РАСЦЯЖЭ́ННЕ-СЦІСКА́ННЕ,
від дэфармацыі стрыжня (бруса і інш.) або яго часткі пад уздзеяннем падоўжных расцягвальных ці сціскальных сіл. Характарызуецца зменай даўжыні стрыжня (яго часткі). Улічваецца пры вызначэнні найважнейшых мех. характарыстык матэрыялаў: модуляў пругкасці, межаў трываласці, пругкасці, цякучасці і інш.
Істотнае значэнне мае дыяграма дэфармавання. Для пластычных матэрыялаў яна характарызуецца прамой лініяй у пачатковай (пругкай) стадыі расцяжэння (дзе сапраўдны Гука закон), участкам цякучасці і зніжэннем расцягвальнага намагання ў месцы ўтварэння шыйкі (звужэння) узору (гл. Паўзучасць матэрыялаў). Дыяграма расцяжэння крохкіх матэрыялаў (напр., чыгуну) характарызуецца малой дэфармацыяй, што папярэднічае разрыву.
І.І.Леановіч.
т. 13, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТКЕ́ВІЧ (Іван Адамавіч) (3.7.1898, г. Барысаў Мінскай вобл. — 16.5.1962),
генерал-лейтэнант (1949). Скончыў вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1954). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны на Усх. фронце. З 1941 на выкладчыцкай рабоце ва Узбекістане. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўн.-Каўказскім, Сцяпным, 2-м Укр., 3-м Бел. франтах: камандзір батальёна, нач. штаба палка, брыгады, дывізіі; удзельнік вызвалення Украіны, Вісла-Одэрскай, Усх.-Памеранскай, Берлінскай аперацый. У 1944—57 у Войску Польскім: камандзір дывізіі, нач. штаба арміі.
т. 13, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЧКО́ЎСКАЯ (Ірына Уладзіміраўна) (н. 9.5.1938, Мінск),
бел. вучоны ў галіне гельмінталогіі і біяхім. фармакалогіі. Д-р біял. н. (1986), праф. (1990). Скончыла БДУ (1960). З 1960 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па біяхім. фармакалогіі, гісталогіі і гістахіміі пры гельмінтозах птушак і млекакормячых, матэм. метадах у эксперым. гельмінталогіі.
Тв.:
Ответные реакции тканей.млекопитающих и птиц при воздействии некоторых антигельминтных соединений // Морфогенез органов и регулирующих систем в норме и эксперименте: Сб. науч. тр. Мн., 1985;
Нематоды и антигельминтные средства. М., 1994 (разам з Ю.К.Богаяўленскім, М.В.Чэбышавым).
т. 13, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШЫ́ДАЎ (Шараф Рашыдавіч) (6.11.1917, г. Джызак, Узбекістан — 6.11.1983),
партыйны і сав. дзеяч Узбекістана, пісьменнік. Скончыў Узб. ун-т у Самаркандзе (1941), Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1948). Настаўнічаў. З 1935 на журналісцкай працы, у 1943—49 рэдактар газет «Ленін юлы» («Ленінскі шлях») і «Кзыл Узбекістон» («Чырвоны Узбекістан»). У 1949—50 старшыня Саюза пісьменнікаў Узбекістана. З 1950 старшыня Прэзідыума Вярх. Савета УзбССР. У 1959—83 першы сакратар ЦК Кампартыі Узбекістана. З 1961 кандыдат у чл. Прэзідыума (з 1966 Палітбюро) ЦК КПСС. Аўтар вершаў і празаічных твораў.
т. 13, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДАВАЯ ТРА́ЎМА НОВАНАРО́ДЖАНЫХ,
пашкоджанне органаў і тканак плода пры родах. У выніку бывае кефалагематома (паднадкоснічнае кровазліццё ў вобласці касцей чэрапа, часцей цемянных), крывашыя, пералом ключыцы і інш. касцей (рук, ног), пашкоджанне тварнага нерва (асіметрыя твару), вялы параліч рукі. Найб. небяспечныя траўмы спіннога мозга і ц. н. с., якія ўзнікаюць часцей на фоне асфіксіі плода і ў выніку мех. пашкоджанняў (могуць прывесці да інваліднасці і парушэння разумовага развіцця). Большасць відаў траўмаў праходзіць бясследна. Прафілактыка: ахова здароўя цяжарнай жанчыны, правільнае правядзенне родаў. Лячэнне спецыфічнае.
І.У.Дуда.
т. 13, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДБЕЛ ((Rodbell) Марцін) (н. 1925),
амерыканскі фізіёлаг. З 1958 дырэктар Ін-та вывучэння навакольнага асяроддзя ў Нац. ін-це здароўя. У 1970-я г. даказаў, што гармоны перадаюць інфармацыю (сігнал) адпаведным клеткам пры дапамозе 3 незалежных кампанентаў клетачнай абалонкі: спец. рэцэптараў, перадатчыкаў (пасрэднікаў), узмацняльнікаў (перадатчык бывае актыўны толькі ў прысутнасці адпаведнага носьбіта энергіі; ён ідэнтыфікаваны амер. фізіёлагам А.Гілманам як бялок G). Высветліў ролю G-бялкоў у малекулярных механізмах узнікнення шэрагу інфекц. хвароб (халеры, коклюшу і інш.). Нобелеўская прэмія 1994 (разам з Гілманам).
А.Ю.Маніна.
т. 13, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́МНІ-МА́РШЫТУ (англ. Romney Marsh),
парода паўтанкарунных даўгашэрсных авечак мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў Вялікабрытаніі ў 19 ст. скрыжаваннем мясц. парод з баранамі пароды лейстэр. Выкарыстоўвалі пры вывядзенні куйбышаўскай і паўночнакаўказскай пароды. Гадуюць у Вялікабрытаніі, Новай Зеландыі, Паўд. Амерыцы, Аўстраліі.
Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі, бязрогія. Маса бараноў 90—130, матак 70—90 кг. Воўна белая, гадавы настрыг з бараноў 6—7, з авечак 3,5—5 кг. Выхад чыстай воўны 60—65%. Плоднасць 115—130 ягнят на 100 матак. Скараспелыя жывёлы. Мяса высокай якасці. Вынослівыя.
П.Ф.Драбышэўскі.
т. 13, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́САС ((Rosas) Хуан Мануэль дэ) (30.3.1793, Буэнас-Айрэс — 14.3.1877),
аргенцінскі дзярж. дзеяч. Генерал (1828). З 1820 нач. міліцыі, у 1828—32 і 1835—1852 губернатар прав. Буэнас-Айрэс, фактычна вярх. правіцель Аргенціны. Лідэр Федэралісцкай партыі. Пры Р. адбылася стабілізацыя ўнутр. становішча Аргенціны пасля грамадз. войнаў, якія краіна перажыла пасля заваявання незалежнасці. Адначасова ўсталяваў асабістую дыктатуру, жорстка душыў усялякую апазіцыю. Ініцыіраваў працяглы ўзбр. канфлікт з Уругваем. У лют. 1852 армія Р. разбіта аб’яднанымі войскамі Уругвая, Бразіліі і арг. паўстанцаў, пасля чаго ён уцёк у Вялікабрытанію.
т. 13, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́БІС (Павел Іванавіч) (7.2.1923, в. Мікуленкі Расонскага р-на Віцебскай вобл. — 10.4.1996),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну партызан Расонскай брыгады імя Сталіна, з 1943 на фронце. Камандзір кулямётнага разліку сяржант Р. вызначыўся ў баях на тэр. Віцебскай вобл. і Латвіі: 26.12.1943 праявіў гераізм пры адбіцці варожых контратак; 14.8.1944 агнём з кулямёта прыкрываў пераправу сав. войск цераз р. Ліелупе, знішчыў 2 гарматныя разлікі і 2 кулямёты ворага; 13.1.1945 у раёне Клайпеды агнём з кулямёта знішчыў станковы кулямёт з разлікам і шмат жывой сілы праціўніка.
т. 13, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАРСКІЯ АКАДЭ́МІІ,
саслоўныя навучальныя ўстановы ў Германіі ў 16—18 ст. для падрыхтоўкі сыноў дваран да ваен., грамадз, і прыдворнай службы. Выкладаліся: лац., франц., італьян., ісп. мовы, матэматыка, фізіка, генеалогія, права, гісторыя і інш. Вял. ўвага аддавалася фехтаванню, верхавой яздзе, танцам, прыдворнаму этыкету. Найб. вядомыя Р.а. ў Кольбергу (з 1653), Люнебургу (з 1655), Вольфенбютэлі (з 1687), Брандэнбургу (з 1704). У 19 ст. пераўтвораны ў гімназіі і кадэцкія карпусы. Паслужылі ўзорам пры стварэнні ў 18 ст. ў Рэчы Паспалітай, у т. л. ВКЛ, і Рас. імперыі шляхецкіх карпусоў.
т. 13, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)