РАДЗІ́МІЧЫ,

усходнеславянская этнічная супольнасць. Жылі ў міжрэччы Дняпра і Дзясны, па цячэнні Сажа і яго прытоках. Паводле летапісу, назва паходзіць ад імя Радзім. Папярэднікамі Р. у Пасожжы былі носьбіты калочынскай культуры. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, рамёствамі, паляваннем, рыбалоўствам, бортніцтвам, прадзеннем і ткацтвам. Пахавальны абрад: трупаспаленне (8—10 ст.) і трупапалажэнне на гарызонце, у падкурганнай яме (з канца 10 да пач. 12 ст.). Сярод пахавальнага інвентару шмат упрыгожанняў, прадметаў побыту, радзей сустракаюцца прылады працы. Характэрныя племянныя адзнакі Р. — бронзавыя або сярэбраныя скроневыя кольцы (7-прамянёвыя і 7-лапчастыя), біэліпсоідныя, язычковыя, пятлістыя, гронкавыя падвескі, пласціністыя грыўні. У пахаваннях знойдзены манеты (дырхемы, срэбранікі, брактэаты), якія выкарыстоўваліся як падвескі ў маністах. У канцы 1-га тыс. Р. знаходзіліся на ступені фарміравання класавых адносін, узначальваліся князямі і старэйшынамі. У 885 кіеўскі кн. Алег вызваліў Р. ад залежнасці хазараў і абклаў іх сваёй данінай. У 907 у складзе яго войска Р. ўдзельнічалі ў паходзе на Візантыю. У пач. 970-х г. выйшлі з-пад улады кіеўскіх князёў, у 984 былі разбіты на р. Пяшчань (ці каля Слаўгарада ці каля Гомеля) ваяводам кн. Уладзіміра Святаславіча Воўчым Хвастом і іх землі замацаваліся ў складзе Кіеўскай Русі. З 11 ст. тэр. Р. у Чарнігаўскім княстве, з пач. 12 — яе паўн. частка пад уладай Смаленска. Да 12 ст. адносяцца пісьмовыя звесткі пра гарады на зямлі Р. — Крэчуг (1136, сучасны Крычаў), Прапошаск ці Прупой (1136; цяпер Слаўгарад), Гомій (1142, Гомель), Рагачоў (1142), Чычэрск (1159, Чачэрск). Апошняе ўпамінанне Р. у летапісе пад 1169. Найб. даследаваныя археал. помнікі — курганныя могільнікі Абідавічы, Ветачка, Вішанька, Гадзілавічы, Каласы, Мадора, Нісімкавічы, Ходасавічы, Шапчыцы, Юдзічы, Эсьмоны і інш.

Літ.:

Соловьева Г.Ф. Славянские союзы племен по археологическим материалам VIII—XIV вв. н.э. (вятичи, радимичи. северяне) // Сов. археология. 1956. № 25.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 13, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДНАЯ МО́ВА,

мова, на якой асоба мысліць без дадатковага самакантролю, з дапамогай якой лёгка і натуральна выказвае свае думкі ў вуснай і пісьмовай форме, якая служыць падмуркам яго этн. самасвядомасці, нац. самаідэнтыфікацыі. Як форма сац. быцця чалавека адрозніваецца натуральнасцю, нязмушанасцю, лёгкасцю, зручнасцю выкарыстання яе ў розных сітуацыях камунікавання асобы. Р.м. ўласцівы функцыі: мыслення, унутр. маўлення, слоўнага выражэння і афармлення думак і эмоцый, фарміравання і замацавання своеасаблівай моўнай карціны свету, фалькл. і літ.-маст. творчасці, пазнання свету і назапашвання ведаў у памяці, міфатворчасці і інш. Р.м. звязана з духам народа, нац. ментальнасцю, маральнасцю асобы і выконвае сямейныя, працоўныя і інш. грамадскія функцыі. Яна адна з вызначальных рыс сукупнасцей людзей — этнасу, нацыі, народа. Абавязкова і арганічна ўваходзіць у мноства знакавых сістэм, што фарміруюць т.зв. моўную асобу і вызначаюць багацце яе знешніх і ўнутр. зносін, ступень яе ўключанасці ў нац. і сусв. культуру. Роднай наз. і мову тытульнага этнасу, засвоеную з дзяцінства прадстаўніком інш. этнасу, што ўваходзіць у склад нацыі. Пры двухмоўі і шматмоўі — гэта мова штодзённых зносін. Пры дасканалым веданні дзвюх моў і аднолькава лёгкім валоданні імі можна гаварыць пра дзве родныя для асобы мовы. З паняццем Р.м. звязана ўяўленне пра гіст. існаванне этнасу і яго духоўную і матэрыяльную культуру. Р.м. як выраз не строга тэрміналагічны адносіцца не столькі да лінгвістыкі, колькі да сферы нац. псіхалогіі, этн. самаўсведамлення асобнага чалавека і народа. Р.м. можа для чалавека рэальна мець статус дыялектнай гаворкі, мовы асобнага этнасу, мовы маст. л-ры, нац. і дзярж. мовы і інш. Р.м. — аб’ект любові і гонару яе носьбітаў, дзярж. падтрымкі і аховы.

Літ.:

Этническая психология и общество. М., 1997;

Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова. Мн., 1994;

Навуменка Л. Уяўленні беларусаў аб значэнні ўласнай этнічнай належнасці і месца роднай мовы сярод іх // Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЯ́НЦАЎ (Мікалай Пятровіч) (14.4.1754, С.-Пецярбург — 15.1.1826),

расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, мецэнат. Граф. Канцлер (1809) з захаваннем пажыццёва гэтага звання. Сын П.​А.​Румянцава-Задунайскага. У 1781—95 на дыпламат. службе ў Германіі. З 1801 чл. Неадменнага Савета пры імператару Аляксандру I. Дырэктар водных камунікацый (1801—09), міністр камерцыі (1802—10), замежных спраў (1807—14), адначасова ў 1810—12 старшыня Дзярж. Савета. Да вайны 1812 праводзіў курс на збліжэнне з Францыяй. З 1814 у адстаўцы. Ганаровы чл. многіх акадэмій. Стварыў Румянцаўскі гурток; у 1811 па яго ініцыятыве засн. Камісія друкавання дзярж. грамат і дагавораў, якая выдала «Збор дзяржаўных грамат і дагавораў» (т. 1—4, 1813—28), дзе шмат дакументаў па гісторыі Беларусі. Удзельнік археаграфічных экспедыцый К.​Ф.​Калайдовіча і П.​М.​Строева (у т. л. па Беларусі), выявіў у замежных архівах дакументы па рас. гісторыі. На ўласныя сродкі выдаў больш за 40 кніг, пераважна па гісторыі Расіі і інш. слав. народаў, у т. л. «Беларускі архіў старажытных грамат». Удзельнічаў у арг-цыі першага рас. кругасветнага плавання І.​Ф.​Крузенштэрна і Ю.​Ф.​Лісянскага (1803—06), на ўласныя сродкі арганізаваў марскую экспедыцыю О.​Я.​Кацэбу (1815—18). Ганаровы чл. многіх навук. т-ваў, у т. л. Вольнага з 1802, і акадэмій, у т. л. Рас. АН з 1819. Яму належаў г. Гомель, дзе ў сваім палацы ён сабраў шмат кніг, рукапісаў, твораў мастацтва, нумізматычныя калекцыі, археал. і этнагр. матэрыялы; дбаў пра забудову і добраўпарадкаванне горада. У 1831 у Пецярбургу на аснове яго збораў адкрыты Румянцаўскі музей (у 1861 пераведзены ў Маскву). У 1862 у складзе музея засн. б-ка (з 1925 Б-ка СССР імя Леніна, з 1992 Расійская дзяржаўная бібліятэка).

Літ.:

Козлов В.П. Колумбы российских древностей. 2 изд. М., 1985.

А.​М.​Лукашэвіч.

М.П.Румянцаў.

т. 13, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-АЎСТРЫ́ЙСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ 1781, 1877, 1897, 1907, 1908.

Саюзны дагавор 1781 заключаны 18 мая — 4 чэрв. ў форме абмену лістамі паміж рас. імператрыцай Кацярынай II і аўстр. імператарам Іосіфам II. Гарантаваў тэр. недатыкальнасць уладанняў абедзвюх дзяржаў, узаемадапамогу ў вайне з Турцыяй і Швецыяй, адмову ад сепаратных перагавораў у выпадку сумеснага вядзення вайны. У 1789 тэрмін дзеяння дагавора прадоўжаны на 8 гадоў. Канвенцыя 1877 (сакрэтная) аб умовах нейтралітэту Аўстра-Венгрыі ў ходзе падрыхтоўкі Расіі да рус.-тур. вайны 1877—78. Падпісана 15.1.1877 у Будапешце.

Паводле канвенцыі Аўстра-Венгрыя атрымлівала Боснію і Герцагавіну, бакі абавязваліся не пашыраць сферы сваіх ваен. дзеянняў. Апошнія 3 пагадненні датычыліся балканскага пытання. Пагадненне 1897 (сакрэтнае) аформлена праз абмен лістамі паміж міністрамі замежных спраў Аўстра-Венгрыі А.​Галухоўскім (ліст ад 8 мая) і Расіі М.​М.​Мураўёвым (ліст ад 17 мая). Бакі абавязаліся падтрымліваць статус-кво на Балканах, а ў выпадку немагчымасці яго захавання меркавалі заключыць асобае пагадненне. Пагадненне 1907 падпісана 28 вер. ў Вене міністрамі замежных спраў Расіі А.​П.​Ізвольскім і Аўстра-Венгрыі А. фон Эрэнталем. Працягвала паўнамоцтвы ваен. і цывільных чыноў міжнар. еўрап. адміністрацыі ў 3 вілаетах еўрап. часткі Турцыі, устаноўленыя ў 1903. Але аўстра-тур. Пагадненне 1908 аб буд-ве чыгункі Сараева—Салонікі фактычна прывяло да спынення яго дзейнасці. Пагадненне 1908 (вуснае) — папярэдняе сакрэтнае пагадненне паміж Ізвольскім і Эрэнталем у час іх сустрэчы 15 вер. ў замку Бухлаў (Чэхія). Аўстра-Венгрыя пагаджалася на змяненне рэжыму Чарнаморскіх праліваў на карысць Расіі і на вырашэнне шэрагу балканскіх праблем на карысць Балгарыі, Грэцыі, Сербіі; Расія пагаджалася на анексію Босніі і Герцагавіны Аўстра-Венгрыяй, але прапаноўвала канчаткова вырашыць балканскія праблемы на агульна-еўрап. канферэнцыі. Аднабаковае абвяшчэнне анексіі Босніі і Герцагавіны Аўстра-Венгрыяй, што выклікала Баснійскі крызіс 1908—09, вымусіла Расію ў кастр. 1908 афіцыйна дэнансаваць пагадненне.

В.​М.​Пісараў.

т. 13, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКАНСТРУ́КЦЫЯ,

1) у тэксталогіі — аднаўленне тэксту літаратурнага помніка на падставе аналізу асобных яго частак, што захаваліся, а таксама інш. блізкіх паводле складу, зместу, стылю твораў. Будуецца на комплексным даследаванні ўсіх крыніц і фактаў, што тычацца пэўнага помніка, яго ідэйна-маст. накіраванасці, месца і часу ўзнікнення, аўтарства і інш. У адрозненне ад кантамінацыі, у выніку якой ствараецца зводны, кампіляцыйны тэкст, Р. гіпатэтычна ўзнаўляе канкрэтны этап у гісторыі твора, па магчымасці дакладна рэальны тэкст. Найб. удалае аднаўленне помніка мінулага — Р. Троіцкага летапісу (пач. 15 ст.; рукапіс згарэў у час пажару Масквы ў 1812), зробленая рус. гісторыкам М.​Прысёлкавым. У бел. тэксталогіі Р. карыстаюцца пры аднаўленні, напр., згубленых частак «Хронікі Быхаўца», за аснову бяруць «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага і Галіцка-Валынскі летапіс.

2) У лінгвістыцы — гіпатэтычнае аднаўленне моўных форм і сістэм, якія зніклі, на аснове іх больш позніх адлюстраванняў і з улікам магчымых шляхоў моўнага развіцця. Упершыню гэты метад ужыты ў сярэдзіне 19 ст. А.​Шлайхерам для Р. індаеўрап. прамовы. Р. аб’ядноўвае некалькі метадычных працэдур: знешнюю (ці «параўнальную») Р., унутраную Р. і філал. метад. Знешняя Р. аперыруе данымі шэрагу роднасных моў (напр., рэгулярнасць адпаведнасці паміж слав. b, герм. β, лац. f, грэч. φ, санскрыцкім bh, хецкім p у гістарычна тоесных каранях дазваляе рэканструяваць індаеўрап. bh, які па-рознаму развіваўся ў мовах). Унутраная Р. выкарыстоўвае даныя адной мовы; яна — адзін з асн. прыёмаў узнаўлення гісторыі мовы. Філалагічны метад Р. заключаецца ў сістэмным даследаванні стараж. пісьмовых помнікаў на мовах той ці інш. генет. агульнасці з устаноўкай на выяўленне больш архаічных моўных форм, чым тыя, якія прадстаўлены ў сучасных мовах; падыходзіць толькі для тых моўных сем’яў, дзе існуе стараж. пісьмовая традыцыя (для індаеўрап. моў гэта хецкая, стараж.-грэч., лац., стараслав. мовы, санскрыт і інш.).

Літ.:

Лихачев Д.С. Текстология. 2 изд. Л., 1983;

Сравнительно-историческое изучение языков разных семей: Теория лингвист. реконструкции. М., 1988.

В.​А.​Чамярыцкі (у тэксталогіі).

т. 13, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́РЫХ (Святаслаў Мікалаевіч) (23.10.1904, С.-Пецярбург — 30.1.1993),

расійскі і індыйскі мастак, мастацтвазнавец, грамадскі дзеяч. Сын М.​К.​Рэрыха і А.І.Рэрых. Ганаровы чл. АМ СССР (1978) і Балгарскай АМ (1978), чл. Інд. нац. акадэміі прыгожых мастацтваў (1987). Вучыўся на арх. курсах Калумбійскага і Гарвардскага ун-таў (ЗША, 1920—23). З 1923 узначальваў Міжнар. цэнтр мастацтваў «Карона Мундзі», з 1928 віцэ-прэзідэнт Музея М.​Рэрыха ў Нью-Йорку, чл.-заснавальнік Пакта Рэрыха, таксама кіраваў даследаваннямі па батаніцы, аюрведычнай і тыбецкай медыцыне, вывучэннем гімалайскага і тыбецкага мастацтва і фальклору ў Міжнар. НДІ «Урусваці». З 1931 жыў у Індыі. У 1980-я г. ў г. Бангалор заснаваў культ.-асв. «Цэнтр мастацтваў», у які ўваходзяць школа выяўл. мастацтваў, музей стараж.-інд. мастацтва, выставачныя залы і маст. галерэя імя М.​Рэрыха. Па яго ініцыятыве створаны Міжнар. цэнтр Рэрыхаў з Цэнтрам-музеем імя М.​Рэрыха (1989, Масква) і Міжнар. мемарыяльны трэст імя М.​Рэрыха (1992, Індыя). Яго творчасць як мастака і як грамадскага дзеяча прасякнута глыбокім гуманізмам. У творчасці абапіраўся на лепшыя традыцыі рас. рэаліст. мастацтва, заходнееўрап. жывапісу, стараж. традыцыі Індыі. Сярод лепшых твораў: «Чаша Буды» (1938), трыпціх «Укрыжаванне чалавецтва» (1939—40), «Гірнар» (1944), серыя «Свяшчэнная флейта» (1946—48), «Дэвіка Рані Рэрых» (1951), «Чырвоная зямля» (1953), «Вечнае жыццё» (1954), «Вясна» (1958), «П’ета», «Вогненны дракон» (абодва 1960), «Папярэджанне чалавецтву» (1962), «Дажджы» (1971), «Мая краіна цудоўная» (1974), «Палюбі бліжняга свайго» (1976). Маст. мова партрэтаў, пейзажаў, жанравых карцін і кампазіцыйных фантазій вылучаецца поліфанічным гучаннем колеру, светланоснасцю. Філас. светапогляд Р. складаўся на аснове гуманіст. традыцый эпохі Адраджэння і вывучэння Жывой Этыкі. Лічыў, што прыгажосць з’яўляецца эвалюцыйнай сілай, якая пераўтварае жыццё.

Тв.:

Стремиться к Прекрасному. М., 1993;

Свет Искусства. М., 1994;

Священная флейта: [Альбом]. Самара, 2000.

Літ.:

Тюляев С. Святослав Рерих. М., 1977.

Р.​З.​Шайхатараў.

С.​Рэрых. Палюбі бліжняга свайго. 1976.

т. 14, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯ́ЛЬНАЕ СТРАХАВА́ННЕ,

сістэма гарантый, заснаваная на сукупнасці пенсій, дапамог і інш. выплат грамадзянам за кошт сродкаў дзярж. страхавых фондаў. На Беларусі ажыццяўляецца на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Закона «Аб асновах дзярж. сац. страхавання» ад 31.1.1995 і інш. заканад. актаў. Прынцыпы дзярж. С.с.: удзел наёмных работнікаў і наймальнікаў у стварэнні дзярж. страхавых фондаў і размеркаванне сродкаў ад працаздольных грамадзян да непрацаздольных, ад працуючых да непрацуючых; гарантаванне пенсій, дапамог і інш. выплат у адпаведнасці з заканадаўствам; роўнасць грамадзян перад правам на С.с.; дыферэнцыяцыя ўмоў і памераў страхавання; удзел прадстаўнікоў юрыд. і фіз. асоб, якія плацяць страхавыя ўзносы, у кіраванні дзярж. С.с. Сродкі дзярж. С.с. складваюцца з абавязковых узносаў наймальнікаў і грамадзян, інш. паступленняў ў дзярж. страхавыя фонды, што захоўваюцца ў пазабюджэтных страхавых фондах (ствараюцца ўрадам). Гэтыя сродкі не падлягаюць выняццю, не абкладаюцца падаткамі і не могуць быць выкарыстаны на інш. мэты.

Абавязковаму дзярж. С.с. падлягаюць асобы, якія працуюць на аснове прац. дагавораў і членства ў кааператывах, прадпрыемствах і т-вах калект. форм уласнасці. Пры ўмове платы страхавых узносаў дзярж. С.с. пашыраецца на прадпрымальнікаў, работнікаў, якія працуюць на падрадзе, членаў сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак, творчых работнікаў, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, што працуюць у краіне. Выпадкі, пры якіх застрахаваныя грамадзяне маюць права на дзярж. С.с.: хвароба і часовая непрацаздольнасць, уключаючы цяжарнасць і роды; нараджэнне дзіцяці і догляд яго да 3 гадоў; дасягненне пенсіённага ўзросту; страта карміцеля; страта работы (беспрацоўе); вытв. траўмы і прафес. захворванні; смерць застрахаванага або члена яго сям’і. Наймальнікі маюць права за кошт уласных сродкаў ажыццяўляць дадатковае С.с. сваіх работнікаў. Грамадзяне могуць заключаць дагаворы на добраахвотнае С.с. Добраахвотнае і дадатковае С.с. можа ажыццяўляцца недзярж. страхавымі арг-цыямі ў адпаведнасці з заканадаўствам. Гл. таксама Сацыяльнае забеспячэнне.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕВАСТО́ПАЛЬСКАЯ АБАРО́НА 1854—55,

349-дзённая (25.9.1854—8.9.1855) абарона Севастопаля рас. войскамі ад узбр. сіл саюзных дзяржаў (Францыя, Вялікабрытанія, Турцыя, Сардзінскае каралеўства) у Крымскую вайну 1853—56. Пасля паражэння рас. войск на р. Альма саюзныя войскі падышлі да Севастопаля. Абарону горада ўзначаліў нач. штаба Чарнаморскага флоту віцэ-адм. У.А.Карнілаў, яго памочнікі — віцэ-адм. П.С.Нахімаў і контр-адм. У.​І.​Істомін. Пад іх кіраўніцтвам Севастопаль быў абаронены з боку мора, паводле плана інж.-падпалк. Э.І.Татлебена на сушы пабудаваны ўмацаванні, якія прыкрывалі подступы да Малахава кургана. Каб праціўнік не прарваўся ў порт, каля ўвахода ў Паўн. бухту былі затоплены 7 старых караблёў, з якіх знялі частку гармат, а з экіпажаў (10 тыс. чал.) сфарміравалі 22 батальёны. Нягледзячы на колькасную перавагу ў войсках і тэхн. сродках, неаднаразовыя штурмы, армія саюзнікаў доўгі час не магла поўнасцю блакіраваць крэпасць і зламаць яе абаронцаў. Толькі накіраваўшы гал. сілы супраць ключавой пазіцыі абароны — Малахава кургана, праціўнік 8.9.1855 захапіў яго. Рас. войскі пакінулі Севастопаль; яны страцілі каля 102 тыс. чал., праціўнік — каля 71 тыс. чал. Гераічная С.а. паўплывала на вынік мірных перагавораў. У час С.а. вызначыліся 54-ы Мінскі, 27-ы Віцебскі, 28-ы Полацкі, 51-ы Літоўскі пях. палкі. Мужна змагаліся на абарончых пазіцыях ураджэнцы Мінскай губ. браты Ігнацій і Іосіф Ляскоўскія (выпускнікі Брэсцкага кадэцкага корпуса), ураджэнцы Гродзенскай губ. І.Сержпутоўскі і Р.Траўгут; загінулі выпускнікі Полацкага кадэцкага корпуса паручнікі А.​Пісарэўскі, В.​Маркевіч, А.​Бушкоўскі, капітан М.​Фядотаў і інш. Ў Севастопалі пастаўлены помнікі Карнілаву, Нахімаву, Татлебену, матросу П.​М.​Кошку, затопленым караблям Чарнаморскага флоту, створана панарама «Абарона Севастопаля» і інш.

Літ.:

Зайончковский А.М. Оборона Севастополя: Подвиги защитников. 2 изд. СПб., 1904;

Тарле Е.В. Героическая Севастопольская оборона 1854—1855. М., 1957;

гл. таксама пры арт. Крымская вайна 1853—56.

А.​М.​Лукашэвіч, В.​А.​Юшкевіч.

Да арт. Севастопальская абарона 1854—55. Фрагмент панарамы «Абарона Севастопаля». Мастак Ф.​Рубо. 1902—04.

т. 14, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕН-СІМО́Н (Saint-Simon) Клод Анры дэ Руўруа

(de Rouvroy; 17.10.1760, Парыж — 19.5.1825),

французскі мысліцель, сацыёлаг, адзін з заснавальнікаў утапічнага сацыялізму. Са стараж. роду франц. арыстакратаў. Вучань Ж.​Л.​Д’Аламбера. Удзельнік вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83. У гады франц. рэвалюцыі 1789—94 далучыўся да якабінцаў, але потым адышоў ад іх. З 1797 займаўся навук. дзейнасцю. Асн. творы: «Пісьмы жэнеўскага жыхара да сучаснікаў» (1803), «Аб прамысловай сістэме» (1821), «Катэхізіс прамыслоўцаў» (1823—24), «Новае хрысціянства» (1832), «Нарыс навукі пра чалавека», «Праца пра сусветнае прыцяжэнне» (абодва 1859). Паводле С.-С., грамадства ў сваім развіцці праходзіць шэраг ступеняў — ад першабытнай праз рабства да феад.-саслоўнага ладу. Рухаючай сілай яго выступаюць ідэі (рэліг., метафіз., навук.) і «індустрыя» (эканам. дзейнасць людзей). Кожная ступень грамадства характарызуецца стваральнай («арганічнай») і разбуральнай («крытычнай») стадыямі. На «крытычнай» стадыі феад.-саслоўная сістэма замяняецца новай, т.зв. «прамысловай сістэмай», якая грунтуецца на навук. ведах, планаванні гаспадаркі, размеркаванні па здольнасцях, абавязковай для ўсіх грамадзян працы і г.д. У якасці базавых прынцыпаў функцыянавання ідэальнага грамадства С.-С. прапанаваў навук. арг-цыю працы, адмену права на спадчыну, грамадскую лесвіцу, як строгую «іерархію здольнасцей». Лічыў, што ў выніку радыкальных пераўтварэнняў у паліт. і эканам. сферах мірным шляхам будуць створаны неабходныя ўмовы для развіцця індывід. здольнасцей кожнага чалавека ў адпаведнасці з яго прыродай, будзе выключана магчымасць эксплуатацыі чалавека чалавекам, сфарміруецца адзіны клас — «індустрыялаў»; важную ролю ў пераадольванні сац. супярэчнасцей, кансалідацыі розных сац. слаёў будзе адыгрываць новая рэлігія — «новае хрысціянства».

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. М.;

Пг., 1923;

Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1948.

Літ.:

Плеханов Г.В. Французский утопический социализм XIX в. // Избр. филос. произв. М., 1957. Т. 3;

Волгин В.П. Сен-Симон и сен-симонизм. М., 1961;

Кучеренко Г.С. Сен-симонизм в общественной мысли XIX в. М., 1975.

Т.​І.​Адула.

А.Сен-Сімон.

т. 14, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕНТАРЫ́ (ад лац. inventarium вопіс),

апісанні феад. уладанняў у Беларусі, Украіне, Польшчы, Літве, Венгрыі 16—1-й пал. 19 ст. У 16 ст. ў Беларусі побач з тэрмінам «І.» ужываліся «попіс», «рэестр». У 16 ст. ў асноўным складаліся на старабел. мове, з 17 ст. — па-польску, з 19 ст. — па-руску. У адных выпадках І. афармляліся як юрыд. дакументы (пры куплі-продажы маёнтка і інш.), у другіх — як улікова-гасп. дакументы, прызначаныя выключна для ўласных патрэб уладальніка. Найб. поўныя І. складаліся пры перадачы ўладання ў часовае карыстанне, напр. у арэнду, ці вяртанні яго ўласніку. І. звычайна меў тытульны ліст, дзе, як правіла, адзначалася назва маёнтка, каму ён належаў, калі, кім і з якой прычыны складаўся дакумент. Потым ішло апісанне панскага двара з пералікам і апісаннем хатняга і гасп. начыння, адзення. Адзначалася наяўнасць царквы ці касцёла. Далей называліся памеры пасеваў па культурах, колькасць ворнай, агароднай зямлі і сенажацяў, пералічваліся жывёла і птушка, давалася апісанне млыноў, кузняў і г.д., адзначалася існаванне рэчкі або сажалкі. Называліся памеры і крыніцы прыбыткаў уладання. Калі ў маёнтку была карчма, падаваўся прыбытак ад яе. Потым ішло апісанне сельскіх валасцей, гарадоў і мястэчак, а таксама фальваркаў. Апісанне гарадоў і мястэчак рабілася па вуліцах з указаннем прозвішча гаспадара і памераў падаткаў, прызначаных на яго. У вёсках гаспадары пералічваліся па дварах (дымах) з паказаннем колькасці зямлі (прысядзібнай, ворыва, сенажацей). Пасля правядзення валочнай памеры перапіс рабіўся па валоках. Але вельмі хутка перайшлі да падворнага перапісу, з пазначэннем колькасці зямлі ў кожнай гаспадарцы; абавязкова называлася прозвішча гаспадара, а ў некаторых выпадках пералічваліся ўсе працаздольныя мужчыны і асобна сыны, апісваўся зямельны надзел, павіннасці з яго. Змяшчаліся звесткі пра рабочую жывёлу ў кожным сялянскім дыме, зрэдку пералічвалася прадукцыйная жывёла, вуллі, сенажаці, што належалі вёсцы. Больш дэталёва павіннасці сялян адзначаліся ў канцы апісання кожнай вёскі або разам з гадавым даходам з усёй вёскі. Часам І. змяшчалі інструкцыі панскай адміністрацыі, аканомам. У некат. І. ёсць звесткі пра сял. абшчыну (грамаду), планы маёнткаў, малюнкі з сял. жыцця. Найб. цікавасць маюць І. буйных дзярж. уладанняў — каралеўскіх або велікакняжацкіх эканомій і старостваў, якія нярэдка змяшчаюць апісанні дзесяткаў і соцень сельскіх паселішчаў. Грунтоўнасцю і поўным апісаннем гасп. стану ўладання вылучаюцца І. буйных магнацкіх маёнткаў. І. уладанняў сярэдняй і дробнай шляхты захавалася значна менш. Некаторыя разнавіднасці І. маюць значна менш інфармацыі, напр. берчакі (пералік сял. гаспадарак з паказаннем надзелу і чыншу), люстрацыі (характэрныя для дзярж. і некат. царкоўных уладанняў). І. — найб. каштоўная і масавая крыніца па агр. гісторыі Беларусі, краязнаўстве, дэмаграфіі, этнаграфіі, мовазнаўстве; змяшчаюць звесткі з гісторыі рамяства, прамысловасці, архітэктуры, землеўпарадкавання, промыслаў і інш. Беларускія І. зберагаюцца ў архівах Мінска, Гродна, Вільнюса, Масквы, Пецярбурга, Варшавы, Кракава і інш.

Літ.:

Копысский З.Ю. Источниковедение аграрной истории Белоруссии. Мн., 1978.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 7, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)