НЕ́ГАШЫ.
Негушы, Петравічы-Негашы, дынастыя правіцеля ў Чарнагорыі ў 1697—1918. Назва ад племя негушаў, з якога паходзілі Н. Яе першыя прадстаўнікі (мітрапаліты або ўладыкі) аб’ядноўвалі духоўную і свецкую ўладу. Заснавальнік — Даніла [1697—1735] — актывізаваў барацьбу супраць Турцыі і ўстанавіў паліт. адносіны з Расіяй (1711). Іншыя прадстаўнікі: Сава [1735—81]; Пётр I [1781—1830], пры якім Чарнагорыя дамаглася фактычнай незалежнасці (1796); Пётр II [1830—51] быў і таленавітым паэтам (гл. Негаш); Даніла [1851—60], які абвясціў Чарнагорыю свецкім княствам (1852); Мікалай [1860—1918], які дамогся міжнар. прызнання незалежнасці Чарнагорыі і яе тэр. пашырэння (1878), а ў 1910 абвясціў сябе каралём. У 1918 Н. адхілены ад улады Вял. нар. скупшчынай у сувязі з далучэннем Чарнагорыі да Сербіі.
т. 11, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)