ГАРДЭМАРЫ́Н (франц. garde-marine літар. марская гвардыя),

званне ў ВМФ Расіі ў 1716—1917. Уведзена Пятром І для выпускнікоў Марской акадэміі пры накіраванні іх на флоцкую практыку (пасля практыкі атрымлівалі афіцэрскі чын). Напачатку прыраўноўваліся да салдат гвардыі і насілі форму Праабражэнскага палка. З 1752 гардэмарынамі наз. выпускнікі Марскога кадэцкага корпуса. У 1906 уведзена званне «карабельны гардэмарын».

т. 5, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РКАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

на р. Волга, у Ніжагародскай, Іванаўскай, Кастрамской і Яраслаўскай абласцях Расіі. Утворана плацінай Горкаўскай ГЭС. Запоўнена ў 1955—57. Пл. 1590 км², аб’ём 8,71 км³, даўж. 427 км, найб. шыр. 14 км, глыб. да 22 м. Буйныя залівы па далінах рэк Кастрама, Унжа, Немда і інш. На берагах Горкаўскага вадасховішча гарады Кастрама, Плёс, Кінешма, Юр’евец.

т. 5, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІ ЭЛЕКТРАМЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1976 як цэх № 11 Брэсцкага электрамех. з-да. У 1980 перайменаваны ў філіял Брэсцкага электрамех. з-да «Давыд-Гарадок». На яго базе ў 1986 створана прадпрыемства з сучаснай назвай. Асн. прадукцыя (1977): камплектавальныя вырабы для газавых пліт, радыёпрыёмнікі УКХ, паяльнікі электрычныя, электрагрэлкі і інш. Прадукцыя рэалізуецца ў Беларусі, Украіне, Расіі.

т. 5, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛАТАУ́СТ,

горад у Расіі, у Чэлябінскай вобл., на р. Ай (Паўд. Урал). Засн. ў 1754, горад з 1865. 201 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Цэнтр чорнай металургіі і машынабудавання; дрэваапр., харч. прам-сць; вытв-сць будматэрыялаў. З 19 ст. цэнтр маст. гравюры на метале. Філіял Чэлябінскага тэхн. ун-та. Драм. т-р. Краязнаўчы музей (з 1825).

т. 7, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫРА́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі, у міжрэччы сярэдняга цячэння рэк Індыгірка і Калыма. Пл. каля 7500 км². Вугляносная тоўшча ніжнемелавога ўзросту. Магутнасць тоўшчы да 5 км, каля 80 вугальных пластоў. Вуглі каменныя, маркі Б, Д, Ж, К. Цеплыня згарання на рабочае паліва 23,26 МДж/кг. Распрацоўваецца з 1935. Цэнтр здабычы — г.п. Зыранка.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЖО́РСКАЯ ЗЯМЛЯ́, Іжора,

гістарычная тэрыторыя народнасці іжора па берагах Нявы і ўзбярэжжы Фінскага заліва. У 13—15 ст. падпарадкавана Ноўгараду. У 1478 далучана да Маскоўскага княства. Пасля Лівонскай вайны (у 1581—90) і ў выніку інтэрвенцыі пач. 17 ст. зах. частка І.з. (гарады Капор’е, Івангорад з паветамі) захоплена Швецыяй. Вернута Расіі ў час Паўночнай вайны 1700—21.

т. 7, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНІНГРА́Д,

горад у Расіі, у Маскоўскай вобл., каля р. Клязьма. Засн. ў 1928 як пас. Калінінскі, горад з 1938. 133 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Цэнтр ракетна-касм. прам-сці. Цэнтр кіравання касм. палётамі. Прадпрыемствы машынабуд. і металаапр., дрэваапр., тэкст. і інш. прам-сці. Царква Касьмы і Даміяна (1786; на тэр. былога г.п. Болшава, у 1963 далучанага да К.).

т. 7, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМО́РНІЦКІЯ КНІГІ,

дакументы з апісаннем межаў зямельных уладанняў, што складаліся ў Расіі ў час землеўпарадкавання 16—19 ст. Яны і інш. дакументы, складзеныя ў час генеральнага межавання 1760-х г. — сярэдзіны 19 ст. (у т. л. на Беларусі), лічыліся адзінай законнай падставай землеўладання. Захоўваюцца ў дзярж. архівах (найб. поўны камплект у Рас. дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве).

т. 7, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎРО́Ў,

горад у Расіі, раённы цэнтр ва Уладзімірскай вобл., на р. Клязьма. Чыг. вузел, прыстань. Вядомы з 12 ст., горад з 1778. 162 тыс. ж. (1997). Машынабуд. і металаапр. (экскаватары, матацыклы, мапедныя рухавікі, зброя), лёгкая, харч. і буд. матэрыялаў прам-сць. Тэхналагічны ін-т. Філіял Уладзіміра-Суздальскага гісторыка-арх. і маст. музея-запаведніка. Сабор Раства (1778).

т. 8, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́НА,

лікавая адзінка ў грашовай сістэме Стараж. Русі. Тэрмін паходзіць ад агульнаслав. «куны» — грошы (першапачатковае значэнне — шкуркі куніцы). У 10—11 ст. колькасць серабра ў К. адпавядала ⅟25 грыўні, у 12 — пач. 14 ст., у т. зв. «безманетны перыяд», К. раўнялася разане і складала ​1/50 грыўні. У Расіі тэрмін «К.» ў дачыненні да грошай захаваўся да 17 ст.

т. 9, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)