выкарыстоўваюцца ў прамысл. устаноўках, сістэмах аўтаматыкі, кінаапаратуры, быт. і інш. прыладах, якія патрабуюць пастаяннай вуглавой скорасці. Магутнасць ад долей вата да некалькіх дзесяткаў мегават.
У параўнанні з асінхронным электрарухавікам С.э. мае больш высокі магутнасці каэфіцыент і перагрузачную здольнасць. Аднак з-за неабходнасці сілкавання абмоткі ўзбуджэння ад генератара пастаяннага току ці статычнага ўзбуджальніка (іоннага, паўправадніковага выпрамніка), а таксама з-за асаблівасцей пуску (разгону да намінальнай вуглавой скорасці) часта не можа канкурыраваць з асінхронным рухавіком. Ротар С.э. малой магутнасці выконваецца ў выглядзе пастаяннага магніта, без абмоткі ўзбуджэння. Вял. ціхаходныя С.э. маюць яўнаполюсны ротар, высокаскарасныя — наяўнаполюсны. У С.э. малой магутнасці з-за адсутнасці абмоткі ўзбуджэння рэактыўны момант з’яўляецца асноўным, таму яны наз. рэактыўнымі. У пераўзбуджаным стане С.э. можа аддаваць рэактыўную энергію ў сетку — працаваць у рэжыме сінхроннага кампенсатара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІРЫ́ЙСКАЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1925—27,
нац.-вызв. паўстанне ў Сірыі супраць франц.калан. панавання. Пачалося 18.7.1925 у вобласці Джэбель-Друз пад кіраўніцтвам феадала Султана аль-Атраша. 21 ліп. апалчэнцы разграмілі франц.ваен. атрад, 28 ліп. ўвайшлі ў г. Эс-Сувейда, а 2—3 жн. разграмілі 4-тыс. атрад франц. войск і паўстанне набыло агульнанац. характар. 23 жн. аль-Атраш выдаў маніфест з патрабаваннем поўнай незалежнасці Сірыі і вываду з яе франц. войск. Да паўстання далучылася Партыя народа на чале з Шахбендэрам. У кастр. 1925 вобласць Джэбель-Друз поўнасцю вызвалена ад франц. войск, і паўстанне ахапіла аазіс Гута, дзе знаходзіцца сталіца Сірыі — Дамаск. 18 кастр. паўстанцы ўступілі ў Дамаск, але пад націскам франц. войскаў неўзабаве пакінулі яго і разгарнулі партыз. вайну. Летам 1926 80-тыс.франц. армія рушыла супраць паўстанцаў і да восені задушыла асн. іх ачагі. Апошні апорны пункт паўстанцаў Джэбель-Друз французы захапілі ў чэрв. 1927; аль-Атраш і ч. яго прыхільнікаў перайшлі ў Трансіарданію.
Літ.:
Луцкий В.Б. Национально-освободительная война в Сирии (1925—1927 гг.). М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́ННАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
спецыфічны ўзаемны ўплыў тоесных часціц, які эфектыўна праяўляецца як вынік некаторага асаблівага ўзаемадзеяння. Чыста квантавы эфект, які не мае класічнага аналага і вынікае з тоеснасці прынцыпу.
Пры сілавым узаемадзеянні паміж часціцамі сярэдняя энергія сістэмы часціц неаднолькавая ў станах, што апісваюцца хвалевымі функцыямі з рознай сіметрыяй, напр. сістэма з 2 электронаў, калі не ўлічваць іх эл. ўзаемадзеяння, характарызуецца 2 хвалевымі функцыямі φ(r1, r2), якія адносна перастаноўкі каардынат электронаў (r1 ⇄ r2) мяняюць або не мяняюць знак Станам з φ± адпавядае сярэдняя энергія ўзаемадзеяння E± = Ek+Ea, дзе Ek — энергія электрастатычнага (кулонаўскага) узаемадзеяння электронаў, кожны з якіх знаходзіцца ў індывід, стане; Ea — т.зв. абменная энергія, што ўзнікае, калі электроны як бы абменьваюцца сваімі станамі (адсюль назва). Абменнае ўзаемадзеянне існуе ў сістэме тоесных часціц і пры адсутнасці сілавога ўзаемадзеяння (ідэальны газ тоесных часціц). Яно пачынае праяўляцца, калі сярэдняя адлегласць паміж часціцамі становіцца параўнальнай з даўжынёй хвалі дэ Бройля, мае характар адштурхоўвання для ферміёнаў (гл.Паўлі прынцып) і прыцяжэння — для базонаў. Паняццем абменнага ўзаемадзеяння карыстаюцца ў тэорыі многаэлектронных атамаў, гомеапалярнай хім. сувязі, ферамагнетызму. Тэрмін абменнае ўзаемадзеянне ўжываецца і ў ядз. фізіцы (гл.Ядзерныя сілы).