у беларусаў і інш.слав. народаў стараж. земляробчае свята. Адзначалася 29 чэрв.ст. стылю. З’яўлялася своеасаблівым працягам Купалля. Назва язычніцкага свята, да якога царква прымеркавала свята апосталаў Пятра і Паўла, не захавалася. У бел. фальклоры П. — апякун хлеба і хлебаробаў. Калі спрыяла надвор’е, з П. пачыналі сенакос. З гэтага свята звычайна пачыналіся т.зв. пятроўскія карагоды, якія працягваліся да Спаса. У час святкавання спявалі пятроўскія песні, адбывалася кумаванне дзяўчат з хлопцамі, якому ў старажытнасці папярэднічала кумаванне дзяўчат паміж сабой (абмяняўшыся пярсцёнкамі або чым-небудзь з вопраткі, яны на працягу года лічыліся кумамі). Пасля П. дзень ішоў на спад, лета хілілася на восень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРУ́ШКА (Petroselinum),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. 4 віды. Пашыраны ў Зах. і Паўд. Еўропе. Стараж. культура Міжземнамор’я П. агародная, ці пасяўная (P. sativum, або P. crispum) вырошчваецца ў Еўропе, Азіі, Амерыцы, Аўстраліі. Мае 2 разнавіднасці: П. каранёвая з патоўшчаным караняплодам і П. лісцевая з тонкім верацёнападобным караняплодам і вял. колькасцю лісця.
Адна- і двухгадовыя травы. Лісце перыстарассечанае, на доўгіх чаранках. Кветкі дробныя, у складаным парасоніку. Плод — віслаплоднік. Караняплоды і лісце П. агароднай маюць вітамін С (70—400 мг%), карацін, мінер. солі, плады — да 6% эфірнага алею. Выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай і парфумерна-касметычнай прам-сці, кулінарыі, пры кансерваванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАДЭ́НДРАН (Rhododendron),
род кветкавых раслін сям. верасовых. Больш за 600 (па інш. звестках да 1300) відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від Р. жоўты (Rh. luteum), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў падлеску хваёвых лясоў, утварае зараснікі. З інтрадукаваных відаў найб. пашыраны Р.: даурскі (Rh. dahuricum), Ледэбура (Rh. ledebourii) і японскі (Rh. japonicum). Шмат сартоў і садовых форм вырошчваецца ў парках, альпінарыях, аранжарэях і пакоях (азаліі).
Вечназялёныя і лістападныя кусты, радзей невял. дрэвы. Лісце чаргаванае, суцэльнае. Кветкі буйныя, часта яркія, у шчыткападобных або парасонападобных суквеццях. Плод — каробачка. Некат. віды — меданосы, але іх мёд часта мае таксічнае ўздзеянне. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДЧЫК,
асоба, якая займаецца разведвальнай дзейнасцю ў інтарэсах пэўнай дзяржавы (гл.Разведвальныя органы). У залежнасці ад формы развед. дзейнасці адрозніваюць: Р. галоснага складу (кадравыя супрацоўнікі разведкі, спец. падрыхтаваныя для аператыўнай работы, якія выкарыстоўваюць афіц. пасады ў развед. органах); Р. негалоснага складу (кадравыя супрацоўнікі разведкі, якія ажыццяўляюць развед. дзейнасць без раскрыцця сваёй прыналежнасці да органаў знешняй разведкі); Р. нелегалаў, у якасці якіх выкарыстоўваюцца спецыяльна падрыхтаваныя і накіраваныя за рубеж з развед. заданнем кадравыя супрацоўнікі разведкі або агенты (з мэтай маскіроўкі яны выдаюць сябе за інш. асоб); нелегаламі наз. таксама агентаў-іншаземцаў (пастаянныя жыхары пэўнай краіны, якія перайшлі на нелегальнае становішча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЙ (Рам Мохан) (22.5.1772 або 1774, Раджнагар, Індыя — 27.9.1833),
індыйскі (бенгальскі) асветнік, філосаф, рэфарматар індуізму, грамадскі і літ. дзеяч. Скончыў вышэйшую мусульм. школу ў г.Патна. Імкнуўся стварыць універсальную рэліг. сістэму на аснове індуізму, выступаў за скасаванне яго найб. адыёзных звычаяў (самаспаленне ўдоў, дыскрымінацыя «недатыкальных», дзіцячыя шлюбы і інш.). Стварыў рэліг.-рэфарматарскае т-вы Ар’я самадж (1815) і Брахма самадж (1828). Па ініцыятыве Р. ў Калькуце адкрыта першая інд. свецкая школа — Індускі каледж (1817). Выдаваў газ. «Шомбад каўмудзі» («Месяц навін», на бенгальскай мове) і «Мірат уль-ахбар», («Люстэрка навін», на перс. мове). Аўтар перакладаў на бенгальскую мову філас. твораў Стараж. Індыі, юрыд. даследаванняў, памфлетаў, падручнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙСКІЯ ПТУ́ШКІ (Paradisaeidae),
сямейства птушак атр. вераб’інападобных. 20 родаў, каля 40 відаў. Пашыраны ў лясах Новай Гвінеі і прылеглых астравоў, ва Усх. і Паўн. Аўстраліі. Аселыя, гняздуюцца пераважна на дрэвах, трымаюцца паасобна. 9 відаў у Чырв. кнізе МСАП.
Разнастайныя паводле знешняга выгляду, памеру 14—100 см. У большасці відаў выразны палавы дымарфізм. Апярэнне яркае, рознакаляровае, з метал. адлівам. Крылы адносна кароткія і шырокія. Хвост кароткі прамы або доўгі ступеньчаты. Дзюба моцная, у некат. доўгая, загнутая. Кормяцца насеннем, пладамі, беспазваночнымі, дробнымі жабамі, яшчаркамі. Большасць відаў — палігамы. Нясуць 1—2 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАК (лац. cancer),
злаякасная пухліна, якая развіваецца з эпітэліяльных тканак (скура, слізістыя абалонкі, залозістая тканка і інш.). Пашыраная форма ў мужчын — Р. лёгкіх, у жанчын — Р. малочнай залозы. З узростам частата Р. павялічваецца. Паводле сучасных уяўленняў, ракавыя клеткі ўзнікаюць у арганізме пастаянна, але знішчаюцца сістэмай проціпухліннай аховы. Ва ўзнікненні Р. найб. значэнне маюць генет. фактары, хім. і фіз. канцэрагены, таксама стан псіхікі (напр., пры канцэрафобіі — боязі ўзнікнення Р.). Пасля Чарнобыльскай аварыі на Беларусі вырасла захваральнасць на Р. шчытападобнай залозы (ад уздзеяння радыеактыўнага ёду). Скорасць прагрэсіравання Р. залежыць ад спеласці ракавых клетак. Лячэнне хірург., прамянёвымі, хіміятэрапеўт. або спалучанымі метадамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСК ((Rask) Расмус Крысціян) (22.11.1787, каля г. Одэнсе, Данія — 14.11.1832),
дацкі мовазнавец; адзін са стваральнікаў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства; заснавальнік навук. мовазнаўства ў Скандынавіі. З 1825 праф. Капенгагенскага ун-та. Упершыню ў мовазнаўстве выкарыстаў параўн.-гіст. метад пры вырашэнні пытання аб паходжанні ісландскай мовы і даказаў роднасць герм. моў з балта-слав., грэч. і лац. («Даследаванні ў галіне старажытнапаўночнай мовы, або паходжанне ісландскай мовы», нап. 1814). У 1818 адкрыў рэгулярную адпаведнасць паміж індаеўрап. і герм. шумнымі зычнымі, якая пазней была сістэматызавана Я.Грымам (т.зв. закон Грыма). Вывучаў таксама параўн.-гіст. граматыку балта-слав., фіна-угорскіх і індаіранскіх моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТАРО́ПША (Silybum),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. 2 віды. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — Р. плямістая, або вострастракатая (S. marianum). Трапляецца каля жылля, на агародах, па краях дарог і палёў.
Р. плямістая — калючы адналетнік выш. 60—150 см, з верацёнападобным коранем і прамым, рабрыстым, лямцава-апушаным сцяблом. Лісце буйное, скурыстае, з вял. белымі плямамі і жоўтымі калючкамі, ніжняе — чаранковае, эліпсападобнае, верхняе — сядзячае, ланцэтнае, перыста-лопасцевае. Кветкі дробныя, трубчастыя, лілова-малінавыя, у адзіночных кошыках. Плод — сямянка. Маладое лісце і чаранкі ўжываюцца як салата, у насенні да 30% алею, прыдатнага ў ежу. Лек., дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСШЧАПЛЕ́ННЕў генетыцы,
паяўленне ў патомстве гібрыдаў асобін (клетак) рознага генатыпу (Р. па генатыпе) ці генатыпічна абумоўленае адрозненне патомкаў па праяўленні адзнакі (Р. па фенатыпе). Аснова — траплянне розных алеляў генаў храмасом і храматыд у даччыныя клеткі пры дзяленні мацярынскай. Утварэнне розных палавых клетак у меёзеназ. меятычным, ці гаметычным Р., а клетак рознага генатыпу ў мітозе — мітатычным або саматычным Р. (у шматклетачных арганізмаў прыводзіць да мазаіцызму). Пры нармальных паводзінах храмасом патомкі рознага генатыпу (і фенатыпу) паяўляюцца з вызначанай частатой, таму Р. характарызуюць колькасна. Выяўленне Р. — важны інструмент генет. аналізу, які сведчыць пра гетэразіготнасць зыходных арганізмаў (клетак). Выкарыстоўваецца для атрымання зыходных форм у селекцыі арганізмаў.