ВЕ́РКБУНД
(ням. Werkbund вытворчы саюз),
аб’яднанне архітэктараў, майстроў дэкар. мастацтва і прамыславікоў у шэрагу краін. Ням. веркбунд засн. ў 1907 у Мюнхене з мэтай рэарганізацыі буд-ва і маст. рамёстваў на сучаснай прамысл. аснове. Яго заснавальнікі — Г.Мутэзіус, Х.К. ван дэ Велдэ; у рабоце бралі ўдзел П.Берэнс, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ, Ле Карбюзье і інш. На ўзор ням. веркбунда створаны веркбунды ў Аўстрыі (1910), Швейцарыі (1913) і інш. Ствараючы ўзоры для прамысл. вытв-сці (хатняе начынне, мэбля, тканіны, афармленне аўтамабіляў і г.д.), чл. веркбунда імкнуліся надаць ім зручныя, функцыянальна апраўданыя формы. Буйныя міжнар. выстаўкі спрыялі станаўленню дызайну, паказвалі перавагу архітэктуры еўрап. функцыяналізму. У 1933 веркбунд у Германіі скасаваны фашыстамі, у 1947 адноўлены ў Дзюсельдорфе.
т. 4, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)