палітыка прымусовага аддзялення груп насельніцтва па расавых або этнічных прыкметах; адна з форм расавай дыскрымінацыі. Існавала ў шэрагу краін (ЗША, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Аўстраліі і інш.) да 2-й пал. 20 ст. ў адносінах да «каляровага» нас. (эмігрантаў, карэнных жыхароў і інш.). Практыкавалася забарона жыць у адных раёнах горада з «белым» насельніцтвам, наведваць прызначаныя для «белых» школы, тэатры, бальніцы, гасцініцы і г.д., карыстацца адным транспартам. У наш час С. спынена як палітыка, што супярэчыць прынцыпам і нормам міжнароднага права, Статуту ААН, Міжнар. канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм расавай дыскрымінацыі, Міжнар. пактам аб правах чалавека, Міжнар. канвенцыі аб спыненні апартэіду і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНАСЦЬ,
1) асаблівая прыкмета гіст. развіцця краін (нацый, саюзаў плямён і інш. утварэнняў), якія змаглі стварыць уласную дзяржаву. Існуе шэраг сімвалічных прыкмет аўтаномнай Дз. — выкарыстанне афіц.дзярж. мовы, дзярж. сімволікі (герб, гімн, сцяг), наяўнасць пэўнай сістэмы органаў улады (дзярж. апарату), формы праўлення (манархія, парламенцкая рэспубліка, прэзідэнцкая рэспубліка), формы тэр. ўладкавання (унітарная дзяржава, федэрацыя, канфедэрацыя), формы паліт. рэжыму (дэмакр., аўтарытарны, ваенны, грамадзянскі, тэакратычны і інш.). Нац. Дз. выражае рэальную здольнасць увасабляць і абараняць суверэнітэт нацыі або іншага этнасу, выкарыстоўваць паліт. ўладу для ўмацавання дэмакратыі і росту дабрабыту народа, развіцця яго культуры і мовы, абароны правоў і свабод чалавека, законных інтарэсаў прадстаўнікоў нац. меншасцей і ўсіх жыхароў дадзенага нац.-тэр. ўтварэння. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, зыходзячы з неад’емнага права народа на самавызначэнне і абапіраючыся на шматлікую шматвяковую гісторыю развіцця бел. дзяржаўнасці, замацоўвае статус краіны як унітарнай дэмакр.сац. прававой дзяржавы, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самаст. ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку, абараняе сваю незалежнасць і тэр. цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак (гл. таксама Дзяржава).
2) Уласцівасць улады, яе палітыкі, якая выражае іх сілу, незалежнасць, магутнасць і здольнасць аказваць уплыў на развіццё падзей у свеце. Вызначаецца паліт., эканам. і духоўна-ідэалаг. аўтарытэтам краіны ў свеце або рэгіёне, яе маштабам і колькасцю насельніцтва, характарам і ўздзеяннем яе палітыкі і інш. фактарамі. Абсалютызацыя гэтых прынцыпаў і ўяўленні аб выключнасці і асаблівай ролі сваёй краіны, нацыі на практыцы прыводзяць да вялікадзяржаўнасці, ігнаравання волі і інтарэсаў іншых краін і народаў, знешняй экспансіі (гл.Нацыяналізм, Шавінізм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБЕ́СКІ,
складаны, насычаны арнамент, заснаваны на мудрагелістым перапляценні геам. і стылізаваных раслінных матываў; часам уключае і надпісы. Развіўся ў пластычных мастацтвах арабскіх краін. У эпоху Адраджэння ў Еўропе арабескі наз. любы арнамент, які складаўся з пераплеценых ліній, стужак ці галінак. У бел. мастацтве арабескі захаваліся ў аздобе драўляных царскіх варот Благавешчанскай царквы Супрасльскага манастыра (16 ст.), у гравіраваным дэкоры шклянога посуду мануфактур Урэчча і Налібакаў (18 ст.), каваных алтарных перагародак (Троіцкі касцёл у Ружанах Пружанскага р-на, 18 ст.), каваных дзвярах бернардзінскага касцёла ў Гродне (17 ст.) і інш. Арабескі былі ўпрыгожаны шпалеры, што аздаблялі сцены гар. палаца Радзівілаў у Нясвіжы ў 18 ст., дываны Гродзенскай ткацкай мануфактуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦВІННЕЎБО́РАЧНАЯ МАШЫ́НА,
машына для зразання і пагрузкі ў транспарт бацвіння коранеклубняплодаў. Магчыма таксама здрабненне бацвіння і збіранне масы ў бункер ці прычэп. Бацвіннеўборачныя машыны бываюць самаходныя і напаўнавясныя, працуюць у комплексе з коранеўборачнымі і бульбаўборачнымі машынамі.
У асн. зоне буракасеяння краін СНД выкарыстоўваюць 6-радковыя (у арашальнай зоне 4-радковыя) бацвіннеўборачныя машыны прадукцыйнасцю 1,3—1,6 га/гадз, якія агрэгатуюцца з колавымі і гусенічнымі трактарамі. У пераўвільготненай зоне буракасеяння выкарыстоўваюцца 6-радковыя самаходныя бацвіннеўборачныя машыны замежных фірмаў (прадукцыйнасць да 1,1 га/гадз). Для ўборкі бацвіння бульбы, кармавых караняплодаў і траў выкарыстоўваюць бацвіннеўборачныя машыны з спец. бункерам для збору здробненай масы (прадукцыйнасць 0,8—1,2 га/гадз, агрэгатуецца з колавымі трактарамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯВА́Я МАШЫ́НА ПЯХО́ТЫ (БМП),
браніраваная машына мотастралковых войскаў (мотапяхоты) для перамяшчэння асабовага складу і вядзення бою. З’явілася ў 1960-я г. Сучасная БМП — гусенічная (радзей колавая) машына высокай праходнасці, звычайна плаваючая, выкарыстоўваецца для дэсантавання. Аснашчана фільтравентыляцыйнай устаноўкай, прыладамі начнога бачання і інш. Узбраенне: 20—30-ммаўтам. пушка, 1—2 кулямёты, часам процітанк. кіроўныя рэактыўныя снарады. Умяшчае 2—3 чал. экіпажу і 6—9 чал. стралкоў, якія могуць весці агонь праз амбразуры. Скорасць руху: гусенічных 65—75, колавых да 100, па вадзе 6—10 км/гадз. Ёсць на ўзбраенні армій многіх краін: напрыклад, у ФРГ — гусенічная «Мардэр», у ЗША — плаваючая гусенічная М-2 «Брэдлі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГА́ТАРЫ (Alligatoridae),
сямейства паўзуноў атр. кракадзілаў. Уключае ўласна алігатараў (Alligator) і кайманаў. Жывуць пераважна ў Паўн. і Паўд. Амерыцы ў прэсных вадаёмах; выключэнне — кітайскі алігатар (A. sinensis), жыве ў р. Янцзы.
Уласна алігатараў 2 віды: місісіпскі алігатар (A. mississippiensis) даўж. да 5,8 м, водзіцца ў балотах Фларыды (ЗША) і кітайскі алігатар да 2,5 м. Маюць добра развіты мозг, 4-камернае сэрца, перапонку паміж пальцамі пярэдніх ног. Морда шырокая і кароткая. Драпежнікі. Маладыя кормяцца насякомымі і ракападобнымі, дарослыя — рыбай, жабамі, птушкамі, млекакормячымі. У выніку інтэнсіўнага промыслу на скуру і мяса алігатараў іх колькасць вельмі скарацілася. У шэрагу краін створаны буйныя гадавальнікі для штучнага развядзення алігатараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́ЗМ,
ідэйна-паліт. плынь і грамадскі рух прадстаўнікоў грамадства, паліт. сіл розных светапоглядаў і ідэалогій, а таксама палітыка дэмакр. урадаў, накіраваная супраць фашызму. Узнік у Еўропе на пач. 1920-х г., каб процідзейнічаць уплыву фаш. арг-цый і партый на паліт. жыццё і дзярж. ўладу. Значнага размаху дасягнуў з устанаўленнем у 1930-я г. адкрытых фашысцкіх дыктатур у Германіі, Італіі, Іспаніі, актывізацыяй фаш. сіл у шэрагу інш.еўрап.краін. У 2-ю сусв. вайну антыфашызм з’явіўся асновай антыгітлераўскай кааліцыі, вызв. барацьбы народаў свету супраць дзяржаў «восі» (Германія, Італія, Японія). Пасля вайны антыфашызм садзейнічаў пераадоленню рэшткаў фашызму ў грамадскім жыцці, нац. аднаўленню і адраджэнню. Захоўвае значэнне як сродак процідзеяння неафашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РКБУНД (ням. Werkbund вытворчы саюз),
аб’яднанне архітэктараў, майстроў дэкар. мастацтва і прамыславікоў у шэрагу краін. Ням. веркбунд засн. ў 1907 у Мюнхене з мэтай рэарганізацыі буд-ва і маст. рамёстваў на сучаснай прамысл. аснове. Яго заснавальнікі — Г.Мутэзіус, Х.К. ван дэ Велдэ; у рабоце бралі ўдзел П.Берэнс, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ, Ле Карбюзье і інш. На ўзор ням. веркбунда створаны веркбунды ў Аўстрыі (1910), Швейцарыі (1913) і інш. Ствараючы ўзоры для прамысл. вытв-сці (хатняе начынне, мэбля, тканіны, афармленне аўтамабіляў і г.д.), чл. веркбунда імкнуліся надаць ім зручныя, функцыянальна апраўданыя формы. Буйныя міжнар. выстаўкі спрыялі станаўленню дызайну, паказвалі перавагу архітэктуры еўрап.функцыяналізму. У 1933 веркбунд у Германіі скасаваны фашыстамі, у 1947 адноўлены ў Дзюсельдорфе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,
рускі літаратурны і навук.-паліт. часопіс. Выходзіў у 1802—30 у Маскве 2 разы на месяц. Заснавальнік і першы рэдактар М.М.Карамзін. Поруч з л-рай і мастацтвам асвятляў пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі Расіі, гісторыю і культ. жыццё замежных краін. У 1814 у «Вестнике Европы» дэбютавалі А.С.Пушкін і А.С.Грыбаедаў. Значнае месца ў часопісе займалі матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі і фалькларыстыцы слав. (у т. л.бел.) народаў, друкаваліся працы З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, К.Ф.Калайдовіча, М.П.Пагодзіна, І.М.Снегірова і інш. Шэраг матэрыялаў, прысвечаных Беларусі, Літве і Польшчы, публікаваўся ў перакладзе з «Dziennika Wileńskiego» («Віленскага весніка»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТЭРЫНА́РНЫ СТАТУ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
дзяржаўны нарматыўны акт, які вызначае задачы вет. службы, асновы арганізацыі вет. мерапрыемстваў. З’яўляецца часткай Закону Рэспублікі Беларусь «Аб ветэрынарнай справе». Зацверджаны ў 1995.
Змяшчае асн. палажэнні па кіраванні вет. справай і арганізацыі вет. абслугоўвання жывёлагадоўлі, рэгламентуе правы і абавязкі службаў і спецыялістаў. У статуце выкладзены вет.-сан. правілы для жывёлагадоўчых фермаў, каранцінныя і інш. абавязковыя меры па ліквідацыі заразных хвароб жывёлы і птушкі, спец. патрабаванні, якія дзейнічаюць пры нарыхтоўках, перагоне, перавозках і забоі жывёлы, і правілы вет.-сан. нагляду за прадуктамі і сыравінай жывёльнага паходжання, меры аховы тэрыторыі рэспублікі ад заносу заразных хвароб жывёлы з замежных краін, парадак імпарту і экспарту жывёлы і прадуктаў жывёлагадоўлі. Гл. таксама Ветэрынарна-санітарны нагляд.