ЙЕ́МЕН, Йеменская Рэспубліка (Аль Джумхурыя аль Йаманія),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на Пд Аравійскага п-ва. Абмываецца водамі Чырвонага і Аравійскага мораў. Мяжуе на Пн з Саудаўскай Аравіяй, на У з Аманам (б.ч. мяжы не дэмаркіравана). Пл. 532 тыс.км2. Нас. 13972,5 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Сана (з 1990), статус эканам. сталіцы мае г.Адэн. Падзяляецца на 17 правінцый. Дзярж. мова — арабская, б.ч. насельніцтва размаўляе на йеменскім дыялекце. Дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень йеменскага адзінства (22 мая).
Дзяржаўны лад. Й. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1994 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Палаце прадстаўнікоў (301 дэпутат, выбіраюцца насельніцтвам), выканаўчая ўлада — ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Й. пераважна горная краіна. На З — Йеменскія горы (Джэбель) выш. да 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб, складаюцца з высокіх плато, расчлянёных глыбокімі далінамі. Шмат патухлых вулканаў. На Пд і ў цэнтр.ч. горы выш. да 2513 м, паўн. схілы якіх павольна зніжаюцца да пустыні Руб-эль-Халі. На У — невысокія пласкагор’і і пластавыя ўзвышшы. Уздоўж узбярэжжа Чырвонага м. і Адэнскага зал. паласой у 50—60 км цягнецца пустыня Тыхама. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, золата, серабро, каменны і буры вугаль, жал., поліметал. і уранавыя руды, графіт, сера, бітумінозныя сланцы, фасфарыты, соль, гіпс, паўкаштоўныя камяні (онікс, агат, халцэдон). На ўзбярэжжы клімат трапічны, гарачы і сухі. Тыхама — адна з самых спякотных і сухіх пустынь у свеце. Сярэдняя т-растудз. 24 °C, чэрв. 31 °C, ападкаў менш за 100 мм. У гарах лета ўмерана цёплае і вільготнае, зіма халаднаватая і сухая, у снеж.—лютым бываюць замаразкі. Каля г. Сана (на выш. 2400 м) сярэдняя т-рачэрв. 21 °C, студз. 14 °C, ападкаў 700—1000 мм за год. Рэкі невялікія. Частка рэк (Мур, Забід, Масіла, Тыбан і інш.) у верхнім і сярэднім цячэнні мае пастаянны вадасцёк, большасць перасыхае. Глебы чырвона-бурыя, зрэдку саланчаковыя. Расліннасць на раўніне пустынная і паўпустынная, на схілах гор калючыя хмызнякі і невял. дрэвы (акацыя, мімоза), па далінах лістападныя і вечназялёныя лясы, на ўнутр. плато сухія стэпы, месцамі саванна. У аазісах пустынь і паўпустынь фінікавыя і какосавыя пальмы. Жывёльны свет: газелі, шакалы, гіены, паўзуны, шмат малпаў, эндэмічны драпежнік мускусны кот (в-аў Сакотра); з птушак — пеліканы, фламінга, цацаркі. У прыбярэжных водах — тунец, сардзіны, скумбрыя, лангусты, амары, крэветкі, крабы і інш.
Насельніцтва. Й. — этнічна аднародная краіна, каля 90% складаюць йеменскія арабы. Жывуць таксама індыйцы, пакістанцы, іранцы, самалійцы і інш. Каля 100 тыс.чал. вядуць качавы спосаб жыцця на У і ПнУ. Большасць насельніцтва належыць да сектаў шыітаў-зейдзітаў і сунітаў-шафіітаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 26 чал. на 1 км2, найб. ў Джэбелі — каля 100 чал. на 1 км2, у Хадрамаўце і вакол г. Адэн — 45 чал. на 1 км2, на Пн — каля 1 чал. на 1 км2. У гарадах жыве 34% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж.): Сана — 972, Адэн — 562 (1995), Таіз — 178, Хадэйда — 155, Эль-Мукала — 50 (1986).
Гісторыя. Дзярж. ўтварэнні на тэр. Й. існавалі са стараж. часоў. На рубяжы 2—1-га тыс. да н.э. тут складвалася своеасаблівая паўд.-аравійская цывілізацыя, узніклі дзяржавы Хадрамаўт, Катабан, Саба, пазней — Маін, якія дасягнулі найб. росквіту ў 2—1 ст. да н.э. (гэта тэрыторыя атрымала ад ант. географаў назву «Arabia felix» — «Шчаслівая Аравія»). Іх развіццю спрыяў гандаль з краінамі Міжземнамор’я і Індыяй. У пач. 4 ст.н.э.тэр. Й. ўключана ў Хім’ярыцкае царства, тут пашырыліся іудаізм і хрысціянства. У 525 Й. заваяваны эфіопамі, у 575 — Сасанідамі (гл.Сасанідаў дзяржава). У канцы 6 — пач. 7 ст. на тэр. Й. існавала шмат дробных уладанняў, якія каля 630 уключаны ў склад Араб.халіфата. Паступова пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 10 ст. частка тэр. Й. апынулася пад уладай шыіцкай секты зейдзітаў. Некалькі стагоддзяў тут ішлі міжусобіца і барацьба паміж рознымі дынастыямі. У пач. 16 ст. Й. падпарадкавалі туркі-асманы, але ў выніку агульнайеменскага паўстання яны мусілі ў 1633 пакінуць краіну. Утварылася незалежная тэакратычная дзяржава на чале з зейдзіцкімі імамамі. У 1839 англічане захапілі раён Адэна (Паўд. Й.), дзе пазней былі створаны брыт. калонія і пратэктараты Адэн (Усходні і Заходні). У Паўн. Й. аднавілася тур. панаванне (1872).
У выніку антыасманскага паўстання 1904—11 Паўн. Й. дамогся аўтаноміі, у 1918 абвешчаны каралеўствам на чале з імам Ях’я ібн Мухамедам. Паводле англа-йеменскага дагавора 1934 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць Паўн. Й., але пакінула за сабой Адэн. У 2-ю сусв. вайну Й. захоўваў нейтралітэт, у 1943 разарваў дыпламат.адносіны з Італіяй. У 1948 у выніку змовы забіты Ях’я. Да ўлады прыйшоў яго сын Ахмед, які часткова адышоў ад палітыкі самаізаляцыі дзяржавы: быў створаны савет міністраў, Й. прыняў удзел у Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1962 у выніку антыманархічнай рэвалюцыі скінута ўлада імама і абвешчана Йеменская Араб. Рэспубліка (ЙАР). Новы ўрад прапанаваў шырокую праграму сац.эканам. рэформ, ажыццяўленне якой прыпыніла грамадз. вайна (скончана ў 1970). У 1971 адбыліся першыя ў гісторыі Паўн. Й. ўсеагульныя выбары паводле канстытуцыі 1970. У 1978 прэзідэнтам ЙАР выбраны Алі Абдала Салех.
У выніку ўзбр.нац.-вызв. барацьбы народаў Паўд. Й. ў 1967 абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Паўд. Йемена (з 1970 Нар.Дэмакр. Рэспубліка Йемен, НДРЙ). Кіраўніцтва абвясціла сацыяліст. арыентацыю краіны і ажыццявіла шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю феад.-плем. структуры грамадства. У 1972 успыхнуў узбр. канфлікт з ЙАР, які скончыўся падпісаннем пагаднення аб аб’яднанні 2 дзяржаў (не рэалізаваны). У 1978 створана Йеменская сацыяліст. партыя, ген. сакратаром у 1980 выбраны Алі Насэр Мухамед (адначасова кіраўнік дзяржавы і прэм’ер-міністр). Партыя выступала за развіццё дзярж. сектара ў эканоміцы, стварэнне калект. гаспадарак, цеснае супрацоўніцтва з СССР і інш.сацыяліст. краінамі. У 1979 адбыўся новы ўзбр. канфлікт з ЙАР. У 1980-я г.ўнутр. канфлікты, частыя змены кабінетаў, непаразуменні ў кіраўніцтве па пытаннях ўнутр. і знешняй палітыкі перашкаджалі працэсу сац.-эканам. развіцця НДРЙ. У 1989 ва ўмовах крызіснай эканам. сітуацыі кіраўніцтва краіны адмовілася ад сацыяліст. праграмы. Перагаворы паміж урадамі абедзвюх йеменскіх дзяржаў скончыліся падпісаннем 22.5.1990 дагавора пра стварэнне аб’яднанай Рэспублікі Йемен (РЙ). Прэзідэнтам яе выбраны Алі Абдала Салех. У канцы 1993 адносіны паміж Паўн. і Паўд. Й. рэзка пагоршыліся, у крас. 1994 пачалася маштабная вайна. У маі 1994 у Адэне абвешчана Дэмакр. Рэспубліка Йемен. У ліп. 1994 войскі РЙ устанавілі кантроль над усёй тэр.Паўд. Й. Вясной 1997 адбыліся выбары новага парламента РЙ. Й. — чл. Лігі араб. дзяржаў (з 1945), ААН (з 1947). Дыпламат.адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1995.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Усеагульны нар. кангрэс, Йеменскае аб’яднанне ў абарону рэформ, Йеменская сацыяліст. партыя. Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя прафсаюзаў рабочых Йеменскай Рэспублікі.
Гаспадарка. Й. — аграрная краіна. Яе эканоміка перажывае цяжкі крызіс як вынік баявых дзеянняў у 1994. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 37,1 млрд.дол. ЗША, на душу насельніцтва — 2520 дол. ЗША. Доля ВУП (%): прам-сці — 24, сельскай гаспадаркі — 21, сферы паслуг — 55. У сельскай гаспадарцы занята 54% працаздольнага насельніцтва. Гал. галіна — земляробства. Пасяўная пл. каля 3210 тыс.га. Асн. раёны — Джэбель (на тэрасаваных багарных землях), Тыхама, Хадрамаўт, Лахдж (на арашальных землях). Прыродныя ўмовы дазваляюць атрымліваць па 2—3 ураджаі за год. Гал. экспартная культура — кава. У аазісах — фінікавая пальма. Асн. збожжавыя: дура (афр. проса), сорга, пшаніца, ячмень. кукуруза; тэхн. — індзіга, кунжут, бавоўнік, тытунь, хна, кат (наркатычная расліна), імбір. Традыцыйна развіта садоўніцтва (бананы, персікі, абрыкосы, гранаты, цытрусавыя, манга, інжыр). У цэнтр. раёнах развіта вінаградарства (больш за 40 сартоў). На паліўных землях агародніцтва, бахчаводства. Бульбаводства. Жывёлагадоўля пашавага характару. Гадуюць (млн. галоў, 1996): авечак — 3,7, коз — 3,2, буйн. раг. жывёлу (пераважна зебу) — 1,1, коней, аслоў, вярблюдаў. У Хадрамаўце і Джэбелі — пчалярства. У прыбярэжных раёнах — рыбалоўства; улоў рыбы (1995) складае 86,8 тыс.т. Здабываюць жэмчуг, каралы, перламутр. Вядучая галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Запасы нафты — 550 млн.т у раёне Марыб і прав. Хадрамаўт (Масіла), газу — 130—170 млрд.м3. Штогод на Марыбскім радовішчы здабываюць каля 10 млн.т нафты. Нафтаперапрацоўка на з-дах у Адэне і Марыбе (магутнасць каля 9 млн.т). Нафта і нафтапрадукты складаюць каля 90% экспарту краіны. Здабываюць таксама кухонную соль (запасы ў Саліфе 300—500 млн.т), жал. руду, гіпс, паўкаштоўныя камяні. Вытв-сць электраэнергіі (1995) 1,9 млрд.кВт∙гадз. З-ды металаапрацоўчай прам-сці: суднарамонтны (Адэн), зброевы (Сана), па вытв-сці тары для нафтапрадуктаў (Хадэйда) і алюмініевага посуду (Таіз). Прадпрыемствы лёгкай прам-сці: бавоўнаачышчальныя (у Сане, Хадэйдзе, Забідзе, Лахджы), тэкст. (у Сане, Адэне), швейныя, гарбарныя. Ёсць з-ды хім. прам-сці (лакафарбавы ў Адэне і пластмасавых вырабаў у Таізе). Развіты галіны харч. прам-сці (кандытарская, алейная, кансервавая, рыбная, малочная, тытунёвая). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў у Таізе, Сане (цэментны з-д), мэблі ў Сане, запалак у Адэне. Развіта саматужна-рамесніцкая вытв-сць дываноў, тэкстылю, абутку, упрыгожанняў з золата, серабра, ганчарных вырабаў. Ва ўнутр. перавозках асн. з’яўляецца аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог з асфальтавым пакрыццём 11 тыс.км. Аўтапарк больш за 510 тыс. машын, у м. 282 тыс. грузавых. Шырока выкарыстоўваецца ўючны транспарт на стараж. караванных шляхах. 11 аэрапортаў, з іх 4 міжнар. (у Сане, Адэне, Таізе, Хадэйдзе). Знешнегандл. марскія перавозкі — на замежных суднах. Гал. парты: Хадэйда (вываз кавы, сухафруктаў, скуры, бавоўны), Адэн (транзітны порт), Моха, Саліф, Эль-Мукала. Экспарт складае 1,1 млрд.дол. ЗША (1994): нафта і нафтапрадукты, кава, бавоўна, фінікі, рыбапрадукты, соль і інш. Імпарт — 1,8 млрд.дол. ЗША (1994): нафта, машыны і абсталяванне, тавары нар. ўжытку, хім. прадукцыя. Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, Расія, краіны бас. Індыйскага ак. Грашовыя адзінкі — йеменскі рыял і йеменскі дынар.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр.Паўн. Й. выяўлены рэшткі стараж. гарадоў (з 2-га тыс. да н.э., Марыб, Маін), умацаваных мурамі з вежамі, ірыгацыйных пабудоў (Марыбская плаціна, 7 ст. да н.э.), каменных храмаў з рэльефамі, статуямі, размалёўкамі (храм Авам каля Марыба, 8 ст. да н.э.). Знойдзены каменная і бронз. скульптура. творы гліптыкі, кераміка. З І. ст.н.э. вядомы г. Сана, дзе паводле літ. крыніц, быў 20-павярховы замак Гумдан. З пашырэннем ісламу (7 ст.) будаваліся мячэці, напачатку «дваровага» тыпу (аль-Джама аль-Кебір у Сане), пазней — у выглядзе купальных залаў (аль-Ашрафія ў Таізе, 13 ст.); мінарэты звычайна ярусныя, круглыя ці шматгранныя, з невял. купалам. Традыц. жылыя дамы ў гарадах 3—7-павярховыя, каменныя ці цагляныя, з міжпаверхавымі паясамі (у Сане), ажурнымі балконамі (у Хадэйдзе); у селішчах — высокія сырцовыя і каменныя, часам вежавыя дамы ці чарацяныя хаціны на драўляным каркасе. У Паўд. Й. захаваліся руіны сталіцы царства Катабан г. Тымна (9—1 ст. да н.э., рэшткі каменных умацаванняў, вял. будынкаў з высечанымі на сценах надпісамі, надмагільныя стэлы некропаля з квадратнымі пліткамі, са схематычнымі выявамі твараў, насценныя бронз. рэльефы і статуі эліністычнага характару); у Хадрамаўце — руіны гарадоў 5—4 ст. да н.э. з абарончымі мурамі з часанага каменю (Шабва) і рэшткамі дамоў, скальныя грабніцы і вадаёмы (Адэн). У розных раёнах знойдзены прадрапаныя і нанесеныя вохрай выявы канца 1-га тыс. да н.э.: фігуркі людзей і жывёл з бронзы і золата, кераміка з геам. арнаментам. У нешматлікіх сучасных гарадах (Шыбам, Тарым) захавана ў асноўным стараж. аблічча: сырцовыя 6—7-павярховыя да мы вежавага тыпу, якія шчыльна прымыкаюць адзін да аднаго і ствараюць знадворку непрыступны мур з адзінай брамай, што вядзе ў горад. Фасады высокіх дамоў часта аздоблены шматколернай размалёўкай. Каля г. Адэн захаваліся ўмацаванні сярэдзіны 19 ст. (і фрагменты 16—17 ст.). Для культавай архітэктуры характэрны мячэці з плоскім ці купальным перакрыццем галерэй, якія абкружаюць двор, Мінарэты з паясамі зубчастай муроўкі з цэглы сырцу, маўзалеі-«куба» з яйкападобным купалам і ажурным парапетам, што завяршае сцены. У архітэктуры сучаснага Й. новыя канструкцыі спалучаюцца з традыц. элементамі. Развіваецца выяўл. мастацтва. Захоўваюцца стараж. віды нар. мастацтва: інкрустацыя па дрэве і метале, філігрань, вышыўка, дыванаткацтва і інш.
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Йемена.Да арт.Йемен. Традыцыйная забудова гарадоў на паўночным усходзе краіны.Да арт.Йемен. Ландшафт у даліне Хадрамаўт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́К, Іракская Рэспубліка (Аль-Джумхурыя аль-Іракія),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, у Месапатаміі. Мяжуе на Пн з Турцыяй, на ПнЗ з Сірыяй, на З з Іарданіяй, на ПдЗ з Саудаўскай Аравіяй і нейтральнай зонай, на Пд з Кувейтам, на ПнУ з Іранам, на ПдУ абмываецца Персідскім залівам. Падзяляецца на 18 мухафаз (губернатарстваў). Пл. 434,9 тыс.км². Нас. 22 219 тыс.чал. (1996). Сталіца — г.Багдад. Афіц. мова — арабская і курдская. Нац. свята — 17 ліп. (Дзень Рэвалюцыі).
Дзяржаўны лад. Паводле часовай канстытуцыі 1968 (са зменамі 1973 і 1974) І. — нар.-дэмакр. рэспубліка, эканам. сістэма якой грунтуецца на сацыяліст. прынцыпах. Вышэйшы орган дзярж. улады — Савет рэв. камандавання (9 чал., выбіраюцца сярод членаў іракскага кіраўніцтва Партыі араб.сацыяліст. адраджэння). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца Саветам рэв. камандавання сярод яго членаў), які адначасова з’яўляецца старшынёй Савета і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. ўлада належыць парламенту (250 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады), у склад якога ўваходзіць Курдскі канстытуцыйны савет (50 чал., выбіраюцца ў Курдскім аўт. раёне). Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам, на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Большая ч.тэр. краіны занята Месапатамскай нізінай, складзенай з рачных наносаў рэк Тыгр і Еўфрат. Паўд.ч. яе забалочаная. Нізіна нахілена з ПнЗ на ПдУ. На Пн і ПнУ — ускраіны Арм. і Іранскага нагор’яў з хрыбтамі выш. да 3—3,5 тыс.м.Найб. вышыні знаходзяцца каля іракска-тур. граніцы (Усх. Таўр) і на ПнУ (Курдыстанскія горы). Зах.ч. займае плато Сірыйскай пустыні з сярэднімі выш. 300—400 м. Карысныя выкапні: нафта (каля 20 млрд т), прыродны газ (каля 3 трыльёнаў м³), каменны вугаль, каменная соль, жал. і медная руды, фасфарыты, бітум, сера, буд. матэрыялы. Асн. радовішчы нафты і прыроднага газу на Пн каля Кіркука і Масула, на Пд каля Басры. Клімат паўн.ч. міжземнаморскі, паўд. — сухі, трапічны. У межах раўнін сярэдняя т-растудз. ад 7 °C на Пн да 11 °C на Пд, чэрв. ад 32 °C на Пн да 34 °C на Пд. Ападкаў ад 500 мм на Пн (у гарах да 1500 мм) да 50—100 мм за год на Пд. Тэрыторыю І. сярэднім і ніжнім цячэннем перасякаюць рэкі Тыгр і Еўфрат, якія на Пд зліваюцца і ўтвараюць р. Шат-эль-Араб. Выкарыстоўваюцца на арашэнне і для суднаходства. У Ніжняй Месапатаміі поймавыя азёры. У пустынных раёнах часовыя вадатокі (вадзі). Расліннасць стэпавая і паўпустынная, на ПдЗ пустынная, у гарах калючыя хмызнякі і рэдкія дрэвы фісташкі, смакоўніцы і інш. Па берагах рэк галерэйныя лясы, насаджэнні фінікавых пальмаў. Лясы займаюць 2% тэрыторыі. Жывёльны свет: газель, дзікі асёл, паласатая гіена, шакал, леапард і інш. Каля 20 запаведнікаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Жывуць арабы (75%), курды (больш за 20%, пераважна на Пн), туркмены, асірыйцы, іранцы (персы), армяне і інш. Курды і ч. арабаў захоўваюць племянны падзел. У краіне больш за 100 качавых, паўкачавых і аселых плямён. Амаль усе вернікі мусульмане (96%). Сярод іх 60% шыіты, 40% суніты. Сярэдняя шчыльн. 51,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 300 чал. на 1 км²) заселены цэнтр.ч. Месапатаміі, берагі Тыгра і Еўфрата, перадгор’і. У гарадах жыве каля 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., з прыгарадамі, 1996): Багдад — 4336, Эрбіль — 1743, Масул — 879. У прам-сці занята 22% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 30%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. На тэр. сучаснага І., якая ў асноўным супадае з Месапатаміяй, існавалі стараж. цывілізацыі; буйнейшыя з іх — Шумер, Асірыя, Вавілонія. З сярэдзіны 6 ст. да н.э.тэр. І. ўваходзіла ў Ахеменідаў дзяржаву, з 4 ст. да н.э. — у дзяржаву Аляксандра Македонскага, потым — у дзяржаву Селеўкідаў, Парфянскае царства У 630-я г. Месапатамія заваявана арабамі і ў 661 увайшла ў склад Амеядаў халіфата. Б.ч. насельніцтва паступова прыняла іслам і араб. мову. Пры Абасідах (750—1258) засн. новая сталіца халіфата Багдад, які стаў паліт. і культ. цэнтрам усяго мусульм. свету. У 1055 Багдад, пазней і ўся Месапатамія заваяваны сельджукамі (гл.Сельджукская дзяржава), у 2-й пал. 13 ст. — манголамі. У канцы 14 — пач. 15 ст.тэр. І. ўвайшла ў склад імперыі Цімура, пасля распаду якой яна стала арэнай барацьбы паміж асобнымі правадырамі манг.-цюрк. родаў, а потым паміж Сефевідамі (гл.Сефевідаў дзяржава) і туркамі. З 17 ст. і да канца 1-й сусв. вайны тэр. І. ўваходзіла ў Асманскую імперыю. З канца 16 ст. І. таксама — аб’ект экспансіі еўрап. дзяржаў, асабліва Англіі, у апошняй чвэрці 19 ст. і Германіі. У 1917—18 брыт. войскі акупіравалі б.ч. Месапатаміі, Багдад і багаты нафтай Масульскі вілает. У крас. 1920 Вялікабрытанія атрымала мандат Лігі нацый на кіраванне дзяржавай І., створанай ёю з трох вілаетаў б. Асманскай імперыі (Басрскага, Багдадскага, Масульскага). Гэта выклікала нац.-вызв. паўстанне, якое летам 1920 ахапіла ўсю краіну. Пасля задушэння паўстання ў кастр. 1920 створаны «нац. ўрад» І., які залежаў ад Вялікабрытаніі. У жн. 1921 краіна абвешчана канстытуцыйнай манархіяй на чале з эмірам Фейсалам I з дынастыі Хашымітаў. У 1922 Вялікабрытанія заключыла з І. т. зв. саюзны дагавор, што замацоўваў у ёй англ. панаванне; падпісаны ў 1930 англа-іракскі дагавор захоўваў паліт., эканам. і ваен. пазіцыі Вялікабрытаніі (гл.Англа-іракскія дагаворы і пагадненні 1922, 1926, 1930, 1948, 1955). У 1932 І. абвешчаны незалежным і прыняты ў Лігу нацый. У 1930-я г. і ў час 2-й сусв. вайны ў краіне адбыўся шэраг паўстанняў курдаў, якія вялі барацьбу за аўтаномію, і дзярж пераваротаў. У пач. 1930-х г. значны ўплыў у краіне мелі камуністы (створаны прафсаюзы, пашырыўся забастовачны рух), у 1934 засн. Іракская камуніст. партыя (ІКП). У пач. 2-й сусв. вайны І. разарваў дыпламат.адносіны з Германіяй. Аднак складаная ўнутр. сітуацыя і антыбрыт. скіраванасць іракскага грамадства спрыялі ўзмацненню прагерм. настрояў. У крас. 1941 адбыўся антыбрыт. дзярж. пераварот Р.А. аль-Гайлані, пасля ліквідацыі якога (май 1941) І. акупіравалі брыт. войскі; у 1943 І. аб’явіў вайну дзяржавам фаш. блоку. І. — адзін з заснавальнікаў Лігі араб. дзяржаў (1945). Яго войскі ўдзельнічалі ў араба-ізраільскай вайне 1948—49 (у выніку з краіны эмігрыравала каля 130 тыс. яўрэяў). У 1948—58 урад ліквідаваў ІКП (у 1949 пакараны смерцю 4 яе кіраўнікі), правёў адм. і эканам. рэформы, перадаў канцэсіі на здабычу нафты ЗША і Вялікабрытаніі. У 1955 І. заключыў з Турцыяй дагавор, які стаў асновай Багдадскага пакта (гл.Арганізацыя цэнтральнага дагавора).
У выніку ваен. перавароту 14.7.1958 (гл.Іракская рэвалюцыя 1958) скінута манархія, І. абвешчаны рэспублікай, прынята часовая канстытуцыя, якая гарантавала роўныя правы ўсім грамадзянам і аўтаномію курдам. Урад ген. А.К.Касема праводзіў палітыку т. зв. пазітыўнага нейтралітэту (у 1959 І. выйшаў з Багдадскага пакта, ліквідаваны замежныя ваен. базы, выведзены брыт. войскі), аднавіў дыпламат.адносіны з СССР. Ва ўнутр. палітыцы Касем карыстаўся дыктатарскімі метадамі, апіраючыся на падтрымку камуністаў. У 1961 успыхнула новае паўстанне курдаў, якія не атрымалі абяцанай аўтаноміі. Прэтэнзіі І. на Тэр. Кувейта выклікалі асуджэнне інш араб. краін. Ваен. пераварот 1963 адбыўся пад лозунгамі антыкамунізму і араб. адзінства; да ўлады прыйшло крайняе правае крыло Партыі арабскага сацыялістычнага адраджэння (БААС). Пачаліся масавыя рэпрэсіі і тэрор, адноўлены ваен. дзеянні супраць курдаў. У выніку дзярж. перавароту 18.11.1963 уладу захапіла ваен. групоўка, якую падтрымлівалі памяркоўныя колы БААС. У 1965 І. разарваў дыпламат.адносіны з ФРГ (пасля прызнання ёю Ізраіля), пасля ізраільска-араб. вайны 1967 — з ЗША і Вялікабрытаніяй (да 1968), налажыў эмбарга на пастаўкі нафты ў гэтыя краіны. 17.7.1968 кіраўнікі партыі БААС ажыццявілі дзярж. пераварот, ген. С.А.Х. аль-Бакр стаў прэзідэнтам і ўзначаліў Савет рэв. камандавання, да якога перайшла ўся ўлада. Аль-Бакр падтрымаў курс на сацыяліст. арыентацыю і цесныя сувязі з СССР. Праведзена агр. рэформа, нацыяналізаваны замежныя нафтавыя кампаніі, у 1974 курды атрымалі абмежаваную аўтаномію. У 1979 пераемнікам аль-Бакра стаў С.Хусейн. У выніку супярэчнасцей у Савеце рэв. камандавання ч. яго членаў абвінавачана ў спробе дзярж. замаху і пакарана смерцю, рэпрэсіраваны камуністы, палепшыліся адносіны з зах. краінамі (І. разам з інш.араб. краінамі асудзіў інтэрвенцыю СССР у Афганістане). У чэрв. 1980 адбыліся першыя ўсеагульныя выбары (права голасу атрымалі і жанчыны), выбраны парламент — Нац. сход. Пагаршэнне адносін з Іранам прывяло ў вер. 1980 да ірана-іракскай вайны 1980—88, якая нанесла вял.эканам. страты абодвум бакам. Фін. дапамога Саудаўскай Аравіі, Кувейта і Аб’яднаных Араб. Эміратаў дала І. магчымасць аднавіць ваен. патэнцыял. Канфлікт з Іранам паспрыяў паляпшэнню іракска-егіп. адносін (Егіпет пастаўляў зброю для арміі І.), а таксама аднаўленню ў 1984 дыпламат. адносін з ЗША, больш цеснаму супрацоўніцтву з Францыяй (пастаўкі зброі для І.). У жн. 1988 заключана перамір’е з Іранам. У 1990 І. прад’явіў Кувейту непрымальныя фін. і тэр. патрабаванні, і ў жн. 1990 яго войскі акупіравалі Кувейт. Савет Бяспекі ААН асудзіў акт агрэсіі, патрабаваў вываду войск І. з Кувейта. У ліст. 1990 Савет Бяспекі ААН ухваліў рашэнне аб выкарыстанні ваен. сілы супраць І. У студз. 1991 войскі антыіракскай кааліцыі пачалі ваен. дзеянні, якія скончыліся капітуляцыяй І. і прызнаннем ім рэзалюцыі Савета Бяспекі ад 3.4.1991 аб умовах перамір’я. У маі 1992 іракскія курды абвясцілі аб стварэнні сваёй аўт. дзяржавы, але ўрад І. не прызнаў яе і пачаў фактычную эканам. блакаду Курдыстана. Нявырашанасць курдскай праблемы і эканам. крызіс, выкліканы міжнар. санкцыямі, ускладнілі ўнутрыпаліт. сітуацыю ў краіне. І. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты, Араб. лігі. Дыпламат.адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1996.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыя араб.сацыяліст. адраджэння (БААС) — правячая, Дэмакр. партыя Курдыстана, Патрыят. саюз Курдыстана, Іракская камуніст. партыя (на нелегальным становішчы); Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.
Гаспадарка. І. — індустр.-агр. краіна. Аснова эканомікі — здабыча нафты. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) за апошнія гады значна паменшаў (у 1995 да 41,1 млрд.дол.) і складае каля 1,8 тыс. долараў на 1 чал. ў год. Доля ў ВУП нафтаздабыўной і нафтаперапр. прам-сці каля 67%, апрацоўчай прам-сці каля 7, сельскай гаспадаркі каля 6%. Пасля 1958 праведзены агр. рэформы, нацыяналізаваны банкі, страхавыя т-вы, буйныя прамысл. і гандл. прадпрыемствы, створаны дзярж. сектар, у т. л. Іракская нафтавая кампанія. Больш за 75% прамысл. прадукцыі ствараецца ў дзярж. сектары. Эканам. сітуацыя ў краіне пасля агрэсіі супраць Кувейта застаецца складанай. Рашэннямі Савета Бяспекі ААН устаноўлены рэжым санкцый, забаронены экспарт усіх відаў сыравіны, у т. л. нафты і гатовых вырабаў, продаж або перадача ўзбраенняў і ваен. тэхнікі. Гал. галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Максімальны ўзровень здабычы дасягнуты ў 1979—175 млн.т, у 1996—29,6 млн.т. Буйныя нафтапромыслы знаходзяцца на Пн у раёне Кіркука (Джамбур, Бай-Хасан і інш.) і Масула (Айн-Зала, Каяра, Бутма і інш.). Працуюць нафтаперапр. з-ды ў Кіркуку і Эль-Хадыце. Цяжкая нафта з радовішчаў каля Масула перапрацоўваецца на нафтаперапр. з-дзе ў Каяры пераважна на змазачныя маслы. На Пд нафту здабываюць у Эз-Зубайры і Эр-Румайле. Разам з нафтай здабываюць серу і прыродны гаручы газ. У Басры прадпрыемствы па звадкаванні газу. Вядзецца здабыча фасфатаў, мармуру, солі, кварцу. Энергетыка засн. на выкарыстанні нафты і газу. Вытв-сць электраэнергіі 25,7 млрд.кВт∙гадз (1996). У апрацоўчай прам-сці пераважаюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы. Адноснае развіццё атрымала вытв-сцьтэкст. і швейная (Багдад, Масул, Сулейманія, Кербела), гарбарна-абутковая (Багдад, Эрбіль, Масул, Кіркук, Басра, Эль-Кут), буд. матэрыялаў (Сулейманія, Масул, Эль-Куфа, Ум-Каср). Шмат прадпрыемстваў харч. прам-сці (млыны, цукр. з-ды, ф-кі кансервавыя і па апрацоўцы фінікаў). Ёсць прадпрыемствы цэм., шкляной, металаапр., аўтазборачнай, хім., эл.-тэхн., фармацэўтычнай, папяровай прам-сці. За апошнія дзесяцігоддзі актыўна развіваецца ваен.прам-сць. Развіта саматужная вытв-сць абутку, дываноў, ювелірных вырабаў, посуду, цыновак і інш. Каля палавіны прамысл. прадукцыі краіны ствараецца ў Багдадзе, Басры, Масуле.
Для развіцця сельскай гаспадаркі прыдатна каля 12 млн.га зямель, пад ворыва выкарыстоўваецца каля 8 млн.га, у т. л. 2,5 млн.га арашаецца. Земляробства развіта пераважна ў Ніжняй Месапатаміі і ў перадгор’ях; у паўд. і цэнтр. раёнах яно выключна арашальнае, у паўн. раёнах — багарнае. Раслінаводства экстэнсіўнага характару. Збожжавыя (гадавы збор каля 2 млн.т) займаюць 90% пасяўной плошчы. Вырошчваюць азімую пшаніцу, сачавіцу, ячмень (на Пн), рыс (на Пд). З тэхн. культур гал. бавоўнік і тытунь. І. займае 1-е месца ў свеце па вырошчванні фінікаў (каля 30 млн. дрэў, гадавы ўраджай каля 200—300 тыс.т). Развіта садоўніцтва, вінаградарства, агародніцтва. Жывёлагадоўля пераважна качавая. Як пашы выкарыстоўваюцца каля 35 млн.га ў пустынных, паўпустынных і горных раёнах. У 1996 было (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 2,5, авечак і коз — 15. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў, вярблюдаў. Рыбалоўства ў рэках, каналах, азёрах і Персідскім заліве. Асн. від транспарту — аўтамабільны (каля 70% усіх перавозак). Даўж. чыгунак 3 тыс.км, аўтадарог — больш за 45 тыс.км, з іх больш за 20 тыс. з цвёрдым пакрыццём. Тыгр, Еўфрат, Шат-эль-Араб і некат. арашальныя каналы выкарыстоўваюцца для дробнатанажнага суднаходства. Гал. марскія парты Басра, Ум-Каср і Фао (экспарт нафты). Агульны танаж танкернага флоту 2,1 млн. т. Дзейнічаюць нафтаправоды даўж. 4,2 тыс.км, нафтапрадуктаправоды 0,7 тыс.км і газаправоды даўж. 2,6 тыс.км. Знешнеэканам. сувязі краіны з-за санкцый Савета Бяспекі ААН абмежаваныя. У даваен. час (да 1979) нафтавы сектар даваў 95% экспарту. Даходы ад экспарту нафты складалі штогод 21—26 млрд.дол., у 1994 імпарт — 1,9 млрд.дол., экспарт — 0,45 млрд. долараў. Гандаль пераважна з ЗША, Германіяй, Бразіліяй, Іарданіяй (транзітны). У 1996 экспарт нафты склаў толькі 5% ад узроўню 1979. І. экспартуе таксама фінікі, скуры, шэрсць; імпартуе харч. і прамысл. тавары. Знешні доўг больш за 50 млрд. долараў. Грашовая адзінка — іракскі дынар.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1997) каля 1 млн.чал., у т. л. 450 тыс.узбр. рэзервістаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі налічваюць 350 тыс.чал. асабовага складу, маюць на ўзбраенні каля 2,7 тыс. танкаў, каля 3 тыс. бронеаўтамабіляў, больш як 2 тыс. гармат і мінамётаў, рэактыўную і зенітную артылерыю, ракетныя ўстаноўкі і інш. У ВПС 35 тыс.чал., больш як 300 баявых і трансп. самалётаў, каля 240 вучэбных самалётаў, 400 верталётаў. У ВМС каля 2,5 тыс.чал., 9 баявых караблёў і 7 катэраў.
Літаратура. Першыя літ. помнікі на тэр. І. створаны ў 3-м тыс. да н.э, на вавілонскім дыялекце. Самы вядомы твор вавілона-асірыйскай л-ры (гл. ў арт.Вавілона-асірыйская культура) — эпічная песня пра Гільгамеша. Багатая сярэдневяковая араб.л-ранайб. развіццё атрымала ў Багдадзе — цэнтры араб. культуры (гл.Арабская культура). Больш за 300-гадовае ўладаранне Асманскай імперыі прывяло да заняпаду краіны, яе культуры. Росквіт уласна іракскай л-ры прыпадае на 19 ст., перыяд т. зв. літ. ўздыму (ан-нахда аль-адабія). У 1854 А.Б. аль-Омары стварыў дыван «Рэшткі добрага», панегірычныя вершы, у т. л. папулярныя «Касыды плашча». У вершах А.Г. аль-Ахраса гучаў заклік да міласэрнасці. Асаблівую напружанасць пачуццяў набыла яго паэзія ў вершах, звернутых да паэта-бунтара М.А.Г. аль-Джаміля. Яго хамрыят (вершы пра віно) нагадваў вершы Абу Нуваса (8—9 ст.). Значнае месца ў тагачаснай л-ры належала паэту, празаіку і філосафу А.С. аль-Алюсі, аўтару твораў «Дзіўнае і дзівоснае ўдалечыні ад радзімы і забавы душы ў вандроўцы, знаходжанні на чужыне і пры вяртанні», «Ап’яненне універсальнымі ведамі пры падарожжы ў Стамбул» і інш.Асв. і літ. дзейнасць у той час вялі А.Н. аль-Ансары, аль-Омары, І. ат-Табатабаі, Дж. аш-Шаркі. Адлюстраванне тэмы тэхн. прагрэсу ў канцы 19 — пач. 20 ст. нарадзіла новую форму — баркіят — верш тэлегр. стылю, які нагадваў шараду(М. аль-Казвіні). Паэта А.М. аль-Казымі на Араб. Усходзе называлі «паэтам арабаў». Да класічнай іракскай школы канца 19 ст. належыць творчасць Дж.С. аз-Захаві. М. ар-Русафі ў вял. главе свайго «Дывана» (1910) адлюстраваў шэраг драм. момантаў з сярэдневяковай гісторыі І. «Вершаваныя апавяданні» ар-Русафі і аз-Захаві — першыя творы л-ры І. з дакладна выяўленай сюжэтнай лініяй, што сталі перадумовай стварэння апавяданняў і аповесцей. Сярод сучасных літаратараў І. вылучаюцца: А.Зу-н-Нун («Справа Маджыда Рахіма», «Доктар Ібрахім»), аль-Джахіз («Кніга пра скупых»), Абу-ль-Фараджаль-Ісфахані, А.М. ар-Рубаі («Каралеўства дзеда»), А.Муніф («На ўсход ад Міжземнамор’я»), Б. аль-Хатыб («Самія з Александрыі»), С.Джамал («Ён вярнуўся», «Прэзідэнт», «Тры гваздзікі», «Падманутыя надзеі», «Чорныя ружы»), Г.Т.Фарман («Пяць галасоў») і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найбольш стараж. помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да канца 8-га тыс. да н.э. (раскопкі паселішчаў у даліне Сінджара, помнікі археал. культур Урука, Джэмдэт-Насра, Эль-Абейда). У 4—1-м тыс. да н.э. развівалася мастацтва Шумера, Акада, Асірыі, Вавілоніі (гл.Вавілона-асірыйская культура). Захаваліся помнікі эліністычнага мастацтва, Парфянскага царства, дзяржавы Сасанідаў.
Вял. роля належыць І. ў фарміраванні араб. культуры. У 630-я г. тут заснаваны гарады Эль-Куфа, Басра, у пач. 8 ст. — Васіт. Захаваліся руіны помніка раннесярэдневяковага араб. дойлідства — Ухайдыра. У 762 пачаў будавацца Мадынат ас-Салам (сучасны Багдад). Да архітэктуры перыяду халіфата Абасідаў адносяцца пабудовы Самары (грандыёзныя палацавыя і культавыя ансамблі, умацаваныя мурамі і вежамі, у т. л. палац Джаусак, спіралепадобны мінарэт аль-Мальвія). Мастацтва прадстаўлена фрагментамі сценапісу і размалёўкі па дрэве, арнаментальнымі стукавымі рэльефамі і разнымі драўлянымі панэлямі. У Багдадзе і на Пн І. развівалася кніжная мініяцюра. У 10—11 ст.манум.буд-ва заняпала. Архітэктура 12—1-й пал. 13 ст. вылучалася дакладнымі аб’ёмна-прасторавымі кампазіцыямі, скляпеністымі памяшканнямі, высокімі парталамі, купаламі на тромпах; у дэкоры выкарыстоўвалі ўзорысты цагляны мур, разную тэракоту, часам рэльефы. Былі пашыраны васьмерыковыя маўзалеі з высокімі канічнымі ячэістымі купаламі (т.зв. маўзалей Зубайды ў Багдадзе). У 12—13 ст. дасягнула росквіту т. зв. багдадская школа мініяцюры, якой уласцівы лаканічныя ілюстрацыі да навук. трактатаў («Фармакалогія» Дыяскарыда, рукапісаў Кітаб аль-дырыяк і інш.). Мініяцюры паўн. І. вылучаліся ўрачыстай параднасцю («Кніга песняў»), У 2-й пал. 13—15 ст.буд-ва амаль не вялося. Архітэктуры 16—17 ст. уласцівы ўплывы сефевідскага Ірана: вял. купальныя маўзалеі-мячэці (у Багдадзе, Кербеле, Неджэфе) з яркім паліхромным дэкорам. Для нар. жылля характэрна планіроўка з унутр. дваром, лоджыямі і калонным айванам, вокны і балконы з узорыстымі драўлянымі кратамі. У дэкар.-прыкладным мастацтве важнае месца займала кераміка з рэльефным дэкорам, які змяшчаў выявы людзей і жывёл (8—14 ст.), глазураваная з размалёўкай люстрам (9 ст.), паліхромнай падглазурнай размалёўкай. Былі пашыраны маст. вырабы з металу — пасудзіны ў выглядзе птушак або звяроў (8—9 ст.), аздобленыя чаканкай, гравіроўкай, сярэбранай інкрустацыяй (13 ст.), а таксама ткацтва (залататканыя, шаўковыя і льняныя тканіны). Сярэдневяковыя маст. традыцыі захаваліся да 20 ст. Сучасная архітэктура імкнецца падпарадкаваць міжнар. стандарты мясц. кліматычным умовам, выкарыстоўваць элементы традыц. планіроўкі і дэкору. У пач. 20 ст. зарадзіўся алейны жывапіс (А.К. ар-Расам, М.С.Закі і інш.), развіваліся скульптура і графіка. Пасля 1958 пашырыліся прапагандысцкія формы манум. мастацтва (манумент «Рэвалюцыя 14 ліпеня» Дж.Саліма, 1959—60, і інш.), у станковым мастацтве — сац.-быт. партрэт і тэматычная карціна, выкарыстанне мясц.маст. традыцый і вопыту сусв. мастацтва (Ф.Хасан, Х. ад-Дурубі, М.Ахмед). На тэр. І. на працягу стагоддзяў развіваецца маст. культура курдаў. Музеі: Іракскі (засн. ў 1923), араб. старажытнасцей (1937), этнаграфічны (1941), сучаснага мастацтва (1963), палаца Абасідаў (1935) — усе ў Багдадзе, Масульскі (1951), Вавілонскі (засн. ў 1949 на руінах Стараж. Вавілона).
Герб і сцяг Ірака.Да арт.Ірак. Ландшафт у гарах Курдыстана.Да арт.Ірак. Панарама Багдада.Да арт.Ірак. Ландшафт у гарах Курдыстана.Да арт.Ірак. Панарама Багдада.Да арт.Ірак. Панарама Багдада.Да арт.Ірак. Танцоўшчыцы. Фрагмент размалёўкі палаца Джаусак у Самары. 9 ст.Да арт.Ірак. Глінянае вядро з размалёўкай люстрам.Да арт.Ірак. Залаты збанок. 2-я пал. 10 ст.Да арт.Ірак. Тытульны ліст рукапісу Кітаб аль-дырыяк. Масул. 1199.Да арт.Ірак. Мячэць Мутавакіля ў Самары з мінарэтам аль-Мальвія. Сярэдзіна 9 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЦЬКАЎШЧЫНА, Айчына, Радзіма,
1) гіст.-культуралагічнае і філасафічнае паняцце, якое азначае пэўную этнакультурную супольнасць, адносіны чалавека да яе, патрыятызм; сінонімы — родная краіна, родная зямля. У гісторыі бел. грамадскай думкі і л-ры прайшло шматвяковую эвалюцыю, зместам і формай адпаведную канкрэтна-гіст. умовам. У стараж. пісьмовых крыніцах паняцце Бацькаўшчына перадавалася выразамі «зямля», «руская зямля», «атчына», «атчызна», радзей — «материзна». Па меры фарміравання цэнтралізаванай дзяржавы, узмацнення этнакансалідацыйных працэсаў пашыраўся і паглыбляўся змест паняцця «айчына» як увасаблення агульнадзярж., агульнаграмадскіх інтарэсаў: «отчызна наша Великое князство Литовское» (Устаўная грамата вял. князя Аляксандра 1501); ужываліся і сінанімічныя выразы: «панство», «гаспадарства», «княства». У афіц. практыцы феад. грамадства ідэя Бацькаўшчыны найчасцей атаясамлівалася з ідэяй дзяржавы, народа ў іх саслоўна-прывілеяваным разуменні.
З актывізацыяй гуманіст. думкі на Беларусі ў эпоху Адраджэння пашырылася і дэмакр. канцэпцыя паняцця Бацькаўшчына, заснаваная на прынцыпах раўнапраўя людзей розных сац. станаў, нац. і канфесійнай прыналежнасці, на ідэі самаахвярнага служэння чалавека сваёй Радзіме. У творчасці Ф.Скарыны вылучаецца ідэя справядліва арганізаванага грамадства на аснове гарманічнасці асабістых і супольных інтарэсаў, усебаковага сац., культ.-духоўнага развіцця народа, адданасці ўсіх і кожнага роднай зямлі. Скарынаўская патрыят. традыцыя знайшла працяг у творчасці і грамадскай дзейнасці С.Буднага, В.Цяпінскага, Ф.Кміты-Чарнабыльскага, Л.Сапегі, Ф.Еўлашоўскага, Я.Цадроўскага, аўтараў Хронікі Быхаўца, Баркулабаўскага летапісу, «Прамовы Мялешкі», Магілёўскай хронікі і інш.
Паняцце Бацькаўшчыны паглыблена і ўзбагачана ў канцы 18 — пач. 20 ст., у эпоху нац. кансалідацыі, змагання за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску (гл. ў арт.Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух). У новай бел. л-ры («Песня беларускіх жаўнераў», творы В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Вярыгі-Дарэўскага, К.Каліноўскага, нарадавольцаў групы «Гоман», Ф.Багушэвіча, А.Абуховіча, К.Каганца, пісьменнікаў-нашаніўцаў) выказаны адвечныя патрыят. імкненні, абуджэнне гіст., нац. свядомасці бел. народа, замілаванне сваёй Бацькаўшчынай, рашучасць бараніць яе. Рознабаковы, цэласны змест паняцце Бацькаўшчына, з улікам гал. кампанентаў (геагр.-тэр. абшар, народ, дзяржава, паліт. і эканам. лад, культура, мова, гіст. спадчына), набыло пасля рэвалюцыі 1905—07. Пад сцягам адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі кансалідаваліся літ., культ.-асветныя, парт., сац.-рэв. аб’яднанні, плыні, рухі, што праявілася ў дзейнасці Беларускай сацыялістычнай грамады, газ.«Наша доля»; «Наша ніва», бел. выдавецкіх суполак, Усебеларускага з’езда 1917 і інш. Барацьба за нац. адраджэнне Бацькаўшчыны ўкаранавана абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі, затым Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Паняцце Бацькаўшчыны як спрадвечнага абшару ў этнічных, дзярж. межах бел. народа, як свабоднага дэмакр. грамадства, уладкаванага паводле сац.-паліт. і нац. раўнапраўя, бесперашкоднага духоўнага развіцця, прыязнасці з суседнімі і ўсімі інш. народамі свету, грамадства, гарантаванага ў сваіх правах і жыццёвых інтарэсах уласнай незалежнай дзяржавай, стала кансалідуючай ідэяй бел. адраджэнскага руху (гл. ў арт.Адраджэнне нацыянальнае). Яна знайшла сваё адлюстраванне ў творах А. і І.Луцкевічаў, А.М.Уласава, В.Ю.Ластоўскага, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, З.Бядулі, А.Гаруна, Л.Гмырака, М.Гарэцкага, Я.Лёсіка, І.Канчэўскага, асабліва Я.Купалы. У купалаўскай публіцыстыцы далей развіты скарынаўскі ідэал Бацькаўшчыны — справядлівай маці ўсіх людзей краіны, незалежна ад іх нацыянальнасці, веравызнання, што пры нац. і канфесіянальнай неаднароднасці бел. грамадства мела і мае прынцыповае значэнне. Ідэя Бацькаўшчыны адыграла ролю ў змаганні народа супраць падзелу бел. зямлі паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921, за ўз’яднанне падзеленых частак краіны ў адзінай бел. дзяржаве, супраць ням.-фаш. захопнікаў у гады 2-й сусв. вайны, служыла і служыць незаменным духоўным стымулам у процідзеянні нацыянальна свядомых сіл грамадства асіміляцыі бел. народа з боку парт.-наменклатурнай дыктатуры. З канца 1980-х г. дзеля новага адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі, адбудовы яе паліт.-дзярж. незалежнасці і суверэнітэту, пераадолення сац.-эканам. крызісу, заняпаду бел. мовы, нац. культуры гуртуюцца патрыят. сілы бел. этнасу, уключна з бел. эміграцыяй. Нац.-адраджэнскай ідэяй прасякнуты Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь (27.7.1990), Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (1994), праграмныя дакументы бел.дэмакр. партый і арг-цый.
2) Родны куток, месца, дзе нарадзіўся і вырас хто-небудзь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́,
вырашэнне сродкамі ўзбр. насілля эканам., нац., грамадска-паліт., рэліг., тэр. і інш. супярэчнасцей паміж дзяржавамі, народамі, нацыямі і сац. групамі. Гал. сродкі вядзення вайны — узбр. сілы, армія, інш. ваенізаваныя фарміраванні. Вайна, як правіла, вядзе да буйных чалавечых ахвяр, страты матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, разбуральна ўздзейнічае на грамадства.
У першабытнаабшчынным грамадстве ўзбр. сутыкненні родаў і плямён былі разнавіднасцю барацьбы за выжыванне. З узнікненнем дзяржавы як органа ажыццяўлення ўнутр. і знешняй палітыкі пануючых класаў вайна набыла грамадска-паліт. змест, што запатрабавала стварэння спец. атрада ўзбр. людзей — арміі. Узбр. насілле станавілася ўсё больш дзейсным сродкам узбагачэння, узмацнення эканам. і паліт. панавання, заняволення народаў. Як мера ў адказ на сац. насілле і эксплуатацыю барацьба заняволеных народаў нярэдка набывала форму грамадзянскай вайны або вызваленчай.
Войны класіфікуюць паводле вылучэння найб. істотных падстаў для іх развязвання. Найб. агульныя і найчасцей выкарыстоўваліся сац.-паліт., ваен.-тэхн., маштабныя (колькасныя), гіст. падставы. Паводле сац.-паліт. падстаў войны падзяляюць на роды, тыпы і віды, кожны з іх аб’ядноўвае пэўныя групы войнаў, якія маюць падобныя сац.-паліт. прыкметы. У сучаснай ваен. тэорыі пашыраны падзел войнаў на справядлівыя і несправядлівыя. Да справядлівых адносяць войны народаў за вызваленне ад эксплуатацыі і нац. прыгнёту або для абароны сваёй краіны ад агрэсіі; несправядлівыя войны накіраваны на задушэнне нац.-вызв. барацьбы, захоп чужых тэрыторый, заняволенне і рабаванне інш. народаў і г.д. Сіламі міжнар. рэакцыі падрыхтаваны і развязаны першая сусветная вайна 1914—18, самая вял. і кровапралітная ў гісторыі чалавецтва другая сусветная вайна 1939—45. Састаўной часткай апошняй была справядлівая Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. У перыяд навук.-тэхн. прагрэсу войны становяцца асабліва разбуральныя. Уступленне чалавецтва ў 2-й пал. 20 ст. ў ядзерны век істотным чынам змяніла змест войнаў, адносіны да іх сусв. супольніцтва. Пагроза ядзернай вайны паставіла перад чалавецтвам пытанне пра неабходнасць выключэння войнаў як сродку вырашэння любых міждзярж. і ўнутрыдзярж. спрэчак. Статут ААН замацаваў прынцып забароны вайны. У 1974 29-я сесія Генеральнай асамблеі ААН прыняла спец. рэзалюцыю «Аб вызначэнні агрэсіі», паводле якой для дзяржавы-агрэсара прадугледжана паліт. і матэрыяльная адказнасць, а асобы, вінаватыя ў планаванні, падрыхтоўцы і развязванні вайны (агрэсіі), нясуць крымін. адказнасць. Такая ж мера пакарання выкарыстана Нюрнбергскім і Такійскім міжнар. трыбуналамі ў 1945 у адносінах да ваен. злачынцаў фаш. Германіі і мілітарысцкай Японіі, якія развязалі 2-ю сусв. вайну.
Сац. і маральны прагрэс з’яўляецца гіст. перадумовай выключэння вайны з жыцця грамадства і ўсталявання трывалага міру і згоды на зямлі. Практыка міжнар. жыцця ўсё больш схіляецца да ідэі мірнага суіснавання, спынення гонкі ўзбраенняў, абмежавання, скарачэння і ліквідацыі назапашаных сродкаў вядзення вайны (гл.Раззбраенне). Ажыццяўляюцца меры па стварэнні матэрыяльных гарантый міжнар. бяспекі; паміж вядучымі дзяржавамі заключаны пагадненні па аслабленні пагрозы вайны. Падзеі канца 1980 — пач. 1990-х г.: аб’яднанне Германіі, спыненне супрацьстаяння блокаў ваенных пасля роспуску арганізацыі Варшаўскага Дагавора 1955, выступленне сіл шматнацыянальнай кааліцыі супраць анексіі Іракам Кувейта, супрацоўніцтва краін у рамках праграмы Арганізацыі паўночна-атлантычнага дагавора (НАТО) «Партнёрства дзеля міру» па спыненні грамадз. вайны ў Босніі і Герцагавіне і г.д., — зрабілі ўплыў на ўсю структуру сучасных міжнар. адносін, павысілі аўтарытэт і ролю ААН, АБСЕ, выявілі значэнне міжнар. супрацоўніцтва ў справе процістаяння войнам і агрэсіі. Аднак у розных рэгіёнах свету не затухаюць ваен. канфлікты, гінуць людзі, знішчаюцца матэрыяльныя і культ. каштоўнасці, а на ваен. падрыхтоўку затрачваюцца вял. сродкі.
Тэр. Беларусі з-за яе геагр. становішча неаднаразова на працягу апошніх стагоддзяў станавілася арэнай самых актыўных ваен. дзеянняў, якія прывялі да вял. матэрыяльных і людскіх страт (у 2-ю сусв. вайну Беларусь страціла каля 2,5 млн. жыхароў). Пасля набыцця незалежнасці і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 у знешняй палітыцы Беларусі перш за ўсё замацаваны прынцыпы роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутр. справы інш. дзяржаў. Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай. Прапаганда вайны, паводле нац. заканадаўства, з’яўляецца злачынствам і праследуецца ў крымін. парадку.
Літ.:
Фуллер Дж.Ф. Вторая мировая война 1939—1945 гг.: Пер. с англ.М., 1956;
Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг.М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ МАСТА́ЦКІЯ ПРО́МЫСЛЫ,
адна з форм народнай творчасці, звязаная з вырабам прадметаў дэкар.-прыкладнога характару на продаж; галіна народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; арганічная частка матэрыяльнай і духоўнай культуры народа. Вытокі Н.м.п. у хатніх промыслах, якія з цягам часу ператварыліся ў дробную таварную вытв-сць (гл.Рамёствы). Існавалі звычайна як невял. саматужныя майстэрні з выкарыстаннем ручной працы, у выглядзе хатняй вытв-сці (працавала адна сям’я), радзей як арцелі майстроў, што пераходзілі з вёскі ў вёску. У формах, расфарбоўцы, арнаментацыі вырабаў Н.м.п. яскрава выяўляюцца эстэт. густы народа, яго шматвяковыя культ. традыцыі. Залежнасць ад патрабаванняў рынку вымушала майстроў прытрымлівацца мясц. традыцый, аператыўна адгукацца на патрабаванні і густы спажыўцоў (чужое, безгустоўнае не прыжывалася).
Вядомы ўсім народам свету У некат. краінах развіццё капіталіст. адносін, пашырэнне прамысл. вырабаў прывяло Н.м.п. да заняпаду або поўнага выраджэння (ЗША, краіны Зах. Еўропы). У некат. краінах, дзе капіталіст. таварна-грашовыя адносіны не набылі развітога характару (пераважна Азія і Афрыка), шырока бытуюць і ў наш час. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалося іх адраджэнне як важнай часткі нац. культуры. Шырока вядомы сярэднеазіяцкае дыванаткацтва, апрацоўка каштоўных і каляровых металаў у народаў Каўказа, бурштыну і скуры ў Прыбалтыцы, косці і футра ў народаў Д. Усходу, у Расіі філігрань, фініфць. выраб карункаў, кераміка (гл.Гжэльская кераміка, Дымкаўская цацка), размалёўка па дрэве і метале (гл.Жостаўская размалёўка, Хахламская размалёўка), лакавая мініяцюра (гл.Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Фядоскінская мініяцюра, Холуйская мініяцюра) і інш.
На Беларусі асн. відамі Н.м.п. здаўна былі ганчарства, розныя віды мастацкага пляцення (пераважна з лазы), такарнае рамяство, набіванка, пернікарства, выраб мэблі, часткова — ткацтва, вышыўка. Найб. пашырыліся Н.м.п. ў канцы 19—1-й пал. 20 ст., хоць насычэнне рынку адносна таннымі прамысл. вырабамі прывяло некат. іх віды да заняпаду (набіванка, пернікарства). У сувязі са зменамі ў канструкцыі, паляпшэннем знешняга і ўнутр. выгляду нар. жылля пашырыліся віды Н.м.п., звязаныя з дэкар. аздабленнем інтэр’ера: размалёўка па дрэве, шкле, палатне (гл.Агоўская размалёўка, Агоўскія куфры, Давыд-Гарадоцкія куфры, Лідскія куфры, Нарачанска-Дзісенскія дываны), саломка мастацкая. З мэтаю падтрымкі Н.м.п. у асяродках іх традыц. развіцця земствы арганізоўвалі школы і майстэрні: ткацкія — у Севасцянавічах (Магілёўшчына) і Лепелі, лозапляцення — у Магілёве і Гомелі і інш. Было арганізавана Таварыства дапамогі хатняму рамяству, якое дапамагала нар. майстрам у паляпшэнні якасці вырабаў, узбагачэнні форм і дэкору, арганізацыі збыту прадукцыі. У 1920—30-я г. майстры-саматужнікі аб’ядноўваліся ў арцелі (ганчарныя, ткацка-вышывальныя і інш.). У 1938 створаны Бел.маст.-прамысл. саюз, які аб’яднаў іх у адзіную сістэму. У час Вял.Айч. вайны і пасляваен. перыяд адбудовы вёскі ў сувязі з недахопам прамысл. утылітарна-дэкар. вырабаў аднавіліся традыц. Н.м.п., пераважна ганчарства, ткацтва, пляценне з саломы і лазы, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, размалёўка. Многія асяродкі традыц. Н.м.п. паслужылі асновай для стварэння вытв. аб’яднанняў і ф-к маст. вырабаў з апорнымі пунктамі па рабоце з майстрамі-надомнікамі ў навакольных вёсках. У 1965 яны былі далучаны да Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці Беларусі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел.вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастпромыслы», у 1991 — у асацыяцыю «Бел.нар.маст. промыслы», з 1993 — у Бел.дзярж. канцэрн маст. промыслаў. У канцы 1980-х г. уздым цікавасці да нац.бел. культуры і прыняцце закона аб індывідуальнай працоўнай дзейнасці (1987) адрадзілі традыц. Н.м.п. і пашырылі новыя формы іх арганізацыі (кааператывы, дамы рамёстваў і інш.). У 1999 прыняты закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь».
Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.
Я.М.Сахута.
Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Ганчар І.Генбіцкі з в. Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстрыха аплікацыі саломкай на тканіне К.Русаковіч з в. Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстар мастацкай размалёўкі Дз.Цубер з г. Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛА-ТАТА́РСКАЯ НЯВО́ЛЯ НА РУСІ́,
сістэма панавання манг.-тат. ханаў на землях паўн.-ўсх. і паўд.-зах. Русі ў 13—15 ст. Устаноўлена ў выніку заваявання гэтых зямель манг. ханам Батыем у 1237—40 (гл.Мангольскія заваяванні). Да пач. 1260-х г. Русь знаходзілася пад уладай вял.манг. ханаў, потым — ханаў Залатой Арды. Рус. княствы не ўваходзілі непасрэдна ў склад Мангольскай імперыі, захоўвалі мясц. княжацкую адміністрацыю, на тэр. княстваў не было пастаяннага манг. войска. У падпарадкаванні яны трымаліся пры дапамозе манг. пасланнікаў і рус. князёў, якія атрымлівалі ярлыкі на ўладанне (за выключэннем Кіева і некаторых інш. зямель паўд.-зах. Русі, дзе да сярэдзіны 14 ст. ўлада непасрэдна належала манг.баскакам і мясц. адміністрацыі). Баскакі і інш.спец. паслы з войскамі і вял. паўнамоцтвамі праводзілі збор даніны, у т. л. надзвычайныя зборы. Вядома 14 відаў ардынскіх павіннасцей, з якіх гал. былі «выхад», або «царская даніна» — падатак непасрэдна для манг. хана, гандл. зборы («мыт», «тамха»), фурманачныя павіннасці, утрыманне ханскіх паслоў, розныя «дары» хану, яго родзічам і г.д. Штогадовы «маскоўскі выхад» складаў 5—7 тыс.руб. серабром, «наўгародскі выхад» — 1,5 тыс. Перыядычна збіраліся вял. «запыты» на ваен. і інш. патрэбы. Для вызначэння колькасці плацельшчыкаў даніны ў 1245, 1257—59 і ў 1270-я г. мангола-татары праводзілі перапісы насельніцтва Русі. Ад даніны было вызвалена духавенства. Рус. князі абавязваліся паводле загаду хана пасылаць воінаў для ўдзелу ў ваен. паходах. Каб трымаць насельніцтва рус. зямель у пакорнасці, мангола-татары рабілі шматлікія карныя паходы, якія суправаджаліся масавымі забойствамі і забраннем тысяч людзей у няволю. У 1262 абавязак збору даніны даручаны самім мясц. князям, што паспрыяла ўмацаванню іх паліт. і ваен. ўлады. Маскоўскі кн.Іван I Данілавіч Каліта [1325—40] дамогся права збіраць «выхад» з усіх зямель паўн.-ўсх. Русі. Гасп. аднаўленне гэтых і інш. зямель Русі і заняпад Залатой Арды (з 2-й пал. 14 ст.) спрыялі актывізацыі барацьбы супраць манг.-тат. няволі. У паўд.-зах. частцы Русі з сярэдзіны 14 ст. паступова ўмацоўвалася ўлада ВКЛ. Бітва каля Сініх Вод 1362 стала гал. падзеяй у наступленні ВКЛ на землі, падпарадкаваныя мангола-татарам, і іх вызваленні ад ардынскага прыгнёту (пра адносіны паміж ВКЛ і мангола-татарамі гл. ў арт.Залатая Арда). Кулікоўская бітва 1380 значна аслабіла панаванне манг.-тат. ханаў у паўн.-ўсх. Русі, аднак у 1382 яно было адноўлена пасля спусташальнага паходу на Маскву хана Тахтамыша. Маскоўскі кн.Васіль I Дзмітрыевіч [1389—1425] упершыню атрымаў вял. княжанне без ханскага ярлыка як сваю «вотчыну». Пры ім манг.-тат. няволя мела фармальны характар: даніна выплачвалася нерэгулярна, рус. князі праводзілі ў значнай ступені самаст. палітыку. У 1476 вял. маскоўскі кн.Іван III Васілевіч [1462—1505] адмовіўся плаціць даніну, у 1480 спыніў на р. Угра карны паход на Маскву хана Ахмеда; у выніку рус. землі канчаткова вызваліліся ад манг.-тат. няволі.
Аб уплыве манг.-тат. панавання на гісторыю рус. і інш. народаў Усх. Еўропы існуюць розныя погляды. Адны гісторыкі адводзілі яму вырашальную ролю ва ўтварэнні Рус. цэнтралізаванай дзяржавы (М.М.Карамзін, М.І.Кастамараў), другія (С.М.Салаўёў, В.В.Ключэўскі) адстойвалі канцэпцыю ўзнікнення дзяржаўнасці на Русі ў выніку «ўнутранага развіцця» і адмаўлялі колькі-небудзь значны ўплыў мангола-татар на рас. дзяржаўнасць. Асаблівасці манг.-тат. няволі на землях паўд.-зах. Русі, а таксама ўзаемаадносіны ВКЛ і мангола-татар даследавалі ўкр. гісторыкі У.Б.Антановіч, А.С. і М.С. Грушэўскія і інш. Сістэма манг.-тат. панавання на Русі вывучалася ў сав. гістарыяграфіі. М.М.Ціхаміраў раскрыў ролю Масквы ў аб’яднанні рус. народа і барацьбе з мангола-татарамі. Л.У.Чарапнін паказаў, што Рус. цэнтралізаваная дзяржава ўтварылася ў працэсе барацьбы з манг.-тат. заваёўнікамі. Л.М.Гумілёў і М.Ф.Фларынскі даказвалі прагрэс. значэнне манг.-тат. панавання на Русі. А.М.Насонаў даследаваў гісторыю Тураўскай і Берасцейскай зямель у час ардынскага прыгнёту. Значная ўвага пытанню аб узаемаадносінах ВКЛ з мангола-татарамі аддадзена ў працах бел. гісторыкаў М.В.Доўнара-Запольскага, В.Л.Насевіча і інш.
Літ.:
Алексеев Ю.Г. Освобождение Руси от ордынского ига. Л., 1989;
Егоров В.Л. Золотая Орда: мифы и реальность. М., 1990;
Грушевський М.С. Нарис історії Київської землі від смерті Ярослава до кінця XIV сторіччя. Київ, 1991;
Карамзин Н.М. История государства Российского. Т. 5—6. М., 1993;
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫНЬКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Ціханавіч; 30.11.1899, в. Зазыбы Віцебскага р-на — 21.9.1975),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1962). Акад.АН Беларусі (1953, чл.-кар. 1936). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1917). У грамадз. вайну ўдзельнічаў у партыз. руху. Настаўнічаў у Буда-Кашалёўскім і Рагачоўскім р-нах (1917—19 і 1922—25). У 1919—22 у Чырв. Арміі. З 1925 працаваў адказным сакратаром, рэдактарам бабруйскай акр.газ. «Камуніст». З 1930 у Дзярж. выд-ве «Беларусь», у 1933—41 гал. рэдактар час. «Полымя рэвалюцыі». Быў арганізатарам і кіраўніком Бабруйскай філіі «Маладняка», адным з кіраўнікоў БелАПП. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі (1938—48). Рэдактар газ. «Беларуская звязда» (1939), «За Савецкую Беларусь» (1941—42). У 1943-46 і 1949—52 дырэктар Ін-та л-ры, мовы і мастацтва АН Беларусі. Друкаваўся з 1919. Асабліва моцны ўплыў зрабілі на Л. рамант. стылёва-выяўл. традыцыі рус. л-ры. У апавяданнях 1920—30-х г. (зб-кі «Апавяданні», 1927; «Гой», 1929, «Андрэй Лятун», 1930, «Саўка-агіцірнік», 1933, «На вялікай хвалі», 1934, і інш.) пераважна на аснове асабістага жыццёвага вопыту пісаў пра рэвалюцыю і грамадз. вайну, паказваў барацьбу за новы грамадскі лад («Над Бугам», «Крот», «Манчжур», «Кватармайстар Бадай», «Сінія галіфэ» і інш.), як змяняліся міжнац. адносіны («Гой»), усталёўваўся новы побыт («У мястэчку»), Паэтызаваў працу простых людзей, асэнсоўваў яе як крыніцу сапраўднай духоўнасці («Андрэй Лятун»). Шмат увагі аддаваў паказу гарадскога і местачковага жыцця, рабочага асяроддзя («Гома», «Чыгунныя песні», «Журавель мой, журавель» і інш.). Рэалістычны паказ старой бел. вёскі складае асн. змест няскончанага рамана «На чырвоных лядах» (1934). У аповесцях для дзяцей «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1935) і «Міколкапаравоз» (1936, кінафільм 1957) створана дынамічная і займальная падзейная плынь, у якой яркая і маляўнічая апавядальнасць атрымала лірыка-гумарыстычную афарбоўку. Жыццё працоўных Зах. Беларусі паказаў у зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1940). Гераізм і самаахвярная мужнасць народа ў барацьбе з фашызмам у перыяд Вял.Айч. вайны паказаны ў напоўненых драматызмам і трагедыйнасцю апавяданнях са зб. «Астап» (1944). У многіх з іх гучыць тэма знявечанага фаш. акупацыяй дзяцінства («Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак» і інш.). Яркія эпізоды партыз. вайны на Беларусі супраць ням.-фаш. акупантаў атрымалі эмацыянальна-ўсхваляванае адлюстраванне ў рамане «Векапомныя дні» (кн. 1—4, 1-е поўнае выд. 1958; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1968). На матэрыяле замежных паездак напісаў кн. замалёвак, нарысаў і апавяданняў «За акіянам» (1962). Публіцыстычнае майстэрства Л. найб. выявілася ў артыкулах і сатыр. замалёўках перыяду Вял.Айч. вайны («Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў...», «Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю...» і інш.), у нарысах «Шляхамі вайны» (1945), «Пад сонцам Індыі» (1957). У літ.-знаўчых і крытычных работах абараняў праўдзівасць, даследчы пафас л-ры, змагаўся супраць спрошчанага, вульгарызатарскага яе разумення. Пісаў пра жыццё і творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, К.Крапівы, К.Чорнага, І.Мележа, Я.Брыля, І.Шамякіна і інш.бел. пісьменнікаў, Т.Шаўчэнку, рус. і зарубежных класікаў (А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Някрасава, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, М.Горкага, Р.Тагора), дзеячаў сусв. культуры (Я.Каменскага і інш.). На бел. мову перакладаў творы М.Горкага і М.Ціханава. Помнікі Л. ў в. Крынкі Лёзненскага р-на і на магіле ў Мінску (на Усходніх могілках); музеі ў Крынкаўскай і Бронніцкай (Буда-Кашалёўскі р-н) школах.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1967—68;
Зб.тв.Т. 1—8. Мн., 1981—85;
Летапіс эпохі. Мн., 1968;
Літаратура і жыццё. Мн., 1978;
Публіцыстыка. Мн., 1980;
Насустрач жыццю: Апавяданні. Мн., 1988;
Міколка-паравоз: Аповесці і апавяданні. Мн., 1989.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шчодрае сэрца пісьменніка. Мн., 1963;
Яго ж. Чалавечнасць. Мн., 1985;
Куляшоў Ф.І. Міхась Лынькоў. Мн., 1979;
Яго ж. Міхась Лынькоў: Семінарый. Мн., 1963;
Дзюбайла П.К. Беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне. Мн., 1964;
Пашкевіч Н.Е. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965;
Святло яго душы. Мн., 1979;
Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд.Мн., 1990;
Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982;
Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;
Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 40-я — першая палавіна 60-х гг.Мн., 1985;
Кенька М. Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУВЕ́ЙТ, Дзяржава Кувейт (араб. Даўлят аль-Кувейт),
краіна ў Зах. Азіі, на зах. узбярэжжы Персідскага заліва. Займае ПнУ Аравійскага п-ва і астравы ў Персідскім зал. (Бубіян, Файлака, Варба і інш.). Мяжуе на Пн і ПнЗ з Іракам, на Пд і ПдЗ з Саудаўскай Аравіяй. Пл. 17,8 тыс.км². Нас. 2077 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Эль-Кувейт. Краіна падзяляецца на 5 губернатарстваў (мухафаз). Нац. свята — Нацыянальны дзень (25 лютага).
Дзяржаўны лад. К. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1962. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — эмір. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нар. сход (50 дэпутатаў, якіх выбірае насельніцтва на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць эміру і створанаму пры ім ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Амаль уся тэрыторыя — участкі пустынных плато і раўнін, камяністыя і друзаватыя на Пн, пясчаныя на Пд, выш. да 299 м. У нетрах вял. запасы нафты (каля 14 млрд.т, 10% сусв. запасаў). Асн. радовішчы Бурган і Вафра на Пд. Ёсць гаручы газ (больш за 1 трыльён м³), асфальт, буд. матэрыялы. Клімат сухі, субтрапічны. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (ліп.) 34 °C, самага халоднага (студз.) 11 °C. Летам і зімой бываюць пясчаныя буры. Ападкаў каля 125 мм за год, пераважна зімой. Тэрыторыя ў зоне пустынь з рэдкай травяністай і хмызняковай расліннасцю на прымітыўных шэразёмных глебах. Жывёльны свет бедны. Ёсць змеі, яшчаркі, з птушак — жаваранкі, дрофы, галубы, каршуны, ястрабы і інш. Персідскі зал. багаты рыбай і крэветкамі.
Насельніцтва. Больш за 80% насельніцтва складаюць арабы, у т. л. 45% — кувейтцы, карэнныя жыхары краіны, 35% — эмігранты з іншых араб. краін. Жывуць таксама выхадцы з Ірана, Пакістана, Індыі, Бангладэш, Шры-Ланкі, Усх. Афрыкі, англічане і амерыканцы. Амаль усе вернікі — мусульмане, ёсць хрысціяне, індуісты і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,7%. Сярэдняя шчыльн. 117 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 97%. У г. Эль-Кувейт з прыгарадамі жыве больш за 1 млн.ж. (1994), у г. Міна-эль-Ахмады каля 120 тыс.ж. Астатнія жыхары ў невял. гарадах, пасёлках пры нафтапромыслах, у аазісах. Ёсць качэўнікі-бедуіны (каля 20 тыс.чал.). У прам-сці занята 25% працоўных, у сельскай гаспадарцы — менш як 1%, у кіраванні і абслуговых галінах — 50%.
Гісторыя. Тэр. К. ўваходзіла ў склад стараж. дзяржаў: Вавілоніі, Асірыі, Ахеменідаў, Селеўкідаў, Парфянскай, Сасанідаў. З 7 ст.н.э. ў Арабскім халіфаце, з 16 ст. ў складзе Асманскай імперыі. У пач. 18 ст.араб. племя аназа заснавала тут г. Эль-Кувейт («невялікая крэпасць»), У сярэдзіне 18 ст. створана шэйхства К. на чале з шэйхамі з роду ас-Сабах. 23.1.1899 шэйх Мубарак заключыў з англічанамі сакрэтнае пагадненне пра асаблівыя правы Вялікабрытаніі ў К. 3.11.1914 К. абвешчаны «незалежнай дзяржавай пад брытанскім пратэктаратам». У 1934 створана амер.-брыт. «Кувейт ойл компані» (нацыяналізавана ў 1975), якая ў 1946 пачала здабычу нафты. У ліп. 1938 шэйх Ахмад (1921—50) заснаваў заканадаўчы і кансультатыўны савет.
19.6.1961 К. абвешчаны незалежнай дзяржавай (эміратам), 20.7.1961 прыняты ў Лігу араб. дзяржаў, нягледзячы на пярэчанні Ірака, які лічыў К. часткай сваёй тэрыторыі. У 1962 у краіне прынята канстытуцыя, у студз. 1963 адбыліся першыя выбары ў парламент. На працягу 1960—80-х г. даходы ад здабычы нафты ператварылі К. у краіну з адным з найвышэйшых жыццёвых узроўняў у свеце. Праз Кувейцкі фонд араб.эканам. развіцця К. аказваў дапамогу бедным араб. краінам. У ліп. 1986 эмір Джабер (з 1965) распусціў парламент, што справакавала канстытуцыйны крызіс. У час ірана-іракскай вайны 1980—88 К. аказваў фін. дапамогу Іраку. Але ў ліп. 1990 адносіны паміж К. і Іракам рэзка пагоршыліся. 2.8.1990 іракская армія акупіравала К. (гл.Кувейцкі крызіс 1990—91). У выніку ваен. дзеянняў загінулі дзесяткі тыс. кувейтцаў, вял. страты пацярпела нафтавая прам-сць К. Пасля выгнання іракскіх войск у лют. 1991 адноўлена ўлада эміра Джабера. 5.10.1992 у К. адбыліся выбары ў парламент, на якіх дэпутатамі выбраны і апазіц. дзеячы. Напярэдадні выбараў 1996 значна павялічана колькасць людзей, якія мелі выбарчыя правы, але жанчыны дагэтуль пазбаўлены права голасу. К. — член ААН (з 1963). Дыпламат.адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992. У краіне забаронены ўсе паліт. партыі.
Гаспадарка. К. уваходзіць у лік дзяржаў з самым высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. — 17 тыс.дол. (1997). Аснова эканомікі — нафтавая прам-сць, яе доля ў валавым унутр. прадукце складае каля 50%, інш. галін прам-сці — 7%, сельскай гаспадаркі — 0,5%. У 1994 здабыта каля 110 млн.т нафты. Асн. нафтапромыслы на Пд. Частку нафты здабываюць на марскім шэльфе. Прыроднага газу здабываюць штогод каля 6 млрд.м³. Здабычу нафты і газу вядзе дзярж. кампанія. Нафтаперапрацоўка на з-дах у г. Міна-эль-Ахмады, Эш-Шуайба, Міна-Абдалах. Большая ч. нафты экспартуецца. З перапрацоўкай нафты звязаны комплекс па вытв-сці ўгнаенняў, з-ды па атрыманні едкага натрыю і салянай к-ты, прадпрыемствы па вытв-сці хлору, каўстычнай соды, мыйных сродкаў, солі з марской вады. З-ды па звадкаванні прыроднага газу ў г. Міна-эль-Ахмады. Вытв-сць электраэнергіі 25 млрд.кВт∙гадз (1995). Найб. электрастанцыі ў Эль-Кувейце і каля Міна-эль-Ахмады. Ёсць з-ды па апрасненні марской вады (самыя магутныя ў свеце), цэм., цагельныя і чарапічныя, металічных труб, азбестацэментных і бетонных вырабаў, эл.-лямпавы, аўтазборачны, чыгуналіцейны; домабуд. камбінаты, суднабуд. і суднарамонтныя верфі. Працуюць разнастайныя харч. прадпрыемствы, а таксама па рамонце абсталявання для нафтагазавай прам-сці, па вытв-сці прадметаў хатняга ўжытку і інш. Рамёствы. Больш за палавіну прадпрыемстваў у г. Эль-Кувейт і яго прыгарадах. Дзейнічае праграма эканам. дыверсіфікацыі, стварэння паслянафтавых высокатэхнал. галін прам-сці. Апрацоўваецца 2 тыс.га арашальных зямель. Вырошчваюць пераважна агародніну, ёсць невял. гаі фінікавай пальмы. Развіваецца вырошчванне агародніны на прамысл. аснове метадам гідрапонікі. Жывёлагадоўляй займаюцца бедуіны і жыхары аазісаў. Пад пашай каля 8% тэрыторыі. У К. каля 7 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы, 4 тыс. вярблюдаў, 200 тыс. авечак, 100 тыс. коз. Птушкагадоўля (каля 3 млн.шт. птушак). Марское рыбалоўства і лоў крэветак. Транспарт пераважна аўтамабільны. У К. 4,3 тыс.км аўтадарог з цвёрдым пакрыццём, 545 тыс. легкавых і 155 тыс. грузавых аўтамабіляў, каля 12 тыс. аўтобусаў (1997). Даўж. нафтаправодаў 877 км, магістральных газаправодаў 165 км, прадуктаправодаў 40 км. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам. Гал. парты Міна-эль-Ахмады (экспарт нафты і звадкаванага газу), Эш-Шуайба (экспарт нафты), Эль-Кувейт (амаль увесь імпарт). К. мае гандл. флот больш за 2 млн. дэдвейт т, пераважаюць танкеры. У краіне 4 аэрапорты, у т. л.міжнар. аэрапорт у Эль-Кувейце. У 1995 экспарт склаў 10,5 млрд.дол., імпарт — 6,6 млрд. долараў. К. экспартуе нафту і нафтапрадукты (больш за 70% па кошце), звадкаваны газ, хім. прадукты, угнаенні і інш. У імпарце пераважаюць канструкцыйныя матэрыялы, машыны і абсталяванне, харч. прадукты, адзенне. Гал.гандл. партнёры: ЗША (23% экспарту, 14% імпарту), Японія (адпаведна 13 і 12%), Германія (10 і 8%), Вялікабрытанія (9 і 7%), Францыя (8 і 6%), Індыя, Саудаўская Аравія. К. — актыўны экспарцёр капіталаў. Прыватныя і дзярж. ўклады ў замежныя кампаніі і банкі перавышаюць 150 млрд.дол. Грашовая адзінка — кувейцкі дынар.
Архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На в-ве Файлака выяўлены руіны стараж. храма, бронз. статуэткі і круглыя пячаткі 3-га тыс. да н.э., рэшткі грэч. умацаванняў, храма Сатыра з іанічнымі калонамі і акратэрыямі (4 ст. да н.э.), кераміка 3 ст. да н.э., руіны сярэдневяковага форта. Старыя жылыя дамы Эль-Кувейта з каменю ці сырцовай цэглы, пераважна 1-павярховыя, з унутр. дваром і плоскім земляным дахам. У цэнтры вял гарадоў будавалі дамы вежавага тыпу (да 5 паверхаў). Культавыя будынкі — мячэці з купалам, 1—2 мінарэтамі (Вял. мячэць ці Масджыд ас-Сук у Эль-Кувейце). Жытлы качэўнікаў у выглядзе шатроў з каляровых ваўняных тканін. У 1930-я г. пашырана прамысл.буд-ва — нафтаперапрацоўчыя, хім., партовыя збудаванні ў гарадах Эль-Кувейт, Міна-эль-Ахмады, Міна-Абдалах і інш. Выкарыстанне новых форм, тэхналогій і канструкцый характэрна прадпрыемствам па апрасненні вады, воданапорным і тэлевізійным вежам (Эль-Кувейт). У выніку рэканструкцыі Эль-Кувейта (1957, арх. Мінопрыо, Спенслі, Макфарлан) захаваны гіст. цэнтр, традыц. радыяльная сетка вул ш. Сярод пабудоў 1980—90-х г.: будынкі Нац. сходу, Муніцыпалітэта ў Эль-Кувейце, спарт.-відовішчнага, курортна-аздараўленчага прызначэння. Жыллёвае буд-ва 2 тыпаў; 1—3-павярховыя дамы маналітнай канструкцыі тыпу віл і шматпавярховыя, пераважна на жалезабетонным каркасе, секцыйныя будынкі. Новыя дамы традыцыйна маюць мужчынскую («дыванія») і жаночую («харам») зоны, шмат навесаў, лоджый, а таксама «зялёныя пакоі» — глыбокія лоджыі для адпачынку ў вячэрні час. Пабудовы аздабляюць шкляной мазаікай, арнаментам з керамічных плітак. Нар. мастацтва (ткацтва, кераміка і інш.) адметнае выкарыстаннем складанай арнаментыкі. Пашыраны вырабы, чаканеныя з серабра і медзі, драўляныя разныя (курыцельніцы, вазы, чашы) з інкрустацыяй серабром, свінцом і інш.Сусв. вядомасць маюць ювелірныя ўпрыгожанні з золата і серабра з бірузой.
Літ.:
Государство Кувейт. Справ. М., 1990.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Халед Сайф М.Табет (архітэктура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Кувейта.Да арт.Кувейт. Віла ў г. Мена Эль-Ахмады.Да арт.Кувейт. Палац эміра ў Эль-Кувейце.Да арт.Кувейт. Тэлевежа ў Эль-Кувейце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАРА́ГУА (Nicaragua),
Рэспубліка Нікарагуа (República de Nicaragua), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На Пн мяжуе з Гандурасам, на Пд — з Коста-Рыкай, на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 129,5 тыс.км². Нас. 4717,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца, гал.прамысл. і трансп. цэнтр — г.Манагуа. Падзяляецца на 15 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987 з папраўкамі 1995. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Нац. асамблея (93 дэпутаты), якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які ствараецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Цэнтр. частка — нагор’е з крышт. і метамарфічных парод (выш. да 2438 м). У зах.ч. нагор’я — тэктанічная ўпадзіна з азёрамі Нікарагуа і Манагуа. Уздоўж упадзіны — ланцуг вулканаў, некаторыя з іх актыўныя. Горныя і перадгорныя раёны церпяць ад вывяржэнняў вулканаў і землетрасенняў. На У шырокая алювіяльная нізіна — Маскітавы бераг (займае палавіну краіны). Невялікія раўнінныя ўчасткі на зах. узбярэжжы. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, вальфраму, свінцу, цынку, нафты, прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны (на У), субэкватарыяльны (на З). Т-ра паветра круглы год каля 25—28 °C. Ападкаў на У 2000—6500 мм за год, на З — каля 1000—1500 мм (сухі перыяд май — лістапад). Бываюць трапічныя ўраганы (самы разбуральны адзначаны ў 1998). Рэкі мнагаводныя, найб. Рыо-Грандэ-дэ-Матагальпа і Сан-Хуан. Пад лесам і хмызнякамі 27% тэр. На У трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на З лістападныя лясы і хмызнякі. Для жывёльнага свету характэрны малпы, тапіры, мурашкаеды, пекары. Шмат грызуноў, кажаноў, птушак. Нац. паркі — Волькан-Масая, Саслая; рэзерват Апанас.
Насельніцтва. Больш за 90% складаюць нікарагуанцы — народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Па расавым складзе пераважаюць метысы, ёсць мулаты, групы еўрап. і афр. паходжання. Індзейцаў 5%. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін. Сярод вернікаў католікаў 95%, пратэстантаў 5%. Сярэднегадавы прырост каля 2,8%. Сярэдняя шчыльн. 36,4 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на 3, дзе шчыльн. перавышае 100 чал. на 1 км². У гарадах 63% насельніцтва. Найб. горад Манагуа — 1124 тыс.ж. з прыгарадамі (1998). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Леон, Матагальпа, Гранада. У сельскай гаспадарцы заняты 31% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 15%, у абслуговых галінах — 54%.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Н. насялялі індзейскія плямёны маскіта (міскіта), чаратэгі, нікарао (адсюль назва краіны) і інш. Ў 6—10 ст. сюды з Мексікі прыйшлі плямёны тальтэкаў, потым ацтэкаў. 16.9.1502 узбярэжжа Н. адкрыў Х.Калумб. У 1522 краіну пачалі заваёўваць іспанцы. Яны ў 1524 заснавалі тут гарады Леон (першая сталіца Н.) і Гранада, уключылі землі Н. ў склад аўдзьенсіі (адм.-суд. адзінка) Санта-Дамінга (1523). потым аўдзьенсіі Панама (1539), генерал-капітанства Гватэмала (1573). У ходзе ісп. каланізацыі б.ч. індзейцаў Н. асімілявана ці знішчана, ацалелі пераважна маскіта, што жылі на Карыбскім узбярэжжы, названым ад іх Маскітавым берагам. Ён у 1678 — сярэдзіне 19 ст. быў брыт. пратэктаратам. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Н. далучана да Мекс. імперыі (1822), потым да федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтральнай Амерыкі (1823). З крас. 1838 самаст. рэспубліка. У 1-й пал. 19 ст. тут склаліся паліт. партыі лібералаў (асн. падтрымка — г. Леон) і кансерватараў (цэнтр уплыву — г. Гранада), якія і надалей сапернічалі за ўладу. З 1850 краіна стала аб’ектам эканам., паліт. і ваен. экспансіі ЗША. З 1858 сталіца Н. — г. Манагуа. У 1867—93 уладу ўзначальвалі кансерватары. Ліберальны ўрад прэзідэнта Х.С.Селая (1893—1909) увёў усеагульнае выбарчае права, грамадз. шлюб, аддзяліў царкву ад дзяржавы. садзейнічаў развіццю нар. адукацыі, пашырыў чыг.буд-ва, намагаўся абмежаваць пранікненне ў эканоміку Н. амер. капіталу. У 1912—25 і 1926—33 краіна акупіравана атрадамі марской пяхоты ЗША Іх вываду садзейнічала ўзмацненне нац.-вызв. руху, які з 1927 узначальваў А.С.Сандзіна. Пасля яго забойства (люты 1934) і дзярж. перавароту 1936 у краіне пачала ўсталёўвацца праамер. дыктатура сям’і Самоса.
Пры прэзідэнце А.Самосе Гарсія (1936—47, 1950—56) Н. абвясціла вайну Германіі, Італіі і Японіі (снеж. 1941), устанавіла дыпламат.адносіны з СССР (1944); пасля 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ва ўзбр. інтэрвенцыі ў Коста-Рыцы (1948) і Гватэмале (1954). Унутры краіны разгортваліся рэпрэсіі супраць апазіц. сіл (з 1945), якія працягваліся пры прэзідэнтах Л.Самосе Дэбайле (1957—63) і А.Самосе Дэбайле (1967—72, 1974—79; абодва сыны Самосы Гарсія). Пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 у Н. актывізаваліся апазіц. сілы, якія стварылі Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення (СФНВ; 1961), разгарнулі партыз. вайну супраць Нац. гвардыі — гал. апоры дыктатуры Самосы, што ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979 прывяло да падзення дыктатуры. Быў створаны дэмакр. ўрад Нац. адраджэння. 4.11.1984 адбыліся першыя ў Н. свабодныя ўсеагульныя выбары. Прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам рэспублікі сталі кандыдаты СФНВ Д.Артэга Сааведра і С.Рамірэс. З 1981 спынена эканам. дапамога з боку ЗША, у Н. з тэр. Гандураса пачаліся ўварванні ўзбр. атрадаў контрас (б. вайскоўцы Нац. гвардыі). Ва ўмовах цяжкага эканам. крызісу, выкліканага грамадз. вайной (спынена ў сак. 1988), на прэзідэнцкіх выбарах у лют. 1990 перамог кандыдат ад Апазіц.нац. саюза (блок з 14 антысандзінісцкіх партый) В.Барыяс дэ Чамора. У 1990 распушчаны атрады контрас, ЗША спынілі гандл. эмбарга, але эканам. цяжкасці ў Н. захаваліся. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 перамог кандыдат ад Ліберальнага альянсу А.Алеман Лакаё, які ўзяў курс на дасягненне ў краіне нац. згоды.
Н. — чл.ААН (з 1945, адна з дзяржаў-заснавальніц), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Арг-цыі цэнтр.-амер. дзяржаў (з 1951), Цэнтр.-амер. агульнага рынку (з 1960), Лац.-амер.эканам. сістэмы (з 1975). Дыпламат.адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1994.
Паліт. партыі: Ліберальны альянс (складаецца з Ліберальна-канстытуцыя-налістычнай, Неаліберальнай партый і партыі Ліберальнага адзінства) — кіруючая, Сандзінісцкі фронт нац. вызвалення, Незалежная ліберальная партыя, Нікарагуанская сацыяліст. партыя, С.-д. партыя, Нац. партыя, Кансерватыўная партыя Н. і інш.Прафс. аб’яднанні: Асацыяцыя працоўных сельскай гаспадаркі, Усеагульная канфедэрацыя працы (незалежная), Канфедэрацыя прафс. адзінства, Прафцэнтр нікарагуанскіх працоўных, Нац. фронт працоўных.
Гаспадарка Н. — аграрная краіна з экспартным кірункам сельскай гаспадаркі і слаба развітой прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны (спынена ў 1988) і разбуральнага ўрагану 1998. Валавы ўнутр. прадукт у 1998—11,6 млрд.дол. (каля 2,5 тыс.дол. на 1 чал.). 32% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 24% — у прам-сці, 44% — у абслуговых галінах. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны. Выкарыстоўваецца каля 7,2 млн.га, у т. л. 1,3 млн.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 5,9 млн.га пад пашай. Каля 100 тыс.га пасяўных зямель арашаецца. Экспартныя культуры (збор тыс.т, 1998): кава — 50, бавоўна — 120, цукр. трыснёг, кунжут, какава, бананы. Асн. раён земляробства на З краіны, кава на вышыні 500—1000 м, бавоўна на раўнінных участках. На свае патрэбы вырошчваюць (збор тыс.т, 1998): кукурузу — 310, рыс — 210, фасолю, маніёк, сорга, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (пераважна цытрусавыя). Асн. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы і свіней. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1700, свіней — 420, свойскай птушкі — 7900. Рыбалоўства, промысел крэветак. Лесанарыхтоўкі (чырвонае дрэва, кедр, кебрача, каўчуканосы). Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў звязана з перапрацоўкай с.-г. прадукцыі. Горназдабыўная прам-сць дае менш за 1% кошту прамысл. прадукцыі. Вядзецца невял. здабыча золата, серабра, кухоннай солі, медных і цынкавых руд. У 1996 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49% на ЦЭС, 21% на ГЭС. Працуюць геатэрмальныя электрастанцыі і інш. На долю харч. прам-сці прыпадае 75% прамысл. вытв-сці. Пераважаюць невялікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, цукровыя, мукамольныя, хлебапякарныя, алейныя, кансервавыя, па выпуску піва, алкагольных і безалкагольных напіткаў, малочныя з-ды, мясакамбінаты і інш.Тэкст. ф-кі ў гарадах Манагуа, Леон, Дыр’ямба, цэм.з-д у г. Сан-Рафаэльдэль-Сур, нафтаперапр.з-д у Манагуа, металаапр. прадпрыемствы ў Тыпітапе. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, хім., тытунёвай, мэблевай, запалкавай прам-сці. Шырока развіта паўсаматужная і саматужная вытв-сць вырабаў з керамікі, дрэва, скуры, металаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Краіну перасякае з Пн на Пд Панамерыканская шаша. Аўтадарог 16,4 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1,8 тыс.км, унутр. водных шляхоў 2,2 тыс.км, у т. л. па азёрах Нікарагуа і Манагуа, чыгунак 0,4 тыс.км. У краіне 13 аэрапортаў з цвёрдым пакрыццём лётнага поля. Знешнегандл. сувязі пераважна праз порт Карынта. У 1997 экспарт склаў 704 млн.дол., імпарт — 1,45 млрд.дол. У экспарце пераважаюць кава, бавоўна, морапрадукты, мяса, цукар, бананы, у імпарце — прамысл. вырабы і паліва. Гал.гандл. партнёры: ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Германія, Канада.
Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Знешні доўг больш за 12 млрд.дол. Грашовая адзінка — кордаба.
Літ.:
Лещинер Р.Е. Никарагуа. М., 1965;
Горнов М.Ф., Смирнова Н.Ю. Никарагуа: возрожденная земля Сандино М., 1986;
Строев А.П. Никарагуанские очерки: По пути соц.-экон. возрождения. М., 1989. Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Нікарагуа.Да арт.Нікарагуа. Ландшафт на захадзе краіны, каля г. Леон.Да арт.Нікарагуа. Новы кафедральны сабор у Манагуа.Нікарагуа. Горад Манагуа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́Д,
комплекс строга вызначаных чыннасцяў, слоўных формул, жэстаў, абумоўленых пэўнымі рэліг. вераваннямі. Абрад абслугоўваюць рэліг. культы, звязаныя з імі грамадска-прававыя акты і працоўныя працэсы. Мэта абраду — забеспячэнне магічным чынам спрыяльнага развіцця прыродных з’яў, плёну ў працы, дабрабыту, здароўя, працягласці роду і інш.
Структура абраду бывае даволі складаная: яна мае «ядро» — асн. чыннасці — і шэраг свабодных, імправізацыйных дзеянняў, за кошт якіх фарміруюцца лакальныя або часавыя варыянты. Этнічныя варыянты блізкіх абраду найб. цікавыя і інфарматыўныя. Як правіла, найб. важныя нар. абрады паходзяць з вельмі даўніх часоў. Яны фарміраваліся на архаічнай ідэалаг. аснове і з’яўляюцца рэалізацыяй глыбока закаранёных у нар. свядомасці ўяўленняў пра навакольны свет, жыццё прыроды і чалавека, адносіны чалавека з космасам і да т.п.
Бел.нар. абрады падзяляюцца на каляндарныя, звязаныя з урачыстасцямі паваротных пунктаў гадавога сонечнага цыкла, і сямейныя, якія сакралізуюць змены ў грамадскім статусе чалавека, прымеркаваныя да асн. момантаў яго жыцця: нараджэнне (гл.Радзіны), наданне імя, уступленне ў шлюб (гл.Вяселле), пахаванне. Сямейныя абрады былі ў пэўнай залежнасці ад каляндарных (напр., вяселлі дазвалялася ладзіць толькі ў непаставыя тыдні). Багатая абраднасць беларусаў сведчыць пра складанае ўзаемадзеянне нар. язычніцкай абраднасці з абраднасцю хрысціянскай (гл.Абрады рэлігійныя). Язычніцкая аснова абраду ў большасці засталася непарушная, хрысціянства наклалася на гэту сістэму тонкім пластом (наданне пэўным святам імёнаў святых, прымеркаванне сваіх міфаў, сімволікі і інш.). Так, да стараж. навагодняга свята Вялікадня далучана Пасха і паданні пра замардаванне і дзівоснае ўваскрэсенне Ісуса Хрыста, дзень Вялеса (Масленка) стаў запустамі, дзень Ярылы-Юр’я — днём св. Георгія, зялёныя святкі — Тройцай (гл.Сёмуха), Купалле — днём св. Яна і да т.п. Аднак многія абрады засталіся чыста язычніцкія, без далучэння хрысціянскай міфалогіі: пахаванне «стралы» ў Пасожжы, «куст» на Піншчыне, «жаніцьба Цярэшкі» на Полаччыне, «жаніцьба коміна» на Палессі і інш. Гэтыя абрады складаюць адметнасць бел. абрадавай творчасці. З гадавымі ўрачыстасцямі звязваецца шмат абрадаў, абумоўленых логікай святкавання, станам прыроды, прац. задачамі. Асн. з іх: памінанне продкаў (Дзяды, Радаўніца), абходы двароў з віншавальна-велічальнымі песнямі, драм. сцэнкамі, танцамі, музыкай, варажба, магічныя засцерагальныя дзеянні, абрадавыя гульні, ачышчэнне вадой і агнём, ахвяраванні і калектыўныя бяседы. Кожны значны абрад уключае асобныя элементныя абрады. Так, вясельны комплекс уключае абрад «віццё вянка», «вянок» (дзявочы вечар; гл.Саборная субота), каравайны абрад (гл.Каравай), благаславенне або пасад, царкоўны шлюб, праводзіны і сустрэчу маладых (прылучэнне да роду), дарэнне і інш.; абрад дажынак (гл.Дажынкі) — віццё вянка гаспадару, дзеянні з апошнім снапом, гуканне Спарыні. Даволі складаны комплекс абраду суправаджаў першы выган жывёлы ў поле, заворванне нівы, засеўкі і інш.
Многія бел. абрады маюць аналагі ў абрадавай практыцы ант. народаў. Найб. уражлівы прыклад, занатаваны ў пач. 20 ст., — абрадавы дыялог, прысвечаны хлебу. Святар, хаваючыся за вялізным мядовым пірагом на свята ўраджаю, пытаўся ў прысутных, ці бачаць яны яго, і жадаў, каб налета зусім не бачылі. Гэты абрад, які быў у язычніцкім храме ў Аргоне (на в-ве Руген), апісаны дацкім храністам 12 ст. Саксонам Граматыкам. Гл. таксама Абрадавае печыва, Абрадавыя стравы.
Літ.:
Занкевич А. Белорусские свадебные обряды и песни сравнительно с великорусскими. Спб., 1897;
Аничков Е. Весенняя обрядовая поэзия на Западе и у славян. Ч. 1—2. Спб., 1903—05;
Радзінная паэзія. Мн., 1971;
Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;
Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974;
Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;
Яго ж. Валачобныя песні. Мн., 1989;
Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;
Зімовыя песні. Мн., 1975;
Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Зимние праздники. М., 1973;
Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;
Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Летне-осенние праздники. М., 1978;
Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983;
Курочкін О.В. Новорічні свята українців. Київ, 1978;
Вяселле: Абрад. Мн., 1978;
Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;
Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980;
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Народны тэатр.Мн., 1983;
Палескае вяселле. Мн., 1984;
Маслова Г.С. Народная одежда в восточнославянских традиционных обычаях и обрядах XIX — начала XX в. М., 1984;
Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;