навука пра атмасферу Зямлі, фіз. працэсы і з’явы, якія ў ёй адбываюцца і ствараюць надвор’е і клімат. М. вывучае састаў і будову атмасферы, цеплаабарот і цеплавы рэжым у атмасферы і на зямной паверхні, вільгацеабарот і фазавыя пераўтварэнні вады ў атмасферы, рух паветр. мас, эл. і акустычныя з’явы ў атмасферы. Гал. задачы М.: забеспячэнне нар. гаспадаркі метэаралагічнай інфармацыяй з мэтай найб. поўнага і эфектыўнага выкарыстання спрыяльных умоў надвор’я і памяншэння страт ад небяспечных з’яў, удасканаленне метадаў прагнозу надвор’я, распрацоўка навук. асноў мэтанакіраванага ўздзеяння чалавека на атм. працэсы і кіравання імі. Падзяляецца на фізіку атмасферы (уключае фізіку прыземнага слоя паветра, аэралогію, фізіку верхніх слаёў атмасферы, актынаметрыю, атм. оптыку і атм. акустыку), дынамічную М. (вывучае атм. працэсы ў трапасферы і ніжняй стратасферы, распрацоўвае лічбавыя метады прагнозаў надвор’я), сінаптычную метэаралогію. Раздзел М., які вывучае клімат, вылучаецца ў кліматалогію. Існуе шэраг прыкладных галін М. (с.-г., лясная, авіяц., касм., марская, мед., ваенная і інш.). Асн. метад атрымання фактычных звестак пра атмасферу, надвор’е і клімат — назіранні, якія праводзяцца метэаралагічнымі станцыямі на зямной паверхні і ў верхніх слаях атмасферы з дапамогай метэаралагічных спадарожнікаў, метэаралагічных ракет, радыёзондаў і інш. Дзейнасць метэаралагічных службаў розных краін аб’ядноўвае Сусветная метэаралагічная арганізацыя.
Узнікла ў 17 ст., калі вынайдзены метэаралагічныя прылады — тэрмометр і барометр (Г.Галілеем з вучнямі). У 2-й пал. 18 ст.сталасамаст. навукай. У 2-й пал. 19 ст. закладзены асновы дынамічнай М. (вучоныя амер. У.Ферэль, ням. Г.Гельмгольц), узнік сінаптычны метад даследавання (вучоныя франц. У.Левер’е, англ. Р.Фіцрой), пачаліся сістэм. аэралагічныя назіранні. Дасягненні М. ў 20 ст. звязаны з працамі вучоных нарв. В.Б’еркнеса, аўстр М.Маргулеса і Г.Фікера, франц. Л.Тэйсеран дэ Бора, рас. А.І.Ваейкава, А.А.Фрыдмана, П.А.Малчанава і інш.
На Беларусі метэаралагічныя назіранні пачаліся ў пач. 19 ст.Вял. ўклад у развіццё М. зрабіў А.І.Кайгарадаў, даследаванні па зборы, аналізе і абагульненні матэрыялаў выканалі Н.А.Малішэўская, Я.Б.Фрыддянд, І.А.Савікоўскі, Г.В.Валабуева (Гідраметэацэнтр), А.Х.Шкляр (БДУ), У.Ф.Логінаў (Нац.АН Беларусі) і інш.
Літ.:
Хромов С.П., Петросянц М.А. Метеорология и климатология. 4 изд. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЭ́РАЎ (Пётр Міронавіч) (26.2.1918, в. Шыркі Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 4.10.1980),
партыйны і дзярж. дзеяч Беларусі, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944), Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1939). У 1939—41 выкладчык фізікі і матэматыкі ў Расонскай СШ Віцебскай вобл. У Вял.Айч. вайну ў жн. 1941 стварыў і ўзначаліў Расонскае патрыятычнае падполле. З крас. 1942 камандзір партыз. атрада імя Шчорса, які дзейнічаў у Расонскім, Дрысенскім, Асвейскім р-нах БССР, у суседніх раёнах РСФСР і Латв. ССР. З сак. 1943 камісар партыз. брыгады імя К.К.Ракасоўскага Віцебскай вобл. З вер. 1943 1-ы сакратар Вілейскага падп. абкома ЛКСМБ. З ліп. 1944 1-ы сакратар Маладзечанскага абкома ЛКСМБ, з ліп. 1946 сакратар, з кастр. 1947 1-ы сакратар ЦК ЛКСМБ. З ліп. 1954 2-і сакратар Мінскага, са жн. 1955 1-ы сакратар Брэсцкага абкомаў КПБ. З крас. 1959 сакратар, са снеж. 1962 2-і сакратар, з сак. 1965 1-ы сакратар ЦККПБ. Чл.ЦККПБ з 1949; канд. у чл. Бюро ЦК з лют. 1949 да студз. 1956, чл. Бюро ЦК КЛБ з крас. 1959 да снеж. 1962 і з чэрв. 1966, чл. Прэзідыума ЦККПБ са снеж. 1962 да чэрв. 1966. Канд. у члены ЦККПСС з 1961, чл.ЦККПСС з 1964.
Канд. у чл. Палітбюро ЦККПСС з крас. 1966. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1947—55 і з 1959, чл. Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1951—55 і з 1966. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1950—62 і з 1966, чл. Прэзідыума Вярх. Савета СССР з 1966. У перыяд яго дзейнасці Беларусь дасягнула значных поспехаў у стварэнні індустрыяльнага патэнцыялу, стала адной з высокаразвітых рэспублік былога СССР. Загінуў у аўтакатастрофе. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. У Віцебску ўстаноўлены помнік М. Яго імем названы праспект у Мінску, вуліцы ў Глыбокім, Давыд-Гарадку, Жыткавічах, Лідзе, Дзятлаве, Краснаполлі і інш.нас. пунктах Беларусі.
Тв.:
Советская Белоруссия. М., 1980;
Избр. речи и статьи. Мн., 1982.
Літ.:
Якутов В.Д. Петр Машеров: Худож-док. повесть. Мн., 1992;
Антонович С.В. Петр Машеров: Жизнь, судьба, память...: Док. повесть. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАСЦЬ,
моўная, тэрытарыяльная, эканам. і культ. супольнасць людзей пераважна рабаўладальніцкай і феад. эпох. Найб. старажытныя Н. — егіпецкая, стараж.-грэчаская, кітайская і інш. У Зах. Еўропе Н. пачалі інтэнсіўна фарміравацца пасля распаду Франкскай дзяржавы з сярэдзіны 9 ст. Ва Усх. Еўропе ў 9 — пач. 12 ст. ў рамках Кіеўскай Русі склалася стараж.-рус. Н. Агульнай назвай насельніцтва Кіеўскай Русі сталі этнонімы «русіны», «русічы». Усх.-слав. плямёны — крывічы, дрыгавічы і радзімічы — засялялі тэр. сучаснай Беларусі ў 6—8 ст., з 9 ст. племянная арг-цыяўсх. славян замянялася на тэрытарыяльна-княжацкую; на тэр. Беларусі было больш за 10 княстваў, якія ў 9 — пач. 12 ст. знаходзіліся ў складзе Кіеўскай Русі. Пасля яе распаду землі Навагрудскага, Полацкага, Тураўскага і інш. княстваў увайшлі ў Вялікае княства Літоўскае, у якім узмацняліся інтэграцыйныя працэсы, адбывалася далейшае развіццё феад. адносін і стварыліся спрыяльныя ўмовы для кансалідацыі беларусаў у самастойны этнас. Панаванне ў ВКЛ адзінай стараж.-бел. мовы і культуры, развіццё гасп.-эканам. адносін садзейнічалі фарміраванню бел. Н. Гэты працэс пачаўся ў канцы 13—14 ст. і завяршыўся ў 15—16 ст. Унутрыэтнічнай кансалідацыі бел. Н. садзейнічалі захаванне пэўнай самастойнасці ў рамках ВКЛб. Полацкага, Віцебскага, Тураўскага, Слуцкага, Мсціслаўскага і інш. княстваў, а таксама рост гарадоў, развіццё гандлю, промыслаў і рамёстваў, кадыфікацыя і уніфікацыя дзярж.-юрыд. норм. Наступныя 17—18 ст. былі неспрыяльнымі для далейшага развіцця бел. Н. ў выніку працэсаў акаталічвання і паланізацыі, якая працягвалася амаль да сярэдзіны 19 ст. У 2-й пал. 19 ст. ў працэсе развіцця капіталіст. адносін бел. Н. стала ператварацца ў нацыю. У выніку далучэння бел. зямель да Рас. імперыі паланізацыя беларусаў была заменена ўплывам рус. культуры (гл.Русіфікацыя), а сам факт аб’яднання ўсх. славян (рускіх, беларусаў, украінцаў) у адзінай дзяржаве быў прагрэсіўнай з’явай.
Некат. этнічныя групы людзей свету і сёння маюць статус Н. і не кансалідаваліся ў нацыі. Гэта шматлікія групы насельніцтва Афрыкі і некат. раёнаў Азіі, якія былі калоніямі зах.-еўрап. дзяржаў, а таксама невял. народы, што не маюць выразнай нац. і этнанац. структуры (эвенкі, чукчы, ханты, мансі і інш.).
Літ.:
Алексеев В. Род, племя, народность, нация. М., 1962;
Гринблат М.Я. Белорусы: Очерки происхождения и этнич. истории. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ НАСТУПЛЕ́ННЕ 1916,
Брусілаўскі прарыў 1916, наступальная аперацыя рас. армій Паўд.-Зах. фронту (каманд. А.А.Брусілаў) супраць аўстра-венг. войск 4.6—13.8.1916 у 1-ю сусв. вайну. У адпаведнасці з рашэннем канферэнцыі дзяржаў Антанты ў Шантыйі (Францыя, сак. 1916) рас. камандаванне планавала ў сярэдзіне чэрв. 1916 пачаць наступленне на ўсіх франтах. Паводле дырэктывы Стаўкі ад 24.4.1916 гал. ўдар павінны былі нанесці войскі Зах. фронту з раёна Маладзечна на Вільню, а дапаможныя ўдары — Паўн. фронт з раёна Дзвінска (Даўгаўпілса) на ПдЗ і Паўд.-Зах. фронт з раёна Роўна на Луцк. У сувязі з паражэннем італьян. войск у раёне Трэнціна саюзнікі папрасілі рас. бок паскорыць наступленне, якое пачалося на 2 тыдні раней запланаванага. Маючы перавагу (573 тыс.чал., 1770 гармат) рас. войскі прарвалі абарону праціўніка (448 тыс.чал., 1301 гармата) на фронце больш за 500 км і на глыбіню да 60—150 км. Наступалі 8-я, 11, 7 і 9-я арміі. З мэтай маскіроўкі напрамку гал. ўдару, які наносіла 8-я армія ген. А.М.Каледзіна на Луцкім напрамку, прарыў ажыццяўляўся ў некалькіх месцах фронту. На напрамках прарыву была створана перавага над праціўнікам: у пяхоце — у 2—2,5, у артылерыі — у 1,5—1,7 раза. У выніку аўстра-венг. арміі нанесена цяжкае паражэнне. Праціўнік страціў да 1,5 млн.чал., у т. л. 400 тыс. палоннымі (рас. войскі страцілі каля 0,5 млн.чал.); трафеі рас. арміі склалі: 581 гармата, каля 1800 кулямётаў, каля 450 бамбамётаў і мінамётаў і інш. У выніку аўстра-венг. армія да канца вайны ўжо не здолела весці актыўныя баявыя дзеянні; была выратавана італьян. армія, бо праціўнік прыпыніў наступленне на Трэнціна; аказана значная дапамога саюзнікам (з Зах. і Італьян. франтоў перакінуты на У больш як 33 дывізіі); у вайну на баку Антанты ўступіла Румынія. Аднак Паўд.-Зах. фронт своечасова не падтрымалі інш. франты, не было дакладнага ўзаемадзеяння паміж імі. Праціўнік узмацніў абарону. Вычарпаўшы рэзервы, рас. войскі перайшлі да абароны. Гэта наступленне стала пачаткам пералому ў 1-й сусв. вайне на карысць Антанты.
Літ.:
Брусилов А.А. Мои воспоминания. М., 1963;
История первой мировой войны, 1914—1918. Т. 2. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТРЫКА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА (недакладная скарочаная назва Літоўская метрыка; ад лац. matricula спіс),
збор спецыфічных матэрыялаў (сшыткаў, кніг) велікакняжацкай канцылярыі Вялікага княства Літоўскага 15—18 ст. з копіямі дакументаў, якія выдаваліся ад імя вялікага князя (гаспадара), Рады ВКЛ, сеймаў і падлягалі неабмежаванаму ў часе захаванню. У складзе Метрыкі знаходзяцца агульназемскія прывілеі, абласныя прывілеі, прывілеі гарадам, асобным групам насельніцтва, феадалам на валоданне маёнткамі, фінансавыя, судовыя і інш. льготы, на пабудову гарадоў і мястэчак, адкрыццё корчмаў, правядзенне таргоў, кірмашоў, пра наданне пасад, збор падаткаў і інш.Вял. месца займаюць судовыя дэкрэты па справах, што разглядаліся велікакняжацкім судом. У Метрыку заносіліся велікакняжацкія (каралеўскія) наказы, статуты, сеймавыя пастановы і г.д. У пасольскіх кнігах Метрыкі — матэрыялы знешняй палітыкі: лісты да кіраўнікоў замежных дзяржаў і ад іх, дагаворы, інструкцыі паслам і інш. У склад Метрыкі ўваходзілі таксама некаторыя важныя пабочныя матэрыялы (пераклады ярлыкоў крымскіх ханаў, спісы з маскоўскіх дыпламат. дакументаў і інш.), справаводчыя матэрыялы (рэестры актаў, інвентары Метрыкі і інш.). Метрыка стала асновай велікакняжацкага, а пазней гал.дзярж. архіва ВКЛ і выконвала нотафікацыйныя (юрыдычна-рэгістрацыйныя) функцыі. Выкарыстоўвалася ў юрыд. і даведачных мэтах усімі суб’ектамі права, найперш вярх. уладай, дзярж. ўстановамі, магістратамі, царквой, этнарэлігійнымі абшчынамі, прывілеяванымі саслоўямі, мяшчанамі. На аснове матэрыялаў Метрыкі паводле адпаведных запытаў выдаваліся юрыдычна завераныя дакументы (копіі з копій). Як асн. і самы багаты комплекс крыніц па гісторыі феад. Беларусі і ВКЛ у цэлым, Метрыка дае магчымасць даследаваць вядучыя кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі на працягу больш за тры стагоддзі, змены ў адм.-тэр. і судовай сістэмах, заканадаўстве, рэальным эканам. і грамадскім жыцці, паліт., гандлёвыя, культ. і інш. сувязі з Польшчай, Расіяй, Латвіяй, Эстоніяй і інш. краінамі. Метрыка — найбольшы па памерах, значнасці і храналагічным ахопе збор помнікаў духоўнай культуры, старабел. («рускай»), польскай, лац. моў, пісьмовасці.
Сшыткі і кнігі Метрыкі больш-менш сістэматычна вяліся з сярэдзіны 15 ст. Да пач. 16 ст. яны зберагаліся, як мяркуецца, у Трокскім замку пад наглядам гаспадарскага падскарбія, пазней захоўваліся ў велікакняжацкім скарбе ў асобных памяшканнях у Вільні. Загадваў кнігамі Метрыкі канцлер, а з 1566 — і падканцлерВКЛ. Пасля размежавання канцылярый канцлера і падканцлера Метрыка стала падзяляцца на вялікую і меншую. Інтэнсіўнае выкарыстанне кніг Метрыкі ўжо да канца 16 ст. значна папсавала іх. Пад кіраўніцтвам канцлера Л.Сапегі ў 1594—1607 старыя кнігі былі перапісаны (у 17 ст. яны амаль усе загінулі). Новыя кнігі разам з пазнейшымі матэрыяламі Метрыкі выкарыстоўваліся ў гаспадарскай канцылярыі ў 17—18 ст. Яны склалі аснову сучасных архіўных фондаў Метрыкі. Да сярэдзіны 18 ст. кнігі Метрыкі былі перавезены ў Варшаву. Пасля задушэння паўстання 1794 Метрыка вывезена ў Санкт-Пецярбург, большая яе частка перададзена ў Сенат. У 1835—37 кнігі Метрыкі разбіты на 12 аддзелаў: Кнігі запісаў; Кнігі судовых спраў; Кнігі публічных спраў; Кнігі перапісаў; Кнігі выпісаў; Сігілата; Кнігі Пастаяннай Рады і найноўшага справаводства; Інвентары (вопісы кніг Метрыкі); Новыя кнігі (пераплеценыя зборнікі арыгінальных актаў розных часоў, вывезеныя з Варшавы); Старажытныя акты; Радаводы; Межавыя карты. У 1887—88 б.ч. матэрыялаў Метрыкі пераведзена ў Маскоўскі архіў Мін-ва юстыцыі, цяпер зберагаецца ў Рас.дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве (фонд 389, 662 адзінкі захоўвання; у Нац.гіст. архіве Беларусі ёсць іх мікрафільмы). Некаторыя кнігі і дакументы са складу Метрыкі цяпер захоўваюцца ў Гал. архіве стараж. актаў у Варшаве, Рас.Нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу, Нац. б-цы Украіны імя У.І.Вярнадскага ў Кіеве і некат. інш. зборах.
Дакументы Метрыкі паслужылі крыніцай для прац па гісторыі ВКЛ М.К.Любаўскага, М.В.Доўнар-Запольскага, М.А.Максімейкі, І.І.Лапы, У.І.Пічэты, І.А.Маліноўскага, Г.Лаўмянскага і інш. Значны ўклад у вывучэнне Метрыкі зрабілі С.Л.Пташыцкі, М.Г.Беражкоў, П.К.Грымстэд і інш. Шмат матэрыялаў Метрыкі апублікавана ў «Актах Заходняй Расіі», «Скарбніцы грамат», «Актах Літоўскай Метрык», «Актах Літоўска-Рускай дзяржавы», «Рускай гістарычнай бібліятэцы», «Беларускім архіве» і інш. выданнях. 11 кніг Метрыкі з матэрыяламі сярэдзіны 15—16 ст. у апошнія гады апублікаваны ў Літве.
Літ.:
Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской метрики. СПб., 1887;
Бережков Н.Г. Литовская метрика как исторический источник. Ч. 1. М.; Л., 1946;
Исследования по истории Литовской метрики: Сб. науч. тр. [Ч.] 1—2. М., 1989;
Лиговская Метрика: Исслед. 1988 г. Вильнюс, 1992;
Grimsted P.K. The «Lithuanian Metrica» in Moscow and Warsaw. Cambridge (Mass.), 1984.
Г.Я.Галенчанка.
Да арт.Метрыка Вялікага княства Літоўскага (злева направа): Устава Жыгімонта II Аўгуста ўраднікам гаспадарскіх двароў. 1529 (копія канца 16 ст. Кніга № 225); тытульны ліст кнігі з дакументамі 1540—43 (копія 1596. Кніга № 231); друкаваны тытульны ліст 1786 да ўсіх кніг Метрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ АЛФАВІ́Т,
сукупнасць графічных знакаў (літар), прынятых у пісьмовай беларускай мове і размешчаных у пэўным парадку. Склаўся на аснове кірыліцы. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары кірыліцы. У працэсе развіцця літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах (о — ω, ф — ѳ, і — и — ү, з — ѕ, е — ѥ — ѣ, ꙗ — ѧ, у — ꙋ — ѫ, ѱ — пс, ѯ — кс), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў «о» пасля мяккіх і «е» пасля цвёрдых зычных. Развіццё старабел. графікі было звязана з пошукам найб. зручных спосабаў перадачы на пісьме асаблівасцяў жывой мовы. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі графемы «э» (канец 15 ст.) і «й» (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца знакі і, ѵ, ѯ, ψ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў трапляліся радзей. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне Ф.Скарынам друкарскага варыянта алфавіта, які стаў узорам для інш.усх.-слав. друкароў. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства, якое з ростам школ і асветы, пашырэннем грамадскіх функцый пісьмовай мовы паступова перастала быць манаполіяй царкоўнікаў і стала здабыткам больш шырокіх колаў тагачаснага грамадства. Аднак удасканаленне графікі адбывалася стыхійна, не было праведзена ніводнай рэформы, таму дублетныя літары былі абмежаваны ва ўжытку, але не адкінуты. У сувязі з заняпадам старабел. пісьменства ў 18 — пач. 20 ст. на Беларусі пашырылася лацінскае пісьмо (лацінка), якое дагэтуль служыла толькі для афармлення польск. і лац. тэкстаў. Лацінкаю былі надрукаваны творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча і інш. пісьменнікаў. З узнікненнем легальнай бел. прэсы для перадачы гукавой сістэмы бел. мовы быў прыстасаваны рус.грамадзянскі шрыфт. Як адзіны графічны сродак пісьмовай формы бел.літ. мовы беларускі алфавіт канчаткова замацаваўся пасля 1917. Сучасны беларускі алфавіт складаецца з 32 літар: Аа, Бб, Вв, Гг, Дд (Дждж, Дздз), Ее, Ёё, Жж, Зз, Іі, Йй, Кк, Лл, Мм, Нн, Оо, Пп, Рр, Сс, Тт, Уу, Ўў, Фф, Хх, Цц, Чч, Шш, Ыы, Ьь, Ээ, Юю, Яя (пра кожную літару гл. асобны арт.). У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў jо («ё») і спецыфічна бел. гука ў («ў»), афрыкаты «дж» і «дз» перадаюцца дыграфамі. Усе літары выразна адрозніваюцца паміж сабой. Яны могуць выкарыстоўвацца ў друкаваным і рукапісным выглядзе, маюць вялікую і радковую форму. Ёсць спец. знак — апостраф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЯМАТЫ́ЧНЫ МЕ́ТАД,
спосаб пабудовы навук. тэорыі ў выглядзе сістэмы пастулатаў (аксіём) і правіл вываду (аксіяматыкі), што дае магчымасць логікавымі разважаннямі атрымліваць сцвярджэнні (тэарэмы) дадзенай тэорыі.
Узнік у работах стараж.-грэч. матэматыкаў. Напр., у «Асновах» Эўкліда праведзена ідэя атрымання асн. зместу геаметрыі з невялікай колькасці аксіём, праўдзівасць якіх лічыцца відавочнай. Адкрыццё ў 19 ст.неэўклідавых геаметрый стымулявала ўзнікненне праблем больш агульнага характару (напр., несупярэчлівасці, паўнаты і незалежнасці той ці інш. сістэмы аксіём). Гэта адкрыла шлях да фармалізаванага развіцця тэорый: пошуку інш. сістэм паняццяў (тэорый, галін ведаў), якія падпарадкоўваюцца тым жа аксіёмам, выяўлення новых інтэрпрэтацый пэўнай сістэмы аксіём, што дало магчымасць адкрываць новыя навук. факты. Д.Гільберт і яго школа спадзяваліся на аснове аксіяматычнага метаду вырашыць гал. пытанні абгрунтавання матэматыкі. Аднак вынікі аўстр. і амер. матэматыка і логіка К.Гёдэля (1931) выявілі неажыццявімасць гэтай праграмы, напр. тэарэма аб непаўнаце арыфметыкі сведчыць аб абмежаванасці аксіяматычнага метаду. У 20 ст. дзякуючы развіццю матэматычнай логікістала магчымым аксіяматызаваць тыя сродкі логікі, з дапамогай якіх выводзяцца адны сцвярджэнні аксіяматычнай тэорыі з інш. яе сцвярджэнняў, што мае істотнае значэнне для аўтаматызацыі разумовай працы.
Сучасныя навук. тэорыі, пабудаваныя пры дапамозе аксіяматычнага метаду, наз. дэдуктыўнымі. Усе паняцці такіх тэорый (акрамя фіксаванай колькасці першапачатковых) уводзяцца пры дапамозе вызначэнняў, якія выражаюць іх змест праз першапач. паняцці. У той ці інш. меры дэдуктыўныя доказы, характэрныя для аксіяматычнага метаду, выкарыстоўваюцца ў многіх навуках, найб. у матэматыцы, логіцы, некаторых раздзелах фізікі, біялогіі і інш. Тэорыі, пабудаваныя пры дапамозе аксіяматычнага метаду, нярэдка маюць выгляд фармалізаваных сістэм, якія даюць дакладнае апісанне лагічных сродкаў вываду тэарэм з аксіём. Доказ такой тэорыі ўяўляе сабой паслядоўнасць формул, кожная з якіх з’яўляецца аксіёмай або атрымліваецца з папярэдніх формул па адным з прынятых правіл вываду. У адрозненне ад такіх фармальных доказаў уласцівасці самой фармальнай сістэмы ў цэлым вывучаюцца змястоўнымі сродкамі метатэорыі. Асн. патрабаванні да аксіяматычных фармальных сістэм: несупярэчлівасць, паўната, незалежнасць аксіём. Аксіяматычны метад — адзін з метадаў пабудовы навук. ведаў, які мае абмежаванае выкарыстанне, бо патрабуе высокага ўзроўню развіцця навук. тэорыі. Нават некаторыя дастаткова багатыя навук. тэорыі (напр., арыфметыка натуральных лікаў) не дапускаюць поўнай аксіяматызацыі. Гэта сведчыць аб немагчымасці поўнай фармалізацыі навук. ведаў.
Літ.:
Садовский В.Н. Аксиоматический метод построения научного знания // Философские вопросы современной формальной логики. М., 1962;
Столл Р. Множества. Логика: Аксиоматич. теории.: Пер. с англ.М., 1968;
Новиков П.С. Элементы математической логики. 2 изд. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІЛО́НІЯ,
старажытная дзяржава на Пд Месапатаміі (тэр. сучаснага Ірака) у 19−6 ст. да н.э. Назва ад яе сталіцы — Вавілона. Засн. каля 1894 да н.э. пасля пранікнення ў Месапатамію качавых плямён амарэяў. Старававілонская дзяржава (1894—1595 да н.э.) дасягнула магутнасці ў час праўлення 6-га цара 1-й Вавілонскай (Амарэйскай) дынастыі Хамурапі
[1792—1750 да н.э.],
мела рысы стараж.-ўсх. дэспатыі. На чале яе стаяў цар, які валодаў заканад., выканаўчай, суд. і рэліг. уладай і абапіраўся на армію; воіны атрымлівалі ад дзяржавы зямельныя надзелы, што перадаваліся ў спадчыну па мужчынскай лініі і былі неадчужальныя. Асн. масу насельніцтва складалі дробныя вытворцы і ўласнікі. Грамадства падзялялася на паўнапраўных грамадзян, юрыдычна свабодных, але непаўнапраўных мушкенумаў, якія працавалі ў царскай гаспадарцы, і рабоў. Былі развіты ірыгацыйнае земляробства, садаводства, рамёствы, знешні і ўнутр. гандаль (гандл. цэнтры Вавілон, Ніпур, Сіпар, Ларса, Ур). Сын Хамурапі Самсуілуна [1749—1712 да н.э.] каля 1742 да н.э. адбіў уварванне касітаў. З канца 17 ст. да н.э. Вавілонія перажыла ўнутр. крызіс. Уварванне хетаў у 1595 да н.э. і захоп Вавілона іх царом Мурсілі I у 1594 да н.э. спынілі праўленне старававілонскай дынастыі. Каля 1518 да н.э. заваявана касітамі, якія панавалі да 1150-х г. да н.э. (сярэдневавілонскі ці касіцкі перыяд). Пры апошнім касіцкім цару Эліль-надзін-аху [1159—1157 да н.э.] Вавілонія трапіла пад уладу Элама. Вызвалілася пры Навухаданосару I [1126—1105 да н.э.], які перанёс сталіцу з г. Ісін у Вавілон. У 9 ст. да н.э.паўд.ч. Вавілоніі занялі халдзеі. Пасля захопу Вавілона асірыйскім царом Тыглатпаласарам III у 729 да н.э. дзяржава страціла незалежнасць, аднак захавала статус асобнага царства ў складзе Асірыі. Зноў стала незалежная ў час праўлення халдзейскага правадыра Набапаласара [626—605 да н.э.], які заснаваў халдзейскую (новававілонскую) дынастыю. Эканам. росквіту і культ. адраджэння дасягнула пры Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля яго смерці знаць і жрацы ўмешваліся ва ўладу. Рэліг. рэформа (вылучэнне на першы план культу бога Месяца Сіна замест культу вярх. вавілонскага бога Мардука) апошняга цара (арамея па паходжанні) Набаніда [556—539 да н.э.] выклікала канфлікт са жрацамі, яго актыўная знешняя палітыка (войны ў Аравійскай пустыні) аслабіла армію. У 539 да н.э. Вавілонія заваявана персамі.
Літ.:
Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.
У.Я.Калаткоў.
Да арт. Вавілонія. Партрэтная галава, магчыма, цара Хамурапі з Сузаў. 18 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 1950—53,
баявыя дзеянні на Карэйскім п-ве паміж войскамі Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (КНДР, Паўн. Карэя) пры падтрымцы Кітая і СССР з аднаго боку і ўзбр. сіламі Рэспублікі Карэя (РК, Паўд. Карэя) пры падтрымцы ЗША і 15 інш. краін пад эгідай Савета Бяспекі ААН з другога. Падставай для вайны паслужылі пагран. канфлікты на лініі падзелу Карэі па 38-й паралелі паўн. ш., якая склалася пасля 2-й сусв. вайны. 25.6.1950 войскі КНДР (каля 10 дывізій, 250 танкаў і інш.), перайшлі дэмаркацыйную лінію, да пач.жн. разбілі паўд.-кар. часці (каля 8 дывізій), занялі да 90% тэр.Паўд. Карэі. 25.6.1950 Савет Бяспекі асудзіў дзеянні КНДР як агрэсію супраць РК і 27 чэрв. ў адсутнасць прадстаўніка СССР вырашыў (7 і 14 ліп. пацвердзіў) накіраваць для абароны Паўд. Карэі сілы ААН (пераважна з вайскоўцаў ЗША, якіх спачатку паслана каля 200 тыс., потым да 1 млн.чал.; камандуючы з 7.7.1950 да 11.4.1951 ген. Д.Макартур). 15.9.1950 ЗША і іх саюзнікі высадзілі дэсант (60 тыс.чал.) у тыле войск КНДР у раёне г. Інчхон і на наступны дзень разгарнулі паспяховае наступленне з раёна г. Пусан, у ходзе якога ў кастр. наблізіліся да межаў Кітая і СССР. У кастр. 1950 у вайну ўступілі кітайскія «добраахвотнікі» (12 дывізій, каля 200 тыс.чал.; камандуючы Пэн Дэхуай), якія разам з войскамі КНДР і партызанамі адкінулі праціўніка за 38-ю паралель, 6 снеж. занялі Пхеньян, а 4.1.1951 сталіцу РК г. Сеул (пакінулі яго 14.3.1951). З ліст. 1950 (фактычна з вясны 1951) у баях на баку КНДР удзельнічаў сав. 64-ы асобы знішчальна-авіяц. корпус пад камандаваннем ген.-лейт. Г.А.Лобава (22 лётчыкам, у т. л. грамадзянам Беларусі Я.М.Стэльмаху, Л.К.Шчукіну прысвоена званне Героя Сав. Саюза). Пазней вайна ішла з пераменным поспехам і з чэрв. 1951 стала пазіцыйнай. З 10.7.1951 вяліся мірныя перагаворы, якія 27.7.1953 завяршыліся падпісаннем двухбаковага перамір’я. У асноўным была захавана даваен. дэмаркацыйная лінія, да КНДР адышоў г. Кэсон, а да РК некалькі населеных пунктаў на ўсх. узбярэжжы паўвострава. У вайне загінула ад 3 да 5 млн.чал., значна разбураны гарады і гаспадарка.
Літ.:
История Кореи. М., 1974. Т. 2. С. 223—224;
Пэн Дэхуай. Мемуары маршала: Пер. с кит. М., 1988;
Лобов Г. В небе Северной Кореи // Авиация и космонавтика. 1990. № 10—12;
1991. № 1—5;
Качук Н. Покрышкин из нашего города // Армия. 1996. № 1.
Ю.В.Бажэнаў.
Высадка амерыканскіх войск у Інчхоне ў пачатку Карэйскай вайны 1950—53.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВЫЯ ПАХО́ДЫ СУ́ПРАЦЬ СЛАВЯ́Н І БА́ЛТАЎ У 12—15 ст.,
захопніцкія войны заходнееўрапейскіх (пераважна нямецкіх) рыцараў на землях балтаў, палабска-прыбалтыйскіх і ўсходніх славян. Адначасова з 2-м крыжовым паходам у М. Азію і Палесціну (гл.Крыжовыя паходы) адбыўся Крыжовы паход супраць славян 1147. У пач. 13 ст.асн. напрамкам крыжовых паходаў сталі землі балтаў і ўсх. славян. Мечаносцы, якія заваявалі ліваў (1207), павялі наступленне на суседнія плямёны, захапілі Кукенойс (1208) і Герцыке (1209). Паўстала пагроза Пскову, Ноўгараду, Полацку. Пасля некалькіх бітваў (1212, 1217, 1234 і інш.) мечаносцы былі разбіты аб’яднанымі сіламі літоўцаў і земгалаў у 1236 каля Сауле (сучасны Шаўляй). Іх рэшткі ў 1237 аб’ядналіся з Тэўтонскім ордэнам і стварылі Лівонскі ордэн як філіял апошняга. Паводле дагавору з Конрадам Мазавецкім (1226) Тэўтонскі ордэн ператварыўся ў базу для экспансіі на У. Нягледзячы на моцнае супраціўленне балтаў (гл.Мантаса паўстанне), чарговымі ахвярамі ордэна сталі прусы і яцвягі, якія былі часткова знішчаны, астатнія выгнаны або асіміляваны. Апорнымі пунктамі крыжакоў на захопленых землях сталі замкі, найб. магутныя з якіх знаходзіліся ў вусцях Зах. Дзвіны і Нёмана. Пагроза з іх боку прымусіла літ. і бел. князёў аб’яднацца. Найб. поспехаў у гэтай справе дасягнуў новагародскі кн.Міндоўг (з 1250 — кароль), які ў 1260 каля воз. Дурбе (цяпер тэр. Латвіі) разграміў аб’яднаныя сілы тэўтонцаў, у т. л. Лівонскі ордэн. У бітве прымалі ўдзел куршы і эсты, якія ў вырашальны момант бою перайшлі на бок Міндоўга. Паражэнні крыжакоў каля Сауле і Дурбе, на Чудскім возеры (гл.Лядовае пабоішча 1242) прыпынілі іх ваен. экспансію на слав. землі. Але заняволенне балтаў працягвалася. У 14 ст. напады на бел. землі пачасціліся. Толькі ў 1300—15 іх адбылося каля 20. У адказ на агрэсію 10 паходаў здзейсніла войска ВКЛ. Крыжакі захапілі шэраг крэпасцей і гарадоў, у т. л. Полацк (вызвалены ў 1307). У 1340—70 адбылося каля 100 бітваў, у якіх паражэнні войск ВКЛ чаргаваліся з перамогамі. У 1384 вызвалены г. Коўна (астатняя частка Жамойці заставалася пад крыжакамі да 1410). Пасля няўдалага паходу Вітаўта супраць татар (гл.Бітва на Ворскле 1399) ням. агрэсары яшчэ больш актывізаваліся. Вырашальнай сталаГрунвальдская бітва 1410, апошняй вайной — Трынаццацігадовая вайна 1454—66.
Літ.:
Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. М.; Л., 1938;
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага. Мн., 1993;