РЭВАЛЮ́ЦЫЯ (франц. révolution ад лац. revolutio пераварот),

карэнная якасная змена, рэзкі скачкападобны пераход ад аднаго якаснага стану да другога, ад старога да новага. Р. як перарыў паступовасці, якасны скачок супрацьпастаўляецца эвалюцыі. Першапачаткова тэрмін «Р.» азначаў «абарот», «кругаварот», «пераварот» у дачыненні да астр. працэсаў, у 17 ст. перайшоў у паліт. лексіку са значэннем «дзярж. пераварот», «цыклічныя змены дзярж. ладу» (манархія, тыранія, арыстакратыя, алігархія, дэмакратыя, анархія). У перыяд Французскай (1789—99) і Амерыканскай (1776—83) рэвалюцый да паняцця «Р.» як змены дзярж. ладу ці паліт. рэжыму дадалося разуменне Р. як увядзення новага сац. парадку, новай стадыі сусв. гісторыі; тэрмін «Р.» звязваўся ўжо не з ідэяй цыклічнасці, а з ідэяй прагрэсу. Пашырана таксама разуменне Р. як раптоўнага поўнага разрыву з папярэдняй сац. традыцыяй, замена старога грамадскага ладу на новы процізаконнымі сродкамі, узбр. барацьбой і гвалтам; разам з тым Р. — заўсёды актыўнае паліт. дзеянне нар. мас і мае сваёй мэтай пераход улады ў рукі новай сац. групы. Аб’ектыўныя перадумовы для ўзнікнення Р. ствараюцца тады, калі да напружанасці ў пэўных сац. структурах (надзвычайная сац. няроўнасць і інш.) далучаецца неспрыяльная эканам. кан’юнктура (крызіс альбо, часцей, пачатак маруднага эканам. росту ў паслякрызісны перыяд), адсутнасць сац.-эканам. і паліт. рэформ (гл. Рэвалюцыя сацыяльная). Асн. мэтамі Р. нацыянальнай з’яўляюцца вызваленне ад панавання замежнай дзяржавы і набыццё незалежнасці або злучэнне раз’яднаных членаў адной нацыі ў адзіную дзяржаву, салідарнасць паміж рознымі сац. слаямі краіны, ажыццяўленне праграмы нац.-культ. і дзярж. будаўніцтва (гл. Нацыянальнае вызваленне, Нацыянальнае самавызначэнне). У шырокім сэнсе тэрмінам «Р.» абазначаюць любое істотнае пераўтварэнне ў жыцці грамадства, напр., індустрыяльная Р. (гл. Індустрыялізацыя), культурная рэвалюцыя, навукова-тэхнічная рэвалюцыя.

Літ.:

Теория революции. История и современность. М., 1984;

Дзюрасэль Ж.-Б Еўропа з 1815 г. да нашых дзён: Паліт. жыццё і міжнар. адносіны. Мн., 1996;

Эйзенштадт Ш.Н. Революция и преобразование обществ: Сравнит. изучение цивилизаций: Пер. с англ. М., 1999.

М.​А.​Сакалова.

т. 13, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

глыбокае і якаснае пераўтварэнне ў развіцці грамадства, якое выяўляецца ва ўсталяванні новага грамадскага ладу, мадэрнізацыі і дэмакратызацыі паліт. ін-таў. Узнікае ў сувязі з нарастаннем сац. супярэчнасцей, якія вырашаюцца рэзкімі грамадскімі пераменамі. У шырокім сэнсе Р.с. ахоплівае ўсе фармацыі грамадска-эканамічныя, дастаткова вял. прамежак сац. часу, які характарызуецца разнастайнымі сац. пераўтварэннямі. У вузкім сэнсе Р.с. — спосаб пераходу ад адной формы паліт. улады да іншай. Р.с. адрозніваюць ад пераваротаў і путчаў, якія характарызуюцца зменай улады без кардынальных грамадскіх перамен. Паводле характару сац. пераўтварэнняў Р.с. супрацьпастаўляецца сац. эвалюцыя, якая вызначаецца неперарыўнымі сац. зменамі ў межах аднаго сац.-паліт. ладу. Завяршальным этапам эвалюцыйнага выспявання падстаў для новага грамадскага ладу могуць быць Р.с., накіраваныя на якасныя і хуткія сац. перамены, ці сац. рэформы, накіраваныя на частковыя змены ў межах былога парадку. Эканам. аснова Р.с. — канфлікт паміж новымі прадукцыйнымі сіламі і ўстарэлымі грамадскімі адносінамі, якія тармозяць развіццё сацыяльнае. Гэты канфлікт прыводзіць да абвастрэння сац. супярэчнасцей, падштурхоўвае суб’ектаў сац.-паліт. адносін да актыўных паліт. дзеянняў. Паводле тэарэтыкаў марксізму-ленінізму, Р.с. — неабходны, мэтазгодны вынік класавай барацьбы, а найвышэйшы яе пік — сацыяліст. рэвалюцыя. У зах. філасофіі склаліся 3 асн. падыходы ў даследаванні Р.с.: палітыка-прававы, псіхалагічны і сац.-структурны. Пры палітыка-прававым падыходзе найперш разглядаюцца паліт. аспекты Р.с. Пры псіхалагічным падыходзе найб. ўвагу аддаюць даследаванням механізмаў масавых паводзін і ўплыву паліт. фактараў на псіхалогію чалавека. Пры сац.-структурным падыходзе даказваецца, што Р.с. — асаблівы стан сац. сістэмы, які вызначаецца стратай сац. раўнавагі, а дэстабілізацыя сац. сістэмы стварае ўмовы для дэфляцыі ўлады (гл. Раўнавагі тэорыя).

Літ.:

Гавлин М.Л., Казакова Л.А. Современные буржуазные теории социальной революции М., 1980;

Эйзенштадт Ш.Н. Революция и преобразование обществ: Сравнит. изучение цивилизаций: Пер. с англ. М., 1999;

Taylor S. Social science and revolutions. London;

New-York, 1984.

І.B.Катляроў.

т. 13, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕ́НСЕР (Spencer) Герберт (27.4.1820, г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 8.12.1903),

англійскі філосаф, сацыёлаг і псіхолаг; адзін з пачынальнікаў пазітывізму, дарвінізму сацыяльнага, арганічнай школы ў сацыялогіі, прадстаўнік асацыянізму. У 1837—41 працаваў інжынерам на чыгунцы. У 1848—53 супрацоўнічаў у час. «Economist» («Эканаміст»). Філас. погляды С. фарміраваліся пад уплывам А.​Конта, Д.​Юма, Дж.​С.​Міля, кантыянства, натурфілас. ідэй Ф.​В.​Шэлінга і шатландскай школы. Пад філасофіяй разумеў максімальна абагульненыя веды, заснаваныя на канкрэтных навуках. Падзяляў свет на пазнавальнае і непазнавальнае і лічыў, што навуцы даступна пазнанне толькі падабенства і адрозненняў паміж з’явамі, а не іх сутнасць. Стрыжань вучэння С. — вучэнне пра ўсеагульную эвалюцыю. Пад эвалюцыяй разумеў бесперапынны рух цялесных часцінак, які прыводзіць да росту ўнутр. дыферэнцыяцыі і адначасова да інтэграцыі. Эвалюцыянізмам тлумачыў усе з’явы — ад неарганічных да сац. і маральных. Свядомасць разглядаў як працэс, які развіваецца ад бязладнай гамагеннасці да гетэрагеннасці і выконвае функцыю адаптацыі арганізма да асяроддзя. Асн. элементамі свядомасці лічыў адчуванні і эмоцыі, якія шляхам ускладнення ператвараюцца ў прадукты вышэйшага парадку. Дынаміку псіхічных працэсаў тлумачыў прынцыпам асацыяцый: асацыяцыі, звязаныя з пачуццём задавальнення, замацоўваюцца і перадаюцца ў спадчыну наступным пакаленням, а звязаныя з адмоўнымі пачуццямі — нівеліруюцца. Сац. структуру грамадства трактаваў па аналогіі з пабудовай і функцыяй жывога арганізма. На яго думку, сац. арганізм складаецца з 3 сістэм: рэгулятыўнай (сац. кантроль, паліт. кіраванне), вытворчай і размеркавальнай. Сутнасць грамадскага прагрэсу бачыў у дасягненні асобай найб. свабоды і звядзенні да мінімуму механізмаў сац. кантролю і кіравання, у пераходзе ад мех. прымусу індывідаў да іх арган. аб’яднання на аснове агульных інтарэсаў. Выступаў супраць ідэй сацыялізму, рэвалюцыю лічыў небяспечнай хваробай сац. арганізма. Вучэнне С. паўплывала на развіццё сучаснай сацыялогіі (культурантрапалогія, сацыябіялогія, структурна-функцыянальны аналіз) і псіхалогіі (параўнальна-псіхал. даследаванні паводзін, функцыянальная псіхалогія).

Тв.:

Рус. пер. — Синтетическая философия. Киев, 1997;

Основания психологии // Ассоциативная психология. М., 1998;

Опыты научные, политические и философские. Мн., 1999.

І.​В.​Катляроў.

т. 15, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ВО́ЙСКІ,

вайсковыя часці і злучэнні, прызначаныя для забеспячэння баявой дзейнасці ўзбр. сіл і выканання спец. задач. Існуюць у шэрагу дзяржаў, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь Уваходзяць у склад Тылу ўзбр. сіл (аўтамаб., дарожныя войскі і інш.), відаў узбр. сіл (напр., мабільныя сілы — у сухап. войскі, інжынерна-аэрадромныя часці — у ВПС і інш.), а таксама рэзерву, у т. л. стратэгічнага. Напр., у Вял. Айч. вайну 1941—45 некат. злучэнні і часці інжынерных войск, войск сувязі былі непасрэдна падпарадкаваны Нар. камісару абароны, Стаўцы Вярх. галоўнакамандавання і інш. органам Дзярж. камітэта абароны.

На тэр. Беларусі ў гады 2-й сусв. вайны дзейнічалі, у т. л. ў складзе партызанскіх фарміраванняў, спец. разведвальна-дыверсійныя атрады і інш. спец. падраздзяленні, якія выконвалі адказныя задачы ў інтарэсах сав. войск (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну); у перыяд вайны і пасля яе — органы і спец. часці (падраздзяленні) НКУС. Нар. камісарыята абароны (гл. «Смерш») і інш., прызначаныя для барацьбы з дыверсійнай і тэрарыст. дзейнасцю замежных разведак, выканання інш. спец. задач. На тэр. Беларусі ў 1941—44 дзейнічалі і спец. падраздзяленні абвера, гестапа, СД, СС і інш. спец. службаў фаш. Германіі.

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь С.в. ўключаюць: чыгуначныя войскі, інж. і хім. войскі, войскі сувязі, злучэнні і часці разведкі, тэхн. і тылавога забеспячэння, а таксама радыёэлектроннай барацьбы. Арганізацыя, узбраенне і тэхн. забеспячэнне С.в. залежаць ад іх прызначэння. Шэраг спец. задач, у т. л. па барацьбе з тэрарызмам, ахове грамадскага парадку і інш., выконваюць злучэнні (асобныя брыгады) спец. прызначэння ўзбр. сіл, а таксама некат. часці і падраздзяленні ўнутр. і пагран. войск. Важная роля С.в. належыць у ліквідацыі на тэр. Беларусі наступстваў чарнобыльскай і інш. тэхнагенных катастроф, пры правядзенні размініравання, у барацьбе з паводкамі і інш.

Р.​Ч.​Лянькевіч, У.​І.​Свякла.

т. 15, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛЕ́РСТВА,

адзін з відаў дрэваапрацоўчых рамёстваў, вытворчасць сталярных вырабаў у многіх народаў свету. Спалучалася з цяслярствам (дойлідствам). Аднак характар працы, складанасць рамеснай тэхнікі, разнастайная наменклатура вырабаў вылучылі С. ў самаст. рамяство. С. было звязана з апрацоўкай малагабарытных форм (гл. Сталярныя работы) і выкарыстоўвалася на завяршальнай стадыі будаўніцтва (аздабленне жылля і культавых пабудоў, асада вокнаў і дзвярэй, выраб абсталявання і прадметаў інтэр’ера — аконных рам, дзвярэй, мэблі, іканастасаў, хатняга начыння і інш.). С. грунтавалася на трывалых вытв. традыцыях, дасканалым веданні тэхнал. якасцей мясц. драўніны, патрабавала рознабаковых навыкаў і валодання тыпалагічна разнастайнымі дрэваапрацоўчымі інструментамі і прыстасаваннямі (гл. Сталярна-цяслярскі інструмент). На Беларусі неабходным прыстасаваннем майстра-сталяра быў варштат, які ставілі ў сенцах, адрыне або пад павеццю. Спец. памяшканне, абсталяванае пад майстэрню, часцей сустракалася ў гар. або местачковых сталяроў. Амаль у кожным панскім маёнтку былі майстэрні для аднаго або некалькіх сталяроў, якія былі прыпісаны да чэлядзі і часта працавалі на правах прыгонных майстроў. Нягледзячы на спецыялізацыю, што больш выразна назіралася ў гарадах і мястэчках, С. звычайна спалучалася і з інш. дрэваапрацоўчымі рамёствамі і з земляробствам. Многія сяляне, што валодалі сталярскімі навыкамі і вялі сваю гаспадарку, у парадку адбывання паншчыннай павіннасці прымалі ўдзел у будаўніцтве панскіх маёнткаў, цэркваў, мастоў і інш. С. насіла прыкметны сезонны (у асн. асенне-зімовы) характар. Майстры-сталяры працавалі звычайна ў адзіночку, некат. мелі вучняў ці падсобных работнікаў, якія працавалі па найме. У сярэдневякоўі важную ролю ў арганізацыі С. адыгрывалі цэхі. З ажыўленнем таварна-гандл. адносін і развіццём капіталіст. ўкладу адбываліся змены ў сац. структуры і характары С., якое з надомнага станавілася асобнай галіною вытворчасці. Нар. рамёствы паслужылі вытокамі развіцця сучасных галін дрэваапр. прам-сці — мэблевай, домабуд., лесапільнай, тарнай. Нягледзячы на агульнае скарачэнне, С. развіваецца ў выглядзе асобнага промыслу.

В.​С.​Цітоў.

т. 15, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЕ́ЙНАЕ ПРА́ВА,

галіна права, якая рэгулюе маёмасныя адносіны, што ўзнікаюць на аснове шлюбу, сваяцтва, усынаўлення і інш. форм уладкавання дзяцей на выхаванне ў сям’ю. С.п. ўстанаўлівае ўмовы і парадак узяцця шлюбу, яго спыненне ці прызнанне несапраўдным; рэгулюе адносіны ў сям’і паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі, інш. членамі сям’і; адносіны ўсынавіцеляў, іх сваякоў з усыноўленымі і іх нашчадкамі, а таксама апекуноў (папячыцеляў) з падапечнымі. Асабістыя і маёмасныя адносіны, што складаюць прадмет С.п., праяўляюцца гал. чынам у рамках сям’і, заснаванай на зарэгістраваным у законным парадку шлюбе. Некаторыя сямейна-прававыя сувязі захоўваюцца і па-за сям’ёй (удзел бацькоў у выхаванні і ўтрыманні дзяцей, якія пражываюць асобна, аліментныя абавязкі былых мужа ці жонкі, інш. членаў сям’і). Задачы і прынцыпы С.п. сфармуляваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэксе аб шлюбе і сям’і 1999. С.п. заклікана садзейнічаць умацаванню сям’і, пабудове сямейных адносін на добраахвотным шлюбным саюзе, роўнасці правоў мужа і жонкі ў сям’і, на ўзаемнай любові, павазе і ўзаемадапамозе ўсіх членаў сям’і, устанаўленню правоў дзяцей і забеспячэнню іх прыярытэту ў адпаведнасці з законам, ахове мацярынства і бацькоўства, забеспячэнню спрыяльных умоў для развіцця і станаўлення кожнага дзіцяці. Абарона правоў, што вынікаюць са шлюбных і сямейных адносін, ажыццяўляецца судом, органамі апекі і папячыцельства, а таксама дзярж. органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану. У межах, прадугледжаных заканадаўствам, дапускаецца самаабарона С.п. Значная частка асабістых адносін паміж членамі сям’і застаецца па-за межамі прававога ўздзеяння і рэгламентуецца толькі нормамі маралі. Грамадзянскае, жыллёвае і інш. заканадаўства прымяняецца да сямейных адносін толькі ў выпадку адсутнасці рэгулявання гэтых адносін заканадаўствам аб шлюбе і сям’і. Міністэрствы і інш. рэсп. органы дзярж. кіравання могуць выдаваць нарматыўныя прававыя акты па пытаннях, што датычацца сямейных і шлюбных адносін, у выпадках і межах, прадугледжаных законам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 15, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮРЫДЫ́ЧНАЯ АСО́БА,

паводле грамадзянскага заканадаўства Рэспублікі Беларусь арганізацыя, якая мае ва ўласнасці, гасп. распараджэнні або ў аператыўным кіраванні адасобленую маёмасць і адказвае за яе па сваіх абавязацельствах; можа ад свайго імя набываць і ажыццяўляць маёмасныя і немаёмасныя правы, несці абавязкі, быць істцом і адказчыкам у судзе. Ю.а. павінна мець уласнае найменне, самаст. баланс або каштарыс.

Стваральнікі маёмасці могуць мець абавязацельныя правы ў адносінах да Ю.а. або рэчавыя правы на яе маёмасць. Да Ю.а., якія маюць абавязацельныя правы, адносяцца гасп. т-вы. вытв. і спажывецкія кааператывы; яны маюць рэчавыя правы толькі на маёмасць, якую перадалі Ю.а. ў карыстанне ў якасці ўкладу ў статутны фонд. Да Ю.а., на маёмасць якіх іх стваральнікі маюць права ўласнасці або інш. рэчавае права, адносяцца унітарныя прадпрыемствы (у т. л. даччыныя) і ўстановы, што фінансуюцца ўласнікам. Да Ю.а., стваральнікі якіх не маюць маёмасных правоў, адносяцца грамадскія і рэліг. арг-цыі, дабрачынныя і інш. фонды, аб’яднанні, асацыяцыі. саюзы. Ю.а. мае правы, якія адпавядаюць мэтам яе дзейнасці, прадугледжаным у яе ўстановачных дакументах. Іншымі відамі дзейнасці Ю.а. можа займацца толькі на падставе спец. дазволу (ліцэнзіі). Яна можа быць абмежавана ў правах выключна ў выпадках і парадку, прадугледжаных заканадаўствам. Рашэнне пра абмежаванне Ю.а. можа быць абскарджана ў судзе. Праваздольнасць Ю.а. ўзнікае з моманту яе стварэння і спыняецца з моманту яе скасавання.

Ю.а. дзейнічае на падставе статута або ўстаноўчага дагавора. Яна набывае грамадз. правы і прымае на сябе грамадз. абавязкі праз свае органы. Парадак назначэння (выбрання) органаў Ю.а. вызначаецца заканадаўствам і ўстаноўчымі дакументамі. Ю.а. спыняе дзейнасць у выніку яе рэарганізацыі або скасавання. Скасаванне Ю.а. лічыцца завершаным, а Ю.а. — спыніўшай існаванне пасля запісу пра гэта ў Адзіны дзярж. рэгістр Ю.а. Парадак дзейнасці і скасавання Ю.а. рэгламентаваны Грамадз. кодэксам Рэспублікі Беларусь.

Г.​А.​Маслыка.

т. 18, кн. 1, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭОРЫЯ АПРАКСІМАЦЫІ

Даследаванні па тэорыі апраксімацыі (тэорыі набліжэння функцый) на Беларусі вядуцца ў БДУ, Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі, Гомельскім, Гродзенскім, Бел. педагагічным ун-тах.

Паліномная тэорыя апраксімацыі развівалася пад уплывам дзейнасці А.​Х.​Турэцкага. Асн. вынікі атрыманы ў задачах падсумоўвання артаганальных шэрагаў, па тэорыі інтэрпаляцыі з роўнааддаленымі вузламі і вузламі Чабышова, па квадратурных формулах з найменшай велічынёй хібнасці і найвышэйшай велічынёй трыганаметрычнай дакладнасці (М.​Б.​Аксень, І.​М.​Бруй, М.​Я.​Казлоўскі, І.​І.​Корзун, А.​К.​Пакало, В.​М.​Русак, А.​Х.​Турэцкі, М.​М.​Уласавец, А.​А.​Чупрыгін). Першыя даследаванні па рацыянальнай тэорыі апраксімацыі выкананы В.​М.​Русаком у 1960-я г. ў БДУ. В.​М.​Русак і яго паслядоўнікі (Н.​К.​Агафонава, Л.​Л.​Бярозкіна, С.​А.​Лугоўскі, А.​С.​Лялікаў, В.​І.​Міцянкоў, В.​А.​Прохараў, А.​А.​Пякарскі, А.​Я.​Радына, Я.​А.​Роўба, І.​В.​Рыбачэнка, А.​П.​Старавойтаў, Дз.​С.​Шуляеў, М.​А.​Шэшка) здзейснілі шэраг даследаванняў па рацыянальнай тэорыі апраксімацыі, у т. л. знойдзены экстрэмальныя ацэнкі для вытворных рацыянальных функцый, распрацаваны спосабы пабудовы рацыянальных аператараў, якія ажыццяўляюць набліжэнне найлепшага парадку з пэўнымі полюсамі, вызначаны дакладныя парадкі рацыянальных апраксімацый са свабоднымі полюсамі для многіх важных функцый і класаў функцый. Даследаваны парадкі адхіленняў рацыянальных аператараў Падэ для элементарных і спецыяльных аналітычных функцый. Рацыянальныя апраксімацыйныя метады былі паспяхова выкарыстаны для набліжанага рашэння сінгулярных інтэгральных ураўненняў.

Літ.:

Корнейчук Н.П. Экстремальные задачи теории приближений. М., 1976;

Турецкий А.Х. Теория интерполирования в задачах. Ч. 1—2. Мн., 1968—77;

Русак В.Н. Рациональные функции как аппарат приближения. Мн., 1979;

Ровба Е.А. Интерполяция и ряды Фурье в рациональной аппроксимации. Гродно, 2001;

Русак В.Н. Наилучшие рациональные приближения и оценки уклонений специальных рациональных операторов // Выбр. навук. працы БДУ. Мн., 2001. Т. 3.

В.​М.​Русак.

т. 18, кн. 2, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРАД — САВЕТ МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Савет Міністраў з’яўляецца цэнтральным органам дзярж. кіравання, які ў адпаведнасці з Канстытуцыяй ажыццяўляе выканаўчую ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў дзярж. улады і інш. органаў выканаўчай улады. У сваёй дзейнасці падпарадкаваны Прэзідэнту і адказны перад Парламентам. Урад складаецца з Прэм’ер-міністра, намеснікаў Прэм’ер-міністра і міністраў; у яго склад могуць уваходзіць кіраўнікі інш. рэсп. органаў дзярж. кіравання. Прэм’ер-міністр назначаецца Прэзідэнтам са згоды Палаты прадстаўнікоў; ён у 2-месячны тэрмін пасля свайго прызначэння прадстаўляе Парламенту праграму дзейнасці Урада. У выпадку выказвання Палатай прадстаўнікоў вотуму недаверу Ураду Прэм’ер-міністр заяўляе Прэзідэнту аб адстаўцы. у адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь» (прыняты 24.6.1998, у рэдакцыі закона ад 31.1.2003) Урад распрацоўвае праект рэсп. бюджэту, прагнозы, дзярж. праграмы сац.-эканам. развіцця; арганізуе кіраванне дзярж. уласнасцю; рэгулюе знешнегандл. дзейнасць, стварае ўмовы для свабоднага прадпрымальніцтва на аснове раўнапраўя ўсіх форм уласнасці; ажыццяўляе інвестыцыйную дзейнасць, адзіную дзярж. палітыку ў галіне рэгулявання зямельных адносін, выкарыстання і эканоміі энергет. і матэрыяльных рэсурсаў; забяспечвае развіццё агульнадзярж. інфраструктуры (аўтамабільныя, паветраныя, водныя і чыг. шляхі зносін, сеткі сувязі, лініі электраперадач і інш.); правядзенне адзінай дзярж. палітыкі ў галіне навукі, культуры, адукацыі, аховы здароўя, выкарыстання прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; прыняцце эфектыўных мер па сац. абароне грамадзян, ахове гісторыка-культ. спадчыны, развіцці прафес. мастацтва, л-ры, нац. кнігавыдання і перыяд. друку; забеспячэнні права грамадзян на свабоду веравызнанняў. Савет Міністраў забяспечвае гарантаваныя Канстытуцыяй, законамі і прадугледжаныя міжнар. абавязацельствамі дзяржавы правы і свабоды грамадзян, а таксама абарону грамадзян Рэспублікі Беларусь як на тэр. краіны, так і па-за яе межамі, прымае меры па абароне нац. бяспекі і абараназдольнасці, незалежнасці і тэр. цэласнасці Рэспублікі Беларусь, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю. У межах Канстытуцыі, законаў, актаў Прэзідэнта Урад распрацоўвае асн. кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі і прымае меры па іх рэалізацыі, ажыццяўляе каардынацыю дзейнасці ў галіне адносін Беларусі з інш. дзяржавамі і міжнар. арганізацыямі. Як калегіяльны орган дзярж. кіравання Урад выдае пастановы, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэр. Рэспублікі Беларусь, а Прэм’ер-міністр у межах сваёй кампетэнцыі мае права выдаваць распараджэнні. Савет Міністраў валодае правам заканадаўчай ініцыятывы. Па даручэнні Прэзідэнта, па ўласнай ініцыятыве або ў прадугледжаным законам парадку ён арганізуе распрацоўку праектаў законаў Рэспублікі Беларусь, уносіць іх на разгляд Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, прадстаўляе ў палаты Нац. сходу і іх органы дакументы і матэрыялы, звязаныя з дзейнасцю Урада.

Дзярж. кіраванне ў пэўных галінах (сферах дзейнасці) і каардынацыю работы ў гэтых галінах (сферах дзейнасці) інш. рэсп. органаў дзярж. кіравання ажыццяўляюць міністэрствы, дзярж. камітэты, камітэты пры Савеце Міністраў і дзярж. арганізацыі, падпарадкаваныя Савету Міністраў. У сістэму гэтых органаў дзярж. кіравання ўваходзяць міністэрствы: архітэктуры і будаўніцтва, унутр. спраў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, замежных спраў, інфармацыі, культуры, лясной гаспадаркі, абароны, адукацыі, па падатках і зборах, па надзвычайных сітуацыях, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, прамысловасці, сувязі і інфарматызацыі, сельскай гаспадаркі і харчавання, спорту і турызму, статыстыкі і аналізу, гандлю, транспарту і камунікацый, працы і сац. абароны, фінансаў, эканомікі, энергетыкі, юстыцыі; Камітэт дзярж. бяспекі; дзярж. камітэты: ваенна-прамысловы, па авіяцыі, па навуцы і тэхналогіях, пагранічных войск, мытны; камітэты пры Савеце Міністраў: па архівах і справаводстве, па справах рэлігій і нацыянальнасцях, па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі, па матэрыяльных рэзервах, па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, па каштоўных паперах, па энергаэфектыўнасці. Да дзярж. арганізацый, падпарадкаваных Савету Міністраў, адносяцца Бел. дзярж. канцэрны: харчовай прамысловасці («Белдзяржхарчпрам»), па нафце і хіміі («Белнафтахім»), па вытв-сці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці («Беллегпрам»), на вытв-сці і рэалізацыі тавараў нар. спажывання («Белмясцпрам»), па вытв-сці і рэалізацыі фармацэўтычнай і мікрабіял. прадукцыі («Белбіяфарм»); Бел. вытв.-гандл. канцэрн лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці («Беллеспаперапрам»), Бел. чыгунка і Бел. рэсп. саюз спажывецкіх т-ваў («Белкаапсаюз»), якія знаходзяцца ў веданні Урада па пытаннях, вызначаных заканадаўствам. Мін-вы, дзярж. к-ты па асобных пытаннях дзейнасці, прадугледжаных заканад. актамі, могуць падпарадкоўвацца выключна Прэзідэнту. Рэсп. органы дзярж. кіравання, падпарадкаваныя Савету Міністраў, іх тэр. органы ў межах сваёй кампетэнцыі прымаюць (выдаюць) прававыя акты на аснове і з мэтай выканання Канстытуцыі, законаў, актаў Прэзідэнта, пастаноў Урада, ажыццяўляюць кантроль за іх выкананнем.

Дом Урада Рэспублікі Беларусь.

т. 18, кн. 2, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКА́ЗНАСЦЬ юрыдычная,

у шырокім сэнсе — пакаранне; прымусовыя меры ў адносінах да вінаватых (фізічных і юрыд. асоб) за правапарушэнні, якія прадугледжаны і рэгулююцца нормамі права. Адрозніваюць адказнасць адміністрацыйную, дысцыплінарную, цывільную, крымінальную і інш.

Адміністрацыйная — адказнасць за адміністрацыйныя правапарушэнні. Настае за ўчыненне антыграмадскіх дзеянняў, якія не маюць вял. грамадскай небяспекі. Адм. спагнанні накладваюць органы ўнутр. спраў, адм. камісіі, суддзі і інш. Дысцыплінарная — адказнасць за парушэнні працоўнай дысцыпліны і службовых абавязкаў. Агульны парадак такой адказнасці вызначаны КЗаП, тыпавымі правіламі ўнутр. працоўнага распарадку, статутамі і палажэннямі аб службе або рабоце. Дысцыплінарныя спагнанні накладваюцца адпаведнымі органамі ці кіраўніком (начальнікам), якому парушальнік падпарадкоўваецца па службе або рабоце. Цывільная — адказнасць за маёмасныя (і некаторыя немаёмасныя) страты, нанесеныя невыкананнем або неналежным выкананнем абавязацельстваў або ўчыненнем якіх-н. проціпраўных дзеянняў. Выяўляецца ва ўскладанні нявыгадных маёмасных вынікаў на асобу, якая дапусціла неправамерныя паводзіны. Найб. пашыраныя формы гэтага віду адказнасці — кампенсацыя страт і выплата няўстойкі. Забяспечвацца ва ўстаноўленым судом парадку. Крымінальная — адказнасць за злачынствы. Падставай для яе з’яўляецца факт учынення небяспечнага для грамадства дзеяння, якое вызначаецца законам як злачынства. Мера пакарання вінаватаму назначаецца прыгаворам суда. Парадак прыцягнення да крымін. адказнасці, а таксама магчымасць вызвалення ад яе рэгламентаваны заканадаўствам.

Прававыя нормы Рэспублікі Беларусь прадугледжваюць таксама матэрыяльную адказнасць — абавязак работніка пакрыць прадпрыемству (установе, арг-цыі) матэрыяльныя страты, якія атрымаліся па яго віне. Падставы для матэрыяльнай адказнасці, парадак і памеры кампенсавання страт вызначаюцца заканадаўствам.

Сучаснае міжнар. права прадугледжвае міжнародна-прававую адказнасць, суб’ектам якой з’яўляецца сама дзяржава. Настае ў выніку парушэння дзяржавай нормаў міжнар. права ці міжнар. абавязацельстваў. Дзяржава нясе таксама адказнасць за неправамерныя дзеянні або ўпушчэнні ўсіх сваіх органаў і дзеянні фізічных асоб, учыненыя на яе тэрыторыі. Адрозніваюць адказнасць палітычную (ужыванне міжнар. санкцый і аддаванне задавальнення пацярпелай дзяржаве) і матэрыяльную (рэпарацыі і рэстаўрацыі). Рознагалоссі ў вызначэнні формаў і аб’ёмаў адказнасці вырашаюцца мірнымі сродкамі, прадугледжанымі Статутам ААН. Найчасцей у такіх выпадках выкарыстоўваецца арбітраж міжнародны. Калі дзяржава-парушальнік адмаўляецца ад выканання мер кампенсацыі або задавальнення, не пагаджаецца на мірнае ўрэгуляванне рознагалоссяў ці не выконвае рашэння кампетэнтнага міжнар. органа, могуць быць ужыты адпаведныя міжнар. санкцыі.

т. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)