РАХМАДЫ́ЕЎ Еркегалі Рахмадыевіч (н. 1.8.1932, аул № 9 Семіпалацінскай вобл., Казахстан),

казахскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Казахстана (1975). Нар. арт. СССР (1981). Скончыў Алма-Ацінскую кансерваторыю (1957, кл. кампазіцыі Я.​Брусілоўскага), з 1960 выкладаў у ёй (у 1967—75 рэктар, з 1979 праф.). З 1959 маст. кіраўнік Казахскай філармоніі. З 1961 нач. Гал. ўпраўлення па справах мастацтва Мін-ва культуры Казахстана. З 1966 дырэктар Казахскага т-ра оперы і балета. Творчасць адметная спалучэннем рыс еўрап. прафес. мастацтва і казахскай нац. культуры. Сярод твораў: оперы, у т. л. «Алпамыс» (1973), «Песня пра цаліну» (1980), «Майра» (1985); творы для салістаў, хору і арк.; канцэрты для скрыпкі з арк. (1986), для трубы (1984); камерна-інстр. творы; песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў і інш. Аўтар кн. «Час і музыка» (1986). Дзярж. прэмія Казахстана 1980.

т. 13, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКС (Sachs) Ганс (5.11.1494, г. Нюрнберг, Германія — 19.1.1576),

нямецкі паэт-майстэрзінгер, кампазітар. Вучыўся ў Нюрнбергскай лац. школе, шмат вандраваў. У 1554 заснаваў у Нюрнбергу школу майстэрзінгераў. Дэбютаваў алегарычным вершам у падтрымку М.​Лютэра «Вітэнбергскі салавей» (1523). Аўтар больш як 6 тыс. рэліг. і свецкіх песень, гумарыст. і павучальных шпрухаў («Пра Юдзіф і Алаферна», 1533), шматлікіх фастнахтшпіляў, у т. л. «Шкаляр у раі» (1550), «Фюнзінгенскі канакрад» (1553), шванкаў («Святы Пётр з казой», «Святы Пётр і ландскнехты», абодва 1557), адметных сатырай, гумарам, сакавітай нар. мовай, гарэзлівым балаканнем і дыдактызмам. Вобраз С. паўстае ў оперы Р.​Вагнера «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» (1868).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное // Брант С. Корабль дураков;

Сакс Г. Избранное. М., 1989.

Літ.:

Пуришев Б.И. Ганс Сакс // История немецкой литературы. М., 1962. Т. 1.

Г.​В.​Сініла.

т. 14, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛМА́НАЎ Вадзім Мікалаевіч (4.11.1912, С.-Пецярбург — 27.2.1978),

расійскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Расіі (1972). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1941, кл. М.​Гнесіна). З 1945 выкладаў у Муз.-пед. ін-це імя Гнесіных у Маскве, з 1951 — у Ленінградскай кансерваторыі (з 1965 праф.). Сярод твораў паэма-араторыя «Дванаццаць» (1957) і кантата «Скіфы» (1973; абедзве паводле А.​Блока); 4 сімфоніі (1952—76), сімф. сюіта «Паэтычныя карцінкі» (1955; паводле Х.​К.​Андэрсена); 2 канцэрты для скр. з арк. (1964, 1974); 6 стр. квартэтаў (1945—71), рамансы, у т. л. цыкл рамансаў на вершы Я.​Купалы «Былыя песні» (1947), песні, музыка да спектакляў драм. т-ра і кінафільмаў. Звяртаўся да жанру хар. канцэрта, у т. л. «Лябёдка» (1970) на нар. тэксты. Дзярж. прэмія Расіі імя М.​Глінкі 1970.

Т.​Г.​Слабодчыкава.

т. 14, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАСА́ТЭ, Сарасатэ-і-Наваскуэс (Sarasate у Navascuéz) Пабла дэ (Пабла Марцін Мелітан; 10.3.1844, г. Памплона, Іспанія — 20.9.1908), іспанскі скрыпач, кампазітар; адзін з найбуйнейшых скрыпачоў-віртуозаў. Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1857). З 1859 вёў гастрольную дзейнасць. У канцы 1860-х г. арганізаваў стр. квартэт у Парыжы, з якім канцэртаваў у многіх краінах, у т. л. ў Расіі (з 1869). Іграў у ансамблях з піяністамі А.Р. і М.Р. Рубінштэйнамі, скрыпачамі Г.​Вяняўскім і Л.​Аўэрам, віяланчэлістамі К.​Давыдавым і А.​Вержбіловічам. У Парыжы быў пастаянным удзельнікам т.зв. чацвяргоў у І.​Тургенева. З вял. поспехам выконваў асабістыя творы, у якіх яскрава праявіўся нац. стыль. Аўтар твораў для скрыпкі з фп., у т. л. «Арагонская хота», канцэртнай фантазіі на тэмы класічных опер і інш. Каралевай Ізабелай быў узнагароджаны адной з лепшых скрыпак А.​Страдывары.

т. 14, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕ́НСЕН (Svendsen) Юхан Северын (30.9.1840, Осла — 14.6.1911),

нарвежскі кампазітар, скрыпач, дырыжор; адзін з заснавальнікаў нарв. кампазітарскай школы. Вучыўся у Лейпцыгскай кансерваторыі (1863—67). З 1871 канцэртмайстар аркестра муз. т-ва ў Лейпцыгу, у 1872—77 (да 1874 з Э.​Грыгам) і 1880—83 узначальваў Муз. т-ва Хрысціяніі. У 1883—1908 гал. капельмайстар аркестра Каралеўскага т-ра ў Капенгагене. Яго музыка пабудавана на ладава-інтанацыйнай аснове нарв. фальклору, вызначаецца яскравым каларытам, ёй уласцівы рысы ням. рамантызму. Зрабіў значны ўплыў на развіццё муз. жыцця сканд. краін. Сярод твораў: 2 сімфоніі (1867, 1876), 4 нарв. рапсодыі (1872—77), сімф. паэма «Зарахайда», п’еса «Карнавал нарвежскіх артыстаў» (1874), канцэрты для скрыпкі (1870) і віяланчэлі (1871) з арк., камерна-інстр. ансамблі, хоры, рамансы і песні, апрацоўкі нар. песень і інш.

І.​Ю.​В’югінава.

т. 14, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ГЕРСТАМ (Segerstam) Лейф Селім (н. 2.3.1944, г. Васа, Фінляндыя),

фінскі дырыжор, кампазітар. Скончыў Акадэмію музыкі імя Я.​Сібеліуса (1963), Джульярдскую муз. школу ў Нью-Йорку (1965). З 1966 гал. дырыжор Фін. нац. оперы. З 1968 дырыжор Швед. каралеўскай оперы ў Стакгольме (з 1970 гал. дырыжор, з 1971 яе музік-дырэктар). З 1971 у т-рах «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера», выступаў з рознымі еўрап. аркестрамі, у т. л. на Зальцбургскіх фестывалях. З сярэдзіны 1970-х г. пастаянны дырыжор сімф. аркестра Фін. радыё ў Хельсінкі, Аўстр. радыё ў Вене, кіраўнік «Сегерстам-квартэта». Аўтар 4 балетаў, п’есы для сімф. і стр. арк., канцэрта для скрыпкі з арк. (1967), 12 стр. квартэтаў (1962—77), тв. для голасу з арк. і з фп. і інш. Яго мастацтва адметнае эмацыянальнасцю, навізной інтэрпрэтацый.

т. 14, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТКАЧЭ́НКА Уладзімір Мікалаевіч (н. 11.3.1953, г. Лебядзін Сумскай вобл., Украіна),

бел. скрыпач, гітарыст, кампазітар-аранжыроўшчык. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Бел. кансерваторыю (1977). З 1977 у ансамблі «Песняры», з 1985 у джазавым квінтэце пад кіраўніцтвам І.​Сафонава, з 1987 артыст і аранжыроўшчык Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі пад кіраўніцтвам М.​Фінберга. Сярод твораў: для эстр.-сімф. арк. «Сюіта на тры беларускія тэмы» (1989), «Сімфонія» Бітлз (1997), «Сімфонія» Песняроў (2001); п’есы для камернага арк., джаз-ансамбля, сола для электрагітары (якія выконваюцца нетрадыц. спосабам гуказдабывання). Аўтар аранжыровак для фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» (1992—2002), Маладзечанскага фестывалю беларускай песні і паэзіі (1993, 1995, 1998, 2001), тэлеконкурсу «Ступень да Парнаса» (1994), забаўляльных тэлеперадач у Італіі (1988—92) і інш.

Л.​А.​Шымановіч.

У.Ткачэнка. Шэпт камянёў. 1999.

т. 15, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́ЛЬЯ (Falla) Мануэль дэ (23.11.1876, г. Кадыс, Іспанія — 14.11.1946),

іспанскі кампазітар і піяніст; адзін з вядучых дзеячаў нац. адраджэння (Рэнасім’ента). Вучань Ф.​Педрэля (кампазіцыя), Х.​Трага (фп.). У 1907—14 жыў у Парыжы, зблізіўся з імпрэсіяністамі. У 1940 эмігрыраваў у Аргенціну. Творчасць Ф. абагульніла рэгіянальныя асаблівасці нац. фальклору, традыцыі ісп. музыкі эпохі Рэнесансу і барока і стала вяршыняй ісп. сучаснай музыкі. Найб. вядомыя творы: опера «Кароткае жыццё» (паст. 1913), лялечная опера «Балаганчык маэстра Педра» (паст. 1923), балеты «Любоў-чараўніца» (паст. 1915) і «Трохвуголка» (паст. 1919), сюіта для фп. з арк. «Ночы ў садах Іспаніі» (1915), 7 нар. ісп. песень.

Тв.:

Рус. пер. — Статьи о музыке и музыкантах. М., 1971.

Літ.:

Крейн Ю. Мануэль де Фалья. М., 1960;

Мартынов И. М. де Фалья: Жизнь и творчество. М., 1986.

т. 16, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАДО́СКА Алег Ігаравіч (н. 21.3.1964, Алматы, Казахстан),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1987; кл. А.Багатырова). З 1989 артыст Дзярж. акад. хар. капэлы Беларусі імя Р.​Шырмы. Найб. дасягненні ў галіне сімф. і хар. музыкі: 4 сімфоніі (1992, 1996, 1998, 2000); кантаты «Песні Белай Русі» (1987), «Псальмы-калядкі» (1999; абедзве на нар. словы); Літургія Іаана Златавуста (1993); «Усяночнае дбанне» (1997); хар. канцэрт «Памяці А.​Шнітке» (1998); сімф. паэма «Сымон-музыка» (1986); 2 арк. сюіты з балета «Залаты ключык» (1989); стр. квартэты; камерная музыка для стр. і фп. (1994) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 2002.

Літ.:

Мушынская Т. «Таленавітасць выяўляецца ў чуласці...» // Маладосць. 1999. № 10;

Багатыроў А. «Яго музыка блізкая і зразумелая...» // Роднае слова. 2000. № 5;

Сяўрук А. Беларускае царкоўнаспеўнае мастацтва і творы Алега Хадоскі // Там жа. 2002. № 10.

Р.​М.​Аладава.

т. 16, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІСЭ́ (Тысэ) Эдуард Казіміравіч

(13.4.1897, г. Ліепая, Латвія — 18.11.1961),

расійскі і латвійскі кінааператар; адзін з заснавальнікаў рас. аператарскай школы. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Засл. дз. маст. Латвіі (1947). З 1914 здымаў першыя латв. дакумент. фільмы, хроніку 1-й сусв. вайны, рэпартажы пра падзеі грамадз. вайны. З 1921 выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінематаграфіі (з 1943 праф.). Рабіў дакумент. здымкі У.​І.​Леніна (1918—24); аператар фільмаў рэж. С.Эйзенштэйна «Стачка» (1925, з В.​Хватавым), «Браняносец «Пацёмкін» (1925), «Кастрычнік» (1927), «Старое і новае» (1929), «Аляксандр Неўскі» (1938), «Іван Грозны» (2-серыйны, 1945; 2-я серыя з А.​Масквіным). Інш. работы: «Сустрэча на Эльбе» (1949), «Кампазітар Глінка» (1952). Рэжысёр (з З.​Аграненка) і аператар фільма «Бессмяротны гарнізон» (1956). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1950.

Літ.:

Десять операторских биографий. Вып. 1. М., 1978.

т. 17, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)