будынак для паказу кінафільмаў, глядзельная зала якога абсталявана кінапраекцыйнай апаратурай, экранам, гучнагаварыцелямі. Першыя К. ўзніклі ў пач. 20 ст. (К. на Нолендорфплац у Берліне, 1910). У 1920-я г. К. будавалі ў розных арх. стылях, з традыц.тэатр. планіроўкай глядзельнай залы. Ствараліся і т. зв. суперкіно (на 4—5 тыс. гледачоў), з выкарыстаннем метал. канструкцый (у г. Стамфард, Вялікабрытанія, 1928). З 1930-х г. у Зах. Еўропе будавалі К. з залай на 1200—2200 гледачоў, спрошчаных арх. форм з утульнымі інтэр’ерамі. Сучасныя будынкі К. пераважна строгія па форме, пабудаваны на кантрасце глухіх кубічных аб’ёмаў і вял. замкнёных паверхняў гал. фасадаў; глухія сцены часта аздоблены мазаікай. Большасць К. абсталявана для паказу звычайных і шырокаэкранных фільмаў; універсальныя К. — для звычайных, шырокаэкранных і шырокафарматных са стэрэафанічным гукаўзнаўленнем. Для дэманстрацыі спец. відаў фільмаў існуюць К. стэрэафанічныя, панарамныя, кругарамныя, дзённага кіно і інш. Сярэдняя ўмяшчальнасць залаў сучасных К. 200—1000 месцаў. Ёсць К. з некалькімі заламі, дзе адначасова дэманструюцца розныя фільмы. У некаторых краінах пры бесперапынных паказах фільмаў гледачы могуць уваходзіць у залу і выходзіць у любы час. У Беларусі прыняты пасеансавы паказ фільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
рэчывы, малекулы якіх маюць атамы крэмнію (Si), злучаныя з атамам вугляроду непасрэдна або праз атам інш. элемента. Падзяляюць на манамерныя (у малекуле адзін ці некалькі атамаў Si) і высокамалекулярныя — крэмнійарганічныя палімеры.
Вядомы розныя групы К.з.: з адным атамам Si (звычайна іх разглядаюць як вытворныя сілану SiH4) — арганагалагенсіланы [напр., (CH3)3SiCl трыметылхлорсілан], алкоксісіланы [напр., (C2H5O)3SiH трыэтоксісілан], арганасіланолы [напр., (C6H5)2Si(OH)2 дыфенілсіландыол] і інш.; з некалькімі атамамі Si — арганасілаксаны ці сілаксаны [напр., (CH3)3SiOSi(CH3)3 гексаметылдысілаксан], маюць у малекуле групоўку Si—O—Si, арганасілазаны з групоўкай Si—N—Si у малекуле [напр., (CH3)3SiNHSi(CH3)3 гексаметылдысілазан] і інш.; крэмнійэлементаарганічныя злучэнні — К.з., у малекуле якіх ёсць сувязь Si—M і Si—Y—M, дзе M — атам металу ці неметалу (напр., літый, алюміній, бор, фосфар), Y — група, якая мае атам вугляроду, кіслароду, азоту, серы, злучаны з Si. Большасць К.з. — бясколерныя вадкасці; дыэлектрыкі. Раствараюцца ў арган. растваральніках, некат. (напр., арганасіланолы) — і ў вадзе. Біялагічна актыўныя рэчывы. Выкарыстоўваюць у сінтэзе крэмнійарган. палімераў, лек. сродкаў, вытв-сці крэмнійарган. вадкасцей і каўчукоў, смол і лакаў, у якасці гідрафабізатараў, антыадгезіваў, напаўняльнікаў пластмас, цепланосьбітаў (да 400 °C) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЗІ «НЕПАХО́ЖЫЯ»,
феадальна-залежныя сяляне ў ВКЛ, пазбаўленыя права на пераход ад аднаго феадала да другога. Юрыдычнае афармленне прыгоннага становішча Л.«н.» пачалося з прывілея 1447. Складалі асн. катэгорыю сельскага насельніцтва. У залежнасці ад павіннасцей падзяляліся на цяглых, чыншавых і інш. У некат. дакументах ВКЛ называліся отчычамі. У 15 ст. складалі ўжо значную частку сельскага насельніцтва, але яшчэ не большасць яго. Некат. дакументы 15 ст. разглядаюць Л.«н.» як прыналежнасць феад. маёнткаў. Гэта катэгорыя залежнага сялянства папаўнялася рознымі шляхамі найперш за кошт неаплатных даўжнікоў, якія не маглі разлічыцца з панам. Яшчэ адной крыніцай папаўнення Л.«н.» было закладніцтва. Паступова ў 16 ст. феадалы пашыралі права 10-гадовай земскай даўнасці на людзей«пахожых», якія, «засядзеўшы земскую даўнасць», пазбаўляліся права пераходу ў інш. мясцовасць. Так, катэгорыя Л.«н.» пашыралася за кошт скарачэння «пахожых» людзей. Калі паншчына стала асн. павіннасцю прыгоннага сялянства, Л.«н.» ўсё часцей у дакументах называюцца «людзьмі цяглымі», «людзьмі прыгоннымі». У канцы 16—1-й пал. 17 ст. пасля правядзення агр. рэформы вял.кн. Жыгімонта II Аўгуста і аналагічнага правядзення валочнай памеры ў прыватнаўласніцкіх маёнтках Л.«н.» і людзі «пахожыя» зліліся ў адну групу прыгоннага сялянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛПЫ (Anthropoidea, або Simia),
падатрад млекакормячых атр.прыматаў. 2 групы (140 відаў): шыраканосыя малпы і вузканосыя М., або М. Старога Свету. Вузканосых М. 3 сям.: ніжэйшыя вузканосыя — мартышкі, вышэйшыя вузканосыя — чалавекападобныя і людзі — гамініды. М. паходзяць з палеацэну і эацэну (60—25 млн. гадоў назад) ад выкапнёвых даўгапятаў Еўропы і Паўн. Амерыкі. Пашыраны ў.Еўропе (1 від), Паўд. Азіі, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы, Афрыцы. Жывуць пераважна ў лясах і гарах тропікаў. Большасць відаў вядзе стадны спосаб жыцця, пераважна дрэвавы (акрамя гелад, маготаў, павіянаў). У Чырв. кнізе МСАП — каля 60 відаў.
Ад даўж. 15 см і масы каля 70 г (ігрунка карлікавая) да 2 м і 300 кг (гарыла). Валасяное покрыва развітое (акрамя твару і вушных ракавін), развітая мімічная мускулатура. Будова мозга складаная, кара са шматлікімі звілінамі і барознамі. У вузканосых М. ноздры скіраваны ўніз. Вял. палец кісці ў іх проціпастаўлены астатнім пальцам; маюць пазногці. Усёедныя. Нараджаюць 1 дзіцяня (у ігрунак 2—3). Гл. таксама Арангутан, Гарыла, Гібоны, Мартышкі, Павіяны, Шымпанзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НСТЭРСКАЯ КАМУ́НА,
панаванне ў 1534—35 пратэстантаў-анабаптыстаў у г.Мюнстэр (Вестфалія); уздым рэв. падзей у Германіі пасля паражэння Сялянскай вайны 1524—25. Пасля перамогі прыхільнікаў Рэфармацыі ў Мюнстэры (1533) і выгнання адтуль князя-епіскапа ў Мюнстэры сканцэнтраваліся анабаптысты і з інш. гарадоў Вестфаліі і Нідэрландаў. У лют. 1534 яны на чале з Янам Матысам і Іаанам Лейдэнскім атрымалі большасць у магістраце і фактычна захапілі ўладу ў горадзе. Мюнстэр яны абвясцілі «Новым Іерусалімам», г.зн. цэнтрам «Царства боскага», якое, паводле пропаведзі Яна Матыса, павінна быць усталявана на зямлі мячом «праведных». Ва ўмовах аблогі войскамі епіскапа анабаптысты правялі ў горадзе шэраг пераўтварэнняў (падпарадкаванне майстроў-рамеснікаў гар. абшчыне ў справе арганізацыі вытв-сці і выкананні заказаў, канфіскацыя золата, серабра і каштоўных рэчаў на агульную карысць, скасаванне грошай і ўвядзенне натуральнага абмену, улік прадуктаў спажывання, наладжванне агульных трапез і інш.). Пасля гібелі ў баі Яна Матыса (5.4.1534) І.Лейдэнскі распусціў магістрат і стварыў савет «12 апосталаў», а потым устанавіў асабістую дыктатуру тэакратычнага тыпу і быў абвешчаны царом Новага Сіёна (Мюнстэра) і будучым уладыкам усяго свету. Блакіраваная праціўнікам, М.к. пасля працяглай гераічнай абароны пала. Яе ўцалелыя дзеячы, у т. л. Іаан Лейдэнскі, пасля катаванняў пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕў Вялікую Айчынную вайну,
адна з арганізацыйных форм аб’яднання партызанскіх брыгад, партызанскіх палкоў, партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі на акупіраванай тэр. Беларусі. У выніку шырокага партыз. руху былі створаны шматлікія фарміраванні, якім для правядзення баявых аперацый у шырокіх маштабах патрэбна было цэнтралізаванае кіраўніцтва і рэгулярная сувязь з сав. тылам. Фарміравалі П.з. ЦШПР, БШПР, падп. абкомы, міжрайкомы, міжрайпартцэнтры і райкомы КП(б)Б. Узначальвалі П.з. звычайна сакратары падп. абкомаў, міжрайкомаў партыі ці афіцэры Чырв. Арміі; кіраўніцтва ажыццяўлялася праз штабы злучэнняў. У розны час дзейнічала каля 40 тэрытарыяльных злучэнняў [наз. таксама ваенна-аператыўнымі групамі (ВАГ), цэнтрамі: абласныя Баранавіцкае, Беластоцкае, Брэсцкае, Вілейскае, Гомельскае, Магілёўскае, Мінскае, Палескае, Пінскае; злучэнні Барысаўска-Бягомльскай, Івянецкай, Лідскай, Паўд. зон Баранавіцкай вобл., Паўд.-Прыпяцкай зоны Палескай вобл., Слуцкай, Стаўбцоўскай, Шчучынскай зон; Клічаўскі аператыўны цэнтр; ВАГ Асіповіцкая, Быхаўская, Бялыніцкая, Бярэзінская, Кіраўская, Клічаўская, Круглянская, Магілёўская, Рагачоўская, Шклоўская; П.з. «Трынаццаць» і інш.Большасць злучэнняў створана ў 1943. Часта ствараліся спец. падраздзяленні аўтаматчыкаў, артылерыстаў, мінамётчыкаў, якія падначальваліся камандзіру злучэння. Стварэнне П.з. садзейнічала павышэнню ўзроўню кіраўніцтва партыз. рухам, баявой і своечасовай актыўнасці партыз. фарміраванняў.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 398.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ АТРА́Ду Вялікую Айчынную вайну,
асноўная арганізацыйная і баявая адзінка партызан, добраахвотна аб’яднаных для барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі. На Беларусі за ўвесь перыяд акупацыі дзейнічала 1255 П.а. Узначальвалі атрад камандзір і камісар. У падпарадкаванні камандзіра быў нач. штаба і яго апарат, нам. па разведцы, дыверсіях, пам. па забеспячэнні з адпаведнымі падраздзяленнямі. У П.а. былі пярвічныя парт. і камсам. арг-цыі. Тыповая структура атрада: штаб, 3—4 роты, па 3 узводы ў кожнай, з 3 аддзяленнямі ва ўзводзе. Колькасны і баявы склад атрада непастаянны. БШПР адрозніваў атрады па 100—150, 151—350, 351 і больш партызан з адпаведнай колькасцю асн.стралк. і цяжкай зброі. Буйны П.а. пры адпаведных умовах разгортваўся ў партызанскую брыгаду, са жн. 1943 асобныя атрады Магілёўскай вобл. (800 і больш партызан) — у партызанскія палкі. Паводле прызначэння П.а. падзяляліся на звычайныя (унітарныя), дыверсійна-разведвальныя. кавалерыйскія, артылерыйскія, штабныя, рэзервовыя, мясц. самаабароны, маршавыя. Большасць іх уваходзіла ў склад брыгад, 203 дзейнічалі самастойна. Пра асобнадзейныя П.а. гл. табліцу.
Літ.:
Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1983;
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 456—474.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХУ́ЧЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, пахкія рэчывы,
арганічныя злучэнні, якія маюць прыемны пах і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці парфумерных і касметычных вырабаў, тавараў быт. хіміі, харч. прадуктаў. Пашыраны ў прыродзе: уваходзяць у састаў пахучых прадуктаў расліннага (эфірныя алеі, бальзамы, пахучыя смолы і інш.) і жывёльнага (амбра, мускус і інш.) паходжання. Паводле хім. прыроды большасць П.р. адносіцца да складаных эфіраў (напр., бутылацэтаты, бензіл- і ліпалілацэтат з кветкавым пахам), многія да альдэгідаў (напр., бензойны альдэгід, ванілін), спіртоў (напр., ліналаол).
Да 19 ст., калі былі атрыманы першыя сінт. аналагі прыродных П.р. (ванілін, 2-фенілэтанол з пахам ружы і інш.), адзінай крыніцай П.р. былі прыродныя прадукты. Распрацаваны метады сінтэзу амаль усіх П.р., што атрымлівалі з прыроднай сыравіны (напр., ментолу, цытралю), а таксама П.р., не знойдзеных у прыродзе (напр., фаліону э пахам фіялкі). Зроблена спроба вызначыць залежнасць паміж прыродай паху і будовай малекул П.р., аднак гэта не дае магчымасці прадказаць пах рэчыва.
Асн. колькасць П.р., што маюць прамысл. значэнне (больш за 500), атрымліваюць сінтэтычна, некаторыя вылучаюць з эфірных алеяў. Выкарыстоўваюць у выглядзе парфумерных кампазіцый. Гл. таксама Парфумерыя, Парфумерна-касметычная прамысловасць.
Літ.:
Братус И.Н. Химия душистых веществ. 2 изд. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫПАТЭТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА (ад грэч. peripatoi крытая галерэя — лекцыйная зала),
лікей, філасофская школа Арыстоцеля. Была буйным цэнтрам ант. ведаў, спалучала функцыі акадэміі навук (даследаванні на падставе метаду Арыстоцеля ў розных галінах ведаў, каардынацыя даследчай дзейнасці). Адрозніваюць некалькі перыядаў перыпатэтызму. 1-ы перыяд — 4—2 ст. да н.э. Лікей створаны ў 335 да н.э. ў Афінах Арыстоцелем, пасля яго школай кіраваў Тэафраст (паклаў пачатак батаніцы; на яго лекцыях прысутнічала каля 2 тыс. слухачоў). У школе выкладалі Эўдэм Радоскі, Арыстаксен з Тарэнта і інш. Вучнямі былі Дурыс, Хамелеон з Гераклеі Пантыйскай, Праксіфан з Лесбаса. Калі школу ўзначальваў філосаф і прыродазнавец Стратон з Лампсака, характэрнай яе рысай стала схільнасць да заняткаў асобнымі навукамі (гісторыя, геаграфія, гісторыя л-ры і інш.). У 2-і перыяд (1 ст. да н.э.) вучоныя Андронік Радоскі, Ксенарх, Стасей з Неапаля былі пераважна выдаўцамі, рэдактарамі і каментатарамі арыстоцелеўскіх твораў. Падобная дзейнасць характэрна і для 3-га перыяду (1—2 ст.н.э.). Сярод вучоных таго часу Аляксандр з Эгі, Адраст, Гермін, Арыстокл з Месены, Аляксандр Афрадысійскі. Большасць з іх займалася гіст. біяграфіямі, літ.-знаўствам, папулярнай этыкай. З 4 ст. ўласна перыпатэтычныя традыцыі знікаюць, творы Арыстоцеля пачалі каменціраваць неаплатонікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТФО́РМАў геалогіі,
адна з гал. глыбінных структур зямной кары, якая характарызуецца адносна малой інтэнсіўнасцю тэктанічных рухаў, магматызму і плоскім рэльефам. Проціпастаўляецца высокарухомым паясам — геасінкліналям, арагенным эпіплатформавым, сярэдзінна-акіянічным хрыбтам. П. звычайна ізаметрычныя, вуглаватыя, мяжуюць са складкавымі і горнымі абласцямі па вял. разломах (краявых швах) ці па краявых прагінах, месцамі з акіянічнымі абласцямі. Плошча ад соцень да некалькіх тысяч квадратных кіламетраў. Мае 2-ярусную будову: складкавы крышт. фундамент (гл.Фундамент платформавы крышталічны) і слабапарушаны платформавы чахол. Паводле ўзросту фундамента П. падзяляюцца на стараж. (кратоны, з дакембрыйскім фундаментам) і маладыя з палеазойскім і раннемезазойскім фундаментам). Большасцьвял.стараж. П. (Усх.-Еўрапейская, Афрыканская, Аўстралійская, Антарктычная, Паўн.-Амерыканская, Бразільская) утвараюць ядры мацерыкоў (акрамя Азіі, у складзе якой вядомы 4 П.). Маладыя П. (Цэнтральна-Еўраазіяцкая, Зах.-Еўрапейская, Іберыйская і інш.) адрозніваюцца ад стараж. адносна большай рухомасцю, структурным планам, тыпам структур і інш. У структуры П. вылучаюць пліты, шчыты, сінеклізы, антэклізы, прагіны, масівы, скляпенні, валы і інш. На дне акіянаў вылучаны П. акіянічныя, адпаведныя глыбокім катлавінам з пакатахвалістым дном, малой магутнасцю зямной кары (5—7 км) і адсутнасцю ў фундаменце «гранітнага слоя». Тэр. Беларусі размешчана ў зах.ч.Усх.-Еўрапейскай П.