БАРЫ́САЎ Алег (Альберт) Іванавіч (8.11.1929, г. Прыволжск Іванаўскай вобл., Расія — 28.4.1994),
рускі і ўкр. акцёр. Засл. арт. Украіны (1960), нар. арт. Расіі (1974), нар. арт. СССР (1978). Скончыў школу-студыю МХАТа (1951). Працаваў у Кіеве, С.-Пецярбургу, Маскве. Яго мастацтву былі ўласцівыя арганічнасць, уменне спалучаць у характары персанажа эмац. і аналітычныя пачаткі. Сярод роляў: Ганя Івалгін («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Рыгор Мелехаў («Ціхі Дон» паводле М.Шолахава, Дзярж. прэмія СССР 1978), Павел («Павел I» Дз.Меражкоўскага, Дзярж. прэмія Расіі 1991). З 1956 здымаўся ў кіно: «Спыніўся цягнік» (Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1984), «Слуга» (Дзярж. прэмія СССР 1991) і інш.
т. 2, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТА́ЛАЎ Аляксей Уладзіміравіч (н. 20.11.1928, Масква),
рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1976). Герой Сац. Працы (1989). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1950). З 1976 кіраўнік акцёрскай майстэрні ва Усерасійскім дзярж. ін-це кінематаграфіі імя С.А.Герасімава (з 1980 праф.). З 1954 здымаецца ў кіно: «Вялікая сям’я», «Справа Румянцава», «Ляцяць жураўлі», «Дарагі мой чалавек», «Дзевяць дзён аднаго года» (Дзярж. прэмія Расіі 1966), «Маці», «Дама з сабачкам», «Жывы труп», «Бег», «Масква слязам не верыць» (Дзярж. прэмія СССР 1981) і інш. Сярод рэжысёрскіх работ у кіно: «Шынель», «Тры таўстуны» (і роль Тыбула), «Ігрок». Пастаноўшчык шэрагу радыёспектакляў. Аўтар кніг «Лёс і рамяство», «Дыялогі ў антракце».
т. 2, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦІ́ (Baty) Гастон (26.5.1885, Пелюсэн, дэп. Луара, Францыя — 13.10.1952),
французскі рэжысёр, акцёр. Скончыў Ліёнскі ун-т. З 1919 у трупе рэжысёра Ф.Жэм’е (Парыж). У 1926 стварыў (разам з Ш.Дзюленам, Л.Жувэ, Ж.Пітоевым) прагрэс. рэжысёрскае аб’яднанне «Картэль». У 1930—47 кіраваў т-рам «Манпарнас—Баці», дзе паставіў «Трохграшовую оперу» Б.Брэхта, «Злачынства і пакаранне» паводле Ф.Дастаеўскага, «Мадам Бавары» паводле Г.Флабера, «Макбета» У.Шэкспіра і інш. Спектаклі Баці вызначаліся рамантычным кірункам і строгім адборам выразных сродкаў. У шэрагу сваіх пастановак выступаў як мастак. З 1949 працаваў у галіне лялечнага т-ра і ў правінцыяльнай трупе «Камеды дэ Праванс». Аўтар тэарэт. прац пра тэатр.
т. 2, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯНІ́САЎ Аляксандр Пятровіч (н. 5.5.1944, с. Борскае Куйбышаўскай вобл.. Расія),
акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). У 1967—90 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Напачатку выконваў ролі маладых герояў, потым — характарныя: Сын («Святая прастата» А.Макаёнка), Ігар («Традыцыйны збор» В.Розава), Менахэм-Мэндл («Памінальная малітва» Р.Горына паводле твораў Шолам-Алейхема). У ролі мужнага, высакароднага старшыны Дугіна («Радавыя» А.Дударава; Дзярж. прэмія СССР 1985) дасягнуў трагічнага гучання. Сярод інш. роляў: Мікола Гусоўскі («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Іван Кавалевіч («Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага), Марцін («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі). З 1991 у ЗША.
т. 6, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭМ’Е́ (Gémier; сапр. Танер; Tonnerre) Фірмэн
(21.2.1869, г. Абервілье, Францыя — 26.11.1933),
французскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Вучыўся ў прыватнай драм. студыі. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1888. З 1892 іграў у розных т-рах Парыжа. У 1906—21 узначальваў Тэатр Антуана, у 1920—33 — створаны ім Нац. нар. т-р. Лічыў грамадскім прызначэннем тэатр. мастацтва служэнне народу, шукаў новыя формы тэатр. паказаў, імкнуўся спалучаць тэатральнасць з жыццёвай праўдай. Валодаў віртуознай сцэн. тэхнікай, майстар грыму. З лепшых роляў: Убю («Кароль Убю» А.Жары), Шэйлак («Венецыянскі купец» У.Шэкспіра), Філіп Брыдо («Драпежніца» Э.Фабра паводле А.Бальзака). З 1908 здымаўся ў кіно і ставіў фільмы.
т. 6, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў Аляксандр Мікалаевіч (н. 8.5.1958, г. Жлобін Гомельскай вобл.),
бел. акцёр т-ра лялек. Засл. арт. Беларусі (1972). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). Працуе ў Дзярж. т-ры лялек Беларусі. Яму ўласціва абвостранае пачуццё камедыйнага — ад мяккага гумару да буфанады і гратэску. Многіх сваіх герояў надзяляе рысамі эксцэнтрыкі, выразным пластычным малюнкам. Сярод лепшых роляў: Воўк («Чырвоная шапачка» Я.Шварца), Бармалей («Доктар Айбаліт» В.Карастылёва), Купец («Граф Глінскі-Папялінскі» А.Вольскага), Арлекін, тата Карла («Прыгоды Бураціна ў краіне дурняў» паводле А.Талстога), Гермес («Хачу быць богам» А.Вярцінскага), Бегемот («Майстар і Маргарыта» паводле М.Булгакава), Сымон («Сымон-музыка» паводле Я.Коласа).
М.А.Каладзінскі.
т. 7, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМ (Кім Сен) Нічыпар Сцяпанавіч
(н. 28.11.1936, с. Цінкан Прыморскага краю, Расія),
расійскі тэатр. дзеяч, педагог. Д-р мастацтвазнаўства (1997). Скончыў Ташкенцкі ін-т мастацтваў (1960). У 1960—63 рэжысёр і акцёр Карэйскага т-ра ў г. Кзыл-Арда (Казахстан). У 1970—89 выкладаў у Ташкенцкім ін-це культуры. Даследуе вытокі і формы нар. тэатр. мастацтва сярэднеазіяцкага рэгіёна, іх узаемасувязі і ўзаемаўплывы. Наладжвае творчыя сувязі дзеячаў культуры краін СНД. З 1991 прэзідэнт Саюза міжнар. кар. асацыяцый дружбы і супрацоўніцтва (Масква).
Тв.:
Народное художественное творчество Советского Востока. М., 1985.
Літ.:
Пашкоў Г.П. Дарога да акіяна // Пашкоў Г.П. Палескія вандроўнікі. Мн., 1998.
А.В.Сабалеўскі.
т. 8, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІНО́ЎСКІ Мікалай Іванавіч (5.11. 1916, в. Пірагова Нерахцкага р-на Кастрамской вобл., Расія —22.2.1991),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыў Іванаўскае тэатр. вучылішча (1940). Працаваў у т-рах Расіі, Украіны, Латвіі. У 1959—82 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Выканаўца характарных роляў. Створаныя ім вобразы вылучаліся рэалістычнасцю, яркімі сцэнічнымі дэталямі. Сярод роляў у Гомельскім т-ры: Глуздакоў («Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка), Кузьміч («Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча), Шыковіч («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Барыс Мікалаевіч («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Андрэй Ермаліцкі («Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага), дож Венецыі («Атэла» У.Шэкспіра), Рабурдэн («Наследнікі Рабурдэна» Э.Заля).
Г.Р.Герштэйн.
т. 10, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МКРТЧАН Мгер (Фрунзе) Мушэгавіч (4.7.1930, г. Гюмры, Арменія—1993),
армянскі акцёр. Нар. арт. Арменіі (1971). Нар. арт. Грузіі (1980). Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Ерэванскі тэатр. ін-т (1956). У 1946—53 працаваў у Ленінаканскім,драм. т-ры імя А.Мравяна. З 1956 у т-ры імя Г.Сундукяна ў Ерэване. Мастацтву акцёра ўласцівы лірызм, спалучэнне камедыйнай імправізацыйнасці з пранікненнем у характары герояў. Здымаўся ў кіно: «Каўказская палонніца», «Трохвугольнік» (абодва 1967), «Мы і нашы горы» (1970), «Хатабала» (1971), «Айрык» (1972), «Наапет» (1977), «Міміно» (1978), «Аплявуха» (1980), «Песня мінулых дзён» (1982), «Адзінокім прадастаўляецца інтэрнат» (1984). Дзярж. прэмія Арменіі 1967. Дзярж. прэмія СССР 1978.
т. 10, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРСЕСЯ́Н Рачыя Нерсесавіч (24.11.1895, г. Ізміт, Турцыя — 6.11.1961),
армянскі акцёр. Нар. арт. СССР (1956). З 1915 удзельнічаў у спектаклях арм. драм. трупы ў Турцыі. З 1923 у Арм. т-ры імя Г.Сундукяна. Мастацтву Н. ўласцівы глыбіня спасціжэння характару, яркая эмацыянальнасць. Сярод роляў: Элізбараў («За гонар» А.Шырванзадэ), Багдасар («Дзядзька Багдасар» А.Параняна), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Бярсенеў («Разлом» Б.Лаўранёва), Макбет, Атэла (аднайм. п’есы У.Шэкспіра) і інш. Здымаўся ў кіно: «Намус» (1925), «Пэпо» (1935), «Зангезур» (1938), «За гонар» (1956), «Пра што шуміць рака» (1959), «Тжужык» (1962). Дзярж. прэмія СССР 1941.
Літ.:
Ризаев С. Рачия Нерсесян. М., 1968.
т. 11, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)