РЫ́ЧАРДС ((Richards) Тэадор Уільям) (31.1.1868, г. Джэрмантаўн, штат Пенсільванія, ЗША — 2.4.1928),
амерыканскі хімік. Скончыў Гарвардскі ун-т у Кеймбрыджы (1888, д-р філасофіі), дзе і працаваў з 1889 (з 1901 праф.). Навук. працы па вызначэнні і ўдакладненні атамных мас хім. элементаў. Распрацаваў новую методыку і апаратуру, пры дапамозе якой з вял. дакладнасцю вызначыў атамныя масы 25 хім. элементаў (1888—1923). Эксперыментальна пацвердзіў законы электролізу Фарадэя (1902). Даказаў існаванне ізатопаў: вызначыў, што атамныя масы свінцу, атрыманага з уранавых і з торыевых руд, розныя. Нобелеўская прэмія 1914.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЯ СІТУА́ЦЫЯ,
абставіны ў грамадстве (крызіс правячых вярхоў, надзвычайнае абвастрэнне сац.-эканам. сітуацыі, усплёск масавай паліт. актыўнасці), якія служаць паказчыкам спеласці сац.-паліт. умоў для рэвалюцыі сацыяльнай. Праходзіць шэраг стадый, ад яўных прыкмет масавага браджэння і незадаволенасці да агульнанац. крызісу, які перарастае ў рэвалюцыю; у яе развіцці найважн. ролю набывае суб’ектыўны фактар, г.зн. здольнасць і гатоўнасць рэв. класаў ці сац. груп ажыццявіць наспелыя пераўтварэнні. Не кожная Р.с. перарастае ў рэвалюцыю, але і спробы скінуць уладу пануючых класаў (сац. груп) пры адсутнасці Р.с. заканчваюцца няўдачай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ ТРЫБУНА́Л,
1) надзвычайны суд у Францыі ў часы Французскай рэвалюцыі 1789—99. Створаны як часовы трыбунал у жн. 1792, рэарганізаваны ў сак. 1793. Назву атрымаў пры якабінцах, калі стаў адным з органаў якабінскай дыктатуры. Яго рашэнні не падлягалі апеляцыі і касацыі; адзінай мерай пакарання была смяротная кара. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 1794 Р.т. — орган контррэвалюцыйнага тэрору. Скасаваны ў 1795.
2) Органы правасуддзя ў першыя гады савецкай улады. Створаны паводле Дэкрэта аб судзе ад 22.11.1917 для барацьбы з контррэвалюцыяй, сабатажам і інш. небяспечнымі злачынствамі. Скасаваны ў 1922.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ГЕНСБУРГ (Regensburg),
горад на Пд Германіі, у зямлі Баварыя, на р. Дунай пры ўпадзенні р. Рэген. Узнік з рым.ваен. ўмацавання. Каля 125 тыс.ж. (2000). Пачатковы пункт суднаходства на р. Дунай, вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., тэкст., харчасмакавая, паліграф., буд. матэрыялаў. Ун-т. Гар. музей, маст. галерэя, палацавы музей Турн і Таксіс. Арх. помнікі 8—18 ст.: раманскія цэрквы Эмерамскірхе (8—13 ст.), Якабскірхе (1150—1200) і Старая капэла (1002), гатычныя сабор Санкт-Петэр (каля 1250—1525) і Старая ратуша (1356), рэнесансавыя і барочныя цэрквы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙТЫНГ (англ. rating ацэнка, клас, разрад),
1) індывідуальны лікавы паказчык (каэф.) дасягненняў шахматыста (шашыста), які мяняецца ў залежнасці ад яго вынікаў на спаборніцтвах. З 1970 Міжнар. шахматнай федэрацыяй (за аснову падліку Р. прынята сістэма амер. шахматыста А.Эла) выкарыстоўваецца пры прысваенні міжнар. званняў, напр., гросмайстра (мінім. Р. у жанчын — 2300, у мужчын — 2450). Найб. Р. дасягнуў Г.Каспараў — 2812 (1991).
2) Ступень папулярнасці вядомых дзеячаў (у галінах палітыкі, культуры, грамадскай дзейнасці), арганізацый і інш., якая вызначаецца шляхам вывучэння грамадскай думкі (вынікі галасавання, сацыялагічных апытанняў, анкет).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКРЭАЦЫ́ЙНЫ КАДА́СТР,
збор звестак аб прыродных умовах рэкрэацыйнай і аздараўленча-лячэбнай каштоўнасці тэр. і аб’ектаў, якія прызначаны для арганізацыі масавага адпачынку і аднаўлення здароўя людзей. Уключае даныя аб пейзажна-эстэтычнай годнасці і сан.-гігіенічных уласцівасцях аб’ектаў, складанасці і працягласці пешаходных, водных, транспартных турысцкіх маршрутаў і іх даступнасці для розных катэгорый адпачываючых, аддаленасць ад асн. культурных і прамысл. цэнтраў і інш.Пры комплекснай сан.-гігіенічнай ацэнцы аб’ектаў улічваюцца кліматычныя, геолага-геамарфал., глебавыя, гідралагічныя ўмовы, расліннасць, узровень урбанізацыі, эстэтычнасць пейзажу. На Беларусі Р.к. складзены па абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭМІТЭ́НТ [ад лац. remittens (remittentis) які адсылае],
уладальнік вэксаля, які мае права на атрыманне пазначанай у ім сумы грошай. Асоба, пазначаная ў якасці атрымальніка грошай на самім вэксалі, наз. першым Р. Пры перадачы вэксаля законным Р. з’яўляецца асоба, якая асноўвае сваё права на неперарыўным шэрагу індасаментаў. Калі Р. набыў вэксаль нядобрасумленна або, набываючы яго, зрабіў грубую неасцярожнасць, ён абавязаны перадаць яго былому ўладальніку. Р. мае права на атрыманне плацяжу па вэксалі ад акцэптанта (вэксалядаўца простага вэксаля). Р. належаць таксама інш. правы, прадугледжаныя вэксальным заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕ́НАЎСКАЯ КА́МЕРА,
прылада для даследавання і кантролю атамнай структуры пры дапамозе дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў на доследным узоры.
Бываюць рознай канструкцыі: Маюць крыніцу выпрамянення (рэнтгенаўскую трубку), каліматар (фарміруе рабочы пучок першаснага выпрамянення), вузел устаноўкі доследнага ўзору, касету з фотаплёнкай, на якой рэгіструецца дыфракцыйная карціна, і механізм руху ўзору (ці касеты) і інш. Выкарыстоўваюцца ў рэнтгенаўскім структурным аналізе, рэнтгенаграфіі матэрыялаў, рэнтгенаўскай тапаграфіі.
Да арт.Рэнтгенаўская камера. Схема дэбаеўскай камеры: 1 — каліматар; 2 — фотаплёнка; 3 — касета; 4 — механізм цэнтроўкі ўзору; 5 — узор; 6 — пастка для перахоплівання першаснага пучка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕ́НАЎСКАЯ ТРУ́БКА,
электравакуумная прылада для атрымання рэнтгенаўскіх прамянёў. Інтэнсіўнасць рэнтгенаўскага выпрамянення залежыць ад напружання, прыкладзенага да электродаў, току, а таксама матэрыялу анода. Мае катод і анод. Электроны, што вылучае катод, паскараюцца моцным эл. полем і бамбардзіруюць анод. Пры ўдарах электронаў аб анод іх кінетычная энергія пераўтвараецца ў энергію рэнтгенаўскага выпрамянення (часткова — у цеплавую энергію).
Паводле спосабу атрымання электроннага патоку Р.т. падзяляюцца на электронныя (электроны генерыруюцца за кошт тэрмаэлектроннай эмісіі катода) і іонныя (электроны выбіваюцца з халоднага катода дадатнымі іонамі). Выкарыстоўваюцца ў медыцыне, дэфектаскапіі, навук. даследаваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЦЫПРО́КНАЕ СКРЫЖАВА́ННЕ,
сістэма двух скрыжаванняў, якія характарызуюцца ўзаемна процілеглым спалучэннем прыкметы, што аналізуецца, і полу (або тыпу спарвання) у форм, якія прымаюць удзел у скрыжаванні. Напр., калі пры адным скрыжаванні ў жывёл самка мела дамінантную прыкмету, а самец — рэцэсіўную, то ў другім скрыжаванні, рэцыпрокным першаму, самка павінна мець рэцэсіўную прыкмету, а самец — дамінантную. Р.с. выкарыстоўваецца ў генет. аналізе для выяўлення спадчынных фактараў, лакалізаваных у Х-храмасоме (гл.Палавыя храмасомы). Таксама ў выпадку анізагаміі выяўляюцца цытаплазматычныя спадчынныя фактары, калі ў абодвух Р.с. у спадчыну перадаецца толькі мацярынская прыкмета.