«Вялікая пралетарская культурная рэвалюцыя», палітычная кампанія 1966—76, якая праводзілася пад кіраўніцтвам старшыні ЦККамуністычнай партыі Кітая (КПК) Мао Цзэдуна для ўмацавання сваёй асабістай улады ў партыі і краіне. У 1964—65 Мао абвінаваціў парт. кіраўніцтва ў карупцыі і бурж. перараджэнні і заклікаў да «рэвалюцыянізацыі» кіт. грамадства. У пач. 1966 ім створана «Група па справах культурнай рэвалюцыі» на чале з Чэнь Бада і Цзянь Цын (жонкай Мао Цзэдуна). Пад шыльдай рэформы сістэмы адукацыі былі зачынены школы і ВНУ. З моладзі былі створаны групы хунвэйбінаў («чырвоных ахоўнікаў») і цзыафаней («бунтаўшчыкоў»), якія з вясны 1966 пад заклікам «скінуць аўтарытэты» разгарнулі кампанію тэрору і пагроз супраць інтэлігенцыі і парт. кіраўніцтва. 11-ы пленум ЦККПК (жн. 1966) абвясціў К.р. «новым, яшчэ больш шырокім этапам развіцця сацыялістычнай рэвалюцыі». Парт. і дзярж. органы былі падменены рэўкомамі. Рэпрэсіям падвергліся мільёны кітайцаў, у т. л. большасць парт. і дзярж. дзеячаў (Дэн Сяапін, Лю Шаоцы, Пэн Дэхуай і інш.). Адносіны паміж Кітаем і СССР у час К.р. пагоршыліся (гл.Савецка-кітайскі канфлікт 1968—69). 9-ы з’езд КПК (крас. 1969) зацвердзіў вынікі К.р. і абвясціў «ідэі Мао Цзэдуна» асновай дзейнасці партыі. У 1977 11-ы з’езд КПК абвясціў К.р. завершанай, але фактычна яна скончылася са смерцю Мао Цзэдуна ў вер. 1976. У 1981 12-ы з’езд КПК прызнаў правядзенне К.р. памылкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫПЕ́ЎКА,
частушка, жанр славесна-музычнага фальклору. Вядома ў творчасці многіх народаў. У беларусаў — аднастрофная, пераважна чатырохрадковая песенька хуткага ці павольнага тэмпу выканання («пад польку» ці «пад вальца»), Верш П. харэічны, рыфмоўка перакрыжаваная ці парная. Вызначаецца лаканізмам, ідэйнай і тэматычнай разнастайнасцю: ад інтымнай лірыкі да гратэску і вострай сатыры. Значнае месца ў П. належыць гумарыст., любоўнай, часткова эратычнай тэматыцы. Найб. ранняя фіксацыя тэрміна «П.» ў «Слове пра паход Ігаравы». Найб. ранні збор бел. П. адносіцца да пач. 19 ст. Захоўвае відавочную сувязь з танцам, рытмічнымі рухамі, блізкімі да танца. Службовая роля П. як песні да танца адбіліся ў шматлікіх яе нар. назвах: скакухі, плясухі, таптушкі і інш. Пры багацці прыпевачнага рэпертуару (да 150 тэкстаў ад аднаго інфарматара) і пранікальнасці П. у розныя абрадавыя і пазаабрадавыя дзействы (хрэсьбіны, вяселлі, вечарынкі і інш.) бел.нар. П. не мае асобнага месца ў традыц. абрадавым календары.
Пад уплывам фальк. П. ўзнікла літ. П. (Дз.Бедны, У.Маякоўскі). У літ. П. атрымалі развіццё жанравыя асаблівасці нар. П.: злабадзённасць зместу, прамалінейнасць выказвання, экспрэсіўнасць лексікі. Сродкі маст. выяўлення рэчаіснасці нар. П. (трапнасць, гратэскавасць, гнуткасць) выкарыстоўвалі ў сваіх творах В.Дунін-Марцінкевіч, Я.Купала, М.Багдановіч, П.Броўка, К.Крапіва, Р.Барадулін і інш. П. ўваходзяць у рэпертуар нар. калектываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ ПЕЧ,
печ для апрацоўкі металу падвакуумам. Бываюць награвальныя (для тэрмічнай апрацоўкі сталі) і плавільныя (для вытв-сці хім. актыўных і тугаплаўкіх металаў, высакаякасных сталяў, інш. сплаваў). Найб. пашыраны дугавыя і індукцыйныя вакуумныя печы. Для выплаўкі асабліва якасных сплаваў прымяняюць электронна-прамянёвыя печы і плазменна-дугавыя печы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЦЫ́ДНАЯ ЛЯ́МПА,
газаразрадная крыніца згубнага для бактэрый ультрафіялетавага выпрамянення. Асн. элемент — трубка са спец. шкла, напоўненая пад ціскам інертным газам з невял. колькасцю ртуці. Магутнасць бактэрыцыднай лямпы да 90 Вт. Выкарыстоўваецца ў прыладах для стэрылізацыі вады, харч. прадуктаў, паветра ў бальнічных установах і інш. памяшканнях і гэтак далей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛАЧКА,
возера ў Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас.р. Страча, за 30 км на ПнЗ ад г.п. Мядзел. Пл. 0,28 км², даўж. 1,75 км, найб.Глыб. 28,2 м. Схілы катлавіны выш. да 20—25 м, пад лесам, берагі месцамі забалочаныя. Выцякае ручай у р. Страча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНТАВЫ́ СПУСК,
прыстасаванне для спуску сыпкіх і кускавых грузаў пад дзеяннем уласнай вагі; сродак гравітацыйнага транспартавання. Вышыня да 100 м і болей, прадукцыйнасць да 500 т/гадз пры дыяметры трубы 1,2—1,5 м. Выкарыстоўваецца на шматпавярховых складах, прамысл. прадпрыемствах, у горнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫ БЕ́РАГ,
возера ў Беларусі, у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., на пойме р. Бярэзіна, на ПнУ ад Бабруйска. Пл. 0,5 км². Даўж. 4 км, найб.шыр. 200 м, найб.глыб. 4 м. Берагі возера пясчаныя, пад хмызняком, 2 астравы агульнай пл. 1 га. Злучана пратокай з р. Бярэзіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІДЖАПУ́Р,
феадальная дзяржава (султанат) у паўд.-зах. Дэкане (Індыя) у 1489—1686. Засн. бахманідскім намеснікам Юсуф Адзіл-ханам, які паклаў пачатак дынастыі Адзіл-шахаў. Біджапур быў аслаблены паўстаннямі маратхаў пад кіраўніцтвам Шываджы і войнамі з Маголамі. З 1599 у складзе віцэ-каралеўства Дэкану. У 1686 падпарадкаваны дзяржавай Вялікіх Маголаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЛАЎСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК Існаваў у 1940—51 у Валожынскім і Івянецкім р-нах Мінскай вобл.Пл. 13,6 тыс.га (80% пад лесам). Створаны для аховы, аднаўлення і вывучэння каштоўных капытных жывёл — ланей, аленяў, казуль, дзікоў, а таксама рачных баброў. З 1960 тэрыторыя б. запаведніка ў складзе біял. заказніка Налібоцкі.