ЭЛЕКТРАДЫЯ́ЛІЗ,

метад раздзялення іанізаваных злучэнняў пад дзеяннем электрарухальнай сілы, якая ствараецца ў растворы па абодва бакі мембраны, што яго раздзяляе. Для Э. выкарыстоўваюцца неселектыўныя мембраны, пранікальныя для любых іонаў (для раздзялення электралітаў і неэлектралітаў) і селектыўныя, пранікальныя толькі для катыёнаў або толькі для аніёнаў (для абяссольвання раствораў электралітаў або фракцыяніравання іонаў). Э. пашыраны для абяссольвання марской вады і інш. раствораў, выкарыстоўваецца таксама ў медыцыне.

т. 18, кн. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАЭНЕ́РГІЯ,

энергія электрычнага току. Найб. прыдатны для атрымання Э. пераменны ток.

Выпрацоўваецца на электрастанцыях, перадаецца і размяркоўваецца паміж спажыўцамі з дапамогай ліній электраперадачы, падстанцый, размеркавальных электрычных сетак. У тэхніцы і побыце тэрмін «Э.» пашыраны для вызначэння колькасці энергіі, якая аддаецца электрастанцыяй або атрымліваецца з сеткі спажыўцом. Адзінка Э. ў СІ — джоўль, пазасістэмная адзінка — кілават-гадзіна (1 кВт∙гадз = 3,6∙10​6 Дж).

т. 18, кн. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ШЧУРКІ (Eremias),

род сям. сапраўдных яшчарак. 23 віды. Пашыраны ў Еўразіі. Жывуць у пустынях, стэпах, камяністых перадгор’ях. Найб. вядомыя Я.: паласатая (E. scripta), рознакаляровая (E. arguta), сеткаватая (E. grammica), хуткая (E. velox).

Даўж. да 30 см. Афарбоўка пясчаная або шараватая, з палосамі і плямамі. Галава ўкрыта вял. шчыткамі. Яйцакладныя, некат. яйцажывародныя. Кормяцца пераважна насякомымі і інш. беспазваночнымі, зрэдку дробнымі яшчаркамі і расл. кормам.

т. 18, кн. 1, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЯР’Я́Н, маун (Valeriana),

род кветкавых раслін сям. валяр’янавых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Амерыцы, таксама ў Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі пашыраны валяр’ян лекавы (V. officinalis), у межах якога вылучаюць больш дробныя віды. Расце на сырых лугах, балотах, па берагах рэк, азёр і канаў, у забалочаных лясах і хмызняках, культывуецца як лек. расліна. Таксама трапляецца вельмі рэдкі рэліктавы від — валяр’ян двухдомны (V. dioica), занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр. бат. садзе АН як дэкар. і лек. (заменнік валяр’яну лекавага) расліна інтрадукаваны валяр’ян ліпалісты (V. tiliifolia).

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным, у верхняй ч. галінастым сцяблом выш. 5—100 см і тоўстым карэнішчам з мноствам каранёў, таксама паўкусты, кусты і ліяны. Сцябловае лісце супраціўнае, цэласнае, трайчастае або няпарнаперыстарассечанае. Кветкі дробныя, духмяныя, ружаватыя, бэзаватыя, радзей белыя, у складаных шчыткападобна-мяцёлчатых або галоўчатых суквеццях. Плод — дробная сямянка з лятучкай. Лек. (заспакаяльны, процісутаргавы, проціспазмалітычны і проціглісны сродак, карані і прэпараты з іх выкарыстоўваюць у медыцыне), дэкар. і меданосныя расліны. Маюць эфірны алей, арган. к-ты, алкалоіды (валярын, хацінін), гліказіды, смолы, дубільнікі, цукры і інш.

Валяр’ян: 1 — лекавы; 2 — двухдомны.

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЧА́РКІ,

група парод службовых сабак. Пашыраны ва ўсім свеце. Гадуюць для пастухоўскай, каравульнай, вышуковай і інш. службы. Вызначаюцца моцнай канстытуцыяй, прапарцыянальным складам цела, багатым шэрсным покрывам. Смелыя, вынослівыя сабакі, якія лёгка дрэсіруюцца. Вядомыя пароды: каўказская, сярэднеазіяцкая, паўднёваруская, шатландская (колі) і інш. Найб. пашыраная — нямецкая аўчарка, на аснове якой створаны ўсх.-еўрап. тып.

Нямецкая аўчарка — адна з лепшых вартавых сабак, моцная, з добра развітой мускулатурай, выш. ў карку ў сярэднім каля 60 см. Вызначаецца развітым інстынктам аховы гаспадара, яго рэчаў, двара, жывёлы і інш. Усходнееўрапейская аўчарка буйнейшая за ням., з больш сухім і моцным складам цела, выш. ў карку 62—70 см; галава клінападобная, вушы стаячыя, хвост шаблепадобны; масць цёмна- і светла-шэрая, чорная з падпалінамі, рыжая розных адценняў. Каўказская, сярэднеазіяцкая і паўднёваруская аўчаркі — пастухоўскія пароды стараж. паходжання, з масіўнай шырокай галавой, грубым касцяком, магутнымі лапамі; вушы вісячыя, хвост серпападобны. Выш. ў карку 60—65 см. Гадуюць іх пераважна ва ўсходнееўрап. і сярэднеазіяцкіх краінах. У многіх краінах свету пашыраны даўгашэрсны і барадаты колі, у прыдунайскіх краінах — чорныя кудлатыя пулі і пумі, белыя кувасы, камандоры і інш.

Аўчаркі: 1 — нямецкая; 2 — бельгійская; 3 — сярэднеазіяцкая; 4 — каўказская; 5 — даўгашэрсны колі; 6 — барадаты колі.

т. 2, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕГО́РЫЯ (ад грэч. allēgoria іншасказанне),

1) адлюстраванне адцягненай ідэі (паняцця) пры дапамозе канкрэтнага нагляднага вобраза. Узнікненне алегорыі звязана з практыкай вытлумачэння стараж. шанавальных тэкстаў (у эпоху элінізму — Гамера, у хрысц. багасловаў — Бібліі); у сярэднявеччы алегарычна вытлумачваўся і свет прыроды як павучальны наглядны дапаможнік, створаны Богам для чалавека. Паняцце «алегорыя» ўпершыню сустракаецца ў трактатах Псеўда-Лангіна, Цыцэрона, у эстэт. вучэннях Гарацыя, Плутарха, Лукрэцыя Кара і інш. Іншасказальны прынцып алегорыі пашыраны ў сярэдневяковай эстэтыцы, у мастацтве Адраджэння і Асветніцтва. Існуе як прыём і прынцып арганізацыі маст. матэрыялу ў л-ры, фальклоры, у розных відах выяўл. мастацтва.

2) У выяўленчым мастацтве алегорыя ствараецца пры дапамозе вобраза канкрэтнай, асацыятыўна блізкай істоты, прадмета або з’явы (напр., правасуддзе — жанчына з завязанымі вачыма і з шалямі ў руках). Алегорыя шырока выкарыстоўвалася ў мастацтве Адраджэння (алегорыя граматыкі ў кн. «Грамматіка словенска...» Л.​Зізанія, 1596), маньерызму, барока, ракако, класіцызму, рамантызму. Найб. пашыраны від алегорыі — персаніфікацыя, г. зн. фігура, аздобленая пэўнымі атрыбутамі, якія тлумачаць яе змест. Алегорыя сустракаецца ў мастацтве 19—20 ст. — у манум. скульптуры, творах жывапісу, плакаце, паліт. карыкатуры і інш.

Да арт. Алегорыя. С.​Батычэлі. Вясна. Фрагмент (Тры грацыі). Каля 1477—78.

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІРА́Л (Vanessa atalanta),

насякомае атр. матылёў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца на палянах, лугах, берагах ручаёў, уключаны ў Чырвоную кнігу.

Размах крылаў да 6 см. Пярэднія крылы зверху чорныя з белымі плямкамі і чырвонай косай палоскай (адсюль назва), заднія — чорныя, з чырвонай палоскай на краі. Лёт у ліп.—вер., тых, што перазімавалі, — у маі. Вусені развіваюцца ў чэрв.—жн. на лісці крапівы і чартапалоху.

Адмірал і яго вусень.

т. 1, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭНАЗІНТРЫФАСФАТА́ЗЫ,

ферменты, якія каталізуюць адшчапленне астатку фосфарнай к-ты ад малекулы адэназінтрыфосфарнай кіслаты. Належаць да класа гідралаз. Пашыраны ў жывых клетках, асабліва ў іх мембранных структурах. Забяспечваюць вылучэнне і выкарыстанне энергіі макраэргічных сувязяў АТФ для забеспячэння розных працэсаў жыццядзейнасці. У раслін ёсць адэназінтрыфасфатазы, якія каталізуюць адшчапленне ад АТФ двух астаткаў фосфарнай к-ты. Знойдзены таксама адэназінтрыфасфатазы, пры ўдзеле якіх ажыццяўляецца гідроліз АТФ на адэназінмонафасфат і пірафасфат (АТФ-пірафасфатазы).

т. 1, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАКАНІ́ДЫ (Braconidae),

сямейства паразітычных насякомых атр. перапончатакрылых з групы наезнікаў. Больш за 20 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, пераважна ў цёплых і сухіх месцах. На Беларусі каля 20 відаў.

Даўж. 1—25 мм, цела жоўтае або карычнявата-жоўтае, з сцябліністым брушкам, у самкі з яйцакладам. Дарослыя кормяцца пераважна паддзю і нектарам раслін, самкі некаторых відаў — гемалімфай насякомых-гаспадароў. Большасць каштоўныя, некаторыя выкарыстоўваюць у біял. барацьбе са шкоднымі насякомымі.

т. 3, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ТЫ (ням. Watten ад галанд. wadden прыбярэжныя водмелі), асушкі,

шырокая паласа нізіннага берага мора, якая штодзённа затапляецца пры прылівах і асушаецца пры адлівах. Утвараюцца з наносаў дробнага пяску і глею. Маюць разгалінаваную зменлівую сетку жалабоў сцёку марскіх і рачных вод. Пашыраны на паўд. узбярэжжы Паўн. м., а таксама на берагах Белага, Баранцава, Ахоцкага мораў, Мексіканскага зал. і інш. Месцамі адгароджаны дамбамі ад мора і выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы.

т. 4, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)