АДКА́ЗНАСЦЬ,

катэгорыя, якая выражае свядомыя адносіны сац. груп або асобы да патрабаванняў грамадства, яго нормаў і каштоўнасцяў. У адпаведнасці са сферамі праяўлення адрозніваюць паліт. маральную, юрыдычную і інш. адказнасць; у залежнасці ад яе носьбіта — індывідуальную (асабістую) і калектыўную. У індывіда адказнасць фарміруецца як вынік яго здольнасці вызначаць свой спосаб існавання і паводзін. Перадумовай асабістай адказнасці ў філасофіі лічыцца адзінства чалавечай жыццядзейнасці і неабходнасці апасродкавання ўздзеяння свядомасцю і выбарам самога індывіда. Таму чалавек здольны самавызначацца ў адносінах да свайго сучаснага і мінулага жыцця, быць «аўтарам» сваіх дзеянняў і ўчынкаў, г. зн. браць адказнасць за іх на сябе; ён усталёўвае ў рэальнасці пэўны парадак маральнасці, свабоды і належнага існавання, якія не залежаць ад наяўных умоў.

Т.​М.​Тузава.

т. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАГАДО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ, адналетнікі,

травяністыя расліны, жыццёвы цыкл якіх (ад насення да насення) заканчваецца на працягу аднаго года (найб. кароткі ён у эфемераў, часцей ахоплівае ад 2 да 5 месяцаў). Вядома больш за 100 тыс. відаў, пашыраных на ўсім зямным шары, з іх на Беларусі каля 270 відаў.

Аднагадовыя расліны падзяляюцца на яравыя і азімыя формы. Насенне яравых прарастае вясной або летам і да восені (ва ўмераных шыротах) пасля плоданашэння расліны адміраюць (яравая пшаніца, лён, авёс, ячмень, кукуруза, каноплі, гарох, проса, грэчка, рыс і інш.). Азімыя прарастаюць восенню, зімуюць, на наступны год цвітуць, пладаносяць і адміраюць (азімыя пшаніца і жыта, віка, рапс, васілёк, стрэлкі і інш.). Аднагадовыя расліны (асабліва эфемераў) значна больш у пустыннай зоне і найменш у тундравай.

т. 1, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСАМІ́Т, аксамітнае дрэва (Phellodendron),

род дрэў сям. рутавых. Вядома 10 відаў, пашыраных ва Усх. Азіі. Найб. вядомы аксаміт амурскі (P. amurense), аксаміт кітайскі (P. chinense), аксаміт японскі (P. japonicum). На Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. інтрадукаваны аксаміт амурскі, або амурскае коркавае дрэва. З 1930—40-х г. уводзіцца ў лясныя культуры. Прыдатны для вырошчвання на Беларусі, акрамя паўн. раёнаў.

Выш. 20—30 м. Ствол таўшчынёй да 80 см, укрыты слоем корку (да 7 см), які можна час ад часу здымаць. Лісце супраціўнае, чаранковае, няпарнаперыстае. Кветкі жоўта-зялёныя, дыям. да 1 см. Плады — чорныя мясістыя ягадападобныя касцянкі з непрыемным пахам. Размнажаецца насеннем і чаранкамі. Меданос. Выкарыстоўваецца на прамысл. мэты (корак, фарба, таніды, каштоўная драўніна) і як дэкар. расліна.

Аксаміт кітайскі.

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕРА́ЦЫІ АПТЫ́ЧНЫХ СІСТЭ́М (ад лац. aberratio адхіленне),

скажэнні відарысаў у аптычных сістэмах. Абумоўлены недасканаласцю пераламляльных і адбівальных паверхняў аптычных сістэм, выкарыстаннем шырокіх пучкоў прамянёў нямонахраматычнага святла. Выяўляюцца ў парушэнні геам. падабенства відарыса і арыгінала або афарбоўцы відарыса. Адрозніваюць геам., храматычныя і дыфракцыйныя аберацыі аптычных сістэм.

Геаметрычныя выяўляюцца ў монахраматычным святле, падзяляюцца на астыгматызм, дысторсію, кому і сферычную аберацыю (відарыс пункта мае выгляд кружка рассейвання; абумоўлена тым, што вонкавыя і цэнтр. зоны лінзы са сферычнымі паверхнямі даюць відарыс у розных месцах аптычнай восі). Храматычныя ўзнікаюць у натуральным святле ў выніку неаднолькавага пераламлення прамянёў святла з рознай даўжынёй хвалі (адсутнічаюць у аптычных сістэмах з адбівальнымі паверхнямі); дыфракцыйныя — пры дыфракцыі святла на дыяфрагмах, аправах лінзаў і люстэркаў; абмяжоўваюць раздзяляльную здольнасць аптычнай прылады.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛО́МКАВЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ, кластычныя горныя пароды,

асадкавыя горныя пароды, якія складаюцца з абломкаў больш стараж. горных парод і мінералаў. Адрозніваюць абломкавыя горныя пароды сцэментаваныя і несцэментаваныя (рыхлыя). Па велічыні абломкаў вылучаюцца грубаабломкавыя пароды, або псефіты (несцэментаваныя — глыбы, валуны, галька, друз, жарства, жвір і сцэментаваныя — кангламераты, брэкчыі, гравеліты і інш.); пясчаныя (псаміты), пылаватыя (алеўрыты, алеўраліты), гліністыя (пеліты) пароды, а таксама мяшаныя (суглінкі і супескі). Да абломкавых горных парод належаць таксама прадукты вулканічных вывяржэнняў: вулканічны друз, попел, туфабрэкчыі і інш. Выкарыстоўваюць у буд-ве, металургічнай, шкляной, керамічнай прам-сці і інш. У рачных і марскіх пясках трапляюцца золата, плаціна, каштоўныя камяні, разнастайныя мінералы, руды каляровых, рэдкіх і радыеактыўных металаў. Абломкавыя горныя пароды пашыраны па ўсёй Беларусі. Многія з іх (пяскі, жвір і інш.) — карысныя выкапні.

т. 1, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБМЕ́Н у эканоміцы,

узаемны абмен дзейнасцю (таварамі, паслугамі) паміж людзьмі, як правіла, на эквівалентнай аснове. Адбываецца непасрэдна ў вытв-сці (абмен вытв. дзейнасцю або загатоўкамі, паўфабрыкатамі) і ў форме абмену прадуктамі працы і паслугамі. З аднаго боку, абмен — састаўная ч. вытв. працэсу, з другога — адна з самаст. стадый грамадскага ўзнаўлення, якая спалучае вытв-сць з размеркаваннем і спажываннем.

Неабходнасць абмену абумоўлена грамадскім падзелам працы. У першабытным грамадстве звязаны з падзелам працы ўнутры абшчыны (абмен паміж абшчынамі быў выпадковы). З развіццём вытв-сці абмен набываў рэгулярны характар і асабліва пашырыўся з усталяваннем машыннай індустрыі. Са з’яўленнем грошай непасрэдны абмен тавараў (Т—Т) перарос у абарачэнне, але захаваўся ў вытв-сці, а таксама ў бартэрных здзелках (гл. Бартэр).

т. 1, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАПТЭ́РЫКС, археорніс,

першаптушка (Archaeopteryx),

самы стараж. вымерлы род птушак падкл. яшчарахвостых птушак. 1 від — A. lithographica. Назва дадзена па адбітку пяра, знойдзеным у 1860 у верхняюрскіх (цітонскіх) літаграфічных сланцах Золенгофена (Баварыя, Германія). У 1861 там знайшлі і першы няпоўны яго шкілет з адбіткамі пер’я. Вядома 5 шкілетаў; 1 экз. (берлінскі) апісаны пад назвай археорніс, але ён ідэнтычны з археаптэрыксам.

Памерамі з голуба, меў дзюбу з канічнымі зубамі, 3 свабодныя пальцы на крылах, доўгі хвост з 20 пазванкамі. Мяркуюць, што археаптэрыкс пералятаў з дрэва на дрэва, пры гэтым выкарыстоўваў пальцы крылаў, або бегаў па зямлі і зрэдку пералятаў на невял. адлегласці. Марфалогія археаптэрыкса пацвярджае філагенетычныя сувязі паўзуноў і птушак. Мяркуюць, што археаптэрыкс — прамы продак птушак, які паходзіць ад тэраподных дыназаўраў ці ад псеўдазухій.

Археаптэрыкс.

т. 1, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕМЯНЕ́ННЕ,

працэс, які забяспечвае ў жывёл сустрэчу палавых клетак — яец і сперматазоідаў; папярэднічае апладненню. Поспех асемянення забяспечваецца адначасовым выспяваннем гамет абодвух палоў. Вонкавае асемяненне ўласціва большасці жывёл, якія жывуць або размнажаюцца ў вадзе (кольчатыя чэрві, двухстворкавыя малюскі, ігласкурыя, кішачнаполасцевыя, бясчэрапныя, кругларотыя, большасць рыб, бясхвостыя земнаводныя). Унутранае асемяненне ўласціва некаторым водным і пераважнай большасці наземных жывёл (плоскія і круглыя чэрві, многія членістаногія і малюскі, большасць пазваночных — акулападобныя, хімеравыя і некаторыя касцістыя рыбы, вышэйшыя пазваночныя). Прамежкавы тып асемянення — вонкава-ўнутранае, пры якім самец выдаляе сперму (у выглядзе кропелек семявай вадкасці ці сперматафораў) у знешняе асяроддзе, на субстрат, пасля чаго яе захоплівае самка; характэрны для многіх ніжэйшых членістаногіх, што жывуць у вадзе, і хвастатых земнаводных. Штучнае асемяненне шырока выкарыстоўваюць пры развядзенні рыб і с.-г. жывёл.

т. 2, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІ́НА, таполя дрыжачая (Populus tremula),

лістападнае дрэва з роду таполя сям. вярбовых. Пашырана ў Еўропе і Азіі, трапляецца ў Паўн. Афрыцы. Утварае асінавыя лясы. На Беларусі расце па ўсёй тэрыторыі.

Двухдомнае ветраапыляльнае дрэва выш. да 35 м. Ствол дыяметрам да 60—100 см. Крона невялікая, рыхлая. Лісце чаргаванае, простае, круглаватае або круглавата-рамбічнае. Кветкі дробныя, сабраны ў адвіслыя цыліндрычныя каташкі. Плод — зеленавата-бурая каробачка. Насенне з пушыстым чубком, прыстасаванае, каб разносіцца ветрам. Хуткарослая і вельмі прадукцыйная на драўніну піянерная расліна. Жыве да 100 і больш гадоў. Драўніна лёгкая, мяккая. Выкарыстоўваюць у запалкавай і цэлюлозна-папяровай прам-сці, буд-ве і тарнай вытв-сці, кару, лісце і пупышкі — у медыцыне. Асн. корм для ласёў, зуброў і аленяў. Утварае мікарызу з падасінавікамі.

Асіна.

т. 2, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКАХІТО́ЗЫ,

хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі з роду аскахіта. Прычыняюць вял. шкоду лёну, зернебабовым і пладова-ягадным культурам. На надземных органах раслін паяўляюцца плямы рознай формы, памеру і колеру, часцей круглыя, шаравата-бурыя, у цэнтры больш светлыя, з цёмным краем. На плямах развіваюцца жаўтавата-бурыя або чорныя кропкападобныя пладовыя целы грыба — пікніды. Пасля выспявання з іх выходзяць бясколерныя споры. Хворае лісце засыхае, сцёблы робяцца крохкімі (у бобу), у лёну размачальваюцца, насенне не выспявае. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз хворыя расліны, пасляўборачныя рэшткі. На Беларусі найб. пашырэнне аскахітозаў адзначана ў вільготныя гады. Меры барацьбы: правільныя севазвароты, падбор устойлівых супраць аскахітозаў скараспелых сартоў, пратручванне насення, своечасовая ўборка ўраджаю, знішчэнне пажніўных рэшткаў, глыбокае зяблевае ворыва, дэзінфекцыйныя мерапрыемствы.

Аскахітозы: гароху і лёну.

т. 2, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)